- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Дзеля чаго яна назвала мяне Юзікам і пры якіх абставінах, я скажу пазьней, значна пазьней, калі яна ўжо будзе дарослай. Цяпержа яна яшчэ малая, ёй ня болей, як адзінаццаць год, і, думаю, што яна ня ведае яшчэ, як мяне завуць наогул. Дый у яе няма ніякай патрэбы ведаць, як мяне завуць. Зрэшты, яна са мной дасюль яшчэ ні разу й не гаварыла — сароміцца. Пры сустрэчы апушчае вочы долу — глядзіць толькі на мае жоўтыя гарадскія бацінкі, у якіх я ўсё яшчэ хаджу, ня ськідаю, хоць з Менску я прыехаў да сваіх бацькоў болей як тыдзень таму назад і могбы ўжо прывыкнуць зноў хадзіць босым, як і ўсе тут ходзяць. Яна таксама босая. Ёй, відаць, падабаецца, што я апрануты пагарадскому і, значыцца, не такі, як усе. Ёй таксама падабаецца, што я — студэнт, дадам — адзіны на ўсю вёску. Я ўжо на той ступені, што нават магу не хадзіць на працу ў калгас, не пеклавацца, як усе, магу хадзіць панічом, прастойваць нямаведама чаго цэлымі гадзінамі на нашым мосьце праз рэчку Сьвінку, што прабягае паміж ейнаю і маёю вёскамі, разьдзяляе іх. На гэтым мосьце, бывала, сыходзілася ў сьвяточныя дні моладзь з абедзьвюх вёсак — Мокрага Першага і Мокрага Другога. Цяпер, як настаў калгас, моладзь зьбіраецца тут рэдка — трэба і ў сьвяты працаваць. (фрагмэнт)