en

Герасімаў Валеры

Герасімаў Валеры

Валеры Мікалаевіч Герасімаў (1955; Брагін, Гомельская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі бібліятэкар-бібліёграф, кнігазнавец, дасьледчык гісторыі і культуры Беларусі, краязнавец, грамадзка-палітычны дзяяч.

Скончыў Менскі інстытут культуры (1976) і асьпірантуру Ленінградзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры (1988). Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2003), ляўрэат званьня «Лепшы бібліятэкар Менска 2005 г.». З 1976 ст. рэдактар навукова-мэтадычнага аддзела, з 1989 гал. бібліёграф навукова-дасьледчага аддзела, з 1995 заг. сэктара, з 2009 заг. аддзела старадрукаў і рэдкіх выданьняў Прэзыдэнцкай (да 1994 г. — Урадавай) бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. З’яўляецца вядучым вучоным краіны ў галіне навукова-тэарэтычнай распрацоўкі бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўваньня дэпутатаў, работнікаў дзяржаўнага апарата. Па выніках арганізаванага ім у 1978—1990 гг. рэспубліканскага навуковага дасьледаваньня была створана Адзіная сыстэма бібліятэчна-бібліяграфічнага забесьпячэньня органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня БССР (1986).

Распрацаваў мэтавую комплексную праграму яе разьвіцьця (зацьверджана на дзяржаўным узроўні ў 1989). Аўтар ідэі і каардынатар рэалізацыі праектаў па стварэньні фундамэнтальных рэтраспэктыўных бібліяграфічных дапаможнікаў і базаў дадзеных па дзяржаве і праву, канстытуцыйнаму праву Беларусі ІХ-ХХІ ст. Друкуецца з 1980. Аўтар больш за 100 навуковых, навукова-папулярных і публіцыстычных артыкулаў, мэтадычных дапаможнікаў у галінах бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, кнігазнаўства, літаратуразнаўства, гісторыі і культуры, мясцовага самакіраваньня; мастацкіх твораў.

Дасьледуе праблемы гісторыі кнігі, цэнзуры, рэстытуцыі, ролі кнігі і бібліятэк у нацыянальным адраджэньні, лёсу гістарычна вядомых беларускіх кнігазбораў (вялікіх князёў літоўскіх і польскіх каралёў, Нясьвіскай ардынацыі Радзівілаў, К. Езавітава, М. Доўнар-Запольскага і інш.), беларускай вайсковай гісторыі, беларускага замежжа. Сярод публікацыяў — першыя беларускія бібліяграфічныя паказальнікі па дзейнасьці нефармальных суполак моладзі (1989) і літаратуры, перададзенай з спэцсховаў (1992), мэтадычная сэрыя па аптымізацыі дзейнасьці інфармацыйнага забесьпячэньня органаў улады і кіраваньня (1989—1991), энцыкляпэдычныя артыкулы «Кніга», «Кнігадрукаваньне» (разам з Г. Галенчанкам), «Кнігазнаўства», «Цэнзура» (разам з У. Ракашэвічам) (1997, 2003).

Сааўтар калектыўных прац «Забытая слава: Кароткі агляд вайсковай гісторыі Беларусі» (1992, 1998), «150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі» (2002). Удзельнік Першага вальнага сойму беларускіх суполак (1987), устаноўчага сходу па стварэньні аргкамітэта БНФ за перабудову «Адраджэньне» і Беларускага гісторыка-асветнага таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі» (1988). Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (з 1990 намесьнік, у 1999—2001 в.а. старшыні Рады і Управы), Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Беларусі (у 1990—2000 член рэвізійнай камісіі і Вышняй Рады).

Прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзеньні Першага сходу беларусаў блізкага замежжа (1992, кіраўнік аргкамітэта), пяці зьездаў беларусаў сьвету (1993—2009), у арганізацыі ўзнаўленьня духоўнай і культурна-гістарычнай рэліквіі беларускага народа — Крыжа Эўфрасіньні Полацкай.

Крыніца: be-tarask.wikipedia.org

Герасімаў Валеры :: Publications

pdf

Літаратурная Беларусь 6 (142) 2018

Культурна-асветніцкі праект ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і «Новага часу»

Пра тое, як сябра журы конкурсу Валерый Герасімаў, дасведчаны бібліятэкар-бібліёграф, края- і кнігазнавец, пачаў цікавіцца гісторыяй і якія парады дае ўдзельнікам конкурсу — у нашым інтэрв’ю....… More

pdf

Запісы 36

Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва

„Запісы” – навуковы часопіс беларускае эміграцыі, ворган Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Выдаецца з 1952 году на беларускай мове ў Нью-Ёрку. У гадох 1962-1970 выходзіў у Мюнхэне. Галоўныя рэдактары: Вітаўт Тумаш, Станіслаў Станкевіч, Томас Бэрд (з 1983 году). Мае разьдзелы: Дасьледаваньні...… More

Kamunikat.org – Belarusian Internet Library
Permission for reprints of the resources is granted only with the credit to the source.
Permission for reprints on the Internet is granted only with the hyperlink to the Kamunikat.org site.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Copyright © 2000-2023 by Kamunikat.org