Гурт PyLai стаў пераможцам конкурсу “Заспявай-6”
2020-05-05 16:23
Cёлета ўзнагароджанне прайшло ў тэлеэфіры, у межах праграмы Belsat Music Live, а не на канцэрце фіналістаў.
Пераможцы атрымалі галоўны прыз — 1500 беларускіх рублёў на рэалізацыю сваіх творчых задумаў.
«Фіналісты прайшлі чатыры этапы выпрабаванняў і кожны з іх засведчыў, што варты перамогі. Маем чатыры выдатныя песні, напісаныя пад натхненнем ад беларускай паэзіі, якія будуць і надалей гучаць на стрымінгавых платформах і жывых выступах. Маладыя артысты пазнаёміліся з сучаснымі паэтамі і паміж сабою ды збіраюцца надалей трымацца разам — рабіць сумесныя песні і падтрымліваць адзін аднаго. Акурат у гэтым галоўны вынік нашага конкурсу», — зазначае прадзюсар «Заспявай» Сяргей Будкін.
Усе чатыры песні фіналістаў
«Заспявай» былі запісаныя ў студыі і прэзентаваныя ў фармаце сінглу на асноўных лічбавых пляцоўках. Гомельскі гурт
«Юность» паклаў на музыку верш Віталя Рыжкова «Вяртайся». «Мне ня трэба было асабліва нічога рабіць, бо музыка нарадзілася ў момант першага прачытання верша. Я працую ў кавярні, таму часта яе ўключаю фонам і вельмі прыемна назіраць, калі госці пачынаюць яе шазаміць», — кажа аўтар музыкі Рыгор Давыдзян. Песню выканала спявачка Стэфанія Хрушчова.
Мінскі гурта
«PyLai» зрабіў песняю верш Віктара Жыбуля «Мафія». «Нам не хацелася браць твор, які быў бы для аўтара глыбока асабістым, хацелася адшукаць штосьці глабальнае, нестандартнае – але тое, што знайшло б у нас эмацыйны водгук. «Мафія» падышла ідэальна – і па тэматыцы, і па рытміцы ды мелодыцы. Упэўненыя, што гэтая песня шчыльна замацуецца ў нашым рэпертуары», – кажуць музыкі Рыгор Лайкоў і Уладзь Пыльчанка.
«У гэтым вершы я ўбачыла адлюстраванне свайго роднага гораду, дзяцінства і шчымлівага суму ды настальгіі. У 19 год таксама можна настальгаваць», — кажа
Марыя Чапрасава з Барысаву.
Песню «Планета знасіла сваю арбіту» на верш Віталя Рыжкова напісала Валерыя Суравіцкая з праекту
LEAR. «Калі спяваю гэты трэк, становіцца балюча ад таго, што адбываецца вакол», — прызнаецца спявачка.
У журы конкурсу ўвайшлі спявачка Руся, паэт Андрэй Хадановіч, музыка Алег Хаменка, саўндпрадзюсары Барыс Календа і Павел Сініла, дызайнерка Наста Шастак ды арганізатары конкурсу Сяргей Будкін і Павел Бераговіч. Адмысловы прыз ад фонду «Вяртанне» (запіс сінглу) атрымаў
Жэня Вялько з песняй «Трывога» на верш Міхала Бараноўскага.
Таксама камусьці з чатырох фіналістаў будзе ўручаны прыз глядацкіх сімпатыяў і сертыфікат на набыццё музычных аксесуараў на 300 рублёў. Яго атрымае той, хто набярэ найбольшую колькасць галасоў у каментарах пад тэлеверсіяй фіналу
«Заспявай-6» у youtube, Укантакце і Facebook.
Беларускае Радыё Рацыя