Гурт DZIECIUKI абвясціў пра збор сродкаў
2020-05-02 20:52
Гарадзенскі гурт DZIECIUKI абвясціў збор у падтрымку гурта на пляцоўцы Мolamola.by.
Музыкі кажуць, што падчас каронавірусу з’явілася шмат часу, каб працаваць над новай праграмай, з’явілася патрэба засвоіць новы фармат анлайн-выступаў. Гурт будзе вельмі ўдзячны за падтрымку музычнай дзейнасці, пакуль канцэрты немагчымыя.
Распавядае вакаліст гурта DZIECIUKI Алесь Дзянісаў:
– У нас будуць дробныя расходы ў сувязі з канцэртам, астатнюю частку мы хочам перадаць валанцёрскаму гарадзенскаму руху, каб нейкім чынам падтрымаць. Чаму мы пра гэта не напісалі? Мы доўга спрачаліся паміж сабой, бо нас маглі б абвінаваціць у нейкім хайпе на пытанні валанцёрства. Мы хацелі ўсё ціха аддаць, то бок сабраць і проста перадаць, а не афішаваць, што мы збіраем на валанцёраў. І так зробіш – дрэнна, і так зробіш – дрэнна. Тут ужо сталі казаць, што ў той час, калі ўсе дапамагаюць валанцёрам, мы збіраем грошы сабе.
Вялікі анлайн-выступ гурта адбудзецца 1-га траўня а 18:30 на ютуб-канале „Белсат Музыка”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня