- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Узлюбленыя ў Госпадзе браты і сёстры! Шчыра вітаю вас і сардэчна віншую з надыходзячым святам Нараджэння Хрыстова, калі Сын Божы “пажадаў дзеля нашага збаўлення прыняць плоць ад Святой Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі, і, не змяніўшыся, стаў чалавекам” ва ўсім падобным да нас, акрамя граху, якім была пашкоджана прырода чалавека і выправіць які і прыйшоў на зямлю Збавіцель. Свята Нараджэння Хрыстова – свята вялікай надзеі на выратаванне чалавека. Па словах апостала Паўла, Сам “Хрыстос – надзея наша” (1 Цім. 1:1). “Маючы такую надзею, мы дзейнічаем з вялікай адвагай” (2 Кар. 3:12), смела ўглядаючыся ў гістарычны далягляд падзей. У надыходзячым 2020 годзе мы будзем адзначаць 120-годдзе ўтварэння Гродзенскай епархіі. Час яе існавання – няпросты час суровых выпрабаванняў, якія вогненным віхрам прайшліся па нашай зямлі. Гэта і падзеі кастрычніка 1917 года, якія паклалі пачатак гвалтоўным пераўтварэнням у грамадскім жыцці дваццатых-трыццатых гадоў, што прывялі да ганенняў на веру і Царкву, калі многія з вернікаў зведалі жорсткія пакуты за Хрыста, і дзве сусветныя вайны, калі ўвесь цяжар ваеннага ліхалецця Царква падзяліла з народам, і часы так званых “адлігі” і “застою”, калі з былых рэспублік Савецкага Саюза менавіта БССР павінна была стаць узорна-паказальнай атэістычнай рэспублікай.