- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Часта мы праходзім каля розных месцаў, не звяртаючы на іх асаблівай увагі. Бо колькі ж разоў можна прыглядацца да таго самага дрэва, дому, вул іцы, людзей... Мы жывём у акружанні незаўважальных рэчаў, такіх звычайных і натуральных у сваёй штодзённасці, што ўвогуле іх не прыкмячаем. Даволі аднак, нам выехаць некалі з гэтага месца, пакінуць яго хоць на дзень, два або болей, а пасля вярнуцца і мы пачынаем успрымаць яго, быццам гэта свет, які ўзнік нанава. А калі праміне некалькі гадоў, што ж тады? А калі пройдзе некалькі дзясяткаў гадоў...? Ці даўні свет адыходзіць у мінулае, не пакідаючы па сабе слядоў? Ці дом, які паваліўся і знік са свайго месца, не можа іншым спосабам выратавацца? Можа ў чалавечай памяці? Толькі як у яе зазірнуць? А калі ўжо нам нейкім чынам гэта ўдасца, як уявіць сабе, што ў ёй захавалася? Словы часам не могуць перадаць нам дакладнага вобраза з мінулага. Нават калі б запісаць іх тысячы, не складуць ідэальнага вострага вобраза. Заўсёды выгляд будзе трохі замазаны. Паміж чорнымі плямкамі літар будзе прасвечаць бель карткі. (Той Гарадок, фрагмент)