- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Вярнуць былую справу. Снежная зіма гэтага году паказала састарэласць падходаў уладаў да зімовых відаў спорту Гарадоччыны, а таксама мінімальную ўвагу нашых начальнікаў да здаровага ладу жыцця. За дутымі лічбамі ахопу фізкультурай і спортам плача прымітыўная матэрыяльная база і стаіць абыякавасць народных мас да здаровага ладу жыцця. Узяцца за дадзеную тэму падштурхнула наведванне крамаў Гарадка ў пошуках лыж, дзе няма лыжных чаравікаў і няма асобна лыжных палак да нашых “Целеханаў». Абудзілася і памяць пра юнацкія гады, калі займаўся лыжным спортам. У тыя далёкія 70-я гады нашы Вараб’ёвы горы былі лыжным цэнтрам, які добра ведалі ў краіне, а навучэнцы спартыўнай школы перамагалі на лыжных спаборніцтвах у краіне. З таго часу шмат што змянілася і на Беларусі, і ў свеце. Свет стаў іншым – больш дэмакратычным, адкрытым, інфарматыўным. Але ва ўсіх цывілізаваных краінах надаюць самую пільную ўвагу развіццю масавага спорту. Ладзяцца шматлікія марафонскія забегі, масавыя веласіпедныя туры, футбольныя турніры, народныя спаборніцтва на лыжах і г.д.. Штосьці падобнае спрабуюць рабіць і на Беларусі. Праз будоўлю лядовых палацаў, праз каманды па заліццю каткоў, правядзенне турыстычных злётаў і г.д. Магчыма даведацца, што гэтай зімой у Верхнедзвінску у выходныя дні на пракаце канькоў, лыжаў атрымліваюць каля мільёна прыбытку, што ў суседнім Шуміліне існуе база праката і лыж, і канькоў, якую плануюць пашырыць. І толькі ў Гарадку пануе зімовая спячка, якая абуджаецца мусіць толькі раз у год эпізадычнай лыжнёй.