Гародня: дыстанцыйнае навучанне на нізкім роўні
2020-05-12 22:40
Гарадзенцы амаль не водзяць сваіх дзяцей у школы пасля зацягнуўшыхся канікул у сувязі з каронавірусам. У некаторых школах на заняткі ходзіць 10-15 % ад усіх вучняў у класе.
Як адбываецца дыстанцыйнае навучанне дзетак распавядае дызайнерка Святлана Пінчук:
– У мяне дзеці ў двух школах – у 38-й школе на Вішняўцы і ў 40-й на Вішняўцы. Ёсць з чым параўноўваць. У 40-й школе зарганізавана сістэма электронных дзённікаў, гэта спрашчае нам жыццё, бо там ёсць расклад і кожны дзень настаўнікі выстаўляюць заданні. Дзіцё заходзіць, глядзіць і выконвае гэтыя заданні. Выкарыстоўваем падручнікі, выкарыстоўваем усе магчымыя адукацыйныя пляцоўкі – YouTube-каналы.
Іншы спосаб для навучання дзяцей выбрала дырэктарка дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка:
– Нашай сям’і мне асабіста вельмі шкада, што наша Міністэрства адукацыі не здолела зрабіць дыстанцыйную форму. Мы былі вымушаныя шукаць нейкія варыянты, каб нашы дзеці змаглі не тое, што атэставацца, змаглі давучыцца. Мы знайшлі такое выйсце, мы перавялі іх у школу ў сельскай мясцовасці і шчыра вельмі задаволеныя тым, у якім асяроддзі яны аказаліся. Бачым тыя змены не толькі ў навучальным працэсе, але і тыя змены ў працэсе выхавання.
Кожная з гарадзенскіх школаў сама выбірае сабе спосаб навучання шкаляроў: адны ўводзяць электронныя дзённікі, а хтосьці з настаўнікаў дасылае заданні праз Viber ці Skype, аднак шмат хто кажа, што школы аказаліся не падрыхтаванымі да дыстанцыйнага навучання.
Беларускае Радыё Рацыя