Гарадзенскі «Зялёны Гран-пры»: упершыню ў анлайн фармаце
2020-05-26 20:28
Фестываль аўтарскай і бардаўскай песні «Зялёны Гран-пры» стаў сёлета самым вялікім па колькасці ўдзельнікаў, аднак сёлета ён упершыню за сваю гісторыю адбыўся з-за каронавірусу ў анлайн фармаце.
Распавядае яго арганізатар Павал Салаўёў:
– Першы этап – гэта быў інтэрнэт-конкурс. Паколькі людзі чакалі фестывалю, рыхтаваліся, аднак прыехаць не маглі, мы вырашылі зрабіць інтэрнэт-конкурс. Ён прайшоў у вельмі сціслыя тэрміны. Два тыдні было на тое, каб удзельнікі запісалі аўдыё і даслалі нам. Мы гэтае аўдыё ўсё сабралі, раскідалі па намінацыях. То бок журы не ведала, хто ёсць хто, хто спявае, а хто чытае верш.
Павал Салаўёў раскрывае сакрэты фестывалю і кажа пра яго самыя запамінальныя моманты:
– Папрасілі ў гасцей запісаць нам відэаролікі, прывітанне фестывалю. І палова анлайнавага фестывалю склалася з гэтых ролікаў. Нехта нажыва даваў прывітанне фестывалю, пасля мы паказвалі яго ролік. А нехта выходзіў нажыва, людзі казалі: мы будзем удзельнічаць менавіта ў гэты час. Асабліва нас парадавалі менскія турысты. Яны сапраўды выйшлі ў лес, яны запалілі там вогнішча. І з гэтага вогнішча тэлефонаў, канешне, з дрэнным гукам, але гэта было такой разынкай.
Сёлета фестываль «Зялёны Гран-пры» адбыўся ў 39 раз, удзел у конкурсе прынялі 110 аўтараў з больш чым 10 краінаў.
Беларускае Радыё Рацыя