Ганна Цюндзявіцкая: сціплая аўтарка першага на беларускіх землях гаспадарчага бестселера
2025-09-22 21:10
Доўгі час імя гэтай жанчыны было невядома, бо праз сваю сціпласць яна не падпісала свой галоўны твор. Калі даследчыкі знайшлі яе імя, апынулася, што яна зрабіла амаль немагчымае для свайго часу. Ганна Цюндзявіцкая была хатняй гаспадыняй і зрабіла са сваёй справы сапраўдную моду свайго часу. Яна напісала гаспадарчы бестселер — кнігу «Літоўская гаспадыня», якая перавыдавалася шмат разоў.
На адукацыйнай платформе «Васьміног»
выйшаў навучальны курс пра дзесяць малавядомых беларускіх жанчын ХІХ-ХХ стагоддзяў. Яны зрабілі значны ўплыў на развіццё культуры, навукі і іншых сфер дзейнасці ў Беларусі, аднак цяпер малавядомыя шырокай аўдыторыі. Разам са стваральніцай курса Лікай Юр’евай Budzma.org распавядае пра гэтых жанчын.
Хатняя энцыклапедыя
«Літоўская гаспадыня» — энцыклапедыя аб тым, як вялі гаспадарку жанчыны на землях цяперашняй Беларусі. Яна ўтрымлівае шмат надзвычай цікавых i карысных нават i цяпер парад: як зберагчы ў належным стане дом, як захоўваць, сушыць, саліць, марынаваць гародніну i садавіну, як варыць варэнне, як улічваць даходы i расходы ў гаспадарцы, як засцерагчыся ад пажару, як заставацца прывабнай...
Магчыма, сёння яна б стала знакамітай фуд-блогеркай ці вывучала б аграномію ва ўніверсітэце. Але ва ўмовах сярэдзіны ХІХ стагоддзя, калі магчымасці для жанчыны былі досыць абмежаваныя, яна знайшла свой шлях, каб рэалізаваць патэнцыял ды яшчэ зарабіць грошай для гаспадаркі.
Асабістае — у працоўнае
Жыццё Ганны Цюндзявіцкай шчыльна павязанае з Міншчынай. Яна нарадзілася 18 ліпеня 1803 года ў вёсцы Каралішчавічы Мінскага павета — цяпер мясцовасць ужо злілася з горадам і знаходзіцца прыкладна ў мікрараёне Шабаны. Ганна паходзіла са шляхетнага роду Прушынскіх, што валодалі маёнткам у Лошыцы. Яна атрымала якасную адукацыю: спачатку вучылася дома, пасля — у жаночым пансіёне ў Вільні.
Яшчэ дзяўчынкай яна бачыла, як ейныя бацькі адольваюць крызіс пасля вайны 1812 года (тады ёй было 9-10 гадоў). Магчыма, назіранні за гэтым і сталі ў будучым асновай для яе галоўнага твора, бо бацькі дзяўчынкі рупліва рабілі ўсё, каб захаваць свае маёнткі ў працоўным стане. Яны не закладалі ўласных земляў, не адносілі ў ламбард фамільныя рэліквіі, не пазычалі грошай. Бацькі Ганны папросту эканомілі: амаль адмовіліся ад паслуг аканомаў, самі сачылі за гаспадаркай, даглядалі за скацінай і птушкай, кіравалі ўласнай кухняй. Зусім юная паненка завяла сшытак для «карысных парад», у які пачала запісваць тое, што ёй падавалася цікавым, патрэбным, карысным.
Калі ёй было 23 гады, у Заслаўі выйшла замуж за мясцовага маршалка шляхты Юзафа Цюндзявіцкага. У шлюбе нарадзіліся шасцёра дзяцей — два сыны і чатыры дачкі. Сям’я жыла ў Кішчынай Слабадзе — сядзібе ў Барысаўскім раёне. У савецкія часы ў сядзібе размяшчаўся дзіцячы садок і мясцовая адміністрацыя, аднак у 2011 годзе там здарыўся пажар — і ўжо ў 2022 годзе занядбалы будынак знеслі. Ніхто не парупіўся захаваць славутасць Барысаўшчыны — чыноўнікі не захацелі прысвоіць яму статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Сядзіба Цюндзявіцкіх у пачатку 2020 года. Крыніца: ex-press.live
Паўсотні старонак досведу
Зразумела, што ў такіх умовах гаспадарка ў Ганны была вялікая — і гэта было асноўнай справай жанчыны. Але відавочна, быць хатняй гаспадыняй для яе было недастаткова. Таму яна пачала збіраць свае і народныя веды ў сшыткі, якія сталі гаспадарчым падручнікам, які ўпершыню пабачыў свет у 1848 годзе — тады Ганне было 45 гадоў. Пасля гэты зборнік шмат разоў перавыдаваўся. Першае выданне налічвала амаль паўсотні старонак.
Выданне 1882 года. Крыніца: planetabelarus.by
Ганна не проста збірала народныя рэцэпты — яна спачатку тэставала кулінарныя і лекавыя рэцэпты на сваёй кухні, а ўжо пасля яны траплялі на старонкі яе будучай працы. Многія яе парады і дагэтуль актуальныя. А ў тыя часы — і ўвогуле Кніга стала бестселерам, які імгненна раскупілі. Гаспадынькі перадавалі кнігі адна адной для «прачытання і занатавання».
Паводле запісаў Цюндзявіцкай, яны вучыліся дбаць аб прыслузе, трымаць у чысціні кухню, разводзіць пародзістых кароў, слушна засольваць сала, рыхтаваць хатняе мыла і свечкі, гатаваць духмянае варэнне з персікаў і нават лячыць у хатніх умовах хваробы вачэй... Не былі забытыя ў падручніку і парады па прыгажосці — догляд за сабой Цюндзявіцкая лічыла таксама вартым увагі.
Чытаючы кніжку, можна заўважыць, што спадарыня Ганна паважала прыгоннае сялянства і імкнулася даць яму асвету. У польскім тэксце шмат беларусізмаў: аўтарка выкарыстоўвае такія назвы, як грудзіна, грузды, брусніцы, чарніцы, журавіны, саладуха, дзірван i іншыя.
Вокладка «Літоўскай гаспадыні» на беларускай мове. Крыніца: livelib.ru
Апроч выдадзеных прац, пасля спадарыні Ганны засталіся рукапісы лекавых рэцэптаў — яны маглі б стаць годным матэрыялам для будучых даследаванняў. Ельскі выказваў спадзяванні, што гэты матэрыял упарадкуе сям’я Цюндзявіцкай, але гэтага не здарылася. Ці захаваліся рукапісы да нашага часу — невядома.
Ганна Цюндзявіцкая была пахаваная ў сямейнай капліцы ў Кішчынай Слабадзе, якая, на жаль, не захавалася пасля 1863 года.
Забыты скарб
Калі ў свой час спадарыня Ганна была папулярнай, пасля яе імя сышло ў нябыт. Толькі больш чым праз сто гадоў ейную кнігу знайшоў
Адам Мальдзіс. Пасля адной з лекцый у Магілёўскай бібліятэцы яго папрасілі ацаніць каштоўнасць польскамоўных кніг. Вярнуўшыся ў Мінск, даследчык паказаў кніжку
Уладзіміру Караткевічу. Вось як Мальдзіс узгадвае той момант:
«Зацягваючыся беламорынай, ён доўга гартаў пажаўцелыя ад часу старонкі, потым нешта выпісваў („бач ты, ужо тады ўмелі“). Асабліва, памятаецца, спадабаўся яму рэцэпт лікёра („ліквора“) з крываўнікам, блакітнага па колеры.
— Слухай, стары, — сказаў тады мой госць, — гэта ж абавязкова трэба перакласці на нашу мову. Такое багацце, такая смаката... А кажуць жа, што ў нас нічога не было — толькі лапці i коўтун у галаве... Можа, я нават сам паспрабую зрабіць пераклад, калі будзе час. Хаця... хаця хто такое выдасць? Во каб камень быў у мінулае ці якая брыдота — тады б адразу пусцілі ў свет».
Мальдзіс распавядае, што нягледзячы на вонкавую бясстраснасць, кніжка атрымалася залішне індывідуальнай. Ганна Цюндзявіцкая не хавала свайго асабістага «я», свайго густу, сваіх сімпатый i антыпатый. Ён піша:
«Галоўным для яе было не прыдуманае ў галаве „баламуцтва“, a паўсядзённая практыка, мажлівасць паўтарыць набытае чытачамі ў іншых умовах. Ганна Цюндзявіцкая несумненна стала б вучоным у галіне аграноміі, заатэхнікі ці медыцыны. Веды яе былі шматгранныя, энцыклапедычныя. Яна выкарыстоўвае рускія, украінскія, польскія крыніцы, побач з мясцовымі назвамі раслін прыводзіць лацінскія».
Супрацоўніцы клубаў культуры Барысаўскага раёна побач са скульптурай Ганны Цюндзявіцкай. Крыніца: cultur.by
Цяперака няма ні сядзібы, дзе Ганна Цюндзявіцкая пісала кнігу, ні капліцы, дзе была пахаваная. Адзіная фізічная памяць пра яе, апроч кніг, — драўляная фігура, якую ў яе гонар стварыў майстар па разьбе ў Кішчынай Слабадзе. Такі быў лёс жанчыны, што напісала першы гаспадарчы бестселер на нашых землях.
А што кажуць эксперты?
Гісторыю Ганны Цюндзявіцкая ды іншых выбітных беларусак можна слухаць таксама на
Spotify.
Ліка Юр’ева, Budzma.org