- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Кіраўнік Расеі шчыра апісаў свой план стварэння неаімперыі: Мытны саюз — Адзіная эканамічная прастора — Еўразійскі саюз. Канкрэтная інтэграцыя, з канкрэтным паглынаннем і відавочным вынікам. Гаворка ўжо не вядзецца ні пра архаічную Саюзную дзяржаву, ні пра адышоўшы ў гісторыю СССР. Расея марыць зноў стаць Вялікаю. Але не праз годнае ўладкаванне жыцця свайго народа, які па-ранейшаму бедны ў багатай краіне. Не праз спыненне войнаў, карупцыі, бандытызму, ксенафобіі. А, як і раней, “збіраннем земляў” і будаваннем новага сусветнага цэнтра сілы. Мы жылі і жывем стагоддзямі побач з імперыяй. Многім у Расеі гэтае слова прыемнае — падстава для гонару і шанец на надзею. У расейцаў ёсць права выбіраць свой лёс, права ганарыцца тым, што “затое нас усе баяцца”. У нас іншая гісторыя, іншы менталітэт. У выніку рэалізацыі крамлёўскага праекта “Еўразійскі саюз” кантроль Масквы над “сінявокай” можа ўсталявацца навечна — праз эканамічную анексію і праз наднацыянальнае кіраванне. Мары нашых рамантычных суграмадзянаў пра будучую беларускую Швейцарыю пасля маніфеста Уладзіміра Пуціна выглядаюць зусім маларэальнымі. Нарадзіліся і жывем мы на мяжы цывілізацый. Да ўсяго мы апынуліся закладнікам постсавецкага аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі. Ён не меў і не мае стратэгіі развіцця для краіны — толькі рэалізуе тактыку выжывання. Не дзеля нас — дзеля ўлады. І ён ніколі не быў гарантам нашай незалежнасці.