Эрык Арлоў-Шымкус: Сітуацыю ў Беларусі нельга пакідаць у сённяшнім стане
2020-12-19 16:27
На Плошчы 2010 году быў затрыманы таленавіты музыка, узнагароджаны стыпендыяй для адоранай моладзі ад Прэзідэнта Беларусі. Наступным разам ён трапіў за краты амаль роўна праз 10 год.
З сённяшнім «Госцем Рацыі» – купалаўцам і музыкам – пагутарым пра тое, які ён – пратэстны шлях беларускага музыкі.
РР: Ты на той час меў стыпендыю як адораная моладзь ад прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Раскажы, калі ласка, як склаўся лёс гэтай стыпендыі? Як паўплывалі падзеі Плошчы на твой далейшы статус?
Эрык Арлоў-Шымкус: Я яе атрымаў да Плошчы за міжнародны конкурс, у якім удзельнічаў. І нас аўтаматам у навучальнай установе падавалі на гэтую прэмію. Я быў малы і нават не ведаў, што гэта будзе з персанальным уручэннем ад Аляксандра Рыгоравіча. Пасля падзей Плошчы для мяне было іранічна, што дзякуючы аднаму і таму ж чалавеку я магу і прэмію атрымаць, і ў турму сесці. У гэтым годзе я падпісаў адкрыты ліст стыпендыятаў, дзе мы адмовіліся ад гэтай прэміі ў сувязі з апошнімі падзеямі.
РР: Сёлета ты зноў быў затрыманы. Раскажы, калі ласка, акалічнасці.
Эрык Арлоў-Шымкус: Я быў затрыманы 25 кастрычніка на вуліцы Арлоўскай. Само затрыманне адбылося ў пад’ездзе, у якім я хаваўся. На той мант я быў разам з маці. Мы хаваліся, бо рэзка пачаліся даволі моцныя выбухі светлашумавых гранат. Нас здала жыхарка гэтага пад’езду. Пры тым, што іншы жыхар наадварот прапаноўваў ваду і прыбіральню тым, хто хаваўся. Пасля заляцелі сілавікі. Нас усіх паклалі на прыступкі. І пачалі хлопцаў выводзіць. Мяне паставілі на калені. Я атрымаў некалькі ўдараў па нагах дручком. Мяне павялі ў аўтазак, але перад гэтым паднялі галаву за валасы і маркерам на твары паставілі нейкія меткі. Гэта „дапамагло” мне атрымаць статус падазраванага па крымінальнай справе. Я праходжу па 342 артыкуле – гэта арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах групай асоб.
Цалкам гутарка ў далучаным файле.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя