Эльжбета Фіёнік: Мы чакалі новага будынку шмат гадоў
2021-03-09 15:56
Два гады спатрэбілася будаўнікам, каб у верасні 2020 нарэшце падпісаць акт здачы новага будынку дому культуры жыхарам Бельска-Падляшскага.
„Госць Рацыі” дырэктарка Бельскага дому культуры Эльжбета Фіёнік, правяла для нашай карэспандэнткі Вольгі Сямашкі віртуальную экскурсію па новым будынку і распавяла пра тое, якія мажлівасці дае Бельскі дом культуры зараз:
– Мы чакалі новага будынку шмат гадоў. На працягу гэтых двух гадоў удалося збудаваць, а перад гэтым напісаць праект, каб мець магчымасць перабудаваць Бельскі дом культуры. Жыхары горада ўжо даўно чакалі, калі можна будзе прыйсці ў залю ў якой усе змесцяцца. Зразумела, што ў год пандэміі не можам выпрабаваць усіх магчымасцяў нашага новага дому культуры, але маем надзею, што ўжо неўзабаве ўсе жыхары і госці горада, якія захочуць паглядзець нейкі канцэрт у доме культуры, змогуць прыйсці і пабачыць. Дом культуры вялікі, прыгожы, светлы, гэта новы будынак амаль у цэнтры горада. Увесь праект быў каштоўны і складаў каля 25 мільёнаў. Мы выкарысталі сродкі з Маршалкоўскай управы. 6 мільёнаў 700 тысяч атрымалі з Маршалкоўскай управы. Гэта еўразвязаўскія сродкі, а ўсё астатняе дзякуючы Гарадской управе мы змаглі атрымаць з бюджэту горада. Нам таксама дапамагло Бельскае стараства, гміна Бельск Падляшскі. Маю надзею, што яны таксама будуць карыстацца гэтым аб’ектам. Дом культуры будавала фірма, работнікі якой паходзілі з Гародні з Беларусі. Адзін з падрадчыкаў – дзве фірмы, гэта былі фірмы ў якіх працавалі беларусы, а таксама ўкраінцы. Наш гонар – гэта глядзельная зала, якая прызначаная для кіно і для канцэртаў. Яна мае 375 месцаў, два паверхі. Уся тэхніка вельмі высокага ўзроўню.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: са старонкі Бельскага дома культуры, poranny.pl, builderpolska.pl