Дзяніс Філіпчык: Турызм сышоў на нуль
2020-05-30 16:53
Турыстычны бізнес у Беларусі, як і па ўсім свеце, адчуў на сабе ўдар ад пандэміі каронавірусу раней за ўсіх.
З цягам пашырэння гэтай эпідэміі турызм сышоў на нуль і зараз знаходзіцца ў такім літургічным сне, уся індустрыя. Так выказаўся пра стан справаў у турыстычнай сферы Беларусі магістр гістарычных навук, экскурсавод Дзяніс Філіпчык:
– Калі мы кажам турызм, то трэба ўяўляць не толькі экскурсаводаў да якіх належу я, напрыклад. Трэба ўяўляць і фірмы з вялікай колькасцю супрацоўнікаў – гэта працоўныя месцы. Рэстараны, якія таксама зараблялі на турыстах. Канешне гэта гасцініцы, якія засталіся зараз не загружанымі і транспартныя кампаніі, якія таксама засталіся без працы.
Як кажа Дзяніс Філіпчык, невядома, чым гэта ўсё скончыцца і якія будуць захады, каб падтрымаць гэтую індустрыю:
– Ніхто не кажа дайце грошай мора, але каб падтрымаць вось гэту галіну, таксама патрэбна вельмі прадуманая палітыка. Зараз турызм на нулі, ён перайшоў у інтэрнэт-сферу. Онлайн-экскурсіі, онлайн-мерапрыемствы. Дзесьці лекцыі, дзесьці сапраўды экскурсавод выходзіць і паказвае славутасці горада. Гэта добрая нагода пераасэнсаваць многія рэчы і хаця б так нагадаць, што турызм у нас быў.
Паводле Дзяніса Філіпчыка, турыстаў найбольш цікавіла ў Беларусі спадчына ЮНЕСКА і спадчына, якая з’яўляецца самай вядомай. Гэта Мірскі і Нясвіжскі замкавыя комплексы, прыродны аб’ект Белавежская пушча, сталіца Беларусі ды іншыя буйныя гарады. А ў онлайн фармаце можна знайсці шмат самых розных экскурсій, а вось найбольш актуальнай і экзатычнай была прапанова экскурсіі па месцах, звязаных з гісторыяй менскіх эпідэмій.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя