- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Адвакат Інэса Аленская 6 ліпеня наведала старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў турэмным шпіталі СІЗА № 1, куды палітык быў экстранна пераведзены 2 ліпеня з СІЗА КДБ. Дыягназ не вядомы ні самому хвораму, ні яго сям’і, ні адвакату. Рыгор Кастусёў кажа аб праблемах з сэрцам, ацёках і зблытанай свядомасці, паведамляе АФН са спасылкай на БелаПАН. «Рыгор Андрэевіч цяпер адчувае сябе лепш. Сказаў, што нарэшце надыхаўся паветрам з моманту затрымання, таму што ў СІЗА КДБ паветра няма наогул, там ён задыхаўся як рыба», — распавяла Інэса Аленская. Пагаршэнне здароўя ў яго пачалося даўно, паведаміла адвакат. Спачатку прычынай паслужыла тое, што палітык 17 дзён — з 12 да 29 красавіка — быў вымушаны спаць на падлозе камеры пад шконкай дырэктара «Мінскканцэрта», у выніку чаго прастудзіўся. «У СІЗА КДБ Рыгор Кастусёў утрымліваўся ў трохмеснай камеры. Разам з ім сядзеў Віктар Бабарыка. Калі Кастусёў быў змешчаны ў гэтую камеру, яна ўжо была ўкамплектаваная, і для яго, як для зноў прыбыўшага, у камеры не знайшлося спальнага месца, пры гэтым мяняцца ложкамі або саступаць сваю забаронена, нават прысесці нельга на чужое месца — гэта парушэнне», — распавяла Аленская. 18 чэрвеня адвакат наведвала Кастусёва ў СІЗА КДБ і, даведаўшыся ад яго пра праблемы са здароўем, неадкладна падала хадайніцтва аб аказанні яе падабароннаму медыцынскай дапамогі з накіраваннем у рэспубліканскую бальніцу на Валадарскага.