- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Аляксандр Лядзенка — адзіны і, мяркуючы па ўсім, апошні жыхар вёскі Лядзенкі пад Віцебскам. Мужчыну 56 гадоў, тут ён нарадзіўся і пражыў амаль усё жыццё. Апошні жыхар Лядзенак разумее, што ягоная вёска асуджаная. Але верыць у цуд: а раптам тут усё ж такі хтосьці паселіцца? Да яго ў госці з’ездзілі журналісты Анлайнера. «На здароўе я не скарджуся, але да пенсіі, напэўна, не дажыву. І наша вёска тады ўжо дакладна памрэ», — настрой у вяскоўца не самы вясёлы. Але потым ён закурвае, усміхаецца і запрашае ў госці. Гаспадарка немудрагелістая: урослая ў зямлю хата, кабыла Малышка, хатняя котка Ёшка і прыблудны кот Базыль. «Ну і я сам-просты вясковы няголены малец Сашка! Так мяне і называйце», — прапануе Лядзенка. Трохі геаграфіі, каб вы зразумелі, што Лядзенкі — гэта не такая ўжо і глухмень. Ад Віцебска да іх 30 кіламетраў, а за 5 кіламетраў адсюль аграгарадок Замасточча. Гэта чацвёртая станцыя, калі ехаць на дызелі з абласнога цэнтра ў Оршу. А калі дабірацца на машыне, то ад Замасточча ў Лядзенкі вядзе разбітая дарога праз лес. Цяпер яе добра такі занесла снегам, і наша аўто магло б лёгка загрузнуць. Але, на шчасце, да нас дарогу раз’ездзілі вялікія грузавікі, якія прывозяць рабочых — яны абсякаюць старыя дрэвы. Прозвішча ў Сашы перагукаецца з назвай вёскі: Лядзенка — Лядзенкі. Філасофія ў яго такая: — Не лічу, што я кроўны мясцовы.