- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Прадстаўнікі грамадзка-палітычнай рады Віцебску Ірына Яскевіч і Хрыстафор Жаляпаў сустрэліся з начальнікам упраўленьня ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму Міхаілам Грыбам. Размова тычылася перавышэньня службовых паўнамоцтваў з боку віцебскіх міліцыянтаў пры затрыманьнях грамадзянаў падчас мірных акцый. На сустрэчы прысутнічалі яшчэ чатыры асобы ў масках, якія не назваліся. На размову зь Міхаілам Грыбам была запісаная і Тацяна Севярынец, але з розных прычынаў было вырашана, што яна ў будынак УУС ня пойдзе. 17 жніўня на сустрэчы прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці з кіраўніцтвам вобласьці было заяўлена, што ніякіх перашкодаў з боку міліцыі ўдзельнікам мірных маршаў чыніцца ня будзе. Нейкі час так і было, але 6 верасьня ў Віцебску брутальна, з ужываньнем гвалту, пачалі затрымліваць удзельнікаў мірных маршаў. Было вырашана даведацца, што стала таму прычынай. Да сустрэчы прадстаўнікі рады адабралі шэсьць эпізодаў перавышэньня міліцыянтамі сваіх службовых паўнамоцтваў. Кожны эпізод з 6 жніўня па 13 верасьня быў задакумэнтаваны (фота ці відэа). Ірына Яскевіч перадала Міхаілу Грыбу дыск з запісамі. Глядзець яго той адмовіўся, папрасіў распавесьці сваімі словамі і заявіў, што разьбярэцца. Пры канцы сустрэчы прадстаўнікі рады выказалі жаданьне атрымаць пісьмовы адказ па кожным пададзеным эпізодзе. Са словаў прадстаўнікоў рады, сустрэча была напружанай і нармальнага дыялёгу не атрымалася.