- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Заронаўскі сельскі Савет дэпутатаў жыве на юбілейнай хвалі. З нагоды яго 95-годдзя ў вёсцы Суйкава адбылося адкрыццё гістарычнага банера «Гістарычны атлас Заронаўскага краю». Ён усталяваны пры дарозе каля Суйкаўскай школы ў крокавай даступнасці для ўсіх цікаўных. На банеры пазначана шмат гістарычных аб’ектаў нашага краю: брацкія пахаванні, азёры, зніклыя помнікі. Сярод іх — заронаўская царква св. Ануфрыя, якая двойчы прымала працэсію з мошчамі нашай беларускай святой Ефрасінні Полацкай. Гэта было ў 1871 годзе і ў 1910 годзе пры пераносе поўнасцю мошчаў святой Ефрасінні. Працэсія ішла з Лужасна праз Пестуніцу. Прыпынялася ў многіх мясцінах. Паказаны амаль усе населеныя пункты, якія зніклі. Між іншым, падаюцца некалькі назваў, напрыклад, сёння значацца Палойнікі, а раней тут была Шлёпаўка, затым Матрасы. Можна прачытаць аб існаванні раней на нашай тэрыторыі вёскі Швейцарыя (каля Суйкава). Былі Замосце, Заполле, Навасёлкі, Шаркі, назвы якіх можна знайсці на карце Віцебскага раёна ў іншых сельсаветах. Быў у нас свой паселак Леніна, а таксама вёскі Зязюлі, Шэйкі, Вакзал, Барадзіны (Барадзіно). Адкуль з’явілася ідэя такога атласа? У Віцебскім раёне ствараецца краязнаўчы атлас, збіраецца інфармацыя па сельсаветах. Мы справіліся з заданнем і вырашылі на аснове сабраных звестак зрабіць банер, каб людзі ведалі сваё гістарычнае мінулае. Тэхнічную працу выканаў Станіслаў Нікіцін, захавальнік музейных экспанатаў музея «Гісторыя Заронаўскага краю».