- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
17 жніўня болей як дзесяць грамадзянаў Віцебску, беспадстаўна затрыманых увечары апошняга дня галасаваньня, падалі ў суд Першамайскага раёну скаргі на судовыя рашэньні. Людзі атрымалі ад 10 да 15 содняў адміністрацыйнага арышту, але ў мінулую пятніцу без адбыцьця ўсяго прызначанага тэрміну былі нечакана вызваленыя. Падамо некалькі гісторый. Як распавядае грамадзкі дзеяч і прадпрымальнік Максім Жукаў, у канцы асноўнага дня галасаваньня ён прыйшоў да 40-й школы, каб даведацца пра вынікі галасаваньня. Людзі мірна стаялі, нічога не парушалі, чакалі вынікаў. На пачатку 10-й гадзіны пачаўся хапун. Адвезьлі ў ІЧУ, кінулі ў камэру, спаць давялося на голых нарах. Час не паведамлялі, навінаў ня ведалі, запалкі для курцоў давалі дватры разы на дзень. “На трэці дзень у ІЧУ прывезьлі некалькі судзьдзяў. Усе пратаколы напісаныя пад капірку. Сьведкаў не давалі. Тыя, хто пагаджаўся, атрымлівалі пяць содняў. Хто не пагаджаўся – дзесяць. Мне судзьдзя Алена Жук дала пятнаццаць содняў адміністрацыйнага арышту. Позна ўвечары, каб ніхто ня бачыў, прывезьлі ў СІЗА адбываць пакараньне. Там і пачалося: на калені, тварам да сьцяны, далоні вонкі, ногі – максымальна шырока, ледзьве не падаеш. Б’юць па сьцёгнах, па сьпіне так, каб не было сьлядоў, але гэтак жорстка, як у Менску не было. Лексіка нецэнзурная. Адзін у адзін, як чорна-белае савецкае кіно пра гестапа ці канцлягер. Спачатку на гадзіну кінулі ў бэтонны бокс. Кожные пяць хвілінаў крычалі: “Ня так сядзіш, ня так стаіш”.