- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Канстанцін Смолікаў — адзіны апазыцыйны прадстаўнік, улучаны ў склад Віцебскай абласной камісіі па выбарах прэзыдэнта краіны. У склад абласной камісіі Кастусь Смолікаў увайшоў ужо ў другі раз. Упершыню такое адбылося ў 2015 годзе. Ён мяркуе, што сёлета яго ўключылі ў склад камісіі, бо свайго прадстаўніка не вылучала партыя «Справядлівы сьвет». У 2015 годзе пры падвядзеньні вынікаў ён выказаў сваё асабістае меркаваньне пра тое, што выбары нельга прызнаць ані свабоднымі, ані справядлівымі. Для сябраў абласной камісіі гэта сталася поўнай нечаканасьцю. Пасьля гэтага ў склад абласной камісіі на мясцовых выбарах і выбарах у парлямэнт яго больш ня бралі. Таму сёлетняе ўключэньне сталася пэўнай нечаканасьцю. Як кажа Смолікаў, стасункі паміж сябрамі камісіі склаліся працоўныя, нэўтральныя — кожны займаецца сваёй працай. Усе адно аднаго ведаюць, бо склад камісіі з году ў год застаецца амаль нязьменны. Ад 2015-га ў складзе камісіі зьявіліся толькі трое новых сябраў. «Праца ў абласной камісіі — выключна тэхнічнай скіраванасьці, уплыву на хаду выбараў яна не аказвае. Рэальнай працы ў абласной камісіі амаль няма, яе сябры дзяжураць ды рэгіструюць уваходную дакумэнтацыю», — расказвае Смолікаў.