- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пасьля сьмерці маці ад COVID, ён пайшоў збіраць подпісы за Бабарыку. Віцебчуку Сяргею Міхасёву 61 год. Раней ён быў вялікім міліцэйскім кіраўніком: узначальваў Першамайскі РАУС Віцебска, потым працаваў намеснікам начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні. Даслужыўся да палкоўніка. У 2012 годзе Міхасёў выйшаў на пенсію. Пэўны час папрацаваў юрысконсультам у прыватнай фірме, затым быў начальнікам бюро пашпартызацыі насельніцтва УУС Віцебскага аблвыканама. Сёлета ён увайшоў у ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі і з гонарам расказвае: сабраў амаль тры сотні подпісаў! «Але тыдзень таму я звольніўся. Скажам так: заяву напісаў па ўласным жаданні, — распавядае Міхасёў «Нашай Ніве». — Ці былі праблемы на працы праз удзел у групе Бабарыкі? Давайце без каментаў на гэтую тэму». Міхасёў запэўнівае: раней ён наўпрост палітыкай ніколі не займаўся. Хіба толькі галасаваў «не за дзеючага кіраўніка краіны і ў 2010, і ў 2015». «Але ж усяму ёсць мяжа. Цярпенне скончылася. Сам я лічу, што ў краіне трэба мяняць шмат што. Гэта маё меркаванне. Можа быць, апошняй кропляй стала сітуацыя з каранавірусам. У мяне родная сястра жыла з ляжачай маці ў Оршы. Маме было 85 гадоў. І ў сястры з'явіліся ўсе сімптомы кавіда, тэмпература трымалася тры тыдні… Але тэстаў мы не дабіліся, іх не зрабілі ні сястры, ні маме.