Дзмітрый Строцаў: Вялікае паэтычнае сведчанне аб трагедыі Беларусі
2024-05-23 14:04
Сёння ў Варшаве распачынаецца Кніжны Кірмаш. Ён будзе ладзіцца да нядзелі, 26-га траўня. Першай будзе прадстаўленая кніга Рамана Абрамчука «Вершы для храмаў, СІЗА, ІЧУ» выдавецтва hochroth Minsk.
З яго кіраўніком – паэтам, выдаўцом і сябрам Беларускага ПЭНа Дзмітрыем Строцавым – і паразмаўляла нашая карэспандэнтка.
РР: Распавядзіце, калі ласка, пра кнігу «Вершы для храмаў, СІЗА, ІЧУ«, прэзентацыя якой адбудзецца на кніжным кірмашы ў Варшаве.
– Раман Абрамчук, „Вершы для храмаў, СІЗА, ІЧУ“. Назва красамоўная, пра многае кажа. На адвароце тытулу кнігі можна прачытаць: У зборнік увайшлі вершы, напісаныя ў перыяд з восені 2020 па 2024 год, прысвечаныя пратэстам, эміграцыі, вайне, палітзняволеным. Кніга звяртаецца да беларусаў, якія перажываюць трагічныя часы, незалежна ад таго, дзе яны: дома ў Беларусі, у эміграцыі, у выгнанні, у турме. У аўтара моцны самастойны голас. Кніга не проста цікавая, а вельмі важная.
РР: Чаму вы змеркавалі яе надрукаваць? Якія моцныя бакі вы маглі б адзначыць у ёй?
– Мы даўно знаёмы з Раманам Абрамчуком. Я люблю яго вершы і песні, але адной дружбы і адной сімпатыі недастаткова. Я перакананы, што ў 2020-м многія беларускія аўтары, не змаўляючыся, пачалі пісаць адзін вялікі паэтычны тэкст. Вялікае паэтычнае сведчанне аб трагедыі Беларусі. У кожнага свая інтанацыя, свой голас, але я перакананы, што голас Рамана Абрамчука вельмі важны ў гэтым хоры беларускіх галасоў.
РР: Кніга адсылае да палітвязняў. На гэтым тыдні адзначаюць Дзень палітвязня. Што для вас ён азначае?
– У кнізе «Вершы для храмаў, СІЗА, ІЧУ» ёсць вершы, прысвечаныя беларускім палітычным зняволеным. У Рамана і ў мяне ёсць свой турэмны вопыт. Па іроніі лёсу, восенню 2020 года мы з Ромам апынуліся ў адным карцары на Акрэсціна. Праўда, з розніцай у два тыдні. Спачатку Рома, потым я. З нашага турэмнага досведу лягчэй разумець, у якіх бесчалавечных, варунках катавання беларускія палітычныя зняволеныя. Я стараюся не толькі адзін дзень у годзе памятаць пра іх і сведчыць. Бяру ўдзел у праекце «Беларускі мартыролаг». Мастачка Ксенія Ангелава няспынна піша партрэты беларускіх палітвязняў. І з гэтымі партрэтамі мы вандруем па розных местах Еўропы, у межах выставаў чытаем вершы, чытаем лісты беларускіх палітычных зняволеных, паказваем перформансы. Яшчэ я бяру ўдзел у праекце падтрымкі сем’яў палітычных зняволеных.
Уваход на Кніжны Кірмаш вольны. Падзея будзе ладзіцца ў Палацы Культуры і Навукі (plac Defilad, Варшава).
Беларускае Радыё Рацыя