Дзецям сказалі, што тата 15 сутак быў на працы. Маладзечанец – пра тое, як прайшоў Цэнтральнае РУУС, Акрэсціна і Жодзіна
2020-10-26 14:04
Маладзечанец Віталь Алейнік працуе ў Мінску. 23 верасня, увечары, ён быў у цэнтры сталіцы. Ішоў па вуліцы Леніна да станцыі метро «Кастрычніцкая». Аднак не дайшоў да яе.
Затрыманне: Невядомыя людзі не прадстаўляліся, не тлумачылі прычын
– Цэнтр сталіцы – месца, дзе мае права знаходзіцца кожны чалавек. Я часта там бываю, бо працую ў фінансавай галіне і сустракаюся з партнёрамі. 23 верасня ўвечары на вуліцы Леніна да мяне падбегла група агрэсіўных людзей у аліўкавай форме, некаторыя – з дубінкамі. Я разумеў, якія наступствы бываюць пасля такіх нападаў. Мая сям’я ўжо пацярпела ад гэтых падзей. Таму я паказаў, што ў мяне нічога няма ў руках, што іду мірна, – прыгадвае Віталь.
Не прадстаўляючыся, не называючы прычын, Віталю загадалі садзіцца на зямлю. Адзін з людзей заламаў яму рукі за спіну і сцягнуў будаўнічай сцяжкай. Віталя зацягнулі, як ён пасля зразумеў, у будынак Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Тварам да сцяны пасадзілі ў калідоры ля КПП. Побач ужо былі людзі, некаторыя з іх – скрываўленыя.
– Калі невядомыя супрацоўнікі выйшлі, у мяне атрымалася дамовіцца на КПП, каб мне разрэзалі сцяжку. Я папрасіў напаіць людзей вадой, што была з сабой. Мне дазволілі, – дзеліцца Віталь.
Потым ва ўсіх пачалі пытацца пра дакументы. Віталь паказаў. А калі прагучала патрабаванне паказаць мабільнікі, мужчына вырашыў – гэтага не зробіць:
– У мяне ў тэлефоне толькі фотаздымкі сям’і, дзяцей.
Але я пачуў, як абразліва людзі ў аліўкавым абмяркоўваюць фотаздымкі жонак затрыманых, як чытаюць сямейную перапіску.
Мне не хацелася, каб гэта рабілі ў адносінах да маёй сям’і. У выніку, некалькі разоў груба запатрабаваўшы мой мабільнік, у мітусні пра яго забыліся.
У Цэнтральным РУУС: Пытаўся, чаму затрымалі. У адказ – мацюкі
Праз пэўны час затрыманаму сказалі, што яго хутка адпусцяць. Але замест гэтага павялі на вуліцу і пасадзілі ў службовы аўтамабіль, у камеру. Адразу ж укінулі іншага чалавека, пазней – яшчэ аднаго, з разбітай галавой.
– Нас прывезлі ў двор нейкай установы. Тое, што гэта Цэнтральнае РУУС, зразумелі пазней. 10-15 чалавек пастроілі па сценцы. Гучалі пагрозы і маты. Я ў стрэсавым стане спытаў, ці не збіраюцца нас забіваць. У адказ завязаўся дыялог. «Мы яшчэ нікога не забівалі», – адказалі мне. Тады я назваў некалькі прозвішчаў загінулых на пратэстах. Мне адказалі, што яны ж самі лезлі на барыкады.
Віталь, які ведае правазнаўства, спрабаваў высветліць, чаму яго затрымалі, у якім ён статусе. А ў адказ атрымліваў мацюкі.
У РУУС маладзечанца закінулі ў залу, дзе сядзелі міліцыянеры. Патрабавалі падпісаць пратакол. Віталь адказаў, што будзе ўсё рабіць толькі з адвакатам. У адказ пачуў: тут кожны міліцыянер юрыст і можа параіць, што рабіць. Урэшце затрыманаму растлумачылі: яго будуць судзіць па адміністрацыйным працэсе.
– Я спытаў: «Са сведкамі ў чорных шапках?» На што мне адказалі: «Міліцыя хвалюецца за сябе і жыццё сямей».
Цікава, чаму міліцыя – сілавое ведамства – хвалюецца, а я, звычайны чалавек, не магу хвалявацца за сваю сям’ю. Давайце і мне насунем чорную маску, – дзеліцца Віталь.
У чарговым кабінеце спрабавалі ўзяць адбіткі пальцаў. Але без адваката мужчына не пагадзіўся. – Перыядычна адбываліся дыялогі з работнікамі РУУС. Я размаўляў тактоўна, ветліва.
У адной з размоў пачуў, што каб я служыў у войску, больш разумеў бы сітуацыю. На што адказаў, што вучыўся ў некалькіх універсітэтах і пісаў аспіранцкую працу.
Акрэсціна: Рукі – на сценку, ногі – расставіць
Пасля некалькіх гадзін у бетоннай камеры, затрыманых вывелі на вуліцу, заштурхалі ў аўтазак і прывезлі на Акрэсціна.
– Зноў рукі на сценку, ногі расставіць, галаву ўніз. Хто схіляў не так нізка, падляталі і білі. У нашай камеры былі чатыры чалавекі. Адразу не далі пасцель, рэчы першай неабходнасці. Падбадзёрылі з сукамернікамі адзін аднаго. Скруціліся на брудных матрацах і, накрыўшыся курткамі, заснулі, – расказвае суразмоўца.
На наступны дзень пачыналіся пасяджэнні па скайпе. Па словах Віталя, сістэма не спраўлялася ні з колькасцю судоў, ні наплывам затрыманых. Задзейнічалі другі корпус на Акрэсціне, куды і перавялі маладзечанца.
Далі пабіты тэлефон і сказалі: вось суд
Суда Віталь дачакаўся 25 верасня:
– Запрасілі на калідор, далі ў руку пабіты тэлефон і сказалі: вось твой суд. Выяву і гук на экране цяжка было разабраць. Я сказаў суддзі, што дрэнна чую і бачу, магу нешта важнае прапусціць. Прозвішча і імя суддзі – Юлія Густыр – пачуў з пятага разу. Я шмат хадайнічаў, прасіў правесці нармальнае пасяджэнне. Хадайніцтвы адхілялі. Але дазволілі паразмаўляць з адвакатам. Суддзя выйшла з пакоя. Я гаварыў з адвакатам, але побач стаяў міліцыянер. І гэта парушэнне. З пратакола Віталь даведаўся, дзе і калі яго затрымалі. Кажа, прагучалі іншае месца і час. Пасля на экране з’явіўся сведка ў чорнай масцы. Ён сцвярджаў, што бачыў Віталя ў калоне.
Па словах суразмоўцы, сведка блытаўся. Але суддзя агучыла прысуд – 15 сутак.
– Сумна і смешна адначасова. Суд прызнае змякчальнымі абставінамі наяўнасць у мяне дзяцей, але дае максімальна магчымы тэрмін, – кажа мужчына.
Жодзіна: Запрашаем у лагер ваеннапалонных
У Акрэсціне Віталь быў трое сутак. Пасля загрузілі ў аўтазак і павезлі ў Жодзіна:
– Ехалі ў аўтазаку і чулі, як сігналяць машыны, што праязджаюць міма. Было так прыемна! Магчыма, кіроўцы так пратэставалі супраць сістэмы, магчыма, падтрымлівалі нас.
Жодзіна пачалося з матаў, абразаў, стуку дубінкамі па сценах, маральнага і фізічнага гвалту:
– Нас пагналі па нейкіх калідорах. Крычалі: бяжыце, прытрымлівайцеся правага боку, апусціце галаву. І цяпер у свядомасці гэтыя словы. У чарговым калідоры сказалі: «Сардэчна запрашаем у лагер для ваеннапалонных». І як усюды: рукі на сцяну, далоні развярнуць, ногі расставіць. Тут у маёй камеры было восем чалавек. Ад халоднай вады пачалася алергія. Не хапала посуду і ежы. Часам прыносілі чатыры кубкі на восем чалавек.
Па словах Віталя, асабліва цяжкімі былі дні ад панядзелка да серады. Бліжэй да ночы прывозілі шмат затрыманых, на калідоры чуліся ўдары, крыкі людзей.
– На той момант асабіста я яшчэ фізічнага гвалту моцна не адчуў. Але маральна было нялёгка. Штодзень мусілі назіраць, як міліцыянеры абыходзіліся з затрыманымі. Чалавека, які значна перасягае яго і па ўзросце, і па адукацыі, міліцыянер абражаў, тыкаў яму.
Праўду затыкаюць сілай
Пасля сутыкнуўся з фізічным гвалтам і Віталь.
– Неяк вывелі на пераклічку. Спыталі, якія пажаданні. Я адказаў: адпусціць незаконна затрыманых. Спыталі, хто гэта сказаў. Я назваўся. Да мяне падышоў работнік і пачаў біць па нагах дубінкай. Я хацеў паглядзець яму ў вочы, але не атрымалася: ён стаяў ззаду. Пасля гэтага я зразумеў: тут баяцца праўды і ўмеюць затыкаць яе толькі сілай.
14 кастрычніка Віталь схадзіў у адзін з маладзечанскіх медцэнтраў і зафіксаваў пабоі – кровападцёкі на абодвух сцёгнах.
Перад выхадам у турме змяніліся правілы. Калі раней затрыманым дазвалялі ўдзень прысесці на ложак, то цяпер можна было толькі хадзіць па камеры або сядзець на вузкіх лавачках.
Міліцыянеры губляліся, калі разумелі: затрыманых лічаць героямі
У турме затрыманыя адчулі салідарнасць беларусаў. У дзень перадач пакункі з ежай, неабходнымі рэчамі цяклі ракой.
– Цікава было назіраць за разгубленасцю міліцыянераў у такія дні. Яны думаюць, што вартуюць быццам бы правапарушальнікаў. А мяркуючы па колькасці перадач, грамадства нас лічыць, наадварот, героямі.
Віталь: Не хачу, каб мае дзеці гулялі ў АМАП
Вызвалілі мужчыну 9 кастрычніка ўвечары:
– Зноў загады: рукі – на сцяну, ногі – расставіць, галаву – уніз. Здавалася б, людзі ж адседзелі, стаўцеся да іх нармальна. Але – не.
Кагосьці падштурхнуць, на кагосьці – мацюкаюцца. Да апошняга падкрэсліваюць сваю сілу.
Сустракалі Віталя родныя. Кажа, пад турмой была цэлая плынь машын – сябры, валанцёры прыехалі сустракаць вызваленых. У незнаёмых людзей пыталіся, куды падвезці.
…Маленькім дзецям Віталя родныя сказалі, што тата 15 сутак быў на працы:
– Ім пакуль немагчыма ды і не варта тлумачыць, што адбываецца ў краіне. Я хачу, каб мае дзеці гулялі ў свае дзіцячыя гульні, а не ў АМАП.