Якія перавагі і хібы для ўлады ў забароне і ў дазволе бел-чырвона-белага сьцяга? Якая частка беларускага грамадзтва падтрымлівае гэты сьцяг? Якім будзе плён наратыву Лукашэнкі пра генацыд беларускага народу?Над гэтымі тэмамі ў інтэрвію Свабодзе разважае палітоляг, каардынатар праграмы «Замежная палітыка Беларусі» Рады міжнародных адносінаў «Менскі дыялёг»
Дзяніс Мельянцоў.
Мой пост быў пра тое, як у грамадзтве ставяцца да бчб-сьцяга
Вялікая частка грамадзтва лічыць гэты сьцяг сваім, хай і не пераважная большасьць
У сыстэме дзяржаўнага кіраваньня ёсьць розныя плыні: ёсьць тыя, хто адназначна выступае за забарону сьцяга, ёсьць іншыя — тыя, хто мяркуе, што трэба танчэй працаваць з нацыянальнай сымболікай, што ня трэба ствараць расколы на пустым месцы
Якім будзе канчатковае рашэньне — я ня ведаю
Учора ад Лукашэнкі быў адзін сыгнал, раней былі іншыя
Тое, што цяпер адбываецца вакол бчб-сьцяга, трэба інтэрпрэтаваць з гледзішча не гістарычнага, а палітычнага
Тыя людзі, якія выходзілі на пратэсты пасьля жніўня 2020 году, карысталіся гэтым сьцягам і яны супраць існай улады
Для ўлады гэта ворагі, іх сымболіка — варожая сымболіка і таму зь ёй трэба так ці інакш разабрацца
Адзін з магчымых варыянтаў, як «разабрацца» — надаць статус гістарычна-культурнай каштоўнасьці, але абмежаваць легальныя магчымасьці ёю карыстацца
Беспрэцэдэнтныя паводле маштабу пратэсты атаясамілі сябе з гэтым сьцягам, а гэты сьцяг — з сабой
Калі б сымбалем пратэсту заставалася белая стужка, наўрад ці яе б называлі нацысцкім сымбалем
Я лічыў і лічу бчб-сьцяг эстэтычна больш прывабным
Гэты сьцяг — гэта колеравая раскладка гербу «Пагоня»
Калі мы выбудоўваем доўгатэрміновы гістарычны наратыў — ад ВКЛ і БНР, мы павінныя знайсьці месца для бчб-сьцяга і да «Пагоні»
У бчб-сьцягу ня толькі БНРаўская гісторыя
Можа быць у будучыні варта правесьці яшчэ адзін рэфэрэндум, які сьцяг патрэбны краіне
Гэтаму сьцягу было месца і найноўшай гісторыі
Можна прыгадваць, што яго выкарыстоўвалі калябаранты, а можна — што пад ім у 1994 годзе даваў прэзыдэнцкую прысягу Аляксандар Лукашэнка
Дзяржава павінная быць заміральнікам, мэдыятарам, а ня бокам у канфлікце з пратэстам
Паводле апытаньняў напрыканцы 90-х і напачатку нулявых адносна невялікі адсотак падтрымліваў бчб-сьцяг, пасьля таго, як ён стаў атаясамляцца з нацыяналістычным наратывам
Людзі сталі забывацца, што ён калісьці быў дзяржаўным
Недзе ў дзясятыя гады, асабліва ў апошнія 5 гадоў, дзяржава стала больш спрыяльна ставіцца да разнастайных праяваў нацыянальнага
Гэта пачало ўспрымацца ў адрыве ад «бнфаўства», ад апазыцыйнасьці
І трэцяя хваля — гэта пратэст, які цалкам разарваў сувязь гэтага сьцягу з тытульнай апазыцыяй
Паводле маіх адчуваньнях, экстрапалюючы дадзеныя апытаньняў, гэта 30-40% сымпатызантаў бчб-сьцягу
Заявай пра генацыд беларускага народу беларускія ўлады спрабуюць палітызаваць гэтае пытаньне, ператварыць яго ў нейкі аналяг Галакосту, каб мінімізаваць выпады Захаду ў свой бок
Ёсьць аргумэнт ad Hitlerum
Можна навесіць такі ярлык, нават калі там не было асаблівай сувязі
Рамуальд Райс ваяваў супраць Саветаў, супраць камуністаў
У ідэалягічным наратыве ставіцца калі знак роўнасьці паміж ім і нацыстамі, прынамсі ўсталёваецца зьвязка ці падабенства
Палітычнае дзеяньне не патрабуе юрыдычнага доказу
Навешваньне ярлыкоў уплывае на грамадзкую сьвядомасьць
Бчб-сьцяг сапраўды выкарыстоўваўся калябарантамі, але няма сьведчаньняў, што ён выкарыстоўваўся пра масавых расправах
Калябаранты выкарыстоўвалі бчб-сьцяг, яны так ці інакш дапамагалі нацыстам — праз гэты лінк у дзяржаўнай ідэалёгіі сьцяг прывязваецца да масавых расправаў