Філаматы

Бюлетэнь Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання Таварыства аматараў ведаў (філаматаў)

4 (7)


Беларусь і Еўропа. Праблемы і перспектывы ўзаемадзеяння

На пераломным этапе існавання кожнай дзяржавы вызначэнне далейшага шляху яе развіцця ёсць жыццёва важная задача. Відавочна, што дачыненні з замежнымі краінамі з’яўляюцца выключна істотнымі з гледзішча забеспячэння суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, а таксама эканамічнага прагрэсу. Таму выбар саюзнікаў і партнёраў мае лёсавызначальнае значэнне.

Гэтая задача адразу ж паўстала перад Рэспублікай Беларусь пасля распаду Савецкага Саюза. Трэба адзначыць, што яе вырашэнне – адна з найбольш сур’ёзных праблемаў для адноўленай краіны. Можна сцвярджаць, што фармаванне ўласнай знешняй палітыкі, адпаведнай дзяржаўным інтарэсам, не закончана да гэтага часу. Прычына шэрагу спецыфічных фактараў, як аб’ектыўных, так і суб’ектыўных. Нягледзячы на фармальнае членства ў ААН, у іншых некаторых арганізацыях (Міжнародная арганізацыя працы, Сусветная арганізацыя аховы здароўя, ЮНЕСКА, МАГАТЭ і інш.) і нават на наяўнасць уласнага міністэрства замежных справаў (якога не было, напрыклад, у РСФСР), наваствораная дзяржава практычна не мела рэальнага досведу правядзення самастойнай знешняй палітыкі. Уся дзейнасць невялікай колькасці прадстаўнікоў Беларускай ССР на міжнароднай арэне вызначалася і кантралявалася Масквой і была скіравана на забеспячэнне інтарэсаў СССР.

З іншага боку, з прычыны імклівага развалу Савецкага Саюзу і раптоўнасці, з якой Беларусь стала суверэннай дзяржавай, тагачасныя рэспубліканскія кіраўнікі, адрозна ад калег з балтыйскіх рэспублік і нават Украіны, не мелі ні жадання, ні належнага інтэлектуальнага патэнцыялу, каб спрагназаваць развіццё падзей і зрабіць адпаведныя захады. Пэўныя напрацоўкі па асноўных аспектах знешняй палітыкі Беларусі як незалежнай дзяржавы меліся толькі ў Беларускага народнага фронту, які заклікаў да арыентацыі на Еўропу.

Тым не менш, на пачатку 90-х гг. падзеі развіваліся так, што паступова пачаў рэалізоўвацца менавіта гэты заклік. 30 студзеня 1992 г. Рэспубліка Беларусь стала паўнапраўным сябрам Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе – НБСЕ (цяпер АБСЕ), а 26 лютага Станіслаў Шушкевіч падпісаў ад імя краіны Хельсінкскі Заключны акт. Адной з першых сярод краін былога СССР Беларусь атрымала ў Савеце Еўропы статус «адмыслова запрошанага», што давала магчымасць для ўступлення ў гэтую ўплывовую арганізацыю. Нарэшце, былі ўсталяваны і паспяхова развіваліся двухбаковыя стасункі з найбольш уплывовымі дзяржавамі свету, у тым ліку вядучымі еўрапейскімі – Германіяй, Францыяй, Італіяй, Вялікабрытаніяй. Такім чынам, за вельмі кароткі час былі дасягнуты значныя поспехі па набліжэнні краіны да агульнаеўрапейскай прасторы.

Як бачна з гледзішча забеспячэння дзяржаўнай бяспекі і эканамічнага развіцця найбольш уплывовымі структурамі на кантыненце ёсць НАТА і Еўрапейскі Саюз, найбольшую важнасць для кожнай еўрапейскай краіны маюць дачыненні менавіта з гэтымі арганізацыямі. Беларусь у гэтым сэнсе не выключэнне, таму артыкул прысвечаны разгляду менавіта гэтага накірунка знешнепалітычнай дзейнасці дзяржавы.

Трэба адзначыць, што пачатак гэтых стасункаў быў абнадзейваючы. 10 сакавіка 1992 г. Беларусь далучылася да Савета Паўночнаатлантычнага супрацоўніцтва, кансультатыўнага форуму, створанага НАТА дзеля пашырэння дыялогу і канструктыўнага супрацоўніцтва з былымі праціўнікамі – краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. З гэтага часу на пэўны перыяд кантакты на розных узроўнях сталі пастаяннымі. Асноўнымі пытаннямі двухбаковай супрацы былі праблемы раззбраення, павелічэння ўзаемнага даверу, ажыццяўлення дэмакратычнага кантролю за ўзброенымі сіламі, а таксама стварэння новай сістэмы агульнаеўрапейскай бяспекі. Карацей кажучы, пачалося спрыяльнае развіццё дачыненняў, што фактычна гарантавала знешнюю бяспеку краіны.

У той жа час былі зроблены істотныя крокі па наладжванні сувязяў з ЕС. У краіне пачалі дзейнічаць праграмы тэхнічнага садзейнічання, фінансаваныя Камісіяй ЕС. Так, у 1991–1996 гг. для рэалізацыі праектаў у рамках ТАСІС – праграмы тэхнічнай дапамогі ЕС краінам СНД – Рэспубліцы Беларусь было выдзелена каля 70 млн. долараў ЗША. У асноўным яны былі накіраваны ў энергетыку, транспарт, на падтрымку прадпрыемстваў, вытворчасць прадуктаў харчавання і канверсію ваеннай прамысловасці.

Галоўнае, пачаліся перамовы з Еўрасаюзам аб заключэнні так званага Пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве. Яно давала б магчымасць прыдаць Беларусі статус краіны «з пераходнай эканомікай». Гэта, у сваю чаргу, садзейнічала б стварэнню зоны свабоднага гандлю паміж Беларуссю і ЕС, адмене з боку ЕС колькасных абмежаванняў у гандлі, змякчэнню візавага рэжыму для афіцыйных асобаў і бізнесменаў, узаемнаму прызнанню дыпломаў аб адукацыі й іншым пазітыўным вынікам. І хоць перамовы ішлі не вельмі лёгка, усё ж, нарэшце, была дасягнута згода аб падпісанні Пагаднення, якое падлягала ратыфікацыі Беларуссю, Еўрапарламентам і парламентамі ўваходзячых у яго краін. Здавалася, што гэты этап будзе паспяхова пройдзены.

Аднак, хоць і не адразу, стасункі з гэтымі, як, дарэчы, і з іншымі міжнароднымі арганізацыямі, пачалі пагаршацца пасля абрання ў 1994 г. першага прэзідэнта Беларусі. Напрыклад, у студзені 1995 г. было яшчэ прынята рашэнне пра далучэнне Беларусі да праграмы «Партнёрства дзеля міру», што выклікала вялікія спрэчкі на працягу папярэдняга года. Але пэўныя дзеянні Аляксандра Лукашэнкі, як, напрыклад, адмова ад выканання Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе ці такія яго заявы, як «мы не можам спакойна глядзець на набліжэнне гэтага «страшнага монстра да межаў нашай сінявокай Беларусі» ўжо тады яскрава дэманстравалі настрой вышэйшага кіраўніцтва дзяржавы. Што тычыцца еўрапейскага шляху для Беларусі, дык і на гэтую тэму прагучала вядомае выказванне: «Я свой народ за цывілізаваным светам не павяду».

Радыкальныя карэктывы ўнеслі ўнутрыпалітычныя падзеі. Пераломным пунктам стаў сумна вядомы лістападаўскі рэферэндум 1996 г. З гэтай нагоды Еўрапейскі парламент прыняў вельмі жорсткую заяву, у якой прапанаваная форма праўлення была ахарактарызавана як аўтарытарная. Былі таксама выказаны заўвагі наконт прытрымлівання правоў прафсаюзаў, свабоды сродкаў масавай інформацыі, выканання рашэнняў парламента і Канстытуцыйнага суда. Тым жа рашэннем ратыфікацыя Пагаднення была прыпынена (на той момант яго ратыфікавалі толькі 8 краін ЕС з 15, і ў гэтым падвешаным стане сітуацыя застаецца да цяперашняга часу).

Еўрасаюз рабіў спробы неяк уздзейнічаць на беларускі канфлікт, але з-за катэгарычна адмоўнай пазіцыі ўладаў яны ні да чаго не прывялі, і 24 лютага 1997 г. Савет Міністраў ЕС прыняў афіцыйны дакумент. У ім вызначаны шэраг сур’ёзных недахопаў у канстытуцыйным і палітычным працэсах Беларусі. Беларускім уладам было рэкамендавана забяспечыць выкананне прынцыпу падзелу ўладаў, усталяванне дыялогу паміж канфліктуючымі бакамі, сапраўдную свабоду СМІ. У выпадку невыканання гэтых умоваў меркавалася прыняцце сур’ёзных мераў: спыненне працэсу заключэння ўжо падпісаных пагадненняў, скарачэнне праграмаў тэхнічнай дапамогі, абмежаванне двухбаковых кантактаў на міністэрскім узроўні. Потым былі яшчэ розныя заявы і канфлікты накшталт «драздоўскага», калі ў краіны ЕС быў забаронены ўезд 130 вышэйшым чыноўнікам Беларусі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. У выніку вышэйзгаданыя пагрозы былі фактычна рэалізаваны, хоць нейкія праекты ўсё ж засталіся.

Новая сітуацыя пачала складацца, калі напрыканцы 2002 г. было вырашана прыняць у ЕС у 2004 г. дзесяць новых сябраў, у тым ліку Польшчу і краіны Балтыі. Паколькі ў гэтым выпадку саюз выходзіць непасрэдна на межы Беларусі, Украіны, Малдовы й Расіі, вясной 2003 г. кіраўніцтва ЕС зацвердзіла канцэпцыю сваіх дачыненняў з гэтымі дзяржавамі. У лік прыярытэтаў уключаны «больш цесная эканамічная інтэграцыя і пашыранае палітычнае супрацоўніцтва ў абмен на правядзенне палітычных, эканамічных і інстытуцыянальных рэформаў, заснаваных на агульных каштоўнасцях». Галоўным сэнсам ёсць заахвочванне ў гэтах краінах палітычных і эканамічных працэсаў шляхам аказання большай фінансавай падтрымкі, адкрыцця доступу да ўнутранага рынку ЕС, правядзення палітычнага дыялогу і аблягчэння магчымасцяў для перамяшчэння. Пры гэтым у дакуменце гаворыцца, што ягонай мэтай не з’яўляецца «ўсталяванне геаграфічных межаў саюзу або выключэнне магчымага членства».

Тым самым даецца зразумець, што дзверы ў Еўропу пакуль што застаюцца адчыненымі. На жаль, сённяшняя беларуская ўлада не дапускае нават думкі пра такую магчымасць. Абяцаная «шматвектарнасць» на справе сталася зусім аднабокай арыентацыяй на ўсход. Вялікіх поспехаў беларускай эканоміцы і значнай большасці грамадзянаў гэта не прынесла, тым не менш улады настойваюць на падаўжэнні так званай «інтэграцыі» з Расіяй. Аднак сацыялагічныя апытанні сведчаць аб усё большым недаверы да гэтага накірунку і значнай арыентацыі на Захад і Еўропу ў прыватнасці. Калі, згодна са звесткамі ЕС, у 1996 г. Расію ў Беларусі ў якасці прыярытэту называлі 68 працэнтаў апытаных, а Еўрапейскі Саюз толькі 7, дык цяпер гэтыя лічбы амаль роўныя – прыкладна па 60 працэнтаў жыхароў Беларусі выказваюцца за расійскі і еўрапейскі накірункі.

Такім чынам, можна сцвярджаць, што знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь апошніх гадоў не адпавядае інтарэсам значнай часткі беларускага грамадства. Але, натуральна, узнікае пытанне, як можна імкнуцца адначасова ў супрацьлеглыя бакі? На наш погляд, гэта сведчыць толькі пра адно: беларускае грамадства, у масе сваёй занятае ўласнымі праблемамі, не вельмі добра ўяўляе перспектывы. Таму падаецца мэтазгодным крыху патлумачыць сутнасць таго, з чым прыйдзецца сутыкнуцца ў тым выпадку, калі пераважная бальшыня насельніцтва ўсё ж калі-небудзь выбера еўрапейскі шлях.

Безумоўна, ён не будзе ўсыпаны ружамі, на ім маюцца свае цяжкасці і недахопы. Але, здаецца, зараз ужо няма неабходнасці даказваць, што краіны – сябры ЕС – маюць высокі ўзровень жыцця, хоць і паміж імі назіраецца даволі значная розніца. Менавіта гэта і ёсць асноўны матыў імкнення да ўступлення ў арганізацыю ўсё новых краінаў. Напрыклад, сяброўства ў ЕС дае доступ да структурнага фонду саюзу. Нават асацыяваныя члены маюць магчымасць атрымліваць грошы ад Еўрапейскага інвестыцыйнага банка пад невялікія працэнты. А сваім сябрам Еўрасаюз выдае і бясплатныя субсідыі. Напрыклад, у 1995 г. Грэцыя атрымала амаль 5 мільярдаў долараў ЗША. Такім чынам, з дапамогай ЕС можно за 5–10 гадоў вырашыць праблемы інфраструктуры, на што самастойна спатрэбіцца 30–40 гадоў.

Беларусь мае насельніцтва ў 10 мільёнаў чалавек, што зусім недастаткова для збыту вырабленай у краіне прадукцыі. Таму ёй неабходныя замежныя рынкі. У краінах Еўрапейскага Саюзу цяпер жыве 370 мільёнаў чалавек, а пасля пашырэння ў наступным годзе іх будзе амаль 450 мільёнаў. Вядома, у пэўнай ступені для нас гэтую праблему пакуль вырашае наяўнасць расійскага рынку, аднак, па-першае, ён амаль у тры разы меншы, а па-другое, і гэта больш істотна, пакупніцкая здольнасць расійскага насельніцтва непараўральная з заходне- і нават цэнтральнаеўрапейцамі.

Зразумела, аднак, каб атрымаць усе гэтыя магчымасці, неабходна практычна цалкам змяніць сённяшнюю эканамічную сістэму Беларусі на сапраўдную рынкавую. Гэта прывядзе да павелічэння інтарэсу інвестараў і росту аб’ёму інвестыцыяў. Мусіць быць свабодны продаж зямлі ў прыватную ўласнасць. Неабходна ўвесці адзіныя стандарты якасці і сертыфікацыі дзяржаваў ЕС. Далей – развіццё свабоднай канкурэнцыі. Дзяржава не павінна будзе ставіць беларускіх вытворцаў у больш спрыяльныя ўмовы адносна ўсялякай фірмы Еўрапейскага Саюзу. Таксама трэба будзе ўвесці прынятыя ў краінах падаткі, у прыватнасці, на паліва, алкагольныя і тытунёвыя вырабы. Напрыклад, у Еўропе літр бензіну каштуе прыкладна 1 долар, прычым як у нафтаздабыўной Вялікабрытаніі, так і ў беднай на нафту Італіі. Нарэшце, трэба будзе прывесці заканадаўства краіны ў адпаведнасць з дзеючым у ЕС. А гэта каля дзвюх тысячаў нарматыўных актаў, бальшыня якіх кардынальна разыходзіцца з беларускімі.

Гэта вельмі няпростыя рашэнні, якія на першым часе могуць прывесці да істотнага пагаршэння жыцця грамадзянаў Беларусі. Таму неабходна ствараць сістэму адэкватнай сацыяльнай абароны як неад’емнага элементу рэформаў. І вось тут паўстае прынцыповае пытанне: ці пагодзіцца большая частка насельніцтва Беларусі з такімі ўмовамі? Вядома, жыць лепей, «як у Еўропе», не адмовіцца ніхто, але што адбудзецца, калі дзеля гэтага давядзецца вытрымліваць жорсткую канкурэнтную барацьбу, іншы раз з зусім няпэўным вынікам? Нават мноства з тых, хто гатовы рухацца ў еўрапейскім накірунку, дрэнна ўяўляюць сабе, што значыць жыць і працаваць у сапраўдных рынкавых умовах. Таму вельмі верагодна, што, калі б гэтыя людзі з іх сённяшнім менталітэтам нейкім цудам апынуліся ў развітых рынкавых стасунках, яны б хуценька запрасіліся назад. Можа, мае рацыю Аляксандр Лукашэнка, што беларусам больш падыходзіць нейкі свой шлях?

Тым не менш, тэма магчымага далучэння Беларусі да ЕС у апошні час уздымаецца пастаянна. Напэўна, на некаторых беларускіх палітыкаў вялікае ўражанне зрабіла выказванне прэм’ер-міністра Італіі Берлусконі, цяперашняга старшыні Еўрасаюзу: «Каб стаць палітычным і ваенным гігантам і быць роўным ЗША, Еўрапейскаму Саюзу трэба прыняць у сябры Ізраіль, Турцыю, Расію, Беларусь і Украіну». У прыватнасці, хоць гэтая заява была афіцыйна адхілена Еўракамісіяй, яна вельмі пазітыўна ўспрынята нават беларускімі ўладамі, нягледзячы на іх негатыўнае стаўленне да ідэі еўрапейскай інтэграцыі.

Тая ж думка атрымала падтрымку з супрацьлеглага боку беларускага ўнутрыпалітычнага спектра. Цэнтральны Камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» прыняў зварот да беларускага народу з ініцыятывай стварэння Беларускай еўрапейскай кааліцыі. Мяркуецца, што гэта будзе шырокі грамадскі рух за далучэнне Беларусі да Еўрапейскага Саюзу.

Сама па сабе такая прапанова выглядае, безумоўна, вельмі прывабна. Але няма ўпэўненасці, што яе аўтары добра ўяўляюць сабе, што спатрэбіцца для яе рэальнага ажыццяўлення нават у значна больш спрыяльнай сітуацыі, чым тая, у якой знаходзіцца цяпер Беларусь. Здаецца, кіраўніцтва БСДП НГ мяркуе, што ўсе праблемы карэняцца ва ўсталяванні ў краіне дэмакратыі. Гэта, канешне, неабходная перадумова, аднак далёка не адзіная.

Не трэба таксама лічыць, што Еўрасаюз нам чымсьці абавязаны за нашыя пакуты. Гэта зусім не дабрачынная арганізацыя, і ніякія мінулыя і цяперашнія пакуты не могуць быць падставай для патрабавання нейкіх асаблівых правоў. Наша сённяшняе становішча, на жаль, у цэлым задавальняе пэўную частку насельніцтва краіны. У адваротным выпадку, яно б змянілася вельмі хутка. І менавіта ў гэтым галоўная праблема Беларусі.

Усё вышэйзгаданае, тым не менш, зусім не азначае, што еўрапейская арыентацыя нашай дзяржавы няправільная альбо заўчасная. Безумоўна, прыстойную будучыню Беларусь можа набыць толькі ў еўрапейскім супольніцтве, разам з Расіяй ці без яе. І да гэтага варта заклікаць ужо даўно, тлумачачы насельніцтву немагчымасць існаваць у нейкім прамежкавым стане. Аднак трэба не толькі разумець, што дзеля дасягнення гэтай высакароднай мэты патрэбна вялікая і цяжкая праца, але і неадкладна пачынаць яе.

Што тычыцца НАТА, дык тут сітуацыя іншая. Па-першае, нягледзячы на шматлікія жахі, што выказваліся ў свой час беларускімі афіцыйнымі асобамі, цяпер усё больш і больш разумеюць, што ваеннай пагрозы для Рэспублікі Беларусь ні цяпер, ні ў агляднай будучыні не існуе. Захаду мы не патрэбны, а Расія і так, без ужывання узброеных сіл, пры неабходнасці атрымае ад нас усё, што захоча, бо яна мае іншыя – і вельмі эфектыўныя – рычагі ўздзеяння на Беларусь. У той жа час, хоць Расія сама ўсё больш цесна злучаецца з гэтым некалі варожым блокам, яна даволі насцярожана рэагуе на пашырэнне кантактаў з Альянсам іншых рэспублік былога СССР, у прыватнасці, Украіны і Грузіі.

У такіх абставінах ставіць мэтай далучэнне да НАТА нават праз вялікі час было б, як падаецца, зусім не абавязковым крокам. У гэтым сэнсе выдатным прыкладам для Беларусі могуць служыць такія краіны, як Аўстрыя, Фінляндыя, Швецыя або Ірландыя. Яны з’яўляюцца сябрамі Еўрапейскага Саюзу, але застаюцца нейтральнымі дзяржавамі, аднак падтрымліваюць вельмі добрыя стасункі з Паўночнаатлантычным альянсам. У прыватнасці, актыўна ўдзельнічаюць у праграме «Партнёрства дзеля міру».

Такім чынам, можна з упэўненасцю сказаць, што сучасная міжнародная абстаноўка спрыяе рэалізацыі вядомага закліку «Беларусь у Еўропу». Праблема ў грамадзянах Беларусі. Чым раней яны зразумеюць свае сапраўдныя прыярытэты, тым хутчэй змогуць наблізіцца да нармальнага жыцця. Цяжка паверыць, што нам наканавана лёсам боўтацца паміж небам і зямлёй.