Філаматы

Бюлетэнь Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання Таварыства аматараў ведаў (філаматаў)

4 (7)


Беларусь паміж Расіяй і Захадам: мікрапрагматыка ў святле макрааксіёмаў

Падобна на тое, што на пачатку ХХІ ст. Беларусь, нарэшце, выкарыстае ці не апошні шанец і ператворыцца de facto ў суб’ект міжнароднага права і пакіне толькі гісторыкам новага часу сваю постаць як аб’ект геапалітычных зацікаўленняў большых і мацнейшых суседзяў.

Пасля верасня 2001 г. і Пражскага саміту 2002 г.

Пасля 11 верасня 2001 г., калі адбыліся пэўныя змены ў дачыненнях Расіі з Захадам і ЗША, бесперспектыўнасць беларускай аўтарытарнай мадэлі посткамуністычнага развіцця стала настолькі відавочнай, што паслухмяны хаўруснік Масквы ў асобе беларускага прэзідэнта, які забяспечваў ейныя геапалітычныя інтарэсы на заходнім кірунку, ператварыўся ў раздражняльнік і фактар кампрамату перад Захадам. Цынічна спасылаючыся на «выбар беларускага народу», Масква публічна абяляла свае саюзніцкія стасункі з Менскам, аднак апошнім часам пачала шукаць больш рэспектабельныя шляхі ўтрымання беларускай тэрыторыі ў сферы свайго безумоўнага ўплыву.

Фактычна адмовіўшыся ад палітычных гульняў тыпу стварэння адзіных органаў улады (што нясе з сабой пэўную небяспеку ўнутранай дэстабілізацыі), Расія спрабуе дасягнуць сваёй мэты праз скупку беларускіх гаспадарчых аб’ектаў і ўвядзенне ў «саюзнай дзяржаве» расійскага рубля ў якасці адзінай валюты. Для расійскіх паліттэхнолагаў пошук паслухмянага кандыдата на пасаду беларускага прэзідэнта – справа часу, грошай і стратэгіі.

У выніку саміту ў Празе, дзе Еўрасаюз і ЗША вырашалі разам і паасобку свае стратэгічныя і блізкія тактычныя мэты, у фармаце міжнароднага статусу Беларусь перайшла ў новую якасць – стала «новым блізкім суседам» ЕС разам з Расіяй (Калінінград), Украінай і Малдовай.

У старых і новых членаў ЕС пакуль няма агульных падыходаў у дачыненні да Беларусі. Адны схільныя будаваць адзінае «ўсходняе вымярэнне» для новых суседзяў, іншыя – за дыферэнцыйны падыход. Праўдападобна, што погляд на беларускае пытанне збліжае пазіцыі ЗША, Польшчы, прыбалтыйскіх дзяржаваў, Чэхіі і некаторых іншых краінаў, якія дапускаюць мэтазгоднасць вываду Беларусі з-пад непасрэднага ўплыву Расіі.

У якасці прыкладу такога падыходу можна назваць канцэпцыю Міністэрства замежных справаў Польшчы, выкладзеную ў неафіцыйным праекце (non paper), дзе дачыненні з кожнай краінай прапануецца будаваць у «звязаных рамках» (within a coherent framework) з улікам ранейшых сувязяў краінаў, аднак паводле індывідуальных планаў у залежнасці ад хуткасці і зместу трансфармацыяў у саміх краінах.

Ілюстрацыяй балтыйскага (літоўскага) погляду на будучыню Беларусі ёсць пасаж д-ра Вітаўтаса Раджвіласа (Institute of International Relations and Political Science, Vilnius University) у артыкуле «Канцэпцыя пашыранай Еўропы: праблемы і перспектывы» (Канферэнцыя ў Вільні 24–26.01.2003 г.): «...Патэнцыйны магчымы саюз Беларусі і Расіі не можа разглядацца як аналагічны праектам Еўрапейскага Саюзу перш за ўсё таму, што такі Саюз будзе заснаваны не на свабодна выяўленай палітычнай волі, а на валюнтарысцкіх дамоўленасцях паміж уладнымі элітамі. Непрадказальная рэакцыя беларусаў на стварэнне такога Саюзу можа паставіць Еўрапейскі Саюз перад сур’ёзнай палітычнай праблемай...»

З улікам сённяшніх тактычных інтарэсаў Францыя і Германія больш схільныя падтрымліваць адзіны «ўсходні падыход», які вельмі задавальняе Расію. У адным тэлеінтэрв’ю, гаворачы пра палітыку Расіі ў адносінах суседзяў з СНГ і Германіяй, старшыня камісіі па замежных справах расійскай Думы сп. Рагозін цынічна заявіў: «На сённяшні нашы адносіны з Германіяй настолькі добрыя, што ў гэтым пытанні ўсё, што добра нам, – добра і Германіі...». (Украінскія палітыкі публічна не пагаджаюцца з канцэпцыяй «адзінага ўсходняга вымярэння», бо адчуваюць небяспеку за кампанію з Беларуссю завязнуць у расійскую залежнасць.) Вельмі паказальным прыкладам палітычнай інтэрпрэтацыі «стратэгічнага сяброўства» Германіі і Расіі можа быць пункт погляду вядомага германскага палітолага – на мой погляд, найлепшага знаўцы Беларусі – Хайнца Тымермана, аўтара брашуры «Супярэчлівыя дачыненні Расіі і Беларусі ў еўрапейскім кантэксце» (Heinz Timmermann, Die widersprüchlichen Beziehungen Rußland–Belarus im europäischen Kontext. SWP-Studie. Berlin, Oktober 2002).

Прызнаючы, што «да падзелу Польшчы ў канцы ХVІІІ стагоддзя Беларусь не была прыдаткам Расіі, а была безумоўна інтэграванай складовай часткай усходне-сярэднееўрапейскай культуры і гісторыі» (с. 8), характарызуючы лістападаўскі крызіс 1996 г. як «канстытуцыйны путч, які не выклікаў пярэчанняў з боку Расіі» і што «яна сама ўзяла ў ім закулісны ўдзел праз місію Чарнамырдзіна ў дні путчу» (c. 8), канстатуючы, што «...падчас выбараў ... пуцінская падрымка Лукашэнкі была моцна падважана шматлікімі візітамі расійскіх афіцыйных асобаў і расійскімі тэлекампаніямі» і што «Еўропа не прызнала вынікі выбараў з прычыны масавых маніпуляцыяў» (с. 20–21), што «на рэферэндуме 1995 г. грамадзяне Беларусі галасавалі за эканамічную, а не за палітычную інтэграцыю» (с. 9), паважаны аўтар тым не менш выказвае спадзяванне, што Пуцін як «расійскі мадэрнізатар» падставіць плячо будучай беларускай дэмакратыі. У заключным раздзеле (с. 35) д-р Тымерман даводзіць, што «Еўрапейскі Саюз стаіць перад цяжкай задачай – на базе незалежнасці Беларусі выпрацаваць такую канцэпцыю стасункаў, пры якой яна б цясней прывязвалася да ЕС, але ЕС адначасна з павагай ставіцца да інтарэсу Расіі быць у блізкіх дачыненнях з Беларуссю».

Пры вышэйпададзеных прызнаннях і канстатацыях цяжка паверыць, што аўтарскі аптымізм наконт беларускага суверэнітэту і «рэспекту» расійскіх інтарэсаў у стасунках Беларусі з віртуальных разважанняў можа спраўдзіцца ў рэальнасці. Ды і сам сп. Тымерман, падобна, не вельмі верыць у мажлівасць сваёй супярэчлівай мадэлі, бо бачыць у будучым Беларусь не як сябра еўрапейскай супольнасці, а толькі як «шарнірны мост» (eine Scharnierbrücke) паміж Расіяй і Захадам.

Макрааксіёмы з беларускага гледзішча

Не закранаючы бясспрэчных маральных страт з патрыятычнага пункту погляду – страта суверэнітэту і нацыянальнай ідэнтычасці, – назаву толькі адну жыццёвую небяспеку для кожнага жыхара Беларусі ў выпадку ўваходжання Беларусі ў склад Расіі.

Гэта небяспека – адсутнасць гарантыі стабільнага развіцця Расіі на неабсяжную будучыню. Справа тут не толькі ў мафіі ды нацыянальных канфліктах (яны самі – другасная з’ява), а ў культурна-дзяржаўным генатыпе Расіі, што застаецца нязменным цягам усёй ейнай шматвяковай гісторыі.

Карыстаючыся катэгорыямі публіцыста-гістарыясофа, гэтую небяспеку можна было б акрэсліць як культурна-эканамічны дзяржаўны генатып, у якім дамінуе мадэль свету з арыентацыяй на месіянскую экспансію, дзяржаўны генатып з імперска-патэрналісцкім тыпам стасункаў метраполіі з перыферыяй. У адрозненне ад Захаду Расія і цяпер працягвае існаваць пераважна за кошт прыроднай, як некаторыя кажуць, сучаснай «ясачнай рэнты» (нафта, газ, каляровыя металы і да т.п.), толькі павярхоўна эксплуатуючы свае велізарныя абшары. Вынік: заняпад перыферыі (праедзьце па Смаленшчыне, Калінінградскай вобласці, Далёкім Усходзе, тундры...) Гэтыя рэгіёны – мадэль будучыні для Беларусі ў выпадку чарговага «брацкага ўз’яднання».

З гледзішча сучаснага эканаміста, становішча Расіі вельмі хісткае. Яна робіць спробы інтэгравацца ва ўсясветную эканоміку (пры гэтым сустракае моцны супраціў развіццю высокіх тэхналогіяў збоку сыравінна-экспартных алігархаў) і фінансы, прызнана краінай з рынкавай эканомікай, павінна стаць сябрам Усясветнай гандлёвай арганізацыі.

ЗША – самадастатковая краіна, Еўропа аб’ядноўваецца, спадзеючыся такім чынам застрахавацца ад рызыкі святовых дэфолтаў, інфляцыі, эканамічных крызаў у супрацьвагу іншым рэгіянальным партнёрам, найперш ЗША.

Расія пакуль толькі прыстройваецца, шукае сваю нішу. Усе ейныя знешнепалітычныя поспехі, калі пра такія ўвогуле можна меркаваць, – могуць аказацца часовымі. Пры часовых разыходжаннях інтарэсаў сёння паміж ЗША і Еўропай гаварыць пра нейкія карэнныя разыходжанні не выпадае. Тое істотнае, на што ЗША і Еўропа патрацілі больш як 50 гадоў пасля 1945 г. – еўраатлантызм, – не можа так раптам знікнуць.

Незбалансаванасць сыравіннага (няхай сабе і стратэгічнага) і высокатэхналагічнага экспарту – галоўная небяспека гарантыі ўстойлівага развіцця Расіі. Паводле інфармацыі ўсясветных фінансавых інстытутаў толькі 2% сукупных грашовых сродкаў усіх дзяржаў свету ідуць непасрэдна на гандлёвыя аперацыі, а астатнія 98% – на прафесійныя фінансавыя спекуляцыі. Пры інкарпараванасці ў святовую фінансавую сістэму і моцнай залежнасці коштаў на экспартную сыравіну ад геапалітычнай кан’юнктуры Расія на сёння аказваецца абсалютна бездапаможным гульцом у фінансавых і эканамічных спаборніцтвах вялікіх дзяржаваў. Расіі паводле гістарычных абставінаў наканавана быць пакуль вялікай толькі паводле тэрыторыі, што непазбежна ўцягвае яе ў бясконцую бесперспектыўную гонку з вялікімі эканамічнымі дзяржавамі.

У гэтым сэнсе звязваць сябе з Расіяй моцнымі палітыка-эканамічнымі путамі на бліжэйшыя дзесяцігоддзі вельмі небяспечна. З пункту гледжання патрыёта – гэта амаральна. Расійская «блізкароднасная пасіянарнасць» непазбежна прывядзе да страты нашай нацыянальнай ідэнтычнасці і суверэнітэту. З пункту гледжання нават русафіла і абывацеля – некампетэнтна, бо няма гарантыяў ад дэфолтаў ды фінансавых крызаў. Як рэгіён з дастатковымі запасамі сыравіны Расія сама можа лягчэй ачуняць ад эканамічных катаклізмаў. Беларусі ж, будучы далучанай, наканавана дзесяцігоддзямі хварэць на посткрызісныя сіндромы.

Пры ўсіх складанасцях і рызыках еўрапейскі выбар больш надзейны, бо мае бясспрэчна больш аб’ектыўных гарантыяў стабільнасці – перш за ўсё, за кошт стабільнай структурызацыі грамадства і збалансаванага развіцця эканомікі.

Кампетэнцыя ў вялікім і малым

Наша маладая паліталогія пакуль, на жаль, не заўсёды заглядае за фасад чыста знешніх палітычных дэкларацыяў геапалітычных гульцоў. Мы часта «кампетэнтна» пераказваем чужыя пункты гледжання, нават калі яны носяць, як цяпер кажуць, піяраўскі характар. Праз гэта мы падсвядома, самі таго не жадаючы, становімся праамерыканскімі, прарасійскімі ці павярхоўна праеўрапейскімі.

Так, напрыклад, нашы каментатары паспяхова тыражуюць даволі прафесійную піяр-акцыю расійскай прапаганды праз «Беларускую газету» за 17 сакавіка 2003 г., у якой былы рэдактар «Независимой газеты», цяпер выкладчык МГИМО і палітолаг Виталий Третьяков (ён вядзе на расійскім дзяржаўным канале Культура палітычную перадачу «Что делать?») вальяжна-дасведчана распаўсюджвае «канфідэнцыйныя» звесткі пра дамоўленасць ЗША і Расіі, што апошняя атрымлівае карт-бланш на апекаванне ўсім СНД і, натуральна, Беларуссю: «...Коль скоро в мире есть главная сила, мировой жандарм, лучше, чтобы дружеская Москва присматривала за Беларусью...»

Дачыненні ў трохкутніку ЗША – Расія – краіны СНД больш складаныя. Яны значна розняцца ад каардынатаў Еўропа – Расія – СНД (узгадайце хоць бы амерыканскія войскі ў Сярэдняй Азіі). Але ж недасведчаны беларус, праглынуўшы трацякоўскую «канфідэнцыйную» інфармацыю, мае шанец стаць яшчэ больш дэмаралізаваным у сваім змаганні за незалежнасць.

Ці іншы прыклад. Каментуючы пазіцыю Германіі і прычыны прызнання з боку ПА РЕ паўнамоцтваў лукашэнкаўскай палаты прадстаўнікоў, нашы каментатары ўзгадвалі пра ціск Расіі, працэдуру Асамблеі, супрацьамерыканскія настроі, але не заўважылі галоўнага: крызіс парламентарызму ў самой Германіі, зрастанне парламенту з выканаўчай уладай. Гэта своеасаблівае мазахізцкае самаапраўданне паводле Фрэйда. Бундэстаг не мог не легчы пад канцлера. Агульныя грахі абавязваюць.

У якасці ілюстрацыі да сказанага можна прывесці кароткі допіс былога Прэзідэнта ФРГ Рыхарда фон Вайцзэкера ў штотыднёвік «Die Zei»t за 13.02.2003 г. з нагоды 80-годдзя вядомага палітолога Вільгельма Геніса. Былы Прэзідэнт з павагай гаворыць пра «вечнага супраціўленца» парушэнням літары законаў, які змагаўся супраць зрастання Бундэстагу з бізнесам, фінансавых афераў кіруючых партыяў, зрастання ландтагаў з зямельнымі ўрадамі, прадажнасці судоў ды ўрадавых махінацыяў. Фон Вайцзэкер падкрэслівае большую незалежнасць і самастойнасць амерыканскай і швейцарскай парламенцкай сістэмаў у параўнанні з цяперашняй германскай.

З гэтага прыкладу дапытлівы назіральнік можа заўважыць пэўныя метамарфозы буйнапартыйнага парламентарызму ад ранняга этапу развіцця, калі ён паслужыў базай для стварэння сапраўды дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці, да пэўнай стагнацыі, – асабліва пры доўгім кіраванні адной партыяй.

Натуральна, што пра такія з’явы ў нямецкага сябра Шродэра не будуць гаварыць прыдворныя палітолагі сябра Пуціна, бо ён сам будуе паслухмяны парламент праз стварэнне праўрадавай партыі, якая ад нараджэння ўжо глыбока хворая на тую самую больку, што і забурэлыя сацыял-дэмакратычныя таварышы ў Бундэстагу.

Кантактуючы на неафіцыйным узроўні з прадстаўнікамі еўрапейскіх элітаў, трэба хоць бы прыблізна ўяўляць, што ад каго можна чакаць. Трэба пераходзіць з другаснай інфармацыйнай прасторы ў першасную, вывучаць партнёраў непасрэдна. Наша «прабеларускасць» у паліталогіі будзе палягаць у кампетэнтнасці на мікраўзроўні адносна нашых суседзяў і партнёраў. Іхныя мікраінтарэсы могуць стаць нашымі макраінтарэсамі. Тут кампетэнцыя выбару не заўсёды можа аказацца маральнай у дачыненні да трэцяга боку. Але ж такі лёс малых і сярэдніх краінаў – шукаць прагматычна сваю нішу, станавіцца часткай «сэндвіча» разам з сабе роўнымі паміж большымі партнёрамі і не прэтэндаваць на глабальную місію.

Добрым прыкладам такога падыходу ёсць пэўны «кампетэнтны еўраскептыцызм», які прыходзіць на змену «еўраэйфарыі» ў краінах, што стаяць на парозе агульнанацыянальных рэферэндумаў перад уступленнем у Еўрасаюз і спроба адначасова захоўваць прагматычныя стасункі з ЗША.

На макраўзроўні значная частка нашага насельніцтва ўжо гатовая эмацыйна зрабіць палітычны «еўравыбар» (сваё жыццё кепскае і прыклад Расіі не натхняе), але ж да еўрапейскіх штодзённых стандартаў – адлегласць даўжынёй на актыўнае жыццё цэлага пакалення. Дзяржавы, у той ці іншай ступені зацікаўленыя геапалітычна беларускім пытаннем, могуць будаваць сваю палітыку ў дачыненнях да нас, зыходзячы з прадказальнасці нашых паводзінаў. Ці стануць яны калі-небудзь не па-беларуску пасіянарнымі – пакажа будучыня. Чакаць засталося не так шмат.

Яшчэ колькі словаў пра светапоглядны выбар, так бы мовіць, «дзяржаўную тэалогію». Нашы прыхільнікі еўрапейскага выбару вельмі лёгка звязваюць гэтае паняцце ў адну сінтагму з выразам хрысціянскія каштоўнасці.

Але не ўсё так проста. Пра складанасці фармулёўкі светапогляднага выбару аб’яднанай Еўропы ў праекце агульнаеўрапейскай канстытуцыі мы чулі. Кіраўнік камісіі заходнееўрапеец Жыскар Д’Эстэн не можа даць рады: не пагаджаюцца члены камісіі на выраз «хрысціянскія каштоўнасці». І справа тут не толькі ў мільёнах мусульманаў, што аселі ў Еўропе. Еўрапейскія інтэлектуалы, не будучы традыцыйна ўцаркоўленымі, ўкладаюць розныя сэнсы ў гэты выраз.

Усялякае аб’яднанне нараджае патрэбу самаідэнтыфікавацца, нават калі яе да гэтага не было. Працэсы глабалізацыі служаць своеасаблівым каталізатарам. Шмат хто з нямецкіх ды французскіх інтэлектуалаў лічаць, што традыцыйнае старазапаветнае (ці нават больш: равініска-юдэйскае) ды і евангельскае разуменне дабра і зла не дае адказу на сённяшні выклік часу. Марцін Вальзэр, культавы нямецкі аўтар і інтэлектуал гаворыць: немцы праспалі тры стагоддзі і не зразумелі сваіх прарокаў Гётэ, Шылера, Гёльдэрліна, якія неслі ў сабе яшчэ дух старажытнай Грэцыі. Запазычанае хрысціянства ўмерцвіла аптымістычны грэцкі пачатак і збедніла нямецкі дух. Евангельскі Хрыстос-збаўца – гэта толькі сымбаль, а Хрыстос у цяпершчыне і ў прышласці ўвасабляецца ў геніях нацыянальнай культуры, перш за ўсё ў слове. Яго трэба толькі заўважыць. У гэтым, на думку некаторых «экстрэмальных пратэстантаў», інтэлектуалаў – антыглабалістаў схавана актуальнасць нацыянальнай ідэі. Гэта – не вядомы «вагнераўскі нацыяналізм», а пошук сучаснага містычнага досведу асабістага «Я», таямніца якога адкрываецца толькі ў выніку пагружэння ў слова, вобразы, мелас сваёй зямлі... Гэта – нешта накшталт новага антымонатэізму.

Тэза не новая і не бясспрэчная, але цікава, што яна зноў ажывае ў працэсе фармальнага яднання еўрапейцаў. Беларусам ёсць над чым падумаць.

Што будзе, калі?..

Эпохі вялікіх экспансіяў засталіся ў мінулым. Паводле вядомага назірання Р. Пайпса, у ХVІ–ХVІІ стст. свет назіраў, як Расія, падобна іншым «пасіянарыям» (паводле Л. Гумілёва), на працягу 150 гадоў штогод «прырошчвала» сваю тэрыторыю ў сярэднім на 35 тыс. кв. км (прыблізна велічыня адной сучаснай Галандыі, Беларусь – 207 тыс. кв. км). Тады вялікая тэрытарыяльная дзяльба побач з канфесійнай экспансіяй былі асноўным зместам гісторыі. Цяпер іншы час, іншая дзяльба, – дзяльба праз яднанні і звязы, цывілізацыйныя закалоты...

Што будзе, калі Расія на пачатку трэцяга тысячагоддзя намерыцца і здужае de jure «возвратить отторженное смутным временем перестройки на западных рубежах», як некалі Кацярына «отторженное возвратихъ» пасля падзелаў Рэчы Паспалітай? Пры ўсёй рахманасці і падатлівасці беларусаў на сёння, сапраўды, даволі цяжка прадбачыць усе вынікі магчымага юрыдычнага паглынання ўсё яшчэ «пасіянарнай» Расіяй беларускай – хай сабе і кволай – дзяржаўнасці.

Для самой Расіі адзіным прыемным вынікам будзе бадай толькі публічнае задавальненне ўласных імперскіх амбіцыяў, ды і то галоўным чынам для нутранога спажывання як піяр дзеля падвышэння рэйтынгу ўладнай эліты, напрыклад, падчас выбараў. Наблізіўшыся да межаў новых сяброў ЕС і павялічыўшы працягласць мяжы з Украінай, яна, напэўна ж, не ўздыме хвалю сяброўскіх пачуццяў з боку новых суседзяў, малых краін ЕС і ЗША. Хутчэй, наадварот.

Уключыўшы тумблер федэральнага патэрналізму, праз пэўны час Расія атрымае і ў беларускім рэгіёне букет традыцыйных праблем: старэнне гаспадарчай інфраструктуры, неплацяжы, супраціў новых рэгіянальных алігархаў і да т.п. Не выключаецца і ўзнікненне новай хвалі «сепаратызму заходняга характару» ўжо сумесна з Калінінградскай вобласцю. У Беларусі, безумоўна, узмацніцца апазіцыя маскоўскаму федэралізму, падмацаваная ўжо сярэдняй наменклатурай і прадпрымальнікамі. За гэты кошт будзе пашырана база нацыянальных культурна-гістарычных каштоўнасцяў. Новыя рынкавыя стасункі будуць, з аднаго боку, спрыяць шырокай русіфікацыі, з іншага (з улікам мафіёзнага лібералізму расійскага рынку і ўжо пэўным знаёмствам з заходнім бізнесам) – узбураць антырускія настроі.

Сацыяльная стабільнасць у вёсцы парушыцца яшчэ больш, заходні замок на вайсковай мяжы і мытні набудзе тыповую мадэль дзіравай перыферыі ў небе і на зямлі , як тое мае месца ва Усурыйску ці на Камчатцы.

Расійскія алігархі могуць патаўсцець, набыўшы колькі стратэгічна важных беларускіх гаспадарчых аб’ектаў. Але ж гэта яшчэ не значыць, што прыбытак пацячэ ў расійскую скарбніцу. З іншага боку, беспрацоўе ад санацыі буйных прадпрыемстваў замежным уласнікам – заўсёда сацыяльна і палітычна больш небяспечнае, чым пры сваім «родным» рэфарматары.

І самае апошняе: пра беларускую еўраэйфарыю і беларускіх еўраскептыкаў. Паводле розных сацыялагічных апытанняў летам 2003 г. больш за 60% беларускіх грамадзянаў былі гатовыя жыць у ЕС і жыць у добрасуседстве з Расіяй. Гэта нават большая еўрапрыхільнасць, чым у некаторых афіцыйных кандыдатаў і «аплікантаў» з новых прэтэндэнтаў на членства ў ЕС. Гэта ў значнай ступені ад няведання і ўсведамлення ўласнай нэндзы: у нас дрэнна, у Расіі – таксама, у Еўропе будзе добра («Нават на «сацыял» можна добра жыць!). Трэба прызнаць, што і такая прасунутая праслойка нашага насельніцтва, як прадпрымальнікі, даволі цьмяна ўяўляе еўрапейскую кухню гаспадарання, не гаворачы пра вяскоўцаў і рабочых дзяржаўных прадпрыемстваў. Нам больш вядомы дзікаваты ліберальны бізнес Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы і нават Злучаных Штатаў (праз заезджых эмігрантаў).

Мы вельмі далёкія ад «адстоенага», даволі бюракратычнага нямецкага ці, напрыклад, французскага прадпрымальніцтва. Мы не ўпісваемся зместам сваіх заняткаў і ладам жыцця ў еўрапейскую структуру быцця. Мы пакуль – еўрарамантыкі. Трэба ведаць, што еўрапейская (брусельская!) бюракратыя і крадзе, і бярэ хабар, і хварэе больш не на пратэстанцкую працоўную аскезу, а на здаровы сучасны геданізм (віно і сябры не толькі на week-end!). Рызыка для краіны ўвайсці ў новы фарватэр існавання яшчэ большая, чым для асобнага чалавека ці сям’і.

Але ў Еўропе ёсць шанс захавацца сярод роўных сярэдніх і малых і не страціць сваю ідэнтычнасць. У складзе Расіі гэтага не атрымаецца. Рызыка еўрапейскага выбару будзе для нас заўсёды рэнтабельная.