Філаматы

Бюлетэнь Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання Таварыства аматараў ведаў (філаматаў)

4 (7)


Паважаны чытач!

Нумар, які вы трымаеце ў руках, амаль цалкам прысьвечаны надзвычай актуальнаму пытаньню – пэрспэктыве ўваходжаньня Беларусі ў сям’ю свабодных краінаў Эўропы. У афіцыйных СМІ бясконца мусіруецца тэма г. зв. інтэграцыі з Расіяй але, па вялікім рахунку, Беларусь ня мае іншай гістарычнай пэрспэктывы, акрамя вяртаньня ў Эўропу.

Тэма артыкулу вядомага палітолага В. Карбалевіча яшчэ больш шырокая. Ён аналізуе сёньняшні стан дачыненьняў з РФ, унутрыпалітычнае жыцьцё і “новы нацыяналізм” А. Лукашэнкі. Галоўнай ідэяй першай часткі артыкулу ёсьць перамена ў інтэграцыйных захадах кіраўніцтва Расійскай Фэдэрацыі. Палітычныя матывы яўна саступаюць месца эканамічным. На першы плян выходзіць праблема пераходу Беларусі на расійскі рубель. А. Лукашэнка разумее, што гэта вядзе да страты незалежнасьці, і пакуль ухіляецца ад небяспечнага кроку.

Вельмі цікавы аналіз унутрыпалітычнай сытуацыі. Рэйтынг прэзыдэнта рэзка панізіўся, але ў рэжыма яшчэ хапае сілаў для нэйтралізацыі захадаў апазыцыі. З аднаго боку, зьнізіліся актыўнасьць "вуліцы". Зь іншага – аслабла падтрымка апазыцыі дэмакратычным Захадам. На першы плян выйшлі сацыяльна-эканамічныя праблемы. Вырашаць іх для дзеючага рэжыму ня так проста, як змагацца з нутранымі ворагамі. Шукаючы новыя сродкі для падтрымкі ўлады, А. Лукашэнка зьвярнуўся да ідэалёгіі.

Складнікам дзяржаўнай ідэалёгіі і стаў “новы нацыяналізм”. Аналіз гэтай зьявы цікавы, але не беспамылковы. Так, паводле савецкай завядзёнкі аўтар прыпісвае нацыяналізму нацыянальную выключнасьць і пошук ворагаў. Гэтыя рысы ўласьцівыя крайнім формам нацыяналізму – вялікадзяржаўнаму шавінізму і нацыянал-сацыялізму. Замяніце тэрмін “новы нацыяналізм” гэтымі вызначэньнямі, і ўсё стане на месца.

Тры наступныя артыкулы разьвіваюць эўрапейскую тэматыку. Старшыня камісіі па замежных справах ВС 12-га скліканьня й амбасадар РБ у Германіі ў 1992—1994 гг. П. Садоўскі аналізуе стан Беларусі паміж Расіяй і Захадам і робіць неабвержны вынік. “У Эўропе ёсьць шанс захавацца сярод роўных сярэдніх і малых і ня страціць сваю ідэнтычнасьць. У складзе Расіі гэтага не атрымаецца”.

Былы намесьнік міністра замежных справаў РБ А. Саньнікаў прааналізаваў развіцьцё адносінаў Беларусі з эўрапейскімі і эўраатлантычнымі структурамі і іх заняпад пасьля прыходу да ўлады А. Лукашэкі. Жорстка крытыкуе ён лозунг “Разам з Расіяй у Эўропу”, папулярны сярод пэўнай часткі дэмакратычнай апазыцыі. Адзначаючы рост папулярнасьці праэўрапейскіх настрояў у краіне, Саньнікаў папярэджвае аб неабходнасьці пераменаў у міжнароднай палітыцы на дзяржаўным узроўні.

Гэтую ж думку разьвівае А. Фёдараў. Але акцэнт ён робіць на тых намаганьнях, якія павінны зрабіць шараговыя грамадзяне, каб заклік “Беларусь у Эўропу!” быў рэалізаваны.

Артыкул дэпутата ВС 13-га скліканьня Л. Гразновай аналізуе эканамічныя праблемы на шляху Беларусі ў Эўропу.

Да гэтых артыкулаў стасуецца і артыкул прафэсара Ю. Хадыкі, у якім разглядаюцца гістарычныя карані беларускага мэнталітэту як мэнталітэту эўрапейскага.

Артыкулы доктара фізыка-матэматычных навук В. Філіпава і кандыдата гістарычных навук В. Голубева асвьятляюць некаторыя старонкі гісторыі культуры Беларусі. Прачытаць іх будзе карысна ўсім сябрам Таварыства Філаматаў.