FIDES ET RATIO

Энцыкліка Святога Айца

Ян Павел ІІ


ІІ РАЗДЗЕЛ. CREDO UT INTELLEGAM

«Мудрасць усё ведае і ўсё разумее» (Мдр 9, 11) [16-20]
«Набывай мудрасць, набывай разважнасць» (Прып 4, 5) [21-23]

16. Ужо ў Святым Пісанні знаходзім надзіва дакладныя прадбачанні, якія сведчаць пра глыбокую сувязь паміж пазнаннем веры і пазнаннем розуму. Гэта пацвярджаюць перадусім Кнігі Мудрасці. Вольнае ад прадузятасці чытанне гэтых старонак Пісання вельмі выразна тлумачыць нам, што ў тэкстах адлюстравана не толькі вера Ізраэля, але таксама цывілізацыйны даробак неіснуючых ужо культураў. Здаецца, што ў сілу якогась асаблівага замыслу мы зноў чуем тут галасы Егіпту і Месапатаміі, а таксама, што пэўныя агульныя элементы культураў старажытнага Усходу вяртаюцца да жыцця на гэтых старонках, багатых надзвычай глыбокімі інтуіцыямі.

Невыпадкова святы аўтар, што прагне паказаць вобраз мудраца, апісвае яго як чалавека, які любіць праўду і шукае яе: «Шчаслівы муж, які практыкуецца ў мудрасці і які раіцца са сваім розумам, што разважае над яе ўтоенымі справамі. Выйдзі за ёю як пераследнік і на дарогах яе падрыхтуй засаду! Хто заглядваць будзе ў яе вокны, хто падслухоўвае пад яе дзвярыма, хто паселіцца каля яе дому і ўваб'е калок у яе сцены, хто раскіне свой шацёр у яе пры боку - той зойме месца ў шчаслівым жытле, паставіць дзяцей сваіх пад яе дахам і пад яе галінамі прабываць будзе. Яна заслоніць яго ад спёкі і адпачываць ён будзе ў яе хвале» (Сыр 14, 20-27).

Як бачым, паводле натхнёнага аўтара, прага пазнання - гэта агульная рыса ўсіх людзей. Дзякуючы розуму яна дадзена ўсім - як веруючым, так і няверуючым - магчымасць «чэрпаць з глыбокай крыніцы» пазнання (пар. Прып 20, 5). Зразумела, у старажытным Ізраэлі пазнанне свету і яго з'яваў не адбывалася праз абстракцыю, у якой рабілі поспехі іанічныя філосафы альбо егіпецкія мудрацы. Тым больш і верны ізраэліт не разумеў пазнання ў катэгорыях, уласцівых сучаснай эпосе, якая рашуча імкнецца да падзелу пазнання на дысцыпліны. Нягледзячы на гэта, біблійны свет унёс у вялікую скарбніцу тэорыі пазнання свой арыгінальны ўклад.

У чым ён заключаецца? Рыса, якая вылучае біблійны тэкст, - гэта перакананасць, што існуе глыбокая і непарыўная еднасць паміж пазнаннем розуму і пазнаннем веры. Свет і тое, што ў ім адбываецца, а таксама гісторыя і розныя выпрабаванні ў жыцці народу - гэта рэаліі, якія трэба заўважаць, аналізаваць і ацэньваць пры дапамозе сродкаў, уласцівых розуму, аднак такім чынам, каб вера не была выключана з гэтага працэсу. Вера ўваходзіць не дзеля таго, каб пазбавіць розум аўтаноміі альбо абмежаваць прастору яго дзеяння, але дзеля таго, каб пераканаць чалавека, што ў гэтых падзеях аб'яўляецца і дзейнічае Бог Ізраэля. Таму глыбіннае пазнанне свету і гістарычных падзеяў немагчыма, калі чалавек не вызнае разам з тым веры ў Бога, які ў іх дзейнічае. Вера абвастрае ўнутраны зрок і адкрывае розум, дазваляючы яму ўбачыць у патоку падзеяў дзейсную прысутнасць Провіду. Знамянальныя тут словы з Кнігі Прыпавесцяў: «Сэрца чалавека абдумвае дарогу, але Пан умацоўвае крокі» (16, 9). Гэта значыць, што чалавек праз святло розуму здольны распазнаць сваю дарогу, але можа яе хутка прайсці, абмінуць перашкоды і дайсці да мэты, калі шчырым сэрцам прызнае, што ягоныя пошукі ўпісаны ў далягляд веры. Таму нельга раздзяліць веру і розум, не пазбавіўшы чалавека магчымасці правільнага пазнання самога сябе, свету і Бога.

17. Значыць, няма прычыны для якога б то ні было суперніцтва паміж розумам і вераю: гэтыя рэальнасці ўзаемапранікаюцца, але кожная мае ўласную прастору, у якой рэалізуецца. У гэтым кірунку нас зноў вядзе Кніга Прыпавесцяў, аўтар якой усклікае: «Хвала Бога - рэч утойваць, хвала каралёў - рэч даследваць» (25, 2). Паміж Богам і чалавекам (хоць кожны жыве ў сваім уласным свеце) існуе адзіная ў сваім родзе повязь узаемнасці. У Богу знаходзіцца пачатак усіх рэчаў, у Ім жыве паўната таямніцы, і ў гэтым Яго хвала; чалавек павінен даследваць розумам праўду, і ў гэтым заключаецца яго годнасць. Яшчэ адзін каменьчык да гэтай мазаікі дадае псальміст, калі ў малітве прамаўляе словы: «Якія ж важкія, о Божа, думкі Твае для мяне, ды якая вялікая безліч іх! Калі б захацеў я іх палічыць, дык іх больш, чым пяску. Я буджуся, і я йшчэ з Табою» (139 [138], 17-18). Прага пазнання такая вялікая і абуджае такую энергію, што людское сэрца, хоць і натыкаецца на непераадольную мяжу, тужыць па бясконцым багацці, схаваным па-за ёю, бо прадчувае, што ў ім - вычарпальны адказ на кожнае, дасюль нявырашанае, пытанне.

18. Таму можна сказаць, што сваім роздумам Ізраэль здолеў адкрыць розуму шлях да таямніцы. Дзякуючы Божаму аб'яўленню ён мог даследваць глыбіні, да якіх безвынікова спрабаваў дайсці розумам. Абапіраючыся на гэту глыбейшую форму пазнання, выбраны народ зразумеў, што розум павінен прытрымлівацца пэўных асноўных прынцыпаў, каб як найлепш выяўляць сваю прыроду. Першы прынцып заснаваны на прызнанні факта, што людское пазнанне - гэта няспынная вандроўка; другі даводзіць, што на гэты шлях не можа ступіць чалавек ганарлівы, які думае, што ўсім абавязаны ўласным дасягненням; трэці прынцып грунтуецца на «боязі Божай», якая наказвае розуму прызнаць нічым не абмежаваную трансцэндэнтнасць Бога, а разам з тым Яго правідчую любоў у кіраванні светам.

Калі чалавек не прытрымліваецца гэтых прынцыпаў, ён наражвае сябе на няўдачу і можа канчаткова апынуцца ў сітуацыі «дурня». Паводле Бібліі, такога роду дурнота нясе з сабою пагрозу для жыцця. Бо дурань падманвае сябе, што валодае шырокімі ведамі, але насамрэч не здольны засяродзіць увагі на істотных справах. Гэта не дазваляе яму ані навесці парадак ва ўласным мысленні (пар. Прып 1, 7), ані заняць адпаведную пазіцыю ў адносінах да самога сябе і самага блізкага атачэння. Калі ён урэшце прыходзіць да сцвярджэння, што «Бога няма» (пар. Пс 14 [13], 1), то адкрывае з усёю яснасцю, наколькі мізэрныя яго веды і як далёка яму яшчэ да поўнай праўды пра рэчы, пра іх паходжанне і прызначэнне.

19. Некаторыя важныя тэксты, якія праліваюць дадатковае святло на гэту праблему, знаходзім у Кнізе Мудрасці. Святы аўтар гаворыць у іх пра Бога, які дазваляе пазнаць Сябе таксама праз прыроду. У разуменні старажытных прыродазнаўчыя даследванні мелі шмат агульнага з філасофскім пазнаннем. Канстатаваўшы найперш, што дзякуючы розуму чалавек у стане пазнаць будову свету і сілы стыхіяў, «(...) гадавыя цыклы і размяшчэнне зорак, прыроду звяроў і схільнасці драпежніка» (7, 17. 19-20) - адным словам, здольны да філасофскага мыслення - біблійны тэкст робіць вельмі важны крок наперад. Прыгадваючы тэзу грэцкай філасофіі, да якой аўтар звяртаецца ў гэтым кантэксце, ён сцвярджае, што менавіта праз разумовае пазнанне прыроды можна дайсці да Створцы: «Бо ў велічы і харастве стварэнняў пазнаецца праз падабенства іх Створца» (Мдр 13, 5). Тут заўважана першая ступень Божага Аб'яўлення, г.зн. менавіта цудоўная «кніга прыроды»: прачытваючы яе пры дапамозе прыладаў, уласцівых чалавечаму розуму, можна дайсці да пазнання Створцы. Калі чалавек, нягледзячы на свой розум, не здольны распазнаць Бога як Створцу ўсяго, то прычынаю гэтага з'яўляецца не так недахоп сродкаў, як, хутчэй, перашкоды, узведзеныя яго вольнаю воляю і грахом.

20. У гэтай перспектыве неабходна ацаніць розум, аднак не трэба яго пераацэньваць. Пазнанне, здабытае праз яго, можа быць праўдзівае, але поўнае значэнне яно атрымлівае толькі тады, калі яго змест упісаны ў шырэйшы кантэкст веры. «Пан кіруе крокамі чалавека, як жа чалавек зразумеў бы ўласную дарогу?» (Прып 20, 24). Таму, паводле Старога Запавету, вера вызваляе розум, бо дазваляе яму дайсці спосабам, адпаведным яго ўласным прынцыпам, да прадмету пазнання і ўпісаць яго ў гэты найвышэйшы парадак рэчаў, у якім усё набывае сэнс. Адным словам, чалавек пры дапамозе розуму даходзіць да праўды, бо, асвечаны вераю, адкрывае глыбокі сэнс усіх рэчаў, а асабліва - уласнага існавання. Таму святы аўтар слушна бачыць крыніцу сапраўднага пазнання менавіта ў боязі Божай: «Асноваю пазнання ёсць боязь Божая» (Прып 1, 7; пар. Сыр 1, 14).

«Набывай мудрасць, набывай развагу» (Прып 4, 5)

21. У разуменні Старога Запавету пазнанне не абапіраецца выключна на ўважлівае назіранне за чалавекам, светам і гісторыяй, але заяўляе пра існаванне пэўнай абавязковай сувязі з вераю і з сутнасцю Аб'яўлення. Тут утойваюцца выклікі, якія выбраны народ павінен быў прыняць і на якія ён адказаў. Разважаючы над сваім станам, чалавек у Бібліі адкрыў, што здолее зразумець самога сябе толькі як істоту ў стасунках з сабою, з народам, са светам, з Богам. Гэта адкрытасць на таямніцу, указаную яму праз Аб'яўленне, сталася для яго ўрэшце крыніцаю сапраўднага пазнання, якое дазволіла ягонаму розуму пранікнуць у прастору бясконцасці і праз гэта атрымаць новыя, неспадзяваныя дасюль, магчымасці разумення.

Прыкладваючы намаганні для пошуку, святы аўтар спазнаў таксама цяжкасці барацьбы з абмежаванасцямі розуму. Мы бачым гэта, напрыклад, у словах, якімі Кніга Прыпавесцяў паказвае стомленасць чалавека, што спрабуе зразумець таемныя Божыя замыслы (пар. 30, 1-6). Аднак, нягледзячы на стому, веруючы не паддаецца. Сілу для далейшага імкнення да праўды ён чэрпае з пераканання, што Бог стварыў яго як «даследчыка» (пар. Экл 1, 13). Яго місія заключаецца ў тым, што, нягледзячы на пастаянную спакусу сумнення, ён не пакідае недаследаваных сцежак. Знаходзячы апірышча ў Богу, ён заўсёды і ўсюды скіраваны на прыгожае, добрае і праўдзівае.

22. У першым раздзеле Ліста да Рымлянаў св. Павел дапамагае нам ясней убачыць, якія ўдумлівыя развагі адлюстраваны ў Кнігах мудрасці. Паслугуючыся звычайнаю моваю, Апостал прыводзіць філасофскую выснову, у якой выяўляе глыбокую праўду: назіранне створанай рэчаіснасці «вачыма розуму» можа прывесці да пазнання Бога, бо праз стварэнні Ён дае розуму ўяўленне пра сваю «магутнасць» і «Боскасць» (пар. Рым 1, 20). У гэтым выяўляецца прызнанне таго, што людскі розум валодае здольнасцю, якая, можа, нямногім пераўзыходзіць яго ўласную натуральную абмежаванасць: яна не толькі замкнута ў сферы пачуццёвага пазнання, бо здольна да яе крытычнага аналізу, але, аналізуючы пачуццёвыя дадзеныя, можа таксама дайсці да прычыны, з якой бярэ пачатак усялякая, даступная для ўспрымання рэчаіснасць. Філасофскаю моваю можна было б сказаць, што гэты важны Паўлаў тэкст пацвярджае, што чалавек мае здольнасць метафізічнага разумення.

Паводле Апостала, па першапачатковым творчым замысле розум павінен мець здольнасць свабодна перакрочваць межы пачуццёвага вопыту і сягаць да найглыбейшай крыніцы ўсяго: да Створцы. У выніку непаслушэнства, праз якое чалавек пастанавіў даць сабе поўную і абсалютную аўтаномію ў адносінах да Таго, Хто яго стварыў, ён страціў гэтую здольнасць сягаць розумам да Бога Створцы.

Кніга Быцця вобразна апісвае гэту сітуацыю чалавека, апавядаючы, што Бог змясціў яго ў садзе Эдэмскім, пасярод якога расло «дрэва пазнання дабра і зла» (пар. 2, 17). Значэнне гэтага сімвалу зразумелае: чалавек не быў у стане самастойна распазнаць і разважыць, што ёсць дабро, а што - зло, але павінен быў кіравацца найвышэйшым прынцыпам. Сляпая пыха спарадзіла ў нашых прабацьках памылковае перакананне, што яны незалежныя і самастойныя, а таму могуць абысціся без ведаў, якія паходзяць ад Бога. Наступствы іх першапачатковага непаслушэнства закранулі ўсіх людзей, наносячы розуму раны, якія з тае хвіліны павінны былі стаць перашкодаю на дарозе да поўнай праўды. Людская здольнасць пазнання праўды была зацемненая ў выніку адвяртання ад Таго, Хто ёсць крыніцаю і пачаткам праўды. Таксама пра гэта гаворыць Апостал, указваючы, у якой вялікай ступені думкі чалавека ў выніку граху сталі «нікчэмнымі», а яго мысленне сказілася і вядзе да фальшу (пар. Рым 1, 21-22). Вочы розуму не маглі ўжо бачыць ясна: паступова розум стаўся вязнем самога сябе. Прыйсце Хрыста было збавеннаю падзеяй, бо вызваліла розум ад ягонай слабасці, разрываючы кайданы, у якія ён сам сябе закаваў.

23. Таму адносіны хрысціяніна да філасофіі вымагаюць удумлівага разумення. З Новага Запавету, асабліва з Паўлавых Лістоў, вельмі выразна вынікае адна праўда: супрацьстаянне паміж «мудрасцю гэтага свету» і мудрасцю Божаю, аб'яўленаю ў Езусе Хрысце. Глыбіня аб'яўленай мудрасці разрывае цеснае кола мысліцельных схемаў, да якіх мы прызвычаіліся, але якія абсалютна не ў стане належным чынам яе перадаць.

Гэта дылема з усёю вастрынёю паказана на пачатку Першага Ліста да Карынцянаў. Укрыжаванне Сына Божага - гістарычная падзея, аб якую разбіваюцца ўсе спробы розуму выбудаваць (на глебе людскіх аргументаў) дастатковае абгрунтаванне сэнсу існавання. Вузлавою праблемаю, якая з'яўляецца выклікам для кожнай філасофіі, ёсць смерць Езуса Хрыста на крыжы. Бо тут усялякая спроба звесці збаўчы план Айца да катэгорыі толькі людской логікі павінна скончыцца няўдачаю. «Дзе мудрэц? Дзе кніжнік? Дзе даследчык гэтага веку? Ці не ўчыніў Бог глупствам мудрасці гэтага свету?» (пар. 1 Кар 1, 20) - пытае з націскам Апостал. Каб магло здзейсніцца тое, чаго прагне Бог, недастаткова ўжо самой мудрасці людскіх мудрацоў, але абавязкова трэба рашуча адкрыцца на прыняцце радыкальна новай рэчаіснасці: «Бог выбраў дурноту свету, каб асароміць мудрых (...); і бязроднае свету, і пагарджанае, і неістотнае выбраў Бог, каб знішчыць істотнае» (1 Кар 1, 27-28). Людская мудрасць не хоча прызнаць, што ў яе ўласнай слабасці - умова яе моцы, але святы Павел не вагаецца, каб сказаць: «Калі я слабы, тады - дужы» (2 Кар 12, 10). Чалавек не здольны зразумець, якім чынам смерць можа быць крыніцаю жыцця і любові, аднак Бог выбраў менавіта тое, што розум лічыць «вар'яцтвам» і «спакусаю», каб аб'явіць таямніцу свайго плану збаўлення. Паслугуючыся моваю сучасных яму філосафаў, Павел дасягае вяршыні свайго навучання і парадоксу, які жадае паказаць: «Бог выбраў менавіта тое, што, паводле свету, ёсць неістотнае, каб знішчыць істотнае». Каб выказаць бескарыслівасць любові, аб'яўленай у Крыжы Хрыста, Апостал не баіцца выкарыстаць найбольш радыкальныя вы разы, якія ўжывалі філосафы ў сваіх развагах пра Бога. Розум не можа так зрабіць, што страціць сэнс таямніцы любові, сімвалам якой ёсць Крыж; тым часам Крыж можа даць розуму канчатковы адказ, якога той шукае. Не мудрасць слоў, але Слова Мудрасці ёсць тым, на што святы Павел указвае як на крытэрый праўды, а тым самым - збаўлення.

Таму мудрасць Крыжа перакрочвае ўсе культурніцкія межы, якія можна ёй навязаць, і наказвае адкрыцца на паўсюднасць заключанай у ёй праўды. Які ж выклік кінуты тут нашаму розуму і якую ж карысць можа ён атрымаць, калі яго прыме! Філасофія нават уласнымі сіламі здольная заўважыць, што чалавек пастаянна пераўзыходзіць самога сябе ў імкненні да праўды, тым часам з дапамогаю веры можа адкрыцца на «вар'яцтва» Крыжа і прыняць яго як слушную крытыку тых, хто памылкова мяркуе, што авалодаў праўдаю, хоць увязніў яе на плыткасці сваёй сістэмы. Пасланне Хрыста ўкрыжаванага і ўваскрослага - гэта рыф, аб які можа разбіцца повязь веры і філасофіі, але па-за якою адкрываецца бязмежны акіян праўды. Тут выразна выяўляецца мяжа паміж розумам і вераю, але таксама дакладна акрэсліваецца абшар, на якім яны могуць сустрэцца.