Памяць і самасьвядомасьць

Ян Павел ІІ


1. Mysterium iniquitatis: Суіснаванне дабра і зла

Пасля краху дзвюх магутных таталітарных сістэмаў – нацызму ў Германіі і камуністычнага «рэальнага сацыялізму» ў Савецкім Саюзе, – якія навіслі над цэлым ХХ стагоддзем і нясуць адказнасць за безліч злачынстваў, здаецца, прыйшоў час паразважаць над іх прыродаю, наступствамі і асабліва над іх значэннем у гісторыі чалавецтва. Святы Айцец, скажыце, калі ласка, як трэба разумець сэнс гэтага вялікага «выбуху» зла?

ХХ стагоддзе было ў нейкім сэнсе арэнаю нарастання гістарычных, а таксама ідэйных працэсаў, якія імкнуліся ў кірунку вялікага «выбуху» зла, але таксама было арэнаю іх пераадолення. А таму ці будзе слушным погляд на Еўропу толькі з боку зла, якое з’явілася ў яе сучаснай гісторыі? Ці не ёсць у гэтым нейкая аднабаковасць? Сучасная гісторыя Еўропы, пазначаная (асабліва на Захадзе) уплывамі Асветы, дала таксама шмат добрых пладоў. Гэта, у пэўнай ступені, адпавядае прыродзе зла так, як яе вызначае, адпаведна трактоўцы св. Аўгустына, св. Тамаш. Зло – гэта заўсёды брак, недахоп нейкага дабра, якое ў дадзеным быцці павінна знаходзіцца. Аднак яно ніколі не ёсць поўнаю адсутнасцю дабра. Якім чынам зло вырастае і развіваецца на здаровай глебе дабра, з’яўляецца ў пэўнай ступені таямніцаю. Таямніцаю ёсць таксама і тое дабро, якога зло не здолела знішчыць, якое развіваецца як быццам насуперак злу, прычым на той жа самай глебе. Прыгадваецца евангельская прыпавесць пра пшаніцу і кукаль (пар. Мц 13, 24–30). Калі слугі пытаюць гаспадара: «Хочаш, мы пойдзем выпалем яго [кукаль]?», ён адказвае вельмі ясна: «Не, каб выбіраючы кукаль, вы не павырывалі разам і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жанцам: збярыце найперш кукаль і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць; а пшаніцу вязіце ў гумно маё» (Мц 13, 29–30). У гэтым выпадку ўспамін пра жніво належыць да апошняй фазы гісторыі, да эсхаталогіі.

Можна сказаць, што гэтая прыпавесць з’яўляецца ключом для зразумення ўсяе гісторыі чалавека. У розныя эпохі і ў розным значэнні «пшаніца» расце разам з «кукалем», а «кукаль» – разам з «пшаніцаю». Гісторыя чалавецтва – гэта арэна суіснавання дабра і зла. Гэта азначае, што зло існуе побач з дабром, але таксама азначае, што дабро трывае побач са злом, расце як бы на той самай глебе людской натуры, бо натура не была знішчана, не стала цалкам нягоднаю, нягледзячы на першародны грэх. Яна захавала здольнасць да дабра, і гэта знайшло пацвярджэнне ў розных гістарычных эпохах.