Маргер

Драматычная опера ў трох актах


Пра Канстанціна Горскага

Канстанцін Горскі (13.06. 1859 – 31. 05. 1924) нарадзіўся ў Лідзе. Яго бацькі былі людзьмі адукаванымі, і ў іх доме часта гучала музыка. Запаветнай мараю бацькі было стварэнне сямейнага трыо, таму сваіх дзяцей Кіпрыян Горскі з маленства выхоўваў ігры на музычных інструментах. Па ўспамінах сучаснікаў, сястра Канстанціна Ядзвіга была цудоўнай музыкантшай – мела выдатныя піяністычныя здольнасці, а брат Ян стаў канцэртуючым віяланчэлістам.

Агульную адукацыю К. Горскі атрымаў у Віленскай філалагічнай гімназіі. Аднак, прага да музыкі была неадольнай, і пасля гімназіі ён паступіў У Варшаўскі музычны інстытут, дзе вучыўся ў выдатнага польскага скрыпача Апалінарыя Концкага. Пасля заканчэння вучобы ў Концкага К. Горскі паступіў у Пецярбургскую кансерваторыю ў клас знакамітага прафесара Леапольда Аўэра. Паралельна вучыўся ў класе кампазіцыі прафесара М. Рымскага-Корсакава. У 1881 годзе малады скрыпач бліскуча закончыў кансерваторыю са срэбным медалём і атрымаў дыплом на званне вольнага мастака.

Наступныя пяць гадоў К. Горскі працаваў у Саратаве і Пензе выкладчыкам па класе скрыпкі ў мясцовых аддзяленнях Рускага Музычнага Таварыства. У 1885 годзе па запрашэнні М. Іпалітава-Іванава працаваў канцэртмайстрам аркестра опернага тэатра ў Тыфлісе. У Тыфлісе ж адбылося знаёмства Горскага з П. І. Чайкоўскім, якое перарасло ў сяброўства. Апрача выканання абавязкаў канцэртмайстра опернага аркестра Горскі выступаў з канцэртамі як скрыпач-саліст, а таксама сур’ёзна займаўся выкладчыцкай дзейнасцю – некаторый час быў нават дырэктарам мясцовай музычнай школы. У Тыфлісе адбылося і першае выступленне музыканта ў якасці дырыжора. Новая выканальніцкая дысцыпліна захапіла яго цалкам, таму ў 1890 годзе К. Горскі без ваганняў прыняў запрашэнне з Харкава заняць пасаду дырыжора сімфанічнага аркестра.

У Харкаве К. Горскі развіў кіпучую дзейнасць: стварыў два хоры (свецкі і касцельны), якія рэгулярна выступалі з канцэртамі, а ў пачатку 1890-х гадоў яшчэ і смычковы квартэт, у якім выконваў партыю першай скрыпкі. Не кінуў ён і педагагічную справу. Буйнейшай падзеяй у музычным жыцці Харкава таго часу стала выкананне К. Горскім Скрыпічнага канцэрта П. Чайкоўскага пад кіраўніцтвам аўтара.

Першая сусветная вайна і расійскія рэвалюцыйныя падзеі “адмянілі” канцэрты, спынілі заняткі з вучнямі… Пры такіх абставінах у 1919 годзе К. Горскі стаў бежанцам і апынуўся ў Варшаве, дзе спачатку імкнуўся атрымаць пасаду выкладчыка ў кансерваторыі, але безвынікова. Бліскучы канцэртуючы скрыпач, каб не памерці з голаду, ён быў вымушаны зарабляць на жыццё ігрой паміж сеансамі ў варшаўскіх кінатэатрах “Калізей” і “Вадэвіль”.

Толькі ў 1922 годзе К. Горскі дамогся працы, дастойнай свайго музыкантскага ўзроўня – атрымаў месца канцэртмайстра аркестра Вялікага тэатра ў Познані. Там адбылася прэм’ера яго оперы “Маргер” (13. 01. 1927), аднак адбылася яна ўжо пасля смерці выдатнага скрыпача і кампазітара, – ён памёр 31 мая 1924 года.

Кампазітарская спадчына Канстанціна Горскага багатая і разнастайная. Ён аўтар шматлікіх скрыпічных мініяцюр (паланезаў, мазурак, канцэртных п’ес), 36-ці эцюдаў для скрыпкі, кадэнцыі да Скрыпічнага канцэрта Л. ван Бетховена, дзвюх мес (Es-dur, a-moll) для салістаў, хору і аркестра, Арганнай фантазіі, сімфанічных паэм “На Алімпе” і “Чарадзейны пярсцёнак”.

К. Горскі аўтар дзвюх опер: “За хлебам” (паводле навэлы Г. Сенкевіча) і “Маргер” на лібрэта В. В. Вальгера (паводле “Вешчага сну” У. Сыракомлі). Сюжэт апошняй пабудаваны на падставе падзей змагання Вялікага княства Літоўскага з Тэўтонскім ордэнам.

Вялікую ўвагу аддаваў кампазітар камерна-вакальнаму жанру. Усяго К. Горскім напісана болей за 100 рамансаў. У 1914-м годзе выйшаў з друку зборнік “12 песень на словы М. Канапніцкай, У. Сыракомлі, З. Дэмбіцкага і іншых”. Не выключана, што пад імем “і іншыя” хаваецца імя самаго К. Горскага, бо вядома, што на яго вершы пісалі свае творы польскія і нямецкія кампазітары. Угрунтаваныя на таленце і веданні літургічных традыцый, малітвы К. Горскага (творы для сольнага выканання ў суправаджэнні камернага інструментальнага складу) насычаныя ўзнёсласцю і боскай прыгажосцю дасягаюць узроўню шэдэўраў.