ЧАСТКА ПЕРШАЯ
1. НА ЛЯСНОЙ ДАРОЗЕ
Нібы празь сіта імжэў восеньскі дождж. Вячорны змрок паволі гусьцеў, зьліваючы ўвесь краявід у адну бяскшталтную масу. Шэрыя хмары зьвісалі зусім нізка й быццам зьліваліся зь зямлёй.
Адзінокі дуб на скрыжаваньні дарог нізка схіліў гальлё, нібы прыгнечаны цяжарам вісельніка, падвешанага гакам за рабрыну. Дзьве кароткія стралы тырчэлі ў сьпіне павешанага. Твар, абрамлены рудой барадой, перакошаны ад болю. Доўгія валасы раскудлачаныя, і на іх сьляды засохлай крыві, як і на ўсёй багатай і прыгожай вопратцы павешанага. Пустыя похвы мяча й некалькі ранаў на плячох і рукох — красамоўна казалі, што дорага прадаў ён сваё жыцьцё.
Цемра згушчалася, цяжка было што-небудзь разабраць навокал... Аднекуль здалёк пачулася воўчае выцьцё, пасьля адгукнулася бліжэй, і ўжо зусім блізка ад дубу пракрычэў пугач. Адразу за гэтым пачулася чвяканьне конскіх капытоў па гразі.
Коньнікі хутка набліжаліся да дубу — іх было два. Першы, у бліскучым панцыры, неяк няпэўна сядзеў у сядле, зьвесіўшы галаву, пакрытую шоламам зь пёрамі, на грудзі. Пры сядле напалову прыкрыты чорным плашчом быў відаць невялікі шчыт з залатым ярылавым крыжом і прыгожай срэбнай насечкай. Другі коньнік, таксама ў баявым панцыры, ехаў трохі адстаўшы й увесь час зь непакоем азіраўся, трымаючы лук са стралой напагатове.
Здалёк пачуўся зноў конскі тупат і гіканьне. Першы коньнік зморана ўзьняў галаву й сарваным голасам паклікаў свайго спадарожніка. Гутарылі нядоўга — драб у бліскучых латах пры дапамозе свайго сябры зьлез з каня й, абапершыся на меч, зірнуў на павешанага.
— Гані! — махнуў ён рукой.
— Бывай, ваявода! Беражы цябе Ўсемагутны! — пачуўся ўадказ стары й бразгатлівы голас.
Яшчэ раз зірнуўшы на павешанага, ваявода рушыў проста ўцемру, цяжка пераступаючы нагамі й абапіраючыся на меч. Адышоўшы некалькі крокаў ад дарогі, ён спыніўся й прыслухаўся: «Стары Бай ужо далёка, амаль не чуваць, затое плясканьне капытоў і гіканьне з другога боку былі ўжо зусім блізка». Ваявода асьцярожна, колькі дазвалялі сілы, рушыў далей, часта спыняючыся й пераводзячы дух. Рана ў левым баку балела й не давала супакою. Ад страты крыві ваявода аслаб на гэтулькі, што меч, які ён ужо ці раз хацеў зьмяніць празь ягоную лёгкасьць, цяпер падаваўся непамерна цяжкім. А бывала ў часе бяседаў ваявода жартуючы выпростваў конскую падкову. Лёгкі ветрык цяпер хістаў яго, бы кволую саломіну.
Ісьці робіцца ўсё цяжэй і цяжэй. Сталёвы панцыр цягне ўніз, шпоры чапляюцца за траву й карэньні, імгла засьцілае вочы... Ногі пачынаюць грузнуць і правальвацца, на меч ужо ня можна абаперціся — уперадзе балота... Але сьпераду чуцён няясны аднастайны гул. Гэты гул і цягне ваяводу да сябе, толькі гэты гул дае яму сілы, у соты раз зваліўшыся, падняцца й пасоўвацца наперад. Лес — гэта адзіны ратунак, і ваявода гэта добра ведае. Апошняя натуга — і густы цёмны лес зашамацеў над галавой.
З палёгкай уздыхнуўшы, ваявода выпрастаўся ва ўвесь рост— высокі, у дарагім узбраеньні, зь мячом у рукох, ён рашуча закрочыў наперад.
Некалькі крокаў у гушчар лесу — і ваявода ўжо ляжыць пад густой ялінкай, ухутаўшыся з галавою ў шырокі плашч і падклаўшы пад галаву баявыя рукавіцы. Ня першы раз даводзіцца яму так спаць і, як ён ведае, не апошні. Ня раз хадзіў ваявода здружынай Вялікага Князя й на крыжакоў, і на маскалёў, і на татараў, але гэтакага, што цяпер здарылася, ня бачыў ніколі. Будзе ён памятаць Ворсклу аж да скананьня: разьбілі татары князеву дружыну. Шмат там палегла драбаў слаўных, рыцараў чужаземных і князёў літоўскіх, але яшчэ больш нехрыстаў татарскіх. Ад іх крыві аж вада ў Ворскле чырвонаю зрабілася. Аднак не надарма змагаліся дружыньнікі літоўскія, не надарма палеглі яны на полі сечы: няхай і перамаглі там бусурманы, але не адважыліся ўсунуцца далей на землі Княства Літоўскага. Шмат каштавала хану гэтая сутычка зь Вітаўтам. Хан знясілеў і не адважыўся йсьці далей, толькі некаторыя ваеначальнікі татарскія зь невялікімі аддзеламі ўрываліся на землі літоўскія, несучы з сабою сьмерць, агонь і гвалт... Шмат чаго яшчэ перадумаў ваявода, але ўсё ж страта крыві й сілаў зрабілі сваё, заснуў ён, ня ведаючы, што ад самага пачатку яго пешай вандроўкі за ім сочаць некалькі пар пільных вачэй...
2. У СЛУЦКУ
Напружана маўчала замчышча. Сівыя муры вежаў і сьценаў з пагрозай паглядаюць навокал. Перадзамкавыя равы напоўненыя вадой, масты паднятыя, з муроў не сыходзіць варта. Дзясяткі вялікіх кашоў напоўненыя гадзюкамі, каб пры першай пагрозе выпусьціць іх у равы — гэта трохі страшней за пасткі й стрэлы. Удзельны князь Слуцкі са слаўнага роду Алелькаві чаў— у недалёкім мінулым вялікі зух і нястомны вершнік, азараз ужо стары й аслабелы, сівы як голуб — рашыў бараніць свой замак на той выпадак, калі Вялікі Князь будзе разьбіты татарамі. Князь чуў, што татараў ідзе незьлічоная колькасьць, што іх дасюль ня здолеў затрымаць ніхто. Але ўсё роўна даў загад падрыхтавацца да абароны, а пра схіленьне галавы перад ханам не хацеў і слухаць.
— Хто яшчэ запрапануе мне, князю Дрыгвіцкаму, скарыцца перад ханам і пакінуць у бядзе гаспадара нашага Вялікага Князя Літоўскага, таго галава будзе па татарскім звычаі тырчэць на канцы рацішча і будзе выстаўлена на ганьбу! — прамовіў князь перад сваёй невялікай дружынай, большую частку якой ён адправіў з ваяводам Фёдарам Грозаўскім на дапамогу Вітаўту.
Пярэчыць яму ніхто не адважваўся, ведалі: у старога слова— мур, сказаў — выканае. Вось каб быў ваявода Фёдар, то ён мог бы й пераканаць князя ў бессэнсоўнасьці такога супраціву — князь яго любіў і слухаў яго парадаў.
Тым часам князь загадаў напоўніць усе каморы збожжам. Нават некалькі пакояў аддаў пад харчовыя склады. Замкавы двор напоўніўся быдлам. Стары прадбачваў доўгую аблогу й рыхтаваўся не жартуючы. Яго голас быў чутны ўсюды, ён ведаў законы вайны й сілу голаду. Сам ня раз быў абложнікам і абложаным і навучыўся асьцярожнасьці ды прадбачлівасьці.
Ужо другі дзень імжыць дождж. Шэрая мгла засьцілае зямлю й неба. Вільгаць, халодная й непрыемная, пранікае ўсюды: за каўняры, пад плашчы, асядае расой на вусах і бародах дружыньнікаў, сьцякае па кажухах вартавых.
У невялікім Слуцку, абнесеным абароннымі валамі, жыцьцё замерла. Толькі ў кузьнях грукат малаткоў ды бразгат жалеза — народ рыхтуецца сустракаць няпрошаных гасьцей. Усё мужчынскае насельніцтва не выходзіць з хаты безь мяча, пернача ці баявой сякеры. Хлапчукі шныраць усюды, дзе можна раздабыць якую-небудзь зброю: стары меч без дзержака, зламаную дзіду, лук, а шмат хто зь іх ужо апрануўся ў старую прадзіраўленую й заржавелую кальчугу.
Раптам па брукаванай вуліцы зацокалі падковы. Усё што было жывога насьцярожылася, рукі ўхапіліся за зброю. Напружана глядзяць твары й з пасівелымі бародамі, і здаровыя вусатыя, і маладыя, і нават зусім яшчэ дзіцячыя тварыкі хлапчукоў -падлеткаў.
Праімчаўся чорны, як воран, конь у напрамку да замку, коньнік у баявым панцыры і на шчыце — ярылаў крыж...
— Свой! — выдыхнулі з палёгкай сотні грудзей.
Коньнік тым часам даскакаў да замкавых равоў. На вежы прабілі трывогу. Коньнік спыніўся супраць галоўнае вежы й стаў чакаць.
— Хто ты? І чаго хочаш? — прагучэў голас вартавога.
— Пярун і Вітаўт! — адказаў коньнік.
Загрымелі ланцугі, і мост паволі апусьціўся, акутая жалезнымі цьвікамі брама паднялася й прапусьціла коньніка ў скляпеністы праход вежы. Зьявіўся сам стары князь са сьвітай і загадаў коньніку падняць забрала й паказаць твар.
Коньнік завагаўся й прыдушаным голасам запытаўся:
— А не было б лепей, каб пакуль што толькі Ваша Княжая Міласьць ведалі, хто я?
Сьвіта зь недаверам пазірала то на князя, то на чужынца, некаторыя зь іх ухапіліся за мячы й шчыльней пасунуліся да князя, падазраючы пастку.
— Князь! Ня слухай яго! Не адсылай нас! — выступіў наперад адзін з прысутных драбаў. — Загадай лепей скруціць яму рукі й даведацца, хто ён такі!
— Ідзіце! Усе! — прагучэў загад.
Калі апошні з вояў выйшаў, коньнік саскочыў зь сядлайукленчыў перад князем.
— Княжа, прабач твайму халопу, што не зьлез з каня ў тваёй прысутнасьці ды зажадаў заставацца з тваёй Міласьцю сам на сам. Я — страмяны твайго ваяводы Фёдара Грозаўскага, — згэтымі словамі стары Бай зьняў шолам, і густыя сівыя валасы рассыпаліся па плячох, у яго вачох блішчэлі сьлёзы.
— Устань, верны халоп! Я бачу, ня з добрымі весткамі ты прыехаў. Бачу, у цябе пры сядле й шчыт ваяводы Фёдара, нададзены яму гаспадаром Вялікім Князем Вітаўтам. Дзе ваявода? Забіты? — голас князя дрыжэў.
— Не, княжа, жывы ваявода, але дзе Яго Сьветласьць, ня ведаю. Паранены ён, ня мог у сядле трымацца, а бусурманы даганялі, дык пайшоў ён напеша ў лес. Балазе цемра памагла. А я адцягнуў увагу бусурманскіх нехрыстаў на сябе. Але ненадоўга, як здох пада мною конь, перасеў я на ваяводавага, а яны, убачыўшы труп каня майго, зразумелі наш хітрык і адсталі. Мусіць, шукаць будуць ваяводу, не адыдзе ён далёка, цяжкую рану ў баку мае.
Князь выразным жэстам загадаў Баю ісьці зь ім, і абодва зьніклі за дзьвярыма ў княжыя пакоі.
Хутка ўвесь замак і места абляцела вестка: «Вялікі Князь даў бой татарам на рацэ Ворскле. Амаль уся вялікакняжая дружына палегла. Рэшткі прабіваюцца ў Полацак і заклікаюць народ па ўсёй Літве ў свае харугвы. Ганцы з гэтым клічам разьехаліся па ўсіх княствах і землях Літоўскіх. Але й татары пасьля гэтага пабоішча не наважваюцца ісьці далей».
У цэрквах загудзелі званы, захваляваўся народ, хутчэй загрымелі молаты ў кузьнях. Небясьпека адкрытая рэзала ў сэрца. «Што будзе далей? Што будзе?» — шаптаў кожны і з надзеяй зварочваў пагляд у бок замкавых вежаў.
Замак маўчаў. Сівы й грозны, ён ашчэрыўся зубцамі вежаў і муроў. Вартавыя, як цені, нячутнай хадой безупынна ўзад і ўперад пасоўваліся каля байніц. Нічога не ўдавала на тое, што ўзамку зараз віруе жыцьцё, як у мурашніку: сядлаюцца коні, апошні раз аглядаецца зброя і падымаюцца апошнія кухлі старога пеністага мёду...
Зь лязгатам апусьціўся мост, паднялася брама, пачулася цоканьне падкоў, і некалькі закутых у жалеза коньнікаў з доўгімі дзідамі вураганам вылецелі з замку.
Пранесьліся па бруку места, і на поўным скаку мінуўшы вартавую заставу, зьніклі ўва мгле...
3. У ЛЕСЕ
Ранішні халадок забраўся пад плашч. Ваявода расплюшчыў вочы і, не высоўваючы з-пад плашча галавы, прыслухаўся: усё ціха, толькі лес шапоча ды дробна шапоціць дождж. Сеў, разгледзеўся: нікога. Спалоханы птах пераляцеў з дрэва на дрэва, страсянуўшы з галінаў цэлы вадаспад кропляў. Ваявода ўзьняўся на ногі. Ад нязграбнага руху аціхлы боль у баку ўзнавіўся. Умыўся расой і, аглядаючыся па баках, з роспаччу прамовіў:
— Нікога! Адзін...
— Ты не адзін, ваявода! — пачуўся ззаду басісты голас. Фёдар крута павярнуўся й выхапіў меч — так нечакана пачуўся гэты голас, што нават не было часу зьмеркаваць, адкуль і ад каго ён паходзіць.
— Не сьпяшайся, Ваша Сьветласьць. Мы свае... — з гэтымі словамі з хмызу вылез малады дзяцюк і, шырака ўсьміхаючыся, пакланіўся. Круглы ўсьмешлівы твар, задраны нос, рабацінкі й раскудлачаныя, саламянага колеру валасы, што выбіліся з-пад ірванай заечай шапкі, зрабілі на ваяводу добрае ўражаньне. Ёнупіхнуў меч у похвы й лагодна запытаў:
— Ты хто такі, хлопча? Што ты тут робіш?
— А мы цябе пільнавалі... Доўга ты спаў. Нас тут шмат... Татары не здагналі твайго... твайго, ну, халопа. Яго конь здох, дык ён на тваім уцёк. Здагадаліся яны, што ты напеша павандраваў, але знайсьці ім цябе не ўдалося, дый каб і знайшлі, то нічога не ўчынілі б, бо мы не далі б. Далібог, не далі б... Ні ўжысьць...
— Ты, хлопча, скажы мне, як дабрацца адсюль да Слуцка? Конь мне патрэбны.
Дзяцюк задумаўся, часта міргаючы вачамі й пазіраючы дзесь у шэрае неба, потым, раптоўна схамянуўшыся, расплыўся зноў ва ўсьмешцы й зь вялікай павагай прамовіў:
— Ты, ваявода, запытайся ў Васіля, ён скажа!
— Што за Васіль такі?
— Ты Васіля ня ведаеш? — недаверліва працягнуў дзяцюк,— Капыльскага Васіля?
— Не, ня ведаю.
— Ня ведаеш... — ніяк ня мог пагадзіцца бядак. — Як жа так?.. — дасюль ён быў пэўны, што Васіля мусіць ведаць увесь сьвет. — Ну то я яго паклічу, — і, сагнуўшыся, палез у густыя хмызы.
Хутка дзяцюк вярнуўся, а за ім прыйшоў волатаўскага росту мужчына ў прыгожай тонкай кальчузе й зь цяжкім мячом пры баку. Глыбокі чырвоны рубец прабягаў па яго левай шчацэ й хаваўся ў кучаравай каштанавай бародцы. Высокі чысты лоб, разумныя спакойныя вочы й доўгія каштанавыя валасы здаліся ваяводу знаёмымі.
Мужчына нізка пакланіўся й, радасна ўсьміхнуўшыся, так, як усьміхаюцца толькі сваяку ці добраму прыяцелю, запытаўся:
— Не пазнаеш, ваявода? Памятаеш, як пяць гадоў таму мы разам біліся ў гаспадарскай дружыне супраць крыжакоў пад Вільняй? Мне тады немец сякерай па шоламу задзяліў. Цэлае забрала зьнёс і вось гэтую памятку пакінуў, — паказаў ён пальцам на рубец.
Перад вачыма Фёдара паплылі ўжо амаль забытыя малюнкі: здаровыя й рослыя жамойты, але бедныя й абарваныя, іхныя бажкі й гліняныя ідалы. Закутыя ў жалеза рыцары ў белых плашчах з чорным злавесным крыжам. Цяжкая коньніца гэтых рыцараў, што зьмятла на сваім шляху безабаронныя вёскі й гарады пад нудны й жудасны напеў зьмеепадобных фанфараў. Жамойцкія паслы, якія прыйшлі ў Полацак, каб прасіць ад Вялікага Князя дапамогі й абароны ад зьдзеку й гвалту гэтых рыцараў. Памятаў ваявода яшчэ й словы, сказаныя пасланцамі: «...не самі ад сябе просім, а ад жонак і дачок нашых, пазбаў іх, гаспадар Вялікі Княжа, ад зьдзекаў і сораму, чыненых ім рыцарамі зямлі Нямецкае... Ты — наш валадар, і да цябе зьвяртаемся мы. Заступі, не аддай нас на зьдзек ворагу твайму й нашаму...»
Пасьля гэтага хутка сустрэча з крыжакамі, грукат, лязгат жалеза, звон сталі, енкі й стогны, конскае ржаньне... Невялікага росту Вітаўт, заўсёды выперадзіўшы свой штандар і дружыну, яго белыя пёры на шоламе маячылі далёка ўперадзе... Масы рыцараў у белых плашчах насядаюць на гаспадара, іх плашчы трапечуцца, як сьнежная завіруха. Ваявода Фёдар першы заўважае небясьпеку й кідаецца туды. Яго меч як цяжкі кавальскі молат абрынаецца на галовы рыцараў-крыжакоў. Вось побач зь ім нехта таксама ўпарта тне — толькі кроў ды іскры пырскаюць з-пад мяча. Шэрагі крыжакоў прыкметна радзеюць, ужо й гаспадар заўважыў небясьпеку, ваявода з палёгкай уздыхае... Раптам цяжкая баявая сякера абрушваецца на галаву коньніка побач. Ваявода заўважае: палова шоламу адляцела, пырснула кроў, коньнік падае... Сеча скончылася, рэшткі крыжакоў уцякаюць, забыўшыся на свой гонар. Ваявода памалу прабіраецца да свайго шатра, навокал конскія й людзкія трупы, зброя, плашчы, кажухі... Каля шатра яго чакае высокі мужчына, паціскае моцна руку: «Ты, ваявода, выратаваў гаспадара Вялікага Князя!» — чуе ён поўныя шчырага захапленьня словы незнаёмца са сьвежай ранай на левай шчацэ — даўгія каштанавыя валасы, высокі лоб... Больш яго ваявода ня бачыў, хаця й стараўся знайсьці, але вось зараз ён тут. Фёдар радасна працягвае незнаёмцу руку:
— Як называць цябе, і якога рамяства ты чалавек?
— Клічуць мяне Васілём, па прозьвішчы Капыльскі. Бацька гандлем займаўся й мяне прывучыць хацеў, але не да смаку мне яно прыйшлося, і зьмяніў я бязьмен на меч. А зараз вось падаўся ў лес, не даюць нехрысты праклятыя жыцьця ніякага. Бацьку забілі, сястру закатавалі, другая сястра тут у лесе са мной, астарая маці зь бяды ды жалю нядаўна памерла, валадарства ёй нябеснае. Маёмасьць татарва расьцягнула, а хату спалілі. Хаваемся вось у лесе, вандруем ды чакаем, калі ўжо нарэшце гаспадар Вялікі Князь сапраўды землі свае ачысьціць.
— Ачысьціць, дай толькі яму новую дружыну сабраць. Навядзе ён парадак, пагоніць татарву, дый крыжакам трэба яшчэ прыпомніць, што ў Жамойці й пад Вільняй ня маюць яны чаго шукаць, хіба косткаў спарахнелых!
— Дай Бог!.. Хадзем, ваявода, паснедаеш ды абсушысься. Рану перамыць трэба. Чым гэта? — прамовіў Васіль, рассоўваючы хмызы.
— Учора напала купа татараў, счапіліся мы, я ды стары Бай— страмяны мой, а іх шасьцёра. Доўга ня бавіліся, паклалі іх усіх да аднаго, але новыя падасьпелі. Здаецца, з паўсотні. Завярнулі мы коні й ускакалі, але дагнала страла, якраз пад наплечнік улезла, ледзь выдзерлі яе зь мясам. Як зараз да Слуцку дабрацца, трэба там хоць з сотню вояў сабраць...
— Я маю паўсотні! Удалыя хлопцы, зубры! Бяры нас з сабой, ваявода, разам пойдзем. А, дабраўшыся да Слуцку, можа, ітам сотню зьбяром, дык ня сорамна будзе й перад Вялікім Князем стаць.
Празь некалькі крокаў сталі паказвацца буды, складзеныя зжэрдак і ламачча. Зь некаторых проста праз страху выходзіў дым. Прыемна пахла шафранам, смажаным мясам, гарачым хлебам.
Падышлі да невялічкае халупкі. Тонкі дымок віўся над яе саламянай страхой, усярэдзіне нешта шыпела й апэтытна патрэсквала. Васіль адчыніў дзьверы й спыніўся, прапускаючы ваяводу ўперад. Фёдар зрабіў крок праз парог, і раптам нешта моцна стукнула яго ў паранены бок, здалося — зь некім сутыкнуўся. Міжволі пахіснуўшыся, ён выцягнуў рукі й за кагось ухапіўся, каб ня ўпасьці. Са сьпіны яго падтрымаў Васіль. Упаўзмроку памяшканьня ваявода ня мог нічога разгледзець і моцна трымаў штось мяккае, трапяткое.
Паступова яго вочы прызвычаіліся да змроку, і ён убачыў, што трымае ў сваіх жалезных абдымках маладую дзяўчыну здоўгімі жоўтымі косамі. Шчокі яе аж гарэлі ад крыўды й сораму, яна вырывалася й выкручвалася як магла, але ня так гэта было латва. Разгледзеўшыся, у чым справа, ваявода вінавата апусьціў рукі. Дзяўчына ластаўкай выпырхнула з хаты, але Фёдар пасьпеў заўважыць яе надзвычайнае хараство, хаця простая й невыдумная вопратка не пасавала да яе прыгожай і шляхетнай постаці. Усё гэта адбылося так хутка й неспадзявана, што ваявода, загартаваны й адважны ў баі, тут разгубіўся й не здагадаўся ў першы момант папрасіць выбачэньня.
— Гэта мая сястра, — прамовіў Васіль, — сядай, ваявода, пасьнедаем чым Бог паслаў. — Ён высунуўся зь дзвярэй і загадна гукнуў:
— Марыля, дай нам з госьцем пасьнедаць!
— Зараз! Іду! — пачуўся ў адказ звонкі й прыемны голас.
З дапамогай Васіля ваявода скінуў цяжкі панцыр і, кусаючы ад болю вусны, прыняўся аддзіраць ад раны кашулю, набрынялую крывёй і прысохлую. Васіль рыхтаваў павязку, разьдзіра ючы на паскі кавалак тонкага палатна. Раптам за сьпінай Фёдара пачуўся зноў той самы звонкі голас, але зараз ён дрыжэў ібыў гатовы перайсьці ў плач:
— Што вы робіце? Ці ж можна так ад жывога мяса йрваць? Гэта ж баліць!
Фёдар азірнуўся. У яго за сьпінай стаяла Марыля, пужліва ўтаропіўшы вочы ў пачаўшую сачыцца з-пад кашулі кроў.
— Гэта нам не ў першыню, — адазваўся з кута Васіль. — Ад татарына лёгкія раны застаюцца, а вось немец дык дзірку дзіркай пакіне, хоць латку прышывай. Кажуць, і шкоты ня горш за немца сякерай лашчаць?..
Ваявода хацеў штось дадаць, як Марыля ўскрыкнула:
— О, Божа літасьцівы! Калі ўжо гэтыя няшчасьці ды войны скончацца?! — і яна глыбака ўздыхнула.
Тут толькі Фёдар зьвярнуў увагу на яе гнуткі стан і падумаў: «Сапраўдная князёўна!» Яго пагляд не схаваўся ад увагі Марылі. Яна ўспыхнула, як полымя, і, заліўшыся чырваньню, хацела выбегчы з памяшканьня, але, угледзеўшы, што ваявода зноў бярэцца за кашулю, ускрыкнула:
— Ня рвіце, Ваша Сьветласьць! Дазвольце я зраблю!..
— Ну зрабі, — пагадзіўся, невядома чаму радуючыся, ваявода і, адразу ж адвярнуўшыся да Васіля, прамовіў: — Загадай, каб таго павешанага зьнялі. Трэба ж яго пахаваць па хрысьціянскім звычаі... Хто ён такі, ня ведаеш?
— Здаецца, купец лацінскі, — адказаў той і выйшаў з хаты.
Марыля, між тым, абярнуўшыся каля вогнішча, падышла да ваяводы з чарапком цёплай вады. Асьцярожна прамываючы рану, яна адымала размоклую кашулю, ня робячы ніякага болю. Паступова вызваліўшы ад лахмоцьця ўвесь бок, яна прамыла загноеную крываточыну й памазала нейкай пахучай мазяй, якая бы агнём апякла скуру. Фёдар аж скрыпнуў зубамі.
— Гэтая мазь з жучкоў на вішнях робіцца, — выпрасталася Марыля. — Пасьля яе ўсякая рана загоіцца.
Але памылілася дзяўчына, ня ведала, што сьвежую рану дастаў ваявода, і ад гэтай раны няма лекаў, няма мазі — нават зказюркаў на вішнях...
— Зараз прынясуць яго, — паказаўся ў дзьвярах Васіль. Ёнмоўчкі прысеў на лаву й пачаў сачыць вачыма, як Марыля спрытна абмотвае павязкай магутную сьпіну госьця.
— А зараз прашу за стол, — папрасіла яна Фёдара, скончыўшы зь перавязкай. — Чым багаты, тым і рады. Але, здаецца, пастыла ўжо ўсё.
— Нічога, — усьміхнуўся Васіль. — Апэтыту нам не забракуе. Праўда, ваявода?
— Ды няма чаго грашыць, прагаладаўся...
На стале зьявілася патэльня смажанага сала й бліны. Мужчыны адразу ж наваліліся на ежу так, што Марыля не пасьпявала падносіць. А смачныя яны, сьвежыя блінцы, ды з хрусткай скваркай. Некаторы час было чуваць толькі смачнае хрумканьне — абодва не любілі размаўляць у часе ежы. Раптам яны насьцярожыліся: здалёк набліжаўся нейкі гуд і галасы. Набліжаўся ня хутка, але ўпэўнена. Ужо можна было адрозьніць паасобныя выгукі:
— ...На асіну!.. Жыўцом у зямлю!.. Бі яго!..
Ваявода й Васіль, схапіўшыся за мячы, як былі ў кашулях выскачылі з хаты.
Гоман, у якім адчувалася нестрыманая прага помсты, набліжаўся:
— ...Вяроўку!.. На першы сук!..
Усё насельніцтва ляснога паселішча павысыпала з халупаў і бегма, старыя й малыя, кінулася на крык. Ваявода запытальна зірнуў на Васіля, той паціснуў плячыма і ўголас дадаў:
— Зараз даведаемся.
З кустоў вываліла з гоманам і ровам юрба людзей і накіравалася да Васілёвай буды. Людзі размахвалі рукамі, сякерамі, палкамі. Ваявода ня мог дачакацца — калі яны ўжо наблізяцца. Ён заўважыў, што людзі кагосьці ці то вядуць, ці то цягнуць.
— Ціха! Што сталася? — закрычэў Васіль, калі разьюшаная юрба апынулася даволі блізка. — Бачыце, які ў нас госьць?.. Гаспадарскі ваявода!
Людзі змоўклі й паскідалі шапкі. Уперад выступіў той самы дзяцюк, што ноччу пільнаваў ваяводу.
— Ваявода, глядзі, што мы злавілі! — і ён пацягнуў за вяроўку, што трымаў у рукох. Людзі заварушыліся, прапускаючы кагось наперад. Перад вачамі Фёдара зьявіўся малады татарын з накінутай на шыю пятлёй. Рукі палоннага скручаныя матузамі за сьпінай, але ён трымае сябе як належыцца мужчыне й вою. Яго вузкія раскосыя вочы неспакойна перабягаюць з ваяводы на Васіля і назад. Нарэшце ён такі выбраў ваяводу і нешта залапатаў. Але хутка зразумеў, што яго не разумеюць, і змоўк. Прымружыўшы вочы, стаяў, нешта надумваючыся, і час ад часу паводзіў плячыма, намагаючыся аслабіць пятлю, што сціскала шыю.
Натоўп пачаў нецярпліва варушыцца. Пачуліся зноў выгукі:
— На асіну нехрыста паганага!.. Загадвай, ваявода! Мы яго хутка!.. З намі яны ня дужа гутараць, прывяжуць да конскага хваста _ і канец!.. Давай, ваявода!..
Фёдар тым часам моўчкі прыглядаўся да палоннага, які ўпарта нешта абдумваў: вопратка досыць прыгожая й дабраякас ная, пас ды похвы ад кінжалаў і шаблі ўпрыгожаныя срэбнай насечкай, вельмі тонкай і мудрагелістай. Саф'янавыя боты згострымі й загнутымі ўверх насамі вышытыя срэбрам — усё гаворыць аб радавітасьці й дастатку.
Гуд у натоўпе ўзрос у суцэльны роў, калі з кустоў выйшлі чатыры дзядзькі, несучы на самаробных ношах зьнятага з дубу вешальнік а.
— Ціха! — злосна гукнуў Васіль і зь нерашучасьцю зьвярнуўся да ваяводы: — Дык што зь ім зробім? Хіба, напраўду, адправім яго да прашчураў?..
— Гэта мы заўсёды пасьпеем зрабіць. Я хачу пагутарыць зьім.
Ношы паднесьлі да ваяводы й асьцярожна апусьцілі на мокрую траву. Запанавала гнятлівая цішыня. Толькі лес шумеў ды дробна шапацеў дождж. Цяжка дыхаючы, людзі паглядалі то на Фёдара, то на татарына, то на нябожчыка...
Татарын некалькі разоў азірнуўся наўкола і раптам, шырака раскрыўшы вочы, нешта зноў залапатаў з жахам і крыўдай. Ёнзразумеў, што яго абвінавачваюць у забойстве гэтага чалавека, але, згадаўшы, што яго не разумеюць, упаў на калені перад ношамі й тры разы ім пакланіўся, кратаючы іх ілбом. Потым, не падымаючыся з каленаў, павярнуўся да ваяводы, прыклаўся лбом да яго бота й адмоўна затрусіў галавой.
— Дзе вы яго злавілі? — зьдзіўлена спытаў Фёдар.
— Ды яно, калі па праўдзе казаць, дык і лавіць ня трэба было, — загаварылі наперабой дзецюкі, што хадзілі да дубу. — Як мы сталі набліжацца да дубу таго, што павешаны на ім вісеў, а гэты злазіць адтуль. З гальля, знацца. Як убачыў нас, дык адразу за шаблю ўхапіўся ды за нажы свае, але потым спалохаўся й пакідаў усё на зямлю. Ну мы яго й зьвязалі...
— А зараз разьвяжыце! — перабіў ваявода.
Натоўп прыціх, зьдзіўлена пераглядаючыся. Але ніхто не варухнуўся, каб выканаць загад.
— Я кажу разьвязаць яго! — паўтарыў спакойна ваявода.
Ніхто не зварухнуўся.
— Так, так. А Васіль казаў мне, што хочаце, каб узяў вас зсабой да Вялікага Князя. Добрыя, казаў, дружыньнікі будуць.— Фёдар абвёў паглядам прыціхлую гурму. — Дайце сюды яго зброю!
Са звонам пад ногі ваяводы зваліліся крывая шабля й два кінжалы. Татарын зьдзіўлена назіраў за Фёдарам, які моўчкі, але рашуча падняў адзін з кінжалаў, паспрабаваў пальцам лязо і раптам маланкавым рухам перарэзаў пятлю. Потым, перадаўшы кінжал Васілю, паказаў на рукі палоннага. Васіль адразу ж перарэзаў тугія вузлы, што моцна сьцягвалі локці татарына. Зудзячнасьцю зірнуў той на свайго збаўцу і, моцна прыціснуў шы рукі да грудзей, нізка нахіліў перад ім галаву.
Натоўп у нерухомасьці прыглядаўся да незразумелых паводзін ваяводы, ня ведаючы, чым вытлумачыць гэтакую літасьць. Ён жа сам толькі-што вырваўся са стралой у баку ад гэтых самых татараў. Адзіны чалавек, які зразумеў ваяводу, быў Васіль, і таму, не хістаючыся, перарэзаў матузы.
Зрабіўшы Васілю знак адысьці ўбок, Фёдар ціха прамовіў яму некалькі слоў і накіраваўся ў хату. Васіль, вярнуўшыся да ношаў, загадаў:
— Нябожчыка — абмыць і пахаваць! Татарына каб ня сьмелі зачапіць!.. Ваявода бярэ яго з сабой. Я еду таксама...
Па натоўпе прайшоў гул:
— А як мы?.. Мы таксама хочам да Вялікага Князя!..
— Можаце й вы, але ня з намі! Ваявода кажа, што лепей ехаць самому, чым зь непаслухмянай хеўрай баягузаў.
Натоўп загудзеў, закалыхаўся. Пачуліся абураныя выгукі:
— Хто хеўра баягузаў?.. Мы да гаспадара хочам!.. Мы не баягузы!.. Якім правам...
— Вы хеўра! Вы баягузы! — гнеўна ўскрыкнуў Васіль, рубец на яго шчацэ аж пабарвовеў. — Абяззброенага чалавека маглі зьвязаць! А калі ваявода загадаў разьвязаць, дык ні адзін нават не варухнуўся, не адважыўся! А зброю не маглі па-людзку падаць? У ногі пакідалі? Ганьба!.. А зараз пытаецеся, якім правам? Быдла! Такім правам, што ня хоча пэцкацца! Зразумелі?! — і, падняўшы зброю, што ляжала на траве, ён, не азіраючыся, пайшоў у сваю хату, клікнуўшы знакам татарына.
Прыціхлыя людзі праважалі іх вачыма, аж покуль яны не схаваліся за дзьвярыма...
* * *
З дапамогай знакаў, рухаў, маляваньня на земляной падлозе ваявода даведаўся ад татарына наступную гістрыю: «Бацьку Кірым-бея прывязалі да хваста дзікага каня й пусьцілі ўстэп— за тое, што, як думаў хан, ён утаіў вялікую частку падатку, узятага з маскоўскіх князёў. Усе багацьці й маёмасьць па праву спадчыны мусілі б перайсьці яму, Кірым-бею, але хан Эдыгей забраў усё: і коней, і наложніц, і скарбы. Яго ж самога выслаў на мяжу Княства Маскоўскага ваяваць Літву— гэта значыць, на сьмерць. Кірым-бей затаіў у сэрцы нянавісьць да хана. Скардзіўся самаму Цімуру Кульгаваму, але не дапамагло. Тады рашыўся і пры першай нагодзе адстаў ад свайго аддзелу, які ўглыбіўся ў пошуках здабычы на землі Літоўскія, і схаваўся на гэтым дубе. За гэтыя два дні нічога ня еў, бо да ўцёкаў не рыхтаваўся, усё неяк сталася само сабою. Бачыў, як учора купа ўзброеных людзей, на чале якіх быў рыцар ззалатымі шпорамі й арліным крылом на шоламе, падвезьлі да дубу паўжывога чалавека, усяго ў крыві. Загачылі яго гакам за рабрыну і, падвесіўшы на сук, стрэлілі ў яго два разы з татарскага лука. Добра, што надвор'е было пахмурнае, іяго, Кірым-бея, не заўважылі паміж карчакаватым гальлём. Атрапіць да гэтых зьвяроў-людзей баяўся. Бачыў таксама, як учора пад вечар ваявода ўцякаў ад пагоні. Добра ведаў, што ўлесе жывуць людзі, але й да іх выходзіць таксама баяўся, змушаны быў гэта зрабіць сёньня, зза голаду...»
Знадворку пачуўся гоман. Васіль нехаця падняўся й выйшаў з хаты. Перад дзьвярыма тоўпілася юрба людзей, вінавата перамінаючыся з нагі на нагу.
— Чаго яшчэ трэба? — гукнуў Васіль, упіраючы рукі ў бокі й з выклікам паглядаючы на сабраных. — Можа, прасіцца прыйшлі? Ці дамагацца?
— Ня гневайся, Васіль, і Яго Сьветласьці ваяводу пакланіся за нас, — выступіў наперад стары Кандрат Тур. — Не дакумекалі мы сваім простым розумам, што й да чаго. Але Гасподзь Бог знаў, каго ваяводай зрабіць і розумам ясным надзяліць, акаго ў мужыках пакінуць гной калупаць...
— Эк, «Іванка-дурань» абазваўся, — перабіваючы яго, зарагатаў Васіль. — Ці ня ты, Кандраце, прыпадкам у мужыках застаўся гной калупаць? Га? Можа, я цябе зараз у першы раз бачу?
— Ды ня тое й ты, Васіль, гаворыш, і я не да таго вяду. Прасі за нас ваяводу. Кланяйся яму ў ногі. Ды абяцай за нас усіх, што верна й паслухмяна служыць будзем, аж пакуль супакой і дастатак запануюць над нашай зямелькай хрысьціянскай. Памыліліся мы... каемся... Пабач, што ў «лацінскага купца» на шыі было, — вочы Тура хітра бліснулі, калі ён разьняў жменю. Тоненькім струменьчыкам паміж растапыраных пальцаў пабег срэбны ланцужок. Васіль як зачараваны глядзеў на далонь, што паволі пусьцела, аж пакуль на ёй не застаўся маленькі праваслаўны крыжык са славянскай вязьзю: «Спасі і сохрані»...
Васіль тройчы перахрысьціўся й узяў крыжык. За ім перахрысьціўся Тур і ўвесь сабраны натоўп...
* * *
Ужо было блізка поўдня, калі аддзел коньнікаў на чале са старым Баем, парушаючы лясны супакой лязгатам зброі, спыніўся каля дубу.
— Бач! А вешальніка-та ўжо й няма! — зьдзівіўся Бай. — Вось адсюль нам і ваяводу шукаць...
— Ня трэба яго шукаць, — перабіў адзін з коньнікаў. — Вунь ён сам ідзе, дзякаваць Богу! Ды не адзін.
Коньнікі разам выхапілі мячы й віталі падыходзячых. Сам ваявода і яго спадарожнікі — Васіль Капыльскі, Кандрат Тур і яшчэ дзясятак узброеных мужчын — пахмура адказалі на прывітаньне.
— Ці мо' ня рады, што так хутка? — вылупіў зьдзіўлена вочы стары Бай.
— У Слуцак! — загадаў Фёдар, цяжка падымаючыся ў сядло. — Васіль, кліч астатніх!
4. КРАКАЎ
Кракаў гудзеў, як суцэльны кірмаш. Натоўпы людзей з гоманам і песьнямі бадзяліся па вуліцах, гандляры, стоячы на парогах сваіх крамніц ці шатроў, заклікалі народ, хвалячы свой тавар. З розных бакоў толькі й чуваць выкрыкі: «Дываны пэрсідзкія найлепшай работы, у самога шаха такіх няма!», «Мячы, сякеры, панцыры — дамаскія, нямецкія, валоскія, вырабу небывалага!», «Сёдлы, збруі... Соль... Віны... Сукно... Воск!..». Інад усімі гэтымі галасамі — раўнамерны пераліў касьцельных званоў...
— Чысты Бабілён, пся маць! — мармыча сабе пад нос запылены з ног да галавы рыцар, прадзіраючыся вярхом у Флёрыянскую браму праз накаты хваляў натоўпу. Конь пад рыцарам кульгае на пярэднюю нагу.
— Каб цябе шляк трафіў, пся маць! — не вытрымлівае яздок, калі стомлены конь, аступіўшыся, амаль не паваліўся на калені. — Прадам, баранова скура, прадам. Ня будзь я Януш зь Язерска, прадам!
Конь стомлена пырхае, выдзьмухваючы з ноздраў пыл. Навокал разлягаецца рогат, і нехта з натоўпу крычыць:
— Не туды! Не туды, пане Януш, завяртаеш! Мылаварня ўдругі бок, давай пакажу...
— А ну, пакажы, пся маць, дзе ты тут? — грозна абарочваецца пан Януш.
Крыкун не паказваецца, але рогат разьлягаецца з новай сілай. Пан Януш прышпорвае каня, і той нехаця прыбаўляе кроку.
Мінулі касьцёл Пана Збавіцеля, карчму Трох Апосталаў і выехалі на Рынак зь яго вялізным касьцёлам Панны Марыі. Дабраўшыся нарэшце да карчмы Пад Замкам, пан Януш дыхнуў вальней — адсюль да Вавэля [1] рукой падаць, ды й натоўп тут радзейшы. Выцягнуўшы біклагу, пан Януш зрабіў некалькі добрых глыткоў, абцёр далоняю даўгія вусы й, ня злазячы зь сядла, пакланіўся вежам Вавэля (а ну як глядзіць хто-небудзь) ірушыў рысцой далей. Бедная жывёліна, хракаючы селязёнкай й прыпадаючы на падбітую нагу (бо адарвалася падкова, і хаця пан Януш вёз яе ў торбе, ад гэтага не было лягчэй), прыпусьціла да каралеўскага замку, спадзеючыся хоць і не на доўгі, але ўсё ж адпачынак.
Ну вось ён, замак. Вялікі й грозны. Брамы зачыненыя, але мост спушчаны. На вежы каралеўская харугва.
Пан Януш спыніўся й моўчкі чакае перад брамай, нібы не адважваецца ўступіць пад скляпенні гэтых муроў. Выпітае віно пачынае йграць у жылах і галаве, якая ад доўгай дарогі й бяссоньняў вельмі аслабла.
Навокал патроху зьбіраецца натоўп. Дык і як жа йнакш — каля зачыненае брамы каралеўскага замку спыніўся запылены й змучаны рыцар. Не пагрукаўся, не пратрубіў у рог, а вось проста стаў і глядзіць...
У натоўпе пайшлі здагадкі, гутаркі:
— Гэта, напэўна, якісь рыцар-валацуга. Правініўся дзе-небудзь, а цяпер да караля прыехаў ласкі прасіць...
— Напэўна не! — чуецца другі голас. — Гэта пасланец ад Князя Вітаўта, прыехаў прасіць Яго Каралеўская Мосьць, каб ня гневаўся за няўдачу на Ворскле, бо Яго Каралеўская Мосьць не хацеў вайны з татарамі, а Князь Ві...
— А можа, ён па дапамогу прыехаў?
— Ня дасьць наш кароль Князю Вітаўту дапамогі. Гневаецца на яго, што Літву хрысьціць ня хоча.
— Гэтак пасланцы княжыя ня езьдзяць. Пошту ж ніякага няма.
— Зусім не ад Вітаўта ён, а ад князя Януша Мазавецкага, аб вайне з крыжакамі весткі прывёз, я сама чула, як ён...
— Мана! З крыжакамі вечны мір падпісаны. Тут у Вавэлі іхных камандораў [2] поўна, і ў белых плашчах, і ў чырвоных! Якая ж тут вайна?..
— У чырвоных плашчах то не крыжакі, то тампліеры...[3]
— Адно ліха! І тыя й тыя на плашчы крыжы панашывалі, аПана Бога забыліся, гневу Яго не баяцца...
Натоўп увесь час большаў, і ў меру гэтага ўзрастаў гул галасоў. Але нарэшце адчынілася фортка ў браме, і літоўскі лучнік гукнуў адтуль:
— Ціха! Яго Мосьць Кароль Польскі й Вялікі Князь Літоўскі Ягайла ймшу слухае!
Галасы прыціхлі. Людзі адступілі на некалькі крокаў назад. Лучнік зірнуў на замерлага пана Януша. А пан Януш тым часам ня чуў і ня бачыў нічога наўкола. Думкі як маланкі праляталі ў яго галаве: «І чаму гэта трэба было вяльможнаму пану Станіславу, пся маць, якраз мяне выправіць да Кракава? Ну што як кароль ня ў добрым настроі, дык замест залатога ланцуга, абяцанага панам Станіславам, ды «падаруе» жалезны. Весткіж невясёлыя... А калі ён яшчэ ў горшым настроі, дык і зусім кђту гатовы аддаць... Не, ня ў добры час мяне ў Кракаў прынесла, ненадарма гэтая праклятая падкова, пся маць, адарвалася... Акароль літовец, хоць і хрышчаны, але ж кроў мае літоўскую, пся маць. Зь ім жарты кепскія... Напэўна, лепей будзе ў другі раз прыехаць... — пан Януш раптам падняў вочы на фортку, празь якую ўсё яшчэ глядзеў зьдзіўлены паводзінамі рыцара лучнік.— Э-э-э, ненадарма кароль сёньня выставіў аж па чатыры барадатых ліцьвіны каля брамаў. Напэўна, пана Януша чакаюць, пся маць... Ды іх тут і не чатыры: вунь яшчэ чатыры праз форткі выглядаюць, і ўсе як адзін падобныя...»
— Эх, пся маць, не туды трапіў! — наўмысьля гучна выгукнуў пан Януш і рашуча завярнуў ня менш зьдзіўленага, чым натоўп і літоўскі лучнік, каня. Але затое цяпер конь ведаў напэўна, куды йсьці, бо бываў там ужо ня раз: карчма Пад Кляштарам на паўдзённай ускраіне Кракава, недалёка ад Францысканскага кляштара, дзе такі вясёлы й разгульны прыёр [4] айцец Барталамей...
* * *
Камандор ордэну мечаносцаў Фрыдрых фон Кройцэнбэрг ззадавальненьнем паціраў рукі, ходзячы вялікімі крокамі па пакоі. Яго міланскія латы з багатай залатой насечкай цьмяна паблісквалі пры сьвятле жарка распаленага каміну. Мізэрыкор дыя[5], што вісела з правага боку, аздобленая самацветамі й дыямантамі, выпырсквала снапы рознакаляровых праменьняў, якія, здавалася, патаналі ў бясколерных вачах суворага і пахмурнага тампліера, які зябка хутаўся ў чырвоны суконны плашч, хаця ў пакоі было даволі горача. Водбліскі ад распаленага ўкаміне дрэва прабягалі па чырвоным сукне, як крывавыя хвалі. Ад гэтых хваляў вочы камандора Кройцэнбэрга загараліся яшчэ большай радасьцю. Яму здавалася, што ён ужо бачыць як на яве зьдзяйсьненьне сваіх задумаў. Калі ўсё будзе як задумана, то дарога ў Капітулу [6], а можа, і ў магістры [7], забясьпеча ная. Пакуль што ўсё йшло так, як і павінна было, і надарма гэты асьцярожны ды вечна нечым незадаволены тампліер хныкае. Усё прадугледжана й прадумана яшчэ ў Мальборку [8]. Ненадарма ж сам Магістар Конрад вітаў камандора з надзвычайнымі здольнасьцямі й прарочыў яму вялікую будучыню. Усё будзе добра!
— Камандор, — прамовіў як бы нехаця тампліер, — а на мой пагляд, вам яшчэ рана цешыцца.
— Чаму рана? Глядзіце, дарагі браце, ці ня йдзе ўсё так, як я прадугледзеў? Найцяжэйшая частка майго пляну ўжо выкананая, а рэшту давесьці да канца ўжо вельмі латва!
— Не сьпяшайцеся, камандор... Вашымі вуснамі гаворыць маладосьць...
— Чаму не сьпяшаць? Я вам ізноў паўтараю, што першая частка, і ў дадатак найцяжэйшая, ужо выкананая: Князь Вітаўт зьвязаўся з татарамі, даў ім бой і страціў сілы. Ці ж гэта ня посьпех?
— Згодны, — уздыхнуўшы, пагадзіўся тампліер.
— Для гэтага ня шкода было ахвяраваць сотню нашых рыцараў [9] як знак нашае «добрасуседзкае прыязьні». Яны загінулі, але гэтым павялічылі славу й магутнасьць Вялікага ордэну Мяча, ці Крыжа, — як хочаце!
— Лепей сказаць «можа быць, павялічылі», — паправіў тампліер.
— Цяпер засталося выканаць другую частку майго пляну,— вёў далей Кройцэнбэрг, як бы не заўважыўшы папраўкі. — Аяе выканаць будзе вельмі лёгка, бо Кароль Ягайла прагавіты да ўлады й не праміне гэтакай нагоды накласьці сваю руку на ўладаньні Князя Вітаўта.
— Вялікага Князя, камандор! — перабіў нецярпліва тампліер.
— Усё роўна, вялікага ці малога. Цяпер кароль мацнейшы за Літву, аб гэтым пастараўся Цімур Кульгавы! Князь Вітаўт не чапаў Ягайлу, хаця й быў шмат мацнейшы, бо датрымліваў слова свайго бацькі. Дурная шляхетнасьць! Але кароль зачэпіць, аб гэтым пастараюся я!
— Вы забываецеся, што вы не паляк, камандор.
— І не прэтэндую на гэта. У мяне ёсьць уплывовыя людзі між палякамі, дый між літоўцамі здраднікаў не бракуе. Золата адчыняе шмат якія дзьверы.
— Але ня ўсе!
— Усіх мне й ня трэба, хопіць некалькіх. Затое гэтыя некалькі давядуць да таго, што ўспыхне вайна між Літвой і Каронай Польскай. Бо Вітаўт сам не паддасца, а гэта мне якраз і трэба! Па заканчэньні гэтай вайны ўсе землі Літоўскія, Мазавецкія й Польскія адыдуць пад сьвяшчэнную апеку нашага ордэну.
— Гэта ня так проста...
— Гэта проста, як выпіць кухаль віна, і вы хутка ў гэтым пераканаецеся, шаноўны браце!
— Камандор, хачу вас папярэдзіць, што Вялікі Князь Вітаўт акрамя таго, што хітры палітык, зьяўляецца не абы якім ваякам, і я ведаю, што чым мацней яго прыцісьнеш, тым мацней ён адштурхне. Запэўніваю вас, камандор, што не пасьпее кароль падрыхтавацца да вайны, як Вялікі Князь Вітаўт будзе ўнекалькі разоў мацнейшы, чым быў да бітвы на Ворскле. Такая ўжо яго натура.
На адзін момант у вачах крыжака бліснуў непакой, бо ён добра ведаў, што наконт Вітаўта тампліер гаворыць праўду. Каб сабрацца з думкамі, ён моўчкі падкінуў у камін дроў. Сухое дрэва з трэскам запалала, асьвяціўшы ўсе куткі памяшканьня. Пагляд Кройцэнбэрга спыніўся на скрутку паперы — той выглядваў са складак белага плашчу, што вісеў на сьцяне.
— Вось, дарагі браце, паглядзеце сюды, — падаў ён тампліеру скрутак. — Гэта сёньня раніцай прывёз пасланец зь Літвы, ад Станіслава ваяводы Крэўскага, каралю. У поўдзень, адразу пасьля таго як кароль меў з нагоды гэтых папераў нараду, яны трапілі да мяне. Весткі цікавыя. Мусіў іх перапісаць, каб мець пад рукою. Балазе, лацінай пісаныя.
Тампліер моўчкі ўзяў скрутак, прысунуўся бліжэй да агню й занурыўся ў чытаньне. Крыжак зь вясёлай усьмешкай назіраў, як сівыя бровы тампліера, па меры таго як ён чытаў, падымаліся ўсё вышэй і вышэй ад зьдзіўленьня. Але, прачытаўшы паперы да канца, тампліер спыніў дзівіцца, і на твары яго адбіўся выраз зьнявагі. Ён прамовіў:
— Старое! Зь Вялікім Княствам Літоўскім гэтак заўсёды бывае: з выгляду нібы хаос, а на самай справе найстражэйшы парадак. Каб зразумець, што зараз робіцца ў Літве, трэба альбо самому быць літоўцам, альбо зжыцца зь Літвой духам, чаго якраз і бракуе ваяводу Крэўскаму.
— Няўжо мой шаноўны брат сумняецца за ваяводу Крэўскага? — занепакоіўся Кройцэнбэрг. — На колькі я яго ведаю, то гэта разумная й хітрая галава. Душой і сэрцам адданы свайму каралю. А за праўдзівасьць вестак я адказваю!
— Усяго гэтага мала! — стаяў на сваім тампліер. — Ваяводу бракуе ведання духу Літвы, і таму ягоныя весткі нічога ня вартыя. Ва ўсялякім выпадку, для вас, камандор, хай зь іх карыстае кароль.
— Чаму ж вы тады, шаноўны браце, з такім падзівам чыталі гэтыя самыя «нявартыя» весткі?
— А таму, камандор, што гэта сапраўды годна падзіву, каб надаваць такую вагу гэтакім дробязям!
— Дык па-вашаму, гэта дробязі? — шчыра зьдзівіўся крыжак.
— Зразумела! Скажэце мне, якая розьніца, ці гэта татарскі аддзел нападае й рабуе на вялікай дарозе, ці мясцовыя апрышкі? Як, напрыклад, у вас у прусах?
— Пагаджаюся... Ніякай... Але там ёсьць і аб чымсь іншым...
— Адно другога варта! Бедны ваявода, ён хоча, каб па ўсёй Літве званілі ў званы й заклікалі люд у княжыя дружыны. Ачаму гэта не зрабіць моўчкі, без галасу? І я пэўны, што якраз так яно й робіцца! Прыгадайце сабе, камандор, сутычкі вашага ордэну зь Літвой у Жамойці і вы тады прыгадаеце сабе не адзіны выпадак, падобны да гэтага. А найлепей, прыпомніце Вільню...
— Памятаю! Я там здабыў шпоры й пас! [10]
— Дык памятаеце, як вы былі ўжо пэўныя, што Вітаўт разьбіты, і спадзяваліся ня сёньня, дык заўтра пераможна ўвайсьці ў муры Вільні?
— Памятаю! Тады трэба было не чакаць здачы, а браць Вільню штурмам.
— Дарагі камандор, вы забыліся, што вы чатыры разы хадзілі ў штурм і нічога не дасягнулі. Нічога ня даў бы й пяты! Толькі яшчэ болей аслабіў бы ваш ордэн. Але я не аб тым кажу, я хачу прыгадаць вам, як раніцай пасьля чацьвёртага штурму вы ўсе былі пэўныя, што места мусіць паддацца. Але на наступную раніцу, пасьля раскошнага й спакойнага сну, вас пабудзіў гул шматтысячных літоўскіх палкоў, якія, як вам здавалася, зьявіліся пад Вільню зь небыцьця, зь ніадкуль! А на самай справе — зь Берасьця, Слуцку, Смаленску, з Турава, зь Пінску... Карацей кажучы, зь Літвы. Ніхто не званіў тады ў званы, усё было ціха й спакойна. Чым усё скончылася? Вы, напэўна, таксама памятаеце: падпісаньне вечнага міру й адыход вашых рыцараў уПрусы. Ці ня так? А магло быць і горш.
— Гм... — толькі й змог прамармытаць крыжак, зьбянтэжа ны гэтым довадам.
— Але, камандор, — вёў далей тампліер, — не пераймайце ся так моцна. Выйсьце ёсьць з кожнай сытуацыі! І гэтая не зьяўляецца выняткам.
— Дык што вы прапануеце? — узрадаваўся Кройцэнбэрг, катораму ўжо здалося, што ўсе надзеі на Капітулу, тым болей на магістра, пайшлі марна. Але зараз уважней прыгледзеўшы ся да тампліера, Кройцэнбэрг адчуў, што гэты стары й дасьведчаны муж зьявіўся тут не дарма. Чыясь нябачная рука накіравала яго сюды, якраз тады, калі сам Кройцэнбэрг ужо гатовы быў нарабіць непапраўных памылак. Адначасна адчуваючы, што гэтая рука працуе на дабро Ордэна Крыжа, а значыць, і на дабро яго, Кройцэнбэрга, вырашыў уважней прыслухоўвацца да парадаў тампліера.
— Так, шаноўны камандор, не пераймайцеся першымі няўдачамі. А й не сьпяшайцеся ў дзеяньнях. Пастарайцеся паглыбей азнаёміцца з сытуацыяй, а рашэньні прыйдуць тады самі па сабе. Што робіцца ў Польшчы, вы ўжо ведаеце. Цяпер вашае мейсца ў Літве, пабліжай да Вялікага Князя Вітаўта! — слова «Вялікага» тампліер прамовіў з асаблівым прыціскам.
— Амэн! — адказаў Кройцэнбэрг, пачціва пахіліўшы галаву.
* * *
Пана Януша ўвялі ў прыёмную залю й загадалі чакаць. Разьбіўшыся на групкі й там і сям, вялі гутаркі ў чаканьні аўдыенцыі з каралём польскія рыцары й шляхта, літоўскія драбы, крыжакі, маскоўскія баяры. Вочы пана Януша разьбегліся ад бляску й багацьця вопраткі прысутных. Яму здавалася, што ён у сваім пашарпаным панцыры трапіў як варона сярод галубоў. Але, разгладзіўшы вусы і як бы неахайна паклаўшы на згін левай рукі свой шолам, ён рушыў праз залю. Наўмысьля голасна бразгаючы шпорамі, рашуча падышоў да невялікае купкі шляхціцаў, сабраных каля скляпеністага вакна, недалёка ад запаветных дзьвярэй, за якімі зараз знаходзіўся Вялікі Ўладар Польшчы Кароль Ягайла.
— Хай будзе Пахвалёны!.. — урачыста прывітаўся пан Януш.
— На вякі вякоў! Амэн! — адказалі няскладным хорам прысутныя.
— Адкуль пан будзе? — спытаў адзін са шляхціцаў, зь цікавасьцю разглядаючы ягонае незвычайнае для каралеўскага палацу ўбраньне.
— Зь Вільні, — схлусіў пан Януш. — Хачу да свайго маёнтку падацца. Стары ўжо ваяваць, пся маць, пара й на адпачынак.
Шляхціцы ў знак згоды заківалі галовамі, добра ведаючы, для чаго ваякі, такія як Януш, прыяжджаюць зь межаў у Вавэль: выпрасіць у Караля што-небудзь за свае заслугі перад Каронай.
— У добры час пан прыехаў, — прамовіў ізноў той самы шляхціц. — Яго Мосьць сёньня ў небывала добрым настроі. Кажуць, ганец зь Літвы з добрымі весткамі прыбыў, і запэўніваю пана, дастане пан добры кавалак. А як там у Вільні?
— У Вільні ўсё спакойна, пся маць. Вось, а як у вас тут? — пастараўся перавесьці зь сябе гутарку пан Януш.
— Што там у нас. Хай пан распавядзе, як пачувае сябе Князь Вітаўт пасьля бойкі з ханам? — не сунімаўся шляхціц.
— Ня бачыў Князя Вітаўта. Як доўга прыходзіцца чакаць на сустрэчу зь ясьнейшым? — не саступаў у сваю чаргу пан Януш.
Шляхціц ганарыста выставіў правую нагу ўперад, падпёр рукі ў бокі і, задраўшы нос, прамовіў:
— Залежыць як каму! Хто паважнейшага роду, той чакае дні са тры, як я, напрыклад. А пану прыйдзецца пачакаць трохі даўжэй!
Пан Януш бразнуў рукой па мячы й шырака ўсьміхнуўся ў твар шляхціцу:
— Калі гэтак, пся маць, то я яшчэ сёньня ўпраўлюся.
Шляхціц аж падскочыў ад такой нечуванай абразы і, яшчэ раз агледзеўшы пана Януша з ног да галавы, упэўнена й са злосьцяй прамовіў:
— Пане! Пан тут мае перад сабой шляхетнага пана Вацлава з Пагарэліч, шляхетнага пана Казіміра зь Бялішак, шляхетнага пана Януша з Бжазоўца, шляхетнага пана Мсьціслава з Пажуціна, а я естэм панам з Чэрвіц. Ежы з Чэрвіц! — пры гэтым ён рукой паказваў на выменаванага, у адказ на што кожны зь іх узнак згоды пахіляў галаву.
— А я естэм панам зь Язерска, пся маць! — адцяў пан Януш.
— Мала з тым! — ганарова запярэчыў пан з Чэрвіц. — Тут не Літва. То ў Князя Вітаўта пан мог ганарыцца сваім Язерскам, але ня тут у Кракаве. Мае Чэрвіцы, напэўна, у дзесяць разоў большыя за панскі Язерск!
— Ну й добра, пся маць! — узрадаваўся пан Януш. — Буду іх і прасіць у ясьнейшага караля.
— Каго прасіць? — не зразумеў адразу пан з Чэрвіц.
— Панскія Чэрвіцы... у караля, — удакладніў пан Януш.
Чэрвіцкі шляхціц, як і рэшта сабраных, аслупянеў ад такой нечуванай задзірлівасьці нягеглага з выгляду й нязграбнага ў рухах пана Януша.
— Я пана... Я з панам... — пачаў было пакрыўджаны, як раптам запаветныя дзьверы адчыніліся, і ў іх зьявіўся, бліскаючы золатам і багацьцем зброі, капітан літоўскіх лучнікаў ваявода Пашкевіч. Гутаркі ў залі мігам заціхлі. Пагляды ўсіх прысутных утаропіліся ў твар вялізнага цельпукаватага ваяводы.
— Ці пан Януш зь Язерска ўжо тут? — прарычэў ваявода.
Пан Януш, неўзаметку штурхнуўшы Чэрвіцкага шляхціца локцем, прашаптаў:
— Чэрвіцы мае, пся маць! — і, выступіўшы ўперад, нізка пакланіўся Пашкевічу. — Яснавяльможны пане ваявода, я буду Януш зь Язерска.
Ваявода зірнуў на яго зьверху ўніз і, адчыніўшы дзьверы ўкаралеўскія палаты, прапусьціў уперад.
Суразмоўцы, стоўпіўшыся каля вакна, перапалохана перазірнуліся.
— Прапалі Чэрвіцы!.. Прапалі... — разгублена заенчыў дасюлешні іх валадар, не адрываючы вачэй ад дзьвярэй, за якімі зьнік непераможны й таямнічы пан Януш зь Язерска.
Між тым, пан Януш, дрыжучы як асінавы ліст, стаў перад ясныя вочы Караля Польскага й Вялікага Князя Літоўскага Ягайлы Альгердавіча.
У пакоі акрамя караля, ваяводы Пашкевіча й пана Януша знаходзіліся яшчэ чатыры асобы. Адзін зь іх, ксёндз, сядзеў збоку. Тры іншыя ў бліскучых панцырах, з залатымі ланцугамі на грудзях і ў багатых плашчах зь цікавасьцю разглядалі пасланца ад ваяводы Крэўскага. Сам кароль сядзеў за сталом, падпёршы рабром далоні вузкі лоб. Чорныя даўгія валасы, зачасаныя гладка за вушы, адлівалі сіняй. Вочы Караля, захаваныя ў ценю ад далоні, таксама ўважна разглядалі замёрлую каля дзьвярэй постаць. Ад гэтага пагляду пану Янушу зрабілася холадна і па сьпіне пабеглі мурашкі.
Маўчаньне цягнулася даволі доўга, і перад вачмі Януша пачалі бегаць рознакаляровыя чорцікі. Аж нарэшце кароль паволі паклаў руку на стол і выпрастаўся ў крэсьле. Твар яго прыняў лагодны выраз.
— Цябе прыслаў Станіслаў ваявода Крэўскі. Лісты ваяводы мы ўжо прачыталі, цяпер мы хочам ведаць, што загадаў ён перадаць на словах?! — вусны караля амаль не варушыліся, але пан Януш адразу зразумеў, што гэты валадарны голас, падобны да звону сталі, належыць толькі каралю.
Ваявода Пашкевіч лёгка падштурхнуў яго ўперад, каб падышоў бліжэй да стала, што Януш пасьпешна й выканаў, не забыўшыся адвесіць нізкі паклон.
— Ваша Каралеўская Мосьць! — пачаў, запінаючыся на кожным слове, пан Януш, — ваявода Крэўскі загадаў перадаць, што тут у палацы ёсьць чужыя людзі, якія сочаць за Ясьнейшым Каралём і перадаюць... весткі ў Літву... Князю Вітаўту.
Пачуўшы такую навіну, Ягайла аж заскрыгацеў зубамі, яго й без таго малыя вочы яшчэ больш звузіліся. «Закатую!» — прашыпеў ён, але хутка суняўшы гнеў, голасна запытаў:
— Адкуль ваявода гэта ведае?
Яшчэ больш дрыжучы ад страху, пан Януш пачаў расказваць:
— Праехаўшы Слуцак, мы спыніліся ў паселішчы Абідзямля, каб пераначаваць і пакарміць коні. У карчме яснавяльмож ны пан Станіслаў сустрэў нейкага лацінскага купца, каторы ехаў у тым самым накірунку, што й мы, — на Ворсклу. Пана ваяводу зацікавіла, што гэты купец ехаў сам, безь ніякага тавару, добра ўзброены й вельмі сьпяшаўся. Пан ваявода стаў больш уважна прыглядацца да яго й заўважыў у купца на руцэ пярсьцёнак зпадвойным крыжам, як на шчытах у дружыньнікаў Літоўскіх. Тады пан ваявода загадаў схапіць купца й выпытаць, хто ён такі. Купец стаў бараніцца, але нас было болей, і нарэшце купец такі ўпаў, цяжка пасечаны. Як мы каля яго ні біліся, што яму ні рабілі, нічога не сказаў перад сьмерцю. Абшукаўшы яго, знайшлі вось гэты ліст... — тут пан Януш выцягнуў мізэрыкор дыю і, падважыўшы ёю сталёвы набедранік, выцягнуў адтуль невялікі кавалак паперы й паклаў на стол перад каралём. Усе зь цікавасьцю нахіліліся над паперкай, толькі ксёндз застаўся сядзець непарушна. Ваявода Пашкевіч прачытаў ліст і зірнуў на караля. У лісьце значылася:
«Гаспадару.
Кароль вядзе перамовы з крыжакамі аб усуненьні Вашай Высокасьці, карыстаючыся з Вашай адсутнасьці й будучай немачы пасьля сутычкі з ханам.
Млынар».
Пан Януш выцягнуў дзесь з-пад панцыра пярсьцёнак зь ярылавым крыжам і таксама паклаў перад каралём.
Асьцярожна, двума пальцамі, Ягайла падняў пярсьцёнак. Разгледзеў яго і раптам павярнуўся да пана Януша:
— У грамаце разумееш?
— Не, Ваша Каралеўская Мосьць!
— Ведаеш, што тут напісана?
— Не! Ваша Каралеўская Мосьць!
...Запаветныя дзьверы зноў адчыніліся, і адтуль, горда падняўшы галаву, выйшаў пан Януш. На шыі ў яго цьмяна, але прывабліва, пабліскваў залаты ланцуг. Ні на каго нават не зьвярнуўшы ўвагі, пан Януш накіраваўся да выхаду.
Пераганяючы яго й ласкава ўсьміхаючыся, да выхадных дзьвярэй кінуўся пан з Чэрвіц і, шырака іх расчыніўшы, нізка пакланіўся:
— Маё ніжэйшае ўшанаваньне яснавяльможнаму пану рыцару зь Язерска!
— Мае Чэрвіцы, пся маць, але дарую іх табе! — горда кінуў пан Януш, нават не зірнуўшы на прыніжанага валадара тых Чэрвіц.
У гэты самы дзень пан Януш выехаў з Кракава назад у Літву.
5. НА ПЕРАВОЗЕ
Распырскваючы вадкае балота, па шляху на Тураў рысьсю пасоўваўся невялікі аддзел коньнікаў, закутых у жалеза. На чале аддзелу ехаў рыцар з залатымі шпорамі й арліным крылом на шоламе. На шышаку адразу ж пад крылом — ядвабная рукавічка, прышпіленая паннай сэрца, паннай Карусяй Хадкевічоў най. Рукавічка намокла й згубіла вобраз чароўнай ручкі... Але ня гэта зараз займае думкі шляхетнага рыцара. Рукавічка высахне, але вось да Турава трэба дабрацца сёньня.
А ці будзе яшчэ паромшчык на Прыпяці ў гэтакую пару? Рыцар паддае шпорамі, і яго шэры ў яблыкі конь пераходзіць на галоп. Адсталы на некалькі крокаў пошт — таксама паддае хады. Чмякае балота, бразгае зброя, храпцяць коні. Калышуцца тонкія доўгія дзіды. Шырокія плашчы коньнікаў і пакрывалы мігочуць шматколерным вураганам.
Да Прыпяці яшчэ далёка, а з коней ужо камякамі ляціць шум. Ад пошту аддзяляецца коньнік у чорнай расе, але зь мячом пры баку і, параўнаўшыся з рыцарам, прамаўляе:
— Сыне мой, ці не пара даць коням перадыхнуць? Цішэй едзеш — далей будзеш, як кажуць старыя людзі...
— Ад таго мейсца, куды едзеш... — бурчыць незадаволена рыцар у адказ, але пачынае патроху стрымліваць бег каня. — Вам бы ўсім толькі перадыхаць ды адпачываць...
Празь некаторы час едуць моўчкі, прыслухоўваючыся да перадвячорнае цішыні. Рыцар шчыльней захінаецца ў зьвільгат нелы плашч, падтыкае яго за калені й стульвае мацней да шыі.
З далечыні даносіцца яшчэ няясны, але зразумелы шоргат. Рыцар ізноў паддае шпорамі, і ўся кавалькада на поўным скаку выносіцца на бераг магутнае Прыпяці. Адліваючы колерамі сталі, паўнаводная рака спакойна й упэўнена плыве на ўсход. Густыя непраходныя лясы, поўныя дзічыны, шчыльна абступілі яе берагі. Неабсяжныя абшары балот разьлегліся наўкола. Дзе-нідзе ў гэтым «Гэрадотавым моры» трапляецца стойкі грунт. Вось на адным з такіх «востраваў» сярод гразкіх балот вырас непрыступны Тураў.
На правым беразе ракі праз шэры паўзмрок ледзь бліскае асьветленае лучынай акенца ў хаце перавозчыка.
— Гэ-э-э-эй! На пераво-о-зе! — гукае адзін з коньнікаў.
Ніхто не адзываецца. Коні ўзбуджана чмыхаюць, спрабуючы дабрацца да вады, і коньнікам каштуе вялікага высілку, каб утрымаць іх. Нарэшце знаходзяць звон, прывешаны да галіны старое карчакаватае бярэзіны, і праз раку нясуцца поўныя загаднага прызыву гукі...
* * *
Між тым, у хаце перавозчыка сабралася ўся сям'я. Перавозчык Мацей Вадзянік празваны так за вялікае сяброўства з вадой — паром ягоны працаваў у часы найбольшых паводкаў ініколі ня быў сарваны. Рыба, як здавалася, сама йшла яму ўрукі, плаваў сам, як рыба, і сыноў навучыў. Меў ужо за семдзесят гадоў, але сілай і здароўем мог паганарыцца перад кожным. Сыны яго — Якуб, Кірыла й Марка — не адставалі ад бацькі ні ў сіле, ні ў здароўі, ні ў спрыце. Маці іх, Грыпіна, была з роду Клубоўскіх, а ў гэтым родзе, як ведама, не было такога, каторы сам-насам не заваліў бы мядзьведзя.
Павячэраўшы пасьля шчырай працы на пароме й пры гаспадарцы, уся сям'я ўважна слухала, як бацька пры сьвятле лучыны па складах чытаў Эвангельле. Якуб, Кірыла й Марка чытаць ня ўмелі і з захапленьнем прыглядаліся да вуснаў бацькі, які, не сьпяшаючыся й водзячы пальцам па радкох стараславянскага пісьма, вымаўляў:
«...І скажа Цар ім у адказ: "праўду кажу вам: як што вы зрабілі аднаму з гэтых меншых братоў Маіх, вы зрабілі Мне". Тады скажа і тым, якія леваруч ад Яго: "ідзіце ад Мяне, праклятыя, увагонь вечны, прыгатаваны чарту і анёлам ягоным. Бо я хацеў есьці, і вы не далі Мне; быў сасьмяглы, і вы не напаілі Мяне; быў у дарозе, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і не даведаліся Мяне". Тады і яны скажуць Яму ў адказ: "Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галоднага, ці сасьмяглага, ці ў дарозе, ці голага, ці хворага, ці ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?" Тады скажа ім у адказ: "праўду кажу вам: як вы не зрабілі гэта аднаму з гэтых меншых, то не зрабіліМне". І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ўжыцьцё вечнае». — Мацей замоўк і прыслухаўся. Знадворку несьліся прызыўныя гукі звону.
— Бач, яшчэ нехта едзе! — зьдзівіўся ён. — У гэтакую пару толькі на печы сядзець, а не па лесе бадзяцца.
Але нічога ня зробіш, людзі чакаюць, і ўся сям'я Вадзяніка, апранаючыся на хаду, рушыла да ракі.
— Эк, як разьнесла маладзіцу! — прамовіў Мацей, акінуўшы вокам паўнаводную Прыпяць.
— З дапамогай Божай як-небудзь малым паромам і перавязём, — адказаў Якуб, стараючыся праз змрок разглядзець супрацьлежны бераг.
Перахрысьціўшыся, Мацей, Кірыла й Марка скочылі на хісткі памост парому. Грыпіна й Якуб узяліся за корбу. Корба зарыпела, застагнала, і паром паволі адчаліў ад берагу ды паступова растаў у цемры. Тоўсты прасмолены канат нацягнуўся, як струна. Вада з шумам і булькатам абмывала тоўстыя палі прычалу. Грыпіна й Якуб з усіх сілаў паварочвалі драўлянае кола корбы, якое праз просты блёк на другім беразе цягнула паром. Нарэшце корба стала...
Пачулася конскае ржаньне, галасы людзей і ўмоўны сьвіст Мацея. Закруцілі корбу ў адваротны бок. На гэты раз праца йшла лягчэй — нехта застаўся на тым беразе й дапамагае.
— Яшчэ раз прыйдзецца, — заўважыла Грыпіна.
— А можа й ня раз... — дадаў Якуб, налягаючы на корбу.
Паром ішоў усё лягчэй і лягчэй. Прайшоўшы самую быстрыню й не адчуваючы ўжо моцнага напору вады, ён хутка набліжаўся да берагу.
— Гэ-гэ-гэй! — даляцеў голас Мацея. — Павольней! Павольней!
Грыпіна й Якуб круцілі кола штораз павольней, але на столькі, каб ня даць канату аслабнуць, і паром прыстаў да прычалу амаль без штуршка. Моцныя рукі Якуба хутка замацавалі канат, кінуты Мацеем, за ўбітую ў зямлю палю. Прыбраўшы жэрдку, што служыла поручнямі на пароме, на бераг сышлі, ведучы ўповад коней, восем узброеных людзей.
— Ці шмат там яшчэ? — пацікавілася Грыпіна.
— Чатырох... — буркнуў у адказ Кірыла, адштурхаючы доўгім вяслом паром ад берагу.
Перавёзшы рэшту падарожных, Мацей запрасіў іх у хату — пагрэцца й абсушыцца. Рыцар, зірнуўшы на неба, запытаў:
— Ці Князь Вітаўт ужо ў Тураве?
— Чаго ж бы яму тут быць? — зьдзівіўся Мацей. — Яго чакаюць у Мазыры. Будзе там дні праз два, а мо й раней.
Госьці моўчкі перазірнуліся...
— Вядзі, хаме, у хату! — загадаў рыцар, перадаючы каня свайму збраяносцу.
Мацею не спадабаўся гэты пыхаты госьць, але, будучы чалавекам набожным і гасьцінным, прамаўчаў і, звяртаючыся да старэйшага сына, прамовіў:
— Ты, Якуб, дапамажы там з коньмі. Завядзі там у стайню й сенца падкінь, бач як змарыліся бедныя. Хай паастынуць трохі, тады напоіш.
Падарожнікі разьмясьціліся ў хаце як у сябе ўдома, не пакінуўшы мейсца гаспадарам і не пытаючыся дазволу. Паразьвеш валі мокрыя плашчы й папоны, панцыры, зброю, шчыты. Расьселіся й разьлягліся, хто дзе змог: на лавах, на печы, на палку й нават на падлозе. Мацей, абапёршыся плячом на касяк, пахмурна назіраў за нахабнымі гасьцямі.
— Чаму, пане, піўцом не частуеш? — зьвярнуўся да яго падарожнік у чорнай расе.
— Хто пачувае сябе як дома ў чужой хаце, той павінен сваё мець, а я частую толькі гасьцей, Богам пасланых!
— А ты ведаеш, з кім ты гаворыш?
— Усё роўна! Я гэтак і з самім мітрапалітам Маскоўскім і Наваградзкім Фоціем гутару! — адрэзаў Мацей, рашыўшы сабе, што мае справу з ксяндзом ці нейкай іншай духоўнай асобай.
— Я не пра сябе кажу, — сумеўся ксёндз. — Я пра яснавяльможнага пана... — і ён паказаў на рыцара, каторы, прытуліўшыся сьпінай да гарачай печы, праз апушчаныя павекі назіраў за Мацеем.
Мацей зьмерыў яго паглядам і адказаў:
— Шмат людзей я перавозіў на сваім вяку праз Прыпяць — і з залатымі шпорамі й бяз шпораў, і мужыкоў і шляхціцаў, іваяводаў і князёў, і ніколі ніхто не назваў мяне хамам. Ніколі не было такога, каб мне не было мейсца ў маёй хаце. У нас на Белай Русі прызвычаіліся шанаваць гаспадара, а ў адказ і гаспадар шануе госьця. Так-та яно!
Ксёндз ужо адкрыў рот, каб нешта адказаць на такую дзёрзкасьць, як рыцар, які дасюль маўчаў, спыніў яго гнеўным жэстам і, звяртаючыся да Мацея, прамовіў:
— На сёньня досыць! Трэба спаць! Заўтра пагутарым болей!
У гэту ноч сям'я Вадзяніка спала ў хлеве на сене.
Уначы ўдарыў першы мароз. Скаваў лужыны звонкім лядком і пакрыў усё наўкола крохкай намаразьзю. Неба праясьнілася й адкрыла бяздонную блакітную далячынь, ад якой аж рэзала ў вачох.
Мацей ціхенька, каб не пабудзіць сыноў і жонку, выйшаў зхлева і, удыхваючы поўнымі грудзьмі сьвежае марознае паветра, стаў над берагам Прыпяці. Акінуў позіркам яе вольныя магутныя воды, прыбярэжныя дрымучыя лясы, і ўчорашняя крыўда яшчэ з большай горыччу падступіла да горла ды сьціснула сэрца.
— Эх, крумкаччо ненавіснае! Няма ўправы на вас... Але дачакаецеся...
— Не журыся, бацька! — пачуўся голас Якуба. — Пацярпі! Пагуляем яшчэ й мы ў гэтых паноў на трызьне!
Мацей са зьдзіўленьнем глянуў на сына, які, апрануты ў кальчугу і падпярэзаны мячом, нячутна падышоў ззаду.
— А адкуль ты ведаеш мае думкі?
— Бо яны й мае! Вось толькі ты, бацька, затрымліваеш гэты момант...
Паміж бацькам і сынам завязалася гутарка, якая адбывалася кожную раніцу, ад таго часу як Вітаўт вырушыў з войскам насустрач мангольскай ардзе.
— Як жа ж гэта? — схітрыў Мацей, робячы выгляд, што не разумее нацяку сына. Яму было радасна на душы, што сын не выракаецца раз вызначанай мэты й усёй сваёй істотай ірвецца да яе, але аслухацца бацькавай волі не адважваецца.
— Звычайна! Гнаць трэба ўсякую пошасьць з нашай зямлі!— ухіліўся й Якуб ад простага адказу.
— Але ж, але! Гнаць іх у шыю! Вось Гаспадар Вялікі Князь і гоніць іх. Крыжакоў пагнаў з-пад Вільні, татарву спыніў на Ворскле, маскалям строга заказаў не патыкацца да Смаленску, пагоніць і гэтых панкоў, толькі поўсьць на іх закурыць! Дачакаюцца!
— Эх, бацька, бацька, ведаеш добра, аб чым я кажу, — уздыхнуў Якуб.
— Нічога я ня ведаю. Не разумею, што ты круціш і куды гнеш...
— Пусьці мяне да гаспадара! Ня будзе табе сорамна за Якуба! Вось на гэты меч прысягаю...
— Э, не! Калі так кажаш, то прыпомні наказ самога гаспадара!
А наказ гэты вялікакняжы Якуб добра памятаў:
«Каб стаяў Вадзянік на мейсцы сваім! Каб працаваў перавоз спраўна, і не было б затрымкі ні ўдзень, ні ўночы, бо на карацейшым шляху стаіш да земляў Кіеўскіх і службу нясеш дзяржаўную, і ня менш адказную, чым найадважнейшы з драбаў маіх! І карысьць Вялікаму Княству Літоўскаму прыносіш вялікую!»
Нічога тут ня зробіш, супраць волі бацькі й Гаспадара ня пойдзеш. Пастаяўшы трохі на мейсцы, як бы спадзеючыся, што бацька перадумае й што-небудзь суцяшальнае скажа, але не дачакаўшыся, Якуб уздыхнуў, пайшоў пад паветку, набраў абярэмак дроў і панёс у хату.
Мацей, правёўшы сына вачмі, поўнымі пяшчоты й гонару, узваліў сабе на плечы торбу з воўчымі пасткамі й рушыў уверх уздоўж берагу, абіваючы лапцямі крохкую намаразь.
Як раптам з грукатам адчыніліся дзьверы, і з хаты выскачыў Якуб зь мячом у руцэ. Адразу ж за ім сталі выбягаць узброеныя госьці. Мацей спачатку не зразумеў, у чым рэч, але, убачыўшы, як чатырох ваяроў акружылі Якуба й, размахваючы мячамі, пачалі насядаць на яго, Мацей шпурнуў убок торбу з воўчымі пасткамі й рынуўся на дапамогу сыну, ухапіўшы на хаду першую трапіўшую пад руку жэрдку.
Якуб адбіваўся моўчкі, удала адводзячы ўдары й адступаючы ў напрамку Прыпяці. Мячы зь ляскам і скрыгатам высякалі снапы іскраў. Мацей падбег у той момант, калі Якуб ужо на самым беразе вялізарным скачком адхіліўся ад астрашэннага ўдару ў сьпіну ды з усяе сілы секануў па галаве аднаго з нападнікаў. Жордка Мацея аж сьвіснула ў паветры, калі ён, напружыўшы ўсе свае сілы, апусьціў яе на галовы нападнікаў. Адзін зь іх адразу ж паваліўся, як калода, з разьбітым чэрапам, другі, закруціўшыся на мейсцы, з прарэзьлівым енкам пакаціўся па абмерзлай траве. У гэты момант паваліўся й Якуб, глуха войкнуўшы. Мацей разгублена глянуў на сына, каторы, расьцягнуў шыся ва ўвесь рост, прымяў да зямлі стралу з татарскім апярэньнем. Не пасьпеў Мацей нічога й падумаць, як ацалелы знападнікаў секануў яго па галаве, зьнёсшы адным ударам палову чэрапа й плячо.
Пачуўшы шум, з хлява выбеглі астатнія зь сям'і Вадзtніка, якраз у той момант, калі рыцар, стоячы на ганку, пэўнай рукой выпусьціў стралу ў Якуба. Грыпіна, з прарэзьлівым крыкам ухапіўшы вілы, кінулася на забойцу сына. Але не пасьпела яна зрабіць некалькі крокаў, як цеціва луку дзвэнькнула ў другі раз, і Грыпіна павалілася як падкошаная са стралой у сэрцы. Кірыла падхапіў вілы й кінуў іх, цэлячы ў грудзі зьнявіднаму госьцю, але рыцар своечасова ўхіліўся, і вілы ўбіліся ў сьцяну, прыбіўшы да яе чорную расу ксяндза.
— Маеце на пядзю шчасьця, — заўважыў яму рыцар.
— Езус Хрыстус, — толькі й здолеў прамовіць у адказ пацярпелы.
Тым часам рэшта гасьцей навалілася на Кірылу й Марку, іхутка ад іх засталіся пацятыя шматкі...
— Ну вось! Шаноўны айцец Карафа, цяпер можаце спакойна скончыць вашу працу з абразамі, — зьвярнуўся рыцар да ксяндза. — Больш вам ніхто не перашкодзіць. Але пасьпяшай цеся...
— Не! Не! Сыне мой. Не жадаю нават і дакрануцца да іх. Уіх нячыстая сіла! — і ксёндз, перастрашаны да глыбіні душы, пачаў хуценька хрысьціцца, мармычучы модлы пад нос і перабіраючы пацеркі ружанца.
Да ганку падвялі коней. Рыцар і ксёндз падеяліся ў сёдлы й яшчэ раз акінулі паглядам падворак Вадзяніка.
На беразе, недалёка ад перавозу, ляжалі трупы — трупы Мацея, Якуба й трох ваяроў. Пасярэдзіне падворка — Грыпіна са стралою ў грудзях і пасечаныя Марка й Кірыла.
Рыцар размахнуўся й кінуў татарскі лук у бок сваіх пабітых чаляднікаў, калчан са стрэламі паляцеў сьледам.
— Сыне мой, вы найразумнейшы з вояў, якіх я толькі ведаў,— узрушана прамовіў ксёндз, зразумеўшы выкрут рыцара.
Рыцар нічога не адказаў. Самазадаволена ўсьміхнуўся, даў шпоры каню пад бакі, і ўся кавалькада хутка зьнікла зь віду, парушаючы ранішнюю цішыню пушчы.
Калі сьціхла бразганьне зброі, зь лесу асьцярожна вылезла чалавекападобная істота. Аблічча аброслае сівой барадой. Даўгія сівыя валасы, поўныя шышак дзядоўніку, зьвешваюцца на лоб, захінаючы гарашчыя вочы. Казьліныя скуры, надзетыя поўсьцю наверх, зьмешваліся з барадой і вусамі. У руцэ гэтага ляснога стварэньня цьмяна паблісквае нож. Крадучыся й неяк дзіўна ўздрыгваючы, стварэньне наблізілася да Грыпіны, Кірылы й Маркі. Хуткімі, спрытнымі рукамі абмацала іх і, адмоўна патрусіўшы барадой, накіравалася да Мацея. Памацала яго й раптам застыла нерухома: на дарозе чуўся гук — набліжаўся воз. Лясны чалавек адным скачком апынуўся ў лесе, але, не адыходзячы далёка, схаваўся ў хмызох.
Воз шпарка выкаціўся да перавоза. Два барадатыя палешукі разам саскочылі зь яго й са страхам азірнуліся наўкола: трупы й кроў, груганьнё ў паветры...
— Сьвят! Сьвят! Сьвят!.. Завяртай! — выгукнуў адзін, і воз загрукацеў у адваротную дарогу.
Як толькі грукат воза сьціхнуў, лясны чалавек вылез з хмызоў і ў два скачкі апынуўся каля аднаго з распасьцёртых ваяроў. Бліснуў нож — і нападік, што быў апрытомнеў, сканаў. (Гэта быў той, што ўпаў другім ад жордкі Мацея зь перабітым крыжам.) Цяпер да Якуба... Валасатая істота абмацала яго й, прамармытаўшы: «Вялікі Ярыла ласку сатвароха!», узваліў яго сабе на плечы. Нагамі размазаўшы Якубаву кроў да самай вады, рушыў у лес.
Насупілася магутная Прыпяць, забулькатала мацней у прыбярэжных карэньнях са злосьцяй непамернай. Лес ёй у адказ зашамацеў гальлём і зарыпеў векавымі стаўбурамі волатаў-ду боў, пасылаючы нямы праклён крывавым вершнікам, што парушаюць спрадвечны парадак...
6. БАЯРЫН ЛУКА РАЦІШЧАЎ
Уначы выпаў першы сьнег. Тонкім пушыстым дываном пакрыў зьмёрзлую шэрую зямлю. Вераб'і, натапырыўшыся, туліліся бліжэй да будынкаў, не падымаючы ўжо такога галасу.
Шуміліна прачнулася. Засьпявалі журавы калодзезяў, замычэлі каровы, зарыпелі па першым марозным сьняжку сялянскія вазы.
Грубы барадаты карчмар выйшаў на ганак. На ўвесь рот пазяхнуўшы, перахрысьціўся пэўным і размашыстым рухам, пачухаў у барадзе і зазначыў:
— Вось і зіма. Ласкава просім!
— Больш гасьцей будзе... — кінуў у адказ, не спыняючы хады, вартаўнік зь дзідай на плячы й ляскоткай за пасам.
— Дзякую на добрым слове, — і карчмар нізка пакланіўся.
— Гэй! Захар Кузьміч! — прагрымеў раптам бас шумілінскага войта. — Што гэта за госьці да цябе ўчора заехалі?
— А-а-а, шаноўны Пётра Ларывонавіч! Ласкава прашу... Ласкава прашу, заходзьце! Нашыя дзьверы заўсёды насьцеж для Вашае Міласьці! Ласкава прашу! Кварту загадаеце?.. Ці мо' паўкварты?.. З кіслай капусткай ці мо' з грыбкамі? Ласкава прашу... — Захар Кузьміч нізка пакланіўся войту. Але войт ня надта сьпяшаўся. Падабраўшы крысы шырачэзнага кажуха, ён памаленьку пралез праз вузкую фортку й, пагладжваючы здаравеннай мазолістай рукой кучаравую бараду, накіраваўся да ганку. Захар Кузьміч рысьсю кінуўся яму насустрач:
— Ласкава прашу... Ласкава прашу...
Што праўда, войт Пётра Ларывонавіч любіў пацягнуць, але ў карчму заглядаў рэдка. Для гэтага трэба было нейкае адмысловае нагоды, як сёньня.
— Зайду, зайду... Кінь ужо выдыгаць, Захару. Не люблю я гэтага твайго «ласкава прашу». Як трэба мне зайсьці, то хоць іне хацецімеш — зайду, а як ня трэба, то й не ўласкавіш.
— Ласкава прашу, зрабеце такую ласку, ласкава прашу, Пётра Ларывонавіч... — не сунімаўся карчмар.
— Ну й сьлізкі ж ты, Захару! Няўжо цябе самога ня нудзіць так, як мяне, ад гэтага блюзьнерства?
— Дык як загадаеце, кварту ці паўкварты? Ласкава прашу... Баярын нейкі маскоўскі адразу па прыезьдзе загадалі гуся смажанага, гарэлкі й квасу... Зайдзіце, Пётра Ларывонавіч, зрабеце такую ласку...
— Ня ведаеш, кажаш? Наскрозь цябе, Захар, бачу, але хай ужо па-твойму будзе, — і войт цяжкай хадой накіраваўся ўдзьверы.
Баярын ужо быў устаўшы, калі Пётра Ларывонавіч з клубамі пары ўваліўся ў карчму. Паважна перахрысьціўшыся на абразы, ён прывітаўся:
— Многія лета князю Маскоўскаму!
Баярын моўчкі пахіліў галаву ці то ў знак згоды, ці то замест прывітаньня, але застаўся сядзець на месцы. Войт зь цікавасьцю прыгледзеўся да госьця ў доўгай гафтаванай золатам рызе, з-пад якой віднелася кальчуга, у мангольскіх ботах з закручанымі ўгару насамі. Доўгая барада зь сівізной, доўгія тонкія пальцы ў дарагіх пярсьцёнках, сухі жылісты твар з малымі й надта сьветлымі вачамі, высокі ў зморшчынах лоб...
— З ласкі Гаспадара Вялікага Князя, — перарваў маўчаньне Пётра Ларывонавіч, — буду тутэйшым войтам пры ваяводу Віцебскім!
Баярын гнеўна зірнуў на войта й адказаў:
— Лука Рацішчаў! Баярын, пасол ад Гасудара Маскоўскага да Князя Літоўскага!
— Ну што ж, баярын, калі ня хочаш размаўляць, кланяцца ня будзем! — і войт накіраваўся да стала, грымнуўшы на хаду:— Гэй! Захару! Кварту з грыбамі!
Бачачы, як бесцырымонна захоўваецца войт, баярын прамовіў:
— За такую абразу буду жаліцца самому Князю й прасіць адпаведнае кары, бо халопу не належна сядзець у прысутнасьці баярына!
— Хто халоп? — прашыпеў праз зубы, устаючы, войт. — Яхалоп?.. Ня будзь ты, баярын, паслом, пазваў бы я цябе на ўтаптаную зямлю, пеша ці конна! І мусіў бы ты, баярын, станавіцца, бо абразіў ты драба літоўскага! — Тут войт шырака расхінуў кажух, і атарапелы баярын, нямала зьдзіўляючыся, пабачыў на палатнянай гафтаванай кашулі залаты рыцарскі пас.
Пётра Ларывонавіч двума каўткамі асушыў кварту гарэлкі, прыкусіў квашаным грыбам і выйшаў з карчмы, моцна ляснуўшы дзьвярыма.
Баярын з падзіву аж раскрыў рот. Ён ніколі ня мог сабе ўявіць, што пад гэтакім звычайным кажухом мог хавацца залаты рыцарскі пас — адзнака шляхетнасьці й адвагі.
— Ваша Сьветласьць, бацюхна баярын, ня гневайся, ласкава прашу... Пётра Ларывонавіч пашумеў, а потым сам шкадаваць будзе, — замітусіўся наўкола госьця карчмар. — Ён у нас лагодны чалавек, дарма што войт. Ня гневайся, бацюхна... Ласкава прашу...
— Зь якога роду войт вашы? Баярскага ці паспалітага? — пацікавіўся баярын, ведаючы, што ў Літве драбам можа стаць звычайны селянін, маючы розум, адвагу ды сілу.
— Рыцарскага, бацюхна, рыцарскага! Яго пакойны бацька, Ларывон Кірмунтавіч, яшчэ зь Вялікім Князем Альгердам на Маскву хадзіў. А пазьней загінуў ад караля Ягайлы Альгердавіча за тое, што Вялікага Князя Кейстута любіў і, жыцьця не шкадуючы, бараніў. Ларывон Кірмунтавіч тады й галаву палажыў, калі кароль загадаў задушыць Вялікага Князя Кейстута ўКрэве. Людзі кажуць, што, як даведаўся ён аб забойстве тым, дык ухапіў меч і дзесяць найлепшых польскіх рыцараў пасек, да караля прабіваючыся. На сьмерць пацяў... Апавядаюць, што злы дух у яго ўсяліўся, нікога ня слухаў і нічога не разумеў, толькі пенай пырскаў на ўсе бакі, аж пакуль яму галаву ня зьнесьлі.
— Ага, разумею, — перабіў баярын. — За гэта й карыстаец ца ваш войт ласкай Князя Вітаўта?
— Ня толькі за гэта, бацюхна баярын, ня толькі. Як забілі пакойнага Ларывона Кірмунтавіча, паслаў кароль дружыну на Сокалаў, вотчыну Ларывона Кірмунтавіча, і спалілі гэты самы Сокалаў дашчэнту, а людзей перабілі да аднаго. Пётра Ларывонавіч, войт нашы, у той час на крыжакоў паходам пайшоўшы быў. У тым пажары сокалаўскім згарэла й жонка Пётры Ларывонавіча з двума дзеткамі. Ад таго часу ён і не паказваўся болей у свой Сокалаў, хаця на вайне багатую здабычу здабыў. Пазагадзе Вялікага Князя Вітаўта Сокалаў адбудавалі, новымі людзьмі засялілі, але Пётра Ларывонавіч не хацеў туды ехаць, а ўсё з дружынай князевай заставаўся, аж пакуль дастаў пасаду войта тутэйшага...
Выслухаўшы ўважна апавяданьне карчмара, баярын гукнуў:
— Грыгорый! Нясі паперу й пёры!
Немалады ўжо дзяк, увесь у чорным, з рэдкай казьлінай бародкай і васковым колерам твару, сухі як жордка, мігам зьляцеў зь цёплай печы і, усеўшыся за стол, падрыхтаваўся пісаць.
Баярын, трохі памаўчаўшы, паважна пачаў дыктаваць:
«У градзе Шумілаве жывуць рускія людзі й веру рускую спаведуюць. Войт мясцовы Пётр сын Ларыонаў із Сокалава бедствія вялікія пацярпеў ад караля польскага й веры рымскай і ненавісьць пітае да іх прэвялікую. Гасудару ж Маскоўскаму жадае многія лета здравія й сілы. Людзі тут у дастатку жывуць вялікім, на войны й разрухі нягледзячы. З чужаземцамі ласкавыя, а да людзей маскоўскіх брацкую прыязьнь адчуваюць і Гасудара Вялікага Князя Русі Маскоўскай паўсякчас велічаюць ды Гасударам называюць, як і ў іншых гарадах і мястэчках Русі Літоўскай. Храмы Божыя веры рускай ва ўсіх гарадах і мястэчках пабудаваныя й вялікай ласкай і пашанай люду паспалітага карыстаюцца, відаць з таго, што Прэасьвяшчэньнейшы Ўладыка, мітрапаліт Маскоўскі і ўсяе Русі Фоцій працу й стараньне прэвялікія палажыўшы...»
Захар Кузьміч, сагнуўшыся ў пачцівым паклоне, слухаў дыктоўку баярына й у знак згоды лісьліва ківаў галавой. Дачакаўшыся нарэшце канца й сагнуўшыся яшчэ болей, ён спытаў:
— Бацюхна баярын, што на сьнеданьне зажадаеш? Ласкава прашу загадваць. Для Вашай Міласьці ўсё знойдзецца... Ласкава прашу...
Было ўжо блізка поўдня, калі баярын Лука Рацішчаў са сваім поштам выехаў з Шуміліна ў напрамку на Полацак. Сьнег пачаў таяць. З-пад конскіх капытоў ён фантанамі вылятаў, перамешаны з вадой.
Як уехалі ў лес, сыры вецер, што дзьмуў у полі, не адчуваўся амаль зусім. Добра адпачыўшы, коні ішлі лёгкай рысьсю, напінаючы павады. Баярын, пагойдваючыся ў сядле, пачаў пакрыху драмаць. Сяляне, што трапляліся па дарозе, скідалі шапкі й доўга глядзелі ўсьлед, дзівячыся небываламу ўбраньню й зброі гасьцёў у высокіх востраканцовых шоламах. Круглыя шчыты ззавілістым узорам выклікалі яшчэ большае зьдзіўленьне:
— Ці то чалавек, ці то мангол? Не разьбярэш...
Недалёка ад Залесься ўвагу баярына прыцягнула вялікая купа людзей, сабраных на ўзбочыне дарогі. Пад'ехаўшы бліжэй, ён пабачыў, што гэтыя людзі слухаюць сьляпога старца-гусьляра. У сялянскім натоўпе баярын заўважыў два рыцарскіх панцыры, што выблісквалі й паграмыхвалі ад кожнага руху іхных уласьнікаў — маладых драбаў. Абодва стараліся як мага меней варушыцца. Паскідаўшы шоламы й затаіўшы подых, яны ўсёй сваёй істотай прыслухваліся да голасу гусьляра. Прыпыніў каня й баярын, зацікаўлены даляцеўшымі да яго вуха словамі:
...Сабралась арда непамернаяПошт баярына, што пад'ехаў за ім, таксама застыў нерухома, прыслуханы да старога, але моцнага голасу сьляпца-гусь ляра. А дзед сьпяваў, перабіраючы сухімі зморшчанымі пальцамі лады на гусьлях:
Зараптаў народ, затрывожыўсяНатоўп навокал гусьляра паступова нарастаў. Людзі, затаіўшы подых, прыслухоўваліся да сьпеву і, міжволі забываючыся пра ўсё, пераносіліся думкамі туды, куды іх накіроўваў голас старога. Баярын асьцярожна, каб не перашкаджаць сьпеву, прыпадняў кальчужную сетку над вухам, каб ясьней было чуваць. А гусьляр сьпяваў:
Напаткаў князь арду пры рацэ.Баярын ужо, здавалася, ня чуў сьпеву гусьляра, яго думкі ляцелі дзесь далёка-далёка над стэпамі Палтаўшчыны: «...Вось дружыны Вітаўта пераходзяць Ворсклу. Полк за палком з фырканьнем і пляскам выбіраюцца на супрацьлежны бераг: літоўцы, жамойты, палякі, крыжакі й ізноў літоўцы, літоўцы... Татары шматтысячнай масай навальваюцца на яшчэ не разгорненых у баявы парадак драбаў. Але разьлік Вітаўта апраўдаўся: лёгкая коньніца манголаў не магла выстаяць супраць сталёвых панцыраў і цяжкіх сякер. Татары кідаюцца хто куды, і вось, здаецца, перамога Літвы... Але татары не бягуць, а толькі мяняюць спосаб вядзеньня бою. Яны не падпускаюць блізка да сябе, засыпаюць хмарамі стрэлаў і на сваіх хутканогіх конях унікаюць рукапашнай сечы... Літоўскія шэрагі заўважна радзеюць: падаюць драбы, падаюць князі, падаюць рыцары й воі жамойцкія, польскія, нямецкія, спрэс пакрытыя стрэламі. Вось падае Андрэй, князь Полацкі, са стралой у перносьсі...
Вялікі Князь зразумеў выкрут Эдыгея і пад прыкрыцьцем сваіх лучнікаў адцягвае дружыну назад, за Ворсклу, пад ахову лесу. Палкі адыходзяць хутка, нібы ў паніцы, падымаючы цэлыя хмары пылу. Татары ўзьнімаюць страшэннае выцьцё — кліч перамогі — і кідаюцца сьледам, каб дабіць, зьнішчыць сілу літоўскую. Эдыгей ужо марыць аб ласцы й багацьці ад Цімура Кульгавага, Хана Ардынскага й Караля Каралёў... Частка арды перапраўляецца праз Ворсклу й паглыбляецца ў лес... але трапляе ў пастку, раскінутую Вітаўтам. Пачынаецца бязьлітаснае вынішчэньне зарвалых. Татары кідаюцца назад у воды Ворсклы, але й тут іх даганяюць стрэлы цэльных літоўцаў, роўных якім няма лучнікаў у сьвеце. Частка арды на тым беразе моўчкі назірае гібель сваіх супляменьнікаў, ня маючы магчымасьці нічым ім дапамагчы. Вада ў Ворскле робіцца чырвонаю ад крыві, трупы татараў сотнямі пакрываюць берагі невялікае, але глыбокае ракі. Забітыя ўжо ляжаць цэлымі купамі, немагчыма іх палічыць... А сеча цягнецца далей... Татары ўжо апамяталі ся, адбіваюцца, але цяжка шабляй прасячы сталёвы панцыр, затое меч і сякера лёгка сякуць татар, пакрытых скурай зь бляшкамі... Ацалелыя рэшткі татараў, пакідаючы коней і зброю, прабіраюцца да сваіх — за Ворсклу. Бітва спыняецца. Арда разьбілася аб жалезныя грудзі Літвы, але Вітаўт зьнясілеў — згубіўшы сотні князёў і тысячы драбаў... Хан заварочвае ад зямлі Літоўскае, а Вітаўт варочаецца ў Літву загойваць раны...
Гусьляр ужо даўно скончыў, бязгучна варушыць патрэсканымі вуснамі й ціха пагладжвае па галаве свайго хлопчыка-па вадыра, а сабраны натоўп яшчэ доўга стаіць нерухома, заварожаны песьняй-думай.
Баярын, апамятаўшыся, кінуў у дзедаву шапку медзяны грош і памаленьку рушыў далей. За ім маўкліва рушыў ягоны пошт.
Усю дарогу баярын ехаў моўчкі, перабіраючы ў думках малюнкі, навеяныя дзедам-гусьляром...
7. МАРЫЛЯ
Ваявода Фёдар, залечваючы рану ў баку, не марнаваў часу дарэмна. Разаслаў ганцоў па ўсіх воласьцях Слуцкага княства, і праз кароткі час у Слуцак пачалі прыходзіць вялікія й малыя, пешыя й конныя аддзелы ўзброенных людзей.
Стары князь толькі пагладжваў сівыя вусы ад задавальнень ня, прыглядаючыся да працы неўтаймаванага ваяводы.
Кузьні ў горадзе працавалі дзень і ноч, куючы панцыры, кальчугі, сякеры, мячы, наканечнікі на дзіды й стрэлы, падковы... Абаронныя валы навокал Слуцку пачалі паступова ператварацца ў мураваныя сьцены зь вежамі. Дружына ўжо вырасла ў добры полк зь пяцю сотнямі коньніцы й дзевяцьцю сотнямі лучнікаў ды капейшчыкаў пешых. Узбраеньня яшчэ бракавала, але да надыходу вясны спадзяваліся ўзброіць усіх.
Сьнег і маразы затрымалі працу, але галоўнае было ўжо зроблена, і набліжаўся час ваяводу Фёдару ехаць да гаспадара ўТрокі. Рана ў баку амаль загаілася, але чым бліжэй быў час ад'езду, тым мацней адчуваў ваявода, што мае іншую рану — рану ў сэрцы. Гэтая рана крывавіла, не давала ні есьці, ні спаць, ні працаваць. Што раз то болей Фёдар адчуваў, як цяжка яму будзе разьвітацца з Марыляй, ня бачыць яе, ня чуць ейны голас...
Некалькі апошніх дзён ён хадзіў пахмуры й нібы чымсь незадаволены. У суправодзе страмянага Бая й Кірыма ён часта выяжджаў на паляваньні, праводзячы там па некалькі дзён, стараючыся паменей бачыць залатыя косы й блакітныя вочы Марылі. «Можа, звыкнуся...» — думаў ён. Але нічога з гэтага не выходзіла. Чым даўжэй яе ня бачыў, тым мацней да яе цягнула. Чароўны вобраз яе перасьледаваў яго нават у самай найгусьцейшай пушчы, на шырокай раўніне, на самым хуткім скаку.
Страмянны Бай разумеў хваробу свайго ваяводы, падзяляў і ўхваляў ягоны выбар, але дапамагчы нічым ня мог, ды й не адважваўся. Яго дзівіла толькі адно: раней пры вялікакняжым двары, сустракаючыся з рознымі красунямі, ваявода быў заўсёды вясёлы, жартаўлівы й адважны. Нават пры такой прыгажуні, як сястра Вітаўта Рынгайла, ваявода ніколі не разгубіўся. Анаконт князёўны Рынгайлы, то Бай ведаў, што яна на ваяводу Фёдара паглядае салодкім вочкам, а ён дык нават і ў вус ня дзьмухне. А тут на табе, закахаўся... Ды так закахаўся, што й сьвет яму ня мілы. Верны Бай часта ламаў сабе галаву, як дапамагчы ваяводу.
Аднойчы, едучы з паляваньня, ён падзяліўся сваімі думкамі з татарынам, каторы пачаў ужо прызвычайвацца да мовы й звычаяў сваіх новых гаспадароў.
— Кахае? Дык хай жэніцца! — вырашыў Кірым.
— Жэніцца... жэніцца... — перадражніў Бай. — А можа, яна яго не кахае, дый не захоча пайсьці за яго!?
— А калі ня хоча, то чаго тоды кожны раз на дарозе пападацца? А? Вока мазоль робіць? Так?
— Як так, мазоль? — не зразумеў Бай.
— Так! Проста! Як мы прыедзеш, пабачыш! Ты стары, на такі рэчы сьляпы, бо твой сэрца ўжо высах і гарачы кроў там няма! Таму ня бачыш!
— Чаго ня бачу? Яе?
— Не яе, а вочы яе! Як прыедзеш да горад, прасі ваявода: пусьці ўперад ехаць! А як забачыш яе, глядзі добра! Яна ня ўбачыць ваявода, цябе спытае: дзе ваявода?.. — а ў вочы чорны ноч будзе. Скажы: ваявода памалу едзе, зараз прыедзе. Сонца вялікае ў вочы яе зайграе й па шчаках аж пад косы залезе. Пабачыш!
— Ну пабачым... Але здаецца мне, што пляцеш ты байку нейкую з сонцам тваім... — усумніўся Бай.
— Хто пляцеш? — ускрыкнуў Кірым, ды так, што ваявода, які ехаў уперадзе, азірнуўся.
— Ты пляцеш, — прыцішыў Бай голас. — Бо ня бачыў я нічога такога.
— Кажу, ты стары, затое ня бачыў. А я бачу, бо гляджу, ігляджу ня толькі вокам, а й сэрцам...
— Гэй, ты! Пацішэй трохі з тваім сэрцам! Завядзе яно цябе ў бяду...
— Ня ты мяне вучы! — перабіў Кірым. — Ваявода мяне жыцьцё ратаваў! Ваявода мяне гаспадар! Ваявода мяне закон, і таму яна мяне закон, калі кахае!
На гэтым гутарка абарвалася. Ваявода усё так жа пахмура ехаў уперадзе, толькі сьнег рыпеў пад капытамі. У далі паказаліся муры й вежы Слуцка. Коні самі наддалі ходу й буйной рысьсю вынесьліся на засьнежаны гасьцінец. Тут стары Бай, вырашыўшы пераканацца ў праўдзівасьці слоў Кірыма, дагнаў ваяводу й папрасіў:
— Ваявода, дазволь мне ўперад паехаць... Пераканацца мушу...
— Як прыедзем, тады й пераканаесься! — неахвоча адказаў Фёдар, нават не зразумеўшы добра, што хоча ад яго Бай.
— Але ж, каб пераканацца, мушу ўперад праехаць, — не пагадзіўс я Бай, аднак, слухаючы загаду, з жалем стаў стрымліваць каня.
— Як так, то едзь...
Бай радасна ўсьміхнуўся, сагнуўся ў сядле й, сьвіснуўшы бізуном, стралой выляцеў уперад.
Ваявода зьдзіўлена глянуў яму ўсьлед — што гэта са старым сталася? Тут толькі яму прыйшло ў галаву пацікавіцца падставы да такой сьпешкі. Але было ўжо запозна. Стары Бай, нахвостваючы каня, хутка набліжаўся да места, пакінуўшы далёка ззаду зьдзіўленага ваяводу й задаволенага Кірыма.
Марыля, якая ў гэты час гуляла зь дзяўчатамі каля цытадэльнага муру, спачатку не зьвярнула ўвагі на набліжэньне адзінокага коньніка. Але Бай, заўважыўшы яе чырвоны паўкажушак, наўмысьля гучна гікнуў. Дзяўчаты разам азірнуліся. Румянец адразу зьнік з твару Марылі, калі ўбачыла Бая на ўзмыленым кані. Нічога ня думаючы, яна кінулася насустрач і, ухапіўшыся за стрэмя, перастрашанымі вачамі ўпілася ў твар старога.
— Дзе ваявода?.. Што зь ім?..
Бай марудзіў з адказам, упіваючыся насалодай ад страху дзяўчыны. Як казаў Кірым: чорная ноч у вачах! Не, ня чорная ноч. Кірым памыліўся. Штось яшчэ чарнейшае, што бывае ад зьмяшаньня ў купу каханьня, страху, надзеі й безнадзейнасьці...
— Дзе?.. Дзе ваявода Фёдар? — тузала Марыля стрэмя, забыўшыся пра ўсё на сьвеце. Голас яе дрыжэў, па шчаках пакаціліся сьлёзы. Баю стала шкада:
— Чаго ты ўспалашылася, мая ластаўка? — сам ледзь ня плачучы, прамовіў ён. — Ззаду едзе ваявода. Зірні на дарогу, пабачыш.
Марыля ўздрыгнула й рыўком азірнулася — у далечыні віднеліся два коньнікі...
Вогненай чырваньню заліло твар дзяўчыны, толькі тут яна зразумела сваю нерассуднасьць, але нічога не парадзіш, сэрцу не загадаеш. З надзеяй зірнула яна ў бок дзяўчат — ці заўважылі, ці здагадаліся? Дзяўчаты, разумеючы Марылю, разам утаропілі вочы ў зямлю.
— Здагадаліся!.. — мільгнула ў галаве, і, выпусьціўшы з рук стрэмя, яна бегма кінулася ў браму замку й зьнікла з вачэй. Бай накіраваўся сьледам, задаволены сваёй выведкай.
Ваявода, уехаўшы ў горад і пабачыўшы купку дзяўчат, пашукаў між іх вачамі. Марылі не было. Балюча сьціснулася сэрца, і тут жа рашыў: «Заўтра выяжджаю!..»
Але чалавек разьлічвае, а Бог вырашае, і ад'езд ня ўдаўся. Стары Бай, ідучы вечарам, пасьлізнуўся й упаў, але так няўдала, што зламаў сабе руку. Фёдар патаемна ў душы радаваўся гэтаму здарэньню, хаця вельмі шкадаваў старога. Прычына, каб застацца ў Слуцку, была.
Але радавацца давялося нядоўга. У абед другога дня прыскакаў ганец ад Вітаўта з загадам для ваяводы: «Неадкладна прыбыць у Полацак!»
Увечары сустрэўшы старога князя, Фёдар паведаміў яму аб сваім ад'езьдзе. Князь, уважна на яго паглядзеўшы, прамовіў:
— Даўно ўжо я чакаю на гэта й пачаў ужо было дзівіцца зтваёй, Фёдар, нерашучасьці й маруднасьці. Але, прыгледзеў шыся ўважней, я зразумеў, у чым справа...
Пры гэтых словах Фёдар пачырванеў так, што аж у вушах зазьвінела і зрабілася душна. Князь зрабіў выгляд, што не заўважае гэтага, і як нічога й не было працягваў далей:
— Быў і я малады... І таксама кахаў, няма тут нічога дзіўнага. Памятаю, адыходзілі мы зь Вялікім Князем Альгердам на Маскву... Чаго я тады напакутаваўся. Дні здаваліся мне гадамі, а ночы, дык зусім бясконцымі. Страціў я тады супакой, ня спаў начамі, а ўдзень бадзяўся нібы п'яны, нічога ня бачачы й ня чуючы. І хаця мы пасоўваліся хутка, але пакуль да Масквы падышлі, ад мяне застаўся толькі цень. Але дзякаваць Богу, пад Масквой стаялі нядоўга, бо князь Маскоўскі Дзьмітры Іванавіч спалохаўся й папрасіў міру. Вялікі Князь Альгерд прабачыў яму, але на ўспамін убіў у браму Маскоўскую сваю дзіду й сказаў пры гэтым: «Глядзі, Дзьмітры! Каб памятаў і ты, і дзеці твае, іўнукі, што я тут быў і дзіду сваю пакінуў. На Белай Русі табе рабіць няма чаго, а не, то біты будзеш! Не забудзься, што дзіда літоўская стаяла пад Масквой!» Адсюль мы назад рушылі са здабычай вялікай і падарункамі, а мяне гаспадар уперад пусьціў, ведаў, на што я хварэю. Ну й скакаў жа я. Ні ўдзень, ні ўначы — не адпачываў. Палову пошту па дарозе разгубіў, аж за некалькі тыдняў пазьбіраліся. А прыехаўшы дадому, вось тут, у браме, зваліўся зь сядла й заснуў. Так, ня сьмейся... Проста зь сядла вываліўся й заснуў. Думалі, памёр. Дзень і ноч праспаў. А потым?.. Потым ажаніўся і стаў адным з тых, якія кажуць: «Эх! Каб я сёньня ды дзецюком нежанатым быў!..» Старыя людзі казалі, што гэта, напэўна, таму, што як па шлюбе выйшлі з царквы, дык я на царкву азірнуўся. Але я не прыгадваю нечага такога. Проста неяк так, заўсёды бывае...
— Ну так, — запярэчыў Фёдар. — Але жаніцца так ці так, атрэба? То лепей ужо ажаніцца з тою, якую кахаеш.
— Ты, Фёдар, яшчэ дваццаць разоў пакахаеш! А мо' й болей.
— Ня думаю!..
— Ня думаеш? Сказаць хочаш, што мыляюся? Але й я калісь быў пэўны, што Вялікі Князь Альгерд памыляецца. Хаця й ведаў, што ён не мыляецца ніколі! Ненадарма яго клічуць Альгерд Мудры! — шматзначна закончыў князь...
Зь вечара пачалася завея. Сухі й гостры сьнег, здавалася, зусім не асядае на зямлю. Ён то зь мяккім шорахам праносіўся па абледзянелай зямлі, то завываў у верхавінах дрэў, то сьвістаў і рагатаў у зубцах і бойніцах замку. Галодныя ваўкі сабраліся ўвялізарныя зграі і ўсю ноч завывалі навыперадкі зь ветрам, дзесь паблізу места. Па дарогах зрабілася небясьпечна езьдзіць. Умінулую зіму недалёка Слуцка яны заелі насьмерць цэлы купецкі караван разам з узброенай аховай.
У цэрквах усю ноч званілі ў званы, каб позьнія падарожнікі, калі такія здарацца, ведалі, дзе шукаць людзей і начлег. Начныя вартаўнікі мацней калацілі ў свае ляскоткі.
Раніцай наўсуперак усім спадзяваньням завея ня сьціхла. Вецер з выцьцём і сьвістам намятаў вялікія гурбы сьнегу, але мароз трохі адпусьціў. Ваявода вырашыў ад'езду болей не адкладаць, каб учарашняя гутарка не паўтарылася. Даручыўшы старому Баю служыць і даглядаць Марылю гэтак жа верна, як служыў дасюль ваяводу, Фёдар узяў з сабою сотню коньнікаў і ў самым дрэнным настроі выехаў з замку. Выбраўшыся за мост, ваявода азірнуўся, і яму на хвілю здалося, што праз завею паміж зубцоў муру мільгануў чырвоны паўкажушак... Але сколькі ён болей ні прыглядаўся, чырвонай плямкі не было... Значыць, здалося...
Між тым, Марыля была на муры. Яна крадком вярнулася ўсвой пакой і расплакалася. Дзявочае сэрца разрывалася ад болю й жалю: «Ад'ехаў! Каханы, найдаражэйшы ад'ехаў. І яна нават ня ведае, ці кахае ён яе... Як гэта цяжка, кахаць і ня ведаць... Не! Не! Ён не кахае! Бо як бы кахаў, то хоць як небудзь бы выявіў... Не! О Божа, ён мусіць кахаць! Але ад'ехаў... А разам зь ім і Васіль, і Кандрат Тур, і Кірым...»
Бедная дзяўчына забылася, што тут застаўся стары Бай, зкаторым пасьля тае сустрэчы каля муру яна пасьпела ўжо завязаць сяброўства. Гэтае сяброўства завязалася неяк само па сабе. Абодва заўсёды пачалі шукаць адно другога. Ім было прыемна й весела быць разам. Штось лучыла іх і збліжала, а гэтым «штось» было тое, што абодва любілі ўсёй сваёй істотай Фёдара ваяводу Грозаўскага. Бачачы гэтую любасьць адно ў другога, яны збліжаліся яшчэ болей.
8. У ПОЛАЦКУ
Паважна й урачыста ўдарылі званы Сьвятое Сафіі, і тысячагалосым перазвонам адгукнуліся навакольныя цэрквы й манастыры.
Натоўпамі паваліў народ на паніхіду па загінулых на Ворскле, замоўленую самім Вялікім Гаспадаром Літвы. Тысячы палачан і гасьцей бесьперапынным патокам уліваліся ў расчыненыя насьцеж дзьверы храмаў Гасподніх. У гэтым натоўпе ўсё перамяшалася: і шэрая саматканая сьвітка селяніна, і бліскучы панцыр драба, і скураны фартух рамесьніка, і яскравы плашч шляхціца. Побач з чорнай расай манаха паблісквае кальчуга воя, аксамітны камзол купца, каляровы кажушок жанчыны, пышны ўбор чужаземца...
Галасы званоў пачалі зьлівацца ў адзін суцэльны гул, калі ўмарозным паветры ад боку замку пачуўся роў натоўпу. Роў гэты з хуткасьцю бягучага каня набліжаўся да белакаменнага сабору Сьвятое Сафіі.
Баярын Лука Рацішчаў зь цікавасьцю назіраў за палачанамі. Ад таго моманту як загудзелі званы, ён не спускаў вачэй зь людзкога мора і стараўся не прапусьціць ніводнага гуку, ні адной гутаркі, якія чуліся паблізу.
Урачысты гоман нарастаў. І па меры яго набліжэньня натоўп расступаўся, утвараючы шырокі праход на сярэдзіне вуліцы, аж да самых прыступкаў сабору, на якіх у чаканьні Вітаўта сабралася ўжо ўся полацкая знаць.
Мітрапаліт Маскоўскі й Усяе Русі Фоцій паважна сышоў зпрыступак і, трымаючы ў руках цяжкі залаты крыж, замёр усярэдзіне праходу між прымоўклымі вернікамі. Твар уладыкі выражаў глухі жаль і пакору лёсу, гэтак жорстка й бязьлітасна абарваўшаму столькі маладых і поўных надзеі жыцьцяў слаўных драбаў літоўскіх.
Баярын Лука ўсьміхнуўся ў бараду, калі пастараўся ўявіць сабе, што ў гэты момант думае высокашаноўны сьвятар. Апозірк мітрапаліта ў ягоны бок яшчэ болей пераканаў хітрага пасла Масквы. Гэты позірк, поўны пагарды да навакольных людзей і насьмешкі зь іх няшчасьця, не ўсьлізнуў ад увагі баярына. Бачыў гэта ячшэ адзін чалавек. Чалавек гэты стараўся ўсімі сіламі як мага меней прыцягваць да сябе ўвагу. Ён, ухутаўшыся ўшырокі чорны плашч, быццам стараючыся сагрэцца, прымасьціў ся недалёка ад баярына, на прыступках стражніцы. Нічым не адрозны ад натоўпу, ён і сапраўды нікога не зацікавіў. Ён, таксама як і баярын, уважна прыглядаўся й прыслухоўваўся, але, прыкмеціўшы групу чужаземных рыцараў, якія прабіраліся празь людзкую масу пабліжэй да праходу, каб зблізу прыгледзецца да Вялікага Князя, ён сагнуўся й зьнік з вачэй.
Праціснуўшыся ўперад, чужаземцы, выбліскваючы залатымі пасамі й багацьцем зброі ды вопраткі, спыніліся, чакаючы на праезд уладара гэтае краіны. Былі тут вядомыя сваёй адвагай і сілай рыцары Эўропы: францускі граф Андрэ дэ ля Шэр, які ўжо ня першы год знаходзіўся ў Літве, шкоцкі рыцар Алан Марцімэр Мак Марцімэр, малады рыцар Бургундыі Олівэр д'Арно, браты Райнграфы Эдуард і Карл фон Глензінгены, аўстрыец Барон Морыс фон Тойпліц і рыцар Вільгельм Бройц-Вольфганскі з Баварыі.
Нарэшце пад аглушльныя крыкі прывітаньняў зь невялікай сьвітай паказаўся верхам на белым кані Вялікі Князь Літоўскі Вітаўт Кейстутавіч.
Нягледзячы на жалобны дзень, Вітаўт ня мог стрымаць радасьці, расьпіраўшай яго, калі бачыў гэты заўсёды суворы й стрыманы народ у такім радасным і буйным выяўленьні вернасьці, даверу й любасьці да свайго гаспадара, і ён ветліва ўсьміхаўся.
Побач зь Вітаўтам едзе яго сястра, чароўная князёўна Рынгайла, маладзенькая ўдава князя Гэнрыка Мазавецкага. Пасьля раптоўнай і невытлумачанай сьмерці свайго мужа паўманаха -князя яна не пажадала заставацца пад апекай свайго швагра Януша Мазавецкага й вярнулася ў родную Літву. Сваім надзвычайным хараством уражвала чужаземцаў, тым болей што астатнія ў пошуках прыгодаў ехалі ў Літву, спадзеючыся сустрэць тут напаўдзікуноў, напаўзьвяроў — штось такое валасатае, брыдкае, выразна не акрэсьленае. І вось зараз, убачыўшы князёўну, малады бургундзец Олівэр д'Арно аж анямеў з захапленьня. Граф дэ ля Шэр, прыкмеціўшы, што робіцца зь яго маладым земляком, паляпаў яго па плячы й прамовіў:
— Закрыйце вашы рот, дарагі сябру! Вы, здаецца, прыехалі сюды, каб змагацца з чараўнікамі? Але, сустрэўшы першую чараўніцу, вы зрабілі такую дурную міну, што калі вам ня ўдасца зараз жа перамяніць выраз вашага шляхетнага твару, то нас падымуць на сьмех. Што зусім не адпавядае ні нашым намерам, ні жаданьням. А тым болей у яе прысутнасьці...
Бургундзец адразу схамянуўся й прыняў самую ваяўнічую паставу, але з запалам прашаптаў:
— Клянуся прахам маіх продкаў, я заваюю яе сэрца й прыхільнасьць!..
— І вы двойчы абразілі памяць вашых слаўных продкаў, — стрымана заўважыў граф. — Бо ні сэрца, ні прыхільнасьці не заваюеце!
Граф быў у гэтым пэўны, і не без падстаў. У недалёкім мінулым ён сам быў бязьмежным паклоньнікам чароўнай Рынгайлы, але, пераканаўшыся ў безнадзейнасьці сваіх высілкаў, захаваў палкае каханьне пад маскай абыякавасьці.
Аднак палкі бургундзец прапусьціў міма вушэй гэтыя словы, што й адпавядала яго маладосьці. Затое як ён успыхнуў ад зайздрасьці, калі князёўна, кумір яго сэрца, праяжджаючы міма й пазнаўшы графа, ветліва памахала яму ручкай. За такое шчасьце Олівэр аддаў бы не задумваючыся сваё жыцьцё. Граф жа нізка пакланіўся, нават занадта нізка, каб ня выдаць сябе з галавой, і Олівэр зразумеў адразу, што робіцца ў душы гэтага паважнага й халоднага з выгляду чалавека.
Раптам прыкмеціўшы, што князёўна зьбіраецца злазіць зьсядла, малады бургундзец кінуўся з усіх ног, каб падасьпець першым і падтрымаць ёй стрэмя. Але не пасьпеў ён зрабіць і некалькі крокаў, як адзін з драбаў з пошту Вітаўта ўжо выперадзіў яго. Князёўна, абапёршыся аб яго магутнае плячо, лёгка саскочыла на ўтаптаны сьнег.
Злы ад няўдачы, Олівэр пахмура вярнуўся да сваіх сяброў.
— Што гэта за прынц такі? — гнеўна спытаў ён, паказваючы на свайго суперніка ў ярка зялёным плашчы, з-пад якога зіхацеў багаты панцыр. Яскрава выступаючы на зялёным полі плашча, кідаўся ў вочы герб шчасьліўца: на чырвоным шчыце залаты прастакутнік з прыгожым выгінам бакоў, усярэдзіне якога зь левага ніжняга кута ў правы верхні працягнулася белае маршальскае жазло.
— Гэта й ёсьць прынц! — супакойна адказаў граф. — Спадкаемца Смаленскі, княжыч Яраслаў. І магу дадаць: такі ж нешчасьлівец, што датычыць гэтае чараўніцы, як і вы, мой сябра! Супакойцеся й назірайце... гэта будзе больш карысна!
Шкоцкі рыцар, вялізарны ростам і адважны да безразваж насьці, Алан Марцімэр Мак Марцімэр, прыглядаўся больш уважна да Вітаўта, чым да яго прыгожай сястры, і з падзівам зьвярнуўся да графа:
— Скажыце, шаноўны граф, гэта й ёсьць той самы Вялікі Князь Вітаўт, якога так баіцца Кароль Ягайла і які наводзіць гэткага страху на паважаны Тэўтонскі ордэн?
— Што ж вы тут знаходзіце дзіўнага? — у сваю чаргу зьдзівіўся граф. Але ён не прызнаўся, што й сам пры першай сустрэчы зь Вітаўтам быў зьдзіўлены ня менш за шкота. Але зчасам прызвычаіўся й не падзяляў ужо таго падзіву, які выклікаў выгляд Вялікага Князя.
— Па праўдзе сказаць, — удакладніў шкот, — будучы ўМальборку й у Кракаве ды наслухаўшыся ўсякіх дзіваў дзівосных пра сілу й мужнасьць гэтага князя, я ўяўляў яго сабе калі ня большым, то ў кожным разе такім, як я, і ростам і сілай, аднак...
— Вас увяло ў зман слова «Вялікі» ў яго тытуле.
— Так! Напэўна! Але клянуся сьвятым Андрэем, гэтакі маленькі ростам і з такім лагодным тварам, ён ня ўмее трымаць мяча ў руках! А ўся слава, якая ходзіць аб ім, належыць вось гэтым малайцам зь яго пошту! — не сунімаўся ваяўнічы шкот.
— А я, са свайго боку, не радзіў бы вам сустрэцца зь ім уполі, нягледзячы на вашы вялізарны рост, магутныя плечы й двуручны меч! — быў адказ графа, каторы ўжо ня раз меў нагоду пераканацца ў баявых здольнасьцях Вітаўта.
— Пастараемся ў гэтым пераканацца! — груба адрэзаў шкот, пакрыўджаны зьнявагай да сваёй асобы, прасьлізнуўшай у тоне графа. — І папрашу падобных парадаў мне больш не даваць!
На гэта граф змаўчаў, тым болей што задзірацца са шкотам зусім не хацеў. Астатнія чужаземцы, не ўступаючы ў гэтую спрэчку, уважна прыслухваліся да словаў дасьведчанага й разважнага графа, ведаючы, што ён ня новы ў Літве, а таму адказвае за свае словы і парады.
Тым часам Вітаўт, прыняўшы дабраславенства мітрапаліта, узышоў на прыступкі, хутка перахрысьціўся і, яшчэ раз махнуўшы народу рукой, зьнік у дзьвярох сабору. Рынгайла, пошт і полацкая знаць падаліся сьледам. Нерухомы дагэтуль натоўп рынуўся ўперад і хутка запоўніў сабор.
І які ён ні быў вялікі, туды не ўмясьцілася й паловы жадаючых быць на паніхідзе разам з гаспадаром. Ані пераймаючыся гэтым, людзі, якія засталіся на марозе, падрыхтаваліся адбыць паніхіду пад адкрытым небам — як нехта пусьціў жарт: «Бліжэй да Бога!».
Праз адчыненыя дзьверы сабору данесься голас мітрапаліта:
— Дабраславены Бог наш...
Натоўп заварушыўся, і сотні сьвечкаў заіскрыліся на марозным паветры. Чужаземцы, узрушаныя ўрачыстасьцю моманту, пайшлі за прыкладам графа й, паскідаўшы шоламы, таксама запалілі сьвечкі.
Баярын Лука, хаця й трымаў сьвечку, аднак думкамі быў далёка ад паніхіды. Яго турбавала тая пашана й любасьць, якой быў акружаны Вялікі Князь Вітаўт з боку сваіх падданых. Авялікая колькасьць чужаземцаў і іх пашана да гаспадара — зусім палохала яго, бо як мог ён пры гэтакіх абставінах пераконваць Вітаўта ў патрэбе хаўрусу зь дзікай Масквой (хоць і адзінавер най). Глыбока задумаўшыся, баярын Лука прастаяў усю паніхіду й ачуўся толькі тады, калі натоўп вернікаў укленчыў, з пабожнасьцю прыслухоўваючыся да голасу, што гучаў з сабору:
— Ва блажэнным усьпеніі вечны пакой падаждь Госпадзі, здзе памінаем рабоў Тваіх, палажыўшых жывот свой на полі брані за веру Праваслаўную і Айчызну.
Чуваныя ўсьлед за гэтым усхліпы й плач патанулі ў стройным сьпеве хору:
— Вечная памяць...
* * *
Дом купца Мюльлера, што гасьцінна прыняў пад свой дах камандора фон Кройцэнбэрга, фасадам выходзіў на базарны пляц. Леваруч у вокны быў відзён полацкі замак — сёньняшняя рэзыдэнцыя Вітаўта, праваруч — сабор Сьвятое Сафіі. Мейсца, як і належыцца базару, вельмі жывое. А для Кройцэнбэрга лепшага ды выгоднейшага становішча нельга было й прыдумаць: назіраць за рухам і людзьмі праз вокны, прымаць афіцыйных гасьцей з параднага ўваходу, неафіцыйных — з тылу, праз зарослы бэзам і шыпшыньнікам сад, які выходзіў на глухую вулку, што вяла аж да самае Дзьвіны.
Чым даўжэй камандор знаходзіўся ў Літве, тым болей пераконваўся ў фантастычнасьці свайго пляну. Усе яго задумы, каторыя здаваліся такімі простымі й латвымі да зьдзейсьнень ня ў Кракаве, цяпер разьвеяліся, як сны пасьля абуджэньня. Хочаш-няхочаш, прыходзілася падумаць аб выпрацоўцы новага, больш рэальнага пляну. Але за што ўхапіцца, на што абаперціся?
Кройцэнбэрг у задуме сядзеў за сталом, падпёршы чало рукой. Перад ім ляжала мапа Вялікага Княства Літоўскага. Бальшыня гарадоў і мястэчак рукой камандора былі абведзеныя роўненькімі колкамі. Гэтыя колкі больш за ўсё й турбавалі яго...
Прыехаўшы ў Літву, ён у першую чаргу пастараўся прыдбаць сабе інфарматараў. У ход былі пушчаныя золата й абяцанкі, іпраз кароткі час Кройцэнбэрг ужо меў выразны малюнак становішча ў гэтым «дзікім» і «паганскім» краі. Штодня ён наносіў усё сьвежыя й сьвежыя колачкі на мапу. Гэтыя ненавідныя колкі разбурылі дашчэнту такі выразны й распрацаваны плян, бо кожнае зь іх азначала, што з дадзенай мясцовасьці ўканцылярыю Вялікага Князя прыйшла вестка аб утварэньні палка. І зараз, нягледзячы на марныя надзеі ды на нянавісьць да ўсяго літоўскага, Кройцэнбэрг ня мог не захапляцца арганізацыяй і парадкам у гэтым, як здавалася на першы пагляд, хаосе. Сам сабою прыгадаўся прадбачлівы й асьцярожны брат тампліер. Вось калі ён прыдаўся б са сваёй абдуманай парадай. Але паколькі яго няма і няма надзеі на хуткае зь ім спатканьне, трэба шукаць выйсьця самому. Распаліць вайну між Польшчай і Літвой цяжка, бо Кароль Ягайла, напэўна, таксама ўжо ведае пра надзвычайныя дасягненьні Вітаўта па зборы дружыны, ігэта адаб'е яму ўсякую ахвочасьць задзірацца. Не дапаможа нават, калі б кароль даведаўся пра патаемныя перамовы Вітаўта зЧэхіяй. Гэта, праўда, выкліча незадаволеньне караля, але да вайны не давядзе. Трэба козыр захаваць — можа, яшчэ прыдасца.
Раптам бліскавічная думка зьявілася ў галаве Кройцэнбэр га: а што калі паспрабаваць з іншага боку? Падбухторыць Вітаўта супраць караля! Так, так! Над гэтым трэба падумаць! Цяжка, але не безнадзейна! Самому йсьці да Вялікага Князя нельга— ён нават цярпець выгляду крыжака ня можа, ня тое каб зь ім гаварыць, а тым болей яму паверыць. Не выратуе нават і напамін пра тую дапамогу, якую аказаў ордэн Літве ў бітве на Ворскле. Вітаўт ведае цану гэтае дапамогі. І нашто было патрэбна брату Рудольфу фон Шонінген душыць гэтых Вітаўтавых дзяцей? Незразумела! Хацеў гэтым забойствам уціхамірыць яго? А чаго асягнуў? Узьлютаваў толькі супраць нявіннага ордэну, і болей нічога. І зусім зразумела, што сьмерць сваіх сына й дачкі — Вітаўт ніколі не прабачыць і пастараецца адплаціць самай страшнай і жудаснай помстай. Але раз самому ня можна— значыць, трэба шукаць адпаведных людзей. Кройцэнбэрг стаў перабіраць у памяці сваіх інфарматараў. Выбраўшы некалькіх зь іх, ён пазваніў у срэбны званочак.
Адразу ж зьявіўся прыслужнік, сваім ростам і выразам твару падобны хутчэй да малайца зь вялікае дарогі, чым да манашага прыслужніка.
— Паўль! Зараз жа пакліч гэтага дурня, што заве сябе панам Келябовічам. Калі яшчэ не ад'ехаў гэты скнара — шумілінскі карчмар Захар, — дык пакліч яго. І абавязкава знайдзі й прывядзі войта зь Вялікіх Лук. Як будуць прыходзіць, разьмясьці іх па розных пакоях, каб ня бачылі адзін другога!
Прыслужнік моўчкі пакланіўся й выйшаў. Кройцэнбэрг весела пацёр рукі:
— Ну, цяпер, здаецца, пойдзе! Мусіць пайсьці! — хутка наліў шклянку Мальвазіі й выпіў. Скруціў мапу й, ласкава яе пагладзіўшы, схаваў у скураны футарал. Прайшоўся некалькі разоў па пакоі, зь нецярпеньнем чакаючы выкліканых людзей. Прамармытаў:
— Гром і маланкі! Калі я зараз не папхну гэтыя літоўскія палкі на Польшчу і зноў усё сарвецца, варочаюся ў Мальборк!..
Першым зьявіўся шумілінскі карчмар Захар Кузьміч. Даведаўшыся, што Вялікі Камандор жадае яго бачыць, ён, не зважаючы на сваю таўшчэзнасьць, так хутка пабег, што маўклівы Паўль ня здолеў за ім угнацца й згубіў з вачэй у натоўпе каля сабору. Праклінаючы ўсіх карчмароў на сьвеце зь іхнай прагнасьцю разам, ён накіраваўся да дому пана Келябовіча. Па дарозе яму здалося, што ўбачыў знаёмую постаць, але не пасьпеў як сьлед прыгледзецца, як чалавек у чорным плашчы зьнік звачэй. Паўль ня стаў ламаць сабе над гэтым галавы й пусьціўся выконваць загад камандора.
Захар Кузьміч гэтым часам, задыхаючыся ад хуткага бегу, зьвярнуў на бераг Дзьвіны. На яго твары быў намаляваны такі неакрэсьлены выраз, што людзі, спатыканыя на вуліцах, па якіх ён бег, са спачуваньнем глядзелі яму ўсьлед, думаючы, што чалавек апанаваны найвялікшым горам і роспачай.
Падбегшы да маленькай і мала прыкметнай форткі ў высокім частаколе, Захар Кузьміч з трывогай азірнуўся. Нікога!.. З тахканьнем у сэрцы ён прасьлізнуў у фортку й апынуўся ўзасьнежаным садзе купца Мюльлера.
Як з-пад зямлі, перад ім вырас здаравенны мужчына, апрануты ў скураную куртку й зь сякерай у руках. Нічога ня кажучы, незнаёмец засланіў дарогу і з падозрай ды злосьцяй пазіраў на перапалоханага карчмара.
— Да пана магістра... ласкава прашу... — задыхаючыся, залапатаў Захар Кузьміч. — Да пана магістра... Іх Сьветласьць загадалі мне... Ласкава прашу... Далібог загадалі. Зрабеце такую ласку... Ласкава прашу... гэту сякерку... — і ён пачаў адвешваць нізкія паклоны суроваму ўласьніку страшнае баявое сякеры.
Вартаўнік (а гэта быў вартаўнік, пераапрануты ў садоўніка, аб чым хітры карчмар адразу здагадаўся) з пагардай зірнуў на ягоную агідную постаць і рухам рукі загадаў ісьці ўперад. Захар Кузьміч скурчыўся й накіраваўся па сьцежцы між кустоў да дому, адчуваючы, як яму здавалася, вострае лязо сякеры ўсябе на карку. Але азірнуцца не адважыўся.
Кройцэнбэрг прывітаў Захара Кузьміча вельмі ветліва, называючы яго сваім сябрам, і запрапанаваў кубак віна, якое той выпіў з задавальненьнем, адзначыўшы ў думках, што віно заморскае й найлепшага гатунку.
Да вартавога Кройцэнбэрг прамовіў некалькі адрывістых словаў па-нямецку, зь якіх Захар Кузьміч не зразумеў ніводнага, але, мяркуючы па тону, вырашыў, што камандор лае таго за грубае абыходжаньне да яго — Захара Кузьміча. Але на самай справе гэтыя словы гучалі так: «Калі гэта мярзотная сьвіньня будзе выходзіць, зрабі выгляд, што яго паважаеш. Ён нам зараз патрэбны».
Як толькі вартаўнік выйшаў, Кройцэнбэрг пасадзіў свайго госьця ў мяккае крэсла, а сам у задуме закрочыў па пакоі. Карчмар ад такога абыходжаньня быў на вяршыні раскошы. Ну аяк жа? Гэта табе ня хам — войт з Шуміліна, каторы толькі й умее: «Кварту, Захар!..» Нарэшце камандор загаварыў:
— Слухай, мой сябра! Ці ведаеш ты, што Кароль Ягайла рыхтуе войска, каб ударыць на Літву й зьнішчыць усе вашы правы й вольнасьці?
— Не, Ваша Сьветласьць... Ласкава прашу, не даводзілася чуць такога...
— Як не? — удаў зьдзіўленьне Кройцэнбэрг. — Табе, чалавеку, каторы павінны ўсё ведаць, ня ведама такая рэч? Ты ж карчмар!
— Няхай Ваша Сьветласьць ня гневаецца, ласкава прашу... Але мне здаецца, што войт нашы, Пётра Ларывонавіч, нешта такое казалі... Яны заўжды чакаюць на вайну з Польшчай...
— Вось бачыш! — падхапіў Кройцэнбэрг, зразумеўшы хітрык карчмара. — Людзі ведаюць, а ты не... А хто ў вас войтам?
— Вы, Ваша Сьветласьць, ня ведаеце нашага войта Пётру Ларывонавіча? Ласкава прашу, ласкава прашу. Гэта ж сын Ларывона Кірмунтавіча, таго што зь Вялікім Князем Альгердам на Маскву хадзіў... — і Захар Кузьміч пераказаў Кройцэнбэргу ўсю гісторыю шумілінскага войта так, як калісь разказваў баярыну Рацішчаву. Камандор, не перабіваючы, выслухаў гэтае апавяданьне да канца і як бы мімаходзь зазначыў:
— Вось бачыш, ваш войт усё ведае.
— Так, Ваша Сьветласьць, так! Ён заўсёды ўсё ведае, бо сам Гаспадар Вялікі Князь яму кажуць...
— Добра!.. — перабіў Кройцэнбэрг. — Хочаш, каб я даклаў аб табе й тваёй вернасьці Вялікаму Магістру Конраду?
— О! Ваша Сьветласьць! Ласкава прашу, зрабеце такую ласку! Век за вас буду Бога маліць...
— Ну, то слухай! Паколькі ты й безь мяне ведаў пра намеры караля, я мушу табе сказаць, што нашы Вялікі ордэн лічыць сябе шчырым прыяцелем Літвы й Вялікага Князя, але ён, на жаль, нам ня верыць... Дык каб перасьцерагчы ад такога вялікага няшчасьця, як вайна, я й паклікаў цябе, Захар Кузьміч. Толькі ты можаш уратаваць твой народ ад бяды... Ідзі й перадай твайму народу гэтыя весткі, а ў першую чаргу — твайму адважнаму войту. Каб яны ведалі й былі гатовыя! А я... у сваю чаргу раскажу аб табе вялікаму прыяцелю Літвы — магістру Ордэну Крыжа.
Хітры карчмар, зразумеўшы, чаго ад яго хоча крыжак, і хутка зважыўшы ўсе выгады такой зьдзелкі, прамовіў:
— Ваша Сьветласьць, усё зраблю, усё перадам! Абы правучыць гэтую зьмяю падкалодную з Кракава й верна паслужыць вам, Ваша Сьветласьць, і вашаму найвялікшаму й найшляхет нейшаму рыцарству...
— Але памятай! — спыніў Кройцэнбэрг гэту слоўную плынь. — Калі Вялікі Князь даведаецца, адкуль у цябе гэтыя весткі, то не пазьбегнуць тады табе шыбеніцы...
Захар Кузьміч пакідаў дом купца Мюльлера той самай дарогай, па якой прыйшоў, але ўжо ня так пасьпешна. За пазухай прыемна муляў туга набіты грыўнамі капшук. Вартаўнік зь ветлівай мінай выпусьціў яго за фортку, буркнуўшы наўздагон: «Доннэр вэтэр...» [11]. Але Захар Кузьміч прыняў гэта за «добры вечар» і пацяшаўся ў душы з «дурнога» немца, бо зараз быў якраз поўдзень.
Гутарка, падобная гэтай, адбылася й з другім выкліканым— панам Келябовічам. На тым жа яна й скончылася.
Вялікалуцкі ж войт Платон Скабель, хаця й не адзначаўся вялікім розумам, але ня быў настолькі дурным, каб паверыць запэўніваньням Кройцэнбэрга аб ягоным сяброўстве й шчырасьці. Таму ён паставіў пытаньне проста:
— Для чаго вам, шаноўны камандору, патрэбная гэтая звадка? І да чаго яна павінна прывесьці?
Кройцэнбэрг пабачыў, што гэта не карчмар і не пусты шляхціц, і таму рашыў часткова адкрыцца, тым болей што Скабель быў ужо завербаваны:
— Да вайны...
— А якой узнагароды я маю спадзявацца?
— Ад каго ўзнагароды? — удаў, што не разумее, Кройцэнбэрг. — Ад Вітаўта?
— Ад Тэўтонскага ордэну... Найсьвяцейшага Папы... ці хто там яшчэ ў гэтай вайне зацікаўлены? — вытлумачыў Скабель. — Ад Вітаўта за такія справы можа быць толькі адна ўзнагарода — вяроўка!
— Узнагарода будзе вялікая й багатая, але велічыня яе будзе залежаць ад стараньняў войта Вялікалуцкага...
Па выхадзе Платона Скабеля, Кройцэнбэрг прысеў да стала й, хутка напісаўшы ліст, зь мейсца адправіў яго з ганцом у Мальборк. Цяпер толькі заставалася чакаць на вынікі распачатае гульні, што камандор і зрабіў.
9. НАРАДА
Першае, на што зьвярнуў увагу ваявода Фёдар, прыехаўшы ў Полацак, былі чуткі аб хуткай вайне з Польшчай.
Пры першым жа спатканьні зь Вітаўтам ён пацікавіўся, ціёсьць падставы да гэтых чутак.
— Гэтага мы яшчэ й самі ня ведаем, — адказаў спакойна гаспадар. — Ведаем толькі, што дыму без агню не бывае. Акалі так, то, значыць, нешта ёсьць! — І ён шматзначна пацёр рукі, як бы паказваючы, што яны яму сьвярбяць.
— Няўжо вы, Ваша Высокасьць, дапусьціце да вайны?
— Я прагну яе! Яна мне патрэбная, як паветра!
— Але ж не з Каралём Ягайлам?
— А чаму б і не?! — з запалам ускрыкнуў Вітаўт.
— Я ня радзіў бы...
— Я бачу, ты ніяк баісься, Фёдар?
— Не, не баюся, Ваша Высокасьць! Але ж ён сын Вялікага Князя Альгерда й вашы кузын. Вы сваякі!
— То што з таго, што сваякі? Чаму гэта я павінен уважаць на сваяцтва, а ён не? Чаму ён, гэты ханжа й сьвятоша, не глядзеў на сваяцтва, калі задушыў майго бацьку?
Падаграючы сябе такімі словамі, Вітаўт распаляўся ўсё болей і болей. Гнеў і прага помсты так і пырскалі зь ягоных бліскучых вачэй. Яго прыгожы твар зьмяніўся да непазнавальнасьці.
— Чаму ён не глядзеў на сваяцтва, калі засадзіў мяне самаго ў Крэўскія падзямельлі ды загадаў таксама задушыць? Не глядзеў, нарэшце, на сваяцтва й тады, калі зь ягонага ведама крыжакі задушылі маіх малалетніх дзетак?.. Чаму?..
— Ня ведаю, Ваша Высокасьць, — разгубіўся Фёдар.
— Ня ведаеш? Дык я ведаю! І таму таксама ня буду ўважаць на сваяцтва! Яму мала кароны, яму й мой пасад патрэбны!.. Дык хай бы ён быў мне родным братам, усё роўна! Я мушу перад Богам і людзьмі аддаць яму тое, што ён заслужыў! Пакараю й пайду! Не патрэбна мне ягонае Каралеўства! Хай яго чарты з панамі дзеляць... Бог мне сьведка!
— Ваша Высокасьць, не памінайце Бога, бо гаворыце ня так, як належыць хрысьціяніну!.. — цьвёрда запярэчыў ваявода.
— Фёдар! Кубак цярпеньня перапоўніўся! Я яму больш не дарую! А ты, бачу, хістаесься... Ці не прыслаў ён табе чаго-небудзь звонкага? Га? Калі так, то едзь лепей у сваё Грозава й больш мне на вочы не трапляйся!
— Я ніколі не хістаўся, ідучы за Вашаю Высокасьцю, і ні ад каго нічога не атрымліваў! Уся мая маёмасьць здабытая маімі продкамі й мною зусім сумленна й ганарова! Мячом і дзідаю! Івы, Ваша Высокасьць, аб гэтым ведаеце ня горш за мяне! — прамовіў абражаны да глыбіні душы Фёдар. — Але калі Вашай Высокасьці пажадана адправіць мяне ў Грозаў, воля ваша! — Ён хутка адшпіліў свой рыцарскі пас і разам зь мячом працягнуў Вітаўту.
Адразу разгубіўшыся ад такога выпаду, Вітаўт зразумеў сваю віну і, ляпнуўшы Фёдара па плячы, вылаяўся:
— Каб цябе Пярун разразіў! Спачатку раздратуе, а тады крыўдзіцца! Фёдар, а ну апярэзвайся назад!
— Але Ваша Высокасьць пажадалі адаслаць мяне...
— Пачакай! — перабіў Вітаўт. — Ведаю, што ты хочаш сказаць. Але я цябе абразіў, і я цябе... прашу: прабач.
Фёдар моўчкі глядзеў у вочы Вялікаму Князю. Любіў ён свайго гаспадара над усё на сьвеце, і балюча было, што дайшло да такога непаразуменьня.
— Ну добра! — працягваў Вітаўт, цалкам авалодаўшы сабой. — Бачу, што ты, Фёдар, занадта ганарысты, каб прабачыць такому сьмерду, як я. Але пакінь сваю крыўду на потым, бозараз ня той час, каб мы сварыліся між сабой!
Ваявода паволі падпярэзаўся сваім пасам.
— Вось гэтак будзе лепей! — ускрыкнуў Вітаўт. — Аразьлічымся калісь пазьней.
— Пазьней дык пазьней, — усьміхнуўся Фёдар. — Я думаю, што на тым сьвеце вугалькамі.
— І я так думаю! — адразу пагадзіўся Вітаўт.
Вялікі Князь і ваявода па-брацку абняліся, і так мір быў адноўлены.
— Слухай, Фёдар, — пачаў ізноў Вітаўт. — Заўтра адбудзецца вайсковая нарада, і ты мусіш быць на ёй абавязкова.
— Буду. Абавязкова!
— Добра, ідзі адпачывай! Тваіх людзей ужо разьмясьцілі. Аслаўны ў цябе пошт, сам кароль мог бы пазайздросьціць!
— І пазайздросьціць, калі на тое прыйдзе час!
— Вось гэта мне падабаецца! — ускрыкнуў радасна Вітаўт, разгадаўшы сэнс гэтага нацяку. — А ну, расказвай, колькі ты сабраў такіх малайцоў?
— Дзевяць сотняў лучнікаў ды капейшчыкаў пешых і пяць сотняў конных.
— І гэта ўсё са Слуцку? З таго Слуцку, каторы паўгады таму аддаў мне амаль усю сваю дружыну?..
— Так, Ваша Высокасьць!
— І ты не памыляесься ў ліку?
— Не, Ваша Высокасьць!
— Фёдар! Ты заслужыў на найбольшую ласку, а я гэтак цябе абразіў... Яшчэ раз прашу: прабач мне... І князь стары — малайчына. Дзякую й яму.
— Забудзьце, Ваша Высокасьць! Не для падзякі робім, а на славу краіне й гаспадара яе. А пра выбачэньне пакінем... Хто старое памяне, таму вока вон!
— Фёдар, можа маеш якое жаданьне? Прасі! І калі гэта ўмаёй моцы, зраблю! Я табе вінаваты.
Ваявода Фёдар хацеў ужо было адмовіцца, як раптам у галаве склалася адна цікавая камбінацыя, і ён прамовіў:
— Маю жаданьне. І прасіць буду Вашу Высокасьць даць шпоры й пас аднаму з маіх сотнікаў — Васілю з Капыля.
— А чаму для сябе нічога ня просіш? — зьдзівіўся Вітаўт.
— Гэта й ёсьць для мяне... — пачырванеўшы, адказаў Фёдар.
— Калі так, то добра. Толькі ж ты ведаеш, што ніхто не дастае годнасьці драба, не заслужыўшы гэтага.
— Ён іх заслужыў, Ваша Высокасьць! У абароне Вільні й усутычках з крыжакамі ў Жамойці...
— Веру табе, Фёдар, але ўсё ж мушу праверыць яго, што й зраблю ў найкарацейшым часе. Абяцаю табе.
— Дзякую, Ваша Высокасьць, наперад, бо ведаю, што ён не падвядзе.
* * *
— Ойча наш нябесны! Хай сьвеціцца імя Тваё, хай прыйдзе валадарства Тваё, ды будзе воля Твая, як на небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штадзённага дай нам сёньня; і выбач правіны нашыя, як і мы выбачаем вінаватым перад намі; і ня дай нас успакусу, але ратуй нас ад ліхога. Бо Тваё валадарства, і сіла, іслава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, на ўвесь час, івякі вечныя. Амін. — Апошнюю частку малітвы Вітаўт прамовіў наўмысна з моцным прыціскам.
— Амін! — адказалі ў разнабой сабраныя на нараду драбы.
Вялікі Князь акінуў паглядам бяседную залю, у якой наўкола велізарнага стала стаялі, чакаючы дазволу сесьці, удзельнікі нарады.
Усіх прысутных Вітаўт добра ведаў і таму, колькі не цырымонячыся, адразу сеў у крэсла, паклаўшы меч паміж кален. Сабраныя, а было іх чалавек каля сарака, з шумам і бразганьнем зброі пазаймалі свае мейсцы.
Пашукаўшы вачамі ваяводу Фёдара, Вітаўт моцна зьдзівіўся, бачачы за ягоным крэслам двух добра ўзброеных збраяносцаў. Не было нічога дзіўнага, што за крэслам Яраслава Смаленска га стаялі тры воі, за крэслам Жыгімонта Карыбута (які толькі што прыехаў з Чэхіі) аж пяць. Але калі Фёдар, які заўсёды прыходзіў з адным страмяным, прывёў двух, значыць, тут нешта ёсьць. Аднак задумвацца над гэтым не было часу, і Вітаўт адразу перайшоў да справы:
— Шаноўныя гаспадары-рада! Верныя й адважныя князі, ваяводы, войты й драбы! Баронячы нашыя землі й правы, мы ня раз ужо сустракаліся ў полі зь немцамі, маскалямі ды манголамі. Пакладаючыся на ласку Божую ды сілу й мужнасьць народную, мы заўсёды з гонарам выходзілі з усіх цяжкасьцяў і заўсёды былі пераможцамі. Шануючы сьвятую памяць нашых слаўных продкаў, мы добрасумле нна выконвалі ўсе забавязаньні, узятыя імі на сябе. Але, нягледзячы на гэта, наш подлы брат — [12] Кароль Польскі Ягайла — палічыў для сябе прыстойным па-здрадніцку схапіць у часе перамоваў нашага бацьку Кейстута й задушыць яго. Не дастойным караля ашуканствам ён заманіў і мяне ў расстаўленую ім пастку ды, захаваўшы ў падзямельлі Крэўскага замку, загадаў задушыць імяне. І толькі дзякуючы самаахвярнасьці простае жанчыны мне ўдалося ўратавацца. Вы ўсе добра ведаеце, якую ролю меў Ягайла ў забойстве маіх дзяцей. Я тады ж хацеў паказаць нашаму брату ягонае мейсца, але закалот у Бранску прымусіў мяне ўстрымацца. Наступна мы мусілі спыніць навалу Цімура Кульгавага, і вось цяпер, калі нашымі шматтысячнымі ахвярамі куплена воля ўсяе Эўропы, наш брат вырашыў, што прыйшоў найлепшы час падпарадкаваць вольную Літву Кароне Польскай. Ён разьлічвае на падтрымку князя Мазавецкага й на нашае, як яму здаецца, бясьсільле!
Па залі пракаціўся гул абурэньня й гучны бразгат зброі. Вочы Вітаўта заіскрыліся, і ён дадаў:
— Да нас даходзяць весткі, што кароль рыхтуецца да вайны з намі. Што мы яму на гэта скажам?
Пагляд гаспадара спыніўся на Фёдары, як бы заклікаючы выказацца. Але ваявода моўчкі вытрымаў гэты пагляд, не прамовіўшы ні слова.
Шумілінскі войт з глухім стогнам заскрыгатаў зубамі. Такая вялікая была яго нянавісьць, што адабрала дар мовы. Як заўсёды гарачы, Яраслаў Смаленскі ў лютасьці грымнуў кулаком па сталу, мала ня выкруціўшы пры гэтым сабе руку. Ваявода зь Віцебску падскочыў са свайго крэсла з крыкам:
— Да зброі! Літва й Пярун!
Гэты кліч падхапіла бальшыня прысутных. Вымахваючы булавамі, мячамі, сякерамі, усе пазрываліся са сваіх мейсцаў зкрыкам нянавісьці, закліку й праклёнамі. Разьнесьліся выгукі:
— ...Даволі! Хай жыве Вітаўт — Кароль Белай Русі! Да зброі! Літва й Пярун! ...На Кракаў! Сьмерць Ягайлу!..
Нарада прыняла гучны й ваяўнічы выгляд, лязгат жалеза, крыкі, тупат зьліліся ў адзін гул. Гул трывожны й страшны — вестка набліжэньня навальніцы...
Але па знаку Вітаўта, як ад чарадзейства, наступіла магільная цішыня, гнятлівая й вусьцішная, як сама сьмерць.
Карыстаючыся гэтай цішынёй, ваявода Фёдар загаварыў рашучым і цьвёрдым голасам:
— Вялікі гаспадар! Шаноўныя драбы! Мы сабраліся тут не для таго, каб выкрыкваць ваяўнічыя клічы й размахваць зброяй. На гэта будзе свой час. А для таго, каб вырашыць, як нам быць і як нам прынесьці найбольшую карысьць нашай Вялікай Дзяржаве. Уважаючы гэта за нашую першачарговую мэту, я лічу, што ўвязвацца ў вайну з Польшчай у гэты час нам нельга. — Па залі прайшоў незадаволены гул, але Фёдар, не зважаючы на гэта, працягваў. — Нашы разлад з каралём адразу ж выкарыстаюць немцы, маскалі й манголы. Я ўжо бачу, як яны падзеляць між сабой нашыя й Каронныя землі: старая Кіеўская Русь і Валынь разам з Кіевам дастануцца хану, Жамойць — немцу, а Белая Русь разам зь Вільняй і Полацкам — маскалям. Гэта будзе канец Вялікага Княства Літоўскага! Польшчу й Мазоўша разам з Жамойцю забяруць крыжакі. Гэта канец Кароне Польскай!
— Дык што ж, ваявода, прапануеш? — пачуўся строгі голас Вітаўта.
— Я прапаную паклікаць пасла Польшчы й спытаць у яго, што значаць непрыязныя й нядобрасуседзкія паводзіны караля. Калі ён нам нічога пацяшальнага ня скажа, то... — ваявода спыніўся й абвёў позіркам сваіх слухачоў. Адны ўважліва слухалі канца прамовы, іншыя крывіліся ад незадавальненьня, атрэція толькі з павагі да ўважліва слухаўшага Вітаўта стрымлівалі крыкі незадавальненьня. Шумілінскі войт Пётра Ларывонавіч ледзь стрымліваўся, каб ня кінуцца зь мячом на ваяводу. Але Фёдар, перакананы ў сваёй праваце, гучна закончыў:— Трэба выслаць пасла ў Кракаў. Толькі тады, калі гэта нам нічога ня дасьць, мы будзем мець права ўзяцца за зброю.
Ізноў настала цішыня. Маўчалі, уражаныя неспадзяванай прапановай.
Раптам ускочыў войт Велікалуцкі. Паказваючы на Фёдара пальцам, ён хрыплым ад шалу голасам закрычэў:
— Ваявода! Ты альбо баягуз, альбо здраднік! Інакш тваёй прапановы вытлумачыць нельга! Ганьба!.. Ганьба!.. І ты яшчэ маеш нахабства насіць залатыя шпоры? Ганьба!..
Ваявода Фёдар у сваю чаргу падскочыў і, схапіўшы баявую рукавіцу, са злосьцю кінуў яе Скабелю. Рукавіца з грукатам пакацілася па каменнай падлозе пад ногі атарапелага й адразу спужанага войта. Скабель добра ведаў спрыт і ўменьне, зь якім ваявода ўпраўляецца са зброяй. І таму ён адразу пашкадаваў аб сваёй гарачнасьці, але нічога ня зробіш — слова не верабей, выляцела — і назад ня зловіш. Ён з паказным гонарам падняў рукавіцу на коньчык мяча й, працягваючы яе Фёдару, прамовіў:
— Я прымаю твой выклік, ваявода! Хай Бог рассудзіць, хто з нас мае рацыю.
— Я хачу бачыць цябе заўтра! — адказаў Фёдар. — Там, дзе адбываюцца паядынкі: на Воўчай Паляне!
— Згода!..
Умяшаньне Вітаўта спыніла гэтую гутарку. Незадаволеным тонам ён заўважыў:
— Дагаворыцеся потым! А Вялікі гэрольд зробіць усё, што для гэтага трэба... Зараз вернемся да справы! Хто яшчэ хоча што-небудзь сказаць?
Князь Жыгімонт Карыбут, які дагэтуль маўчаў, зь мейсца прамовіў:
— Польшча прычыніла нам шмат зла й імкнецца рабіць яго далей. Але гэта ня значыць, што мы зараз жа павінны яе правучыць. Не! Усяму свой час. Ваявода Грозаўскі мае рацыю, заклікаючы да асьцярожнасьці. І я, са свайго боку, падтрымліваю яго. Нават болей, я ўважаю выгодным для нас пайсьці на некаторыя саступкі, калі кароль гэтага зажадае. Да пары трэба захаваць з Польшчай мір. Яна не такі ўжо страшны сусед, як камусьці гэтага хацелася б. Ёсьць суседзі й жахлівейшыя! Іх трэба сьцерагчыся, а Польшчу мы заўсёды ўправімся ўціхамірыць!
Гэты выступ Жыгімонта зрабіў сваё. Князя ведалі як разумнага й адважнага мужа. І бальшыня прысутных прызнала й пагадзілася зь неабходным. Не зважаючы на адзінкавыя галасы пратэсту, вырашылі выслухаць польскага пасла. Вітаўт даў сваю згоду.
Праз кароткі час маршал урачыста абвясьціў:
— Пасол Польскі Станіслаў, ваявода Крэўскі!
Пасол у суправодзе невялікага, але пышнага пошту, ганарліва падняўшы галаву, увайшоў у залю.
Вочы Вітаўта злосна бліснулі — ён яшчэ не забыўся, што гэты самы Станіслаў быў нядаўна ягоным турэмшчыкам.
Кірым-бей, які стаяў за крэслам Фёдара, уздрыгнуў і нешта хуценька ды ўпэўнена зашаптаў яму на вуха, паказваючы вачамі на пасла. Фёдар у адказ толькі крыва ўсьміхнуўся й утаропіўся ў таго позіркам.
— З ласкі Божае Караля Польскага й Вялікага Князя Літоўскага Ягайлы Альгердавіча пасланьнік да двара Князя Вітаўта Кейстутавіча, ваявода Станіслаў з Крэва! — назваўся пасол. Ён упэўнена выставіў уперад правую нагу, бразнуўшы пры гэтым шпорай, і застыў у чаканьні высьвятленьня прычыны такога надзвычайна пасьпешнага выкліку. Уся яго постаць дыхала гонарам і пыхай. І можна было падумаць, што стаіць не звычайны пасланьнік, а сам кароль, які прыйшоў надзяляць ласкай ці няласкай.
Вялізарным высілкам волі Вітаўт прымусіў сябе праглынуць гэтую абразу. Але затое, насуперак усім правілам, устаноўле ным цырыманіялам, ён вымінуў усе належныя ў такіх выпадках фармальнасьці й абмен прывітаньнямі. Чым выказаў сваю пагарду як да самаго пасла, гэтак і да таго, хто яго накіраваў.
Наўмысьля выгодна разваліўшыся ў крэсьле й бавячыся ззалатымі махрамі мяча, ён загаварыў зь лянівым выглядам, але выклікаючым тонам:
— Слухай, пасол Яго Мосьці! Да нас дайшлі весткі, што наш дарагі брат, а твой, ваявода, валадар, хоча пазабаўляцца звонам зброі? Кажуць, што ён хоча пачуць, як грыміць зброя Літвы! Напэўна, думае, што паржавелі мячы ў похвах літоўскіх драбаў, што прытупіліся сякеры й ня востраныя дзіды? Ад таго часу як Яго Мосьць сышоў у Польшчу, ён, відаць, забыўся, як крышыць панцыры літоўская булава... Як пралазіць праз краты забрала літоўская страла... Я думаю, што ён забыўся, бо кажуць людзі, нібы зьбірае ён свае дружыны на нашых межах. Ці так гэта, ваявода? І хай твой адказ будзе праўдзівы! — на апошніх словах голас Вітаўта грымеў, як раскаты грому.
Па сьпіне Станіслава пабеглі мурашкі. Не ад страху, ён ня быў баязьлівы. Але ён добра зразумеў адказнасьць хвіліны, таму пастараўся адразу прыняць самы прыязны выгляд, а словам сваім надаць як найболей шчырасьці й сардэчнасьці:
— Гаспадар! Ты сам добра ведаеш, што гэтыя весткі лжывыя. Злыя языкі, варожыя табе, Княжа, і Яго Мосьці Каралю, распускаюць іх. Яснавяльможны Кароль лічыць за гонар мець такога брата й суседа як ты, Княжа! Няма ў Літвы больш вернага прыяцеля, як мой валадар. — Станіслаў пачціва пакланіўся, баючыся выніку гэтае нарады. — Ня вер, Княжа, злым плёткам!
— Лічыць за гонар, кажаш?.. Ну добра! Хай Крэўскі замак будзе таму зарукай!
Пры гэтых словах Вітаўта ваявода Станіслаў засмучана апусьціў вочы й, разьвёўшы рукамі, прамовіў:
— Забудзь, Княжа!.. Ня варта... Хто старое памяне, таму вока вон...
Гнеў Вялікага Князя, што пачаў быў супакойвацца, успыхнуў з новай сілай і заліў твар густой чырваньню. Стрымліваю чы сябе, ён зашаптаў, але так, што нават у самых аддаленых кутках залі было выразна чуваць:
— Бач як яно выходзіць! Калі Вітаўт нешта крыўднае ўспомніць, дык яму кажуць: «Не памінай! Забудзь!» А калі кароль успомніць і зброяй бразгаць пачне, то гэта нічога. А мо' нават і добра... Так, ваявода? Не?
— Што Ваша Высокасьць мае на ўвазе?.. — Станіслаў ужо бачыў ва ўяўленьні, як літоўскія дружыны на чале з гнеўным Вітаўтам руйнуюць Кракаў...
— Што маю на ўвазе? Шмат! Шмат, ваявода! Аж зашмат!
— Ваша Высокасьць, я прасіў бы...
— І не спрабуй прасіць! — перабіў Вітаўт. — Я сам табе прыпомню! Толькі маленькую частку!.. Памятаеш, калі я замест таго, каб ехаць у Кракаў, на хрэсьбіны, павёў дружыну на ўзбунтаваны Бранск? Памятаеш, калі я адмовіўся парушыць старыну Літоўскую й ня даў нішчыць праваслаўе? Калі я ня даў багатых баніфацыяў [13] каталіцкім кляштарам?.. Ці ня бразгаў тады кароль зброяй!? Ці не напамінаў ён мне ўсё гэта пры кожнай нагодзе й нават без нагоды? Чаму ж ты яму тады не сказаў, што за гэта «вока вон»?
— Ваша Высокасьць перабольшвае! Кароль ужо даўно прабачыў усе гэтыя правіны й ніколі аб іх не ўспамінае!
— Вось ты кажаш: «прабачыў». А хто ў яго прасіў прабачэньня?.. У кожным разе — ня я! Можа з вас хто? — і Вітаўт зьвярнуўся да нарады.
Суровае маўчаньне было яму адказам.
— Ваша Высокасьць злоўжывае цярпеньнем і дабратой Яго Каралеўскае Мосьці... — абразіўся Станіслаў.
— Чуеце, што ён кажа?! — ускочыў Вітаўт. — Я злоўжываю! Я, каторы сурова й пільна даглядаю, каб усе дамовы выконваліся сумленна й непарушна. Ці думеш ты, ваявода, аб тым, што гаворыш? Твой валадар злоўжывае нашым цярпеньнем! Іцярпеньню настане канец! Сьцеражыцеся тады!..
— Ваша Высокасьць! Я ведаю, што я кажу! І адказваю за сказанае! Па-першае, кожнае слова Вашай Высокасьці гучыць як абраза майму валадару — Каралю Польскаму! Па-другое, Ваша Высокасьць не дагледзелі, што дамова аб свабодзе руху падданых Кароны Польскай на землях Літоўскіх парушаны! Істала парушаецца! Каталіцтва ў Літве перасьледуецца й гоніцца горш за паганства! Жыцьцё й маёмасьць літоўцаў-каталікоў знаходзіцца ўвесь час у небясьпецы! Ці ня гэта Ваша Высокасьць называе суровым і пільным даглядам за выконваньнем дамоваў?.. Але кароль добры. Ён церпіць і моліцца!
Вітаўт доўга маўчаў, пільна ўглядаючыся ў вочы Станіслава. Нарэшце ён загаварыў — ня так сурова, як перад тым, але насьмешліва:
— Ваявода, ты сам ведаеш, што хлусіш. Ведаю я, куды ты гнеш. З хворай галавы на здаровую зьвярнуць хочаш? Ня выйдзе! Бо б'е банда апрышак ня толькі каталікоў і палякаў, а й літоўцаў і праваслаўных! Доказам гэтаму могуць быць Мацей Вадзянік, перавозчык з Прыпяці, зь сям'ёю. Пасёлак Чапрукі, спалены разам з жыхарамі. Стары гусьляр Макар Сьляпы й яго павадыр, забітыя недалёка Віцебску. Праўда, хлапчука знайсьці не ўдалося... І шмат, шмат іншых... Але ведай, ваявода, што пасьля гэтае нарады нядоўга ўжо будуць гуляць апрышкі!
Станіслаў адчуў, што навальніца прайшла: Вітаўт зьмякчыўся, а раз так, то й апасацца болей няма чаго. Ён крыва ўсьміхнуў ся й, неяк нязграбна пакланіўшыся, папрасіў:
— Вялікі Княжа, дазволь мне пайсьці. Я сёньня вельмі стаміўся...
— Можаш ісьці сабе! Усё, што нам было трэба, мы пачулі.
Пасьля таго як пасол выйшаў, нарада хутка наблізілася да канца. Вырашана адправіць свайго пасла ў Кракаў. Выбар Вітаўта й згода прысутных палі на ініцыятара гэтай задумы — ваяводу Фёдара Грозаўскага, калі ён будзе жывы й здаровы пасьля паядынку з войтам Скабялём.
— А цяпер вырашым, каго пашлём на пошукі гэтай банды апрышак, — сказаў Вітаўт. — Можа, ёсьць ахвотнікі?
Ніхто з прысутных не абазваўся, бо лічылі, што мала гонару, а яшчэ менш задавальненьня ў «шуканьні ветру ў полі».
— Значыць, ахвотнікаў няма? — запытаў ізноў Вітаўт. — Ну што ж, прыйдзецца кагосьці вызначыць. Дык вось! На пошукі пайдзе сотнік Васіль з Капыля, палку ваяводы Грозаўска га! Ваявода, кліч яго сюды!
— Ён тут, Ваша Высокасьць!
Васіль, выступіўшы ўперад, нізка пакланіўся Вялікаму Князю. Усе прысутныя зь цікавасьцю прыгледзеліся да гэтага невядомага дасюль чалавека, і кожны адчуў, што гаспадар выбраў яго не надарма — гэта была нейкая яшчэ нікому не зразумелая ласка...
10. СУСТРЭЧА
Цэлыя хмары вераб'ёў зь вясёлым і клапатлівым шумам варушыліся на вуліцы, вышукваючы на абмёрзлым і ўтаптаным сьнезе чаго-небудзь да ежы. Мароз адпусьціў зусім, і надвор'е стаяла яснае й сьвежае. Празрыстая нябёсная далячынь зіхацела асьляпляльным блакітам. І адтуль радасна ўсьміхалася сонейка, быццам абяцаючы хуткую вясну. У адказ яму звонка барабаніла капель.
З самай раніцы Вялікі Князь адправіў сотню жаўнераў на Воўчую Паляну, каб для паядынку добра ўтапталі сьнег.
Вялізарная паляна напоўнілася людзьмі. Маладзейшыя дружыньнікі адразу завязалі бой у сьнежкі, умінаючы рыхлы сьнег цэлымі дзялянкамі. Стары сотнік з усьмешкай пагладжваў вусы, назіраючы за абаротамі «бою». Старэйшыя й паважнейшыя воі ўпарта й сумленна тапталіся на мейсцы, прымінаючы сьнег стапа за стапою. І хоць праца тут выконвалася шчыра, аднак умоладзі яна йшла хутчэй. І ня дзіва — бо ці ж умнеш столькі нагою, колькі прыплешча шырокая сьпіна...
І вось паляна ўбіта. Засталося толькі дзе-нідзе выраўнаць няроўнасьці. Пакінуўшы гэта старэйшым, сотнік загадаў маладым ісьці падправіць лаўкі для гледачоў і бар'еры, што працягнуліся на ўскраінах. Стук сякер і звон маладых галасоў рэхам пакаціліся па пушчы.
Дзесь зь непраглядных лясных нетраў вылез лясьнічы, валасаты й страшны, як зубр. Акінуўшы вокам паляну, ён, нічога ня кажучы, сеў на сьвежы бярозавы пень і, нешта перажоўваю чы, стаў прыглядацца да працы.
У поўдзень стук сякер заціх. Жаўнеры, сабраныя каля вялізарных вогнішчаў, падагравалі мяса й піва на абед, зь нецярпеньнем чакаючы прыезду супернікаў.
Першымі на мейсца паядынку прыехалі чужаземцы на чале з графам дэ ля Шэр. Ваяўнічы шкот, Алан Марцімэр Мак Марцімэр, адразу ж памалу аб'ехаў паляну, прымяркоўваючыся да магчымасьцяў бою і стараючыся вызначыць найвыгоднейшую пазыцыю. Падняўшы некалькі разоў на дыбкі свайго рудога каня, ён пераканаўся ў цьвярдыні сьнежнай падлогі. З задавальненьнем ён пад'ехаў да сваіх спадарожнікаў, якія сьпешыліся каля вогнішча.
— Я спадзяюся, вы знайшлі масу недахопаў? — з насьмешкай заўважыў граф, паціраючы над агнём рукі.
— Не, на ваш жаль, не знайшоў, — прахрыпеў у адказ шкот, — але думаю, што байцы, да вашага, граф, задавальненьня, будуць у горшым стане...
— Чаму гэта да майго задавальненьня?
— А таму што начныя прагулянкі па лесе ды яшчэ напярэдадні паядын...
Гутарка раптоўна абарвалася. Да вогнішча пад'ехаў усім нелюбімы камандор фон Кройцэнбэрг. Шкот памаленьку адышоў ад сабраных і зноў апынуўся каля свайго каня. Ласкава пагладзіў па шыі й занёс нагу ў стрэмя. Умошчваючыся ўсядле, недаверліва зірнуў на графа й прамармытаў:
— Ліс сьніўся не надарма! Гэта верны знак... І клянуся сьвятым Андрэем, нешта будзе! Дый граф у лесе бадзяецца ўночы таксама не надарма!..
На паляне, між тым, сабралося ўжо шмат гледачоў. Паядынкамі ў Полацку цікавіліся, і народ сьцякаўся сюды як на кірмаш. Прыехаў і пасол Польскі ваявода Станіслаў, і пасол Маскоўскі баярын Рацішчаў, і пан Келябовіч з дачкой, і Шумілінскі войт, іЗахар Кузьміч, і шмат іншых. Чакалі толькі на байцоў і на Вялікага Князя з дваром.
Мак Марцімэр ад няма чаго рабіць накіраваўся ў лес. Прадзіраючыся па глыбокім сьнезе праз кусты, ён увесь час пільна прыглядаўся наўкола, нібы чагось шукаючы. Конь, тузаючы павадамі, крок за крокам зварочваў направа, імкнучыся выйсьці на цьвёрдую дарогу. Шкот ня надта працівіўся гэтаму, бо чым далей у лес, тым гусьцей рабіўся хмызьняк, і тым цяжэй было празь яго прадзірацца.
Паміж дрэваў ужо абазначыўся прасьвет дарогі. Як раптам да вушэй насьцярожанага рыцара даляцеў моцны шэпт:
— Цсссс!
Гэта было настолькі неспадзявана, што, разгубіўшыся на момант, Мак Марцімэр застыў нерухома. У гэты час на дарозе пачуўся лязгат зброі і людзкія галасы — набліжаўся невялікі аддзел коньнікаў. Адразу з кустоў падняўся чалавек у скураной паддзеўцы і зь сякерай у руках. Не абарочваючыся, ён выгукнуў па-нямецку:
— Сячы, Паўль!
Але не пасьпеў ён узмахнуць сякерай, як у галаве шкота прамільгнула страшная здагадка, і ён з крыкам: «Стой, няшчасны!» — прабіў дзідай незнаёмца.
У гэты самы момант у дзесяці кроках ад іх Паўль секануў па пні й перацяў шворку, што трымала падпіленую бярэзіну. Дрэва з грукатам і трэскам абрынулася на дарогу. Адтуль данесьліся крыкі, праклёны, конскае ржаньне.
Адразу ж затрашчэлі кусты пад напорам некалькіх барадатых вояў, што прадзіраліся ў лес.
Паўль, убачыўшы небясьпеку з двух бакоў, не палез у загадзя падрыхтаваную нару, а кінуўся бегчы ў лясны гушчар, пакінуўшы глыбока ўбіўтую сякеру ў пні.
Правальваючыся амаль да калена ў мяккі й мокры сьнег, ён не зрабіў і сотні крокаў, як адчуў, што шкот вось-вось схопіць яго за каўнер. Напружыўшы ўсе сілы, Паўль скочыў убок і схаваўся за дрэва. Шкот з разгону праскочыў міма. Але затое цяпер становішча ўцекача пагоршылася: з аднаго боку адрэзаў дарогу конны рыцар, з другога — чатыры барадатыя й злосныя літоўцы. Застаецца толькі рашыць — каму здацца. Але доўга думаць не прыходзіцца, і Паўль выйшаў да шкота. Аднак падбеглыя барадачы без усякіх размоў скруцілі яму ззаду рукі й накінулі на шыю пятлю.
Мак Марцімэр паспрабаваў было пратэставаць, але адзін звояў, у чорным панцыры й з чырвоным рубцом на шчацэ, так злосна на яго зірнуў, што шкот вырашыў болей не спрачацца. Падпарадкуючыся загаднаму жэсту гэтага самага воя з рубцом, Мак Марцімэр паехаў у накірунку дарогі. Туды ж пацягнулі й палоннага.
Убачыўшы на дарозе Вітаўта, скрыўджаны шкот пад'ехаў да яго са скаргай:
— Гаспадар, вашыя людзі адабралі ад мяне майго палоннага!
Разгневаны тым, што здарылася, Вітаўт сурова адказаў:
— Кожны злодзей і забойца ў межах Вялікага Княства Літоўскага ад самага пачатку сваіх злачынстваў зьяўляецца маім палонным! Я буду яго караць ці мілаваць!
— Ваша Высокасьць! Дазвольце мне, аднак, спытацца, — не адставаў шкот. — Што тут здарылася і за што я забіў таго бедака?
Нягледзячы на трагічнасьць здарэньня, у вачах Вітаўта бліснулі жартаўлівыя агеньчыкі:
— Далібог! Дарагі госьць, вы заслугоўваеце на тое, каб стаць перад рыцарскім судом гонару! Забіць чалавека й ня ведаць, зашто!.. Раскажэце нам, як гэта сталася!
— Ваша Высокасьць прабачыць мне, бо я й сам ня ведю добра, — пачаў шкот. — Але сёньня ўночы мне прысьнілася, што еду я адзін па лесе й на мяне напаў вялізарны ліс. Здаецца мне, што адбіваюся ад яго дзідай, але ён усё з большай і большай зацятасьцю нападае й намагаецца ўчапіцца ў горла майму каню. Нарэшце, зусім стаміўшыся й выбіўшыся зь сіл, я ўцэліў яму ў чэрава. Але замест таго каб іздохнуць, ён крыкнуў мне чалавечым голасам: «Пачакай, Мак Марцімэр! Будзеш ты ведаць, як станавіцца мне ўпоперак дарогі!» Ён прамовіў гэта так голасна, што я прачнуўся й ня мог болей заснуць. Апрануўшы ся й асядлаўшы каня, я выехаў на вуліцу, каб трохі разважыцца. Ня ведаю чаму, але гарадзкая брама была адчыненая, і я выехаў празь яе ды апынуўся на ўскраіне лесу. Раптам пры сьвятле месяца я ўбачыў аднаго з маіх прыяцеляў, які, ухутаўшыся ў белы плашч і ў суправодзе шасьці чалавек, зьнік у цемры лесу. Ваша Высокасьць прабачыць мне, што не называю імя гэтага прыяцеля?
— Добра, прабачаю! Але кажэце далей! Вашая гісторыя пачынае мяне цікавіць!
— Так, Ваша Высокасьць! Гэтая гісторыя цікавіць і мяне самога! Бо сны ніколі ня маняць, яны заўсёды кажуць праўду! Дык вось, калі я ўбачыў, што яны зьніклі ў лесе, я кінуўся сьледам, бо мне здалося, што гэты начны шпацыр у лесе мае нейкую сувязь з маім начным лісам і зь сёньняшнім паядынкам. Але як я ні шукаў, ня мог знайсьці нават іхнага сьледу. У вялікай злосьці я вярнуўся назад, дзе знайшоў майго прыяцеля, які моцна спаў. Сёньня ж, успомніўшы мой сон і начную прыгоду, я абразіў майго прыяцеля і, сам ня ведаю чаго, паехаў бадзяцца па лесе. Тут і адбылося ўсё тое, чаго я дасюль не магу зразумець. Бачу, з кустоў выскачыў чалавек і крычыць: «Сячы, Паўль!» — ды сам падняў сякеру. Мне здалося, што гэта мой начны ліс і што ён хоча забіць кагосьці, хто ехаў ў гэты час па дарозе. Ну й, нічога ня думаючы, я й тыркнуў яго дзідай. Угэты час на дарозе пачуўся крык, шум і трэск, а вось гэты нягоднік, — шкот указаў на палоннага, — кінуўся ўцякаць. Падпарадкуючыся нейкаму нутранаму голасу, я кінуўся яго даганяць і тут зразумеў, што ў лесе бачыў яго, а не майго прыяцеля. Са сьпіны яны вельмі падобныя.
— Так, так! — прамовіў Вітаўт. — Ліс выявіўся ў двох асобах... А нічога ён вам не сказаў, калі вы яго злавілі?
— Не, Ваша Высокасьць. Але дазвольце мне ўсё ж даведацца, у чым тут справа?
— А справа ў тым, што каб вы, шляхетны Мак Марцімэр, ня торкнулі ліса дзідай, то сёньняшні паядынак мог бы не адбыцца!.. Нехта ў гэтым зацікаўлены!.. І я думаю, што ведаю, хто! — і Вітаўт з пагрозай зірнуў на войта Вялікалуцкага, які ехаў у іх бок.
Як толькі Скабель наблізіўся, Вялікі Князь указаў на бярэзіну, што ляжала ўпоперак дарогі, і з гневам спытаў:
— Ты?
— Што, Ваша Высокасьць?
— Ці твая гэта работа? — і Вітаўт ізноў указаў на паваленае дрэва.
— Не разумею, Ваша Высокасьць! Як гэта «мая работа»?..
— А так, што нехта намагаўся забіць ваяводу Грозаўскага! Згэтым намерам і абваліў на яго дрэва. Добра, што шляхетны Мак Марцімэр выратаваў сытуацыю, ня даўшы заваліць другую бярэзіну. Ваявода застаўся жывы й здаровы, але ягоны конь паранены! Што ты на гэта скажаш? Вось ён, адзін з забойцаў...
— Ваша Высокасьць! — ускрыкнуў абражаны Скабель. — Калі Вы лічыце мяне здольным на такі ўчынак, то загадайце арыштаваць мяне, забярыце мае шпоры й пас! Але клянуся ўсімі сьвятымі й заклікаю неба ў сьведкі, я тут не вінаваты. Я собскімі рукамі згодны пакараць вінаватага! — з гэтымі словамі ён выхапіў меч і, не пасьпеў ніхто й вокам міргнуць, абрушыў яго са страшнай сілай на галаву палоннага, расьсекшы яе напалам.
— І так! Сьведкі ня стала, — зь нейкім дзіўным спакоем прамовіў Вітаўт. — Але я ведаю, што ня гэты няшчасны быў галоўным вінаваўцам. І я дабяруся да сутнасьці гэтага злачынства! Няшчасны будзе той, хто пасьмеў!..
— Ваш Высокасьць! — падышоў ваявода Фёдар. — З канём нічога страшнага. Некалькі драпінаў на нагах... Пасекла гальлём...
Вітаўт зірнуў на Фёдара й з усьмешкай адвярнуўся. Ён зразумеў, што Фёдар прагне хутчэй распачаць бой і баіцца, каб раптам і сапраўды войта Скабеля не арыштавалі. Страшэнная нянавісьць палымнела ў вачох ваяводы, і прага помсты так зь іх і выпырсквала. Вітаўт прыгадаў сабе, як зусім нядаўна назіраў гэты бляск у вачох Фёдара — пры іх першым спатканьні пасьля Ворсклы, і прамовіў:
— Ваявода, супакойся! Доўгатрывалая злосьць і нянавісьць стамляюць чалавека якраз у той момант, калі яму найболей патрэбная бадзёрасьць. Злавацца й ненавідзець пачынай тады, калі апусьціш забрала!
— Гаспадар! — ускрыкнуў Фёдар. — Уся кроў у маіх жылах кіпіць! Як я магу не злавацца? Дазволь нам рушыць далей?
— Просім, Ваша Высокасьць... — дадаў Скабель.
— Едзем! — пагадзіўся Вітаўт і, даўшы шпорамі каню, вынесься ўперад.
На паляне зь нецярпеньнем ужо чакалі гледачы й жаўнеры, пакінуўшы мейсца для Вялікага Князя й пошту насупраць сярэдзіны поля.
З усіх бакоў разьнесьліся прывітаньні:
— Жыве Вялікі Князь Вітаўт!.. Слава Гаспадару Літоўскаму!.. Віват!..
Зь невялікае групы чужаземцаў прагучэў звонкі малады голас, вылучаючыся з агульнага гулу:
— Віват чароўная княгіня Рынгайла! Віват!
Яраслаў Смаленскі крута павярнуўся ў той бок. Правая рука сама ўхапілася за дзяржальна мяча. Падпарадкуючыся нацягнутым павадам, яго конь узьвіўся на дыбкі і, танцуючы на задніх нагах, таксама павярнуўся на голас.
— Хто пасьмеў? Выходзь! — зарычэў, як леў, узвар'яваны Яраслаў. Але ніхто яго не пачуў. Пастаяўшы трохі на мейсцы, ён ускач дагнаў сьвіту Вітаўта й, параўняўшыся з Рынгайлай, запытаў:
— Я бачу, вы задаволены? Вам падабаецца?
— А вы не задаволены? Вам не падабаецца? — усьміхнула ся яна.
— Я найду яго й скручу яму шыю!..
— Тады не трапляйце мне на вочы! — і Рынгайла выехала ўперад, пакінуўшы няшчаснага Яраслава скрыгацець зубамі ўбясьсільным шале.
— Што за жанчына! — прашаптаў ён. — Чарадзейка! Зьмяя! Якая нячыстая мяне сюды прынесла? Сядзець бы спакойна ўСмаленску.
А бедны малады бургундзец Олівэр д'Арно, стоячы побач зграфам, згараў ад зайздрасьці, бачачы, як усьміхаецца каралева ягонага сэрца спадкаемцу Смаленскаму...
Паступова гул прывітаньняў заціх. Гэрольды абвесьцілі аб пачатку паядынку. На супрацьлежных канцах паляны разгарнуліся харугвы супернікаў.
Ваявода Фёдар і войт Скабель з паднятымі забраламі пад'ехалі да Вялікага Князя й, адсалютаваўшы мячамі, застылі нерухома.
Вітаўт падняўся зь мейсца й, перадаўшы чырвоны шаль Вялікаму гэрольду, загаварыў:
— Хай Усемагутны й Справядлівы Бог будзе між вамі судзьдзёй! Абвінавачаньне цяжкое. Цяжкая й абраза, калі яно не справядлівае. Фёдар, ваявода Грозаўскі! Табе, як пакрыўджанаму, належыць права выбраць зброю й род паядынку!
— Я жадаю вольнага паядынку, Ваша Высокасьць!
— Войт! — павярнуўся да Скабеля Вітаўт. — Ваявода жадае вольнага паядынку. Ці прымаеш ты?
— Гаспадар Вялікі Князь! Я прыняў выклік ваяводы! Мушу прыняць і яго выбар! Хай Ваша Высокасьць і ўсе тут прысутныя будуць між намі судзьдзямі! Я абвінавачваю ваяводу Фёдара Грозаўскага з княства Слуцкага ў баязьлівасьці й здрадзе!
Рынгайла зь нянавісьцю й пагардай адвярнулася ад Скабеля. Вітаўт міжволі ўсьміхнуўся. А ў навіслай цішыні пачуўся голас графа дэ ля Шэр:
— Гэты чалавек вынес сам сабе сьмяротны прысуд!
— Як так? — пацікавіўся Олівэр д'Арно.
— На паядынках ваявода Грозаўскі яшчэ ніколі не забіваў свайго супраціўніка: зваліць з каня й памілуе, — растлумачыў граф. — Ён рэдка бывае выкліканы, і яшчэ радзей выклікае сам. Але такую абразу наўрад ці даруе, а як ён валодае зброяй, зараз убачыце самі!
Супернікі тым часам паскакалі да сваіх збраяносцаў. Над палянай запанавала магільная цішыня.
Княгіня Рынгайла з жалем і непакоем не адрывала вачэй ад Фёдара.
На ўскраінах паляны збраяносцы падалі байцом вострыя цяжкія дзіды. Клацнулі, апускаючыся, забралы. Супраціўнікі сталі напагатоў. Конь ваяводы, адчуваючы напружанасьць моманту, зь нецярпеньнем біў капытамі й, прысядаючы на заднія ногі, тузаў павады.
Васіль у апошні раз абмацаў папругу, шлеі крупэра й нагрудніка [14] ды, застаўшыся задаволеным, толькі цяпер крадком зірнуў туды, дзе сядзеў пан Келябовіч з дачкой Рэгінай...
Гэрольды пратрубілі сыгнал. Вялікі гэрольд паволі ўзьняў шаль угару й рыўком апусьціў яго...
У тое ж імгненне ваявода Фёдар, падняўшы каня на дыбкі, зь мейсца пусьціўся наўскач. Войт Скабель, з апушчанай дзідай і прыкрыўшыся шчытом, як вецер паляцеў насустрач.
Гледачы, затаіўшы дыханне, з жахам назіралі, як набліжаюцца адзін да аднаго коньнікі.
Ваявода Фёдар трымае дзіду пры назе, пільна прыглядаю чыся да войта. Вецер сьвішча ў забрале, плашч чорнай хмарай трапечацца за сьпіной... Адлегласьць робіцца карацейшая й карацейшая... Ваявода ўжо ясна бачыць адтуліну паміж шчытом і высокай, акутай стальлю, лукой сядла — вось сюды й ударыць дзідай. Не спускае ён вока й з вострага наканечніка войтавай дзіды.
Васіль, назіраючы за ваяводам, з хваляваньня пракусіў сабе губу. Кроў тонкім струменьчыкам сьцякала яму на бараду, аадтуль на панцыр.
Кірым, які ніколі ня бачыў падобных забаў, аж прысеў ад захапленьня.
Кандрат Тур з выгляду спакойны, але падрыгваньне вусоў выдае яго хваляваньне.
Мак Марцімэр са шчырым захапленьнем прыглядаецца да сваёй улюбёнай забавы. Хто выйдзе пераможцам, яму амаль усё роўна.
Князёўна Рынгайла закрывае вочы рукамі й хавае твар ускладках плашча, на плячы Яраслава, чаго той не заўважае...
Коньнікі ўжо зусім блізка... Ваявода рыўком апускае дзіду... і з трэскам разьлятаюцца абедзьве дубовыя дзіды, спатыкнуў шыся на каваных шчытах. Абодва байцы застаюцца ў сёдлах. І,разьмінуўшыся на хуткім скаку, робяць невялікае паўкола. Выхапіўшы мячы, зь лютасьцю кідаюцца адзін на другога.
— Надзвычайна! Цудоўна! — гудзіць Мак Марцімэр.
— Так, нядрэнна, — пагаджаецца граф.
Коні з храпам узьнімаюцца на дыбкі. Два цяжкія мячы са звонам сустракаюцца ў паветры. Удар за ўдарам гудзіць над палянай. Коні то прысядаюць, то ўзьнімаюцца на дыбкі, то, адступаючы ў тыл, зрываюць сьнежны наст.
Нарэшце ваявода, выбраўшы зручны момант, сячэ зь левага пляча. Войт, не пасьпеўшы адвесьці ўдар, прыкрываецца шчытом. Але ўдар настолькі моцны, што меч урэзваецца ў шчыт і перабівае пасак левага наплечніка. Звонка стукнуўшыся аб крупэр, наплечнік падае на сьнег. Ірвануўшы да сябе моцна засаджаны меч, ваявода мала ня выкінуў войта зь сядла. Але меч засеў моцна, не вылазіць. Пусьціўшы яго з рук, ваявода выхапіў сякеру і ў той жа час прыкрыўся сваім шчытом — градам пасыпаліся ўдары. Размахнуўшыся сякерай, ваявода ўсадзіў яе Скабелю ў бядро. Скабель захістаўся ў сядле, але, сабраўшы рэшту сіл, секануў наводмаш мячом... і расьсёк галаву Фёдараву каню. З грукатам заваліўся конь, прыціснуўшы ногу вершніку...
— Ганьба! — зароў на ўвесь пляц Мак Марцімэр.
— Ганьба! Ганьба! — паўскоквалі гледачы. — Каня забіў! Мясьнік! Канавал!
Кірым, ірвануўшы з похваў кінжал, кінуўся на падмогу Фёдару.
— Стой! Нячыстая сіла... Куды? — злавіў яго за полы Васіль.
— Ваявода... конь... нага... — стагнаў, вырываючыся, Кірым.
Войт, між тым, нічога ня чуючы, хістаўся ў сядле. Удар сякеры быў страшэнны, і, каб Скабель ня быў такі моцны, паядынак быў бы скончаны.
Нарэшце ваявода вызваліў нагу. Хутка падняўшыся, ён кінуўся на войта. Той жа, да гэтага часу апрытомнеўшы, узьняў каня на дыбкі і, накіраваўшы на ваяводу, пусьціў павады. Ваявода адскочыў убок, але пасьлізнуўся й паваліўся. Скабель другі раз падняў каня на дыбкі й грымнуў на ваяводу. Але й тут Фёдару ўдалося скокнуць убок з-пад цяжкіх капытоў. Затое конь, трапіўшы нагой на наплечнік, што быў зваліўся, і сьлізгануўшы па ім, упаў на калені. Войт стрымгалоў выляцеў зь сядла.
Супраціўнікі паволі падняліся. Войт, сьцякаючы крывёю, ледзь стаяў на нагах. Ваявода, падняўшы сякеру, падышоў да яго й загадаў:
— Кідай меч і станавіся на калені! Ты пераможаны!
Скабель не варухнуўся.
— Дык здохні як сабака!
Але ў гэты момант Скабель узмахнуў мячом. Ваявода прысеў і са страшнай сілай секануў сякерай. Скабель захістаўся, із-пад шолама пацякла кроў. Ад другога ўдару, які раскалоў шолам, ён як сноп паваліўся на сьпіну.
Ваявода каленам стаў яму на грудзі й падняў забрала. Войт ня дыхаў. Зрэзаўшы пласт сьнегу, Фёдар паклаў яго на твар Скабелю й, адклаўшы ўбок сякеру, выцягнуў мізэрыкордыю...
Ад сьнегу Скабель адплюшчыў вочы й, убачыўшы занесеную мізэрыкордыю над сваім горлам, прашаптаў:
— Не губі, ваявода... Прабач... Каюся...
Фёдар нахіліўся над ім і нешта зашаптаў на вуха.
— Згодзен... — адказаў ледзь чутна Скабель. — Прысягаю! На сьвятога Юр'я.
Ваявода падняўся й, махнуўшы збраяносцам войта, падышоў да Вітаўта.
— Суд Божы адбыўся! — абвесьціў Вялікі Князь. — З ласкі Ўсемагутнага, Фёдар ваявода Грозаўскі давёў сваю правату й пакараў вінаватага! Слава пераможцу!
— Слава-а-а! — загуло на паляне.
— І зноў ён ня здрадзіў свайму звычаю! — зьдзівіўся граф.— Ізноў не забіў! Дзіўны чалавек! Нават лупу ня ўзяў... [15]
— Цікава мне ведаць, аб чым ён пытаўся Скабеля? — прамармытаў Кройцэнбэрг, падымаючыся ў сядло. — Але за Паўля войт малайчына! Не разгубіўся, хаця нічога й ня ведаў...
11. ВОЛЬНІЦА
Прыціснуўшыся ў лясной глушы над берагам прыгожай і вясёлай Улы, захутаны сьнегам, дрэмле хутар Маркулічы. Калісь багаты й поўны дастатку, ён славіўся сваім духмяным мёдам, дабраякаснымі скурамі і адважнымі воямі. Уласьнікі пільна дбалі пра дабрабыт і разбудавалі ў Маркулічах моцныя гумны, сьвірны, хлявы. Пасярод усіх гэтых пабудоў разьмясьцілася прасторная хата. З заходняга боку да хаты прыбудаваная вежа зь бярвеньня. І, нарэшце, увесь хутар абнесены частаколам з завостраных і абапаленых бярвеньняў, моцна ўкапаных у зямлю.
Зараз хутар апусьцеў. Пасьля налёту крыжакоў у Маркулічах не засталося ні душы. Хата напалову згарэла, вежа абвалілася, стрэхі на будынках абдзерліся. Частакол часткова згарэў, часткова вывернуты, але мейсцамі яшчэ творыць даволі моцную сьцяну.
Нядаўна хутар аджыўся. Будынкі напоўніліся людзьмі, устайнях зьявіліся коні. Па навакольных вёсках паплылі чуткі: «У Маркулічах спыніўся атаман Сыч з бандаю!»
У Матылях, Коневе, Радуні казалі, што Сыч мае сотню апрышак. У Забалаці і Сабакенцах — тры сотні, а ў Васілішках і Лідзе — полк.
Сыч толькі пасьміхаўся:
— Чуткамі сьвет поўніцца. І чым болей нагавораць, тым меней палякаў тут застанецца!
У гэты дзень Сыч даў сваім хлопцам адпачынак. Сам жа, прысеўшы на ганку, бруском адвострываў цяжкую сякеру, напяваючы нешта напаўголасу. Сонца пачынала ўжо прыпякаць, і Сыч з радасьцю чакаў вясны, з надыходам якой думаў падацца пад Беласток, бліжэй да мяжы.
Раптам зь лесу пачуліся гучныя галасы, і на сьцежцы зьяівіліся тры чалавекі. Адзін, незнаёмы, вельмі сьпяшаўся, двое астатніх з рогатам прымушалі яго йсьці памалу, пагражаючы ўвыпадку непаслушэнства прапароць яго віламі. Нарэшце падарожнікі спыніліся каля ганку.
— Ты хто такі? — не адрываючыся ад сякеры, спытаў Сыч.
— Гайдук, Ваша Ласка... Пана Несьцяровіча гайдук.
— Дык якім ліхам ты сюды трапіў?
Гайдук бухнуўся на калені й заенчыў:
— Бацька ты наш... Заступнік... Пашкадуй, абарані...
— Ты што гэта? Што здарылася? — разгубіўся атаман ад такой неспадзеўкі.
— Вой, пашкадуй! Ня выдай нас! Кабеты й дзеткі там... — выў гайдук, намагаючыся выціснуць зь сябе хоць адну сьлязіну, што ніяк яму не ўдавалася.
— Я пытаюся, што здарылася? — спыніў яго, раззлаваўшы ся, Сыч.
— Ляхі! Ляхі, кармілец ты наш! Захапілі маёнтак пана Несьцяровіча... Рабуюць, паляць, забіваюць!..
— Ага! Свой свая не пазнаша? Так ці што?
— Так, так!.. Ой, не! Што я, дурны баран, пляту! Ня вер ім... Ня вер ім, пане дабрадзею! Ня вер...
— А я й ня веру, — заспакоіў яго Сыч, яшчэ добра не разумеючы, што здарылася.
— Ня вер, ня вер!.. Усе яны брэшуць! Пан Несьцяровіч спрадвеку быў літоўцам... зь дзядоў і прадзедаў. Зь Люціцаў родам ён. Ня вер! Яны самі палякі...
— Хто палякі?
— А паны Самойчык і Белагрудзкі... Ня вер ім...
— Я ім і ня веру, а заадно й табе! — адказаў Сыч, нарэшце зразумеўшы, што ад яго хоча гайдук.
Сабраная навокал іх вольніца выбухнула рогатам. Гайдук разгублена азірнуўся й, не сустрэўшы нідзе спагадлівага пагляду, падпоўз да атамана й стаў цалаваць яму боты:
— Пане дабрадзею, сонейка яснае, сокал хуткакрылы, ратуй... Рэжуць! Жыўцом рэжуць!
— Знацца, зарабілі! — прамовіў нехта з апрышак.
— Ай не! Мы ніколі нікому нічога, а калі бывае, каму што якое, дык што ж там такое?
— Што такое, кажаш? А мы вось зараз пабачым! — атаман адклаў набок сякеру й устаў. Акінуўшы паглядам падворак, ён гукнуў:
— Гэй, Францішак! Хадзі сюды!
— Як гара ня йдзе да Магамэта, то Магамэт ідзе да гары! — з гэтымі словамі наперад выступіў плячысты дзяцюк зь вясёлымі прамяністымі вачамі. Гайдук са страхам глядзеў на гэтага дзецюка.
— Ты, магамэт! Ты хіба ня з Конева? — спытаў Сыч.
— Здаецца!
— Пана Несьцяровіча ведаеш?
— Як ня ведаць? Сем дзён і начэй быў у яго ў гасьцях, як па пісанаму, а на восьмы...
— Пачакай! А вось яго ведаеш? — Сыч паказаў на гайдука, які трэсься ад страху.
— Пэўна, што ведаю! Сябруем! Як адгасьціў я ў Несьцяровіча сем дзён, то на восьмы дзень ён мяне ў дарогу выпраўляў. Шчыра й сумленна! Такую мне біблію на сьпіне расьпісаў, што люба-дорага паглядзець. Ды ты не саромься! — зьвярнуўся Францішак да гайдука. — Пакінь сарамлівасьць дзяўчатам. А я тваёй ласкі век не забуду. Дык каб і хацеў забыць, дык летапіс на сьпіне ня дасьць!
— Пачакай! — перабіў Сыч. — Значыць, катуюць яны людзей? Ці не?
Францішак моўчкі скінуў кажух, задраў на сьпіне кашулю й прамовіў:
— Прачытай сам. Чаго мяне пытаеш?
Сьпіна Францішка сапраўды выглядала жудасна. Яшчэ не зусім загоеныя рубцы перасякалі яе ўздоўж і ўпоперак. З-пад закарэлае крыві там і сям бачна было дранае мяса.
— Так, так... Прачытаў я ў цябе на сьпіне, што пан Несьцяровіч паляк, — прамовіў Сыч.
— Ну то значыць, кепска чытаць умееш! — запярэчыў Францішак. — Ён не паляк, а падпаляк! Так там і напісана. Ці ня праўда? — зьвярнуўся ён да гайдука.
— Як гэта, падпаляк? — зьдзівіўся Сыч. — Нешта я не разумею.
— А што ж тут разумець? Ёсьць паляк, а ёсьць падпаляк, ёсьць пан, а ёсьць падпанак. А людзі так кажуць: «Ня страшны пан, але страшныя падпанкі». Зразумеў?
— Зразумеў! — пагадзіўся Сыч. — Раскажы-ка ты нам, за якую правіну пан падпаляк цябе так адхаладзіў?
— Віна вялікая была: не захацеў яму ў гайдуках служыць, падпанкам быць.
— Але ж ты з панцырных баяраў! [16] — недаверліва ўскрыкнуў Сыч. — Ты толькі Вялікаму Князю павінен службай!
— А што яму баяры ці князі, калі ён ад Бога адрокся? Папу Рымскаму моліцца.
— Чаму ж ты ваяводу не паскардзіўся ці князю?
— Рука руку мые, а пан пана крые. Усе яны адным лыкам шытыя, пачынаючы ад Вялікага Князя й канча...
— Пра гаспадара ня сьмей так казаць! Ён ад Бога над намі пастаўлены! — нахмурыўся Сыч.
— А я й ня сьмею. Толькі мне здаецца, што ён добра ведае, што тут робіцца. Унь Несьцяровіч колькі душ бязьвінных на той сьвет адправіў. То за Карону Польскую, то за Папу Рымскага, а то й так, дзеля пацехі...
— Гэй, Сыч! — раптам праціснуўся да атамана вартавы, які стаяў на ўскраіне лесу. — Паны на Конева рушылі!
— Як, на Конева?
— Конева паляць! Дзядзькі бароняцца, але пугай абуха не пераб'еш, паддаюцца!
— А як зь Несьцяровічам? Спалілі?
— Дзе там! Замоцны выявіўся для іх, дык на Коневе злосьць спаганяюць. Прыслухайся-ка!
З боку Конева даносіўся трывожны гук царкоўнага набату.
— Набат! — ускочыў Сыч. — Хлопцы, да зброі! А ты, — крыкнуў ён гайдуку, — бяжы да свайго пана й скажы яму, што сёньня Сыч з сычанятамі загляне да яго ў госьці! — і кінуўся да стайняў. Гайдук пабег з двара.
— Гэй, пачакай! — спыніў яго Францішак. — Як там Даша? Даўно я яе ўжо ня бачыў...
— Прыйдзі й пабачыш.
* * *
Зь дзікім гікам і сьвістам рушыў Сыч на разгубленых гайдукоў Самойчыка й Белагрудзкага. Падбадзёраныя конеўскія сяляне лавінай наваліліся на ўцекачоў. Дзьве крайнія хаты ярка гарэлі. Зь іх разносіўся жудасны дзіцячы плач і жаночыя крыкі.
Першым жа наскокам, зьмяўшы гайдукоў Самойчыка, Сыч ахапіў паўколам гайдукоў Белагрудзкага, якія зьбіліся наўкола сваго пана.
З маёнтку Несьцяровіча, што раскінуўся на ўзгорку недалёка ад Конева, даносіліся крыкі й сьвіст. Ці то падбадзёрвалі Сыча, ці то насьміхаліся зь няўдачнікаў... Адтуль бачылі, як узьляцеў на вяроўцы Самойчык, як падагнулася над ім галіна маладой таполі...
Белагрудзкі, бачачы, як хутка расправіліся зь ягоным сябрам, вырашыў жыўцом не здавацца. Зацята адбіваючыся ад сычанятаў, ён пачаў адыходзіць да маёнтку Несьцяровіча. Але Сыч разгадаў ягоны намер. Замкнуў кола й пасьля кароткае бойкі зьмяў гайдукоў. Параненаму Белагрудзкаму накінулі на шыю пятлю й пацягнулі да самойчыкавай таполі...
— Як пасьцеліш, гэтак і высьпісься! — прамармытаў, перахрысьціўшыся, адзін зь сялян, назіраючы за канцом Белагрудзкага.
Убачыўшы раптам Францішка, ён злавіў яго за крысо кажуха й прамовіў:
— Дык і ты, сынку, тут?
— Тут, дзедусь, тут. Дзе ж мне болей быць?
— А як жа ж вы, дзеткі, даведаліся аб нашай бядзе? Ці мо' хто падказаў?
— Мы, дзедусь, усё ведаем! — горда адказаў Францішак. — І як дзе крыўдзяць нашага брата — люд паспаліты, дык і мы тут як тут.
— Так, так... Дай вам Бог здароўечка! А ад нас вялікае дзякуй!
— Няма за што, дзед! — прамовіў, падыходзячы, Сыч. — Мы самі такія, як вы, і самі бяды ды крыўды нацярпеліся. Таму й у лес падаліся... Вось прабачце, што крыху спазьніліся, — паказаў ён на хаты, што дагаралі.
— Нічога, нічога, сынку. Абы болей бяды не было, а з гэтай мы як-небудзь талакой [17] парадзім. Вось каб вы, сынкі, не падасьпелі, то й кабеты зь дзецьмі пагарэлі б, то горш. А хата — рэч нажыўная... Унь глянь, як на сяле заварушыліся. Цягнуць пагарэльцам, хто што можа, а з грамады па нітцы — голаму кашуля.
— І мы ад сябе дадамо. Ад паноў здабыча багатая засталася! — прамовіў Сыч, адыходзячы. — Ты, Францішак, каб не забыўся прыпамянуць пра гэта Цімоху!
— Што то за ён? — пацікавіўся дзед.
— Гэта наш ваявода, яснавяльможны пан Сыч! — пажартаваў Францішак.
— Ах ты Божа ж мой! — замітусіўся дзед. — А я нават і не пакланіўся яму, яснавяльможнаму... — і стары кінуўся даганяць Сыча.
Але яму не ўдалося пакланіцца атаману. Сыч, ускочыўшы на каня, галопам панёсься ў Маркулічы, а за ім некалькі ягоных хлопцаў. Сьледам — і Францішак.
Дзед скінуў шапку й перахрысьціў усьлед коньнікаў:
— Хай Бог беражэ вас, дзеткі мае, і пасылае вам ласкі й шчадроты свае!
* * *
Па дарозе зь Ліды рысьсю пасоўваўся невялікі аддзел коньнікаў у белых плашчах ды ўзброеных цяжкімі дзідамі й галябардамі [18]. Уперадзе на буланым кані скача чалавек у рыцарскім панцыры. Белы плашч на лісінай падбіўцы трапечацца за сьпінай, адкрываючы бліскучыя дасьпехі міланскай работы. На шоламе рыцара кутая галава зубра. Дзяржальна мяча зіхаціць дарагімі каменьнямі. На правай руцэ, вышэй локця, абвязаны жоўты ядвабны шаль.
Кароткі зімовы дзень падыходзіў ужо да канцу, калі коньнікі, выехаўшы зь лесу, убачылі ўмацаваны маёнтак Несьцяровіча.
— Тут і заначуем! — указаў рыцар на маёнтак і, прышпорыўшы каня, паскакаў па дарозе да брамы. Сустрэчныя з жахам кідаліся ўбок з дарогі, яшчэ здалёк убачыўшы ненавідныя белыя плашчы.
Несьцяровіч сам выйшаў насустрач нечаканым гасьцям, але браму не адчыніў. Прыглядаючыся праз бойніцу, запытаў:
— Каго маю гонар вітаць?
— Кжыжаноўскі! Ваявода! — пачулася ў адказ. — Еду зь Ліды. Хачу ў пана пераначаваць.
Несьцяровіч яшчэ раз акінуў вокам рыцара й ягоны пошт. Угалаву прыйшла думка: «Сыч абяцаў сёньня завітаць у госьці, дык лішніх два дзясяткі вояў на чале з дасьведчаным рыцарам напэўна прыдадуцца». І ён гукнуў:
— Адчыняй браму! Хутка! — а звяртаючыся да госьця, прамовіў. — Прабачце, яснавяльможны пане, што так доўга не ўпускаў, але тут па суседзтву стаяць апрышкі, дык трэба быць асьцярожным.
— Няўжо пан іх баіцца? — прамовіў з пагардай у голасе ваявода, уяжджаючы на ўмацаваны падворак.
Праз кароткі час гаспадар, госьць і некалькі ягоных спадарожнікаў-шляхціцаў разьмясьціліся за сталом, багатым ежай і выпіўкай.
Рэшта ваяводавага пошту, зьмяшаўшыся з гайдукамі, прыглядаліся да ўмацаваньняў і знаёміліся з абаронцамі. Госьці зь вялікім задавальненьнем падкрэсьлівалі бясспрэчна лепшую якасьць свайго ўзбраеньня. Гайдукі ж, са свайго боку, з зайздрасьцю прыглядаліся да панцыраў, тонкіх, але моцных кальчугаў, доўгіх і цяжкіх двуручных мячоў, дзідаў, адпаліраваных да бляску, галябардаў, лукаў і наагул усяго рыштунку й польскіх вояў, каторыя, ня ў крыўду ім будзе сказана, размаўлялі чысьцейшай літоўскай мовай. Такою мовай, якою размаўляюць уПолацку, Слуцку, Вільні, Смаленску, Тураве. Карацей кажучы, так, як яны гавораць у Вялікім Княстве Літоўскім — ад Прыпяці да Пскова і ад Белавежы да Вязьмы. Але гэта нікога не бянтэжыла, бо нават у самім Кракаве лічылася за добры тон гаварыць па-літоўску. І сам ваявода Кжыжаноўскі — толькі час ад часу ўжываў польскія словы й звароты. Таму ён, адказваючы на тост, запрапанаваны Несьцяровічам, прамовіў:
— Так! Вып'ем за караля! І я магу з пэўнасьцю сказаць, што хутка дачакаесься свайго, пане Несьцяровічу! Запэўняю ў гэтым!
— О! Пане ваяводу! Слухаць пана — проста мёд піць! Хутчэй бы той час ужо, і ясьнейшы кароль запанаваў у нас...
— Дык вып'ем, пане Несьцяровічу! Каб хутчэй пан дачакаўся свайго! — Кжыжаноўскі падняў свой кубак і ў два заходы асушыў яго.
Несьцяровіч не адставаў ад госьця й яго спадарожнікаў, але зь людзьмі вайсковымі супернічаць было цяжка, і ён хутка п'янеў.
— Бачыш, пане ваяводу, цяжка стала жыць сумленным людзям, — мармытаў Несьцяровіч. — Свае цурацца пачалі, стараною аб'яжджаюць, а з Польшчы гасьцей мала ў нашых краях... Глуш... А тут хамы й панцырныя баяры з апрышкамі братаюцца... воўкам паглядаюць... Сёньня завітаць абяцалі, але недачаканьне іхнае!.. Гайдукоў маю хвацкіх... Тыдзень-другі вытрымаю, а там...
— А што там?.. — хутка зацікавіўся госьць.
— Выпі, яснавяльможны ваяводу! Выпі!.. — ледзь варочаў языком Несьцяровіч. — Першы раз за ўсю зіму дазваляю сабе так павесяліцца... Такога госьця Бог паслаў... Выпі!..
— Ну, а што па двух тыднях будзе? — напалягаў рашуча госьць, падліваючы ў кубкі віна.
Несьцяровіч зрабіў урачыстую міну на сваім п'яным твары й, грукнуўшы кулаком па стале, абвесьціў:
— Праз два тыдні, а мо' й хутчэй, і распраўлюся з конеўскімі валацугамі!.. Закатую ўсіх... Да адзінага...
— А чаму ты, пане, такі пэўны гэтага?
— Бо прыйдзе ваявода Капыльскі... З войскам!.. Во!.. Сам Князь Вітаўт яму грамату даў, каб усіх апрышак вешаць ці мілаваць ад яго ймя... Як сам захоча...
— А ці вялікае войска таго ваяводы? — пацікавіўся адзін згасьцей, твар якога зарос сівой барадой, але вочы іскрыліся кіпучай маладосьцю.
— О!.. Войска вялікае! Цэлы полк з княства Слуцкага!.. Тады Сычу канец прыйдзе... І конеўцам разам...
— А як жа ён знойдзе гэтага Сыча?
— Аб гэтым я паклапаціўся!.. — пахваліўся Несьцяровіч. — Зараз забачыце... — і, сабраўшыся зь сіламі, ён гукнуў: — Гэй! Хто там! Зараз жа цягні Дароту сюды!..
За дзьвярыма ўвесь час сядзеў гайдук, чакаючы ад свайго пана загадаў. Таму адразу ж пачуліся крокі й бухнулі выхадныя дзьверы.
Госьці й гаспадар пасьпелі выпіць толькі па адным кубку віна, калі ў суседнім пакоі пачулася валтузьня, дзьверы адчыніліся, і два гайдукі з праклёнамі ўцягнулі ў пакой босую дзяўчыну гадоў васямнаццаці. Яе ногі, сінява-чырвоныя й мокрыя, паказвалі, што яе вялі ці цягнулі па сьнезе. Поўныя нямога жаху вочы — затуманеныя сьлязьмі. На палатнянай бруднай кашулі, накінутай на худыя плечы, сьляды засохлай крыві. Дзяўчына, дрыжучы ад страху й холаду, упала на калені й, абвёўшы паглядам гасьцей, апусьціла галаву.
Барадаты госьць рыўком ускочыў з лаўкі.
— Сядзь! — спакойна загадаў ваявода.
Барадач нехаця падпарадкаваўся й, не спускаючы вачэй зДашы, выпіў поўны кубак віна.
Несьцяровіч, чапляючыся за лаўкі й гасьцей, вылез з-за стала й, хістаючыся, падышоў да дзяўчыны. Яна з маленьнем падняла на яго вочы.
— Кажы, сука!.. Дзе твой Францішак?
— Я ня ведаю... — ледзь чутна прагучэў адказ.
— Ты ня ведаеш?.. Ты ня ведаеш?.. Дык на!.. — і Несьцяровіч з размаху ўдарыў нагой. Даша ад болю застагнала, аНесьцяровіч, згубіўшы раўнавагу, бухнуўся на падлогу. Гайдукі кінуліся яго падымаць.
Барадач з глухім рыкам ускочыў ізноў.
— Пачакай! — прыкрыкнуў на яго ваявода. — Прыйдзе яшчэ й твой час...
— А што? Што ён хоча?.. — запытаў Несьцяровіч, сілячыся падняцца, але ногі яго болей ня слухаліся, і ён з п'яным рогатам паваліўся зноў. Валячыся, ухапіўся за Дашына плячо, і кашуля яе з трэскам разадралася. Але дзяўчына была гэтулькі перастрашаная, што нават не адважылася падняць рукі, каб прыкрыць сваю галізну.
— Ён хоча пану дапамагчы... — адказаў ваявода.
— Памагчы?.. Дапаможа... Бо й напраўду я сам ужо не магу.
— Ідзі! І рабі сваю справу! — загадаў ваявода барадачу. — Але толькі ня тут! Забяры яе куды-небудзь...
Барадач адразу ж падышоў да Дашы. Яна зразумела, што гэта азначае, і зь нямым маленьнем працягнула рукі да ваяводы, буйныя сьлёзы каціліся па яе шчаках. Але ваявода, грозна на яе зірнуўшы, адвярнуўся да Несьцяровіча і загадным тонам прамовіў:
— Пане Несьцяровічу, хадзі-ка за стол, і вып'ем яшчэ!
— Ой не магу... Забі мяне Пярун, не магу болей...
— Выпі! І йдзі спаць! За вартай я дагляджу...
— Ну... добра... вып'ю, толькі ня... злуйся, пане... ваявода...
Барадач, між тым, падняў Дашу на рукі й выйшаў з пакою, пры гэтым так зірнуўшы на наважаных было йсьці сьледам гайдукоў, што тыя рашылі за лепшае застацца на мейсцы. Але адзін зь іх прыкметна хваляваўся (гэта быў той, што прыбягаў у Маркулічы) і, падышоўшы да торкаўшага носам Несьцяровіча, прамовіў:
— Няхай пан загадае й мне быць пры допыце... Пан жа абяцаў, што аддасьць яе мне, а між тым...
Несьцяровіч нічога не адказаў — пераможаны віном, ён ужо спаў. Але затое ваявода Кжыжаноўскі ўстаў з-за стала ды, міргнуўшы сваім субяседнікам, падышоў да гайдука й прамовіў:
— А ну, паглядзі на мяне, ці пазнаеш? Бо я цябе ведаю...
Гайдук толькі цяпер разгледзеў твар ваяводы. І па меры таго як ён углядаўся, вочы яго буйнелі ад жаху. Першым яго рухам было кінуцца ў дзьверы, але там, як бы прыпадкам, ужо апынуўся адзін з гасьцей. З вокнамі было тое самае. Гайдук упаў на калені, ня ў сілах нічога прамовіць. Другі гайдук са зьдзіўленьнем назіраў гэтую сцэну.
— Я бачу, ты мяне пазнаў, — усьміхнуўся ваявода. — Як, ці стрымаў я сваё слова?..
— Так!.. Так, бацюхна Сыч... — прашаптаў бядак.
— Сыч! — ускрыкнуў яго прыяцель і ўхапіўся за меч, але выцягнуць яго ўжо не пасьпеў...
— Цімох, ідзі да Францішка! І цягні іх сюды! Досыць ім там ужо, потым нацешацца! Гайдука зьвязаць! Перад Капой [19] стане! Гаўрыла й Даша яго дапільнуюць, рэшта пойдзе са мною правяраць варту...
Цімох застаў Дашу й Францішка ў пакоі, прызначаным для «ваяводы». Даша ад радасьці й неспадзяванага шчасьця плакала, схаваўшы твар на грудзях свайго каханага. Па шчаках Францішка таксама каціліся буйныя сьлёзы, ён пяшчотна гладзіў Дашу па галаве ў нямой бязьмежнай радасьці. Цімох нерашуча кашлянуў, стараючыся зьвярнуць на сябе іх увагу.
— Што?.. — здрыгануўся Францішак.
— Сыч кліча. Час ужо скончыць зь Несьцяровічам і ягоным кублом...
Францішак нехаця ўстаў, прымацаваў ізноў бараду й, узяўшы Дашу за руку, пайшоў па Цімоха.
— Ну, галубкі, нацешыліся? — сустрэў іх Сыч. — Калі не зусім, то пасьпееце яшчэ. Часу досыць... А бараду скінь, не патрэбна яна болей.
— Пане ваяводу, хоць і ня годная я вашае ласкі, але дазвольце мне хаця руку вашу пацалаваць? — і пакуль Сыч зразумеў, каго гэта датычыцца, Даша ўхапіла яго за руку й, заліваючыся сьлязьмі, пацалавала.
— Гэй! Гэй! Гэта я «пане ваявода»? — зьбянтэжыўся Сыч і, ласкава адабраўшы руку, загадаў:
— Гаўрыла й Даша застануцца тут пільнаваць Несьцярові ча й гайдука! Францішак пойдзе з намі, паказваць дарогу! Хадзем!
На небе яскрава зіхацелі зоркі, як раскіданыя па чорным аксаміце самацьветы. Тонкі серп месяца ледзь асьвятляў прыціхлае гняздо Несьцяровіча. Зь лесу даносілася нуднае й працяглае выцьцё — адбіўся ад стаі й трапіў у пастку воўк.
— З намі Крыж Сьвяты й угоднік Андрэй... — шэпча вартавы гайдук, выглядваючы праз фортку ў браме. Ён доўга ўглядаецца ў ноч, стараючыся пры слабым сьвятле месяца зазірнуць ухаты Конева, дзе начуюць сычаняты.
Ззаду чуецца рыпеньне сьнегу пад нагамі некалькіх чалавекаў. Вартавы пазнае «ваяводу» й адсоўваецца ад форткі, каб госьць мог празь яе паглядзець. Сыч доўга й уважна прыглядаўся й прыслухоўваўся да засьнежаных абшараў між Коневым, лесам і маёнткам.
— Як, нічога не чуваць? — зьвярнуўся ён раптам да вартаўніка.
— Не, яснавяльможны пане, нічога. Усё сьпіць наўкола.
— Добра! І апрышак не чуваць?
— Не, яснавяльможны пане, не чуваць. Напэўна, таксама сьпяць. Сама ўдарыць бы па іх...
— Ударыць, кажаш? — неяк дзіўна ўсьміхнуўся Сыч. — Іятак думаю, што трэба ўдарыць. Толькі мне здаецца, што грэшна біць сонных, га?
— Які ж тут грэх, пане ваяводу? Як не перб'ем іх сонных, дык інакш ніколі рады не дамо!
— Ну добра! Хай будзе па-твойму! — глуха прашаптаў Сыч.— Але біць будзем Несьцяровіча...
Халодная сталь нажа, злавесна бліснуўшы перад вачамі гайдука, прагавіта ўпілася яму ў горла. З булькатам лінула кроў. Захрапцеўшы, гайдук паваліўся на сьнег, забіўшыся ў перадсьмяротных сутаргах.
— Здох, як кручаны сабака, — прамовіў Францішак, выцягваючы завалу з брамы. — Нагубіў ён людзей на сваім вяку, жываглот!
Праз прыадчыненую браму на падворак адзін за другім, нячутныя, як цені, пачалі ўваходзіць сычаняты.
Сам Сыч са сваім поштам працягваў абход маёнтку, пакідаючы за сабою нерухомых і карчанеючых сьведкаў сваёй нянавісьці й помсты.
Раніцай, пасьля кароткага, але моцнага сну, Сыч загадаў прывесьці да сябе Несьцяровіча, у якога трашчала галава ад учарашняй папойкі.
Няроўнай хадой падышоў Несьцяровіч да стала, за якім разьмясьціліся сычаняты, і наліў сабе кубак віна.
— Пахмелка — гэта дар Божы! — прамовіў ён, перакідаю чы кубак у рот. — Я бачу, нашага палку прыбыло? — дадаў ён, акінуўшы вокам стол.
— Каму прыбыло, а каму й убыло! — ня вытрымаў Францішак. — Ксяндза трэба паклікаць для падліку...
Несьцяровіч, які не зусім яшчэ прачухаўся й ня ведаў аб тым, што здарылася ўночы, не зьвярнуў увагі на гэтыя словы й, працягваючы руку да біклагі, прапанаваў:
— Вып'ем, панове, за тое, што ноч прайшла добра!
— Хто вып'е, а хто й паскача! — адказаў ізноў Францішак і пад агульны рогат выхапіў у яго біклагу з рук.
— Ня будзь, пане, такі рэзвы! — ускочыў Несьцяровіч. — Тут я пан! І не дазволю нікому зь сябе насьміхацца, будзь то хоць сам ваявода ці князь!
— І добра зробіш, пане! Але мяне гэта не датычыцца, бо я не ваявода і ня князь, а звычайны Францішак Сычонак! — іФранцішак адчапіў бараду.
Увесь хмель мігам зьляцеў зь Несьцяровіча і ён, яшчэ ня верачы сваім вушам, упіўся вачамі, поўнымі жаху, у круглы ўсьмехнены твар Францішка. Усё гэта было так неспадзявана й непраўдападобна, што небарака Несьцяровіч вырашыў, што ўсё гэта яму сьніцца ці бярэдзіцца. Ён заплюшчыў вочы й, пад аглушальны рогат сычанят моцна ўшчыкнуўшы сябе за лытку, расплюшчыў ізноў. Усё тое самае, толькі цяпер сусед Францішка, перад тым таксама барадаты, стаў да немагчымасьці падобны да Дашы.
— Не!.. Не!.. Гэта ня можа быць!.. Гэта сон!..
— Не, Несьцяровіч, ня сон! Гэта сапраўднасьць! А таму, памаліся Богу, бо песенька твая сьпета! — прамовіў Сыч, які дагэтуль сядзеў моўчкі. — Ды пасьпяшайся!
— Збан да пары ваду носіць, дзяржак адарвецца — і збан паб'ецца! — дадаў Францішак.
Да абеду гняздо Несьцяровіча апусьцела. Ляскалі па ветры паадчыняныя дзьверы. Сіратліва глядзелі павыбіваныя вокны...
На перакладзіне брамы вецер разгойдваў трупы Несьцярові ча й некалькіх гайдукоў, ацалелых ад начнога абходу Сыча...
12. ПАСЛАНЬНІК
Па прыезьдзе ў Кракаў ваявода Фёдар спыніўся ў доме капітана літоўскіх лучнікаў ваяводы Пашкевіча. Гаспадар прыняў госьця з усімі адзнакамі гонару й павагі, на якія заслугоўвае літоўскі ваявода, ды яшчэ пасланьнік самаго Гаспадара Вялікага Князя.
Празь некалькі дзён Пашкевіч з затоенай пяшчотай і зайздрасьцю пазіраў на дарагі й радзімы ярылаў крыж, гафтаваны золатам на плашчы Фёдара. Зь якою ахвочасьцяй ён насіў бы сам гэтае двукрыжжа замест чужога й нялюбага белага арла, якому воляй лёсу й абставінаў прыходзілася служыць і пакланяцца.
— Эх, маладосьць, палкая й неразважная!.. — з жалем прашаптаў Пашкевіч, прыціскаючы да вуснаў каваны шчыт Фёдара. — Каб можна было вярнуць мінулае, быў бы я сёньня ўПолацку ці Троках...
— Цяжка, ваявода! — заўважыў Фёдар. — Ніхто цябе не прымушаў ісьці за Ягайлам, дык і шкадаваць ня трэба. На раду табе, знацца, напісана быць палякам. Не наракай жа на волю Божую.
— Ня быў я палякам і не буду! — успыхнуў Пашкевіч. — Уся істота рвецца да родных пушчаў, балот, сенажацяў! Я там нарадзіўся, вырас, там і памерці хачу! Скажы, Фёдар, ты хоць і малады, але розум у цябе за дзесяць старых варты. Што я правініў, калі пайшоў за сынам Альгерда? Альгерда Вялікага й Справядлівага! Ці ж мог хто тады падумаць, што малады й разумны Ягайла Альгердавіч княства сваё на спадніцу прамяняе? Скажы, мог?..
— Дык я цябе й не віню. Ты выбраў свой шлях і па-свойму правы, калі лічыш яго правідловым...
— Вось у тым і бяда, што не лічу! — скрушліва ўскрыкнуў Пашкевіч.
— Як так? — зьдзівіўся Фёдар. — Ня лічыш?..
— Фёдар, зразумей мяне! Цяжка тады было разабрацца, за кім пайсьці: ці за Ягайлам, ці за Кейстутам і Вітаўтам. Час быў ліхі. Ягайла шукаў падтрымкі ў Польшчы й дамагаўся рукі Ядзьвігі. Кейстут і Вітаўт абапіраліся на Белую Русь і шукалі дапамогі ў немцаў. Як было не згубіць галавы? Я выбраў Ягайлу, твой пакойны бацька — Вітаўта... Ты, можа, не зразумееш гэтага, бо тады занадта малады быў... Кожны імкнуўся зрабіць як найлепей... А што выйшла? Не маўчы, Фёдар, скажы хоць слова суцехі!.. Не надарма цябе Вітаўт за пасланьніка абраў, думаць можаш...
— Я цябе разумею, ваявода, — нерашуча пагадзіўся Фёдар. — Але парадзіць нічога не магу і на здраду падгаворваць не буду... Не ў маіх гэта сілах. Ты стаў палякам, і палякам пам...
— Не! Няпраўда! Я заўсёды быў і буду літоўцам! Белая Русь гэта мая радзіма, мая любоў, мая мара! Застаючыся ў Польшчы, я служу ня ёй, а свайму гаспадару Ягайлу Альгердавічу... Каталіком я стаў не за якія-небудзь прывілеі, а зь перакананьня і не шкадую. Перадай, Фёдар, што мая душа, любоў і розум належаць яму! — Пашкевіч замоўк і, трохі падумаўшы, з жалем дадаў. — Але меч і рука мусяць служыць каралю... Я прысягаў!..
У дзьверы пастукалі, нягучна, але настойліва. Пашкевіч звыразам незадавальненьня падышоў і адчыніў іх. На парозе зьявіўся багата апрануты шляхціц са срэбным жазлом у руках.
— Ваявода Фёдар з Грозава, ад Яго Міласьці Князя Вітаўта?.. — пытальна зьвярнуўся ён да Пашкевіча. — Ці ня мог бы яснавяльможны пан капітан правесьці мяне да яго?
Пашкевіч моўчкі ўказаў рукой на Фёдара й з пагардай выйшаў з пакою, бразгаючы шпорамі.
Шляхціц урачыста выйшаў на сярэдзіну пакою, стаў у маляўнічую позу, паправіў левай рукой даўгія вусы й прамовіў:
— Харунжы Яго Каралеўскае Мосьці, Ежы з Чэрвіцы!
Фёдар моўчкі, ледзь прыкметна ўсьміхаючыся, разглядаў маляўнічую постаць харунжага.
Не дачакаўшы адказу, харунжы прамовіў ізноў:
— З Божае ласкі Кароль Польскі й Вялікі Князь Літоўскі Ўладыслаў Ягайла жадаюць заўтра раніцаю, пасьля ранішняе імшы, бачыць яснавяльможнага пана ваяводу ў Вавэлі!
Фёдар ізноў прамаўчаў, забаўляючыся ўсё большай разгубленасьцю харунжага. Бядак пачаў задам пасоўвацца да дзьвярэй, не спускаючы вачэй зь Фёдаравага твару, нібы баючыся чагось неспадзяванага зь яго боку.
Раптам ізноў зьявіўся Пашкевіч і, насунуўшыся як гара на перапалоханага харунжага, прарычэў:
— Скончыў, пане харунжы? Дык папрашу вызваліць майго высокага госьця ад тваёй прысутнасьці: заўтра зьявісься й правядзеш шляхетнага ваяводу ў Вавэль! Усё!..
Харунжы бокам высьлізнуў з пакою й бегма кінуўся да выхаду з гэтак страшнага закутка ў Кракаве.
Пашкевіч са злосьцяй плюнуў яму ўсьлед і, зьвяртаючыся да Фёдара, прамовіў, не хаваючы пагарды:
— Вось такімі блазнамі абкружыў сябе гэты няшчасны чалавек, каторы носіць карону Польшчы, а нядаўна быў Гаспадаром Літоўскім! Усе найлепшыя й найвыдатнейшыя рыцары адсунутыя ў цень... Нават сам Жындрам з Машкевіц — гэты слаўны ваявода й майстар вайны — у няласцы... Аднаго мяне ён яшчэ якась церпіць і давярае...
* * *
На каралеўскую нараду ваявода Фёдар зьявіўся добра падрыхтаваным, дзякуючы ўсё таму ж Пашкевічу.
Кароль увачавідкі быў ня ў добрым настроі, пагэтаму, скараціўшы ўсе фармальнасьці, адразу перайшоў да справы. Прачытаўшы лісты й граматы ад Вітаўта, заявіў:
— Мы, як і нашы брат, жадаем міру паміж нашымі дзяржавамі! Але словы й дзеяньні нашага брата Вітаўта не заўсёды супадаюць між сабою. Наша цярплівасьць вялікая, а й ёй можа наступіць канец. І вось пасьля доўгага малітоўнага прашэньня Усемагутны Бог паслаў нам сваю ласку й мудрасьць. Мы вырашылі згодна й па-хрысьціянску ўладзіць усе спрэчныя пытаньні, а таму прапануем нашаму брату наступнае: для супольнага дабра Польшчы й Вялікага Княства Літоўскага абодва бакі павінны пайсьці на саступкі! Князь Вітаўт мусіць вызначыць над сабою зьверхніцтва Кароны і нічога не чыніць бяз згоды караля ў пытаньнях адносінаў з суседзямі. Мы ж, са свайго боку, адмовімся ад так неабходнага нам адпачынку і возьмем на сябе цяжкасьць валадараньня Літвой і яе людам, дбаючы роўна аб дабрабыце як земляў Каронных, так і Літоўскіх. Саступкі будуць вялікія з абодвух бакоў, і таму ніхто ня будзе ў крыўдзе.
Ад такой «някрыўды» Фёдар толькі ўсьміхнуўся, бо ведаў, што Ягайла мае зайздросную й фальшывую душу, ды спадзяваўся чагось падобнага.
— Ваша Каралеўская Вялікасьць, — адказаў ён, — аб такіх справах я гаварыць не ўпаўнаважаны. Толькі сам Гаспадар Вялікі Князь можа вырашыць і пастанавіць аб вызнаньні Літвой зьверхніцтва Кароны Польскае! Я ж усё дакладна перакажу майму Гаспадару і буду прасіць Яго Высокасьці, каб вырашыў гэтае пытаньне згодна гонару, справядлівасьці й годнасьці!
Ягайла адразу адчуў, што Фёдар хацеў сказаць, падкрэсьлі ваючы гонар, справядлівасьць і годнасьць. Вочы караля звузіліся, а пальцы нэрвова забарабанілі па стале, і, не варочаючыся да папярэдняе прапановы, ён прамовіў:
— Застаючыся паўнаўладным гаспадаром у межах Вялікага Княства, наш брат Вітаўт можа рабіць што хоча са сваімі падданымі, але мусіць загарантаваць прысягаю недатыкальнасьць асобаў веры польскае й народнасьці, таксама як і іхную маёмасьць! Мы ад сябе абяцаем не чыніць розьніцы між рыцарамі польскімі й драбамі літоўскімі, шляхтаю польскаю й баярамі літоўскімі, у судох, узнагародах і службе. Нават болей, мы дамо шляхецкія граматы й прывілеі ўсім драбам, баярам і чэлядзі высокай зь Літвы!
— Ваша Каралеўская Вялікасьць ведаюць самі, — запярэчыў Фёдар, — што Гаспадар Вялікі Князь гарантыяў даць ня можа! Пад прысягаю ці безь яе!
— Як ня можа? Чаму? — успыхнуў кароль.
— Бо ў Вялікім Княстве Літоўскім ад дзядоў і прадзедаў існуюць суды копныя, суды царкоўныя й суд гаспадарскі Вялікакняжы, каторыя караюць злачынцаў усіх аднолькава, бяз розьніцы веры ці падданства. Парушыўшы гэты звычай, гаспадар Вялікі Князь скрыўдзіў бы бальшыню падданых сваіх і даў бы злачынцам магчымасьць, перайшоўшы ў веру польскую, застацца без пакараньня!
— Я прымушу яго! — ускрыкнуў Ягайла.
— Гэта немагчыма, Ваша Каралеўская Вялікасьць! — рашуча адрэзаў Фёдар. — Літва ўжо ачуняла ад Ворсклы...
— Ваявода! Ці ты думаеш, што маеш дзьве галавы?..
— Не, Ваша Каралеўская Высокасьць, адну!
Ягайлу надзвычайна зьдзівіла адвага й рашучасьць, зь якімі ваявода Фёдар адстойваў правы сваёй Бацькаўшчыны. Ён, трохі памаўчаўшы й гледзячы проста ў вочы адважнаму пасланьні ку, запытаўся, стараючыся захапіць зьнянацку:
— Ці ведама табе, ваявода з Грозава, што твой гаспадар вядзе патаемныя перамовы з герэтычнымі чэхамі? З тымі самымі чэхамі, якіх пракляў найсьвяцейшы айцец у Рыме! Супраць якіх выступае хрысьціянскае войска Сьвяшчэннай Імпэрыі, на загад Ратысбонскага Сойму!
— Не! Мне гэта невядома! — прызнаўся Фёдар.
— Дык вось, перадай нашаму брату Вітаўту, што мы дамагаемся прыпыненьня гэтых ганебных перамоваў! Мы дамагаемся, каб наш брат Вітаўт на чале хрысталюбівых літоўскіх драбаў прыяднаўся да войск Сьвяшчэннай Імпэрыі й прыклаў усе свае сілы й стараньні да хутчэйшага зьнішчэньня гусыцкае герэзіі й пакараньня вінаваўцаў!
— Я ўжо сказаў Вашай Каралеўскай Вялікасьці, што аб гэтых перамовах нічога ня ведаю, таму й гаварыць не магу! — але тут Фёдар успомніў, што ў Полацку на нарадзе прысутнічаў князь Жыгімонт Карыбут, які прыехаў з Чэхіі, але прамаўчаў, бо зразумеў, што Вітаўт сапраўды аб чымсь дамаўляецца зчэхамі, але стараецца трымаць гэта ў таямніцы.
— Слухай, ваявода, апошняе нашае жаданьне і перадай свайму гаспадару! Мы хочам міру і таму дамагаемся, каб наш брат Вітаўт прысьпешыў хрышчэньне Літвы, бо аж сорам падумаць, што сваяк хрысьціянскага караля сам застаецца паганінам і не дапускае да хрышчэньня ўвесь свой вялікі народ, які толькі аб тым і думае ды зь нецярпеньнем чакае таго моманту, калі зможа прыняць дабраслаўленьне Божае.
— Ваша Каралеўская Вялікасьць моцна памыляецца! — запярэчыў Фёдар, уражаны такой абразай. — Інакш я не магу вытлумачыць сабе таго, што Ваша Міласьць забыліся ці не заўважылі, што Літва ўжо спрадвеку хрысьціянская і гаспадар Вялікі Князь — хрысьціянін! І таму ня можа быць і мовы аб паўторным хрышчэньні!
— Ён мусіць! — закрычэў у гневе Ягайла.
— Ён гэтага ня зробіць, Ваша Каралеўская Вялікасьць!
— Я прымушу яго!.. Я зруйную Літву!.. Я... — захліпнуўся гневам кароль.
У насталай цішы пачуўся моцны голас ваяводы Фёдара:
— У такім разе я, Фёдар, ваявода з Грозава, упаўнаважаны ад Яго Высокасьці Гаспадара Вялікага Князя Літоўскага Вітаўта Кейстутавіча падняць рукавіцу Вашае Каралеўскае Вялікасьці! І даставіць яе ў Трокі!
Ягайла зноў уважліва прыглядзеўся да Фёдара, нэрвова паціраючы двума пальцамі сабе пераносьсе (знак найбольшага здэнэрваваньня). Гэты горды й бясстрашны літовец адначасна падабаўся й злаваў яго. У памяці караля ўсплылі ўспаміны змаладосьці. Ён прыпомніў, як яшчэ зусім нядаўна сам стаяў на чале вось такіх жа, як гэты ваявода, драбаў. Ганарыўся іх адвагай і мужнасьцю. А яны, у сваю чаргу, нягледзячы на ягоную жорсткасьць, сябелюбства й хваравітую недаверлівасьць, верна яму служылі. Цяпер усё зьмянілася. Кароль адчувае, што ў сэрцы гэтага ваяводы — пасланьніка яго роднае неабдымнае Літвы — голасна крычыць пагарда й зьнявага да свайго былога гаспадара. На адзін момант у сэрцы Ягайлы варухнулася пачуцьцё сораму, але толькі на адзін момант. Ледзь прыкметна ўсьміхнуўшыся, ён прамовіў:
— Слухай, ваявода! Я бачу, што наш брат Вітаўт мае верных і адданых слугаў. Я вельмі з гэтага цешуся, але цешыўся б яшчэ болей, каб мог пахваліцца, што й я маю такіх жа верных падданых. Таму прапаную табе, шляхетны ваявода, стаць на маю службу, каторая дасьць табе болей гонару й багацьця, чым тая, якую нясеш зараз!
— Я вельмі ганаруся, што заслужыў ласку такога вялікага валадара, як Ваша Каралеўская Вялікасьць! — адказаў з паклонам Фёдар. — І з радасьцю прыняў бы прапанову Вашае Міласьці, каб гэта не супярэчыла майму гонару драба й жаданьням маёй Бацькаўшчыны!
— Як? Ты... ты адмаўляесься ад маёй ласкі? — ускочыў Ягайла, хаця й чакаў такога адказу.
— Так! Я адмаўляюся! Але не таму, што яе не жадаю, а таму, што не магу прыняць!
Прысутны на нарадзе Пашкевіч з радасьцю й павагай глядзеў на зграбную постаць Фёдара — у ім ён бачыў увасаблень не сваёй суровай і гордай Бацькаўшчыны, непадкупнай і сумленнай. Яму да болі ў грудзёх захацелася быць побач з Фёдарам, моцна сьціснуць яму руку, углядацца ў яго спакойныя, разумныя вочы...
Але інакш адчуў сябе кароль, які быў не з такіх людзей, што прапануюць сваю ласку й прыхільнасьць двойчы. Пагрозьліва бліснуўшы вачамі, ён прамовіў, націскаючы на кожнае слова:
— Ня хочаш?.. Ня трэба!.. Але ўважай!..
— Ваша Каралеўская Вялікасьць самі літовец і мусяць ведаць...
— Досыць, ваявода! — перабіў рэзка Ягайла. — Усё, што мы хацелі пачуць, мы пачулі! Чуў і ты, што мы казалі! Цяпер можаш ісьці... Але ад'яжджаць не сьпяшайся, мы цябе яшчэ паклічам!
Фёдар пакланіўся й выйшаў, вырашыўшы адразу ж паслаць ганца да Вітаўта ў Полацак.
Прыйшоўшы ў свой пакой, ён склаў падрабязны ліст аб нарадзе й выклікаў Кандрата Тура.
— Сёньня ж ад'едзеш у Полацак! — загадаў Фёдар іўсьміхнуўся, бачачы, як узрадаваўся Кандрат. — Возьмеш зсабою двох вояў, на ўсякі выпадак!
— Калі загадаеце выяжджаць, Ваша Сьветласьць? Я гатовы хоць зараз!
— Зараз і паедзеш! Толькі ідзі папярэдзь сваіх спадарожні каў. Каго сабе хочаш... Ды правер зброю й каня, каб у дарозе абышлося без непатрэбных затрымак!
— Усё зраблю, Ваша Сьветласьць!
— Ну, ідзі!
— А больш ніякіх даручэньняў ня будзе? — хітра бліснуў вачамі Кандрат.
— Не, ніякіх... А там глядзі, калі ўсё добра будзе, заскоч па дарозе ў Слуцак... Як там стары Бай чуецца?.. Не забудзься ўдарогу паесьці ды людзей накарміць, але глядзі — ня пі нічога, бо кагось іншага пашлю.
— Надарма палохаеце, Ваша Сьветласьць! Калі трэба, то мы й устрымацца ўмеем.
— Добра, Кандрат, ідзі. Перад ад'ездам зойдзеш па лісты!
Кандрат жвава выскачыў з пакою, і адразу ж у стайні пачуўся ягоны моцны голас:
— Сядлай! Сядлай майго Буланага, хлопцы! Кандрат на шпацыр выпраўляецца! — і, не чакаючы ні на чыю дапамогу, пасьпешна, але старанна, узяўся рыхтавацца ў дарогу. Выбраўшы сабе спадарожнікаў і дапільнаваўшы, каб і ў іх усё было ўпарадку са зброяй і коньмі, зьявіўся да ваяводы па апошні загад і ліст.
— Ну, Кандраце, яжджай ды хутчэй варочайся... Набрыдла мне ўжо тут сядзець.
— Вядома, Ваша Сьветласьць, усякаму набрыдне. У гасьцях добра, але ўдома лепей.
— Так, так! Таму й пасьпяшаць мусіш. Перадасі Вялікаму Князю вось гэты ліст! — Фёдар падаў Кандрату скрутак. — Але ўважай, нікому іншаму! Толькі самому гаспадару! Унікай па дарозе ўвязвацца ў сваркі! І ня пі! Адгуляеш потым.
— Усё выканаю дакладна, Ваша Сьветласьць!
Фёдар трохі памаўчаў, як бы раздумваючы, а потым рашуча запытаў:
— Язык ты ўмееш трымаць?
— Як мур, Ваша Сьветласьць!
— Добра, слухай! Але, як перадасі гаспадару, адразу каб забыўся! Зразумеў?
— Так, Ваша Сьветласьць!
— Скажаш, што кароль вайны ня хоча й баіцца, але намагаецца нацкаваць на Літву крыжакоў і маскалёў. Ведае аб пермовах з чэхамі. Млынар маўчыць, бо за ім сочаць. Пашкевіч — наш. Зразумеў?
— Так, Ваша Сьветласьць!
— Гэта ўсё! Можаш ехаць. Нічога не забудзь, — і Фёдар абняў разгубленага Кандрата. — Ды вось грошы на дарогу...
Праз кароткі час тры ўзброеныя коньнікі на поўным скаку вынесьліся з Кракава й зьніклі з вачэй на дарозе ў Люблін і Берасьце.
Ваявода Фёдар доўга глядзеў ім усьлед, хаця даўно ўжо асеў сьнежны пыл на гасьцінцы...
13. ГНЕЎ
У сярэдзіне лютага Вітаўт са сваім дваром ад'ехаў у Трокі.
У Полацку на чале дружыны застаўся князь Жыгімонт Карыбут. Брачыслаў, князь Полацкі, быў гэтым незадаволены, але ўголас супярэчыць волі гаспадара не адважваўся. Яраслаў Смаленскі, правадзіўшы князёўну Рынгайлу да Вільні, сьпешна вярнуўся ў Смаленск, у душы праклінаючы турботных рослаўльцаў, «якім увесь час не сядзелася на мейсцы». Яны, апрытомнеўшы пасьля Ворсклы, пачалі задзіраць Смаленскія паўдзённыя межы.
Баярын Лука Рацішчаў разам зь Вітаўтам выехаў у Вільню, а адтуль намерваўся зьезьдзіць у Наваградак. Кройцэнбэрг зьбіраўся пакінуць Літву, але ўсё марудзіў з ад'ездам, спадзеючыся знайсьці нешта спрэчнае між Літвой і Польшчай.
Станіслаў, ваявода Крэўскі, выслаўшы пана Януша з патаемным даручэньнем у Берасьце, зьбіраўся наведаць Слуцак, Пінск і таксама завітаць у Берасьце. Полацак ён пакінуў зусім непрыкметна.
Рэшта чужаземцаў, у тым ліку Граф дэ ля Шэр, Мак Марцімэр, Олівэр д'Арно і іх сябры, выехалі разам зь Вялікім Князем.
Пасьля гаманлівага й бурлівага часу знаходжаньня тут гаспадара, Полацак здаваўся апусьцелым і заснулым.
Ваявода Станіслаў хутка пасоўваўся на поўдзень. Было відаць, што гэты чалавек добра ведае мяйсцовасьць і ня ў першы раз вандруе па гэтых краёх. Бо часта збочваў з дарогі ўсамых неспадзяваных мейсцах і, перасекшы засьнежаныя абшары па ледзь прыкметных сьцежках, выносіўся са сваім поштам ізноў на біты гасьцінец.
Ужо на другі дзень свайго падарожжа маленькі аддзел польскага рыцара набліжаўся да Барысава, дзе ваявода думаў даць адпачынак сваім людзям і коням. Аднак неспадзяванае спатканьне прымусіла яго перамяніць намер.
На дарозе, уперадзе, паказалася група вояў, якая рухалася ўтым жа кірунку, што й ваявода. На плячох пешаходаў паблісквалі рыдлёўкі й пілы. На загад Вітаўта войска праводзіла направу дарог, мастоў і ўмацаваньняў. Вось адзін з такіх працоўных аддзелаў і напаткаў Станіслаў.
Воі зь цікавасьцяй пачалі азірацца на коньнікаў, што хутка набліжаліся. Здагадаўшыся, што гэта нейкі рыцар сьпяшаецца ў Барысаў, пачціва расступіліся. Але ў той самы момант, калі ваявода хацеў, не спыняючыся, праехаць міма, адзін з вояў закрычэў:
— Браткі! Трымай іх!.. Гэта тыя самыя, што Чапрукі спалілі! Трымай! — і, выхапіўшы з похваў меч, выскачыў на сярэдзіну дарогі.
Пакуль яго сябры зразумелі, што ўсё гэта азначае, Станіслаў даў шпорамі каню й, зьбіўшы воя з ног, выскачыў наперад. Але гэты яго ўчынак абурыў спадарожнікаў пацярпелага. Зразьлютаванымі крыкамі яны засланілі дарогу рэшце коньнікаў звыразным намерам адпомсьціць за сябру.
Бачачы, што яго пошт у небясьпецы, Станіслаў завярнуў каня й, пад'ехаўшы на небясьпечную адлегласьць, гнеўна спытаўся:
— Чаго хочаце, быдлё? Ці ня бачыце, з кім маеце справу?
— З катам!.. З забойцам!.. — прахрыпеў, падымаючы галаву, зьбіты з ног. — Суда хочам!.. Трымай яго, браткі, трымай! На суд да князя!..
Станіслаў зразумеў, што гэта жывы сьведка аднаго са шматлікіх ягоных злачынстваў у Літве, і штось падобнае да страху варухнулася ў ягоным заканябелым сэрцы. Але раздумваць доўга нельга, бо ў любы момант на дарозе можа зьявіцца вайсковая варта ці другі працоўны аддзел, і тады... Тады найгоршае, што можа стацца.
Раптоўна выхапіўшы сякеру, Станіслаў прышпорыў свайго каня й урэзаўся ў самую гушчу супраціўнікаў.
Ягоны пошт мігам зразумеў намер свайго пана й абрынуўся на пешых вояў. І хаця перавага яўна была на баку літоўцаў, рашучы напор палякаў зрабіў сваё — літоўцы разгубіліся.
Некалькі вояў паваліліся з расьцятымі галовамі. Пачуўся енк параненых, праклёны ацалелых, конскае іржаньне, грукат і звон сталі. Нарэшце два коньнікі адзін за адным вылецелі зь сёдлаў.
— На шлях! — прагучэла каманда Станіслава. І коньнікі, прарваўшыся праз нападнікаў, галопам панесьліся ў бок Барысава.
Ад'ехаўшы некалькі крокаў, упаў яшчэ адзін коньнік, але ваявода нават не азірнуўся: «Ня мог абараніцца — сам і вінаваты!»
Яго мігам прыкончылі разьюшаныя воі, якія не маглі сабе дараваць, што выпусьцілі з рук самога рыцара, згубіўшы пры гэтым семярых супраць трох палякаў.
— Эх! Удваццацёх не змаглі васьмёх затрымаць... — уздыхнуў адзін. — Сапраўды быдлё!
— Пешаму супраць конных цяжка... — нібы апраўдваючы ся, прамовіў другі. — Не парадзіш...
— Другі раз зь лішкам адплоцім! — выціраючы кроў на лобе, заспакоіў дзясяцкі, які ачольваў аддзел. — Толькі каб не спалі... Разам навальвацца трэба і біць — умеючы! Адны па людзях, аіншыя коням па нагах. Інакш не парадзіш. З галавою трэба да ўсякай справы падыходзіць, а ня сілаю перці! Ня дзіва, калі рагочуць яны зараз. Зарабілі! У другі раз каб ведалі!
— Дзе ты ў другі раз адплочваць будзеш? Дзе нагоду напаткаеш? Не наскокваюць жа на нас штодня?
— А ты таксама разумны! Штодня, штодня... — перадражніў дзясяцкі. — Кажу табе, каб да галавы ўзяў. Вайна не за гарамі! Хутка крыжака вучыць будзем ці караля... Дык каб ведаў і нахрапам ня пёрся. Зразумеў?..
Станіслаў пасьпяшаўся не надарма. На мейсца сутычкі падышоў сьвежы аддзел, які ўжо, здалёк убачыўшы бойку, сьпяшаўся, як мог, але спазьніўся.
— Слаўна вас правучылі! — заўважыў адзін з прыбылых, прыглядаючыся да забітых.
— Будзеце ведаць, як драбаў на дарозе займаць!
— Што слаўна правучылі, то слаўна, — пагадзіўся дзясяцкі. — Але й навукі дадалі. Ужо нас зьнянацку ніколі й ніхто не захопіць! Так ці што?
— Ды яно нібы так... — пагадзіліся яго воі. — Усякая навука на карысьць ідзе!
Было ўжо зусім цёмна, калі абодва аддзелы разам увайшлі ўБарысаў, везучы на перанятых на дарозе санках сваіх пабітых сяброў і ворагаў. Адразу ж даклалі тысяцкаму й кінуліся на пошукі. Але ў горадзе ніхто ня бачыў і ня чуў пра рыцара з арліным крылом на шоламе...
Між тым Станіслаў, не даяжджаючы да Барысава, зьвярнуў направа й, перасекшы Бярэзіну каля Вялікага Стахава, усю ноч не вылазіў зь сядла.
Ужо зашарэў сьвітанак, калі, напаўжывыя ад стомы й холаду, пяць коньнікаў спыніліся каля першае ж карчмы, на ўскраіне Ігуменя.
Не пасьпеў заспаны карчмар управіцца ў стайнях з коньмі, як госьці ўжо спалі мёртвым сном. Паўкладаліся, хто дзе змог, нават не паадшпільвалі зброю.
У Ігумені адпачывалі ўвесь дзень і ноч, адаграючыся ад начное гонкі. Станіслаў увесь час хмурыўся, раздратаваны ўчорашнім здарэньнем. Яго людзі, ведаючы свайго пана, стараліся лётам выконваць яго загады. Нават ксёндз Карафа, які дазваляў сабе часам спрачацца з ваяводам, зараз пазьбягаў выклікаць чым-небудзь ягоны гнеў. Ведаў, чым гэта магло б скончыцца.
Таму раніцай другога дня, ледзь зашарэў сьвітанак, — невялікі пошт ваяводы моўчкі выехаў за сваім панам з умацавань няў Ігуменя.
Станіслаў злосна паганяў каня, далёка выперадзіўшы свой пошт. Нестрыманы гнеў яшчэ не прайшоў, і яго прыгожы твар заставаўся злосным і змрочным. Гора таму, хто трапіўся б зараз яму пад руку.
Адпачнуўшы, коні бадзёра ўміналі дарогу, пафыркваючы на марозе. Цёмны лес, блізка насунуўшыся на шлях, мільгаў міма коньнікаў сваімі засьнежанымі прагаламі, прасекамі й палянамі. Лапчастыя сівыя яліны, як заварожаныя воі, зграбна вылучаліся між карчакаватых дубоў і грабаў, сумных бярэзін, вольхаў, што раскінуліся на неабдымных абшарах.
Часам праз дарогу пераходзіць горды зубр ці магутны тур, ітады ў Станіслава ўспыхваюць вочы, і рука сама цягнецца да лука. Крыві! Ваявода прагне крыві! Але неасьцярожны волат пушчы зьнікае ў густых зарасьніках, пакідаючы за сабою толькі асаблівы пах — стойла, малака, ветру й абамшэлага каменя. Ад чаго ў ваяводы шырока разьдзімаюцца ноздры на сухім, храшчаватым носе, вочы набягаюць крывёю, і сутаргава бегаюць жаўлакі.
З кожным такім спатканьнем ксёндз, які едзе ззаду, напаўгалос (каб ня чуў Станіслаў) пачынае чытаць модлы, просячы Бога, каб яно было апошнім. Бо ведае верны духоўнік, што гэта дратуе ваяводу ўсё болей і болей ды добрым ня скончыцца. Збраяносец і два чаляднікі перапалохана жагнаюцца, не разумеючы лаціны, але ведаючы, да каго ён зьвяртаецца, уяўляюць сабе, што знаходзяцца дзесь каля брамы самаго пекла, дзе мітусяцца й варушацца драўляныя й гліняныя, намацальныя й ненамацальныя бажкі, чэрці, духі й наагул розная погань, якая мае сілу й здольнасьць ператварыць любога зь іх у чорнага гругана, абамшэлы пень, мокры камень ці мала там у што. І толькі ксёндз ды Крыж Сьвяты маглі ад гэтага абараніць. Вялікая сіла, дадзеная ксяндзу!
Пасьля палудзённага перапынку, у часе якога Станіслаў не прамовіў ні слова, ксёндз з жахам назіраў за бледным тварам свайго пана. Гнеў, нялюдзкі гнеў расьпіраў душу ваяводы. Здавалася, што ўсе сілы пекла ўсяліліся ў гэтага самалюбнага й самаўладнага чалавека.
Прыгнуўшыся нізка да грывы, ён раз за разам убіваў вострыя шпоры ў скрываўленыя бакі каня. Але, не зважаючы на ўсе высілкі, прыйшлося заначаваць над Пціччу. Княжы лясьнічы з ахвотай саступіў гасьцям сваю хату, уладкаваўшыся з сынамі ў сенцах.
Ваявода ўсю ноч ня спаў, перакідаўся з боку на бок і раніцай выглядаў жудасна. Бязьмежны гнеў і бяссоньне наклалі свой адбітак на ягоны твар, ад выгляду якога міжволі прабіралі дрыжыкі.
У поўдзень па льду перайшлі Случ і, абышоўшы прыбярэжныя балоты, гразкія й зімой, накіраваліся ў Слуцак, спадзеючыся дастацца туды яшчэ да цямна.
Станіслаў кусаў сабе вусны ад неспагнанае злосьці: «Хоць бы хама якога спаткаць!» — у роспачы падумаў ён, углядаючы ся ўперад.
І ў гэты момант, як бы ідучы насустрач ягоным жаданьням, на дарозе паказаўся коньнік. За ім другі й трэці. Горб дарогі хаваў іх дасюль ад вачэй і выставіў зараз, як жаданы падарунак.
Ваявода, ня ведаючы ад чаго, адчуў шалёную радасьць. Спыніў каня й падняўся ў страмёнах.
Сустрэчныя спыніліся таксама.
Станіслаў, уважна прыгледзеўшыся да незнаёмцаў, але не прыкмеціўшы на іх дзідах ніякіх сьцяжкоў, якія б выдавалі чужаземцаў, гукнуў:
— Зьдзіслаў, дзіду!
Збраяносец пасьпешна выканаў загад. І, выцягнуўшы свой меч, стаў ззаду свайго пана.
Незнаёмцы тым часам, бачачы ваяўнічыя намеры сустрэчнага рыцара, перакінуліся некалькімі кароткімі словамі й таксама падрыхтаваліся да бою. Адзін зь іх, сівы й шыракаплечы, апрануты ў кажух паверх кальчугі, выехаў уперад і грамавым голасам гукнуў:
— Імём Гаспадара Вялікага Князя загадваю схаваць зброю й сысьці з дарогі!
У адказ на гэта Станіслаў моўчкі пахіліў дзіду й ударыў шпорамі. Вочы яго сьвяціліся, на вуснах іграла прагавітая ўсьмешка.
Шыракаплечы незнаёмец зьдзіўлена паціснуў плячыма й, прыкрыўшыся шчытом, пусьціў каня. Абодва яго спадарожнікі панесьліся сьледам.
Бліжэй і бліжэй зьяжджаюцца праціўнікі. Адзін у сталёвым панцыры, поўны гневу, жорсткасьці й прагі крыві. Другі — укальчузе й кажуху, зьдзіўлены, але ўпарты й пэўны сябе.
Ксёндз пасьпешна пералічвае пацеркі ружанца й хуценька мармыча малітву, не забываючыся пры гэтым час ад часу памацаць дзяржальна мяча.
Коньнікі зьблізіліся. Стук і трэск — разьляцеліся на кавалкі дзіды... І Станіслаў грузна выляцеў зь сядла.
У той жа момант упаў і Зьдзіслаў з наканечнікам дзіды ўгорле.
— Пяру-у-у-ун! — голасна выгукваюць незнаёмцы і на поўным скаку праносяцца міма зьбянтэжаных рэшткаў пошту Станіслава. Праз кароткі час пераможцы зьнікаюць з вачэй.
— Ваявода!.. Сын мой... Ваявода!.. — кідаецца ксёндз да свайго распасьцёртага пана. Але Станіслаў страціў прытомнасьць і ляжыць на абледзянелай дарозе, нязграбна падкруціў шы пад сябе руку. З-пад плашча выцякае струменьчык крыві й хутка ўпітваецца ў сьнег...
— Хутка! У найбліжэйшае селішча!.. Па сані!.. — загадвае перастрашаны ксёндз.
Адзін з вояў кідаецца наўскач выконваць загад. Другі дапамагае ксяндзу расшпіліць панцыр ваяводы. Выціраюць на грудзях кроў. Націраюць яго сьнегам... Усё дарэмна, ваявода ня дыхае...
Бярэцца на вечар, калі зьяўляецца вой з саньмі. На санях двое барадатых сялянаў. Яны асьцярожна ўхутваюць непрытомнага ваяводу кажухамі, падтыкаюць з бакоў саломай і пасьпешна рухаюцца да Слуцка.
Забітага Зьдзіслава вязе на сядле адзін з вояў, каб са Слуцку адправіць у Заграб, да ягоных заможных і шляхетных сваякоў.
14. ЗМОЎШЧЫКІ КАРЧМЫ «ЗАЛАТЫ РОГ»
Пан Януш прыскакаў у Берасьце змораны й замёрзлы. Вусы зьмерзьліся ў суцэльныя ледзякі. Пасінелы нос напаўняўся ўвесь час набрыдлівай вільгацьцю. Скарчанелыя рукі адмаўляліся слухацца, а ў жалезных ботах балюча шчымелі пальцы.
Мармычучы праклёны сабе пад нос, адшукаў указаную ваяводам Станіславам карчму «Залаты рог» і, кінуўшы павады служцы, уваліўся ў напаўцёмнае памяшканьне. Прыемна агарнула цяплом і ўтульнасьцю.
Час ужо быў па абедзе, і некалькі сталых наведнікаў карчмы старанна прыкладаліся да ёмістых кубкаў ды гучна гаманілі.
Пан Януш прайшоў у кут, прысеў на шырокую лаву каля вакна й голасна гукнуў:
— Гэй! Паўкварты мёду, пся маць, і гарачага крупніку!
Непаваротны, як мядзьведзь, карчмар моўчкі прынёс біклагу й кубак. Акінуў дапытлівым паглядам постаць госьця й хацеў быў ісьці па крупнік, як раптам Януш напаўголасу спытаў:
— Пана Лазінскага ведаеш?
Карчмар спыніўся. Паправіў фартух і, паглядаючы на выпіваючых, павольна адказаў:
— Ведаю... з Камянца...
— Дык я яго бачыць хачу, пся маць! Сёньня ж! — пры гэтым на стол упала срэбная грыўна.
Карчмар загарнуў манэту й падаўся прэч з пакою.
Пан Януш напоўніў кубак пеністым мёдам і, са смакам сёрбаючы, прыслухаўся да гутаркі людзей.
Размаўлялі пра апрышак, пра вайну — то з Польшчай, то зкрыжакамі, пра цэны на тавары, пра якасьць віна, пра набліжэньне вясны...
За вакном бялела дарога, упіраючыся ў скляпеністую браму, пад якой зьнікалі сялянскія вазы, выяжджаючы на Люблінскі шлях.
Падвечар карчма напоўнілася людам. Гутаркі й сьпевы, сваркі й лаянка — доўга не змаўкалі ў задусе напаўцёмнае піўнушкі.
Цяпло, вінны апар і стома хілілі Януша да сну й нарэшце перамаглі. Стары ваяка апусьціў галаву на сагнутую руку ды, так седзячы, і заснуў, соладка насьвістваючы адагрэтым носам.
Прачнуўся ён ад моцнага ўструсу. Здавалася, што вось толькі на момант заплюшчыў вочы, толькі так сабе прыкархнуў. Аднак у карчме было ціха — ні гоману, ні сьпеву. Толькі ў супрацьлежным куце, каля печы, пахропваў на лаве купец, ды сапцелі насамі ягоныя служкі, паўкладаўшыся покатам на падлозе. За вакном чарнела ноч.
Пан Януш памацаў капшук, зброю і толькі тады зірнуў на двох мужчын, што стаялі за сьпінаю. Першы быў карчмар звасковай сьвечкай, другі — незнаёмы, дужы й зграбны, апрануты ў скураную паддзёўку і зь лёгкім мячом пры баку.
— Лазінскі... — прамовіў ціха незнаёмец. — З Камянца. Пан мяне клікаў.
— Пэўна клікаў, пся маць! Чаго так доўга?
— Дарога далёкая, яснавяльможны пане, — з павагай адказаў Лазінскі, на якога ўзбраеньне й вопратка Януша зрабілі належнае ўражаньне. — Пакуль ганец туды ды я сюды, дык і ноч надышла.
— Давай мёду! — павярнуўся Януш да карчмара.
Пакуль непаваротны карчмар лазіў у склеп, абодва суразмоўцы моўчкі разглядалі адзін аднаго. Першаму карціла даведацца, чаго яго так сьпешна выклікалі, другі — вывучаў і меркаваў, на колькі можна даверыцца.
Нарэшце, падагрэўшыся мёдам, Януш спытаў:
— Яснавяльможнага пана Станіслава, ваяводу Крэўскага, ведаеш?
— Пэўна ведаю! Ня раз ужо службу служыў яго міласьці. Але вось дайсьці да яго ніколі не пашчасьціла. Ён дык, хіба, іня чуў пра мяне?
— Каб ня чуў, пся маць, дык не выпраўляў бы мяне сюды! — запярэчыў Януш.
— Дык, чуў? Ведае? О, хвала Ўсявышняму!
— Ведае. Кажа мне: «Едзь у Берасьце. І з карчмы "Залаты рог" хай клічуць пана Лазінскага!»
— Так і сказаў «пана Лазінскага»?
— Так і сказаў... А ты што, пся маць, мне ня верыш?
— Барані Божа, яснавяльможны пане! Як ня верыць?
— Эгэ, брат! Я выдумляць не люблю, не маёй галавы гэта справа, ды ня мой звычай! Дык вось паслаў ён мяне да цябе й загадаў... — Януш азірнуўся на заснулых і нахіліўся да суразмоўцы.
— Што загадаў? — падсунуўся й Лазінскі бліжэй.
— Загадаў, каб выставілі варту на ўсіх шляхах, што вядуць зКракава ў Літву, і пільнавалі, калі будзе варочацца з пасольства Фёдар, ваявода з Грозава! — Лазінскі ўвесь напружыўся ад шэпту Януша, а той працягваў: — Пакуль будзе ехаць Кароннымі землямі, хай сабе едзе, нават сьцерагчы варта, каб нічога зь ім не сталася. А як мяжу пераедзе ды падасца на Вільню, тут яго трэба й узяць!.. Але жыўцом! Яснавяльможны пан Станіслаў зь ім гаварыць жадае...
— А як з поштам? — перабіў Лазінскі.
— Выцяць у пень, пся маць! Каб і духу не засталося!
— Добра! А ці вялікі пошт?
— Ня ведаю, ці вялікі, але зацяты, пся маць! Зьнянацку іх трэба браць, бо ў адкрытую наўрад ці пакладзем.
— Пакладзем! — запэўніў Лазінскі рашуча.
— Не хваліся прадчасна! Бачу, з гарачага ты заводу — глядзі, каб не перахваліўся, — спыніў Януш. — Спачатку скажы, ціёсьць тут зацішнае мейсца з добрым скляпом?
— Ёсьць — у Турна. І Турнаўскі ўласьнік нашы...
— А людзей збройных ці ёсьць дастаткова?
— Ёсьць і людзі! Гайдукі турнаўскія й камянецкія, а як забракуе гэтых, то можна й апрышак клікнуць. Досыць будзе!
Пан Януш задумаўся. Ён хаця й верыў словам Лазінскага, аднак пабойваўся за посьпех прадпрыемства, якое ў выпадку няўдачы вяло проста пад сякеру ката.
— Трэба як найхутчэй выслаць ганца ў Язерск, — прамовіў ён. — Каб прывёў з сабой тузін халопаў, усё пэўней будзе.
— А калі яснавяльможны пан ганца хоча пасылаць?
— Дык хоць зараз, пся маць! Чаго марудзіць?
— Зараз?.. Добра! — Лазінскі ўстаў і выйшаў з карчмы.
Праз кароткі час ён вярнуўся з дужым малайцом у дарожным адзеньні.
— Гайдук з Камянца... Свой!
Януш даў гайдуку ўказаньні — куды ехаць і што рабіць. Зьявіўся зноў карчмар. Маўкліва выслухаў загад Лазінскага й павёў ганца, каб вывесьці яго патаемным ходам за сьцены Берасьця.
— Ну, а зараз вось што, — ізноў загаварыў Януш. — У Берасьці я заставацца не магу, каб не прыцягнуць увагу. Таму трэба кагось іншага пакінуць тут пільнаваць ваяводу Грозаўскага, а мне, пся маць, прэч з вачэй!
— Я так думаю, — запрапанаваў Лазінскі пасьля нядоўгага разважаньня, — што вяльможнаму пану найлепей будзе выехаць у Турна ды, там падрыхтаваўшы гайдукоў, — чакаць, а я застануся тут сачыць. Як што якое, то прышлю чалавека альбо сам прыеду. Толькі... — Лазінскі з разгубленым выглядам замоўк.
— Што «толькі»?
— Коратка ў мяне... — і Лазінскі выразна пацёр палец аб палец.
— Што коратка, пся маць? — ізноў не зразумеў Януш.
Цяпер Лазінскі зьбянтэжыўся зусім і, адвярнуўшыся ўбок, ледзь чутна прашаптаў:
— Грошай на доўга ня хопіць...
Януш моўчкі адвязаў капшук і адлічыў пяць залатых.
— Бяры, пся маць, ды ўважай, каб ваявода ня высьлізнуў!
— Зловім, ліха яго галаве! Нідзе ён ня дзенецца!
Раніцай, ледзь засьвітала й паадчыняліся гарадзкія брамы, пан Януш у суправодзе турнаўскага гайдука выбраўся ў дарогу. Берасьце прачыналася, але ні варта, ні мяшчане не зьвярнулі ўвагі на рыцара з маладым збраяносцам, што шпарка ехалі па Наваградзкай дарозе...
Лазінскі даў карчмару адзін залаты, закупіўшы сабе гэтым мёд і пастой на даўжэйшы час, але ні паўсловам не нацякнуўшы аб неспадзяванай шчодрасьці пана Януша. Дый па што? Карчмар застаўся задаволены й так. Дапамагаў ён ваяводу Станіславу часта, але ня часта даставаў ад яго ўзнагароду. А калі й здаралася, што ваявода расшчодрыцца, дык ніколі болей за срэбную грыўну не даваў. Цяпер жа, загарнуўшы залатоўку й лікуючы ў душы, мог бы рассыпацца цэлым патокам удзячнасьці, каб ня ўроджаная маўклівасьць.
Вырашыўшы, што ваявода Фёдар ніякай іншай дарогай не паедзе, як толькі празь Люблін і Берасьце, Лазінскі прымасьціўся каля вакна карчмы. Прыкладаючыся да глечыка зь півам, пастанавіў не спускаць вачэй з гарадзкое брамы, а для большае пэўнасьці выставіў на вуліцы гайдука.
Іншыя дарогі абсадзіў сваімі людзьмі карчмар.
Так ва ўпартым чаканьні паплылі дні. Наведнікі «Залатога рогу» спачатку зь цікавасьцю прыглядаліся да маўклівага пастаяльца. Потым спрабавалі заводзіць зь ім гаворку. Калі гэта нічога не давала — задзірацца. Але тут умяшаўся карчмар і хутка паклаў крэс назольнай цікаўнасьці, прыгразіўшы цяжэразным секачом у тры лакці даўжынёй.
Спрачацца супраць такога красамоўнага доваду ахвотнікаў не знайшлося, і Лазінскага пакінулі ў супакоі.
15. У ЛЯСНЫМ ЗАМКУ
Олівэр д'Арно зь нецярпеньнем чакаў надыходу дня, вызначанага Вітаўтам.
Паляваньне павінна было быць надзвычайна цікавае. У сябе на бацькаўшчыне малады бургундзец часта паляваў на дзіка, аленя й рознага драбнейшага зьвера. І хаця дзік быў даволі злоснай і небясьпечнай жывёлай, аднак зубр, тур ці мядзьведзь непараўнальна перавышалі яго як моцай, так і адвагай. Небясьпека, злучаная са спрытам і ўменьнем, пры такім паляваньні распальвала маладога шукальніка прыгодаў. У сваіх марах ён ужо адважна валіў тура на вачах у чароўнай Рынгайлы і, стаўшы на адно калена перад яе канём, прапаноўваў ёй сваю руку й меч да паслугаў, у моцы якіх яна мае нагоду пераканацца...
Вечарам усе чужаземцы сышліся ў пакоі графа дэ ля Шэр. Прыйшоў і камандор фон Кройцэнбэрг, які завітаў у Трокі па дарозе на Мальборк.
— Шаноўны камандору! — не ўстрымаўся пры яго выглядзе граф. — Што з вамі сталася? Клянуся ўсімі сьвятымі — вы болей падобныя да свайго ценю, чым на самога сябе!
— Ня дзіва, граф, змарнець, калі вас абкружаюць толькі няўдачы й непрыемнасьці. Вось шаноўнаму Мак Марцімэру шанцуе... — адказаў неахвоча Кройцэнбэрг і, павярнуўшыся да шкота, спытаў: — Ці ня праўда?
— Так, так! Мне надзвычайна пашанцавала ў Літве! Нават сам Вялікі Князь Вітаўт запрапанаваў мне сваю ласку й апеку! Можаце мне пазайздросьціць!
— Вітаю, але не зайздрошчу, Марцімэр! Хачу нагадаць, што ліса вы не забілі...
— О! Я гэта ведаю й сам! І ведаю нават, што ён мне не прабачыў. Праўда, камандору?
— Гэтага я вам не скажу, — пачаў Кройцэнбэрг. — Але...
— Але, — з запалам перабіў Олівэр, — ліс мусіць ведаць, што шляхетны Марцімэр Мак Марцімэр — не адзін! Мой меч і шчыт заўсёды да яго паслугаў!
— Добра сказана! — усьміхнуўся шкот. — Дзякую!
Кройцэнбэрг з жалем усьміхнуўся й прамовіў:
— Вы яшчэ надта малады, Олівэр, і мне вас шкада, бо вам муціць галаву гарачая кроў вашых вялікіх продкаў, якія не апраўдалі б вашых учынкаў, будзь яны сёньня жывыя!..
— Не засланяйцеся маімі продкамі, камандору! Вы на гэта ня маеце ніякага права! Яны былі людзьмі шляхетнымі й сумленнымі! Апошні зь іх — слаўны Гэнрых д'Арно, — выпраўляючы мяне ў сьвет, заклінаў мяне паступаць так, як загадвае рыцарскае права, маё сумленьне й гонар! Ён жа — слаўны Гэнрых д'Арно — узяў зь мяне страшную клятву, што я ніколі ня стану на баку зла, несправядлівасьці й маны, а буду ўсё жыцьцё зь імі змагацца, нават калі гэта будзе пагражаць мне вернай пагібельлю!..
— Дык вы, няшчасны, лічыце наш Вялікі ордэн ілжывым, несправядлівым і злым? О, няшчасны!
— Выбачайце, камандору, але я ані словам ня ўспомніў пра вашы ордэн! — усьміхнуўся бургундзец.
Кройцэнбэрг зьмяшаўся й злосна буркнуў:
— Сунецеся вы туды, дзе нічога не разумееце і дзе магло б зусім добра абыйсьціся й бяз вас!
— Памыляецеся, камандору! — рашуча ўмяшаўся граф. — Олівэр, хоць і малады, але мае ўжо залатыя шпоры, якія нялёгка дастаюцца й старэйшым! А разважае ён так, як і належыць сумленнаму рыцару! І я ў сваю чаргу ўрачыста прысягаю на сьвятога Юр'я [20], што аднадумна й згодна з Олівэрам д'Арно буду бараніць праўду, справядлівасьць і гонар!
Кройцэнбэрг закусіў губу й перавёў гутарку на заўтрашняе паляваньне (на якое ня быў запрошаны). Але й тут, не сустрэўшы спачуваньня й адчуваючы прыхаваную непрыязнасьць, хутка разьвітаўся й адышоў. У душы яго накрэсьліваліся пляны жорсткае помсты — страшнейшай за сьмерць...
У гэты вечар Троцкі замак рана заціх. Паляўнічыя й служба адпачывалі перад заўтрашнім днём. Толькі час ад часу пераклікаліся вартавыя ды ў псярні абзываліся сабакі.
Раніцай, яшчэ да сьвітаньня, вырушылі загоншчыкі на чале зь Вялікім лоўчым, які мусіў, разьвёўшы загоны й заставы, чакаць на гаспадара ў Лясным замку. Па дарозе да загоншчыкаў меліся далучыцца навакольныя сяляне й пешыя аддзелы войска, каб, стаўшы пад каманду лесьнікоў, шчыльным колам агарнуць вялізарныя абшары пушчы. Мароз прыціскаў не шкадуючы, пакрываючы белай намаразьзю бароды й вусы людзей, каўняры кажухоў ды конскія грывы. Наладаваныя сані з рыпам выкотваліся за браму пад соннае гіканьне возчыкаў. Яскравыя агні паходняў суцэльным патокам разгарнуліся па дарозе, адным канцом губляючыся ў пушчы, другім — у мурох і валах замку.
Людзкі гоман і тупаценьне, рыпеньне палозаў, сабачы брэх і конскае ржаньне напоўнілі замкавы дзядзінец.
Паляўнічыя адзін за другім, прабуджаныя шумам, неахвоча падымаліся зь цёплых пасьцеляў, хаця на цёмным небе яшчэ яскрава зіхацелі зоркі.
З адыходам загоншчыкаў заварушыліся конюхі, збраяносцы й іншая чэлядзь. Гул на плошчы ўзрос.
Разьвіднелася.
Дзень наступіў яркі, марозны, які бывае толькі ў лютым, калі зіма, чуючы свой блізкі канец, лютуе з поўнай сілай. Яскравае, але халоднае сонца, сярэбрыла асьляпляльным бляскам сьнег на палетках і кустах.
Рух на Замкавым пляцы ўзрастаў з кожным момантам.
— Не разумею! — ускрыкнуў Олівэр, назіраючы, як час набліжаецца да апоўдня. — Ці мы сёньня вырушым, ці не? Ці, можа, паляваньне абыйдзецца й бяз нас? Дзе Вялікі Князь?
— Цярпеньне! Цярпеньне, дарагі зямляк! — усьміхнуўся граф дэ ля Шэр. — Вось паабедаем і рушым.
— Як гэта? А паляваць уночы? Пры паходнях?
— Навошта? Паляваць будзем удзень. Але адлегласьці тут ня тыя, што ў нас у Францыі ці Бургундыі. Ды й звычаі іншыя, вось прыглядайцеся, знаёмцеся.
— Ну ды што ж рабіць? — разгубіўся бургундзец.
— О! Калі захочаце, то знойдзеце што рабіць: падрыхтаваць зброю, пераверыць каня й рыштунак, ды ці мала чаго яшчэ. Абы была ахвота!
Гарачы бургундзец трохі супакоіўся і, кіруючыся парадамі графа, выйшаў на пляц.
Усюды мітусіліся служкі з заклапочанымі тварамі. Ладаваліся сані спажывай і піцьцём. Конюхі разьміналі коней, паляскваючы пугамі. Сабачы брэх аглушальна разьліваўся над замкам.
Олівэр адчуў у грудзёх радасную ўзрушлівую насалоду агульнага напружаньня і, закінуўшы плашч за плечы, закрочыў, парыпваючы сьнегам, да стайняў. Ён ужо ня нудзіўся ад чаканьня, а ўсёй сваёй палкай істотай улучыўся ў агульнае хваляваньне перадад'езных клопатаў. Яму раптам прыпомнілася, што ўканя адна падкова была безь зімовых шыпоў, што ў апошняй паездцы ён адчуў, як цяжкі крупэр вольна соваецца па конскай сьпіне, што кольцы ў цуглях ужо даволі ладна сьцерліся, і шмат іншых дробязяў, ад якіх часам залежыць посьпех, а часам і жыцьцё коньніка.
Малады рыцар увайшоў у стайню з душой, перапоўненай хваляваньнем і трывогай, лаючы сам сябе за такую нядбаласьць. Але, убачыўшы кругленькую постаць свайго конюха Кляўса (унязьменным сінім камзоле) пад чэравам шэрага жарэбчыка, трохі супакоіўся. А прыкмеціўшы новыя кольцы ў цуглях, проста ўзрадаваўся. Добры стары Кляўс паклапаціўся ўжо аб усім.
Жарабец ціхенька зайржаў, пазнаўшы свайго гаспадара, ізамахаў галавой, пабразгваючы нашыйнай кальчугай і муштукамі.
Кляўс прытка ўскочыў на ногі й кінуўся насустрач Олівэру з такою жвавасьцю й хуткасьцю, якіх цяжка было спадзявацца пры яго малым росьце й таўшчыні.
— Вашая Сьветласьць! Вашая Сьветласьць! — гукаў ён на бягу, разводзячы рукамі. — Што за дурны народ тут жыве! Прашу ў іх дзёгцю, каб капыты змазаць, не разумеюць. Паказваю ім, што вось, капыты наўкола трэба памазаць, каб чорныя былі й блішчэлі, дык яны мне вухналі й падковы цягнуць, вунь зірніце, Вашая Сьветласьць, якую купу наносілі! А адзін дык зусім дагадаўся: стары капыт прынёс! Я сварыцца пачаў, а яны рагочуць... Дурны... народ, зусім дурны!..
— Ня думаю, Кляўс, — усьміхнуўся Олівэр.
— Як жа не, Вашая Сьветласьць? Што ні кажы ім, нічога не разумеюць, як аслы.
— А ты паспрабаваў бы растлумачыць.
— Спрабаваў, Вашая Сьветласьць! Лупяць вочы й рагочуць, а каб зразумець, дык ні-ні.
— А вось мы зараз праверым, — сказаў Олівэр, убачыўшы барадатага літоўца, які праходзіў паблізу, з выгляду лесьніка.
— Гэй! — махнуў ён рукой барадачу.
— Ваша Сьветласьць! — загаварыў Кляўс. — Надарэмна вы прабуеце, усё роўна нічога не зразумее, гэта той самы, што капыт прынёс...
Але літовец падышоў ужо і, усьміхаючыся сабе ў бараду, знакамі паказаў, што не разумее мовы Кляўса й таму ня ведае, чаго той хоча.
Олівэр спакойна адсунуў мітусьлівага Кляўса ўбок і паказаў на конскія капыты. Барадач зьдзіўлена паціснуў плячыма й, выразна зірнуўшы на купу вухналёў і падкоў, разгублена разьвёў рукамі.
— Бачыце, Ваша Сьветласьць, дурны, як асёл! — патлумачыў абрадаваны Кляўс.
— Не сьпяшайся! — запярэчыў Олівэр і, узяўшы барадача за плячо, падвёў яго да сьцяны, на якой вісела вялізарнае драўлянае кола, і паказаў на рэшткі дзёгцю ў дзірцы ад восі.
Літовец адразу гучна зарагатаў, заківаў галавой і выйшаў са стайні.
Кляўс недаверліва глядзеў яму ўсьлед, але без папярэдняй пэўнасьці.
Хутка барадач вярнуўся й прынёс цэлае вядро чорнай масьляністай вадкасьці. Ён па-сяброўску ляпнуў Кляўса па плячы (так, што той аж прысеў) і, паказваючы на Олівэра, які ўсьміхаўся, гледзячы на гэта, зрабіў знак рукой, даючы зразумець, што той мае разумную галаву. Кляўс зьбянтэжана ўзяў дзёгаць і прысеў каля конскіх капытоў.
Олівэр з усьмешкаю на твары выйшаў са стайні й убачыў Мак Марцімэра, які ўважна назіраў за праходкай коней. Яго здаравенны руды скакун, ускідаючы храпай, цяжка рысіў на кордзе.
Марцімэр радасна прывітаў Олівэра й, паказваючы на каня, прамовіў:
— Слаўна ідзе! Аж зямля гнецца!
Олівэр прыпыніўся каля шкота й разам зь ім пачаў прыглядацца да жвавай і ўзбуджанай падрыхтоўкі да ад'езду.
— Як на вайну рыхтуюцца! — адзначыў Марцімэр. — Яяшчэ нідзе ня бачыў чагось падобнага.
— Так! Паляваньне павінна быць надзвычайнае! У нас і каралі так не выбіраюцца...
Нарэшце наступіў абед, а за ім і час ад'езду.
Замкавая брама насьцеж адчынілася, і зь яе галопам вылецеў малады літоўскі драб ды што духу паскакаў да Ляснога замку зь весткай: «Гаспадар выехаў!»
За ім лёгкай рысьсю на малых кудлатых коніках — сотня капейшчыкаў з доўгімі дзідамі пры назе й вялікімі прастакут нымі шчытамі за сьпінай. На іх шоламах — пагрозьліва паўнахіленыя ўперад адпаліраваныя рогі зубра — адзнака вядомага на ўвесь сьвет Белавескага палка.
Чужаземцы зь непрыхаванай пашанай і зайздрасьцю прыглядаюцца да суровых і магутных постацяў у панцырах блакітнае сталі.
За Белавескай сотняй пад бел-чырвона-чорнай харугвай звышытай золатам Пагоняй, на белым жарабцы едзе сам Гаспадар Вялікі Князь Вітаўт Кейстутавіч, абкружаны багатым і зіхоткім поштам. На шчытах і плашчах пошту мігацяць гербы Полаччыны, Наваградчыны, Смаленшчыны, Тураўшчыны, Гомелю, Бранску, Берасьця, Горадні, Кіева, Астрога й рэшты княстваў ды ваяводстваў неабдымнае Літвы.
Чужаземцы далучаюцца да пошту, і пышныя гербы сыноў Францыі, Бургундыі, Лётарынгіі, Шкотыі, Валахіі перамешва юцца з простымі, але выразнымі гербамі літоўскіх драбаў.
Далей едзе сотня лучнікаў Тураўшчыны, з воўчымі скурамі замест плашчоў.
— Гляньце на гэтых стралкоў, — паказвае граф на іх Олівэру. — Яны сваёй цэльнасьцю не саступаюць ангельскім лучнікам, а часам і перавышаюць іх!
— Штось цяжка паверыць... — сумняецца Олівэр, зь недаверам прыглядаючыся да нязграбных з выгляду стралкоў.
— На паляваньні будзеце мець нагоду пераканацца, і клянуся сьвятым Андрэем, маім патронам, зьдзівіцеся!
— А хіба й простыя воі прымуць удзел у паляваньні?
— Дарагі зямляча! Я вам ужо казаў, што Літва — гэта ня Францыя ці Бургундыя, дзе паляваньне зьяўляецца прывілеем каралёў і шляхты. Тут гэта забава для ўсіх, і ніхто не бывае ўкрыўдзе.
— То ў такім разе, нам застанецца толькі назіраць, як гэтыя малайцы будуць класьці дзічыну!
— Чаму? — зьдзівіўся граф.
— Бо ці можа быць столькі дзічыны, каб хапіла на такую масу паляўнічых?
— Не забывайце, што гэта Літва!
— Хай сабе й Літва! Але, як вы кажаце, гэтыя лучнікі найлепшыя ў сьвеце стралкі, то ці магчыма нам, простым сьмяротным, спаборнічаць зь імі?
— О, дарагі Олівэр, можаце супакоіцца й не хвалявацца. Дзічыны будзе столькі, што няхай тут будзе хоць цэлы полк гэтых лучнікаў, яе хопіць на ўсіх!
— Цяжка паверыць, граф. Каб гэта казаў хто-небудзь іншы, а ня вы, то я проста абазваў бы яго ілгуном!
— Паверыць цяжка, але вельмі лёгка пераканацца! Не пазьней як заўтра вы самі, дарагі Олівэр, будзеце сьведкам таго, чаму ня хочаце верыць сёньня! — Граф крыху памаўчаў і потым дадаў: — Я ніколі на вас ня крыўдзіўся, дарагі Олівэр, за вашы недавер. Ня крыўджуся й зараз. Некалькі гадоў таму я таксама мусіў прывыкаць і дзівіцца гэтаму надзвычайнаму краю й яго звычаям. Пройдзе час, прызвычаіцеся й вы і палюбіце Літву, ці Белую Русь, называйце як хочаце, так, як палюбіў яе я. Я пачынаю адчуваць, што мяне ўжо не цягне ўва Францыю...
— Пабачым... Пабачым...
Суразмоўцы змоўклі й, лёгка пагойдваючыся ў сёдлах, прыняліся разглядаць маляўнічыя і ў той жа час суровыя ваколіцы.
Няроўная мясцовасьць, па якой пралягала дарога, адкрывала іх паглядам то неабдымныя абшары дрымучай пушчы, што зьнікала у блакітнай далечыні далягляду, то непрыступныя й глухія сьцены лясное гушчы, што захаплялі сваім дзікім некранутым хараством, упрыгожаныя асьляпляльнай белізной сьнегу.
За лучнікамі разьцягнуліся санныя абозы, перасыпаныя коннымі прыслугамі паляўнічых. Адтуль у марозным паветры далёка разносіліся песьні й рогат, аддаючыся гучным тысячагалосым рэхам у пушчы.
Лясная дарога, выгінаючыся між узгоркаў і зарасьнікаў, час ад часу перасякае прасторныя, у срэбным зіхаценьні, паляны, парослыя шыпшынай і лазой балотцы ў хвалістых сьнежных гурбах і глыбокія яры з адхоннымі абсунутымі берагамі, густа зарослыя дзікім маліньнікам, ажынай і цёрнам.
Замак вынырнуў зь лясное пушчы зусім неспадзявана. Ён шырока раскінуўся на паляне, абкружаны земляным валам, драўляным мурам і абведзены шырокім ровам са стромкімі берагамі, уторканымі вострым жалезьзем. З-за муру віднелася невысокая каменная вежа з зубчастым верхам. Побач зь ёй зіхацеў пазалотай крыж прысадзістай, але ўмястоўнай царквы зкаменнай званьніцай. Вежа й царква былі калісь цэнтрам невялікага абароннага замку, каменны мур якога творыць зараз нібыта другое нутраное кола абароны ў разрослай уздоўж і ўшыр цытадэлі.
Як толькі зь лесу паказаліся першыя шэрагі белавескіх капейшчыкаў, у замку ўдарылі ў звон. Зарыпела вонкавая брама, і адтуль у поўным узбраеньні выехаў сівы гараднічы [21] Варкула Бялецкі.
Адсалютаваўшы мячом гаспадару, ён лёгка саскочыў зь сядла й зь непакрытай галавой падышоў да Вітаўта.
— Хлебам і сольлю прымаем Гаспадара Вялікага Князя нашага, Вітаўта Кейстутавіча! — пакланіўся ён, непрыкметна скрывіўшыся ад нясьцерпнага болю ў плячы. Выпрастаўся зсамым спакойным выглядам, але прыкметна збляднелы. Гэта не схавалася ад вачэй Вітаўта, які сваім хуткім розумам адразу здагадаўся, у чым справа і ад чаго гараднічы зьбялеў.
Варкула, не даючы гаспадару часу на запытаньні, коратка й выразна паведаміў, што загоны разведзены, заставы вызначаны, сеці напагатове і ўсё падрыхтавана.
— Добра, Варкула! Вельмі добра! — пахваліў Вітаўт. — Пазнаю ў гэтым тваю руку! Але дзе ж нашы адважны падгараднічы Праклош? Чаму яго ня бачна?
— Ваша Высокасьць ня прыйме мне гэта за злое, але я адпусьціў яго перад двума днямі на паляваньне... — пахмура адказаў Варкула, скрыпнуўшы пры гэтым зубамі.
— Цікава! — усьміхнуўся Вітаўт. — Адпусьціў з паляваньня на паляваньне! Мусіць, дзічына паважнейшая за зубра?
Але Варкула ня стаў болей аб гэтым гаварыць, ведаючы, што Вітаўт здагадваецца й не злуецца.
— Дзе, Ваша Высокасьць, пажадаеце спыніцца? Ці ў новых пакоях, ці ў Старой вежы? — пацікавіўся ён, ведаючы, што гаспадар вельмі любіць гэтую вежу, якая будзіла ўспаміны былых сутычак з крыжакамі. Гэтая ж вежа ў свой час паслужыла першым прытулкам Вітаўту пасьля ягоных уцёкаў з Крэўскага замку.
— Не пытайся, Варкула! Вядзі ў вежу, а ў новых пакоях разьмясьці гасьцей, хай адпачнуць...
Прызвычаены да паслухмянасьці Варкула моўчкі выйшаў уперад і правёў гаспадара ў яго памяшканьне. Тады заняўся гасьцямі й іх службамі ды разьмясьціў іх хутка, старанна й добрасумленна. Гэты чалавек вызначаўся надзвычайнай выканаўчасьцю. Бязь лішняй пасьпешлівасьці й клапатлівасьці ён выконваў свае абавязкі спакойна й абдумана. Быў маўклівы й замкнуты ў сабе, а калі гаварыў, то коратка й адрывіста. Толькі зьВітаўтам быў больш гаварлівы, ды й то не заўсёды. Вайну й паляваньне любіў над усё на сьвеце. Жанчын ня мог цярпець і блізка каля сябе, уважаючы іх за слугаў і саўдзельнікаў д'ябла. З-за гэтага князёўна Рынгайла й некалькі яе спадарожніцаў нарабілі яму шмат клопатаў. Бо ня мог жа ён памясьціць родную сястру гаспадара ў звычайным цытадэльным пакоі, а ў дзядзінец [22] кабет пускаць не хацеў.
Стары ваяка, мармычачы праклёны сабе пад нос, нарэшце ўправіўся й з гэтай задачай, адпусьціўшы для жанчын царкоўную трапезу [23].
Вечарэла. Замкавыя будынкі пашарэлі й страцілі выразнасьць рысаў. Пачуліся галасы вартавых. У пушчы завыў воўк, наганяючы смутак і неспакой...
16. ПАЛЯВАНЬНЕ
Зь першымі пробліскамі дня замак напоўніўся рухам. Дзень паляваньня настаў.
Зьменьваючы варту на вежах, Варкула ўвесь час пазіраў на паўночны ўсход, дзе ледзь прыкметна цямнее сьцежка, паглыбляючыся ў пахмурую й маўклівую пушчу. Гараднічы з трывогай чакае брата Праклоша, які абяцаў вярнуцца з выправы ўгэтую ноч...
Шараватыя хмаркі, пазалочаныя з краёў усходным сонцам, чарадой прабягаюць па празрыстым марозным небе. Дым з вогнішчаў і комінаў роўнымі слупамі цягнецца проста ўгору, абяцаючы ясны марозны дзень. Груганьнё, спалоханае нязвыклым рухам, зграяй узьнялося над замкам, аглушальна каркаючы.
Не дачакаўшыся брата, Варкула вывеў паляўнічых з замку і цеснымі зьвярынымі сьцежкамі павёў на аблюбаванае Вялікім лоўчым мейсца паляваньня. Санныя абозы пацягнуліся іншай, кружной дарогай.
Мейсца было абранае вельмі ўдала. Гэта была прадаўгава тая паляна — каля тысячы крокаў даўжынёю і дзьвесьце крокаў шырынёй на самым шырокім мейсцы, якая паступова звужалася да канца. З таго боку, дзе разьмясьціліся паляўнічыя, ускраіна паляны густа зарасла кустамі й маладняком. Трохі глыбей улес кусты расьсейваліся, творачы невялікія купы бязладна раскіданых зарасьнікаў, каля якіх разьмясьціліся конюхі й коні, прыслугі й сані.
Супрацьлежны бок паляны, вольны ад кустоў, адкрываў далёка ўперад лясную глыбіню, зь якой павінен быў выйсьці гнаны загоншчыкамі зьвер.
Ад канцавых ускраін мейсца паляваньня далёка ў лес нацягнутыя моцныя сеці, а за імі расстаўленыя заставы з аддзелаў капейшчыкаў і лучнікаў, каб ня даць дзічыне збочыць звызначанага кірунку й вывесьці яе на паляну, проста на паляўнічых.
Вялікі Лоўчы старанна разьмясьціў на мейсцах нецярплівых паляўнічых. Вялікага Князя паставіў супраць сярэдзіны паляны, бо ведаў напэўна, што сюды выйдзе найбольшы й вартаўнейшы зьвер. Збраяносцы прынесьлі сюды ж некалькі заладаваных самастрэлаў, калчан са стрэламі й сякеру. Тут жа, побач зь Вітаўтам, гараднічы выставіў некалькі выбранецкіх лучнікаў і капейшчыкаў, абавязкам якіх было ўважаць за бясьпекай гаспадара й у разе патрэбы прыйсьці яму на дапамогу.
Олівэр прытаіўся на правым крыле паляны. Леваруч ад яго віднеўся праз кусты плашч графа дэ ля Шэр, з другога боку — пёры Мак Марцімэра. Далей некалькі чужаземцаў і літоўскіх драбаў зь вялізарнымі самастрэламі.
Паляўнічыя былі расстаўленыя з такім разьлікам, каб ні адна жывёла, выгнаная на паляну, ня здолела прарвацца празь іх ланцуг, узмоцнены з тылу збраяносцамі й чэлядзяй, узброенай дзідамі, сякерамі й самастрэламі.
Напружанае маўчаньне запанавала над лесам. Некалькі сотняў насьцярожаных пар вачэй да болю ў скронях углядаліся ўаддаленыя нетры нямое пушчы. Кожны найменшы гук — хруст галіны, лопат крылаў, шорах сьнегу, што абсыпаўся з дрэва, —прымушаў уздрыгнуцца затоеных людзей і мацней біцца іх сэрцы. Вось-вось, здавалася, зьявіцца доўгачаканая дзічына. Ніхто нават не заўважыў і не падумаў аб тым, што яшчэ зусім не чуваць ражкоў і бубнаў загоншчыкаў.
Навокал панавала такая цішыня, што зграйка чырванагру дых гілёў, якія супакойна апусьціліся на паляну, бестурботна шпацыравала каля самых ног Вітаўта, нават не падазраючы блізкасьці людзей і не зьвяртаючы аніякай увагі на лёгкія хмаркі пары ад дыханьня паляўнічых.
Затаіўшы подых, Вітаўт з ласкавай усьмешкай назіраў за прыгожымі птушкамі, на некаторы час забыўшыся, дзе ён знаходзіцца.
Раптам на супрацьлежнай ускраіне паляны паказаўся руды пушысты ліс. Прысеўшы каля крайніх дрэваў, ён уважна панюхаў паветра, але, нічога не адчуўшы, прыпаў да сьнегу і рушыў на сярэдзіну паляны, насьцярожана паводзячы вострымі вушкамі.
Дзесь трывожна засакатала сарока. Гілі разам узьняліся ўпаветра й зьніклі за засьнежанымі верхавінамі дрэваў. Ліс кінуўся ўбок, прыпаў чэравам да сьнегу й пачаў уважна вынюхваць і прыслухоўвацца. Ні гуку. Паляўнічыя замерлі, зь цікавасьцю назіраючы за гэтым хітрым і асьцярожным зьвярком. Але ліс нешта прыкмеціў і, раптоўна вільнуўшы густым хвастом, завярнуў і вокамгненна зьнік у пушчы.
Усе гэтыя трывогі й перажываньні не займалі толькі аднаго чалавека — гараднічага Варкулу. Ён ня бачыў ні ліса, ні гілёў, ні чарады курапатак, што перабеглі праз паляну. Пахмура насупіўшыся, ён ад'ехаў у глыбіню лесу й там у адзіноце перажываў доўгую адлучку брата. Уся яго істота рвалася кудысьці ўбалоцістыя абшары паганскае Жамойці, прыціснутыя бязьлітасным жалезным ботам зьненавіджаных крыжакоў.
Пусьціўшы павады каня, ён, згорбіўшыся, сядзеў у сядле, пахіліўшы галаву на грудзі. Час ад часу з надзеяй пазіраў на сьцежку, што вяла да ляснога замку, і, нічога на ёй не прыкмеціўшы, ізноў занураўся ў свае невясёлыя думкі. Яго конь, адчуваючы млявасьць седака й прызвычаіўшыся за доўгую сваю службу да розных лясных прыгод, паволі крочыў па гурбах, не аддаляючыся ад мейсца паляваньня, а й не набліжаючыся да яго. Разумная жывёла як бы падзяляла смутак і трывогу свайго гаспадара. Панурыўшы кудлатую галаву, старанна абыходзіла карчы, пні й лапчастыя галіны, нізка пахіленыя да зямлі.
На паляне, між тым, зноў зьявіўся ліс. Зараз ён трымаўся зусім інакш. Устрывожана азіраючыся на бакі, мітусіўся між крайнімі дрэвамі, не адважваючыся выбегчы на адкрытае мейсца. Там і сям мільгаў яго руды хвост. Выпалашаныя ім некалькі зайцаў, стрымгалоў пусьціліся наўцёкі. Адзін зь іх, выкаціўшыся белым клубком на сярэдзіну паляны й зрабіўшы на ёй некалькі петляў, прысеў і натапырыў вушы.
З ланцуга паляўнічых разьнёсься прарэзьлівы сьвіст. Нехта цюгакнуў. Заяц з усіх ног ірвануў назад у лес. Але між дрэвамі мільгнула гладкая сьпіна ліса. Бедны русак, страціўшы галаву, у сьмяротным страху йзноў завярнуў і рынуўся ўздоўж паляны, высока падкідаючы заднія лапкі.
Ліс жа зусім не спрабаваў упаляваць няшчаснага зайца. Тонкі слых зьвера ўлавіў у глыбіні пушчы незразумелыя гукі, якія не абяцалі для яго нічога добрага. Патрошку, але няўхільна гэтыя гукі нарасталі й прымушалі ліса мітусіцца ўсё больш трывожна і пасьпешна...
Нарэшце паказалася першая буйная дзічына. Гэта былі танканогія прыгажуні — дзікія козы. Крута выгнуўшы шыі, яны, здавалася, ляцелі між дрэвамі, прастуючы да левага краю паляны.
Лёгкая нэрвовая дрыготка праняла кожнага з паляўнічых. Пачынаецца!
Олівэр моцна заціснуў у руках самастрэл. Сілком адарваўшы вочы ад грацыёзных козаў, зьвярнуў пагляд да пушчы, проста перад сабою. Між дрэвамі нешта роілася, шэрым патокам абцякаючы гурбы...
Гнаныя панічным страхам козы як вецер вынесьліся на паляну, спадзеючыся адным духам перамахнуць яе ды зьнікнуць у кустах...
Зьдзіўляльна гучна дзвэнькнула цеціва самастрэлу. Моцны, прыгожы важак чарады ўзьвіўся на дыбкі й паваліўся на сьнег, афарбоўваючы яго крывёй. Са сьвістам выляцеў з кустоў тузін стрэлаў, паклаўшы на сьнег усю зграйку красунь козаў.
У гэты момант насупраць Олівэра на паляну высыпала зграя ваўкоў. Яны йшлі ўпэўненай рысьсю, драпежна прыціснуўшы вушы й падціснуўшы хвасты.
Амаль адначасна з ваўкамі, аднак шмат лявей, выбегла чарада дзікоў. Вялізарны вяпрук з загнутымі ікламі, грозна рохкаючы, трухкаў сьпераду. Дасьведчаны важак адчуваў небясьпеку, але ня ведаў, адкуль яна прыйдзе. Таму, выбраўшы найвыгаднейшы кірунак — у бок гусьцейшых кустоў, накіраваўся проста на Вітаўта. Уся чарада завярнула за ім, ідучы сьлед усьлед.
Мак Марцімэр старанна нацэліўся ў пярэдняга сівога ваўка й спусьціў цеціву. Воўк з разгону перакуліўся цераз галаву й забіўся ў перадсьмяротных сутаргах.
Адразу ж хмара стрэлаў са сьвістам выляцела з кустоў. За ёй другая й трэцяя. Парадзелая зграя ваўкоў кінулася ўбок, але сустрэўшы й тут хмары стрэлаў, завярнула назад у лес.
Першага дзіка зваліў сам Вітаўт, цэльна ўсадзіўшы стралу яму пад левую лапатку. Вялізны вяпрук зарыўся лычом у сьнег і з прарэзьлівым піскам біў нагамі, падымаючы хмары сьнежнага пылу ды распырскваючы далёка вакол сябе гарачую кроў. Неймаверны галас, піск і выцьцё ўзьняліся над палянай. Дзікі й ваўкі адзін за другім валіліся з ног пад трапнымі стрэламі апанаваных азартам паляўнічых.
Барадатыя лосі, зграбныя алені, прыгожыя дзікія козы паасобку й зграйкамі выносіліся на паляну. Дзікі, ваўкі, зайцы… Нават некалькі медзьвядзёў вывалілі з гушчару, дадаючы страху драбнейшай жывёле сваім глухім магутным рыкам.
Уся паляна роілася ад мітусьні зьвяроў. Ні Олівэр, ні Мак Марцімэр ня бачылі нічога падобнага ў сябе на бацькаўшчыне. Столькі жывёлы ніколі нават і ня сьнілася нікому з чужаземцаў.
Паляўнічы запал агарнуў маладога бургундца. Раз за разам выпускаючы стралу ў зьвярыную кіпель, ён ужо не выбіраў, як перад гэтым, прыгажэйшае й буйнейшае цэлі. Алень, воўк, дзік— не рабілі ўжо розьніцы. Захапіўся паляваньнем і Мак Марцімэр. Ап'янелы ад паху крыві, ён раз за разам выпускае стрэлы. Нават граф дэ ля Шэр, заўсёды стрыманы й халодны, зараз з гарачкавай пасьпешнасьцю працуе самастрэлам.
Дзічына валіцца як скошаная. Здавалася, што нябачная вялізарная каса бесьперапынна шугае па паляне, валячы цэлыя поласы сваіх ахвяраў. Густыя хмары пары ад спатнелай жывёлы, гарачай крыві, сьвежага гною і воддыхаў тысяч ноздраў клубамі перакатваюцца над напоўненай рыкам і енкам палянай.
Дзікі з прарэзьлівым віскам зарываюцца ў чырвоны сьнег. Параненыя козы з жаласным енкам кідаюцца па заваленай тушамі паляне. Алені й лосі зь вялізарнымі рагамі, на поўным скаку ўлучаныя стралой, з храпам узьнімаюцца на дыбкі. Адзічыны ўсё ня меншае. Новыя й новыя зграі, падганяныя загоншчыкамі, прыбываюць на паляну, папаўняючы сабою незьлічоныя масы гінучых...
* * *
У гэты час Варкула панура езьдзіў у аддаленьні, зусім не зьвяртаючы ўвагі на гукі, што даносіліся з паляны. Ён прадчуваў набліжэньне бяды, якая найболей мела крануць яго самога. Непрадбачана доўгая адлучка Праклоша ўсяляла ў яго душу, першы раз за ўсё суровае й баявое жыцьцё, страх. Страх не за сябе. За сябе Варкула не баяўся, ён ня раз глядзеў сьмерці ўвочы. Ня раз, сьцякаючы крывёй, не выпускаў з рук мяча, і ніколі не здрыганулася яго загартаваная й бязьлітасная душа. Страх за жыцьцё свайго адзінага й любага брата й баявога нязьменна га сябру засланіў усе іншыя пачуцьці. Варкула ведаў, што значыць гэтая доўгая адлучка. Праклош паехаў не на гулянку і не на паляваньне, як сказаў Вітаўту Варкула. Ён, кажучы аб паляваньні, меў на ўвазе «паляваньне» зусім іншага роду й выгляду, чымся тое, што адбывалася зараз, вось тут, на паляне. Вітаўт зразумеў вельмі добра, а таму й не распытваў болей, бо ведаў, на якога зьвера выпраўляліся на перазьмену абодва браты Бялецкія. Дзічына іх была закутая ў сталёвыя панцыры, узброеная вострымі мячамі, сякерамі й дзідамі, ды прыкрытая белым плашчом з чорным крыжам. Імя ёй — крыжак. Той крыжак, які некалькі гадоў таму вынішчыў цэлы шматлікі й буйны род Бялецкіх. Агнём выпекшы незагойную рану ў душах — суровага Варкулы ды агністага й палкага Праклоша, якія толькі прыпадкова засталіся жывымі.
Прадчуваючы бяду, Варкула ніяк ня мог пагадзіцца з думкаю, што Праклош будзе забіты ці схоплены ў палон ды закатаваны бесчалавечным катам у манаскай вопратцы з Ордэну Крыжа. Забыўшыся аб усім на сьвеце, ён адразу й не заўважыў, як раптоўна пачаў усхрапваць конь і бокам стараніцца да паляны— бліжэй да людзей.
Варкула схамянуўся толькі тады, калі перастрашаны конь, скочыўшы ўбок, мала ня выкінуў яго зь сядла. Раптоўна вярнуўшыся да рэальнасьці, гараднічы , ня думаючы, схапіўся за меч. Але, разгледзеўшы, у чым справа, ён пасьпешна ўвапхнуў меч у похвы і, намагаючыся не рабіць рэзкіх рухаў, узяўся за лук і выцягнуў стралу. Вочы Варкулы, цьмяныя й панурыя перад тым, зараз блішчэлі запалам і заўзятасьцю — кроках утрыццаці на разлапістым дрэве затаіўся раскошны шэра-жоўты рысь. Драпежнік, прыціснуўшыся да галіны, уважна сачыў за рухамі самотнага коньніка, нібы разрахоўваючы — напасьці на яго ці не.
Варкула патрошку пачаў узносіць на ўзровень вачэй ужо нацягнуты лук.
Ззаду данёсься лёгкі хруст кустоў. Рысь уздрыгнуў і напружыўся, рыхтуючыся скочыць. У гэты момант тонка засьпявала цеціва, пусьціўшы ў драпежніка сьмертаносную стралу.
Ня губячы часу, Варкула маланкава выхапіў другую стралу й, амаль ня цэлячыся, усадзіў яе ў падаючага зьвера, дабіўшы яго канчаткова.
— Вось гэта хуткасьць! Вось гэта вока! — пачуліся за сьпіною некалькі жаночых галасоў. — Шляхетны Варкула, гэтае паляваньне было непаўторнае! Я яшчэ ў жыцьці ня бачыла падобнае меткасьці пры такой хуткасьці!
Пры гуку гэтага голасу Варкула адразу павярнуўся ў сядле й прамовіў:
— Князёўна, я прашу выбачэньня, але не люблю, калі за мною падглядаюць!
— Ня злуйцеся, шляхетны рыцар, — з усьмешкай адказала Рынгайла. — Такая ўжо натура жанчыны, што яна жыць ня можа, каб не падглядаць. Але ў гэтым выпадку мы прыехалі зусім прыпадкова.
Варкула пахмура акінуў паглядам вясёлую юрбу конных жанчын і нічога не адказаў. Не любіў ён гэтае «спаднічнае племя» й не хацеў размаўляць.
Рынгайла, бачачы ягонае незадавальненьне й не жадаючы дратаваць яшчэ болей, павярнулася да распасьцёртага на сьнезе драпежнік а:
— Які гэта цудоўны рысь! — прамовіла яна, не хаваючы шчырага захапленьня.
— Калі вам так падабаецца, — буркнуў Варкула, — то вазьміце яго сабе, а мне дазвольце ад'ехаць...
— Ад'ехаць? Вы хочаце нас пакінуць адных у гэтым дзікім лесе? — ускрыкнула з удаваным жахам Рынгайла.
— Князёўна, пры вашым сядле лук! У вашых спадарожніц— самастрэлы... Я тут зусім не патрэбны. Дазвольце мне ад'ехаць!.. Я тут не патрэбны!..
Рынгайла ўважна паглядзела на пахмуры твар гараднічага, але, не прыкмеціўшы й ценю жарту, з горкім сумам прамовіла:
— Едзьце!.. Вас я не трымаю. Але... учынак ваш зусім ня рыцарскі!
Варкула толькі на гэта й чакаў. Ён моўчкі завярнуў каня й, не сьпяшаючыся, зьнік за хмызамі.
Жанчыны, сьпешыўшыся, абступілі рыся, любуючыся яго мяккай аксамітнай поўсьцю.
Нездалёк у пушчы надрываючыся галасіла сарока, і некалькі разоў трывожна абазвалася сойка...
— Хтось там ёсьць! — заўважыла адна з чалядніцаў, паказваючы ў густы зарасьнік маладняку, што выходзіў сваім правым крылом далёка за межы паляны. Гэты маладняк разросься шырокай паласой, утвараючы клін з тымі кустамі, у якіх стаялі заслоны капейшчыкаў і лучнікаў зь сецямі. Тупая вяршыня кліну ўпіралася ў адкрытае месца — якраз там, дзе ляжаў забіты рысь.
Жанчыны ўважліва прыгледзеліся да гушчару, але, нічога не прыкмеціўшы, ізноў адвярнуліся да прыгожага драпежніка...
З паляны даходзіў аддалены гоман людзей і рык жывёлы.
* * *
Тут зьявіліся першыя зубры й туры. З глухім ровам, апусьціўшы нізка да зямлі вялізарныя рагатыя галовы, яны йшлі, не сьпяшаючыся, насустрач небясьпецы. У іх цяжкой хадзе адчувалася пэўнасьць сабе і сваёй моцы. Моцы неймавернай і грознай, што крушыла ўсё на сваім шляху. Ніводнае лясное стварэньне не адважвалася стаць упоперак дарогі нават найслабейшаму зь іх. Падобны да грукатаў грому, роў барадатага зубра ці крутарогага тура прыводзіў у пярэпалах цэлыя зграі такіх адважных хіжакоў, як ваўкі, і прымушаў іх здымацца зь мейсца й уцякаць, каб толькі не сустрэцца з рагатым волатам.
Выставіўшы моцныя лбы й пускаючы з ноздраў струмяні пары, барадатыя пярэднія быкі з пэўнасьцю сунуліся ўперад. Здавалася, што аж зямля гнецца й дудніць пад іх цяжкай хадой. Раздратаваныя й узбуджаныя пахам крыві, яны йшлі проста на паляўнічых, не выказваючы ні страху, ні намеру завярнуць.
Кроў застыла ў жылах Олівэра, калі ён убачыў зьблізку, проста перад сабою, гэтага грознага князя пушчы. Прыклаўшыся да самастрэлу й намагаючыся супакоіцца, ён добра намерыўся й пацягнуў гачок.
Страла прагавіта ўпілася ў шырокія грудзі магутнай жывёлы. Крайні правы бык узьвіўся на дыбкі й з аглушальным рыкам, як гара, абрушыўся на чырвоны сьнег.
Цэльным стрэлам Вітаўт зваліў пярэдняга волата-важака, сівага й страшнага.
Стрэлы сыпанулі суцэльнай хмарай. Збраяносцы й чэлядзь не пасьпявалі ладаваць самастрэлы.
Але зубры йшлі суцэльнай лавай, цесна прыціснуўшыся адзін да другога, і таму стрэлы не задавалі ім такой шкоды, як іншай мітуслівай дзічыне. І хаця іх засталося ня больш за трыццаць, зрабілася зразумела, што яны дойдуць да ланцуга паляўнічых яшчэ да таго, як тыя пасьпеюць выстраліць па некалькі стрэлаў і гэтым пакласьці крэс жудаснай атацы разьюшанае жывёлы.
Вітаўт адклаў убок самастрэл і, узброіўшыся дзідай і сякерай, падрыхтаваўся сустракаць альбо бліскучую перамогу, альбо слаўны канец. Вочы гаспадара зьзялі незвычайным запалам і радасьцю. Ён ускрыкнуў:
— Вось гэтак жа прэ на нас крыжак! І вось так сустракае яго непакорная Белая Русь! — і пры гэтым ён левай рукой упёр дзіду ў стаўбур дрэва й накіраваў вастрыём у грудзі зубру, які да яго набліжаўся. Правая рука моцна сьціснула дзяржальна сякеры...
* * *
Прысеўшы каля рыся, Рынгайла з прыемнасьцю лашчыла яго мяккую плямістую скуру. Чалядніцы, абступіўшыя наўкола, весела рагаталі, абгаворваючы нелюдзімага дзівака-гарад нічага. Ім даводзілася ня часта сустракацца з гэтым пахмурым драбам, імя якога было ведама далёка за Літоўскія землі з-за ягонай адвагі, спрыту й няўмольнае жорсткасьці. Адчуваючы пагарду, зь якою ён ставіўся да жанчын, маладыя чалядніцы князёўны, стараючыся затаіць сваю крыўду, насьміхаліся й перадражнівалі бедака — старога Варкулу. Затое з маладым Праклошам яны трымаліся ласкава і, упатаемку адна ад другой, стараліся здабыць яго прыхільнасьць. Амаль кожная зь іх пайшла б на край сьвету, альбы прыгожы й зграбны Праклош зьвярнуў на яе ўвагу. Але вясёлы драб быў недасяжны, нават для найбольшых прыгажунь, хаця й не цураўся іх, як брат.
Гэтак рагочучы й размаўляючы, жанчыны не зьвярталі ніякай увагі на трывожную траскатню сарокі. Як раптам з трэскам ламанага гальля з кустоў вываліў вялізарны мядзьведзь. Убачыўшы купку людзей, ён спыніўся ў нерашучасьці.
Перапалоханыя коні з храпам кінуліся ўцякаць. Дзяўчаты, нарабіўшы віску, пабеглі сьледам. Але Рынгайла, заблытаўшы ся ў крысох доўгага футра, павалілася на калені.
Мядзьведзь адразу ўпярэвалку рушыў да яе. Гучны роў касматага зьвера ўскалыхнуў паветра.
Рынгайла паспрабавала ўскочыць, але, ізноў пасьлізнуўшы ся, ува ўвесь рост расьцягнулася на сьнезе.
Яе чалядніцы зь вялікім галасам схаваліся за кустамі, стараючыся крыкамі прыцягнуць увагу каго-небудзь з паляўнічых ці чэлядзі й гэтым уратаваць князёўну. Аднак паляўнічыя, захопленыя атакай зуброў, ня чулі гэтага ляманту, поўнага роспачы й страху.
Пагібель чароўнае князёўны была немінучай. Не спрабуючы больш падняцца, яна з заплюшчанымі вачыма й моцным біеньнем сэрца чакала свайго канца — пакінутая ўсімі. З роспаччу заклікала Ўсемагутнага — прасіла перад сьмерцю прабачыць усе грахі, вольныя й нявольныя.
Мядзьведзь быў ужо за два крокі ад сваёй безабароннай ахвяры. Цяпер толькі цуд мог яе ўратаваць...
Раптоўна, як грымоты Перуна, прагучэў над лесам моцны голас. Конскае ржаньне зьлілося з глухім ровам медзьвядзя...
Рынгайла з надзеяй расплюшчыла вочы й падняла галаву.
Мядзьведзь, ранены стралой у плячо, пакінуў распасьцёр тую Рынгайлу й шкутыльгаў убок, рушыўшы насустрач аграмаднаму коньніку ў прасторным кажуху, накінутым паверх кальчугі. Коньнік з усіх сілаў стрымліваў упуджанага каня, адначасна накіроўваючы яго на мядзьведзя, які падняўся ва ўвесь рост. Конь прысядаў на заднія ногі, матляў галавою, фыркаў і ніяк не хацеў падпарадкавацца.
Адчуўшы, што небясьпека для яе мінула, Рынгайла паднялася й з надзеяй азірнулася навокал, але... ні людзей, ні зброі: мужчыны занятыя паляваньнем, чалядніцы разьбегліся, а лук і стрэлы засталіся пры сядле. Беднай князёўне супраць волі заставалася толькі назіраць, як незнаёмы ратаўнік змагаецца з разьюшаным зьверам. А як хацелася дапамагчы яму! З жахам яна заўважыла, што коньнік ня мае дзіды. А з адною сякерай парадзіць цяжка, нават немагчыма.
Аднак адважны незнаёмец ня думаў саступаць. Змагаючыся з канём і адмахваючыся сякерай ад насядаючага мядзьведзя, ён гукнуў:
— Князёўна! Уцякайце!.. А я затрымаю гэтага чорта тут, пакуль пад'едуць мае спадарожнікі!
Але Рынгайла была ня з тых, хто кідае сваіх прыяцеляў убядзе. Гэта была сапраўдная дачка Кейстута — годная свайго вялікага бацькі. Уратаваўшыся сама, яна ні за што не жадала пакінуць адважнага незнаёмца сам-насам з разьюшаным мядзьведзем.
— Лук! — гукнула яна. — Кінь мне свой лук!
Коньнік, працуючы з усіх сілаў павадамі й пяткамі, усё ж выбраў зручны момант і, падзіўляючыся адвазе й розуму Рынгайлы, кінуў ёй свой лук і поўны калчан стрэлаў.
Князёўна з радасьцю ўхапілся за зброю. Цяпер доля мядзьведзя была вырашаная.
Аднак сталася жудасная неспадзеўка. Конь, які ірваўся ўстраху між дрэваў у розныя бакі, настолькі заняў увагу седака, што той зусім не ўважаў на тое, што робіцца наўкола, і, зразгону стукнуўшыся галавой аб сук, выляцеў зь сядла.
Адчуўшы волю, конь прыціснуў вушы й, выкідваючы камякі сьнегу, галопам панёсься па пушчы.
Аглушаны ўдарам коньнік нерухома ляжаў на сьнезе. Яго сякера адляцела далёка ўбок, шолам ссунуўся з галавы й агаліў доўгія сівыя валасы, мокрыя ад поту.
Мядзьведзь зь лютым ровам кінуўся да нерухомага воя.
На момант Рынгайла аслупянела ад жаху, але вагацца не было калі. Кожнае імгненьне было каштоўнае ды пагражала сьмерцю яе ратаўніку. Яна хутка прыладзіла на лук стралу й, з падзіўляючай сілай, нацягнула цеціву.
У гэты час у далечыні між дрэвамі паказаліся два добра ўзброеныя коньнікі. Не чакаючы іх дапамогі, Рынгайла стрэліла. З болю мядзьведзь закруціўся на мейсцы. Другая страла паваліла зьвера на сьнег. Але ён зараз жа ўскочыў і, пырскаючы сьлінай, кінуўся да Рынгайлы.
Аднак дабегчы ўжо ня змог. Уцэлены трэцяй стралой проста ў грудзі, ён з жаласным енкам зваліўся на бок.
Падасьпелыя коньнікі, пераканаўшыся, што мядзьведзь забіты, кінуліся да распасьцёртага на сьнезе воя. Спрытна саскочыўшы зь сёдлаў, хутка прыняліся націраць яму твар сьнегам.
Рынгайла, прыкмеціўшы сьцяжкі на дзідах навапрыбылых, міжволі ўхапілася за грудзі. Трывожная насалода хваляй падступіла да горла, сьціснула яго й не давала перавесьці дух. Не адрываючы рукі ад сэрца, што выскоквала з грудзёў, князёўна хутка падышла да непрытомнага. Людзей гэтых яна ня ведала, але падсьвядома здагадвалася, хто яны і ад каго прыехалі...
— Кандрат! — гукнуў у роспачы адзін з вояў. — Ці жывы ты?
— А ты не галасі! — заўважыў другі, адвязваючы беспрытомнаму каўнер кальчугі. — Увапхні яму лепей сьнегу ў рот! Можа тады й ачуняе... Не памёр жа ён сапраўды?..
Усё гэта Рынгайла назірала моўчкі, увесь час пераводзячы вочы на вострыя наканечнікі дзідаў са сьцяжкамі княства Слуцкага.
У гэты час падбеглі ўзброеныя людзі, хто зь сякераю, хто зрагацінаю, а хто й з вывернутай аглобляю. Іх прывялі перапалоханыя чалядніцы.
Па загадзе Рынгайлы беспрытомнага Кандрата паднялі й панесьлі на паляну, адкуль даносіліся прызыўныя гукі ражкоў, што спавяшчалі канец паляваньня.
Кандрата паднесьлі проста да Вітаўта і асьцярожна апусьцілі на пакрытыя кажухамі сані.
— Хто гэта? — зьдзівіўся Гаспадар, зь цікавасьцю ўглядаючыся ў незнаёмы твар.
— Да Вашай Высокасьці ганец ад ваяводы Грозаўскага... ЗКракава, — выступіў уперад адзін са спадарожнікаў Кандрата.
— Ганец ад Фёдара?.. А што зь ім?
— Гэта я раскажу! — прамовіла Рынгайла і падрабязна апавяла слухачом пра здарэньне з рысем ды мядзьведзем.
Граф дэ ля Шэр старанна перакладаў чужаземцам яе апавяданьне.
Усе, за выключэньнем Варкулы, слухалі, затаіўшы подых. Учынак гараднічага з рысьсю выклікаў агульны рогат, а адвага ганца — пашану і нават зайздрасьць.
Бедны Олівэр праклінаў у душы й сябе, і сваю долю — за тое, што мінуў такі зручны момант услужыць князёўне і, выратаваўшы ёй жыцьцё, дабіцца яе прыязнасьці.
У канцы апавяданьня Кандрат глыбака ўздыхнуў і сеў. Абхапіўшы галаву рукамі, ён абвёў мутнымі вачыма натоўп, сабраны каля саней, і зь лёгкім енкам ізноў паваліўся на сьпіну.
Некаторы час навокал панавала ціша. Паступова на белых шчаках Кандрата зьявіўся слабы румянец. Ён ізноў расплюшчыў вочы й, угледзеўшы ўзброеных людзей, ціха, але ўстрывожана запытаў:
— Князёўна?.. Ці ўратавалі князёўну?..
— Бачце-ка! — усьміхнуўся Вітаўт. — Стары, сівы, як голуб, а туды ж. Нават не пасьпеў прачухацца — першая думка пра князёўну! Шчасьце маё, што Яроша тут няма, той бы адразу за сякеру...
Затое Рынгайла павяла сябе інакш. Схіліўшыся над Кандратам і прыкрываючы яго кажухом, ласкава прамовіла:
— Уратавалі. Уратавалі... І толькі дзякуючы табе, адважны ганец. Ляжы цяпер — адпачывай...
Супакоены Кандрат заварушыўся й, раптам пазнаўшы Вітаўта, ірвануўся ўстаць, але бясьсільна абваліўся зноў.
— Прабачэньне, Ваша Высокасьць... не магу... Ад Фёдара, ваяводы Грозаўскага, з Кракава...
— Пачакай! — перабіў Вітаўт. — Адпачывай зараз! Ня час і ня мейсца тут ганцоў выслухваць... Хіба, можа нешта сьпешнае?
— Не, Ваша Высокасьць, сьпешнага нічога няма...
— Ну дык, як у замак вернемся, тады дакладзеш! Кандратам завесься?
— Так, Ваша Высокасьць... Кандрат Тур...
— Добра!
* * *
Па дарозе да замку ў сані да Кандрата падсеў адзін з чаляднікаў Вітаўта і ад няма чаго рабіць падрабязна расказваў пра бег паляваньня. Старанна апісаў усе драбніцы, не забываючы ся ўспомніць і пра сябе.
Пачынала цямнець. Шэры змрок густой заслонай ахутаў пушчу. У чорным бяздоньні неба заіскрыліся зоркі. На небасхіле, апісваючы дугу, скацілася яскравае сьвятло.
— Глянь-ка, добры чалавек, — перарваў сваё апавяданьне чаляднік. — Ці-то душа чыясь вандруе, ці мо' проста чараўніца з паходняй кудысь выбралася? Як ты скажаш?
— А хто ж яго ведае... — буркнуў нехаця Кандрат. — Толькі мне здаецца, што чараўнікі й без паходняў ночай бачаць.
— Чараўнікі бачаць! — умяшаўся возчык, які маўчаў дагэтуль, — але не чараўніцы!
— Як гэта? Якая ж розьніца? — зацікавіўся Кандрат.
— А такая, — вытлумачыў возчык, — што чараўнік сваю душу самому д'яблу прадаў, не да ночы кажучы. А той іўпадобіў яго да сябе і зручнасьць такую даў, каб ночай бачыць. Аз кабетаю дык інакш, бо каму яе душа патрэбная?..
— Ды яшчэ ці мае кабета душу, — дадаў чаляднік. — УПісаньні нідзе таго не сказана!
— І я так кажу, — працягваў вожчык. — Каму яе душа патрэбная, хоць бы й мела яна яе? Дык нячысьцік ёй зручнасьць даў, каб у людзей душу вырывала, ці хітрыкам, ці маною. А каб уночы яна магла бачыць, дык упадобіў яе коткаю перакідацца — інакш не! Вось, калі ёй кудысь далёка патрэбна, ці ў Чорныя Яры, ці на Мёртвы Камень [24], дык коткаю ніяк туды не дабегнеш, вось яна й запальвае паходню, каб відней было. Інакш дык пільнуй: на зорку наткнесься — і кудлы паабпальвае, і мятла пагатоў згарыць. Так!..
Кандрат прамаўчаў, бо цалкам пагадзіўся з гэтым тлумачэнь нем. Вожчык замоўк таксама і, ляніва падхвостваючы каня, захінуўся вялізным каўняром кажуха.
Чаляднік таксама, трохі памаўчаўшы, вярнуўся да апавядань ня аб паляваньні:
— ...Дык як там было? Пачакай... Ага! Зубры... Як, знацца, рынуць, гэтыя зубры! І ўсе як адзін, адзін другога большы, іпроста на гаспадара йдуць. Тут між намі пярэпалах учыніўся, думаем: загіне нашае сонейка, Вітаўт Кейстутавіч. Нават і я сякеру з рук выпусьціў. А ён як зірне наўкола, аж іскры з вачэй пырскаюць, ды як гукне на цэлую пушчу: «Немцаў білі, а гэтых і пагадзе пакладзем!» — і сам дзідаю ў грудзі першага быка ўцэліў, а потым сякераю як гакне, ажно рэха пайшло. Так усю галаву напалам і разьнёс! Чужаземцы потым усе да аднаго хадзілі глядзець на гэтую зубраву галаву. Надзівіцца не маглі— якая сіла ў гаспадара нашага. А адзін зь іх, той вялізны са сьмешным імем, як там яго?.. Маркамэр, ці як, дык ніяк паверыць ня мог, што сам гаспадар так секануў, хаця на свае ж вочы бачыў. Усё абмацоўваў зубра й пальцамі ў чэрап лазіў, ды толькі вохкаў з падзіву. А потым увесь час бажыўся, што яшчэ ў жыцьці ня бачыў такога цёсу.
Чаляднік аж захлынуўся ад радасьці, расказваючы пра адвагу й сілу Вітаўта. Яго вочы зьзялі запалам і ўздымам:
— Ну а як зваліў Вялікі Княжа першага зубра, тады й рэшта паляўнічых духу набраліся. І я йзноў сякеру падхапіў, так і паклалі ўсіх зуброў да астатку, хто сякерай, хто дзідай. Толькі кроў пырскала ды лес стагнаў! Ажно млосьць мяне прабірала... Атут бабы зь віскам ды галасам набеглі. «Князёўну, — галосяць, — ратуйце! Лясун на князёўну напаў!» Ну, думаю, калі лясун, то нічога не парадзіш, ня жыць ужо небарачцы, і ну хрысьціцца й лямантаваць. Гляджу, і рэшта конюхаў ды чаляднікаў хрысьцяцца ды за ўпакой моляцца, аж сьлёзы льлюцца. Шкада князёўну, добрая была, ласкавая. Але хто паадважней ды паздагадлівей, за зброю ўхапіліся ды, завярнуўшы кабетаў галасьлівых, бегма ў лес пусьціліся...
Тут чаляднік замоўк і, трохі падумаўшы, запытаў:
— Дык гэта, знацца, ты, добры чалавек, нашу князёўну ад лесуна ўратаваў?
— Ад мядзьведзя, — паправіў Кандрат. — Так Богу было патрэбна!
Возчык высунуў галаву з кажуха й з дакорам у голасе прамовіў:
— Вось кажаш «ад мядзьведзя» і нават паспрачацца гатовы, а сам нічога не разумееш, і ў нашых мейсцах ты зусім новы чалавек, таму й ня ведаеш, якія выбрыкі нячысьцік выкідае, ды яшчэ падвечар. Ненадарма чараўніца на Мёртвы Камень паляцела, няйначай вестку панесла. Ты вось заўтра лепей выспаведайся ды бацюхну ўсё добра распавядзі, што там у лесе здарылася, бо, не да ночы кажучы, якое й ліха табе яшчэ прычыніцца.
Кандрат задумаўся над гэтай парадай. Без сумневу, трэба яе выканаць, але ці ўдасца, і ён ціха прамовіў:
— Правідлова кажаш, але ж заўтра ад'яжджаць мушу...
— Нават і ня думай! — запярэчыў чаляднік. — Ня пусьцяць!
Некаторы час ехалі моўчкі, потым чаляднік ізноў загаварыў:
— Шчасьлівы ты чалавек! Не забудзе князёўна гэтага, аж пакуль жыць будзе. Вось мне, дык ніколі не пашчасьціць, заўсёды як што якое, дык перапалохаюся й ня ведаю, што рабіць. Мая бабка кажа, што замова на мяне накладзеная, ад таго й шчасьця ня маю. Слова трэба даведацца, тады сыйдуць чары...
Кандрат нічога не адказаў. Углядаючыся ў чорнае неба, ён думаў пра ваяводу Фёдара, якому ня церпіцца вырвацца з Кракава...
Раніцай, выспаведаўшыся й прычасьціўшыся, Кандрат зьявіўся да Вялікага Князя з дакладам. Гуд у галаве сьціхнуў, і толькі моцна балела правая скронь, пасінелая ды апухлая.
Узяўшы ліст ад ваяводы Фёдара й выслухаўшы вусны даклад, Вітаўт адправіў Кандрата ды ў роздуме закрочыў па пакоі. Весткі былі важныя, хаця амаль зусім не тычыліся таго пытаньня, у сувязі зь якім Фёдар ад'ехаў у Кракаў. Вітаўт выклікаў да сябе князя Жыгімонта Карыбута й доўга радзіўся зь ім. Толькі падвечар паведаміў Кандрату, што ад'езд яго адкладзены на цэлы тыдзень.
— Ваша Высокасьць! — не ўтрымаўся Кандрат. — Дазвольце раней ад'ехаць. Хутка вясна пачнецца, дарогі размокнуць, не дабяруся я тады да Кракава аж да лета. Шкада ваяводу... Зьнемагае ён там! Загадваў пасьпяшацца...
— Няхай патоміцца. Чым даўжэй там праседзіць, тым мацней свой Край любіць будзе. Ідзі! І не журыся. Адпачынку сам патрабуеш.
Сумна пацягнуліся дні. Кандрат не знаходзіў сабе мейсца — надта моцна прывязаўся ён за гэты час да ваяводы, да Кірыма, сумаваў за Васілём Капыльскім, які няведама дзе падзеўся, пусьціўшыся ў пагоню за апрышкамі.
Князёўна Рынгайла асыпала ласкамі свайго ратаўніка. Падаравала яму маладога жарэбчыка з гаспадарскіх стайняў, моцны панцыр з набедранікамі, багаты плашч з прышытай рысінай скурай ды залаты ланцуг з бляхаю, на якой перагародчастай эмаляй была вымаляваная Пагоня. Але Кандрат ня надта цешыўся, а зь нецярпеньнем чакаў дня ад'езду, з трывогай прыглядаючыся да таго, як вільгатнее й асядае сьнег.
Да Вялікага Князя ў гэтыя дні дзень і ноч прыяжджалі пасланцы з усіх куткоў Літвы й суседняй Жамойці. Кандрат із сумам праваджаў вачамі ганцоў, што ад'яжджалі. Шчасьліўцы — іх не трымалі так доўга... Але не дарма высядзеў тут Кандрат, шмат чаго цікавага й хвалюючага даведаўся ён, пакуль знаходзіўся так блізка ад гаспадара.
Варкула, не дачакаўшыся брата, выехаў з дазволу Вітаўта на пошукі. Адабраўшы з абсады Ляснога замку два тузіны адважнейшых вояў, ён зьнік уночы ў невядомым кірунку...
17. НА РАДЗІМУ
Сустрэўшыся яшчэ раз з каралём, ваявода Фёдар дастаў ад яго грамату да Гаспадара Вялікага Князя: «Яго Каралеўская Мосьць жадалі асабіста спаткацца з Гаспадаром Літоўскім».
У паветры пахла вільгацьцю й вясной. Доўгія ледзякі са звонам адрываліся ад мокрых падстрэшшаў. Праз брудны сьнег пачаў мейсцамі паказвацца брук кракаўскіх вуліц. Сонца штодня падымалася ўсё вышэй і вышэй. На касьцельных прыступках зкожным днём зьяўлялася ўсё болей і болей жабракоў. Зьбіўшыся ў купу, яны з набрыдлівым галашэньнем выстаўлялі напаказ свае брудныя й агідныя язвы, скулы, струпы. У далечыні маўкліва іскрыўся хрыбет Карпатаў, абвіты ў падножжы цёмнымі садамі й пералескамі...
Фёдар спыніў каня й з радасьцю азірнуўся на нялюбае места-гняздо хітрага й падступнага павука ў залатой кароне.
Нарэшце! Нарэшце яму далі дазвол пакінуць змрочныя муры Вавэля й уздыхнуць поўнымі грудзьмі вольнага ветрыку.
З узгорку адкрыўся від на мнагалюдны Кракаў зь яго вежамі, касьцёламі ды вузкімі й цеснымі вулкамі. У другі бок распасьцерліся бяскрайнія лясы, утыканыя там і сям кляштарамі, замкамі й маёнткамі. На паўночны ўсход глядзеў зараз ваявода. На Радзіму рвалася ўся яго істота, а сэрца прагнула завітаць уадзін куток гэтай дарагой Радзімы — у Слуцак. Там, у Слуцку, скрыжоўваліся дарогі ягоных стараньняў, мараў і надзеяў. Там была яна — найдаражэйшая, каханая Марыля.
Але... Спатканьне зь ёю, гэтую салодкую прывабную сустрэчу, прыйдзецца адкласьці, бо доўг і гонар драба вымагаюць хутка й безадкладна зьявіцца перад вочы Вялікага Князя.
— Як давяду да канца гэтае пасольства, — прашаптаў Фёдар, пускаючы каня наўскач, — адразу ж паеду ў Слуцак і пашлю да Марылі сватоў... А там будзь што будзе...
Мяккі ветрык ласкава варушыў пёры на шоламе й пасмачку валасоў, што выбілася на лоб. Уніз, уніз з узгорка гульліва скача конь, і радасна б'ецца сэрца ваяводы: на Радзіму!..
Ня менш за ваяводу радуюцца павароту на Радзіму воі яго пошту. Два дзясяткі ўзброеных коньнікаў з прыемнасьцю падганяюць коняў. Уперадзе раскінулася найвесялейшая дарога...
Нават Кірым не хавае радасьці. Ён, падхвостваючы свайго Гнядка, крывіць сьмешна твар, перадражняючы кракаўскіх купцоў, мніхаў, мяшчан. Але болей за ўсё дастаецца на долю каралеўскага харунжага Ежага з Чэрвіц. Надзьмуўшыся, як індык, ды прымружыўшы й без таго вузкія вочы, Кірым бубніць:
— Мая, яго мосьць харужая! Хрысьціць твой з сабачы вера трэба буду... — а потым, прыбраўшы ваяўнічы выгляд, голасам Пашкевіча крычыць: — Харужая, скончыў? Апсік, сабачы кроў, з маі вочы!..
Слухаючы яго лапатню, воі рагочуць. Усьміхаецца й Фёдар, успамінаючы пыхлівую міну харунжага.
Дарога цягнецца ўздоўж Віслы па шырокай прыгожай раўніне. Рака яшчэ не кранулася, але лёд пачаў ужо ўзьнімацца. Вось-вось пачнецца крыгалом.
Праз тры дні язды коньнікі сышлі зь сёдлаў у Любліне. Тут у карчме Фёдар спаткаў камандора Куно фон Ліхтэнштайна. Камандору спадарожнічалі барон Дытэнгаймэр-Чорны і рыцар Газэндорф. Фёдар адразу пазнаў гэтага хітрага крыжака, але зводзіць старыя парахункі тут было ня мейсца. Пазнаў і Куно Фёдара, прыгадаўшы разьвітаньне над Нёманам. Там калісь ваявода Фёдар адводзіў літоўскія дружыны зь некаторых заходніх замкаў Жамойці. Вітаўт аддаваў іх крыжакам, каб заручыцца нэйтральнасьцю ордэну на час, патрэбны для спыненьня мангольскага ціску на поўдні. Жамойцкі князь Скірвойла тады пратэставаў, пагражаў, прасіў і нават плакаў. Аднак Вітаўт паставіў на сваім, і замкі перайшлі крыжакам. Ліхтэнштайн прымаў і расстаўляў залогі. Пры разьвітаньні зь Фёдарам уапошнім замку, на беразе Нёмана, ён з усьмешкай прамовіў:
— Жамойцкія князі льлюць сьлёзы, як дзеці, а літоўскія будуць плакаць крывёю... як прыйдзе на тое час!
Фёдар адразу ж ухапіўся за меч і выклікаў нахабніка, але Ліхтэнштайн супакойна прамовіў, зьвяртаючыся да рыцараў, што стаялі вакол яго:
— У гэтага літоўскага ваяводы дзіцячы розум. Яму ня войскам кіраваць, а на печы мух біць. Ён, бядак, зусім забыўся, для чаго й чаму Вітаўт паслаў яго сюды. Ён зусім забыўся, для чаго й чаму гэтыя замкі пераходзяць да нас. І, напэўна, зусім ня ведае, што, выклікаючы мяне, камандора Ліхтэнштайна, ён наносіць абразу цэламу Ордэну Сьвятога Крыжа, бо ж нам, сьціплым манахам, паядынкі сурова забароненыя [25]. Але, калі я не памыляюся, ваявода Грозаўскі ўсё гэта ведае й памятае і ўсё ж настойвае на паядынку, то я — заклікаю Бога й вас, дарагія браты, у сьведкі й прымаю выклік. Рукавіцу я не падыму й агалю свой меч толькі як сродак абароны! — вочы крыжака сьвяціліся задавальненьнем і радасьцю. Ён добра ведаў, што Фёдар паслухаецца голасу розуму, нягледзячы на ўсе абразы.
Так яно й сталася. Фёдар высілкам волі адарваў руку ад дзяржальна мяча й прыглушана адказаў:
— Так! Сапраўды я забыўся, бо словы твае, Куно Ліхтэнштайн, як атрута гадзюкі, могуць затуманіць розум кожнаму сумленнаму чалавеку... Але памятай, Куно, што спатканьне гэтае не апошняе! У другі раз ты ня выкруцісься так латва!..
Немцы тады выбухнулі рогатам. Літоўцы моўчкі пакінулі замак, ад гневу кусаючы вусны... Жалезная рукавіца Фёдара самотна засталася ляжаць на сярэдзіне замкавага пляцу, як грозны напамін. Куно загадаў прыкаціць на пляц вялізарны камень і на яго пакласьці рукавіцу: ён спадзяваўся, што яшчэ прыйдзе адпаведны час, калі можна будзе вярнуць яе Фёдару — на канцы дзіды [26].
І вось цяпер ізноў той самы Ліхтэнштайн, як заўсёды нахабны й усьмехнены. І зноў немагчыма спагнаць на ім злосьць: абодва — паслы і абодва ў чужой краіне.
— Маё ўшанаваньне! — прывітаўся Ліхтэнштайн. — Вось мы й спаткаліся зноў...
— Спадзяюся, не ў апошні раз! — адказаў Фёдар. — Думаю, што іншым разам спаткаемся на вузейшай дарожцы...
— Так, так! — падхапіў у тон Ліхтэнштайн. — Каб не было як разьмінуцца!
Фёдар больш нічога не адказаў. Моўчкі падышоў да стала й замовіў карчмару падсілак для сябе й сваіх людзей.
Крыжакі, ужо адпачнуўшы, выбіраліся ў дарогу, на Кракаў.
Знадворку данёсься іх гучны рогат. Фёдар здагадаўся, што гэта Ліхтэнштайн распавядае аб здарэньні ў Жамойці. Кроў закіпела ў грудзёх Фёдара, рукі самі пачалі шукаць зброю, аднак стрымаўся, навучаны горкім досьведам. Ведаў, што й тут Ліхтэнштайн выкруціцца. Лепей пачакаць...
Пачулася тупаценьне коней, і за мутным сьлюдзяным вакном прамільгнуў чырвоны герб Ліхтэнштайна, за ім чорна-белы Дытэнгаймэра й жоўты Газэндорфа. Некалькі ўзброеных служкаў ордэну маўкліва выехалі ўсьлед.
Ваявода Фёдар пераначаваў у Любліне і зь першым сьвятлом выехаў на Берасьцейскі гасьцінец. Адпачылыя коні йшлі лёгка, умінаючы за адзін перагон вялізарныя кавалкі дарогі, іпраз два дні аддзел з радасьцю ўехаў у браму Берасьця. Як толькі харугва ваяводы Грозаўскага паказалася на вуліцы з-за цытадэльных муроў, з карчмы «Залаты рог», што была побач іх, выйшаў чалавек, апрануты ў скураную паддзёўку ды зь лёгкім мячом пры баку. На выгляд ён нагадваў літоўскага шляхцюка ззасьценку [27], якія якраз у той час пачалі паўставаць уБеларусі пасьля прыняцьця Ягайлам польскае кароны. Быў гэта Лазінскі. Ён уважна прыгледзеўся да ваяводы і, зь цяжкасьцю пералічыўшы пошт, узмахнуў рукой. Зараз жа з суседняга двара яму падалі асядланага каня. Лазінскі лёгка ўскочыў у сядло, сьвіснуў бізуном і пусьціў галопам каня на бакавую вулачку.
Фёдар тым часам пад'ехаў да дому Берасьцейскага пасадніка [28]. Сам стары пасаднік выйшаў сустракаць госьця.
— Ну як справіўся, сынку? — пацікавіўся ён. — Чым парадуеш?
— Няма чым пахваліцца, — адказаў Фёдар. — Пацяшальнага амаль нічога няма, а й сумнага таксама.
— Так, так... Кароль — ён заўзяты! Цяжка зь ім зладзіць, але й саступаць яму нельга, з ног саб'е. Ну ды ліха зь ім, ты, сынку, разьмяшчайся як удома. Адпачнеш з дарогі дзянькоў колькі, а там і далей рушыш...
— Не, не! Заўтра ледзь сьвятло — у дарогу. Сьпяшаюся.
— А як жа гасьцяваць?.. Пачакай! Ніяк і напраўду заўтра ад'едзеш? — скрыўдзіўся стары. — Можа такі пабудзеш? Рады я цябе бачыць...
— Неяк іншым разам. Весткі сьпешныя, а пакуль да Полацка дабяруся, то дарогі гатоў і размокнуць.
— У Полацак табе няма чаго ехаць! — з крыўдай у голасе прамовіў пасаднік. — Гаспадар Вялікі Князь у Троках, туды й табе шлях трымаць! Бачу, як сьпяшаесься, калі ў Полацак ірвесься... Напэўна, да Келябавічанкі?..
Раніцай пасаднік Берасьцейскі правёў Фёдара за гарадзкія заставы й, моцна паціскаючы яму руку, прамовіў:
— Сьцеражыся, сынку, як праз пушчу будзеш праяжджаць. Апрышкі завяліся. Людзей рануюць, жанчын гвалцяць, вёскі паляць. Хто супраціў ім чыніць — жыўцом пад лёд пускаюць. Ініяк не злавіць праклятых... Пачакай! Я — стары дурань — не падумаў пра гэта адразу, можна ж конную сотню прыставіць да цябе для бясьпекі. Але ты ўчора скрыўдзіў мяне моцна, а я й забыўся...
— Ня трэба! — усьміхнуўся Фёдар. — Я не баюся. У мяне свае малайцы як на падбор, любому супраціў паставяць! — І ён акінуў ласкавым паглядам сваіх вояў.
— Эх, сынку... — уздыхнуў стары пасаднік. — Дарэмна адмаўляесься, у іх сіла. Людзі кажуць, каля сотні будзе. А не давядзі Гасподзь, што станецца з табою, дык не прабачу я сабе ніколі. Да сьмерці пакутаваць буду. Ды й Вітаўт Кейстутавіч не прабачыць, строгі ён... А, можа, сапраўды клікнуць хоць паўсотні?.. Пачакай! Нядоўга затрымаесься, а ўсё бясьпечней будзе!
— Ня трэба! Дзякую за гасьціннасьць і клопаты.
— Ведаю цябе, Фёдар, яшчэ з калыскі. Заўсёды ты быў такі ўпарты — як вырашыў, так і павінна быць. Дарма мяне старога ня слухаеш, дабра табе жадаю! Калісь зь нябожчыкам бацькам тваім, валадарства яму нябеснае, разам у бітву хадзілі, разам спалі, елі, адным плашчом прыкрываліся, як браты былі... Паслухайся, Фёдар, каб не шкадаваць потым, ня каяцца!
Аднак Фёдар адмовіўся зноў. Махнуўшы на разьвітаньне рукой, прышпорыў каня й пусьціўся наўскач да лесу.
Стары пасаднік усьлед перахрысьціў яго й пасьпяшаўся назад дадому з моцным намерам выслаць наўздагон узброены аддзел.
Глуха шапоча гушчар. Дудніць набітая дарога пад капытамі, грукоча зброя, трапечуцца плашчы й сьцяжкі на дзідах. Фёдар поўнымі грудзямі ўдыхае мяккае вільготнае паветра. Як радасна вось так скакаць па роднай зямельцы, дыхаць і ўпівацца родным вясёлым ветрыкам, любавацца суровым хараством роднага краю. Здаецца, і нядоўга прыйшлося прабыць на чужыне, аднак моцна засумавала душа за чароўнымі краявідамі Бацькаўшчыны. Прастор і прывольле хмелем напаўняюць галаву маладога ваяводы. Вобраз каханае дзяўчыны салодкім марывам стаіць перад вачыма. Хутка вясна. Зямля ўкрываецца зелянінаю. Прачнецца заснулая пушча й напоўніцца клапатлівымі, таямнічымі гукамі ды шорахамі. Але ў сэрцы Фёдара ўжо вясна, яно ўзбуджана б'ецца ў грудзях, нібы стараючыся вырвацца з-пад сталёвага панцыра й птушкай ляцець, ляцець...
— Ану, песьню! — абарочваецца ён на скаку. — Павесялей!
Коні пераходзяць на рысь. Расчырванелыя воі ўсьміхаюц ца. Некаторы час едуць моўчкі. І вось, нарэшце, бы прабуючы голас, нясьмела запяваюць. Чуецца знаёмы, але прызабыты Фёдарам напеў. Коні, падпарадкуючыся такту мэлёдыі, зладжана адбіваюць дробат на дарозе.
Песьня мацнее. Набірае сілу. Адгалосак разносіць яе далёка па пушчы:
...Ой падносіць дзеўчынаШырокім разьлівам расьцякаецца над пушчай удалая песьня. Магутны напеў хваляй узьнімаецца насустрач ранішняму сонцу. Звонкія галасы бурлівымі пералівамі перакатваюцца над засьнежанымі абшарамі.
Коні йдуць лёгка й упэўнена. Мільгаюць прасекі, паляны, масткі. Бясконцая дарога, мудрагеліста выгінаючыся, вядзе на поўнач.
Фёдар з задавальненьнем прыслухоўваецца да песьні. А яна грыміць і трапечацца, зьзяючы гераічнымі прыгодамі, — песьня адвагі, славы, каханьня й радасьці.
Кірым аж рот раскрыў, увесь ў слых ператварыўся. Мейсцамі ён аж прыцмоквае языком ад захапленьня і падскоквае ўсядле:
— О-о-о! Ай-яй песьня! Што за песьня! — ускрыквае ён і здымае шолам, каб ясьней было чуваць.
...Вернесься са славаю,Ніколі яшчэ Кірым ня чуў такога сьпеву. Ні ў сябе на бацькаўшчыне, ні ў Маскоўшчыне. Нідзе не сьпявалі так удала й прыгожа. Ён з захапленьнем паўтарае:
— Князь зваць буду! — і ўзмахвае рукамі. Шолам высьлізгаецца з пальцаў і з глухім звонам падае на дарогу. Кірым зпраклёнамі спыняе свайго Гнядка й пасьпешна саскоквае зь сядла. Воі зь песьняй на вуснах, усьміхаючыся, скачуць міма. Адзін зь іх гукае:
— Пасьпяшайся, Кірым! Бо не здагоніш аж да Трокаў!
— Такі, як ты, не далёка даганяй, — бурчыць угневаны Кірым і паддае нагой па шоламе. Той адкаціўся на некалькі крокаў убок ды, грукнуўшы на выбаю, падскочыў і адляцеў у мяккі прыдарожны сьнег.
— Каб ты, сабачы кроў, век так скакаў! — шыпіць Кірым, выграбаючы яго адтуль дзідай.
...Сват шаноўны ўвойдзе,Песьня раптоўна змоўкла. Пачуліся крыкі, звон зброі, енкі, іржаньне. Кірым пасьпешна насунуў на галаву поўны мокрага сьнегу шолам і азірнуўся. Ні ваяводы, ні аддзелу ня бачна — схаваліся за паваротам дарогі. Адтуль даносіліся крыкі й валтузьня. Кірым коткай ускочыў у сядло й, прыціснуўшыся да грывы, галопам пусьціўся на галас. Увесь ён трапятаў, прадчуваючы бяду.
Вось ён і паварот. На поўным скаку Кірым асадзіў каня. Яго вачам адкрылася жудаснае відовішча: ад аддзелу ваяводы не засталося нічога, акрамя пасечаных і акрываўленых трупаў. Дарога ўперадзе аж роілася ад узброеных людзей, якія пасьпешна сьцягвалі вопратку й зброю з забітых. Самога ваяводы Фёдара нідзе ня бачна...
Жах і адчай на момант апанавалі Кірыма. Што рабіць? Кінуцца на рабаўнікоў? Паспрабаваць неспадзяваным нападам успалашыць іх? Так! Толькі так! Але... нейкая невядомая сіла ўтрымала яго на мейсцы, не даючы ў роспачы кінуцца на апрышак і гэтым падзяліць сумны лёс сваіх спадарожнікаў. І гэтая ж сіла не дала завярнуць каня й скакаць у Берасьце па падмогу.
Нарэшце, авалодаўшы сабой, Кірым асьцярожна зьехаў убок з дарогі і, схаваўшыся ў кустах, пачаў уважней прыглядацца да рабаўнікоў. На іх шчытах і дзідах няма ніякіх гербаў ці адзнакаў, па якіх можна было б вызначыць іхную прыналежнасьць. Апрышкі! Аднак увага Кірыма спынілася на адным з нападнікаў — горда ўзяўшыся ў бокі, ён сядзеў на белым кані. Узбраеньне яго рэзка выдзялялася паміж іншых. Быў гэта чалавек ужо ў гадах, моцны й здаровы. Пасівелыя вусы зьвісалі аж да самага падбародзьдзя. Добры рыцарскі панцыр з набедранікамі, доўгі двуручны меч, залаты ланцуг на шыі... Усё гэта здалося Кірыму знаёмым, але прыпомніць, дзе яго бачыў, ніяк ня мог, хаця напружваў усю сваю памяць. Коньнік гэты яўна быў тут галоўным, бо ягоны голас гучэў моцна й загадна:
— Хутка! Хутка, пся маць!.. Нават абдзерці ня ўмееце, быдлё! — крычэў ён, памахваючы цяжкім бізуном.
Нецярпеньне й насьцярожанасьць не давалі яму супакою. Нарэшце, ня вытрымаўшы, загадаў:
— Досыць, пся маць! Язда!
Апрышкі нехаця, але паслухмяна, адступіліся ад сваіх ахвяраў. Узваліўшы здабычу на плечы, рушылі за коньнікамі па прасецы ў глыб лесу.
Тут толькі Кірым заўважыў яшчэ аднаго каня, пакрытага грубай посьцілкай. Праз посьцілку абазначалася чалавечая постаць, перакінутая цераз сядло. Няцяжка было здагадацца, хто быў гэты палонны, і Кірым адчуў, як нэрвовыя дрыжыкі прабеглі па сьпіне.
— Што ж рабіць? Ці жывы хаця ваявода? — падумаў у роспачы Кірым. — Як яму дапамагчы, калі жывы?
Але адзін супраць цэлае банды не парадзіш. Застаецца толькі прасачыць, куды апрышкі павязуць ваяводу, і, паклаўшыся на лёс, чакаць зручнага моманту. Але галоўнае — не прапусьціць Кандрата, як ён будзе варочацца ў Кракаў. Так Кірым і зрабіў. Паціху, на вялікай адлегласьці ён падаўся ўсьлед за бандай.
У глыбіні лесу апрышак чакаў канавод з асядланымі коньмі...
* * *
Аддзел, высланы Берасьцейскім пасаднікам, знайшоў на дарозе ўжо скарчанелыя трупы людзей і коней. Воі распазналі забітых і моўчкі паскідалі шоламы. Але ўсіх зьдзівіла, што паміж забітых няма ні ваяводы, ні татарына.
— Напэўна, жыўцом узялі... — прамовіў малады сотнік. — Трэба хутчэй у Берасьце, ды дакласьці пасадніку. Вось бяда...
Зусім уночы празь Берасьцейскія заставы сумна вяртаўся аддзел, везучы захутаных у плашчы пасечаных спадарожнікаў Фёдара...
18. ГНЕЎ УЛЕГСЯ
Чырванаватым сьвятлом залівае ранішняе сонца замкавыя муры. Сьвежым земляным апарам дыхае паўднёвы вецер.
Ваявода Станіслаў моцна пацягнуўся на ложку й прыўзьняўся на локаць. Узяў кубак віна і, зрабіўшы са смакам вялікі каўток, прамовіў:
— Ну, сёньня паспрабую сесьці ў сядло.
Ваявода патрошку ўстаў і, не выклікаючы нікога на дапамогу, апрануўся. Убраньне яго было даволі багатае й прыгожае: мяккія чырвоныя боцікі-выцяжкі зь нізкімі халяўкамі, аксамітныя порткі ў шырокую блакітна-чырвоную палоску, што прыгожа аблягалі ягоныя мускулістыя ногі, сьветла-зялёная скураная паддзёўка з шырокім зубчастым каўняром і такімі ж рукавамі і белая ядвабная сарочка з шырокімі прарэзнымі рукавамі ды чырвоным шнурком з «фрэндзлямі» на грудзях.
Прайшоўшыся раз-другі па пакоі, ваявода падперазаўся рыцарскім пасам, прышпіліў меч і падняў з услону цяжкі панцырны нагруднік.
— Бач, сілішча! — прамармытаў ён, разглядаючы няроўную дзірку ў нагрудніку. — Мала бракавала, каб зусім дух зь мяне выпусьціць... Шчасьце, што яшчэ дзьвюма толькі рабрынамі абышлося!
Накінуўшы на плечы плашч, Станіслаў выйшаў на замкавы пляц і ўзышоў на мур. Ранішні халадок прыемна казытаў ноздры й пашчыпваў шчокі. Ваявода абапёрся аб забарола [29] й, мружачыся ад сонца, абвёў вачамі ранішні Слуцак: хаты, цэрквы, рынак, абаронныя муры й валы... Прыціхлы гнеў з новай сілай заклекатаў у грудзях.
— Пракляцьце! — ускрыкнуў ён, шалёна сьціскаючы ручку мяча. — Амаль цэлы месяц давялося праляжаць у гэтым балотным логаве і ўсё з-за нейкага ўзброенага хама. — Ваявода аж скрыгатаў зубамі, і ня дзіва — ён ніяк ня мог сабе прабачыць тое, што даўся непасаванаму вою выбіць сябе зь сядла. Звычайнаму хаму ў кажуху! Ушчымлены гонар мучыў і катаваў — яшчэ болей, чым пераламаныя рабрыны й разадраны бок.
Са сваіх спадарожнікаў ён нікога не хацеў бачыць і, нават выпраўляючы ганца ў Берасьце да Януша, перадаў загад праз старога Бая. Аб Крэве нават не мармытнуў, каб у Слуцку ня ведалі, з кім маюць дачыненьне.
Бедны ксёндз Карафа цэлыя дні й ночы праводзіў у суседнім пакоі, молячы Збавіцеля, каб зьлітаваўся й паслаў супакаеньне разьюшанаму пану. Аднак нябесныя сілы ня ўмешваліся, і Станіслаў заставаўся ўсё такі ж змрочны й недаступны. Карафа, будучы доўгі час прыдворным духоўнікам ваяводы, моцна верыў у прыхільнасьць неба да свайго пана. Бо амаль не было таго дня, каб Станіслаў ня меў прыгоды небясьпечнай, адважнай і крывавай, але заўсёды выходзіў зь яе пераможцам. І гэта ўзмацняла веру ксяндза ў яго шчасьлівую зорку. Толькі адзін раз за ўвесь час Фартуна [30] здрадзіла свайму ўлюбёнцу. Памятае Карафа той жудасны вечар, калі перапалоханы вартаўнік, трапечучы як у ліхаманцы, далажыў Станіславу, што Вітаўт уцёк з Крэўскага падзямельля. Што тады рабілася... Жудасна й успомніць. Варту перавешалі, гараднічаму адсяклі галаву, палову замкавай службы закатавалі ў тых самых падзямельлях, а рэшту сяклі бізунамі да непрытомнасьці. Станіслаў тады пырскаў шумавіньнем і крывёй, нікога не падпускаў і блізка да сябе...
Так і зараз, толькі стары Бай ды Марыля маглі заходзіць уягоныя пакоі. Стары князь зь першага пагляду неўзьлюбіў паляка й таму зусім не цікавіўся яго здароўем ды як бы не заўважаў яго прысутнасьці ў замку.
Затое Марыля прыкладала ўсё сваё ўменьне й стараньне, каб найхутчэй і як найлепей вылекаваць параненага. Яна карміла яго, умывала, змазвала й перавязвала яму рану.
Станіслаў з удзячнасьцю прымаў яе клопаты, а даведаўшы ся аб яе каханьні, абяцаў па прыезьдзе ў Кракаў пабачыць ваяводу Фёдара й дапамагчы яму ў яго місіі. І нават, жартуючы, паабяцаў прыехаць на вясельле — «калі будзем жывы й здаровы».
Надта чыстая была ў Марылі душа, і надта моцным і чыстым было яе каханьне, каб яна магла западозрыць якое-небудзь ашуканства ў словах параненага.
Аднак Бай думаў іначай, хаця нічога не казаў, і Станіслаў аб гэтым здагадаўся, таму з такой уцехай і нецярпеньнем чакаў першае пробы верхавой язды.
Замкавы двор паступова ажываў, напаўняючыся штодзённым клапатлівым тупаценьнем, рыпам і гоманам.
Станіслаў маўкліва ўглядаўся ў блакітную далячынь, што адкрывалася з вышыні замкавых муроў. Нянавісьцю палаў яго зоркі пагляд, і таямніча варушыліся вусны...
Ззаду пачуліся нерашучыя, баязьлівыя крокі. Ваявода распазнаў хаду ксяндза Карафы й нэрвова прыкусіў ніжнюю губу.
Не даходзячы колькі крокаў, ксёндз спыніўся й прыцішана кашлянуў.
— Ну?.. Што трэба? — не паварочваючыся, запытаў Станіслаў.
— Сыне мой, — пакорна пачаў Карафа, — ня будзь на тое паважнай прычыны, я ніколі не патрывожыў бы вашага так патрэбнага адпачынку... Але сёньня ўночы прыехаў ганец ад Януша з...
— Зь Берасьця? — ускрыкнуў, хуценька павярнуўшыся, Станіслаў. — Дзе ён?
— Адпачывае, сыне мой. Кажа, што скакаў усю дарогу без адпачынку, двох коней насьмерць загнаў... Не адважыліся мы сон ваш трывожыць... ды пабаяліся, каб тутэйшыя, барані Госпадзі, чаго не падумалі...
— Што ён прывёз? Якія весткі? Хто ён такі? Ці сам прыехаў?
— На выгляд шляхціц. Нічога не захацеў казаць. Кажа, што пан Януш загадаў перадаць самаму ваяводу, а прыехаў сам, адзін...
— Зараз жа яго да мяне! — перабіў Станіслаў і рушыў у пакоі. Сэрца яго моцна закалацілася. Карафа ледзь за ім пасьпяваў.
— Дык, кажаш, сам прыехаў?
— Здаецца, сам... — пачуўся нерашучы адказ.
Ваявода нахмурыўся й прыбавіў кроку. Ксёндз адстаў трохі, а потым падабраўшы крысы доўгае сутаны, пусьціўся прыбежкам да грыдніцы [31], дзе спаў ганец.
Станіслаў прыняў ганца ласкава, але насьцярожана. Быў гэта моцны мужчына ў скураной паддзёўцы, з-пад якой цьмяна паблісквала кальчуга; доўгія валасы замацаваныя праз лоб скураным паскам (так, як гэта робяць сяляне), але наагул меў выгляд незаможнага шляхціца. Узбраеньне меў простае й лёгкае — невялікі меч і тонкі доўгі кінжал, накшталт мізэрыкордыі.
— Хай будзе пахвалёны Езус Хрыстус! — прывітаўся ён, аддаючы нізкі й пачцівы паклон.
— На вякі вечныя! — ласкава адказаў ваявода.
— Амэн! — пацьвердзіў Карафа.
— Хто такі будзеш? — адразу прыступіў да справы Станіслаў.
— Шляхціц Лазінскі. Гараднічы Камянецкага замку і верны халоп Яго Каралеўскае Мосьці ды яснавяльможнага пана ваяводы!
— Ага! Гэта, значыцца, ты й ёсьць той самы Лазінскі? Добра! Вельмі добра.
Па тоне й захаваньні Лазінскага Станіслаў адразу зразумеў, што весткі ён прывёз суцяшальныя, і таму з палёгкай і задавальненьнем загадаў:
— Ну, пане Лазінскі, расказвай, што маеш ад Януша?
Ганец нерашуча азірнуўся на ксяндза, як бы не адважваючыся расказваць пры ім і гэтым стараючыся падкрэсьліць усю значнасьць прывезеных вестак.
— Нічога! — падбадзёрыў яго Станіслаў. — Няхай паслухае й ён, як трэба выконваць мае загады. І няхай засячэ сабе на лбе! Я ўмею ўзнагароджваць, але ўмею й караць...
— Яснавяльможны пане ваявода, — пачаў ганец, — пан Януш, гэты адважны й строгі рыцар, загадаў перадаць яснавяльможна му пану, што птушка ўжо ў клетцы. Фёдар — ваявода з Грозава— злоўлены й сядзіць пад надзейнай аховай у Турна. Пан Януш пытаецца, што зь ім рабіць. Ці чакаць на прыезд яснавяльмож нага пана, ці мо'... — і ганец выразна правёў рукой каля свайго горла.
Гэта выклікала задаволеную ўсьмешку Станіслава, які адразу ж запытаў:
— А ці ведаеш, пане Лазінскі, што табе будзе, калі Князь Вітаўт даведаецца аб парваньні яго пасла?
— Ведаю, яснавяльможны пане, але не баюся, бо служу найвялікшаму каралю з каралёў, які ня выдасьць сваіх халопаў...
— Ведаеш, то й добра... Але лепей сьцеражыся... Палоннага пакуль не чапайце. Я патрабую пагаварыць зь ім. Але пільнуйце яго! — у вачах Станіслава бліснулі маланкі, ад якіх мурашкі пабеглі па сьпіне Карафы. — Не ўпільнуеце, не наракайце на мяне тады... вось дастойны айцец Карафа ведае...
— Яснавяльможны пан ня мусіць хвалявацца. Мейсца надзейнае й пэўнае. Не ўцячы яму!
— Дык дзе вы яго схавалі?
— У лясах Турнаўскіх...
— Што гэта за Турны? Замак які ці ўмацаваньне?
— Не, яснавяльможны пане, ні тое ні другое. Гэта сядзіба шляхціца аднаго, Нікульскага. Частаколам абведзеная й надзейнымі гайдукамі абсаджаная. У баку ад гасьцінца... Добрае мейсца.
— Не падабаецца мне гэта! — скрывіўся Станіслаў. — Але пагаворым аб гэтым пазьней. Ты што, сам прыехаў?
— Сам, яснавяльможны пане.
— А дзе людзі, што я казаў прыслаць да мяне?
— Неўзабаве будуць. Пан Януш выслаў ганца ў Крэва.
— Добра! А як вы злавілі яго?
— Пятлёй. На шыю пятлю накінулі й зьдзерлі зь сядла...
— А людзі яго, пошт? Ці ня будуць яны шукаць свайго ваяводу?
— Там яны чакаюць на свайго ваяводу, — і Лазінскі набожна падняў вочы ўгару. — Я сам іх прасачыў і пералічыў у Берасьці, а потым на дарозе...
— Добра! — прамовіў Станіслаў. — Ідзі адпачывай ды падрыхтуйся ў дарогу. Заўтра ад'едзеш... Карафа, ідзі таксама, ямушу застацца сам!
Да самага абеду ваявода не выходзіў з пакою й нікога туды не ўпускаў. Па абедзе выйшаў на пляц і заняўся верхавой яздой.
Ксёндз Карафа з задавальненьнем адзначыў, што ягоны пан разважыўся й павесялеў. Значыць, навальніца прайшла, гнеў улегся. Цяпер хоць раз можна будзе спакойна легчы спаць. Згэтай нагоды належыцца «прычасьціцца», што Карафа неадкладна й сумленна выканаў, не забыўшы пры гэтым усхваліць Усявышняга.
Вечарам Станіслаў паклікаў Марылю, падзякаваў ёй за клопаты й паведаміў радасную навіну: ваявода Фёдар ужо выехаў з Кракава ў Літву. Хутка можна спадзявацца на сустрэчу зь ім. Заадно выказаў жаль, што ня можа быць прысутны пры іх сустрэчы, бо не пазьней як праз тыдзень ад'яжджае, але зычыць ёй усяго найлепшага...
Марыля са сьлязьмі на вачах падзякавала й ад радасьці ды шчасьця пацалавала яму руку.
— Фёдар, каханы мой, як я за табою засумавала... — шаптала яна, лежачы ўжо ў ложку й углядаючыся ў цёмную столь. — Ці памятаеш ты пра мяне, мой Фёдар? Ці ўспамінаеш?..
Якраз у гэты момант, лежачы на саломе, з ланцугамі на руках і нагах Фёдар углядаўся ў цёмную столь скляпеньня й думаў пра Марылю...
19. ВОЛЯ ЛЁСУ
Захутаўшыся з галавою ў плашч, зь лесу на Наваградзкую дарогу выехаў коньнік. У залацістых промнях закатнага сонца панура бліснула яго пацямнелая кальчуга. Пры сядле прытарочаны ахапак сена й невялікі худы заяц. Паводзячы плячыма, коньнік яшчэ шчыльней агарнуўся плашчом і азірнуўся ў абодва бакі дарогі. Пахмурую, засьнежаную непрыветнасьць спаткаў яго пагляд.
— Прайшло ўжо тры дні, — прашаптаў ён, — а Кандрата ўсё няма...
Коньнік са злосьцю расьцёр зьмерзлыя рукі й яшчэ раз азірнуўся на дарогу, сьцёбнуў каня. Галодная й стомленая жывёліна нехаця пусьцілася галопам, выбіваючы аднастайны дробат на галаледзіцы.
Даехаўшы да скрыжаваньня дарог, коньнік ізноў азірнуўся, але, нічога не прыкмеціўшы, павярнуў налева да Турнаў. Праскакаўшы так вялікі кавалак дарогі, ён зьехаў на вузенькую сьцежку й, мінуўшы густы зарасьнік, пад'ехаў да абамшэлага пахіленага будынку. Быў гэта пакінуты хлеў, у якім вугальшчыкі трымалі быдла й хавалі ад непагоды перапалены вугаль. Непадалёку высіўся на тры сажні напаўразвалены комін вугальнай печы.
Акінуўшы зоркім паглядам мяйсцовасьць і заспакоіўшыся, коньнік саскочыў зь сядла й рашуча ўвайшоў у хлеў, ведучы каня за сабою. Шчыльна зачыніў браму, прывязаў каня да завалы й звольніў падпругу. Пасьля гэтага спрытна ўзьлез на падстрэшша й, напружваючы зрок, доўга ўглядаўся ў бок Турнаўскага маёнтку, што віднеўся ўдалечыні.
Цемра, паволі насоўваючыся, засланіла й Турна, і лес...
Неахвоча пакінуў ён назіраньне. Мякка, бяз гуку, саскочыў з падстрэшша, падкінуў сена каню й прыняўся гатаваць сабе падсілак. У куце жарка заіскрылася вугольле. Спрытна валодаючы нажом, выпатрашыў зайца й, не зьдзіраючы скуры, густа абмазаў разагрэтай глінай. Даўшы нагарэць попелу, выграб уім ямку й апусьціў туды зайца. Старанна й умела засыпаў ізноў попелам, нанава разьдзьмухаў вугаль і паставіў наверх памятую мядзяную пасудзіну, напоўненую сьнегам, якога не бракавала ў хлеве.
Па ўпэўненых рухах і хуткасьці, зь якой гэты чалавек знаходзіў у цемры патрэбныя рэчы, было бачна, што ўжо ня першую ноч праводзіць ён у гэтым мейсцы...
Першыя пробліскі раніцы засталі яго на падстрэшшы — пільна прыглядаўся да Турнаўскага маёнтку.
Хутка пахаваўшы свае няхітрыя кухонныя прылады й прысыпаўшы вугальным пылам патухлае вогнішча, ён старанна сабраў конскі гной, закапаў яго ў сьнег і зараўняў усе сьляды. Аглядзеўся. Застаўшыся задаволеным сваёй працай, асьцярожна вывеў каня да дарогі, яловай галінай замёў сьляды і ўскочыў усядло. Хутка ён быў ужо на Наваградзкай дарозе.
Так прайшло яшчэ тры дні...
Змагаючыся з холадам і голадам, конь і яздок прыкметна слабелі. Гнядко ўжо ледзь цягаў ногі. А коньнік? Чым цяжэй было пераносіць невыгоды, тым больш упартым і зацятым ён рабіўся, тым пільней сачыў за Наваградзкай дарогай і Турнаўскім маёнткам. Хаваючыся ад выпадковых падарожнікаў, ёнаднак не спускаў зь іх вачэй — бачыў і шляхціцаў, і сялянаў, і конныя вайсковыя аддзелы пад Берасьцейскімі сьцягамі, і багатыя купецкія абозы. Але ніхто зь іх нават і не прыкмеціў самотнага й змучанага коньніка, які нястомна наглядў за рухам на дарозе.
Наступіў сёмы дзень. Уночы пачалася завіруха. Парывісты вецер ганяў хмары сухога калючага сьнегу. Лес рыпеў і трашчаў пад яго моцнымі напорамі, гальлё сьвісцела ды выла, наганяючы тугу й трывогу. У такую непагадзь, як кажуць, і сабаку шкада з хаты выгнаць, аднак упарты коньнік, як і раней, выехаў на сваю варту. Перамагаючы няўстрымныя віхуры, ён памалу пасоўваўся па дарозе, напружана прыслухоўваючыся да напеву завірухі. Дрыжучы ад холаду, ён нецярпліва падганяе каня — можа, хуткая язда хоць троху сагрэе. Аднак не, аслабелы конь ня мог спрачацца зь сілаю ветру, які рэзкімі парывамі амаль валіў з ног бедную жывёліну, а пранікаючы пад плашч, халадзіў кроў у жылах коньніка. Часам яму здавалася, што студзёная рука бязьлітаснае Кастусі хапае яго за горла. З жахам азіраўся наўкола, але, акрамя сьнежных хмараў і пацямнелых акрэсаў лесу, нічога ня бачыў. Адчай і паняверка пачалі паступова авалодваць ім, калі й па абедзе не напаткаў таго, каго чакаў.
Не зважаючы на завіруху, рух на дарозе не паменшаў, і беднаму коньніку даводзілася штораз ад'яжджаць убок і хавацца ўзарасьніках.
Якой жа была яго радасьць, калі нарэшце празь сьнежныя хмары ён прыкмеціў сьцяжкі колераў Случчыны, што трапяталі на коньчыках дзідаў. Не памятаючы сябе ад уцехі й шчасьця, ён выскачыў з зарасьнікаў і кінуўся насустрач тром коньнікам, якія зьявіліся на дарозе. Пярэдні быў у рыцарскім панцыры й з рысінай скурай на плашчы...
— Кандрат!.. Кандрат!.. Саколе ты мой! — закрычэў Кірым, размахваючы шоламам.
Коньнікі ад неспадзеўкі асадзілі коняў і разам апусьцілі дзіды, рыхтуючыся да абароны, бо хадзілі чуткі, што дзесь непадалёку зьявіўся Сыч з хеўраю. Але, распазнаўшы круглы ўзбуджаны твар, яны з трывогай кінуліся насустрач, яшчэ не зусім верачы сваім вачам і вушам.
— Кірым?!. — ускрыкнуў адзін зь іх, нарэшце распазнаў шы сустрэчнага. — Што ты тут робіш?
Кірым тым часам, заліваючыся сьлязьмі шчасьця, кінуўся на шыю зьдзіўленаму й устрывожанаму Кандрату, мала што ня выкульнуўшы таго зь сядла.
— Гэй! Кірым, што з табою?
— Кандрат!.. Кандраце, нарэшце я цябе прычакаў!
— Слухай, Кірым! — раззлаваўся Кандрат. — Кажы, у чым справа! І не душы мяне так, бо па карку дам!
Кірым адразу схамянуўся й, азірнуўшыся на дарогу, гукнуў:
— Хутка! За мною! — і рашуча накіраваўся ў зарасьнік. — Але ціха!..
Коньнікі чарадой пасунуліся за ім, намагаючыся як мага меней шумець.
Нарэшце пасьля доўгай маўклівай язды паказаўся цагляны комін і начлег Кірыма. Кандрат зьдзіўлена азірнуўся й нерашуча запытаў:
— А ваявода тут?..
— Не! Ён там... у маёнтак...
Кандрат дзівіўся ўсё болей і болей:
— То, хіба, і мы давай туды ж, у маёнтак?..
Кірым нічога не адказаў. Рыўком спыніў каня й рэшце загадаў зрабіць тое самае — на сьнезе, перад хлявом чарнелі сьвежыя купы конскага гною...
Сасьлізнуўшы зь сядла й перабягаючы ад куста да куста, Кірым уважна з усіх бакоў агледзеў свой прытулак. Вярнуўшыся да сваіх спадарожнікаў, ён супакоена вымавіў:
— Людзі быў і пайшоў. Нічога не знайшоў.
Разьмясьціўшыся ў хляве й разьдзьмухаўшы агонь, Кірым, перамагаючы радаснае ўсхваляваньне, загаварыў:
— Слухай, Кандрат, бяда! Ваявода там у маёнтак. Можа жывы, можа не, я ня ведаю...
— Дык што ж ты тут робіш, лайдак ты няхрышчаны? — перабіў уражаны Кандрат.
— Цябе, Кандрат, чакаю. Сем дзён і начэй чакаю... Бяда!
— Навошта чакаеш? Чаго сюды прывёў, а не да ваяводы?
— Няможна да ваяводы, схапілі яго...
— Як схапілі? А пошт?..
— Забітыя ўсе... Няма! Ваяводу яны ў маёнтак забраў, а рэшту кінуў на дарозе... Нехта другі потым забраў. А я цябе чакаю, сем дзён ужо. Бяда!
— Хто схапіў? Хто забіў? А ты як уцалеў? Ці мо' на развод пакінулі? — злосна зарычэў Кандрат, хапаючыся за меч.
Кірым трохі памаўчаў, бы зьбіраючыся зь сіламі, і як умеў папарадку расказаў пра ўсё, што здарылася — ад ад'езду з Кракава да іхнай цяперашняй сустрэчы.
Кандрат выслухаў гэтае жудаснае апавяданьне не перабіваючы і доўга сядзеў моўчкі, ня ведаючы, за што ўзяцца. Надта страшным было злачынства.
— Вось каб Васіль Капыльскі быў тут... — нерашуча прамовіў ён, задумліва гледзячы, як тлее вугольле.
— Няма Васіль, нам трэба думаць! — ускочыў Кірым. — Залога ў маёнтку зараз невялікая. Можа трыццаць, а можа й не. Можна варту ўночы з лука паздымаць, а перабраўся за гарод[32]— нажом рэзаць! Ваколіцу я ведаю добра, увесь гарод рукамі абмацаў. Сам адзін хацеў ісьці ваяводу шукаць...
— І пэўную сьмерць знайшоў бы, нічога болей! — перабіў Кандрат. — Тут трэба йначай... Адзін ты рады ня даў бы, не дамо й учатырох! Пугай абуха не пераб'еш! Тут трэба падумаць, моцна падумаць. От бы Васіля сюды...
У гэтую ноч, прыкрываючыся сьнежнай завеяй, дзьве постаці бязгучна перасоўваліся пад высокай сьцяной дубовага частаколу, выслухваючы перагукі вартавых і вымерваючы вышыню сьцяны.
Завея бушавала ўсю ноч, сьпяваючы нудныя песьні на разьвітаньне зіме. Сьнег вялікімі гурбамі перасоўваўся па адкрытых прасторах, завальваючы равы й выбоіны. Каля зарасьнікаў, кустоў і сьцен маёнтку гурбы парасьлі амаль на вышыню самаго частаколу. Але Кандрата гэта мала цешыла, бо суаднясеньне сілаў было аж занадта неспрыяльным. Неспадзяваны напад ніяк ня мог быць удалым і таму адпадаў. Быў яшчэ й другі плян, але і ад яго прыйшлося адмовіцца. Выглядаў ён так: зьвярнуцца па дапамогу да Берасьцейскага пасадніка й, абапіраючыся на сілу, патрабаваць выдачы ваяводы Фёдара. Але тут было болей небясьпекі, чым магчымасьці ўдачы — Фёдара маглі проста ўкінуць у калодзеж ці спаліць і гэтым зьнішчыць усе сьляды злачынства. Чым тады давядзеш, што ён тут быў? Не! Трэба было разьлічваць толькі на собскія сілы й сьпяшацца. Сьпяшацца як мага! Застаецца толькі адно — падпаліць маёнтак і, паклаўшыся на лёс, чакаць зручнага моманту, каб вырваць палоннага. Так і вырашылі.
Наступную ноч правялі ў вышукваньні найболей адпаведных мейсцаў для пусканьня «чырвонага пеўня». З вышыні сьнежных наносаў вачам Кандрата й Кірыма адкрываўся від на шырокі й багаты падворак маёнтку. Бязгучна, як цені, перасоўваючыся з гурбы на гурбу, яны не прапусьцілі ніводнай дробязі, якая магла б прыдацца ў справе... Заўтра...
* * *
Чатыры чалавекі, нізка прыгінаючыся за сьнежнымі наносамі, хутка набліжаліся да Турнаўскага маёнтку. Адзін зь іх цягнуў драбіну, зьвязаную з жордак, другі — скрутак вяроўкі.
Завея заціхла, і лёгкі вільготны ветрык разганяў пахмурыя хмары, час ад часу адкрываючы срэбны серп месяца. Здрадлівыя, няясныя цені, як прывіды, блукалі на цэлым засьнежаным абшары наўкола маёнтку.
Раптам непадалёку нешта хруснула. Зашамацеў, абсыпаючыся, сьнег.
Кандрат і яго сябры прыпалі да гурбы, гатовыя да ўсяго...
Звонкая цішыня парушалася ледзь чутным шорахам вільгатнеючага сьнегу. Далёка ў лесе пачулася конскае ржаньне, у маёнтку брахаў сабака, і зноў панурая цішыня. Можна рухацца далей...
Але раптам хруст паўтарыўся, і на гэты раз болей выразна.
Кірым хутка выхапіў кінжал, узяў яго ў зубы й нячутна папоўз на гук. Кандрат з трывогай назіраў за ім і на ўсякі выпадак падрыхтаваў лук.
Кірым паступова аддаляўся, набліжаючыся да вялізарнай гурбы. Выплыў з-пад хмараў месяц і заліў срабрыстым сьвятлом раўніну. Кірыму здалося, што ўперадзе мільганула людзкая постаць...
Прыўзьняўшыся на локцях, ён напружыў зрок, стараючыся нешта разгледзець у поўнай цемры.
Уперадзе штосьці зашамацела. І зноў цішыня...
Раптам перад самым носам Кірыма уздыбіўся сьнег. На момант ад неспадзеўкі кроў застыла ў жылах, і рука сама выхапіла з зубоў кінжал. Але — высока ўскідаючы заднія ногі й прыціснуўшы вушы, міма праляцеў заяц.
— Ты, крывы шайтан, — абазьліўся Кірым, адплёўваючыся крывёй, — гэтак напалохаў!
Ззаду падпоўз Кандрат.
— Што гэта ў цябе? — шэптам спытаў ён, паказваючы на акрываўлены рот.
— Прымёрз... Кінжал да вуснаў прымёрз.
— Наступным разам кавалак скуры падкладай...
— Добра... Давай далей, людзі тут няма... — прашаптаў Кірым і зноў пасунуўся ўперад, уважна прыслухоўваючыся.
Да маёнтку заставалася зусім недалёка, калі Кірым, які поўз наперадзе, прыпыніўся й, дачакаўшыся Кандрата, ледзь чутна сказаў:
— Кандраце, мне здаецца, мы не сам тут у полі. Тут ёсьць людзі. Шмат людзі...
— Ты што? Баісься? — злосна спытаў Кандрат.
Кірым нічога не адказаў. Гнеўна бліснуўшы вачыма, ён як пацук папоўз па сьнезе, далёка выперадзіўшы сваіх сяброў.
Раптам Кандрат замёр, утаропіўшы пагляд у правае крыло маёнтку. Тое самае сталася й з Кірымам.
У сьвятле выплыўшага месяца выразна было відаць некалькі цёмных постацяў, якія прымацоўвалі драбіну да частаколу. Вартавыя не абзываліся...
Ізноў Кірым затрымаўся, чакаючы сваіх спадарожнікаў.
— Што ж гэта такое? — разгублена прашаптаў падпаўзаю чы Кандрат. — Ці мо' яны таксама ваяводу шукаюць? Але тады хто яны такія? Хіба Берасьцейскія? А мо' апрышкі? Га?..
— Ціха! — абарваў Кірым. — Глянь там, — і ён указаў на левае крыло маёнтку. Там чынілася тое самае, але людзей было шмат болей.
А варта маўчыць... Не абзываюцца й сабакі...
Раптам Кірым нешта надумаў і, ускочыўшы на ногі, гукнуў:
— Гайда! — і, не чакаючы на сяброў, кінуўся да частаколу.
Кандрат, хаця яшчэ не зусім зразумеў ягоны намер, сарваўся зь мейсца й, выхапіўшы меч, стрымгалоў кінуўся сьледам.
У гэты момант усё поле зароілася ад людзей, а ў маёнтку загучэлі крыкі й брэх сабак. Варта праспала...
Кірым у некалькі скачкоў апынуўся каля частаколу і адным махам проста з гурбы ўскочыў на завостраныя палі, а адтуль на памост для залогі.
Вялізарны й цяжка ўзброены Кандрат, правальваючыся па калені ў сьнег, з усіх сілаў сьпяшаўся да сьцяны. Яго сябры не адставалі.
У маёнтку ўдарылі ў звон. Падворак аж закішэў узброенымі людзьмі — гайдукамі й іх чэлядзьдзю. Іх аказалася значна больш, чым думаў Кірым. Чырвонае сьвятло паходняў крывавым бляскам адбілася на сталі панцыраў, шоламаў, мячоў, сякер, галябардаў...
Варта праспала, было ўжо запозна — нападнікі ў многіх мейсцах пералезьлі частакол.
Побач з Кірымам, на памосьце, зьявіўся чалавек у прыгожым рыцарскім панцыры, але бяз шпораў і паса. Размахваючы вялізарнай сякерай, ён адзін кінуўся на падасьпелых гайдукоў і прымусіў іх у страху падацца назад ды прэч з памосту. Сякера са сьвістам узьвівалася ў паветра ды з грукатам крышыла шоламы, панцыры, кальчугі, што трапляліся на ейным шляху.
Зусім неспадзявана над самым вухам Кірыма разьнёсься баявы кліч вялікакняжых дружын:
— Пяру-у-ун! — і на памост саскочыў разьюшаны страшны Кандрат, а за ім два ягоныя спадарожнікі.
Гэты грамавыкрык, так знаёмы й ворагам, і прыяцелям, падзейнічаў застрашальна як на нападнікаў, так і на тых, хто бараніўся. Адны й другія са страхам падаліся ў тыл і апусьцілі зброю...
Кандрат жа, не зважаючы на раптоўнае зацішша, з грукатам і ляскам саскочыў з памосту й, размахваючы мячом, урэзаўся ўсамую гушчу атарапелых гайдукоў. Як гарбузы покаліся варожыя шоламы пад яго страшэннымі ўдарамі.
Гэта дало новы поштурх байцам. Нападнікі, падбадзёраныя адвагай і сілай невядомага воя, зь пераможнымі крыкамі рынуліся на зьбянтэжаную залогу.
Чалавек у рыцарскім панцыры, апусьціўшы скрываўленую сякеру, прыглядаўся да разьюшанага Кандрата, ня ведаючы, ці шкадаваць, ці цешыцца яго нечаканаму зьяўленьню. Бо тое, што ён быў воем гаспадара, не было й сумневу...
У гэты момант гак галябарды зачапіўся яму за наплечнік. Чалавек у рыцарскім панцыры выпусьціў з рук сякеру й сутаргава ўхапіўся за палі частаколу, намагаючыся ўтрымацца на памосьце й ня дацца сьцягнуць сябе ўніз. Пальцы яго пачалі сасьлізгвацца з абмерзлага дрэва. Вось-вось ён паляціць уніз, насустрач вернай і немінучай загібелі...
Кірым, які не прымаў дасюль удзелу ў бойцы, неяк падсьведама адчуў, што ад гэтага чалавека будзе залежаць посьпех іх прадпрыемства й, можа, нават жыцьцё ваяводы Фёдара. Маланкавым рухам выхапіўшы кінжал, ён, не намерваючыся, кінуў яго ў здаравеннага гайдука, які цягнуў галябарду. Як падкошаны паваліўся гайдук, захлынаючыся крывёй — кінжал па самую ручку ўлез яму ў горла.
Незнаёмец, адчуўшы палёгку, скінуў зь сябе галябарду, падхапіў сваю сякеру і толькі тады абярнуўся да Кірыма.
— Дзякую! — працягнуў ён руку.
Кірым шчыра паціснуў гэтую ўдзячную руку. Хаця ён і ня бачыў праз забрала твару незнаёмца, аднак гэты чалавек яму спадабаўся, і Кірым прамовіў:
— Ды што там! Для добры чалавек усё можна зрабіць!
Незнаёмец нічога болей не сказаў. Ён саскочыў з памосту й, узьняўшы сякеру, рынуўся дабіваць ворага.
Гайдукі, сьціснутыя з усіх бакоў, упарта адбіваліся. Яны не жадалі здавацца жыўцом, а нападнікі не выяўлялі асаблівае ахвоты браць палонных...
Згубіўшы з вачэй Кандрата й незнаёмца, Кірым, абмінаючы мейсца сутычкі й пераскокваючы праз забітых, бегма пусьціўся па панадворку, шукаючы ўваходу ў скляпеньні.
Калі гэта яму ўдалося, адтуль ужо выпускалі палонных — галодных, абадраных і змучаных. Кірым кінуўся ім насустрач, спадзеючыся пазнаць ваяводу Фёдара. Аднак між вызваленых яго не было, і ніхто аб ім нават і ня чуў. Пошукі ў лёхах не далі ніякага выніку. Ваявода зьнік. Зьнік бясьсьледна.
Гукі бойкі паступова заціхлі. Запанавала ціша, перарываная толькі перадсьмяротнымі хрыпамі ды енкамі параненых.
Новыя валадары маёнтку ўзяліся наводзіць тут свае парадкі. На частаколе зьявіліся павешаныя. Новая варта заняла сваё мейсца. Рэшта ваяўнікоў разышлася на адпачынак. Вызваленых нявольнікаў пераапраналі ў панскую вопратку й надзялялі часткай здабычы. Наладаваныя дабром сані штораз выяжджалі за браму й зьнікалі ў перадсьвітальнай цемры.
Кірыма, які блукаў у роспачы па панадворку, нарэшце знайшоў адзін з кандратавых вояў і павёў за сабою ў «панскія пакоі» падсілкавацца.
У прасторнай залі за вялізарным сталом з узвышэньнем, застаўленым піцьцём і ежай, сядзелі каля двох дзясяткаў узброеных людзей. Кірым адразу прыкмеціў Кандрата, які сядзеў побач з маладым прыемным на выгляд мужчынам, у кім ён адразу распазнаў начнога незнаёмца ў рыцарскім панцыры. Незнаёмец сядзеў у раскошным крэсьле шляхціца Нікульскага на верхнім канцы стала. Кірым зразумеў, што гэта быў атаман гэтага, так у час падасьпелага, аддзелу. Праўда, Кірыма зьдзівіла, што нідзе ня бачна ні колераў, ні гербаў пераможцы.
Убачыўшы Кірыма, незнаёмец з напоўненым кубкам у руках рушыў да яго насустрач, прамаўляючы на хаду:
— Кірым-бей, ты слаўны вой! Я рады цябе вітаць! Сёньня ты выратаваў маё жыцьцё, і хто ведае, ці не адплачу я табе заўтра чымсь падобным. Дык будзь жа маім госьцем і прыяцелем! Ласкава просім! — і незнаёмец пакланіўся й працягнуў Кірыму кубак.
— Слава-а-а! — громам пракацілася па залі.
Кірым узяў кубак і, адчуваючы да сябе агульную прыязнасьць, запытаў:
— Ваша Сьветласьць, дазволь запытаць! Чаму я ня бачу ні колеру, ні гербу? Якія маеш? Скажы!
— Колеры мае — зялёны й белы, ад пары году, — усьміхаючыся, адказаў незнаёмец. — А герб... Герб у мяне — воўчая галава й лісіны хвост.
Кірым, задаволены адказам, не зьвярнуў увагі на агульны рогат за сталом і на незразумелыя знакі, якія рабіў яму Кандрат.
— Скажы, ваша сьветласьць, адкуль мяне ведаеш? Першы раз бачыш, а Кірым-бей назваў? Адкуль ведаеш?
— Гэта мне адважны наш госьць Кадрат Тур распавёў. А ты мне зараз раскажы, што прывяло цябе й тваіх сяброў сюды пад Турна? Кандрат кажа, што лепей раскажаш, таму сам не захацеў, — незнаёмец узяў Кірыма за руку вышэй локця й павёў да верхняга канца стала, дзе яму падрыхтавалі ўжо мейсца побач з Кандратам.
Седзячы ўжо за сталом і апавядаючы незнаёмцу сваю сумную гісторыю, Кірым уважна прыглядаўся да людзей вакол сябе. Была тут і жанчына — маладая, зграбная й прыгожая. Тонкая кальчуга з шырокім сталёвым нашыйнікам і чаканнымі высокімі бранзалетамі аблягала яе стан і дадавала ёй хараства й чару.
«Аднак Марыля прыгажэйшая!» — падумаў Кірым, не перарываючы апавяданьня.
Сабраныя слухалі моўчкі, адставіўшы на бок кубкі. Вочы незнаёмца запалалі нянавісьцю, і, калі Кірым скончыў, у насталай цішы пачуўся яго голас:
— Гэтак яны абыходзяцца зь людзьмі Вялікага Гаспадара Літоўскага! Няма канца іх нахабству й подласьці! Схапіць на дарозе пасланьніка, недатыкальнасьць якога шануюць нават апрышкі. Сьмерць падпанкам! Сьмерць крыўдзіцелям Белай Русі!
— Сьме-е-ерць! — загрымела заля.
Кандрат раскрыў рот, ня верачы сваім вушам. Незнаёмец гэта заўважыў і, павярнуўшыся да яго, прамовіў:
— Так, Кандраце! Не дзівуйся! Там, дзе я прайшоў, там няма ўжо паноў і падпанкаў. Кроў і попел засталіся на іхным мейсцы. А сумленны люд літоўскі дабраслаўленьні ўдзячнасьці пасылае мне наўздагон. Люблю я свой край! Люблю народ наш і звычай! Сам нацярпеўся крыўды ад прысьпешнікаў Ягайлавых і ведаю, што й людзі церпяць. Няма іншага ратунку, як за зброю ўзяцца. Сёньня ты бачыў, Кандраце, як разьлічыліся мы з адным з гэтых душагубаў. Хай цяпер Нікульскі падрыгае нагамі на сваім собскім частаколе. Бачыў ты, колькі людзей непавінных марыў ён у лёхах? Дык вось жа памятай, што людзей я не рабую! Людзям я дапамагаю. І будзь пэўны, што нездарма зьвёў нас лёс! Не абышлося тут без рукі Ўсемагутнага! Такая была Яго воля, і хай будзе так! Я прысягаю на прах маёй сям'і, што калі ваявода Фёдар з Грозава жывы, я яго вызвалю! Тут у Турна яго няма, але мы зараз даведаемся, дзе ён. Францішак, ідзі прывядзі таго старога халуя!
Малады вой, які сядзеў побач жанчыны, устаў і пасьпешна выйшаў. Вярнуўся ён хутка, ведучы перад сабою чалядніка, які ад страху ледзь дыхаў.
Карыстаючы з таго, што агульная ўвага зьвярнулася на палоннага, Кандрат нахіліўся да Кірыма й прашаптаў яму на вуха:
— Ведаеш, хто гэта такі? — указаў ён на незнаёмца. — Гэта сам Сыч!
Кірым толькі прыцмокнуў губамі й шырака раскрыў вочы.
Чаляднік, распазнаўшы ў Сычу атамана, бухнуўся перад ім на калені:
— Яснавяльможны пане! Зьлітуйся... Пашкадуй старога, успомні бацьку свайго, матку... Дзеля іх пашкадуй...
— Ня руш! — закрычэў не сваім голасам Сыч. — Ня руш маіх бацькоў, подлы сабака! Не на тое я цябе ад шыбеніцы ўратаваў, каб ты памяць маіх бацькоў, валадарства ім нябеснае, паскудзіў. Ня гэтага я ад цябе хачу! — Сыч увесь дрыжэў ад гневу й нянавісьці. Здавалася, што вось-вось ён кінецца на палоннага й задушыць яго сваімі рукамі.
Кірым і Кандрат са страхам назіралі гэтую сцэну, не адважваючыся прамовіць слова. Надта шмат яны чулі аб злачынствах і жорсткасьці апрышак.
Палонны скурчыўся й, баючыся зірнуць на Сыча, прашаптаў:
— Яснавяльможны пане, пашкадуй... Даруй... Не губі...
Сыч усьміхнуўся той усьмешкаю, ад якой кроў застывае ўжылах і дрыжаць калені. Абцінаючы словы й часта пераводзячы дух, ён загаварыў:
— Прабачэньня просіш!.. Літасьці!.. А ці дараваў ты? Ці быў літасьцівы?.. Га? Ці заслужыў ты літасьці?..
— Не губі... — прастагнаў чаляднік. — Стары я ўжо, грахоў шмат маю... Адпусьці на пакаяньне...
— Адпусьціць? Магу й адпусьціць! — Сыч трохі памаўчаў і абвёў вачамі прысутных. — Але на тое маеш заслужыць!
— Кажы сваю волю, яснавяльможны пане! Накладай пакуту самую цяжэйшую... З уцехаю прыму яе й да канца вытрымаю...
— Не патрэбна мне твая пакута! — перабіў Сыч. — Службу мусіш мне саслужыць. І калі сумленны будзеш, адпушчу.
— Кажы, яснавяльможны пане. Кажы... Усё зраблю!
— Добра! Але памятай, ад цябе самога залежыць лёс твой! Дзе ваявода Фёдар з Грозава?
Палонны здрыгануўся й нічога не адказаў.
— Ага! Ня хочаш казаць? Ну што ж...
— Але ж тады пан Станіслаў... — узмаліўся чаляднік.
— Ня хочаш? Як сабе хочаш!.. Францішак, Цімох, цягніце яго на частакол. Дзесь паблізу Нікульскага... Каб у пекле адзін другога доўга не шукалі.
— Правідлова! — пагадзіўся Францішак і, ухапіўшы палоннага за каўнер, дадаў: — Назваўся баравіком, лезь у кошык.
— Не, не! — прастагнаў чаляднік. — Раскажу... Усё раскажу.
— Дзе ён? Ці жывы?
— Жывы... У Камянецкім замку...
— Якая там залога? Хто на чале яе?
— Залога вялікая... Сотня гайдукоў, два тузіны польскіх вояў, ды два тузіны чэлядзі. На чале стаіць польскі рыцар, пан Януш зь Язерска, а пры ім двух шляхціцаў: пан Прушынскі — уласьнік Камянца, і пан Лазінскі — гараднічы. Ксёндз Камянецкі таксама мяча не цураецца...
— Гэта ўсё? Уважай, стары, калі што-небудзь утоіш, то не абмінуць табе шыбеніцы. Праўду кажы!
— Як пасьцелеш, гэтак і высьпісься! — дадаў Францішак.
— Гэта ўсё, яснавяльможны пане, што да замку. Але пан Лазінскі з апрышкамі хеўру водзіць. Толькі няма іх зараз каля Камянца. Баяцца Берасьцейскіх разьездаў, пайшлі недзе.
— Хто водзіць іх? — пацікавіўся Сыч.
— Не прыпомню напэўна, яснавяльможны пане, але, здаецца, нейкі Скрабель ці Скабей. Людзі кажуць, што ён раней войтам быў, пасаваны...
— А ці бачыў гэты Скабель ваяводу? — умяшаўся ўстрывожаны Кандрат.
— Кажуць, бачыў. Забіць хацеў, але пан Януш не дапусьціў...
— А ты што? — павярнуўся да Кандрата Сыч. — Ведаеш гэтага Скабеля? Хто ён такі?
— Былы войт зь Вялікіх Лукаў. У Полацку на паядынку ваявода Фёдар перамог яго. З тых часоў, пэўна, і злосьць затаіў, а зараз спагнаць хацеў. Ох, баюся я за ваяводу, страшны гэта вораг...
Сыч задумаўся, а потым, зьвярнуўшыся да палоннага, спытаў:
— Хто такі гэты Станіслаў, што ты так баісься яго?
— Ваявода з Крэва...
— Дзе ён зараз? У Камянцы?
— Я ня ведаю, дзе ён, але людзі кажуць, што ў Слуцку паранены ляжыць. Напаў нехта на яго па дарозе й цяжка параніў.
— Ну добра, стары, ідзі адпачывай! А ты, Францішак, дагледзь, каб ён спаў спакойна й не шукаў іншага памяшканьня!..
Палоннага вывелі. Сыч доўга сядзеў у задуменьні. Потым, зірнуўшы на Кандрата, прамовіў:
— Камянец... Моцны гэта гарэх, але паспрабуем перагрызьці й яго! Правым Бог дапамагае!
За вокнамі пачалі блякнуць зоркі. Бралася на відно.
20. ВАРКУЛА БЯЛЕЦКІ
З набліжэньнем вясны ў паветры адчувалася напружаньне. Уся Жамойць і памежжа Літвы сьпешна рыхтаваліся да навальніцы. Князь Скірвойльле дзень і ноч узбройваў сваіх Жамойтаў. Зь Літвы, ад Вітаўта, цягнуліся доўгія абозы са зброяй, ежай, вопраткай. З Трокаў у Жамойць і назад бесьперапынным ланцугом скакалі ганцы. Набліжаліся вялікія падзеі.
У народзе пайшлі чуткі: летам пачнецца вялікая вайна.
У Літву зьяжджалася мора рыцараў — мазурскіх, польскіх, чэскіх. Напружаньне моманту адчувалі й крыжакі. Нямецкія залогі ў замках заходняй Жамойці падвоіліся й патроіліся. Дарогі аж роіліся ад конных і пешых разьездаў і патрулёў. Падуладныя Ордэну вёскі стагналі пад ціскам няўмольнага жалезнага бота. Падаткі неймаверна павялічыліся. На абаронныя работы выганяліся цэлыя вёскі, бяз розьніцы веку й полу. Жамойты пачалі наракаць. Незадаволеныя караліся на мейсцы, жорстка й бязьлітасна. Шыбеніцы расьлі як грыбы пасьля дажджу. Але незадавальненьне расло й шырылася. Першапачатко вы, ледзь чутны, лепет пратэсту ператварыўся ў грозны, сатрасальны рокат. Мужчынскае насельніцтва патаемна рыхтавала зброю й падавалася ў лес. Жанчыны, дзеці й старыя ўцякалі пад Коўна, да князя Скірвойльле...
Стомлены папярэднімі прыгодамі й баямі, Варкула выходзіў з Прусаў. Аднак не ўпускаў спрыяльнае нагоды ўдарыць па крыжаках. Невялічкі спачатку, яго аддзел узрос да некалькіх сотняў, папоўнены незадаволенымі жамойтамі. Сьлядоў Праклоша знайсьці не ўдалося, і Варкула злаваўся ўсё болей і болей. Зшалёнай нянавісьцю налятаў ён на невялікія ўмацаваньні, вынішчаючы ўсё, што падварочвалася пад руку. Палонных ня браў. Рыцар, наёмнік, служка — усё, што лучылася з ордэнам, гінула пад яго цяжкой рукой.
Князь Скірвойльле быў задаволены. Крыжакі — вар'яцелі ад злосьці. У пагоню накіравалі славутага рыцара Дынальда фон Кікерытц. Варкула ведаў гэтага ваяра і ўсімі сіламі імкнуўся пазьбегнуць зь ім сустрэчы. Не таму, што баяўся, а таму, што для такога спатканьня трэба мець вышкаленую дружыну, а не натоўп азьвярэлых сялянаў. Дзякуючы прыхільнасьці насельніцтва, яму гэта з посьпехам удавалася, і фон Кікерытц, хаця й ішоў па сьлядах, заўсёды быў адсталы на цэлы дзень.
Затаіўшыся ў лесе як хіжак, што пільнуюе здабычу, Варкула чакаў праезду крыжацкага аддзелу, які накіроўваўся да мяжы. Дазорцы данесьлі, што аддзел мае быць невялікі, але багаты. ІВаркула рашыў не прапусьціць яго.
Разьдзяліўшы свой аддзел на дзьве часткі, ён абсадзіў імі прыдарожны лес, а сам з двума тузінамі коньнікаў схаваўся да часу ў хмызох — так, каб магчыма было замкнуць дарогу сьпераду.
Чакаць давялося нядоўга. Здалёк у марозным паветры пачулася бразганьне зброі, фырканьне коней, крыкі возчыкаў ды рыпеньне вазоў і саней.
Варкула са сваімі коньнікамі выехаў на дарогу й моўчкі стаў чакаць набліжэньня крыжакоў.
Галава калёны паказалася з-за павароту, сажнях у трыццаці ад Варкулы. Пярэдні рыцар у белым плашчы са львом на шоламе адразу спыніў каня й махнуў рукой збраяносцу. Той пасьпешна падаў яму дзіду й шчыт.
Не чакаючы, пакуль немцы вышыхтуюцца ў баявы парадак, Варкула пахіліў сваю дзіду й, прарэзьліва сьвіснуўшы, кінуўся ўперад. Адразу ж сотні стрэлаў выляцелі з кустоў, разячы непадрыхтаванага непрыяцеля. Пасьля першага залпу лік немцаў зьменшыўся амаль на палову. Але ўжо другі залп сустрэў шчыльную сьцяну самкнутых шчытоў і не прынёс ніякай шкоды. Немцы сталі простакутнікам — у першых шэрагах капейшчыкі, прытуліўшы шчыт да шчыта, а ўсярэдзіне стоўпіліся лучнікі, утварыўшы сваімі шчытамі жалезную страху.
Наладаваныя вазы й сані засталіся безабаронныя й адразу ж дасталіся Варкулавым людзям ды былі адцягнутыя крыху ў тыл, каб не перашкаджалі.
Сам Варкула з разгону наскочыў на пярэдняга рыцара, стараючыся зьбіць яго дзідай. Аднак немец у апошні момант, спрытна ўхіліўся, і дзіда, шкрабнуўшы па шчыце, прайшла міма. Затое дзіда немца, глуха трэснуўшы, напаткала Варкулаў нагруднік і разьляцелася на кавалкі, пакінуўшы па сабе глыбокую ўвагнутасьць. Удар быў страшны, і Варкула ледзь утрымаўся ў сядле. Сагнуты нагруднік замінаў дыхаць. Сашчапіўшы зубы, ён выхапіў сякеру й на мейсцы завярнуў каня, каб даганяць немца. Аднак рыцара нідзе не было відаць. «Сышоў!»— мільгнула ў галаве думка, але тут жа ўбачыў на сьнезе між сваіх коньнікаў расьсечаны на двое й акрываўлены шолам са львом на шышаку...
Жамойты, тым часам, валам населі на жалезны чатырохкутнік ашчацінены дзідамі. Дарога й прыдарожны лес аж роіліся ад масы людзей, барадатых і жудасных, апранутых у аўчыныя кажухі воўнаю навонкі, воўчыя й мядзьведжыя скуры, кальчугі, панцыры, саматканыя сьвіткі, празь якія сьвяцілася голае цела.
Усярэдзіне гэтай людзкой кашы вылучаўся белы чатырохкутнік, роўны й непахісны.
Хваля жамойтаў, размахваючы мячамі, віламі, косамі, сякерамі, з гучнымі крыкамі рынулася на сьцяну шчытоў. Немцы, як на вучэньні, спакойна й не сьпяшаючыся падаюць дзіды ўперад, і людзкая хваля зь енкамі й праклёнамі адкатваецца назад, пакідаючы раненых і забітых.
З падвоенай заўзятасьцю кідаюцца жамойты ў другую атаку, і зноў адкатваюцца.
Варкула з трывогай назірае за няўдалымі наскокамі. Гульня прыймае непажаданы кірунак. З-за самкнутых шчытоў даносіцца зьедлівы, падражняючы рогат. Разьюшаныя жамойты рыхтуюцца да трэцяй атакі. Як галодныя ваўкі, яны не жадаюць упусьціць абложаную ахвяру. Але, яшчэ дзьве ці тры такіх атакі, і немцы перамогуць...
Раптам Варкулу маланкай прыходзіць думка.
— Стой! — раве ён з усіх сілаў, заглушаючы голас бойкі. — Стой! Давай вазы наперад!
Думка Варкулы падхопліваецца, і купа людзей кідаецца да абозу. Мігам пастромкі перасечаныя, і, набіраючы хуткасьць, два цяжкія фургоны з грукатам коцяцца па дарозе.
Варкула ўсьміхаецца.
Між немцамі прыкметнае замяшаньне. Але нейкі голас камандуе, і самкнутыя шчыты трохі расступаюцца. Спаміж іх вылятаюць адзін за другім роі стрэлаў, бязьлітасна разячы не прыкрытых бранёй нападнікаў. Каля вазоў застаецца ўсё меней і меней папіхачоў, і іхны бег робіцца павальнейшым...
— Лучнікі! Бі!.. — крычыць, размахваючы сякерай і, павярнуўшыся да вазоў. — Ходу! Ходу!
Жамойцкія стрэлы прымушаюць крыжакоў шчыльней стуліць шчыты. Каля вазоў зьяўляюцца новыя папіхачы... І са страшным грукатам, пакрытым пераможнымі крыкамі, самадумныя тараны ўрэзваюцца ў гушчу жалезнага чатырохкутні ка. Адразу ж у праломы кідаюцца Варкула й яго коньнікі.
Немцы ў паніцы шарахаюцца ў розныя бакі. Уцёкамі шукаюць паратунку. Але ратунку няма. Разьюшаныя жамойты купай навальваюцца на ворага. У паветры выблісквае зброя, распырскваючы наўкола буйныя кроплі гарачай крыві. Немцаў бьюць, рэжуць, сякуць, коляць. Параненыя ловяць крыжакоў, што спрабуюць адбівацца, за плашчы, за ногі, стараючыся хоць зубамі ўпіцца ў ненавіднага ворага і гэтым спагнаць сваю гадамі накіпелую крыўду.
Варкула выяжджае з пабоішча на адкрытае мейсца ды з радасным запоем аглядае сваіх разьюшаных вояў, якія зь невымернай жорсткасьцю дабіваюць ацалелых яшчэ крыжакоў. Жудасная, нястрыманая нянавісьць так і пырскае зь бліскучых, налітыхся крывёю, вачэй. Людзі азьвярэлі, дабіваюць нават параненых, і ніякая сіла ня можа ўстрымаць іх ад гэтага. Ды Варкула й ня думае ўстрымліваць, хай сабе спаганяюць усе крыўды, абразы й зьдзекі. Ён і сам ня супраць раскраіць яшчэ адзін-другі чэрап, але, на жаль, няма каму... Рука зь цяжкай акрываўленай сякерай безуладна, з прыемнай млосьцю спачывае на грыве каня. Сякера паціху паруе, абмярзаючы чырвоным лядком...
І раптам разносіцца трывожны крык:
— Немцы!.. Немцы!..
Прыемнай, салодкай задумлівасьці як і не было. Мускулы наліваюцца сілай і запалам...
Акінуўшы паглядам мясцовасьць, Варкула бачыць, як насоўваецца грозная лавіна конных немцаў, і колькасная перавага на іх баку.
Уперадзе, падняўшы забрала, скача сам Дынальд фон Кікерытц. Ён горда адкінуўся ў сядле і нібы не сьпяшаецца.
Шалёная нянавісьць захліствае душу Варкулы.
— Пяру-у-ун! — крычыць ён, даючы шпорамі каню. — Дазброі!.. За мной! — І як вецер нясецца насустрач белым плашчам.
Літоўскія коньнікі не адстаюць ад свайго гараднічага. Пешыя жамойты кідаюцца ўсьлед, на хаду страляючы з лукаў і самастрэлаў.
Стрэлы хмарамі нясуцца ў ворага, вырываючы зь яго стройных шэрагаў ахвяры людзьмі й коньмі.
З грукатам і енкам вылятаюць крыжакі зь сёдлаў. Параненыя коні з прарэзьлівым іржаньнем шалёна кідаюцца ў бакі.
Не спадзеючыся сустрэць такі заўзяты адпор, крыжакі зьмешваюцца. Некаторыя стрымліваюць коні, гатовыя пусьціцца наўцёкі...
Аднак фон Кікерытц не разгубіўся, бачачы настрой сваіх вояў, — спакойна павярнуўся да іх тварам і, не апускаючы забрала, крыкнуў:
— Гот міт унс! Форвэртс [33]!
Падбадзёраныя прыкладам і самавалоданьнем свайго кіраўніка, немцы ачуліся. Нават самыя баязьлівыя набраліся духу.
Дзьве варожыя сілы, поўныя рашучасьці, зьблізіліся, гатовыя счапіцца ў сьмяротнай схватцы...
Варкула, з разгону секануўшы па шчыце Кікерытца, урэзаўся ўсярэдзіну калёны, што атакавала. Раздаючы ўдары з пляча направа й налева, ён пракладае шырокую дарогу ў варожых шэрагах. Тое самае робіць і фон Кікерытц, уварваўшыся ў гушчу жамойтаў. Коньнікі Варкулы малоцяць мячамі й сякерамі, як цапамі на таку, зьбіраючы багаты ўмалот. Сам гараднічы як чорт круціцца ўсярэдзіне варожай коньніцы, бесьперапынна наносячы павышчэрбліванай сякерай сьмяротныя ўдары. Пешыя жамойты зьмяшаліся з коннымі крыжакамі...
Бойка ў разгары. Скрываўленыя вілы і косы раз за разам выкідаюць зь сядла панцырных коньнікаў. Мячы й сякеры са сьвістам і грукатам абрушваюцца на галовы ашалелых людзей.
Стогны й енкі, клічы й загады, храп і ржаньне, глухія ўдары й лязгат разьлягаюцца з усіх бакоў.
Варкула зь дзікім рогатам азьвярэлага вар'ята заварочвае каня і, знайшоўшы вачамі фон Кікерытца, кідаецца да яго, крышачы сякерай шчыты й панцыры немцаў, што заступалі дарору. Спрактыкаванае вока старога драба адразу заўважыла, як значна зьменшылася колькасьць яго людзей: літоўскіх коньнікаў няма ўжо й паловы, а жамойтаў і таго меней. Але й зь немцамі ня лепей. Не зважаючы на іх колькасную перавагу й лепшае ўзбраеньне, ім прыйшлося цяжка. Народ, якога доўга прыгняталі й рабавалі, азьвярэў і, забыўшыся на ўсё на сьвеце, помсьціў, не хацеў саступаць. Помсьціў жорстка, бязьлітасна й безаглядна. Бяз панцыра, бяз шоламу, са звычайнымі віламі ўруках, але адчуўшы сваю сілу й волю, жамойцкі селянін адважна кідаецца на закутага ў жалеза й дасканала ўзброенага немца. Інемцу прыходзіцца ня лёгка.
Нарэшце Варкула прабіўся да Кікерытца. Абодва славутыя ваяўнікі, абодва пасаваныя, і абодва прагнуць перамогі. Ад яе залежыць і лёс цэлай бітвы. Дзьве цяжкія сякеры сустракаюц ца ў паветры і, высекшы сноп іскраў, са звонам адлятаюць адна ад другой. Варкула мацнейшы ў руках, затое ягоны праціўнік спрытнейшы.
Зьлёгку падаючы шчыт у тыл, фон Кікерытц бязь цяжкасьці адводзіць страшныя ўдары Варкулы і, у сваю чаргу, наносіць удар. Але й Варкула ўмее спрытна карыстацца шчытом — лязо крыжацкай сякеры сьлізгаецца па яго гладкай паверхні.
Паядынак зацягваецца... Змагары пачынаюць цяжка дыхаць...
Нарэшце Варкула, улучыўшы зручны момант, са ўсяго размаху патрапляе проста ў шчыт і адначасна паддае нагой пад шыю варожаму каню. Конь з жаласным іржаньнем узьвіваецца на дыбкі. Фон Кікерытц стрымгалоў вылятае зь сядла. Але тут сталася неспадзеўка: узмахнуўшы рукамі дзеля раўнавагі, ён зачапіў гакам абуха за Варкулаў шчыт, і Варкула таксама вылятае зь сядла.
Наўкола кіпіць бой, але ніхто не адважваецца ўмяшацца ўпаядынак кіраўнікоў.
Ускочыўшы на ногі, Варкула зь яшчэ большай ярасьцю кідаецца на праціўніка.
Фон Кікерытц таксама поўны рашучасьці. Сьціскаючы сякеру, ён чакае толькі зручнага моманту.
Праціўнікі сыходзяцца шчыт да шчыта й моўчкі ўглядаюцца праз краты забрала адзін другому ў вочы.
Вадзяністыя вочы Кікерытца спакойныя й нібы задумлівыя. Блакітныя Варкулы — узбуджаныя й радасныя.
Моцны штуршок... І фон Кікерытц адлятае на некалькі крокаў у тыл. Як мядзьведзь навальваецца на яго Варкула і раз заразам б'е сякерай.
Фон Кікерытц падае на адно калена. Прыкрываецца шчытом, сілячыся ўскочыць на ногі.
У гэты момант удар абрушваецца яму на шчыт, але крыжак мякка адводзіць яго назад і зьнізу ўверх наносіць удар. Удар ня надта моцны, але прыйшоўся якраз у шчаку. Аглушальны звон напаўняе галаву гараднічага, на момант цямнее ў вачох. Крыжаку больш нічога й ня трэба. Хутка ўскочыўшы на ногі, ён тне другі раз, і Варкула цяжка валіцца на сьнег...
Крыжак патрошку, зь відавочным задавальненьнем утыркае мізэрыкордыю пад шолам супраціўніку...
Уражаныя сьмерцю свайго кіраўніка, жамойты падаюць духам, і бойка хутка замірае...
Фон Кікерытц, седзячы ўжо на кані, спыніўся над распасьцёртым Варкулам і, выціраючы мокры лоб, прамовіў:
— Гонар і слава табе за адвагу, але ганьба й сорам за абарону паганства! Пас твой і шпоры я завязу ў Мальборк як доказ маёй перамогі!
Павярнуўшыся да свайго ўжо невялікага аддзелу, скамандаваў:
— Форвэртс, марш!..
21. СЬЛЯДЫ
Ідучы па сьлядах Сыча, Васіль Капыльскі прыйшоў у Берасьце. Даведаўшыся тут аб зьнікненьні ваяводы Фёдара, ён аднак не паверыў у ягоную сьмерць, пры думцы аб якой дрыжэў пасаднік.
Якая карысьць была апрышкам забіваць ваяводу, калі, пакінуўшы яго жывым, можна было ўзяць добры выкуп? Бо й сам ваявода мог заплаціць луп [34], ды й Вялікі Князь не пашкадаваў бы на гэта казны. Застаецца толькі чакаць ад Сыча пасланцоў, а што гэта работа Сыча, Васіль не сумняваўся. Толькі яшчэ раз горка пашкадаваў, што дасюль яго не злавіў.
А тут, як наўмысьля, каля Берасьця сьлед апрышак губляўся. Праўда, ён хутка знойдзецца, але час, час! Набліжаецца вясна. Дарогі размокнуць, паводкі абернуць увесь край у непралазнае балота. Час ідзе, а гаспадар чакае. Трэба як найхутчэй знайсьці Сыча й у кайданах даставіць на Гаспадарскі cуд. Трэба! Але Васіля дзівіць адна рэч: мясцовае насельніцтва нічога ня ведае, ці робіць выгляд, што ня ведае, аб мейсцы знаходжаньня Сыча. Нават болей, сяляне заўсёды ставяцца насьцярожана, а часам і варожа да яго — вялікакняжага сотніка, як толькі пачне дапытвацца пра апрышак. Гэтага Васіль ніяк ня мог зразумець. І толькі дзякуючы нешматлікай шляхце ўдавалася даведвацца пра правільны кірунак. А гэтую шляхту ён і сам не асабліва любіць, а яго воі дык зусім ня зносяць...
Вось ужо другі дзень як сьціхла завіруха, і, нягледзячы на ўсе пошукі й стараньні, Сыча знайсьці не ўдалося. Сяляне ўпарта адмаўляюцца што-небудзь казаць, хаця па хітрых вачах бачна, што ведаюць шмат.
Васіль у задуме крочыць па пакоі, напружваючы думкі, і стараючыся прыдумаць, як заваяваць давер паспалітага люду й дабіцца вестак аб Сычу. Але думкі яго самі па сабе адхіляюцца ад сучаснага й пераносяцца ў мінулае — у Полацак, у дом Келябовіча... Успамінаецца сьветлавалосая прыгожая Рэгіна. Апошняе спатканьне зь ёю перад выправай на Сыча. Перад вачамі ўстаюць, як жывыя, постаці Келябовіча ды ягонай дачкі. Ён — надзьмуты шляхціц, зь нічым не вытлумачанай пыхай. Аяна, ласкавая й пяшчотная ў мінулым, цяпер зрабілася калюча-зьедлівая й насьмешлівая. У каторы раз чырванеюць у Васіля шчокі і барвавее рубец, калі ўспомніць яе словы, так бязьлітасна, жорстка й бессаромна кінутыя яму ў адказ пры нацяку аб сватаўстве: «Ці пан Васіль думае, што я, пакінуўшы свой дзявочы гонар і шляхецкі стан, пайду за чалавека бяз роду, без дастатку, за простага купецкага сына? І буду з панскай сястрой, звычайнай халопкай, падзяляць горкі лёс бядоты й нуды? Не, пане Васілю! І яшчэ раз, не! Не для пана я!» — яна фанабэрліва паправіла на плячы сваю залатую касу і хадой каралевы выйшла з пакою, нават не разьвітаўшыся. А Келябовіч, які падслухоўваў пад дзьвярыма, быў моцна задаволены паводзінамі дачкі— увайшоўшы, адразу ж прамовіў: «Хай пан Васіль ня крыўдзіцца, але Рэгіна мае рацыю. Як яна можа пайсьці за цябе, калі ты нават жыць ня маеш дзе? Ламанага шэлега за душою ня маеш?.. А да яе ваяводы й князі прыглядаюцца. Во! Выкінь усё з галавы і пра старое не ўспамінай. То дзіцячыя глупоты былі, а зараз Рэгіна ўжо панна. І непрыгожа будзе, калі б хто падумаў аб вас як нарачоных. Пашукай сабе іншую, роўню, а Рэгіна сабе падшукае. Ведаеш — кожны свайму шчасьцю каваль... А на разе бывай і не ўспамінай ліхам...»
Абражаны Васіль не хацеў і ня мог паверыць сваім вушам. Рэгіна, якая раней з такім запалам і шчырасьцю клялася яму ўкаханьні, цяпер так жорстка й самаўпэўнена выракаецца й насьміхаецца з гэтага ж каханьня.
Выйшаў Васіль ад Келябовічаў зь цяжкім сэрцам. Ведаў, што не забудзе Рэгіну і кахаць яе будзе аж да сьмерці. Другой такой для яго не існуе...
У дзьвярох пачуўся моцны, настойлівы грукат. Васіль ачуўся ад успамінаў і, цяжка ўздыхнуўшы, гукнуў:
— Адчынена! Заходзь!..
Дзьверы шырока расчыніліся, і ў пакой увабег, прытрымлі ваючы на хаду меч, спацелы вой.
— Апрышкі зруйнавалі Турнаўскі маёнтак! — выкрыкнуў ён асіплым голасам. — Залогу перабілі, Турнаўскага пана павесілі, маёмасьць разрабавалі...
— Ты даўно адтуль? — спакойна запытаў Васіль.
— Як, даўно? — не зразумеў вой.
— Ці проста адтуль прыехаў, пытаюся, ці дзе затрымліваўся па дарозе? Можа, начаваў дзе-небудзь?
— Не! Не! Проста адтуль. Усю дарогу скакаў, аж дух заперла. Конь ледзь вытрымаў...
— А апрышкі?.. У Турна?..
— Няма! Зьніклі... Як пад ваду пайшлі. А турнаўскія дзядзькі ведаць нічога ня ведаюць...
— Добра! Ідзі падымай сотню! Сядлаць коні! Сам тут застанесься, адпачнеш, а заўтра дагоніш!
— Васіль, пашто крыўдзіш? — ускрыкнуў абражаны вой.— Я не дзіцё...
— Як сабе хочаш, не сілую. Для цябе лепей хацеў...
22. МАНАХ
Тры лёгка ўзброеныя чалавекі асьцярожна выпаўзьлі на ўскраіну лесу. Зусім блізка высіліся сьцены Камянецкага замку. У скважнях забарола час ад часу мільгаў шолам вартавога. У касьцёле гудзелі званы.
— Дык глядзі, Кандраце! — прашаптаў Сыч. — Як толькі я пачну штурм брамы, ты з Кірымам перабірайцеся праз мур. Вунь каля таго выступу. І адразу ж шукай уваход у сутарэньне, аФранцішак зачне пажар. Зразумеў?
— Угу! Толькі я ня надта веру, каб яны ўпусьцілі ў замак Францішка.
— Не бядуй! Упусьцяць! Уважай толькі, каб у час знайшоў ваяводу. І калі здарыцца нагода, той самай дарогай, што прыйшоў, і ўцякай, не чакай нас. Бо ня веру я, каб мы маглі Камянец узяць. Занадта ён моцны!
Сонца набліжалася да паўдню. Пашарэлы сьнег растаў. Яліны й сосны вышэй уздымалі свае лапчастыя галіны, вызваленыя ад сьнежнага цяжару. Пупышкі на бярэзінах прыкметна набухлі, і, здавалася, вось-вось выпырснуць яскрава-зялёным уборам.
Трое назіральнікаў асьцярожна адпаўзьлі назад у лес. Тут іх чакала купа людзей з асядланымі коньмі, на адным зь якіх сядзеў пахмуры й перастрашаны чаляднік з Турна.
Сыч, Кандрат і Кірым адразу падышлі да яго.
— Слухай, стары! — запытаў Сыч. — Ты, напэўна, ня раз бываў у Камянцы?
— Бываў... Часамі прыходзілася...
— Вось і добра! Дзе там вязьніца?
Чаляднік задумаўся, утаропіўшы вочы ў конскую грыву.
— Уважай, стары, без круцельства! — папярэдзіў Сыч. — Сам бачыш, якія бярэзіны высозныя... Хаця да неба й не дасягаюць...
— Яснавяльможны пане, ня мне круцельствам займацца, застары ўжо, але ў галаву не вазьму, як вытлумачыць, дзе тыя лёхі. Каб хто з вас ведаў замак...
— А ты ўважай, што мы ўсе ведаем, і расказвай, — падбадзёрыў Францішак.
— Ну добра. Толькі тады, як што якое, на мяне не наракайце. Вось жа, як увайсьці ў падворак, дык па правай руцэ будзе панскі будынак. Распазнаеце яго адразу — на два паверхі і ганак такі шырэзны са слупамі. Па левай руцэ — каморы, грыдніцы, стайні, адна да другой папрылепваны, але ня тут шукаць трэба. Як мінуць панскі будынак, адразу ж за ім відаць вежу прысадзістую. Яна зусім нізкая, нават на вежу не падобная, але дужа ж моцная. Там і ўдзень і ўначы варта стаіць, і там жа ўваход у падзямельлі. Але ня ведаю я, ці ваш ваявода там, ці не.
— Колькі там вартавых? — пацікавіўся Кандрат.
— Чатырох было знадворку і двох унутрох...
— Добра, стары! Калі ўсю праўду расказаў, то ня толькі адпушчу цябе на волю, а й узнагароджу! — паабяцаў Сыч.
— Дзякую, яснавяльможны пане! Дзякую! Уважайце толькі, там каля тае вежы калодзезь ёсьць, бяз зрубу. Людзі кажуць, што ў ім дна нямашака і ўночы зь яго енкі пякельныя чуюцца...
Сыч махнуў рукой, і чалядніка адразу ж павялі ў глыб лесу, да галоўнага абозу. Дзесь зьнік і Францішак.
Кірым прыкметна хваляваўся, баючыся, каб ня здарылася, як у Турна, і ўся выправа не пайшла на марна. Нават есьці ня мог і рашуча адмовіўся, калі яму запрапанавалі кавалак смажанай аленіны.
Раптам з-за дрэва зьявіўся малады, стрыжаны й круглатва ры манах-бэнэдыктынец, а за ім прыгладжаны й прылізаны падлетак-паслушнік.
Кірым ад неспадзеўкі аж адскочыў назад і схапіўся за кінжал. Яго хуткія вочкі пачалі шукаць між дрэвамі — ці няма там захаванага войска. Але ўсё было спакойна. Устрывожыўся Кірым таму, што такіх манахаў ён бачыў у Кракаве, у Славянскай Калегіі [35], і ведаў, што яны карыстаюцца асаблівай ласкай самаго караля Ягайлы. Яго зьдзіўленьне яшчэ больш узрасло, калі Сыч падышоў да манаха й, ляснуўшы яму па плячы, жартаўліва прамовіў:
— Ну, айцец Францыск, ідзі. Ды памаліся там за нас, няверных.
— Яко жэ й падабае, неразумныя вы авечкі. Уратаваны будзе, хто пакаецца, — сьмірэнна сьцьвердзіў манах, а паслушнік расплыўся ў шырокай усьмешцы.
Кірым ня верыў сваім вачам і вушам. Голас манаха здаваўся да немагчымасьці знаёмым, але твар зусім чужы — тлусты йбрыдкі.
Манах строга зірнуў на паслушніка й, даўшы яму па патыліцы, заўважыў:
— Прысьвяціўшы сябе навуцы, сыне мой, непрыстойна ёсьць рагатаць з кожнай глупоты. Навука ня любіць жарту йпустотаў. Толькі стараньнем і павагай можна адчыніць дзьверы да таямніцаў ведаў і розуму!
Паслушнік заўсьміхаўся яшчэ шырэй, а Сыч дык аж ухапіўся за чэрава ад рогату:
— Ну й Францішак! Сам сябе перавяршыў! А Даша — дык, напэўна, і не пазнала б, якраз як Кірым. Ха-ха-ха...
— Францішка... — працягнуў нерашуча Кірым. — Айца Францыск...
Даўно ўжо так не рагаталі гэтыя суровыя людзі, якіх бязьлітасны лёс павыганяў з родных хатаў, паадрываў ад родных іблізкіх ды кінуў у жыцьцёвую завіруху, паставіўшы па-за законам. Гучны рогат добрае сотні людзей доўга яшчэ разносіўся па пушчы, разганяючы перапалоханую дзічыну. А Францішак стараўся. Стараўся з усіх сілаў павесяліць сваіх добрых і адважных сяброў. У абед аж давіліся ежай ад яго выбрыкаў. І па абедзе цэлай зграяй бадзяліся за ім, выслухваючы яго казаньні й павучэньні...
Нарэшце дзень наблізіўся да вечару. Сонца чырвонай куляй збліжалася да небасхілу. Сьнег пакрапчэў і пакрыўся тонкай ледзяной карой.
Каля брамы Камянецкага замку спыніліся два падарожнікі— айцец Францыск і паслушнік Мікалай. Абодва, згодна з тагачасным звычаем, узброеныя лёгкімі мячамі йпаляўнічымі нажамі. У паслушніка закінуты за плечы лук і калчан са стрэламі. Манах упэўнена загрукаў у дубовую браму сваім доўгім завостраным кіем (які ў выпадку патрэбы мог сысьці й за дзіду).
Ніхто не адгукнуўся.
Манах загрукаў настойлівей.
Тады зьверху, з муру, пачуўся грубы й злосны вокрык:
— Чаго там грукаеш? Прэч адсюль! Нікога не дазволена ўпускаць!
— «Пастукайце, і адчыняць вам», кажа Сьвятое Пісьмо, — запярэчыў сурова манах. — А яко жэ й вы ёсьць верныя хрысьціяне, то ня можаце працівіцца законам Гасподнім!
Гайдук аж разгубіўся ад такога моцнага доваду й некаторы час моўчкі прыглядаўся да прыйшлых. Потым, схамянуўшыся, прамовіў, але ўжо ня так груба й злосна:
— Слухай, ойча. Кажу табе, што нікога не дазволена ўпускаць, ды яшчэ падвечар...
— А ты йдзі й спытайся дазволу, а за тое памяну цябе ўмодлах сваіх. Ідзі ж, не марудзь!
Гайдук нерашуча патаптаўся на мейсцы, але, падбадзёраны ўпартасьцю манаха, усё ж адправіўся шукаць гараднічага цікаго-небудзь са шляхты.
Прайшло нямала часу. Манах і паслушнік пачалі мерзнуць. Мароз пашчыпваў шчокі й нос. Аж нарэшце на муры зьявіўся пан Прышынскі — уласьнік замку, і пан Януш зь Язерска. Абодва дапытліва аглядзелі падарожнікаў, не прапусьціўшы ні адной драбніцы ў іхнай вопратцы.
— Што хочаш, сьвентаблівы ойча? — неўзабаве пачціва гукнуў пан Януш, не жадаючы наклікаць на сябе няласку бэнэдыктынца.
— Нічога ня хочу й нічога не прашу. Адчыніце толькі браму й пусьціце пераначаваць.
Прышынскі й Януш, прыцішыўшы галасы, доўга радзіліся між сабой — што рабіць? Потым Януш запытаў:
— А ці не пайшоў бы ты, ойча, у вёску? Тут недалёка... А?
— Як у вёску? — абурыўся манах. — Як я бачу, сыне мой, ты не далёка ад загубы, і вуснамі тваімі прамаўляюць сілы пякельныя. Бо, як кажа Сьвятое Пісьмо, «нячэсьціе тваё настроіла гэтак вусны твае, і ты выбраў мову нячыстага».
— Чаму ж так, ойча? — спалохаўся пан Януш. — Я ж нічога злога не сказаў і ня скрыўдзіў цябе. Нашто вінаваціш мяне так моцна?
— Ня я кажу, Сьвятое Пісьмо кажа: «Цябе вінавацяць вусны твае, а ня я, і твой язык гаворыць супраць цябе». Ты ж пасылаеш мяне ў вёску начаваць, а не падумаў аб тым, што ў той самай вёсцы няверныя пагане жывуць. Беражыся, слабаверны! Бо ад гневу Божага нідзе не схаваесься, ні ў полі, ні ў лесе, ні ўхаце, ні ў замку мураваным. Як прарок Ісая кажа: «Бо ад гласу Гасподня скалатнецца Ассур, жазлом паражаны».
Пан Януш сапраўды перастрашыўся, але ўпускаць манаха ўсё ж не хацелася. На падтрымку прыйшоў пан Прышынскі, які, хоць і сам дрыжэў ад страхотных слоў, аднак прамовіў, прабуючы апошні сродак:
— З радасьцю мы прынялі б цябе, сьвентаблівы ойча, і далі б належны прытулак такому дарагому госьцю, але мы ня можам рызыкаваць тваім жыцьцём і жыцьцём таго шляхетнага юнака, што стаіць побач цябе. Вось-вось спадзяёмся нападу апрышак, якія швэндаюцца па ваколіцы. Ідзі сабе лепей, сьвентаблівы ойча, і ня гневайся. Неспакойныя зараз часы...
— Каго мае трапіць правіца Гасподня, той ня ўхіліцца ад яе,— пасьпешна запярэчыў манах, — а хто мае памілаваным быць, той і будзе памілаваны!
Януш і Прышынскі моўчкі перазірнуліся, зьбітыя з панталыку ўпартасьцю манаха. Зьнізу зноў даляцеў голас, але быў ён нецярплівы й пагрозьлівы:
— Што ж, калі ня хочаце даць прытулак пакорнаму манаху й шляхотнаму паслушніку, то мы пойдзем сабе. Але памятайце, панове, што, вярнуўшыся ў Кракаў, перадам падрабязна ўсё айцу прыёру, а ён не праміне далажыць апекуну нашаму, Яго Мосьці Каралю!
Напамін аб Ягайлу зрабіў сваю справу. Пан Януш яшчэ добра памятаў сваё апошняе спатканьне з каралём і таму, роспачна зірнуўшы на Прышынскага, махнуў рукой вартавым.
Загрымелі ланцугі, зарыпела цяжкая брама, і манах з пакорлівым выглядам, але ўпэўненым крокам уступіў у Камянецкія муры. Яго вачам адкрыўся грозны малюнак: адразу супраць брамы, сажнях у дваццаці, разявіла хіжацкую пашчу вялізарная гармата. Абапал яе высіўся высокі вал з сухога ламачча ўпярэмежку з кулямі саломы. Вал меў выгляд вялізарнае падковы, што сутыкалася сваімі канцамі з мураванымі сьценамі замку. Наколькі было бачна за будынкамі, усюды мільгалі шоламы й шчыты вояў.
— Госпадзі памілуй! — ускрыкнуў устрывожаны Францішак, але, не разгубіўшыся, дадаў: — Ці мо' й сапраўды чакаеце нападу апрышак? Уратуй нас, Божа, і памілуй...
— Розна бывае, сьвентаблівы ойча, — адказаў пан Януш.— Можа й прыйдзецца, пся маць, бараніцца, а можа й не...
Манаха й паслушніка завялі ў вызначаны для іх пакой і недвухсэнсова далі зразумець, каб да раніцы яны адтуль не вылазілі. Але не такі быў «айцец Францыск» і не для таго сюды прыйшоў, каб сядзець склаўшы рукі ў задушным пакоі. Хуценька паклаўшы «паслушніка» адпачываць, ён выйшаў на двор. Ужо сьцямнела. Там і сям палалі вогнішчы, каля якіх папераменна грэліся вартавыя.
Павольнай хадой, штось мармычучы сабе пад нос, Францішак бадзяўся па замку. Агледзеў усе будынкі, зазірнуў у стайні, некалькі разоў падняўся на муры. Углядаючыся ўпотай у глухую цемру перадзамкавых абшараў, спрабаваў загаворваць звартавымі гайдукамі. Стараўся даведацца ад іх, ці не пранюхалі ў замку аб намерах Сыча. Але, як было відаць, яго ў гэтым выперадзілі, і ні адзін з гайдукоў не адказаў на ягоныя прывітаньні. Маўчалі.
Так і блукаў ён самотна й маўкліва ад сьцяны да сьцяны, ад будынка да будынка. Ніхто не рабіў яму перашкодаў. Толькі два мейсцы былі забароненыя, нават блізка не падпусьцілі: гармата й нізкая шырокая вежа з вузкімі й чорнымі шчылінамі байніц— «ваяводава вежа», як ахрысьціў яе Францішак. Некалькі разоў і з розных бакоў спрабаваў ён як бы выпадкова наблізіцца да яе, але кожны раз за дзясятак крокаў да страшнае вязьніцы ўпіраўся грудзьмі ў востры наканечнік галябарды маўклівага вартавога.
Варта вежы адрозьнівалася ад усёй залогі замку сваёй зброяй, вопраткай і нязломнай рашучасьцю. «Палякі Януша» — здагадаўся Францішак і разважліва вырашыў пакінуць свае спробы. Вярнуўся ў свой пакой і паспрабаваў спакойна абдумаць становішча. Больш за ўсё непакоіла яго гармата...
Час няўмольна рухаўся. І чым глушэй рабілася ноч, тым болей непакоіўся Францішак, на свае ўласныя вочы пераканаў шыся ў сіле камянецкае абароны. Каб ведаў Сыч... Страшна было й падумаць, што мелася неўзабаве стацца. Колькі крыві пральлецца ў гэтую цёмную непрыветную ноч, і ці хоць удасца вызваліць ваяводу?
Францішак прысеў на край ложка, у нагах «паслушніка», які бестурботна спаў, і, абхапіўшы рукамі галаву, цяжка задумаўся. Думкі яго круціліся наўкола гарматы й вялікага ліку ўзброенае залогі... Як абясьсіліць іх?..
* * *
У вялікай пахмурай залі, асьвечанай некалькімі сьвечкамі, што патрэсквалі й моргалі, за сталом сядзелі тры чалавекі. Нягледзячы на пост, на стале ляжыць вялікае ўсмажанае парася і стаяць напоўненыя віном кубкі. На сьценах цьмяна пабліскваюць паразьвешаныя шчыты, шоламы, мячы, сякеры й розныя паляўнічыя трафеі — скуры, рогі, іклы. Некалькі вялікіх, апраўленых у пазалочаныя рамы малюнкаў асьвяжаюць прыгожымі краявідамі змрочную залю. З-за вокан даносяцца прыглушаныя перагукі варты. Чырвонымі ўздыхамі вогнішчаў час ад часу ўспыхваюць вузкія вокны-байніцы.
Аддзіраючы рукамі кавалак парасяціны й запіваючы яе віном, субяседнікі панура маўчаць. Чуваць толькі хруст касьцей на зубах ды гучнае чмяканьне. Дзесь пад падлогай папісквае мыш...
Пан Прышынскі страшэнна незадаволены з усёй гэтай гісторыі з ваяводам: «Нашто было патрэбна яго выкрадаць? Гэта ж простая дарожка на шыбеніцу... І якая нячыстая панесла пана Станіслава выбраць якраз Камянец? Мусіць, у Крэва не захацеў, баіцца...»
Гарднічы Лазінскі хмурыцца зь іншае прычыны. Яго непакоіць маўчаньне Нікульскага з Турна. Абяцаў яшчэ ўчора прыехаць... Ці мо' здарылася што?
Пан Януш выцірае жменяй тлушч на вуснах і доўгім поглядам углядаецца ў задумлівыя твары сваіх субяседнікаў. Нэрвова выпівае свой кубак. Яму не падабаецца іхны прыгнечаны настрой, толькі баязьлівасьцю яго можна вытлумачыць. А баязьліўцамі пан Януш пагарджае...
Знадворку даносіцца ажыўлены людзкі гоман і крыкі...
У гэты момант у залю ўрываецца перастрашаны гайдук. Перавёўшы дух, ён крычыць:
— Апрышкі! Яснавяльможны пане, апрышкі!.. Каля брамы!..
Пан Януш пасьпешна выпівае яшчэ адзін кубак віна й, не зважаючы на сваіх субяседнікаў, выбягае з-за стала, на хаду зашпільваючы пас.
— У імя Айца й Сына й Сьвятога Духа... — хрысьціцца Прышынскі, пасьпяшаючы за ім. — Што ж цяпер будзе? Ціадаб'ём? Госпадзе, зьлітуйся над намі... Заступі нас, Уладарка наша Беззаганная...
Лазінскі не сьпяшаецца. Ён ведае, што пан Януш стане на чале залогі й абароніць замак — гэта стары й дасьведчаны ваяка. Тутнепакоіцца няма чаго. Але бывае рознае, і таму ў выпадку чаго трэба будзе тое-сёе схаваць. Каб і сьледу не засталося... Злосна ўсьміхнуўшыся, Лазінскі памацаў свой кінжал і выйшаў празь іншыя дзьверы.
Хутка ён быў ужо каля прысадзістае вежы. Польская варта не чыніла яму перашкодаў, і ён амаль бязгучна зьнік у панурым скляпеньні маўклівай вязьніцы...
Пан Януш узьбег па сходах на мур. Тут ужо тоўпіліся гайдукі з заладаванымі самастрэламі й лукамі.
Унізе, пад мурам, на колькі было бачна празь цемру, варушылася людзкое мора, ашчаціненае дзідамі, галябардамі й віламі... Віднеліся доўгія драбіны й жордкі з гакамі. Там і сям палалі паходні...
На чале ўсёй гэтай масы ўзброеных людзей стаяў чалавек урыцарскім панцыры і зь сякерай у руках. Твару яго не было бачна, але Янушу здалося, што гэты чалавек усьміхаецца — звыклікам і насьмешкаю.
Кроў ударыла ў твар старому ваяру, і ён гукнуў:
— Гэй, быдле, пся маць! Правальвайце прэч адсюль, пакуль не заліў вам пад скуру!
Пачуўся агульны рогат, а чалавек у панцыры прамовіў:
— Слухай, Януш зь Язерска! І ты, Прышынскі! І ты, Лазінскі! Зараз жа адчыняйце браму й складайце зброю! Вас занадта мала, каб маглі супрацівіцца мне! Падмогі не чакайце ніадкуль, бо ўсё сьпіць, а Турна спалена. Абяцаю захаваць вашае жыцьцё ўзамен на неадкладную здачу замку, выдачу ўсіх палонных і ўплату лупу!
На мурох запанавала напружаная цішыня, зь якой пачуўся голас Януша, насьмешлівы й кплівы:
— Зь кім жа гэта маю гонар гутарыць, пся маць? Хто гэты яснавяльможны пан, што загадвае мне скласьці зброю й абяцае падараваць мне жыцьцё, ня ўзяўшы мяне яшчэ ў палон?
— Я Сыч! — прагучэў кароткі адказ.
— Дык слухай, Сыч! Ты, правадыр рабаўнікоў і забойцаў! Ты, начны валацуга! Пятля ўжо даўно плача па тваёй паганай шыі... І нядоўга ўжо ёй засталося чакаць. Пачынай штурм, пся маць, калі чуесься ў сілах, але ня думай, што ён табе ўдасца! Камянец не па тваіх зубах... Калі кажаш праўду пра Турна, тозапамятай сабе, сабачая скура, што дорага за гэта заплаціш! Можаш сказаць мне, дзе зараз пан Нікульскі?
— Тваю сабачую душу ў пекле чакае! — пачуўся выкрык знатоўпу апрышак. — Пасьпяшацца загадваў!
Януш нічога не адказаў і моўчкі махнуў рукой сваім людзям. Стрэлы градам сыпанулі з абодвух бакоў. Пачуліся енкі й праклёны.
Сычаняты рынуліся на штурм. Замільгалі даўжэзныя жордкі, сьцягваючы абаронцаў з муроў. Драбіны вырастаюць як з-пад зямлі й упіраюцца ў муры замку. Хмары стрэлаў заганяюць абаронцаў пад схоў забарола. Гайдукі страляюць усё радзей і радзей, у скважні немагчыма высунуцца...
Прабуджаны голасам ад сваіх думак, Францішак пабудзіў Міколку й пацягнуў яго прэч з пакою, ня даўшы хлапчуку нават прачухацца.
На асьветленым вогнішчамі падворку ўжо віднеліся першыя забітыя й параненыя. Стрэлы сычанятаў, пералятаючы цераз замкавыя муры, з гучным лопатам адскоквалі ад мураваных будынкаў.
Францішак у першы момант разгубіўся. Ён, хоць і быў гатовы да штурму, аднак уяўляў яго сабе іначай. Падабраўшы крысы сваёй манаскай расы, ён кінуўся бегма да брамы, сам яшчэ ня ведаючы, навошта. Па дарозе ён убачыў, што гайдукі засыпаюць порах у гармату. Тут жа на посьцілцы ляжыць купа насечанага волава й пыжоў. Некалькі бачуркаў з порахам стаяць паводдаль. Ад папярэдняе разгубленасьці не засталося й сьледу. Убачыўшы пана Януша, падбег да яго й, састроіўшы перастрашаны твар, залапатаў:
— Госпадзі Божа мой! Госпадзі Божа мой! Ці мо' канец сьвету настаў? Найсьвяцейшая Багародзіца, сыне мой, што ж будзе? Не пускай іх, не пускай, харобры рыцар!..
Януш усьміхнуўся і, каб супакоіць манаха, прамовіў:
— Ня бойся, сьвентаблівы ойча. Нічога страшнога няма! Апрышкі — гэта ня войска, яны й штурмуюць як апрышкі — зфронту, у лоб. А няма таго, каб з бакоў наваліцца. Зараз яны браму крышыць будуць, бервяно прывалаклі, а мы іх з гарматы й пачастуем. Ня бойся, ойча, а тады ў мячы возьмем.
Тут Францішак прыкмеціў, што з усіх бакоў, да завалы перад брамай сьцякаюцца ўзброеныя людзі й шыхтуюцца лавай. «З муроў паздымаў, — здагадаўся ён, — напэўна, толькі варту пакінуў, а рэшту сюды сьцягае. Усё лацьвей Кандрату й Кірыму будзе».
23. БІТВА
Лёгка парыпваючы сьнегам, са рва вылезьлі дзьве постаці й, прыціснуўшыся да муру, прыслухаліся. Вартавых не было чуваць...
Галас і грукат бойкі каля брамы даносіўся зусім ясна. Выразна чуліся людзкія галасы й звон зброі. Глуха бухала бервяно ў дубовую, акутую жалезам, браму. Лёгка шамацелі стрэлы, пралятаючы над галавой.
Кандрат падрыхтаваў лук і, задраўшы галаву, сачыў за прасьветамі скважняў.
Кірым, адышоўшы некалькі крокаў назад, разматаў з пасу вяроўку й наматаў яе на локаць. Уважна абмацаў пятлю і, пакруціўшы ўвесь скрутак над галавой, зь сілай пусьціў яе ўгару. Вяроўка, як зьмяя, нячутна размотвалася ў паветры, другі канец яе быў моцна заціснуты ў руцэ Кірыма. Вось ён прысеў. Зьлёгку патузаў за вяроўку, зацягваючы мацней ухапіўшуюся за зубец забарола пятлю і, вярнуўшыся да Кандрата, прашаптаў:
— Трымаецца...
— Ужо?
— Угу.
— Ну, то лезь... Можа, меч тут пакінеш?
Кірым адразу папляваў на далоні, моўчкі заціснуў меч паміж ног і, як кот, палез уверх. Ні адзін гук ня вырваўся з-пад ягоных спрытных рук і ног.
Кандрат, затаіўшы подых, чакаў.
Вось ужо няясны цень Кірыма абазначыўся на грані муру. Кандрат з палёгкай перавёў дух...
І раптам, грукаючы зброяй, паказаўся вартавы. Ён набліжаўся павольнай хадой, часта спыняючыся й прыслухоўваючыся...
Лязгат зброі быў ужо зусім блізка.
Кандрат прыціснуўся сьпінай да муру й замёр, не адрываючы вачэй ад скурчанага Кірыма.
Вартавы марудна прайшоў міма. Ён нічога не заўважыў. Але, як на ліха, спыніўся сажнях у чатырох ад Кірыма й, абапёршыся плячом аб забарола, стаў углядацца ў цемру, часта паварочваючы галаву ўбок брамы, адкуль даносіўся ўсё нарастаючы грукат.
Кірым нерухома павіс на вяроўцы, баючыся варухнуць нават пальцам. Зараз ён усёй душой шкадаваў, што не пакінуў меч унізе, з Кандратам. Безь мяча было б лацьвей перабрацца на мур і кінжалам управіцца з вартавым. А так прыходзіцца бязьдзейна боўтацца ў паветры й чакаць. Рукі пачалі паступова замляваць... Кірым адчуў, што зараз пачне ссоўвацца наніз...
Ён напружыў мускулы, падціснуўся трохі вышэй і, зрабіўшы нялюдзкі высілак, лёг чэравам на халоднае каменьне муру. Высокія зубцы забарола засланялі яго цяпер ад вачэй гайдука. Хуценька расшпіліўшы пас, Кірым вызваліўся ад грувасткага мяча і асьцярожна паклаў яго побач з сабой. Высмыкнуў з похваў кінжал і ўзяў яго ў зубы. Падцягнуў ногі й, перакуліўшыся на бок, прысеў у скважні. Цяпер адпачнуць і супакоіцца. Увесь час стрымліваны подых расьпіраў грудзі. На твары выступіў пот. Шырока растуліўшы вусны, але не выпускаючы кінжалу ззубоў, Кірым некалькі разоў глыбока ўздыхнуў...
Вартавы, нічога не падазраючы, спакойна прыслухоўваўся да гукаў бою. Ён не заўважыў, як цёмны цень, сагнуўшыся, набліжаўся ззаду.
З агнём у вачах, як начны драпежнік, Кірым зрабіў апошні скок і ўсадзіў кінжал. Нават ня вохнуўшы, гайдук зь перарэзаным горлам цяжка абваліўся на рукі свайму забойцу.
Не губляючы часу, Кірым пераваліў вартавога праз скважню й, падхапіўшы яго за ногі, сапхнуў уніз з муру.
Глуха чмякнуўся труп за сьпінай у Кандрата. Зьверху пачуўся ледзь чутны шэпт:
— Хадзі, Кандрат, хутка...
Кандрат адразу ж ухапіўся за вяроўку і, з хуткасьцю, на якую дазваляў яго вялізарны рост, узабраўся на мур.
Хутка зматалі вяроўку. Знайшлі прыступкі, што вялі ўніз, інеўзабаве апынуліся за панскім будынкам. Адсюль да вежы рукой падаць...
Нецярпеньне так і падмывала Кірыма, і толькі цяжкая рука Кандрата ўтрымала яго на мейсцы.
— Не сьпяшайся! Пасьпееш! — злосна прашаптаў ён. — Іхтут чатыры, а нас толькі двох.
Рослыя палякі, якія пільнавалі вежу, як і вартавы на муры перад гэтым, больш цікавіліся грукатам, што даносіўся ад брамы, чым сваім абавязкам. Яны раз за разам адбягалі ад свайго паста, каб зірнуць на асьветлены вогнішчамі пляц каля гарматы.
Раптам у супрацьлежным канцы падворку, у стайні, выбухнуў пажар. З гучным трэскам занялася саламяная страха. Гарачыя языкі полымя з глухім сыканьнем аблізвалі чорную глыбіню ночы. Слупы іскраў фантастычнымі фантанамі рассыпаліся высока над неўтаймаваным агнём... З насьцеж расчыненай брамы з клубамі дыму выносіліся звар'яцелыя ад страху коні, агалошваючы паветра дзікім іржаньнем. На адзін момант у дыме мільгнула раса бэнэдыктынца. Ён заўзята размахваў сваім доўгім кіем...
— Францішак! — прашаптаў Кандрат. — Коні ратуе...
Асьлепленая агнём і страхам, жывёла пачала кідацца па падворку, зьнішчаючы й калечачы ўсё жывое, што траплялася на шляху.
Некалькі коней шалёным галопам несьліся на вежу. Вартавы, каб унікнуць конскіх капытоў, падаўся ў тыл і... трапіў ужалезныя абдымкі Кандрата. Не марудзячы, Кірым перарэзаў яму горла.
Цяпер, карыстаючыся пярэпалахам, можна было дзейнічаць сьмялей. Абодва адразу кінуліся шукаць вартаўнікоў. Дваіх паклалі на мейсцы, а трэцяга абяззброілі й прымусілі грукаць унізкія чорныя дзьверы вязьніцы. Зь лязом кінжала каля горла вартавы некалькі разоў паўтарыў умоўны стук. З-за дзьвярэй пачуўся гучны, але прыглушаны мурам, голас:
— Хто там?
Вартавы не адказаў, толькі злосна зірнуў на Кандрата. Кірым націснуў кінжалам яму на горла й рашучым рухам галавы, загадаў яму адказаць.
— Я! Збых! — прахрыпеў палонны. — Ад пана Януша...
Ад сярэдзіны загрымела засаўка.
Кандрат падрыхтаваў меч і стаў побач са Збыхам.
З рыпам падаліся цяжкія дзьверы, і ў іх зьявіўся неймаверна вялізны чалавек, голы да пасу. Ён засланіў сабою ўвесь праход і выставіў уперад руку з паходняй, каб асьветліць прышэльцаў. Кандрат адразу з усяе сілы пырнуў яго ў чэрава. Чалавек ікнуў, выпусьціў паходню ды з хрыпам абваліўся на сьпіну.
Падхапіўшы паходню, Кандрат праскочыў у дзьверы, за ім Кірым прапіхнуў палоннага й увайшоў сам. Хутка зачынілі дзьверы на засаўку, скруцілі паляку за сьпінай рукі, і аглядзелі памяшканьне. У левым куту чарнела дзірка з прыступкамі ўгору, у правым прыступкі вялі ўніз. Кірым адразу аглядзеў верх вежы й, не знайшоўшы там нікога, вярнуўся да Кандрата.
Прыступкі ў падзямельле былі мокрыя й сьлізкія ад цьвілі. Зьнізу пранікала чырванаватае сьвятло й чуліся невыразныя галасы...
— Хто гэта? — указаў Кандрат на разпасьцёртага волата.
— Кат... — нехаця адказаў Збых.
— А шмат іх там унізе?
Палонны не адказаў, паспрабаваў разарваць сьціскаючыя рукі путы, але кінжал Кірыма йзноў прымусіў яго загаварыць:
— Двох... Яшчэ адзін такі ж, — паказаў ён на забітага, — іпан Лазінскі, ён тут гараднічым...
— Добра! Вядзі ўніз! — загадаў Кандрат і падміргнуў Кірыму — «маўляў, трымайся цяпер!»
* * *
Між тым, Францішак, выгнаўшы коней са стайні й разагнаўшы іх па падворку, гукнуў свайго «паслушніка». Міколка за гэты час управіўся падпаліць сьцірты саломы, укладзеныя за грыдніцаю, і яны цяпер палалі, шугаючы полымем высока ўнеба.
Пабраўшыся за рукі, абодва падпальшчыкі кінуліся бегма да гарматы. Але па дарозе Францішак перадумаў і завярнуў удругі бок. Абагнуўшы панскі будынак, яны выбеглі да вежы. Тут панавала цемра. Сьвятло ад пажару сюды амаль не дасягала. Міколка з разгону спатыкнуўся аб нешта цьвёрдае й ва ўвесь рост грымнуўся аб зямлю. Кроў пырскнула з разьбітага носу. Ён гучна засапцеў і абмацаў распластанага на сьнезе вартаўніка.
— Ага! Знацца, Кандрат тут пабываў! — узрадаваўся Францішак. — А гэта яго сьлед! За нос не бядуй! Дзе лес сякуць, там трэскі ляцяць! Ды ты ж ня плач, Міколка, а сьнегу прыкладзі.
Няшчасны хлапчук нічога не адказаў, толькі яшчэ мацней пачаў сапці ды старанна размазваць рукамі кроў. Уся цікавасьць небясьпечнае выправы адразу зьнікла, засталося толькі незадаволеньне й горкая крыўда. Міколка ўжо не любіў Сыча за тое, што адправіў яго сюды, не любіў Францішка за тое, што прывёў яго сюды. А болей за ўсіх не любіў старога Кандрата Тура як галоўнага вінаваўцу разьбітага носу: параскладаў забітых па дарозе й ганарыцца яшчэ сваёй рысінай скурай на плашчы... А можа, Кандрат не наўмысьля паклаў таго тут? Можа, ён сам сюды ўпаў? Дый наўрад ці ён надзеў сёньня свой прыгожы плашч... Вось каб намаляваць яго так, у гэтым плашчы, у панцыры, зь пёрамі на шоламе — прыгожы быў бы малюнак! Вось бы навучыцца маляваць... І так гэта хочацца Міколку — намаляваць Кандрата, вялікага, прыгожага й адважнага Кандрата,— што ён забываецца на свой боль і ўвесь аддаецца марам. Ёнведае, што гэтыя мары ня могуць зьдзейсьніцца. Не для яго, беднага, бяздомнага валацугі, існуюць сапраўдныя навука й мастацтва. А як бы хацелася... І ён марыць, марыць...
— А ну, Міколка, дапамажы мне перасунуць гэты парог удругое мейсца. Каб не мазоліў тут вачэй... і насоў, — чуецца голас Францішка. Салодкія мары абрываюцца. Міколка хапае за нагу забітага й дапамагае адцягнуць яго падалей з дарогі. Знаходзяць другога й трэцяга і цягнуць іх таксама ўбок. Калі згэтым скончана, Францішак паварочваецца да Міколкі й сур'ёзна кажа:
— Тут, у вежы, зараз Кандрат і Кірым. Яны ваяводу ратуюць, хутка вернуцца. Дык ты сядзі тут і чакай на іх, дапаможаш ім з замку выбірацца, ды й сам разам зь імі адыходзь... Мяне не чакай... Я пабягу гаспадарку аглядаць. А каб табе боязна не было, на вось меч, што ад палякаў застаўся, ён большы за твой. Ты ж умееш сячы? Праўда? — І Францішак у думках усьміхаецца, бо Міколка нават і дзьвюма рукамі наўрад ці здолеў бы секануць ім. — У вежу ня грукай. Перапалохаць можаш. Зразумеў? Ну, бывай, хлопча... Беражыся, — і, махнуўшы рукой, Францішак пусьціўся бегма й зьнік у цемры.
Міколка прыціснуўся да муру й, дрыжучы ад холаду й страху, прыняўся чакаць...
А Францішак тым часам выскачыў на асьветленую пажарам плошчу. Частка абаронцаў тушыла стайню, частка — сьцірты саломы.
Капейшчыкі шыхтаваліся ў лаву за гальлёвым валам. Злавесна паблісквалі наканечнікі дзідаў.
Брама здавала. Пад аглушальныя ўдары бервяна з завесаў вылазілі вялізарныя вызубленыя цьвікі. Вось-вось брама абрынецца...
Каля валу зьяўляюцца гайдукі з паходнямі... Пан Януш спакойна выцягвае меч і становіцца на чале лавы капейшчыкаў. Яго зычны голас, аддаючы загады, гучыць спакойна й упэўнена. Францішак зь міжвольнай пашанай глядзіць на старога ваяра.
Гарматчыкі запальваюць даўжэзную паходню й падсыпаюць порах на паліцу. Брама вось-вось абваліцца... Яшчэ ўдар-другі— і хваля нападнікаў уварвецца ў замак...
Думкі Францішка гарачкава працуюць:
— Што рабіць? Як выратаваць Сыча, які напэўна ўварвецца першым і трапіць пад стрэл гарматы? Што прыдумаць? Куды кінуцца?..
Гайдукі падпальваюць гальлёвы вал. Пан Януш паварочва ецца да гарматы... Зараз ён падасьць каманду... І тут...
Францішак выхоплівае паходню ў аднаго з гайдукоў і на злом галавы бяжыць туды, дзе бачыў перад гэтым бочкі з порахам...
Гайдук разгублена глядзіць яму ўсьлед, не разумеючы, што сталася са сьвентаблівым айцом...
Апошні ўдар у браму, і...
* * *
Кандрат і Кірым, засланяючыся палонным вартаўніком, асьцярожна спускаліся па сьлізкіх прыступках у скляпеньне. З чорнае, заплясьнелае столі падаюць кроплі вады. У нос ударыў гнілы задух — прэлай саломы, гною й плесьні. Гук бітвы сюды не дасягаў, затое выразна стала чуваць галасы двох чалавек, што размаўлялі між сабою:
— ...так, вяльможны пане, ужо тры дні не даю яму ні піць, ні есьці. Ужо ўсю сьцяну языком вылізаў... Можа, пан загадае яму языка выдраць, псебрату?
— Не, не! Заўтра дасі яму кавалак хлеба ды кубак вады, каб не падох да прыезду яснавяльможнага пана Станіслава. Як там, наверсе, у пана Януша ўсё добра пойдзе...
У гэты момант страшэнны выбух скалатнуў паветра. Гутарка абарвалася. Кандрат з трывогай азірнуўся. Палонны ірвануўся ды з крыкам: «Да зброі!» кінуўся ўніз.
У два скачкі Кірым дагнаў яго й усадзіў яму кінжал у карак.
Сьмяротна паранены Збых замоўк, але ягоны крык зрабіў сваю справу. Лазінскі, выхапіўшы меч, засланіў праход. За ім стаў здаравенны кат зь сякерай.
Са злосьцю кінуўся Кандрат на гараднічага. Між імі завязаўся бой не на жыцьцё, а на сьмерць. Кірым і кат мусілі заставацца бязьдзейнымі.
Нарэшце Кандрат пачаў пакрысе ціснуць свайго супраціўніка. Лазінскі адступіў некалькі крокаў у тыл.
І тут Кірым, як пацук, прасьлізнуў у прасторнае памяшканьне падзямельля, апынуўшыся тварам у твар з азьвярэлым волатам. Кат узмахнуў сякерай, але Кірым пасьпешна адскочыў убок, і, не чакаючы другога замаху, кінуў зь сілай кінжал — змагацца з такім асілкам мячом было немагчыма.
Кінжал патрапіў у самае сэрца. Кат дзіка вылупіў вочы, адвесіў ніжнюю губу й выпусьціў з рук сякеру... Зрабіўшы крок наперад, ён усім цяжарам зваліўся на каменную вільготную падлогу, заганяючы кінжал яшчэ глыбей. У яго сьпіне паказалася дзюбка кінжала...
Кірым хуценька падхапіў сякеру й зь дзьвюх рук секануў Лазінскага па галаве. Вострае лязо затрымалася толькі на сталёвым нагрудніку...
Кандрат абцёр рукавом потны лоб і прамовіў:
— Ну, здаецца, усё... А спрытна ён умеў мячом... Цяпер ваяводу шукаць. Хутка!
У сярэдзіне памяшканьня, у якім адбывалася гэтая кароткая бойка, горача палала жароўня. Наўкола валяліся ў бязладзьдзі розныя клешчы, скобы, шворны — катавы прылады. Каля аднае сьцяны высілася маскоўская дыба й вісеў таўсьценны бізун. Далей на сьценах — паразьвешаныя розныя гакі, ланцугі, петлі, абручы. У куце ўзвышаюцца ціскі для крышэньня косткаў...
У супрацьлежнай сьцяне — чарнее вузкая шчыліна праходу. Адтуль даносіцца лязганьне ланцугоў і стогны — там сядзяць вязьні.
Асьвятляючы сабе дарогу паходняй, Кандрат і Кірым кінуліся туды. Па баках праходу цямнеюць некалькі дубовых дзьвярэй з квадратовымі дзіркамі, у якія мог пралезьці чалавечы кулак. Адтуль выглядалі насьцярожаныя, змучаныя вочы. Нявольнікі, хаця й чулі гукі бойкі, аднак ня ведалі, што гэта мае значыць, і таму маўкліва сачылі за ўзброенымі незнаёмцамі. Стогны заціхлі. Думка аб тым, што гэтыя незнаёмцы нясуць волю, паветра й радасьць, не прыйшла нікому зь іх у галаву.
— Гэй! — павярнуўся да адной дзіркі Кандрат. — Дзе тут замкнулі ваяводу Фёдара з Грозава?
Нявольнік адразу адступіў у цемру. Толькі забразгацелі ланцугі...
— Гэй, не дурыся! — гукнуў Кандрат у дзьверы. — Пытаюся цябе, дзе тут ваявода Грозаўскі?
— Калі гэта той, што да яго сам пан Януш прыходзіў, — пачуўся голас з суседніх дзьвярэй, — то ён тут, побач... Наступна за мною... Слабы надта...
Абодва пасьпешна кінуліся да ўказаных дзьвярэй.
— Ваша Сьветласьць?.. Ваша сьветласьць, вы тут?
У адказ пачуўся слабы стогн.
— Ваша Сьветласьць, гэта я, Кандрат Тур... І Кірым тут... Ваша сьветласьць...
— Ты кажы зашмат! — раззлаваўся Кірым. — На сякера, сякай! Ваявода слабы!
— А ці вам, шляхетныя рыцары, пан гараднічы ключоў ня даў? — пачуўся йзноў той жа голас.
— Якія тут, да д'ябла, ключы! — прабурчэў Кандрат. — Ты кажаш, што ключы ў гараднічага?
— Так, пане рыцар!
— У гэтага Лазінскага ці Лазоўскага, ці чорт яго бацьку ведае як яго там? Га?
— Ну так, у вяльможнага пана Лазінскага... — асьцярожна адказаў голас, уласьнік якога, відаць, пачынаў здагадвацца, зкім гаворыць, аднак баяўся верыць у такое шчасьце.
Кірым бегма кінуўся да распластанага шляхціца й хутка вярнуўся, грукочачы кальцом з ключамі...
Ваявода Фёдар ляжаў у куце на ахапку гнілой саломы. Схудзелы яго твар густа зарос валасамі й пакрыўся брудам. Безуладныя рукі — нерухома выцягнутыя ўздоўж цела. Чорныя бранзалеты кайданоў вылучаліся на тле белае скуры. На Фёдары былі надзетыя грубыя палатняныя порткі, брудныя й падзёртыя. Ні кашулі, ні чаравікоў... Можна было падумаць, што гэта ляжыць высахлы труп, каб не палаючыя шчасьцем вочы ды зубы, прыадкрытыя ў слабой усьмешцы.
Кандрат і Кірым упалі на калені перад сваім ваяводай і пакрылі ягоныя рукі пацалункамі. Буйныя сьлёзы каціліся па шчаках усіх трох.
— Ваша Сьветласьць, нарэшце... — стагнаў Кірым, пераборваючы горкія спазмы ў горле. — Нарэшце мы адшукалі цябе...
— Кандраце... піць... — ледзь чутна прашаптаў Фёдар.
Кандрат стрымгалоў кінуўся шукаць вады, а Кірым загрымеў ключамі, адмыкаючы жалезныя бранзалеты з рук і ног палоннага.
Напіўшыся вады, ваявода падбадзёрыўся. Голас яго памацнеў, рукі адчулі прыліў сіл, і ён паспрабаваў устаць. Аднак згэтага нічога ня выйшла.
— Колькі гэта часу прайшло? — спытаў ён.
— Каля двох тыдняў, Ваша Сьветласьць, — адказаў Кандрат, падымаючы ваяводу на рукі.
— А як я аслабеў за гэты час... — зьдзівіўся Фёдар. — Нават на ногі не магу ўстаць, — і, павярнуўшыся да Кірыма, загадаў: — Паадмыкай рэшту вязьняў!
Вызваленыя людзі са сьлязьмі шчасьця на вачах кідаліся цалаваць Кірыму рукі й ногі. Сівенькая бабулька ўвесь час хадзіла за ім сьледам і паўтарала:
— Сыночак ты мой родненькі, век буду Богу за цябе маліць, дарма што ты татарын...
Кірым адмахваўся ад яе, як ад мухі, і пасьпешна працаваў ключамі.
Кандрат тым часам знайшоў такой-сякой вопраткі й напрануў яе на ваяводу, адначасна расказваючы яму ўсё, што адбылося.
Кавалак хлеба падмацаваў ваяводу й даў яму сілы ўстаць наногі.
Зь цёмнага праходу пачалі вылазіць брудныя, змучаныя людзі й накіроўвацца да выхаду. Аднак Кандрат заступіў ім дарогу і, заглушаючы іхныя радасныя, узбуджаныя галасы, загаварыў:
— Слухайце, людзі! Куды ж вы? Спачатку апраніцеся! Хтож то бачыў, босымі на сьнег ды мароз? Ноч там. Ды зброю прыхоплівайце, там на гары бой ідзе! Сыч з апрышкамі замак бярэ, дык падтрымаеце яго, па панах з тылу ўдарыўшы. І не сьпяшайцеся выходзіць, я першы пайду! Зразумелі? Зьдзірайце лахі з гэтых душагубаў! — паказаў ён на забітых. — Яны ім ужо не патрэбныя.
— Слухай, Кандраце, ты сказаў, што Сыч замак бярэ? Гэта які Сыч? Можа той, на якога Васіля паслалі?
— Той самы! Каб ня ён, дык вавек нам бы Вашай Сьветласьці не знайсьці! Малайчына Сыч! Шкада толькі, што ў апрышках ён...
Фёдар задумаўся. Маўчаў і Кірым. Каля іх сабраліся ўсе вязьні, узброеныя хто чым — жалезныя скобы, кавалкі ланцугоў, дзьве сякеры, два мячы, дошка ад лавы... Усіх было чалавек каля дваццаці — змучаныя й слабыя, але рашучыя. Бабулька й тая ўзброілася — дрыжачай рукой заціскала востры ражон, на якім каты смажылі мяса над жароўняй.
Рушылі да выхаду. Першым ішоў Кандрат, падтрымліваю чы ваяводу. За ім Кірым з узьнятай паходняй і рэшта вязьняў.
Па меры таго як падымаліся па сходах, усё выразьней даносіўся гуд бойкі. Нэрвовыя дрыжыкі прабілі кожнага.
Кандрат прыслухаўся каля дзьвярэй і памаленьку адсунуў засаўку. Адчыніў дзьверы. Сьвежае марознае паветра й грукат бойкі ўварваліся ў глухія сховы вежы. У ваяводы закруцілася ўгалаве, і ён страціў прытомнасьць.
Кандрат узваліў яго на плячо й, выцягнуўшы меч, крочыў наперад. Кірым не адставаў, зорка ўглядаючыся ў бакі.
Натоўп ап'янелых вязьняў, ня ў сілах стрымаць радасны гогат, вываліў зь ненавіднае вязьніцы. Слабейшыя падалі непрытомныя, мацнейшыя хісталіся на нагах, як п'яныя. Упала й бабулька, моцна заціснуўшы свой ражон. Але людзі хутка падымаліся й гуртаваліся ў купу, каб ударыць па гайдуках, абабулька так і засталася ляжаць, яе сівыя, як сам сьнег, валасы рассыпаліся па сьнезе. Ня вытрымала старэнькае сэрца, не ўтрымалася душа ў змучаным, кволым целе...
Кандрат і Кірым, аддзяліўшыся ў цемры ад грамады вязьняў, моўчкі падаліся да сходаў на мур.
Раптам ад муру аддзялілася людзкая постаць. Кандрат занёс над галавой меч. Кірым выхапіў кінжал...
— Дзядзька Кандраце, — пачуўся шэпт, — гэта я, Міколка. Я вас адразу пазнаў...
На душы ў Кандрата зрабілася неяк лёгка-лёгка, як бы вялізны цяжар зваліўся з плеч, і ён спытаў:
— Што ж ты тут робіш, басяк? Дзе Францішак?
— Ня ведаю дзе. Пабёг... Загадаў вас чакаць і во, меч даў, каб дапамагаў вам. А я носа разьбіў...
Кандрат усьміхнуўся. Рушыўшы ўжо дагары па сходах, ізноў запытаў:
— Як жа ж гэта ты, з носам? Чаго пад ногі не глядзіш?.. Баліць?
— Ужо не... Гэта ж вы тут нараскідалі забітых, а я й разьбіў. Дзядзька Кандрат, а дзе ваявода?
— Тут ён, тут, сынку. Ты памаўчы трохі. Добра?
Улезьлі на мур. Прымацавалі вяроўку. У гэты час, па падворку пранеслася група коньнікаў, бразгаючы панцырамі й зброяй...
Першага спусьцілі Міколку, за ім непрытомнага ваяводу. Кандрат злазіў павольна, затое Кірым проста скаціўся, мала не папаліўшы сабе далоняў. Цемра ночы праглынула маўклівыя постаці, якія аддаляліся з каштоўнай ношай.
А бітва працягвалася...
24. ДУША
Конны разьезд, высланы Васілём, рысьсю набліжаўся да Камянца. Густая непраглядная цемра шчыльнай завесай агарнула зямлю. Пушча маўчыць, ні гуку. Скача аддзел, толькі рэха таямніча й гнятліва туруе яму.
— Што за нячыстая сіла? — мармыча пярэдні коньнік, азіраючыся па бакох. — Зьвечару, здаецца, зоркі пачалі паказвацца, чыстае неба было. А зараз якая трасца іх пабрала?.. Ці мо' хмары панаперла, ці як?
Аддзел сьпяшаецца. Дый хто не сьпяшаўся б у такую цёмную ноч сярод бясконцай засьнежанай пушчы? Жудасна...
Уперадзе на небасхіле пачынаюць невыразна мігацець зарніцы. Паступова павялічваючыся, чырвоны водсьвет пакрывае край неба. Крывавая зара трапятліва снуецца ў хмарах.
— Пажар ці што? — стрымлівае каня пярэдні коньнік.
— Ці не ў Камянцы? — пагаджаецца другі. — Мо' зноў апрышкі?..
Аддзел затрымоўваецца й нерашуча топчацца на дарозе. Што рабіць? Ці заварочваць і падымаць сотню, ці праехаць далей і даведацца, што гарыць?
У гэты момант асьляпляльна ўспыхвае бліскаўка, і нізкі раскацісты ўдар уструхвае паветра...
— Сьвят, сьвят, сьвят, — хрысьціцца дзясяцкі. — З намі хрэсная сіла... Гані да Васіля, — паварочваецца ён да свайго суседа, — а мы трохі далей праедзем... Сьвяты Божа, Сьвяты Несьмяротны, зьлітуйся над намі...
Адзінокі коньнік адразу выносіцца з аддзелу галопам і зьнікае ў цемры. Рэшта насьцярожана прыслухоўваецца да заціхаючага цокату падкоў і нясьмела рухаецца далей.
Водбліскі пажару злавеснымі пералівамі гуляюць па хмарах, то ўспыхваючы, то згасаючы.
На дарозе робіцца відней. Чырваньню іскрыцца сьнег. І раптам, зусім неспадзявана, абрываецца лес. Уперадзе разьлегла ся засьнежаная раўніна, асьветленая пажарам. Гарыць замак! Чырвонай дзіркай, як вялізарная пашча нейкага страшыдлы, выскалілася брама... Даносяцца няясныя крыкі й гукі бойкі. Натле пажару відаць, як на мурох мітусяцца ўзброеныя людзі...
— Прасьвятая Багародзіца... Гэта яны, апрышкі... — шэпча дзясяцкі й, павярнуўшыся да аднаго з вояў, загадвае: — Гані й ты ў Турна! Ды скажы, каб коней не шкадавалі...
* * *
Ваявода Фёдар прачнуўся, калі ўжо шарэў ранак. Яго першапачатковая непрытомнасьць непрыкметна перайшла ў моцны асьвяжальны сон. Не разумеючы, дзе ён знаходзіцца й што зь ім робіцца, ваявода скінуў зь сябе цёплы кажух, ад якога прыемна пахла хлебам і аўчынай, сеў і агледзеўся. Вакол глухі лес. Некалькі наладаваных вазоў і саней мірна пазадзіралі дагары аглоблі. Асядланыя коні, папрывязаныя да дрэваў, супакойна жуюць сена. Непадалёку гарыць невялікае вогнішча, над якім вісіць апэтытна паруючы казан. Наўкола сядзяць узброеныя людзі й гавораць у паўголаса...
Ваявода абмацаў сваю пасьцель: сані высланыя пахучым сенам і прыкрытыя мяккай раднінай... І тут толькі прыпомніў сабе ўсё, што здарылася ўчора. Буйная радасьць ахапіла душу: ён вольны! Сярод сваіх! Божа! Як гэта добра, як радасна адчуваць сябе вольным! Удыхаць поўнымі грудзьмі сьвежае, марознае паветра!..
Ваявода падняўся на ногі й зрабіў некалькі крокаў. У галаве закружылася ці то ад шчасьця, ці то ад слабасьці...
Даўно ўжо ня мог ён вось так крочыць па зямлі, па сьнезе туды, куды хацелася, прыкуты ланцугом да сьцяны ў вечнай цемры сьмярдзючае вязьніцы. Набраў у прыгаршчы сьнегу й расьцёр ім гарачы твар, яшчэ раз і яшчэ...
— Гляньце! Ваявода!.. — пачуўся звонкі дзявочы голас.
Людзі каля вогнішча паўскоквалі, паздымалі шапкі. Сярод іх ваявода пазнае Кірыма й Кандрата. Побач зь імі стаіць зусім малы хлапчук з шырака раскрытымі вачыма. Далей — прыгожая дзяўчына ў кальчузе й зь мячом пры баку, тры незнаёмыя воі і перастрашаны дзед — з выгляду чаляднік.
Фёдар падсеў да вогнішча. Запрасіў сядаць рэшту й, трохі памаўчаўшы, прамовіў:
— Дзякую вам, добрыя людзі! Хто з вас Сыч?
— Яго тут няма, Ваша Сьветласьць, — адказаў Кандрат. — Затрымаўся нешта... Можа, і сапраўды Камянец узяў, а можа, не давядзі Бог, і...
— Што «і»?..
— Можа, здарылася што, кажу.
ваявода спахмурнеў і змоўк. Доўга ўглядаўся ў гарачыя вуглі. Потым абвёў цяжкім дапытлівым паглядам прымоўклых людзей і загадаў:
— А ну, Кандраце, скоч-ка да Камянца ды пабач. Можа, ісапраўды прыйдзецца ў Берасьце гнаць за падмогай... Не пакіну я Сыча ў бядзе!
Кандрат адразу ж ускочыў, накінуў свой плашч, адвязаў каня й хутка зьнік з вачэй у гушчары.
Твары прысутных паясьнелі, заўсьміхаліся. І, гледзячы на радасную ўсьмешку Дашы, ваявода ўспомніў Марылю. Моцна закалацілася сэрца, і шырокая прыветная ўсьмешка сама зьявілася на вуснах.
Кірым падкінуў у вогнішча дроваў. З трэскам узьвілося полымя.
Падмацоўваючыся гарачым ворывам, ваявода распытваў апрышак аб іхным лёсе, які штурхнуў іх на шлях беззаконьня. Жаль і пашана да гэтых няшчасных агарнулі яго сэрца, калі ён услухваўся ў іхныя жудасныя апавяданьні аб зьдзеках і пакутах, якія прыйшлося выцярпець ад Ягайлавых паплечнікаў гэтым простым і шчырым сялянам.
Кандрат не вяртаўся...
Ваявода пасьпеў пераапрануцца, выбраць зброю з запасаў Сыча й з дапамогай Кірыма падправіць бараду й вусы так, што хутка прыняў выгляд, належны яго асобе (да вялікага задавальненьня Міколкі, які ніяк ня мог паверыць, што гэта й ёсьць ваявода).
Сабраліся пасылаць ужо другога ганца, калі зь лесу данесьліся галасы людзей і фырканьне коней. Гэта быў Кандрат у суправодзе дзесяці капейшчыкаў на чале з самім Васілём.
Убачыўшы ваяводу, слаўны Сотнік саскочыў зь сядла й бегма кінуўся насустрач. Фёдар чакаў з працягнутай рукой...
— Ваша Сьветласьць! Ці не пасьніў я гэта? — ускрыкнуў Васіль, паціскаючы працягнутую яму руку. — Ці гэта сапраўды ўсё дзеецца? А мо' я яшчэ сплю?..
— Не, Васіль, ня сьпіш!.. Як ты трапіў сюды?
— Гэтага ж душагуба, Сыча, ганяў! Па сьледзе ягоным і ўКамянец прыйшоў. Дзякаваць Богу, што хаця Ваша Сьветласьць жывы й здаровы! Дорага ён заплаціць за гэта, пракляты ліхадзей! Каб мая воля, дык на мейсцы павесіў бы...
— Пачакай! — перабіў ваявода. — Каго?
— Вядома каго, Сыча!
— А каб мая воля, — запярэчыў Фёдар, — я б яму зь мейсца залатыя шпоры й пас даў!
— Як шпоры й пас? Сычу?.. Ён жа толькі сёньня ўночы Камянецкі замак захапіў, будынкі папаліў, залогу перабіў і мала Прышынскага не павесіў...
— ...А мяне з камянецкага падзямельля выратаваў!
— Так! — дадаў Кандрат. — Каб ня Сыч, мы з Кірымам нічога не парадзілі б!.. А Прышынскі — варты шыбеніцы...
Васіль разгублена перавёў позірк з усьмехненага ваяводы на Кандрата, на Кірыма і далей на сваіх зьбянтэжаных вояў. Ённічога не разумеў.
— Як жа ж так?
— А сам Сыч табе нічога не расказваў?
— Не...
— Сыч думай, што ты кунак [36] з Прышынскі... — зарагатаў Кірым.
— Можа й так. Але вось слухай... — і ваявода коратка расказаў усё, што здарылася за гэтую ноч.
— Што ж ты мне адразу не сказаў, стары дурань?! — накінуўся Васіль на Кандрата.
— А я ледзь-ледзь утрымаўся, каб не перавешаць апрышак на мурох замку. А той, Сыч, таксама цаца — маўчыць як вады ўрот набраў... Там нейкі манах яшчэ, прыглушаны й абапалены...
— Ці жывы ён? — не ўтрымалася Даша, хапаючы Васіля за руку. — Што зь ім?
— Здаецца, жывы яшчэ, але Прышынскі надта ўжо прасіў, каб яго першым павесіць. Кажа, што толькі празь яго Камянец і паў, — адказаў Васіль. І раптам павярнуўся да аднаго са сваіх вояў. — Гані што ёсьць духу ў замак! Ды дапільнуй, каб там безь мяне чаго ня здарылася!.. Прышынскага — пад варту!
* * *
Вестка аб тым, што Сыч злоўлены, з Камянца хутка разьнеслася па ваколіцы, і каля брамы замку сабраўся вялікі натоўп сялян. Людзі пахмура заглядалі на падворак, дзе маўкліва тоўпіліся зьвязаныя апрышкі, абкружаныя суровай вартай. Учарашнія вязьні, вызваленыя Кандратам і Кірымам з сутарэньня, былі тут жа. Ніхто не даваў ім веры, што яны не апрышкі...
Пагарэлыя стайні й грыдніца дымілі. Груганьнё хмарай кружылася над галавой, прыглядаючыся да павешаных і забітых.
Узброеныя коньнікі й пешыя шчыльна ахоўвалі подступы й муры замку.
Ваявода Фёдар ехаў у санях, ня маючы яшчэ сілы сесьці ўсядло. Васіль і яго людзі конна ахоўвалі сані, ахапіўшы іх паўколам. Даша й Міколка трымаліся бліжэй да Кандрата й Кірыма. Рэшта апрышак і палонны чаляднік засталіся ў лесе пры абозе.
Ад натоўпу сялянаў аддзялілася невялікая група старых і паважнай нясьпешнай хадой накіравалася насустрач ваяводу.
Коньнікі Васіля з пахіленымі дзідамі адразу шчыльнай лавай засланілі дарогу.
— З дарогі! — закрычаў Васіль, выцягваючы меч. — Не затрымлівай!
Дзядзькі паскідалі шапкі, але засталіся на дарозе. Упарта глядзелі на Васіля, не зьвяртаючы ўвагі на вострыя наканечнікі дзідаў.
— Чаго хочаце, людзі?! — гукнуў ваявода, знакам стрымліваючы разгневанага сотніка, гатовага зьмесьці з дарогі гэтую неспадзяваную перашкоду.
— Да шляхетнага пана рыцара мы, — указаў на Васіля пярэдні высокі дзед. — Паведамляюць людзі, што злавіў ён Сыча. Дык мы ўсёй грамадой прыйшлі...
— Так! Праўду кажа... — загула рэшта барадачоў.
— Ну й чаго хочаце? — злосна ўскрыкнуў Васіль.
— Госпадам Богам просім, — упаў на калені дзед, — аддай нам яго, Сыча гэнага. Павесіць чалавека ня штука, то й пан Прышынскі ўмеў, колам яму зямля, без суду й праўды. А ты ад гаспадара нашага, Вялікага Князя Вітаўта, закону й праўды абаронцам пастаўлены... Аддай нам яго — Сыча, знацца, — амы капой і суд учынім... Як Бог сьвят, рассудзім... Нікому крыўды дарэмнай ня зробім. Пэўна, ты сілу й моц маеш, але роду ты літоўскага, і звычаю літоўскага ламаць ня можаш! Ад дзядоў і ад прадзедаў ён!.. Каб не ў Камянцы ты на яго натрапіў, дык і размовы не было б, а так, не дай граху на душу прыняць. Каб не было сорамна ўнукам і праўнукам за нас...
Ваявода Фёдар заўсьміхаўся, але Васіль раззлаваўся яшчэ болей і гукнуў:
— Дай дарогу! Сам гаспадар судзіць яго будзе! Ня вашага розуму справа!
— Дык, сам ня будзеш яго вешаць?..
— Кажу, што не! Дай дарогу! — і Васіль крануў каня.
Дзядзькі нерашуча расступіліся. Запярэчваць аўтарытэту Вялікага Князя не адважваліся.
— Слухай, стары! — раптам гукнуў ваявода. — Ці вашых камянецкіх тут у падзямельлі не было часам?
— Як не было... Чалавек зь пяток. Мая Аглая таксама...
— Хадзі-ка сюды, на сані, ды раскажы!
Дзед баязьліва зірнуў на грознага Васіля, ня ведаючы, хто гэты худы й бледны чалавек у санях.
— Ідзі, калі кажуць! — стрымліваючы ўсьмешку, сурова падбадзёрыў Васіль.
Дзед асьцярожна прайшоў праз ланцуг капейшчыкаў і нясьмела прысеў на краёчак саней.
Рушылі.
— Ну а зараз, — уздыхнуў Фёдар — раскажы, чым твая Аглая ўгнявіла Прышынскага?
— А ты хто будзеш, добры чалавек?
— Кажы, кажы, ня бойся.
Адчуваючы сябе як бы палонным, дзед не знаўшоў нічога лепшага, як распавесьці:
— Угнявіла, кажаш, добры чалавек? А ты вось паслухай, тады й мяркуй, угнявіла ці не. Яно, вядома, кожны сваё правіць... кожны сваю праўду шукае, але Гасподзь Бог усім людзям аднолькавы закон даў... Мая Аглая — кабета жвавая і на язык вострая. Ані супраць мяне, ані супраць каго іншага не змаўчыць. Але, дзякаваць Богу, пражылі мы зь ёй свой век не наракаючы... Унукаў дачакаліся, ды й праўнукі хутка пойдуць... Ад людзей злога слова ня чулі, толькі дзякуюць. Яна, бачыш, добры чалавек, суседзяў лекавала — каму пуп забаліць, у каго скула якая, ці часам у плячох ламота, рознае... Зёлкі ды карэньчыкі зьбірала, а яно й дапамагае. Усё чыстае зельле, бяз чараў, ты ня думай... Люд з цэлае ваколіцы да нас ішоў... Казаў ёй, што не давядзе гэта да дабра, але-ж дзе ты кабету пераломіш — правіць сваё, і ўсё тут. Прачуў пра тое Прышынскі — пра лекаваньне, знацца, — а ў яго на тое ліха сабака занядужаў. Ну прывёз ён яго, сабаку свайго, — вялізарны такі, аж страх зірнуць... Шум з мысы пускае ды енчыць, лапамі тузае. Думаю — за дзень-другі здохне. А яна ўзялася каля яго, і ўдзень і ўноч поіць розным зельлем... аж праз тыдзень ачуняў сабака. За Аглаяй ходзіць, хвастом матляе як памялом — палюбіў, знацца... Забраў Прышынскі сабаку, надзякавацца ня мог, тры чырвонцы заплаціў... Аж праз тыдзень скача, злосны як чорт, і гайдукі зь ім. Кажа: зачаравала майго Ваграя, чараўніца, за тое й загрызьлі яго ваўкі... Ды бізуном Аглаю, бізуном... А яна ў крык — вядома, кабета — ды й абзаві яго душагубам. Яно вядома, пасьля хваробы сабака слабы, не парадзіў ваўкам, ну й заелі... Якая ж тут чараўніца? Наскочылі гайдукі, скруцілі і ў замак пацягнулі... Адтуль і ня бачыў яе... Зь леташняе зімы...
Стары замоўк. Непамерны жаль выклікала ягоная згорбленая, насьцярожаная постаць. Ваявода нават не знайшоў для яго словаў уцехі і сумна адвярнуўся. Было страшэнна сорамна, што ў Вялікім Княстве Літоўскім могуць рабіцца падобныя рэчы. На адзін момант пашкадаваў, што адвёў Вялікага Князя ад вайны з Польшчай, бо з Польшчы йшло гэтае свавольле й раскілзанасьць шляхты...
— Ваша Сьветласьць! — пачуўся голас Васіля. — Прыехалі!
Фёдар страпянуўся, агледзеўся. Сані стаялі ў падворку замку.
— Сыча!
Капейшчыкі мігам выканалі яго загад, і ваявода ўбачыў перад сабою маладога рослага мужчыну са сьмелым і дзёрзкім позіркам.
— Ты Сыч?
— Я, Ваша Сьветласьць!
Ваявода вылез з саней і, пераразаючы матузы на руках атамана апрышак, прамовіў:
— Дзякую! Шкада, што не ў маёй волі адпусьціць цябе, аднак зраблю ўсё магчымае, каб палегчыць твой лёс!
— Дзякую, Ваша Сьветласьць, але я не адзін...
— Ведаю! І што змагу, тое зраблю! — і, указаўшы на сычанятаў, загадаў: — Зьняць матузы й павялічыць варту! Дзе Прышынскі?
— Сюды, ваша сьветласьць, — указаў вартавы на панскі будынак.
Стары селянін, бачачы, зь якой пашанай і паслухмянасьцю ўсе выконваюць загады й жаданьні «добрага чалавека», які раптам стаў «Вашай Сьветласьцю», спалохаўся, а пры імені Прышынскага перастрашыўся зусім. Дасюль ён быў пэўны, што Камянецкі пан ужо не жыве. А тут на табе... І першым яго рухам было падацца ўбок, падалей ад ліха. Аднак ахова ваяводы рашуча засланіла дарогу й даволі недвухсэнсоўна дала зразумець, што без дазволу адыходзіць нельга.
— Прапаў цяперака й я... — прашаптаў перастрашаны дашчэнту дзед, ідучы сьледам за Фёдарам.
Паспрабавала адлучыцца й Даша, а й у яе нічога ня выйшла. Аднак яна выявілася адважнейшай за дзеда й, злавіўшы ваяводу за плашч, ускрыкнула:
— Ваша Сьветласьць, дазвольце Францішка знайсьці... Ён уманаха перабраны...
— Ідзі! — згадзіўся Фёдар. — Кірым, дапамажы ёй!
— Ён, здаецца, вунь у той клуні! — крыкнуў Васіль выпраўленай пары. Дзед з зайздрасьцю й зьдзіўленьнем пачухаў патыліцу й прамармытаў:
— А мне, бачыш, Аглаю й няможна пашукаць. Знаць, нагаварыў я задужа, ліха матары...
Прышынскі пад аховай двох капейшчыкаў нерухома сядзеў у той жа залі, дзе яшчэ так нядаўна вячэраў у кампаніі пана Януша й Лазінскага. Чакаў ваяводу і ў глыбіні душы спадзяваўся, што, можа, ён не прыедзе, што гэта ўсё проста так... Шкадаваў страшэнна, што не паслухаў Януша й ня ўцёк своечасова, а цяпер ужо запозна... А можа, не запозна?.. Можа, яшчэ ня ўсё згублена? Што калі раптам схапіцца зь мейсца, сарваць са сьцяны меч ці сякеру й паспрабаваць вырвацца на волю ды ўцякаць у Кракаў, пад апеку караля? Але дзе там... Як прарвесься праз поўны падворак войска?! Іх там поўна й на мурох, і каля брамы, і за мурамі... Усюды...
Расчыніліся дзьверы. Прышынскі здрыгануўся й безуладна сасьлізнуў з крэсла на калені... Заенчыў:
— Прабач... ваявода!.. Прабач, нехаця я... Пад прымусам... Ох, моцы маёй няма... Прабач... Вінен я, вінен... Халопам тваім буду, конюхам... Прабач... Зьлітуйся...
На парозе стаяў ваявода Фёдар, грозны й няўмольны. Вочы яго гарэлі, шчокі — упершыню пасьля вызваленьня — пакрыліся бледным румянцам. Побач зь ім — Васіль са злоснай і пагрозьлівай усьмешкай, чырвоны рубец на шчацэ пабарвавеў і разьдзьмуўся. Далей бачныя — Сыч, Кандрат і некалькі драпежна вострых дзідаў.
Ваявода падышоў да палоннага. Ад агіды й нянавісьці дрыжэлі рукі — так і хацелася з усяго размаху ўліць ботам у гэты спатнелы, перастрашаны твар з абвіслымі дрыжачымі вусамі. Ітолькі гонар драба ўтрымаў Фёдара ад гэтага ганебнага ўчынку. Палонны пакараны ўжо тым, што ён палонны. А ўперадзе мусіць быць суд...
— Дзе Каралеўскія граматы? — ледзь чутна запытаў ваявода. Гнеў яму перашкаджаў гаварыць.
— Усё ёсьць, Ваша Сьветласьць... Усё схаронена... Наверсе ў капліцы, там граматы, там і панцыр Вашай Сьветласьці, і пас, і шпоры, і шчыт... І ўсё… — па шчаках Прышынскага каціліся сьлёзы. — Прабач, ваявода... Пашкадуй... Не губі...
Ад такога абароту дзед адразу пасьмялеў і, кашлянуўшы для большай адвагі, папрасіў:
— Ваша Сьветласьць, калі ласка, спытай, дзе мая Аглая. Ёнведае!
— Прабач, ваявода... Гэта ня я вінен... — маліў далей Прышынскі, не зьвяртаючы ўвагі на дзеда. — Пан Януш настаяў...
— Чуеш, быдліна, што стары пытае? Адказвай яму! — заціскаючы кулакі, загадаў Васіль.
Прышынскі пасьля арышту сычанятаў пасьпеў агледзець увесь замак ды бачыў Аглаю, і таму, не адказваючы на пытаньне, падпоўз да ваяводы й кінуўся цалаваць яму боты.
Фёдар з агідай адступіў і выразна зірнуў на вартавых. Аднак воі не пасьпелі — Васіль злосна штурхнуў палоннага нагой і, ня ў сілах стрымаць накіпелы гнеў, раўнуў:
— Адказвай, падла! Дзе яго кабета?
— Яна... Яна тут недалёка... Каля вежы...
— Якой вежы?
— Там, дзе вязьніца... Ох... Даруйце мне... Даруйце!..
Дзед паважна пакланіўся ваяводу й запытаў:
— Дазволь мне, Ваша Сьветласьць, пайсьці да Аглаі? Знудзіўся я за ёю, дый да хаты йсьці пара...
— Пачакай, стары! — запярэчыў ваявода. — Зараз разам пойдзем. Я й сам на вязьніцу зірнуць хачу. — І, павярнуўшыся да Васіля, загадаў: — Каля капліцы выставіць варту! Прышынскага ў кайданы!.. Паедзе да гаспадара на суд! — і рушыў да выхаду.
На хаду ён зьвярнуў увагу на хлапчука, які, раскрыўшы рот, прагавіта ўглядаўся ў адзін з малюнкаў на сьцяне. Хлапчука гэтага ваявода ўжо ведаў зь лесу, але захапленьне, зь якім ён прыглядаўся да кожнае рыскі на палатне, яго зацікавіла. І,клікнуўшы Кандрата, Фёдар запытаў:
— Чаго гэта ён так? Нават і ня чуе нічога.
— А ён, Ваша Сьветласьць, хворы на маляваньне. Які пень ці кавалак бяросты ніколі не прапусьціць, увесь да чарнаты абмалюе. Торбачку з вугалём за сабою носіць... Нават есьці забываецца, усё малюе.
— Міколка, — ласкава гукнуў ваявода.
Хлапец не варухнуўся.
— Міколка! — лаўчэй гукнуў ваявода.
Хлапец уздрыгнуўся, нібы абуджаючыся раптоўна ад салодкага сну, і з выразам жалю зірнуў на Фёдара.
— Міколка, ты любіш маляваць?
— Так, Ваша Сьветласьць, вельмі...
— А пакажаш мне, як ты малюеш?
— Я ня ўмею, Ваша Сьветласьць... Хацеў дзядзьку Кандрата намаляваць, ды не магу...
— Зможаш, Міколка, прыйдзе час... А зараз, хадзем!
Міколка радасна ўсьміхнуўся і, рушыўшы сьледам за ваяводам, паказаў Прышынскаму языка...
На замкавым пляцы ўсё выглядала йначай, чым перад прыездам ваяводы. Сычаняты, разьмясьціўшыся на купах гальля й саломы, з апэтытам падсілкоўваліся салам, каўбасамі й шынкамі, здабытымі ў замкавых склепах. Адтуль жа дасталі піва, мёд і віно. Варта, хаця й шчыльная, аднак прыязная, абменьвалася з апрышкамі жартамі, і над пляцам лунаў раскацісты рогат.
Каля клуні зь бярвеньня стаяў зьбянтэжаны Кірым, ня ведаючы, ці йсьці шукаць ваяводу, ці заставацца й надалей пры Дашы й Францішку.
Чорная гармата панурай пашчай пазірае на браму — ёй так і не ўдалося вырыгнуць зь сябе агонь і сьмерць.
Накіроўваючыся да вежы, ваявода паклікаў Кірыма. Той зрадасьцю падбег.
— Ну? Знайшлі?
— Так, Ваша Сьветласьць, але ён дрэнь, шабаш... Даша плакаць шмат... Францішка вашу сьветласьць пытае... Перад сьмерць мая, кажа, ваяводу пабачыць хачу...
У гэты час падышлі да вежы. Хмурная яна, пачарнелая й жудасная. Чорнай плямай чарнее адтуліна дзьвярэй...
Ваявода ўздрыгнуў. На сьнезе распласталася невялічкая жаночая постаць. У руцэ заціснуты ражон...
Выпярэджваючы ваяводу й пошт, уперад кінуўся дзед і ўкленчыў перад бабулькай.
— Аглая! Аглаша!.. Як жа ж так?.. А як жа дахаты? — замармытаў бядак. — Даў Бог, добрыя людзі прыйшлі, а ты... Аглаша... — дзед уздрыгваў, як у ліхаманцы, прыціскаючы да грудзей скарчанелае цела сваёй жонкі. — Аглаша... Ня трэба... Унучаткі там чакаюць... Ня трэба, Аглаша...
Па шчаках ваяводы пакаціліся буйныя сьлёзы. Васіль адвярнуўся й кусаў сабе вусны. Яму было бясконца сорамна перад гэтым сівым дзедам, якога ён зусім яшчэ нядаўна наважваўся таптаць канём... Кандрат моргаў вачамі й сіліўся праглынуць горкі камяк, што заціскаў горла. Кірым, Сыч і капейшчыкі голасна сапцелі насамі... Міколка ўткнуўся тварам уКандратаў плашч і плакаў наўзрыд. Яму раптам прыпомніў ся ягоны дзедка Макар — сьляпы гусьляр — такі ж сівы, як і гэтая бабулька. Толькі тады ў дзеда была расьсечаная галава, ініхто над ім ня плакаў, а багаты рыцар выкрыкваў праклёны...
Дзед замоўк. Ён прыгнечана згорбіўся, не спускаў вачэй са старэнькага закамянелага твару сяброўкі свайго доўгага жыцьця.
З-за рогу будынку, бразгаючы зброяй, выбег ваяр. Запыханы, ён падбег да ваяводы й, перавёўшы дух, выгукнуў:
— Ваша Сьветласьць, зь лесу паказалася войска!
Ваявода, прыгнечаны горам, адразу й не зразумеў, што ад яго хочуць, і моўчкі зірнуў на воя.
— Ваша Сьветласьць, зь лесу войска йдзе! Што рабіць скажаце?
— Войска? Якое?
— Няведама, Ваша Сьветласьць. Без харугваў...
— Шмат?
— З паўсотні будзе. Конныя.
Ваявода крута павярнуўся й закрочыў да брамы.
Конная паўсотня, не даяжджаючы да замку, спынілася, не рашаючыся наблізіцца. Было відаць, як пярэдні рыцар, засланіўшы рукою вочы ад сьнежнага бліску, прыглядаецца да замкавых вартавых. Другі коньнік нешта горача яму даказвае, размахваю чы рукамі.
Ваявода Фёдар выйшаў за браму й таксама зь цікавасьцю стаў прыглядацца. Ён адразу пазнаў рыцара ды яго суразмоўцу, але...
Раптам пачуўся ўскрык Сыча:
— Гэта ён! Ваша Сьветласьць, дазвольце...
— Хто ён?
— Ён! Той, каго я шукаю! Каму пакляўся адпомсьціць! Дазвольце, Ваша Сьветласьць?
— Адкуль ты яго ведаеш?
— Раскажу, Ваша Сьветласьць! Адкрыю сваю таямніцу... — вочы Сыча гарэлі. — Але дазвольце спачатку... Божа! Як я чакаў гэтага моманту! Ваявода!..
— Ну добра, — сумна пагадзіўся Фёдар. — Васіль, дай яму каня й зброю!
Сыч і Васіль бегма кінуліся да канавязяў, гукаючы на хаду за ахвотнікамі памерацца сіламі з палякамі. І не пасьпеў ваявода пашкадаваць за дадзены дазвол, як тры дзясяткі коньнікаў— з грукатам, выцьцём і сьвістам — вынесьліся з-пад скляпеньняў брамы. Некалькі конных вартавых далучыліся да аддзелу. Пешыя капейшчыкі сьпяшаліся не адстаць ад коньніцы. Сычаняты засталіся амаль бяз варты і натоўпам вывалілі за муры — паглядзець на блізкае пабоішча.
Але справа набыла якраз той кірунак, якога менш за ўсё спадзяваўся, але якога больш за ўсё прагнуў ваявода Фёдар. Яму было страшэнна шкада, што перамога над гэтым рыцарам зарліным крылом на шоламе можа выпасьці Сычу ці Васілю. І калі ён убачыў, што польская паўсотня завярнула, не прыняўшы бою, ды пасьпешна адыходзіць, — зрабілася неяк лягчэй на сэрцы. Значыць, яшчэ ёсьць надзея на будучае спатканьне...
Васіль і Сыч выперадзілі сваіх людзей. Пад гіканьне сычанятаў абодва, як вецер, нясуцца ў пагоню. Звыклыя коні напружваюць усе сілы. Зялёны плашч, здаецца, вось-вось сарвецца з плеч Васіля. Сыч коткай прыгнуўся ў сядле. Ён не спускае звачэй арлінага крыла, што мільгаціць наперадзе. Але адлегласьць між уцекачамі й пагоняй не скарачаецца. Палякі адыходзяць хутка... Вось яны схаваліся ў лесе...
Сыч спыняе запененага каня. За ім спыняецца Васіль. Пад'яжджае рэшта.
У замак варочаюцца не сьпяшаючыся. Васіль страшэнна ўзбуджаны, пот струменьчыкамі сьцякае яму на бараду, вочы— іскрацца.
— Шкада... Не здагналі, Ваша Сьветласьць! — вінавата выгуквае ён пад насьмешлівы гоман сычанятаў. — Коні ў іх лепшыя...
— А ці ведаеш, каго ты гнаў? — усьміхнуўся ваявода, употай зірнуўшы на пахмурага ад няўдачы Сыча.
— Не, ня ведаю. А хто гэта?
— Скажы яму ты, Сыч.
— Па імені ня ведаю й я...
— Дык ведайце абодва: Станіслаў — ваявода з Крэва! Адругі — ягоны паплечнік Януш зь Язерску!
— Як? — аж падскочыў Сыч. — Ваявода з Крэва? Значыць, гэты душагуб ваяводай у Літве? Ён паляк?
— Так, радавіты паляк, але Вялікім Князем Альгердам уКрэве пасаджаны.
— Падлюка! Так ён адплачвае за нашы хлеб...
— Во, во! Якраз падлюка, — пагадзіўся Ваявода Фёдар. — Гэта той, што ў сваім Крэве задушыў Вялікага Князя Кейстута! Што трымаў у вязьніцы самаго Гаспадара Вялікага Князя Вітаўта!..
— І той, што злачынна ўкінуў у лёхі Вашу Сьветласьць! — дакончыў Сыч. — Прабач, ваявода, ня меў я права лавіць яго. Вялікаму Князю й табе належыць ягоная скура... Хаця й мне ён нарабіў бяды вялікае...
— Ты абяцаў распавесьці.
— І распавяду! Загадай, каб нас саміх пакінулі. Не люблю я перад людзьмі свае раны выстаўляць... а табе, ваявода, раскажу. Паабяцаў з гарачкі... Але слова датрымаю!
Па загадзе Фёдара іх пакінулі ўдваіх, і Сыч прыцішаным голасам пачаў расказваць. Зь першых жа словаў Фёдар аж хіснуўся на крок, а калі Сыч скончыў, то абняў яго й тройчы пацалаваў.
— Калі станеш на суд гаспадарскі, я сьведчыць за цябе буду! А хто супраць скажа, на ўтаптаную зямлю клікну!..
Адведаўшы яшчэ Францішка, ваявода загадаў перанесьці яго й рэшту параненых у пакоі Прышынскага. Выслаў ганца ў Берасьце, бо перад ад'ездам трэба было паклапаціцца пра залогу замку, і пайшоў адпачываць.
Вечарэла. Шэры змрок ахутваў гаротную краіну, напоўненую злыднямі й забойцамі — чужымі й сваімі... Працягла завыў у лесе воўк. Пахла вясной…
Раніцай ваявода адчуў сябе зусім добра. Прыліў сілы й бадзёрасьці даў яму здольнасьць апрануць панцыр.
Выйшаўшы на падворак, убачыў Васіля, які перадаваў берасьцейскаму сотніку варту над замкам. Над брамай лунаў пад сьвежым ветрыкам берасьцейскі сьцяг — чырвоны з шэрай Пагоняй.
Усюды мітусіліся новапрыбылыя воі.
Абодва сотнікі адсалютавалі мячамі й падышлі да Фёдара.
— Ваша Сьветласьць, пасаднік берасьцейскі загадалі перадаць, што ад усёй душы цешацца вашаму вызваленьню ды жадаюць вам шчасьлівага й прыемнага падарожжа. Яго Сьветласьць моцна шкадуюць, што ня могуць прыехаць прывітаць і, адначасна, вылаяць Вашу Сьветласьць, — берасьцеец усьміхнуўся, — за вашую ўпартасьць. Яшчэ Яго Сьветласьць, пасаднік берасьцейскі, загадалі мне служыць і выконваць загады Вашамосьці, як і яго собскія. Чакаю загадаў! Мае рукі й меч да паслуг Вашае Сьветласьці!
Фёдар шчыра цешыўся, углядаючыся ў малады й прыгожы твар сотніка.
— Як тваё ймя?
— Тамаш зь Ліпкаў, Ваша Сьветласьць.
— Са шляхты?
— Не, Ваша Сьветласьць! З панцырных баяр.
— Не пасаваны?
— Яшчэ не, Ваша Сьветласьць, — як бы засаромеўся дзяцюк. — Але спадзяюся, што хутка вайна, можа тады...
— Памагай Бог! І я чым магу дапамагу.
— Дзякую, Ваша Сьветласьць!
— А зараз слухай, Тамашу! — зьмяніў гутарку ваявода. — Першае: параненых апрышак, што ў замку застануцца, ня крыўдзі. Пакінь іх там, дзе яны зараз — у пакоях Прышынска га, а як выдужаюць — адпусьці на волю. Яны мяне зь няволі выратавалі. Даглядаць іх будзе Даша. Другое: зараз жа пазьбірай усё гарматнае зельле [37], якое толькі знойдзеш, і заладуй яго ў вязьніцу! Перад ад'ездам я хачу пабачыць, як гэтая крыніца людзкой крыўды й бяды ўзьляціць у паветра! — і, павярнуўшыся да Васіля, загадаў: — А ты зараз жа пазьбірай усе сані й вазы! Загадай запрагаць! Хутка едзем!
— Ваша Сьветласьць! — пачуўся раптам голас Кандрата.
— Чаго?
— Запытацца хачу. З самых Трокаў карціць... Ці мае кабета душу, ці не? Як зірну на Дашу ці Марылю прыгадаю, аж крыўдна робіцца, што Бог душы ім ня даў, а як зірну на якую каргу, дык нібы й не належыцца ёй душы?
— З чаго гэта ты раптам надумаў?
— Не надумаў... Як з паляваньня ў Трокі ехалі, дык гаспадарскі чаляднік казаў, ды стары возчык пацьвердзіў, а я й падумаў, што найлепей будзе Вашу Сьветласьць запытацца.
— А сам хіба ня ведаеш? — умяшаўся Васіль. — Мала не паўсьвету аб'ехаў, а такія дурніцы пляцеш.
— Аб'ехаць аб'ехаў, а вось кабецінай душы ня бачыў, ды й ты, Васіль, напэўна, не прыкмеціў. І ў кнігах нідзе не напісана...
Васіль разгубіўся, а ваявода, разьвесяліўшыся, прамовіў:
— Ну а ты як, Тамашу? Што скажаш?
— А я, Ваша Сьветласьць, так мяркую: калі дазволена жанчынам у царкву хадзіць — значыць, маюць яны душу. Нават іконы Прачыстае Дзевы Марыі ёсьць...
— Ну, Кандрат, задаволены?
— Не! Што ён ведае?.. Я хачу, каб Ваша Сьветласьць сказалі!
— І я тае думкі, Кандраце, — пацьвердзіў Фёдар. — Мае жанчына душу, такую самую, як і мы з табою. А часам і лепшую...
— Ага! Цяпер скажу таму чалядніку, што ён дурань, а возчык — пень гнілы. Душы-ы-ы няма! — перадражніў Кандрат.— Цьху!
25. БАЯРЫН І МІТРАПАЛІТ
Баярын Рацішчаў гнеўна адкінуўся ў крэсьле ды з дакорам прамовіў:
— Уладыка! Ваша Прэасьвяшчэнства ня дбае пра веліч сваёй радзімы. Колькі я ўжо казаньняў праслухаў, але нідзе й ніколі ня чуў і паўслова пра Маскву, пра Гасудара Вялікага Князя Маскоўскага, пра слаўнае воінства маскоўскае, пра годнае баярства... Толькі й чуваць: Літва, Літва, Літва...
— Не магу, сыне мой! — жвава запярэчыў мітрапаліт Фоцій.— Гэты дзікі конь Вітаўт не пацерпіць. Галаву мне адразу скруціць як кураняці, калі толькі піскну аб Маскве. І ніхто ўабарону ня стане — любяць яго. Праўда, злосьці вялікае да Масквы ён ня мае, але ня любіць так жа, як і Польшчу ці немцаў. З суседзямі мірам жыць хоча, ня ўлазіць у іхныя справы, але й да сваіх не дапускае. А мне адразу сказаў, пры першай сустрэчы: Богава Богу, а цэсарава — цэсару! Не магу аб Маскве ўспамінаць. Ніяк не магу... Чуткі ходзяць, што каранавацца зьбіраецца.
— Каранавацца? — аж прыўстаў баярын. — Каралём стаць задумаў?
— Вядома каралём. І ніхто не перашкодзіць! Сам Імпэратар Рымскі яму кланяецца й ласкі шукае. Дзе ж тут з Масквою совацца? І слухаць ніхто не захоча. А здраду пагатоў закінуць... Тады памінай як звалі... На суд гаспадарскі ўраз пацягнуць... Не зважае ён, ці то князь, ці ваявода, ці проста сьмерд — сурова пакарае. Не паглядзіць і на мой сан... Баюся я...
— Каранавацца... — у задуме паўтарыў баярын. — Каралём будзе... Бывай тады ўсе мроі аб вотчыне Літоўскай, зачахне матухна Русь Маскоўская... — і, раптам схамянуўшыся, запытаў: — А хто памазаньне чыніць будзе? Ці Вашае Прэасьвяш чэнства, ці можа да няверных каталікоў адвернецца?
— Ня ведаю, баярын. Нічога яшчэ ня ведаю. Толькі чутка такая пайшла. А чэрнь узрадавалася. Кубкі ўжо п'юць за «Караля Русі Белай — Вітаўта Кейстутавіча». А намедні [38] сваімі вачамі бачыў: ваявода, з Горадні прыехаўшы, цалаваўся з чэрню на вуліцы з уцехі. Крычаць: «Слава Каралю Вітаўту!», аж мне млосна зрабілася. А як убачылі мяне, на калені пападалі, просяць малебен удзячнасьці адправіць, ледзь адхрысьціўся. Балазе пост Вялікодны, дык грахом застрашыў. І ўсюды такое дзеецца па ўсёй Літве, ня толькі тут у Наваградку. Вось я зараз... — Фоцій пакорпаўся ў кнігах і выцягнуў скрутак пэргаманту. — На, сыне мой, пачытай... Зь Віцебску айцец Кур'ян прыслаў.
— Дзякую, уладыка. Пайду да сабе, там на досуге [39] й прачытаю, — падняўся Рацішчаў.
— Ідзі. Ідзі, сыне мой, і хай будзе з табою ласка й мудрасьць Гасподня! — дабраславіў мітрапаліт баярына.
На вуліцах хадзілі натоўпы людзей. Наваградак напоўніўся пілігрымамі-багамольцамі. Віднеліся кальчугі, панцыры, сьвіткі, кажухі, жаночыя ўборы. Перад вясеньнім разьлівам людзі сьпяшаліся адведаць сьвятыя мейсцы і адным заходам пабываць на традыцыйным кірмашы. Хто прадаць, хто купіць, а хто і так — пабадзяцца ды паслухаць навінаў, якіх заўсёды бывае поўна на такім кірмашы як Наваградзкі, на які зьяжджаецца амаль уся Літва.
Крочачы па сьлізкім бруку, баярын з зайздрасьцю пазіраў на сьвяточна ўбраны натоўп. Адразу прыпомнілася Масква — бедная, занядбаная, сонная. Не адчуваецца там такога ўздыму, ня часта сустрэнеш там чужаземца і ніколі ня ўбачыш такога багатага й задаволенага натоўпу, толькі бруд, галота й страх.
Рацішчаў накіраваўся на торг. Тут яго ўвагу прыцягнула вялікае зборышча людзей, што абступілі драўляны памост. На памосьце, пасярэдзіне якога стаяла дубовая лава, прахаджваў ся здаравенны мужчына ў чырвонай скураной паддзёўцы здоўгім раменным бізуном у руцэ.
Баярын падышоў бліжэй і спытаўся ў першага-лепшага чалавека:
— Што гэта, там?
— Гэта?.. А злодзея караць будуць. Яго й летась, і пазалетась хвасталі, усё адно крадзе.
Рацішчаў вырашыў паглядзець. Цікава.
Неўзабаве з каморы выйшлі стараста, каморнік, пісар. За імі — дзясяцкі й тузін капейшчыкаў, між якіх крочыў зьвязаны злодзей. Яго заспаны твар з рудой ускудлачанай барадой хітра ўсьміхаўся. Пазіраў ён з хітрасьцяй ды зухаватасьцяй. Апрануты быў як заможны селянін у брунатную суконную сьвітку, белыя палатняныя порткі й скураныя хадакі, прымацаваныя да лытак тонкімі раменьчыкамі. Усьлед выйшлі панятыя й послухі копнага суда. Уся гэтая працэсія накіравалася да памосту, расьпіхваючы сабраных разявакаў.
Кат разгладзіў далоняй вусы й жартаўліва дапамог злодзею ўзысьці на памост. Сьледам падняліся стараста й пісар. Пісар разгарнуў скрутак паперы.
Людзі тоўпіліся, гаманілі, рагаталі. Баярын, жадаючы выслухаць прысуд, заўзята запрацаваў лакцямі, прапіхваючыся наперад. Аднак прыпазьніўся. Да вушэй даляцеў толькі канец прысуду: «...біць бізуном няшчадна й безь перапынку трыццаць разоў, а яко жэ й летась караны за тую ж правіну — бізуноў дванаццаць, а яко жэ й пазалетась караны за тую ж правіну — бізуноў шэсьць, і будзе кара ўчынена бяз портак і прылюдна...»
— Якая яго правіна? — пацікавіўся голасна баярын.
— Кабылу зьвёў, прайдзісьвет, — патлумачыў сусед.
— Добра яшчэ злавілі, — дадаў другі, — а летась, дык прадаць пасьпеў...
— Гм... — голасна зьдзівіўся баярын, а пра сябе падумаў: «У нас, у Маскве, дык жыўцом бы ў зямлю закапалі, па самую шыю...»
Канакрад тым часам спусьціў порткі й лёг на лаву. Было бачна, што гэта яму не ўпершыню і што ён ня дужа гэтым прыймаецца. Памочнікі ката селі яму, адзін на рукі, другі на ногі. Стараста стаў збоку, каб адлічваць удары. Кат папляваў на рукі, ізноў разгладзіў вусы і ўзмахнуў бізуном...
— Раз... два... тры... — лічыў стараста.
Канакрад аглушальна зароў і, як уюн, засоваўся па лаве. Натоўп весела падбадзёрваў то ката, то злодзея.
— Дзевяць... дзесяць... адзінаццаць...
Баярын, не дачакаўшыся канца кары, выбраўся з натоўпу й накіраваўся да сябе, дзе, гукнуўшы дзяка Грыгорыя, перш за ўсё падрабязна вывучыў пасланьне-данос айца Кур'яна зь Віцебску. Тады, старанна памеркаваўшы й старанна пачухаўшы ўбарадзе, загадаў:
— Пішы, Грышка!.. Пішы, кажу, чаго вочы вылупіў?
— Што пісаць?
— Пішы... «Князь Вітаўт каранавацца замысьліў. У Наваградку люд незадаволены. Натоўпамі сноўдаецца па вуліцах іпляцах ды каменьнямі й брудам вартаўнікоў княжых і ваяроў абкідае. Намедні бачыў, як ваяводу Стражынскага з Горадні зканя сьцягнулі й ледзь у шматкі не разадралі», — баярын перапыніў дыктоўку й задумаўся. Пачухваючы ў барадзе, прамармытаў:
— Уладыка сказаў, што ваявода цалаваўся на радасьцях зчэрню, але лепей напісаць будзе, што білі яго... — і, раптам убачыўшы, як дзяк старанна ўпісвае яго словы, ускрыкнуў: — Ты што пішаш, дур'я башка? А ну прачытай!
Дзяк перастрашыўся й пасьпешна прачытаў:
— Э-э-э-э... Уладыка сказаў, што ваявода цалаваўся на радасьцях з чэрню, але ле...
— Досыць! Макаўка ты царкоўная!.. Замаж! Зараз жа замаж, каб нечытэльна было! Добра замаж... Вось гэтак... — ібаярын працягнуў пальцам па чорным радку. — А зараз пішы! Альбо не! Хадзі сюды й пачухай мне сьпіну!
Дзяк старанна ды зь сілай узяўся скрэбці Рацішчаву лапаткі, калоцячыся пры гэтым усім сваім кволым целам. Баярын з задавальненьнем крахатаў і прыгаварваў:
— Так... так... Цяпер вышэй трохі... ды мацней жа, мацне-ей! Во, гэтак... Добра, добра... Ну досыць... Сядай і пішы цяпер!
— Што пісаць, бацюхна Лука Ляксеіч?
— Пішы!.. «А таксама бачыў сяньня, як вартавыя княжыя купца схапілі за тое, што слова сказаў, праціўнае каранацыі Вітаўтавай, і няшчадна бізуном цялі на кірмашы, прылюдна й без парток. А айцец Кур'ян зь Віцебску даносіць, нібы чэрнь бунтуе ды пост парушае. І ваявода з драбамі ды ўсім ваярствам на вуліцах бясчынствуюць, аж сорам глядзець. Прэасьвяшчэнь нейшы ўладыка Фоцій у страху жыве — баіцца Князя Вітаўта. Аднак у казаньнях і малітвах не забывае пра град стольны Маскву й паўсядзённа моліцца за росквіт і славу Русі Маскоўскае, чым верных да храмаў Гасподніх прываблівае. Упадабляецца ён гэтым да сьвятых вялікапакутнікаў, бо кара жывотная яму за гэта належыць па злачынных законах літоўскіх. У Наваградку па ўказу Князя Вітаўта ўмацаваньні будуюць і напраўляюць, шляхі брукам і бярвеньнем выкладаюць і масты аднаўляюць. Полк наваградзкага ваяводы ўвесь на будовах муроў і валоў абаронных затруднены. Гараджане й майстры цэхавыя — масты абсадзілі, а мужыкі з цэлага вяводзтва дарогі й шляхі напраўляюць. Цэлымі абозамі камень і лес возяць. Каторы камень буйнейшы — на муры абаронныя йдзе, а каторы драбнейшы — на дарогі. Так і ў іншых гарадох і мястэчках літоўскіх. Па гэтым відаць, што да вайны рыхтуюцца. А князь Федзька Астроскі, праездам будучы ў Наваградку, задавальненьне выказаў вялікае з работ гэтых. І сам наведаў працоўнікаў, дзьве бочкі мёду ім выставіў і заклікаў поту не шкадуючы працаваць. І гаварыў таксама, што Астрог нанава ўмацаваны, а дарогі бярвеньнем загацілі. Таксама рагатаў з мастоў у Польшчы. Паведаў, што драб болей польскага мосту высьцерагацца мусіць, чым збройнага палку варожага. Бо, праваліўшыся з маста, сьмерць не ганаровая выпадзе, а ўдарыўшы супраць цэлага палку, нават і галаву склаўшы, імя славай укрыецца на вякі вякоў...»
Баярын прыпыніў дыктоўку й, крыху падумаўшы, загадаў:
— Чытай, Грыгорый, усё спачатку, а я паслухаю...
Дзяк аднастайна задудніў, перачытваючы запіс. Рацішчаў прыкрыў вочы, з насалодай слухаючы яго раўнамерны голас.
Думкі баярына часам адрываліся ад сучаснага й прабавалі пранікнуць у таямнічую будучыню — калі нашчадкі будуць чытаць ягоныя «праўдзівыя» запісы...
26. ДРАБ
Вясна разгулялася ўва ўсю. Ручаі вады зь вясёлым перазвонам заіскрыліся на сонцы. У люстэрках лужын затрапятала пяшчотная, прамяністая блакіць неба. Заляжалыя ў праценьнях і ямінах лапікі сьнегу пачарнелі й сумна раставалі пад цёплым вільготным ветрыкам. Сонца радасна ўсьміхалася, вітаючы прабуджэньне зямлі. Зь вясёлым гогатам несьліся на поўнач касякі гусей, качак, казарак... Імклівая ластаўка, чаруючы грацыяй, расьсякае трапяткую мглу над папарам.
Разьлілася морам Вільля, магутным патокам затапіла лугі, сенажаці. Цёмна-шызыя, а часам жоўта-брунатныя хвалі нясуць у Нёман сваю штогадовую даніну — вывернутыя з карэньнем яліны, перакінуты човен, адломкі сарванага моста. Шэрай паласой павольна плыве пляцень з насаджаным на кол глечыкам. Куль саломы, пераварочваючыся, адлівае золатам і плача дыямантамі кропляў. Як пухір надзьмулася кашуля тапельца. Рудая балотная ржа распускае за сабою масьляністыя сіне-чырвоныя стужкі й колы...
Перад Троцкай вежай затрымаўся вялікі абоз, абкружаны ўзброенымі коньнікамі. У адлегласьці пяцісот сажняў непрыступна ўздымаліся мураваныя сьцены й вежы гаспадаровае сядзібы. Над брамай урачыста лунае на сьвежым ветрыку Вялікакняжая харугва: белая, неўстрыманая Пагоня, здаецца, ляціць у паветры насустрач нябачнаму ворагу, пільнуючы супакой і парадак Белай Русі.
Ваявода Фёдар скінуў шолам, выцер зь ілба пот, працягнуў у бок замку руку й, радасна ўсьміхаючыся, прамовіў:
— Ну, вось нарэшце й дабраліся... Штандар!
Залацісты колер Случчыны паволі разгарнуўся на дрэўку ўруках харунжага. Васіль прыклаў да вуснаў ражок, і радасныя гукі ўскалыхнулі паветра.
Абоз пад'ехаў бліжэй і спыніўся над самым возерам, якое шырокім пасам абвінала подступы да замку.
Над брамай, між зубцамі забарола, паказаўся вартавы й, засланіўшы вочы ад сонца, прыгледзеўся да падарожнікаў.
— Гэй! — гукнуў Васіль. — Мост апускай! Ды пахутчэй — госьці зь вялікай дарогі!
— Хто такія? — ня надта прыветліва абазваўся вартавы.
— Табе што, павылазіла?.. Ваявода Фёдар з Грозава з поштам! — пачулася ў адказ.
Цяжка, нібы нехаця, закрахтаў, апускаючыся, мост, загрымелі ланцугі, падымаючы ўгору браму. На мурох замільгалі шоламы цікаўных вояў.
Фёдар скрануў каня. Прадуднеўшы па бярвеньнях маста, выехаў пад масіўныя скляпеньні брамы. Дзясяцкі з вартаю адсалютавалі мячамі.
Прыемная нэрвовая дрыготка прабегла па сьпіне — хутка, вось зараз, убачыцца з гаспадаром.
Уцягнуўся на замкавы пляц і абоз з сычанятамі. Капейшчыкам Васіля аж дух заняло ад грознага хараства й сілы Вялікакняжага замку зь яго зграбнымі вежамі, грубымі й высокімі мурамі, шматлікімі й дыхтоўнымі будынкамі, сярод якіх, як казка, вырозьніваўся вялізны палац.
— Гэта табе не Камянец! — заўважыў з захапленьнем адзін з вояў. — Гэтакія муры й за год не пералезеш! Страхоцьце!
— Вядома, гаспадарскія! — пагадзіўся другі. А трэці дадаў:
— Такіх муроў, напэўна, нідзе ў сьвеце болей няма... А нашаму Слуцку, дык далёка, далёка... Не прыраўнуеш!
Абоз сычанятаў разьмясьціўся пасярэдзіне пляцу. Капейшчыкі, ня ведаючы, як трымацца, але баючыся гаспадарскага гневу, абкружылі іх шчыльнай сьцяной — першы раз за ўсё падарожжа. Гутарылі ў паўголаса, баючыся парушыць урачыстую перадабедзеную цішу.
Ваявода Фёдар з дапамогаю Васіля й Сыча зьлез з каня й усуправодзе Кірыма зьнік за дзьвярыма палацу.
Прайшоўшы некалькі пакояў, упрыгожаных зброяй, дыванамі й паляўнічымі трафеямі, выйшаў у вялікую залю з доўгім дубовым сталом. Сьцены залі ўвешаныя незьлічонаю колькасьцю падсьвечнікаў і трымачоў для паходняў. Каля верхняга канца стала ўзвышаецца гаспадарскае крэсла — падарунак Рымскага Імпэратара Жыгімонта. Ваявода акінуў позіркам гэтую знаёмую яму залю, зараз бязьлюдную, і тысячы розных успамінаў усплылі ў памяці: нарады, прыняцьці, урачыстасьці...
З супрацьлежных дзьвяроў нячутна выйшаў стары канцлер і, прыветна ўсьміхаючыся, падышоў да Фёдара:
— Вітаю, ваявода, з паваротам! Засумаваў, напэўна, па Бацькаўшчыне? Ці не?.. Якія навіны?
— Бясконца засумаваў, Ваша Сьветласьць! У гасьцях добра, а дома лепей...
— Гэй! Што гэта з табою? — раптам усклікнуў канцлер, прыкмеціўшы бледнасьць і худабу Фёдара. — Ніяк ад суму?
— Не, не ад суму. Гэта ад шляхецкай гасьціннасьці. Вядзіце, Ваша Сьветласьць, да гаспадара, там і раскажу.
— Хадзем, хадзем... Ён чакае цябе.
Канцлер правёў ваяводу яшчэ празь некалькі багатых пакояў і, падняўшыся па сходах на другі паверх, спыніўся перад невялікімі дзьвярыма.
— Пачакай тут, — прамовіў і ўвайшоў у пакой.
Адразу ж з грукатам ізноў расчыніліся дзьверы, і сам Вітаўт паказаўся на парозе.
— Фёдар! Нарэшце! — ускрыкнуў ён, але адразу зьдзіўлена прыпыніўся, утаропіўшы вочы ў твар ваяводы. — Што гэта? Ты выглядаеш, нібы вырваўся зь вязьніцы! Ці мо' паранены?
— Зь вязьніцы, ваша высокасьць.
— Як?.. Ягайла?..
— Не. Крэўскі ваявода!..
— Як? Дзе? Калі?
— Ваша Высокасьць, дазвольце па парадку?
Вітаўт працягла паглядзеў Фёдару ў вочы і, ўгледзеўшы там нешта такое, чаго раней не было, уздыхнуў і прамовіў:
— Ты яшчэ болей памужнеў за гэты час. Ня бачу я таго юнацкага запалу, які я так любіў у табе... Ну, што ж, кажы па парадку. Толькі хутчэй, бо здаецца мне, што не вясёлае будзе тваё апавяданьне. Паміраю я зь цікавасьці... У вязьніцы? Дзе?.. Хто пасьмеў падняць на цябе руку? Чаму ты не скруціў яму шыю?.. Ну кажы ўжо, кажы!
— Вось граматы ад «Яго Мосьці» Караля Ягайлы-Улады слава, — Фёдар падаў Вітаўту скрутак. — Яго Мосьць дамагаюцца спатканьня з Вашай Міласьцю.
Вітаўт зламаў пячатку, прабег вачамі напісанае й перадаў скрутак канцлеру, прамовіўшы:
— Азнаёмся! Пазьней урадзім! — і, павярнуўшыся да Фёдара: — Кажы далей!
— Яго Каралёўская Мосьць...
— Не аб гэтым пытаюся! — нецярпліва перабіў Вітаўт. — Аб сябе кажы! Аб вязьніцы...
— Слухаю, Ваша Высокасьць! Ваявода Станіслаў з Крэва ўладкаваў засаду па дарозе зь Берасьця на Наваградак і, перабіўшы зьнянацку мой пошт, мяне самаго непрытомнага ўкінуў у вязьніцу. Спачатку ў Турнаўскі маёнтак, а потым у Камянецкі замак.
— Ты ж хацеў па парадку, — заўважыў Вітаўт ужо лагодна, бачачы, што Фёдар дрэнна зразумеў яго нецярплівасьць.
— Ваша Высокасьць, магу я прасіць адну ласку?
— Можаш!
— У такім разе, я прашу Вашу Высокасьць выйсьці са мною на пляц.
— А гэта навошта?
— Там чакае Васіль з Капыля. Ён прыехаў са мною.
— Гэта той, што на апрышак выправіўся?
— Ён самы!
— А што ён мае да твайго ўняволеньня?
— Ваша Высокасьць убачыць гэта там.
— Хадзем! — Вітаўт зайшоў у пакой, накінуў плашч і, на хаду зацягваючы пас зь мячом, накіраваўся да выхаду.
Воі прывіталі гаспадара грамавым крыкам:
— Слава-а-а-а!
Сычаняты пасаскоквалі з вазоў і паськідалі шапкі. Васіль выступіў наперад, пакланіўся й далажыў:
— Ваша Высокасьць! З дапамогай Божай, Сыча злавіў і прывёў жыўцом разам з усёй хеўрай. Але, няхай Ваша Высокасьць ня гневаецца, прывёў без кайданоў і калодак.
— А гэта чаму? — спахмурнеў Вітаўт.
— Гэтакая была воля Яго Сьветласьці ваяводы з Грозава!
— Фёдар! — павярнуўся Вітаўт. — Чаму так?
— Зараз, Ваша Высокасьць, — адказаў ваявода, і, павярнуўшыся да апрышак, гукнуў: — Сыч!
Сыч выйшаў наперад, высока трымаючы галаву, і адважна падышоў да гаспадара. Пакланіўся й моўчкі застыў, чакаючы, што будзе далей. Вітаўт з зацікаўленьнем прыгледзеўся да слаўнага атамана апрышак.
— Ну, і што далей? — запытаў ён, не разумеючы, для чаго гэты парад.
— Ваша Высокасьць! — пачаў Фёдар. — Я прашу ўчыніць суд над гэтым чалавекам, — і ён указаў на Сыча, — і ягонымі людзьмі. Суд справядлівы й літасьцівы! Бо заслужыў ён на найбольшую ласку Вашай Высокасьці й на вечную маю ўдзячнасьць.
— Чым жа заслужыў ён гэта? — гіранічна спытаў Вітаўт. — Ці не рабункамі й душагубствамі, часам? Га?
— Не! Няможна так зьневажаць чалавека, Ваша Высокасьць!— ускрыкнуў з запалам Фёдар. — Не рабункамі й душагубствамі... Але дазвольце мне маўчаць аб гэтым? На судзе ўсё высьветліцца!
— Ну добра, маўчы. Як сабе хочаш... — Вітаўт яўна зацікавіўся ўсёй гэтай справай. — А калі ты хочаш, каб я судзіў яго? Можа, сёньня?
— Зараз, Ваша Высокасьць!
— Ну не! Не магу! — аж зарагатаў Вітаўт ад такой пасьпешнасьці. — Няма тут ні князёў, ні патрэбнае колькасьці драбаў, ні послухаў. Нікога, хто сьведчыць і радзіць мог бы.
— Ваша Высокасьць, хай пашлюць ганцоў у Вільню! Хай паклічуць таго, каго трэба!..
— Во гэтак, добра! Але судзіць будзем — не раней як заўтра!
— Ваша Высокасьць... — хацеў запярэчыць Фёдар, але Вітаўт рашуча спыніў яго рухам рукі й, павярнуўшыся да Васіля, загадаў:
— На калені! — і ўрачыста дадаў, беручыся за дзяржальна мяча. — Перад тым як судзіць і караць беззаконьні апрышак, належыцца ўзнагародзіць верную службу, хуткі розум і адважнае сэрца! І хай дабраславіць нас Усявышні, і да будзе наша ўзнагарода поўнай і справядлівай!
Васіль пасьпешна скінуў шолам і апусьціўся адным каленам на вільготны брук. Канцлер, не зважаючы на свой паважны век, бегма кінуўся ў палац. Ён адгадаў намер Вітаўта. Гэтак здаралася часта, што Гаспадар раптоўна нешта надумваў, і тады толькі пасьпявай. А ён вельмі любіў, калі яго думкі падхопліва ліся зьлёту, з паўслова. І чэлядзь ды служба, што стаялі блізка, да гэтага прызвычаіліся, прыводзячы ня раз у захапленьне неазнаёмленага госьця сваёй спраўнасьцю й здагадлівасьцю. Калі ж часам здаралася, што хто-небудзь не зразумеў нацяку зусім ці зразумеў ня так, Вітаўт не злаваўся, а насьмешліва казаў: «Ангелец! Чысты ангелец!» Зараз жа ён з задавальненьнем зірнуў усьлед старому канцлеру.
Ваявода Фёдар радасна ўсьміхнуўся, гледзячы на разгубленага Васіля. Калісь ён сам быў ня лепшы... Апрышкі затаілі подых, а ў вачах Сыча адбілася пачуцьцё, вельмі падобнае да зайздрасьці. Воі ўрачыста падцягнуліся й выпрасталі ўгору дзіды.
Вялікі Князь моўчкі назіраў за людзьмі. Ва ўрачыстым маўчаньні прайшоў некаторы час. Было чуваць, як лопае па ветры гаспадарская харугва...
Нарэшце на прыступках палацу зьявілася постаць канцлера.
Вітаўт выцягнуў меч і, узьняўшы яго дзьвюма рукамі ўгору, прамовіў:
— Гаспадару Нябесны! Да Цябе зварочваемся мы за дабраславенствам! І апекі Тваёй просім над нявольнікам Тваім Васілём, — Вітаўт плазам апусьціў меч на плячо Васіля й дадаў: — А ты, новасьпечаны драб Вялікага Княства Літоўскага, Васіль з Копыля, годна ды з гонарам насі адзнакі рыцарскае годнасьці, пільнуй права рыцарскае на службе Богу, сьвятому Юрыю й Бацькаўшчыне! — з гэтымі словамі павярнуўся да канцлера і, узяўшы ад яго, працягнуў Васілю залатыя шпоры й гафтаваны золатам пас.
Васіль пяшчотна, як бяруць дарагую вазу, якую баяцца пабіць, узяў рыцарскія адзнакі, пацалаваў руку Вітаўту і, не падымаючыся з кален, узрушаным голасам адказаў:
— Вялікі Гаспадар! Перад Богам клянуся вось на гэтыя шпоры, што годна буду служыць Вашай Высокасьці й Бацькаўшчыне! І давяду сваю годнасьць стаяць побач зіншымі драбамі літоўскімі. Права рыцарскае будзе кіраваць мною ад сёньня й да скананьня! І хай памогуць мне ў гэтым сьвяты Юрый і Ўсемагутны Божа!
— Добра сказана! — пахваліў Вітаўт і, павярнуўшыся да канцлера, загадаў: — Хай выкацяць колькі бочкаў піва й мёду, ды старога пеністага! Саслужылі малайцы!
— Слава-а-а-а! — громам пракацілася па пляцы.
— ...у Вільню ганца выслаць! Клікаць каго знойдзе там зкнязёў і драбаў на заўтрашні суд! — працягваў Вітаўт. — Апрышак — у вязьніцу...
— Ваша Высокасьць! — ускрыкнуў ваявода Фёдар. — Літасьці! Нельга іх у вязьніцу. Гэтыя людзі мяне зь вязьніцы вырвалі...
— Усё роўна! Ты ж сам не захацеў расказваць... А заўтра суд пакажа, дзе ім мейсца. Хай пакуль што «адпачнуць».
— А куды Ваша Высокасьць загадае падзець Прышынска га?— нехаця здаўся Фёдар, бо ведаў, што Вітаўта не пераканаеш — калі ўжо сказаў, то скончана.
— Якога яшчэ там Прышынскага?
— Уласьніка Камянецкага замку.
— А чаго ён тут?
— Я прывёз яго ў кайданах на суд Вашай Высокасьці!
— Гэта ён...
— Так, Ваша Высокасьць! Трымаў мяне ў Камянецкіх лёхах.
— А ці ведаў, што ты мой пасланец?
— Ведаў.
— Чаму ты ня клікнуў яго на ўтаптаную зямлю? Хочаш сёньня?..
— Ён ня прыме выкліку! Не адважыцца...
Вітаўт пагрозьліва бліснуў вачамі й рашуча накіраваўся ўнатоўп апрышак, пасярод якога на возе сядзеў скаваны Прышынскі. Доўга ўглядаўся ў яго перастрашаны твар і панура спытаў:
— Пасаваны?
Прышынскі здрыгануўся, нібы яго ўкусіла зьмяя, і, пускаючы сьліну, залапатаў:
— Літасьці, Ваша Высокасьць... У імя сьвятога Юрыя, літасьці... Пад прымусам я падняў руку на Яго Сьветласьць ваяводу... Усіх сьвятых у сьведкі... Ваявода Станіслаў прымусіў... Літасьці... Ваша Высокасьць...
— Ці пасаваны, пытаюся? — нецярпліва перабіў Вітаўт.
— Пасаваны, ваша высокасьць... Яшчэ пад Готэсвэрдэ, гаспадаром нашым Ягайлам Альгердавічам... Ваша Высокасьць памятаюць...
— А як жа, памятаю Готэсвэрдэ! — ускрыкнуў Вітаўт. — Гэта тады, як сьвятой памяці ваявода Кныш з Бранску немцаў убалота завёў!
— Тады, Ваша Высокасьць, тады... — пасьпешна пагадзіўся Прышынскі. — Сапраўды тады... Ясную памяць мае Ваша Высокасьць...
— А што ты там зрабіў? Нешта я цябе ня памятаю.
— Я тады харугву крыжацкую даставіў... Самога Бруна Ліндэнбурга...
— Як жа ты яе здабыў? — зацікавіўся Вітаўт і адразу палагаднеў з выгляду.
Прышынскі сумеўся. Замармытаў сабе пад нос нешта невыразнае, з чаго можна было зразумець: «балота... балоце... я...»
— Дазвольце мне, Ваша Высокасьць! — раптам умяшаўся адзін з замкавых вартавых. — Я быў пад Готэсвэрдэ й прыгадваю сабе яго.
— Кажы!
— Я тады быў у сотні Варкулы Бялецкага, і ён мяне выправіў да ваяводы Кныша, каб запытаць, дзе палонных наёмнікаў гнаць. Але пакуль я лесам і балотам дабраўся да Кнышавай стаянкі, было ўжо запозна. Ваявода з тузінам вояў сыходзіў ад сотні крыжакоў, прастуючы ў самую дрыгву. Крыжакі, відаць, былі пэўнымі, што не вылезьці яму стуль і навылёт не прайсьці, ды думалі жыўцом узяць, таму й палезьлі сьледам. Ваша Высокасьць ведае, як ваявода, улезшы ў самую багну, спыніўся й сустрэў немцаў мячом? Ніхто тады не вярнуўся адтуль — нінаш, ні немец...
— А калі ты бачыў гэта, чаго ж на падмогу ня кінуўся? — раззлаваўся Вітаўт. — Чаго?
— Як не? Забі мяне Пярун, калі ня кінуўся! Але пакуль зь лесу ды з узгорку даскочыў, то па ўсім ужо было. Хутка... Аразам са мною пад'ехаў да балота й ён, — паказаў вартаўнік на Прышынскага. — Але мне здалося, што з ракітаў ён вылез, хаваўся там, аж пакуль усё ня скончылася. Пакруціўся, паўглядаўся дый завярнуў прэч. Паехаў сабе й я. А на раніцу, як абозам мы вырушылі, бачу — ізноў ён скача, а да сядла харугва прычэпленая, па дарозе валочыцца. Зірнуў я, а гэта тая самая, што на балоце засталася, дзе ваявода Кныш патоп. Я туды, да балота. А там гаць з гальля пракладзеная. Мазуры казалі, што загнаў іх нейкі пан літоўскі й прымусіў харугву выцягнуць. Іяшчэ казалі, што торбу з чырвонцамі заморскімі там жа знайшлі— усё забраў. Нават за працу ім не заплаціў...
— Чаго ж ты дасюль маўчаў?
— Ды прызабыўся трохі, а потым і ніякавата неяк было...
— Праўда гэта? — зьвярнуўся Вітаўт да Прышынскага.
— Літасьці... — застагнаў той. — Літасьці, Ваша Высокасьць... Не мае шпоры... Не мае... Пашкадуйце... За Бога пашкадуйце...
— Так, так! — нахмурыўся Вітаўт. — Чужымі рукамі й шпоры здабыў, і на майго пасланьніка руку падняць пасьмеў, скарб крыжацкі затаіў. Слаўны зь цябе рыцар... Няма чаго й казаць!— і, раптам успыхнуўшы, закрычэў: — Ганьба! У вязьніцу нягодніка! Заўтра разам з апрышкамі судзіць буду. Пазбаўлены ты, нягоднік, рыцарскае годнасьці!.. А той... таксама, малайца, апасаваў злодзея, ды яшчэ Камянец падараваў! Ад сёньня й навек Камянец будзе звацца літоўскім — Камянец Літоўскі! — і, павярнуўшыся да канцлера, загадаў: — Каб ува ўсіх кнігах і граматах запісана было! Войта ці леньніка[40] пасаджу, пазьней пабачым, але верны й сумленны драб там сядзе! І хай будзе так!
27. СУД
Зь першымі праменьнямі сонца Вітаўт быў ужо на нагах. Злы й нецярплівы — падганяў канцлера, гараднічага й маршалка з падрыхтоўкай суду. Бачачы яго нецярплівасьць і дрэнны настрой, усе трое выбіваліся зь сілаў: на пляцы ўсталявалі падвышэньне на дзьве прыступкі з тронам і балдахінам. Зьлева ад падвышэньня — стол і лавы для канцлера й пісараў. Вакол трону працягнуліся два шэрагі крэслаў для князёў, ваяводаў, войтаў, біскупаў і іншых шаноўных дастойнікаў Вялікага Княства, якія прыбывалі зь Вільні. Прыбылі й чужаземцы, даведаўшыся аб маючым адбыцца сузе.
Слупамі з нацягнутым ланцугом абгарадзілі мейсца для падсудных.
На мурох разьмясьціліся лучнікі, у кутах пляцу — заслоны капейшчыкаў і аддзелы асабістае аховы гаспадара.
Надвор'е ўдалося прыгожае. На небе — ні хмаркі. Ранішняе сонца касымі праменьнямі азалаціла стрэхі будынкаў і зубчастыя вежы. Густыя доўгія цені нібы падкрэсьлівалі хараство й сьвежасьць красавіцкае раніцы. Пералівіста галасілі птушкі ў замкавым парку.
Суд набліжаўся. Разнамасным натоўпам выгналі з падзямель ля апрышак. Барадатыя, раскудлачаныя й заспаныя, яны моўчкі стоўпіліся на агароджанай пляцоўцы. Шчыльная суровая варта абкружыла іх насьцярожаным колам. Прышынскі быў тут жа. Правёўшы ноч у цёмнай вязьніцы, ён са страхам чакаў зьяўленьня грознага судзьдзі й зайздросьціў у душы апрышкам...
Вітаўт быў у царкве. Шчыра маліўся, просячы Ўсемагутна га Бога, каб даў ясны розум і празорлівасьць у часе суду.
Службу правіў нікому яшчэ не знаёмы архіярэй Рыгор Цамбляк. Баўгарын па паходжаньні, ён зусім нядаўна зьявіўся ў Літве, аднак мовай валодаў дасканала. Нягледзячы на просьбу канцлера, архіярэй не пагадзіўся скараціць службу, і нецярплівы ўрадавец, не дачакаўшыся яе заканчэньня, выйшаў з царквы.
На пляцы за шэрагам крэслаў ляніва разьвіваліся сьцягі, харугвы й колеры прыбылых. Канцлер яшчэ раз акінуў клапатлівым позіркам пляц і застаўся задаволены — усё як і належыць.
Нарэшце пачалі зьяўляцца дастойнікі суду й рассаджвацца па сваіх мейсцах. Збраяносцы й невялікія пошты ставалі за іх крэсламі.
Усе маўчалі. Адчувалася паважнасьць моманту.
Прарэзваючы цішыню, загрымелі трубы — паказаўся Вітаўт. Ён ішоў у суправодзе невялікага, але бліскучага пошту. Быў тут і ваявода Фёдар.
Вялікі Князь узышоў на падвышэньне й моўчкі спыніўся перад тронам, павярнуўшыся тварам да апрышак. Накінуты паверх сіняватага панцыра барвяны плашч з сабалёвай апухай надаваў яму яшчэ больш грозны й суровы выгляд. Здавалася, што гаспадар перавышае ростам усіх сваіх прыбліжаных. Абапёртыя аб набедранік чаканеныя золатам похвы яго мяча нібы спрачаюцца ў прыгажосьці аздобы з кручаным дзяржальнам, увянчаным крывава-чырвоным рубінам. Літая залатая Пагоня на залатым жа ланцугу супакойна ляжыць на сталёвым нагрудніку, нібы ведаючы, што няма для яе больш годнага мейсца.
Апрышкам аж дух заняло — гэта Вялікі Гаспадар і слаўны на цэлы сьвет.
На сярэдзіну пляцу выйшаў Вялікі гэрольд Вялікага Княства Літоўскага й абвесьціў пачатак суду гаспадарскага. Закончыў ён словамі:
— ...па Законам Божым, хай вынясе прысуд свой літасьцівы й справядлівы!
Ізноў загрымелі трубы. Вітаўт сеў і махнуў рукой канцлеру.
Канцлер паважна выступіў уперад і, звяртаючыся да Сыча, прамовіў:
— Падсудны Сыч! Ясьнейшы суд жадае ведаць, пад якім іменем будзеш адказ трымаць за свае ліхадзействы? І зь якога ты роду й паходжаньня?
— Адказваць буду пад тым імём, пад якім жыў дасюль! Сыч— маё імя, а паходжаньнем я з Пушчы — Сыч з Пушчы!— атаман апрышак трымаўся годна, але з належнай павагай да высокага суду. Ён ведаў, што ад яго вытрымкі й захаваньня залежыць лёс яго собскі і лёс яго верных сяброў.
Канцлер павярнуўся да Вітаўта й паўтарыў:
— Падсудны просіць дазволу бараніцца пад іменем Сыч зПушчы.
Вітаўт незадаволена скрывіўся, бо ведаў, што гэта не сапраўднае імя падсуднага, аднак, зірнуўшы на Фёдара, сказаў:
— Хай будзе й так! Горш для яго самога!.. Скаргу чытай!
Канцлер, каторага ваявода Фёдар пасьпеў ужо схіліць на свой бок, з дакорам зірнуў на Сыча, разгарнуў скрутак паперы й пачаў чытаць пералік правінаў, якія падалі на галаву падсуднага, як удары кавальскага молату. Скарга выявілася непамерна доўгаю...
У часе чытаньня Сыч то падымаў зьдзіўлена брывы, то весела ўсьміхаўся, то дапытліва паглядаў на твар Вітаўта. Апрышкі час ад часу падымалі глухі гоман, выказваючы сваё зьдзіўленьне й незадавальненьне.
Ваявода Фёдар, стоячы побач з тронам, пераносіў найцяжэйшыя душэўныя мукі. Было зразумела, што пасьля такога даўжэзнага пераліку злачынстваў, суд вынясе найстражэйшы вырак. Нават калі ня сьмерць ад рукі ката, то ўвязьненьне «на жывот». Аглядаючыся наўкола, ваявода бачыў, як пачыналі блішчэць устрашэнным гневе й нянавісьці вочы дастойнікаў судовых. Шмат хто зь іх аж прыўстаў з крэсла, каб лепей было чуваць. Князь Жыгімонт Карыбут нецярпліва церабіў дзяржальна мяча. Пасаднік Віленскі ледзь утрымаў сябе ў крэсьле, каб ня скочыць на падсуднага. Барадаты й прастакаваты драб — Сенька з Пагосту— грыз сабе пальцы, вачамі кідаючы маланкі. Сіла Вахрэмчык — войт з-пад Ліды — скрыгатаў у гневе зубамі. Драб Кур'ян Рэпін, упёршыся нагамі ў брук, матляў галавой, як дзікі конь, які вось-вось сарвецца й усё разьнясе на сваім шляху. Князь Глінскі шыпеў, як распаленае жалеза...
А канцлер усё чытаў. Не прамінуў ён: ні ганца, павешанага гакам за рабрыну, ні засечанага гусьляра, ні зруйнаваных Чапрукоў, ні забойства сям'і Вадзяніка — перавозчыка на Прыпяці, ні налёту на працоўны аддзел пад Барысавам. Упамянуў пра захоп Конева й павешаньне там Самойчыка, Белагрудзкага й Несьцяровіча, пра рабункі ў пасадніцтве Берасьцейскім, пра пусканьне пад лёд жывых людзей, пра напад на Кандрата Тура пад Слуцкам ды шмат, шмат іншых страшных і крывавых учынкаў, за які кожны адзін належала аддаць вінаваўцу ў рукі ката.
Сыч слухаў моўчкі. Авалодаўшы сабой, спакойна глядзеў на скрутак у руках канцлера. Адзін толькі раз ён здрыгануўся й мімаволі зірнуў на ваяводу Фёдара...
Калі нарэшце ў абвінавачаньні канцлер дайшоў да Турна, Сенька з Пагосту ня вытрымаў і, выхапіўшы меч, падскочыў на ногі з крыкам:
— Сьмерць! Галаву зьняць душагубу! — і кінуўся да Сыча.
Але у гэты момант зь цяжкім звонам перад Сычом упала баявая рукавіца, і глухі голас, прыдушаны гневам, выкрыкнуў:
— Хто пасьмее без судовага выраку дакрануцца да гэтага чалавека, той мусіць спачатку падняць маю рукавіцу!
Сенька крута павярнуўся, і выраз нестрыманага гневу адразу ж зьмяніўся шчырым зьдзіўленьнем — рукавіцу кінуў ваявода Фёдар. Ён зараз стаяў бледны й пільна ўглядаўся ў драба зПагосту. Рука Фёдара спачывала на дзяржальне мяча.
Вітаўт спакойна ўсьміхаўся. Рэшта дастойнікаў паўскоквалі зь мейсцаў ад зьдзіўленьня й адначасна цікавасьці — спадзеючыся немінучае сваркі між Фёдарам і Сенькам, бо Сенька зПагосту, як зубр, ніколі й нікому не саступаў і рад быў пры кожнай нагодзе паказаць сваю сілу. А сілай ён славіўся далёка за межы Літвы. Аднак сталася неспадзеўка — Сенька ўвапхнуў свой меч у похвы й вінавата прамовіў:
— Калі ты, ваявода, становісься ў яго абарону, то й мне дазволь далучыцца... Двох, гэта ўжо сіла! — з гэтымі словамі ён кінуў сваю рукавіцу да ног Сыча. — Але скажы мне, ваявода, чаму? Ці мо' ён табе сваяк, ці мо' грошы вінават? — прастадушны твар Сенькі выказваў такую мешаніну неўразуменьня й рашучасьці, што ўсе на пляцы, уключаючы варту й апрышак, выбухнулі рогатам.
Не рагатаў толькі ваявода Фёдар, ён зьбег з гаспадарскага падвышэньня й, парывіста абняўшы Сеньку, прамовіў:
— Я заўсёды любіў цябе! А зараз... — Фёдару бракавала слоў. Ён моўчкі сьціснуў магутныя Сенькавы плечы й радасна ўсьміхаўся.
— Ваявода, пусьці... — нарэшце ўзмаліўся Сенька. — Задушыш... — і калі Фёдар апусьціў рукі, павярнуўся да Вітаўта й папрасіў: — Ваша Высокасьць, дазвольце мне на судзе гонару бараніць жыцьцё й гонар гэтага Сыча? Ён нявінны! Ваявода Фёдар так кажа, і я гатоў давесьці гэта кожнаму мячом і сякерай, конна ці пеша!
Новы выбух сьмеху пракаціўся па пляцы. Аднак ня шмат хто адважыўся б падняць гэтыя рукавіцы...
— Хай дачытаюць да канца скаргу! — заўважыў праз рогат Вітаўт. — Нельга на палове кідаць...
Канцлер працягваў чытаць, але Сенька больш ня слухаў. Страшэнна вылупіўшы вочы, ён з выклікам пазіраў па баках, бы чакаючы, што вось-вось нехта кінецца на Сыча...
— Сыч з Пушчы! — загаварыў Вітаўт. — Ты чуў скаргу ад пачатку й да канца, адказвай цяпер — бараніся! А мы пабачым, наколькі ты вінаваты.
— Вялікі Гаспадар! І дастойныя драбы! — пачаў Сыч. — Ад сваёй правіны я не адмаўляюся і з пакорай прыму любы вырак, які высокі суд вынясе! Я без супраціву паддаўся ў Камянцы гаспадарскаму сотніку Васілю з Копыля, хаця мог адбіцца... Праз усю дарогу сюды, у Трокі, я нават не падумаў уцячы, хаця быў без кайданоў, бо верыў у справядлівасьць суду гаспадарскага. Але са скаргай я не пагаджаюся! Там поўна такога, аб чым я нават і ня чуў. А закідаць гэтыя правіны мне — значыць хлусіць! І я гэта давяду! Чаму я павінен у сьмерці гусьляра Макара? Хто давядзе, што гэта зрабіў я?
— Доказаў пэўных няма, — заўважыў канцлер. — Але калі ты не давядзеш, што гэта ня ты, то віна падзе на цябе! Хто ж іншы?
— Я давяду! — ускрыкнуў Сыч і, павярнуўшыся да апрышак, гукнуў: — Міколка, хадзі сюды!
Дрыжучы як асінавы ліст, хлапчук выйшаў уперад. І, бы шукаючы падтрымкі, ухапіўся за руку Сыча.
— Вось! — указаў на яго Сыч. — Гэты падлетак — унук таго гусьляра і быў яму за павадыра. Ён сам ледзь жывы ўцёк, я знайшоў яго ў лесе галоднага й хворага. Спытайцеся яго, і ён скажа, хто забіў ягонага дзеда!
Апавяданьне Міколкі было кароткае, але яснае, хаця голас хлопца дрыжэў і зьбіваўся ад страху. Ён добра памятаў, як разьюшаны рыцар з арліным крылом на шоламе наводмаш секануў дзеда Макара па галаве, выгукваючы праклёны. Як сам Міколка, зразумеўшы небясьпеку, нырнуў у кусты й пад градам стрэл дабраўся да лесу...
— За што той рыцар разгневаўся на дзеда? — спытаў зьдзіўлена Вітаўт.
— Ня ведаю... — ледзь чутна адказаў Міколка.
— Ну, а што той рыцар хацеў ад яго?
— Песьню... пра караля хацеў... — страх забіваў хлапчуку дух, і ён аж захлынаўся словамі. — А дзедка сказаў, што няма ў яго караля... Мо' дасьць Бог, гаспадар наш карануецца, тады й песьні будзе пра караля сьпяваць...
— Гм... — спахмурнеў Вітаўт. — Досыць! Гэтая віна адпадае, далей што?
— Далей? — ізноў загаварыў Сыч. — Далей скарга кажа, што я спаліў Чапрукі. А як я мог Чапрукі паліць, калі я ў той час пад Лідаю быў, зусім у іншым баку... А Чапрукі вунь аж дзе, пад Бранскам...
— А напад на працоўны аддзел пад Барысавам?
— Гэта ня ён! — устаў Кур'ян Рэпін. — Я ў той час у Барысаве быў. Воі апавядалі, што нейкі драб з арліным крылом на шоламе напаў на іх, бо нехта з вояў пазнаў у ім нападніка на тыя самыя Чапрукі. Тут выглядае так, што нехта яшчэ злыдні правіць, а на Сыча віна падае. Шукалі мы тады таго драба па ўсёй Барысаўшчыне, але зьнік як у ваду.
Пісары старанна запісвалі прабег суда. Ваявода Фёдар крыху падбадзёрыўся — пачатак быў нядрэнны. Пасаднік Віленскі ўжо зусім лагодна пазіраў на падсуднага. Толькі Вітаўт яшчэ хмурыўся ды глядзеў неласкава.
— Скарга кажа, — прамовіў канцлер, — што ты, Сыч, захапіўшы Конева, павесіў Самойчыка, Белагрудзкага й Несьцяровіча, скраў маёмасьць, а потым спаліў маёнтак.
— Так, гэта я! — сьмела адказаў Сыч. — Але Самойчык і Белагрудзкі былі павешаныя раней, чым быў узяты маёнтак Несьцяровіча.
— Якім правам ты ўчыніў гэта?
— Абодва шляхціцы, Самойчык і Белагрудзкі, са сваімі гайдукамі аблажылі Несьцяровіча, але пасьля няўдачы накіраваліся на конеўскіх сялян і панцырных баяр. Падпалілі дзьве хаты, і, не прыйдзі я на кліч набату, згарэла б усё Конева разам зьлюдзьмі.
— А хто даў табе права вешаць без суду?
— Суд быў! Конеўскія дзядзькі капой судзілі... — і Сыч зпалаючымі вачыма распавёў, як былі ўдзячныя конеўцы за своечасовую дапамогу.
— Чым давядзеш? — не сунімаўся Вітаўт.
Сыч гукнуў у натоўп апрышак, і адтуль выйшлі двое конеўскіх сялян. Пад прысягай на крыж яны пасьведчылі, што Сыч кажа праўду.
— Мала гэтага доваду, — незадаволена заўважыў Вітаўт. — Апрышкі за апрышак сьведчаць... — і, павярнуўшыся да канцлера, загадаў: — Выслаць у Конева ўраднікаў, каб дазналіся праўды!
— Я там быў, Ваша Высокасьць! — умяшаўся Васіль. — На два дні не пасьпеў, каб захапіць там апрышак. Сыч праўду кажа!
— А Конеўскі маёнтак я ўзяў, бо Несьцяровіч людзей там катаваў... — і Сыч падрабязна распавёў пра зьдзек над Дашай, пра парушэньне баярскага прывілея Францішка, пра перапоўненыя вязьнямі сутарэньні.
— Дзе гэтыя людзі? — нахмурыўся Вітаўт.
— Францішак — паранены, застаўся ў Камянцы, пры ім і Даша. Вязьні павярталіся дахаты.
— Хто пасьведчыць?
— Я, Ваша Высокасьць! — выступіў уперад ваявода Фёдар.
Суд выслухаў сьведчаньне. Канцлер, заглядаючы ў скаргу, вычытваў усё новыя й новыя правіны. Сыч, абапіраючыся на сьведак, расказваў пра адны і адмаўляўся ад іншых.
Суд зацягнуўся. Ужо прамінуў час абеду. Ужо прыкметна стаміліся пісары й пачаў нецярплівець Вітаўт, калі нарэшце дабраліся да штурму Турнаўскага маёнтку.
— Чаму ты напаў на Турна?
— З тае самае прычыны, што й на Конеў, — асьведчыў Сыч. — Шмат там, у сутарэньнях, гніло нявіннага люду, а навакольныя сяляне грамадой дапамогі прасілі. А пасьля штурму — грамадой суд чынілі ды вінаваўцаў каралі.
— Чаму ж да пасадніка не зьвярнуліся, калі ад Нікульскага нявінна цярпелі? І да мяне маглі паскардзіцца? — раззлаваўся Вітаўт. — А то ўсё самачынам!
— Скардзіліся, Ваша Высокасьць! — жвава запярэчыў Сыч. — Я сам на гэта іх намовіў. Не дапамагло! Калі стараста зь Берасьця прыехаў у Турна, то ніводнага вязьня не знайшоў. Нікульскі загадзя даведаўся, дык каго пад лёд папускаў, а каго вывез недзе. І хадакоў да Вашай Высокасьці таксама. Там уся ваколіца ад яго дрыжэла й слова прамовіць не адважвалася.
— І Камянец ты ўзяў?
— Узяў, Ваша Высокасьць! — усьміхнуўся з гонарам Сыч.
— Малайчына! — раптам ускрыкнуў князь Жыгімонт. — Яго б у Прусы! Крыжакі горкімі сьлязьмі плакалі б!
Вітаўт, здавалася, не зьвярнуў ніякай увагі на словы свайго нябожа й працягваў далей:
— Чаго ж ты на Камянец палез?
— Пры нападзе на Турна сустрэў я Кандрата Тура й татарына Кірыма. Яны сказалі, што дзесь тут увязьнены ваявода з Грозава. А чаляднік турнаўскі прызнаўся, што ваяводу перавезьлі ў Камянец...
— Ці праўда гэта? — павярнуўся Вітаўт да Кандрата.
— Праўда, Ваша Высокасьць! Як перад Богам!
— Ну, і... — зноў зьвярнуўся Вітаўт да Сыча.
— І надумаў я тады выслабаніць ваяводу, — Сыча, здавалася, агарнуў запал штурму, і ён, гарачкава бліскаючы вачыма, распавядаў. — Прысягнуўся я тады, хоць і ня надта верыў, што вазьму Камянец...
Дастойнікі суду аж панямелі ад зьдзіўленьня. Ніхто зь іх яшчэ ня ведаў аб прыгодах Фёдара, і таму кожны, затаіўшы подых, слухаў аповед падсуднага: як спачатку ўклалі план нападу, пераапранулі Францішка ў бэнэдэктынца; як з надыходам цемры палезьлі на прыступ; як Кандрат і Кірым, пералезшы праз мур, дабраліся да ўвязьненага ваяводы; як Міколка разьбіў сабе нос; як турнаўскі чаляднік дзякаваў за ўзнагароду грашыма; як падраніцу наляцеў Васіль з сотняй і загадаў імем гаспадара здацца. І так падрабязна да самага ад'езду з Камянца.
Сыч скончыў апавядаць, а над пляцам доўга яшчэ стаяла магільная ціша. Чутно было, як булькоча вада ў перадзамкавых рвах ды трапечуцца харугвы. Вецер здалёк данёс ледзь чутную песьню...
Нарэшце апамятаўшыся, пасаднік Віленскі ўскочыў з крыкам:
— Ня Сыча судзіць трэба! А Станіслава, Януша, Прышынскага ды Ягайлу разам! Сорам! Ганьба!
Рэшта дастойнікаў паўскоквалі таксама зь мейсцаў і, звяртаючыся да Вітаўта, наперабой закрычэлі:
— Волю Сычу!.. Ён адкупіў сваю віну ў Камянцы!.. У імя сьвятога Юрыя! Літасьці!.. Пад суд сапраўдных вінаваўцаў!..
А князь Жыгімонт Карыбут сарваўся са свайго мейсца, падбег да Вітаўта й упаў на калені з просьбай:
— Вялікі Гаспадар! Аддай мне Сыча! У маю дружыну! Нябудзеш шкадаваць і слаўнага драба прыдбаеш!
Ваявода Фёдар радасна ўсьміхаўся. Ён бачыў, што хаця Вітаўт і заставаўся суровы з выгляду, яго вочы сьвяціліся ласкай.
Аднак радасьць была прадчаснай. Гаспадар падняў руку й, пачакаўшы, пакуль сьціхне галас, жорстка прамовіў:
— Перабралі мы й перагледзелі ўсе ягоныя правіны й ужо хочам памілаваць. Аднак, шаноўныя дастойнікі, ці не заўважылі вы, як гэты злодзей і душагуб хітра абмінуў адну зь іх, якая ўпісаная ў самым пачатку скаргі. Абмінуў і думаў, што гэта так і сойдзе. Але мы ўсё ж хочам ведаць, чаму ён яе ўчыніў і каго ён там ратаваў? Адказвай, Сыч! Ты ведаеш, аб чым я кажу, бо нездарма ты задрыжэў!..
Сыч сапраўды задрыжэў і апусьціў галаву. Ізноў запанавала ціша. Дастойнікі суду зьдзіўлена пераглядаліся, не памятаючы, аб чым мог змаўчаць падсудны. Адзін толькі Сенька з Пагосту спакойна стаяў на варце пасярод пляцу й даверліва глядзеў на ваяводу Фёдара.
— Адказвай! — паўтарыў свой загад Вітаўт, і вочы яго заблішчэлі як сталь.
Сыч маўчаў, прыкметна хвалюючыся. У душы гэтага адважнага чалавека зараз ішла неймаверная барацьба — прызнацца ці не?..
— Гэта ня ён, Ваша Высокасьць! — пачуўся спакойны голас Фёдара. — Гэта ня ён, і я таму сьведкам!
Сыч з удзячнасьцю зірнуў у бок ваяводы ды зноў апусьціў галаву. Апрышкі, нічога не разумеючы, прыглядаліся да свайго атамана.
— Мы хочам ведаць, у чым справа! — раптам крыкнуў князь Глінскі.
— Сапраўды! У чым ён вінен яшчэ? — загулі дастойнікі суду.
Вітаўт устаў, абвёў урачыста вачамі прысутных і абвесьціў:
— Ён вінен у сьмерці Мацея Вадзеніка, перавозчыка з Прыпяці, і цэлай яго сям'і! Мы верым сьведчаньню ваяводы Фёдара, аднак усё роўна хочам пачуць, што скажа Сыч!
Усе вочы ўпіліся ў пахмурага Сыча. А ён стаяў бледны, зарослы барадой і нерухомы, утаропіўшыся ў зямлю.
— Чаго ж ты маўчыш, Сыч? Кажы! — ускрыкнуў абражаны Фёдар.
Сыч нерашуча зірнуў у яго бок і, трасянуўшы галавой, як бы страсаючы сон, прамовіў:
— Мацея Вадзеніка забіў ваявода Станіслаў з Крэва!..
Ніхто не абазваўся ў адказ. Ніхто не запярэчыў гэтаму, ніхто й не пацьвердзіў. Чакалі.
— Чым давядзеш? — недаверліва спытаў Вітаўт.
Сыч ізноў на кароткі час задумаўся, а потым папрасіў:
— Ваша Высокасьць, дазвольце мне пагутарыць з цырульнікам?
Нягледзячы на такую дзівацкую й недарэчную просьбу, гаспадар дазволіў. І пасьля колькіх прыцішаных слоў Сыча цырульнік моўчкі ўзяўся працаваць каля ягоных густых барады й вусоў.
Дастойнікі суду чакалі. Вітаўт нецярпліва церабіў залатыя махры пры похвах мяча. Ваявода Фёдар з палёгкай і радасьцю сачыў за рухамі цырульніка, а бачачы яго радасьць, радаваўся й Сенька з Пагосту, пераможна аглядаючыся на бакі, хаця роўна нічога не разумеў.
Але вось цырульнік скончыў і адышоў убок. Вітаўт, зірнуўшы на падсуднага, спачатку анямеў зь неспадзеўкі.
«Пазнаў!» — здагадаўся Фёдар.
А гаспадар, ускочыўшы на ногі, крыкнуў, ды так, што аж груганьнё з гучным крумканьнем узьнялося ў паветра:
— Якуб Вадзянік!!!
Так, гэта быў ён — Якуб, Мацея Вадзеніка старэйшы сын, які невядома куды зьнік пасьля пабоішча на Прыпяці. Лічылі, што, будучы параненым, ссунуўся ў раку й патануў. Зараз жа — ён жывы й здаровы, стаяў перад гаспадарскім судом як правадыр апрышак і быў абвінавачаны, між іншым, у забойстве сваіх бацькоў, братоў і самаго сябе.
Сям'ю Вадзеніка ведаў шмат хто з прысутных на судзе, ведалі й аб крывавай драме на перавозе, і цяпер кожны ня верыў уласным вачам. Надта ж цяжка было паверыць, бо прызвычаі ліся за зіму да тых падзей, а тут — маеш табе!
Князь Глінскі, не адрываючы вачэй ад ператворанага Сыча, з боязьзю прашаптаў:
— Можа, ён ваўкалака?.. Ці мо' прывід?..
Сіла Вахрэмчык, войт з-пад Ліды, хуценька перахрысьціўся (на ўсякі выпадак) — дрэнныя тут жарты.
І зноў толькі Сенька з Пагосту радаваўся шчыра й адкрыта. Хаця ён і ня надта добра разумеў, што сталася, аднак, бачачы задавальненьне ваяводы Фёдара, цешыўся сам. Яго барадаты твар адлюстроўваў такую радасьць, што, гледзячы на яго, пачалі рагатаць адзін за другім усе дастойнікі суду.
Вітаўт сышоў з падвышэньня і, наблізіўшыся да Сыча (ці Якуба), абмацаў яго. Сумліву не магло быць — гэта стаяў жывы Якуб, з плоці й крыві, а ня прывід. Абмацалі Сыча й усе дастойнікі суду...
Паступова зьдзіўленьне ўлеглася. Вітаўт ізноў узышоў на падвышэньне й прамовіў:
— Сыч з Пушчы неспадзявана абярнуўся ў Якуба Вадзеніка зь перавозу, — і, павярнуўшыся да Сыча, запытаў: — Чаго адразу не прызнаўся, хто ты?
— Хацеў захаваць таямніцу, ваша высокасьць, бо ніхто знашага роду ніколі ня быў у апрышках ці ў якіх іншых беззаконь нях заблытаны!
— Як жа ты туды трапіў? — голас Вітаўта гучэў ужо зусім інакш, чым у часе суду. — Расказвай!
Сыч, хвалюючыся ўсё болей і болей, падрабязна распавёў пра загібель сваёй сям'і. Пачаўшы з таго, як перавезьлі вечарам ваяводу Станіслава праз Прыпяць, як начаваць прыйшлося ў хлеве. Як раніцай, панёсшы дровы ў хату, застаў там ксяндза, які зьдзіраў са сьценаў абразы. Як, грымнуўшы дравамі аб падлогу, кінуўся на ксяндза й сапхнуў яго з лавы, на якой той стаяў. Як усьлед за гэтым воі Станіслава кінуліся зь мячамі, але, дзякаваць Богу, удалося выскачыць з хаты. Як пасьля кароткага бою ён упаў, падбіты стралой. Больш нічога ня бачыў, а калі прачухаўся, то быў у будзе ляснога прыхільніка Ярылы. Выдужаўшы, вырашыў знайсьці й адпомсьціць забойцу, аднак, ня будучы пасаваным драбам, ня мог і думаць, каб выклікаць яго на ўтаптаную зямлю, ды да ўсяго й ня ведаў ягонага імя. Таму й абраў такі шлях, на якім, вандруючы, дапамагаў бы пакрыўджаным людзям і ў канцы спадзяваўся-такі спаткаць свайго ворага, што й сталася пад Камянцом, аднак злавіць яго не ўдалося...
Вітаўт, выслухаўшы гэтае апавяданьне, цяжка задумаўся: «Адпусьціць Якуба на волю ніяк нельга, а пакараць — шкада...»
Над пляцам ізноў запанавала ціша. Дастойнікі суду нецярпліва пазіралі на гаспадара: што ён вырашыць?
Нарэшце Вітаўт, павярнуўшыся да князя Жыгімонта Карыбута, нерашуча спытаў:
— Як ты скажаш? Што зь ім рабіць?
— Пусьці яго да мяне ў дружыну, гаспадару, і не пашкадуеш! — паўтарыў сваю просьбу князь.
— А ты, князь Глінскі, што ты скажаш?
— Даруйце яму, Ваша Высокасьць! Адкупіў ён свае грахі пад Камянцом... Хай ідзе куды хоча!
— А ты?.. — павярнуўся Вітаўт да пасадніка Віленскага.
— Волю, Ваша Высокасьць! Дайце яму волю!
— А ты, Сіла?
— Волю, Ваша Высокасьць!
І так, па парадку, усе дастойнікі суду высказаліся за апраўданьне Якуба. Ні адзін не прамовіў слова супраць. Толькі й чуваць было: «Волю! волю! волю!..»
Вітаўту й самому хацелася адпусьціць Якуба, але трэба было неяк абмежаваць яго волю, каб адчуваў, што за беззаконьні свае кару нясе. І вось, прагучэў вырак:
— У працоўныя дружыны — на будову дарог, мастоў і ўмацаваньняў! Усіх! Сыча й апрышак! Да нашага наступнага загаду.
Буйныя крыкі радасьці заглушылі шчырую падзяку Якуба.
Ваявода Фёдар зьбег з падвышэньня й абняў узрушанага былога атамана апрышак, а цяпер працоўнага дружыньніка...
Не падзяляў агульнай уцехі толькі адзін чалавек — Прышынскі. Прымасьціўшыся за радаснай грамадой апрышак, ён курчыўся, апанаваны страхам. Цэлую ноч, седзячы ў вязьніцы, ён надумваў, што будзе казаць на судзе. Як давядзе сваю невінаватасьць, выставіць вінаваўцамі ваяводу Фёдара й Станіслава. Давядзе, што крыжацкую харугву здабыў у жорсткім баі зусім сумленна, а грошай ніякіх і ня бачыў... Шмат плянаў перабраў ён у галаве, і ўсе яны былі адзін аднаго лепшыя. У марах бачыў, як Вітаўт ласкава падасьць яму руку, як верне назад у Камянец і прызначыць тамтэйшым войтам. А ваяводу Фёдара кіне ў лёхі, закутага ў кайданы, і разам зь ім таго воя, што сьведчыў пра здарэньне пад Готэсвэрдэ. Разгулянае ўяўленьне малявала яму, што абвінавачаны ваявода Фёдар упадзе перад ім, войтам Прышынскім з Камянца, на калені й будзе маліць аб літасьці, а ён, горда адвярнуўшыся, са ўсяго размаху вытне яму нагой у твар і, звяртаючыся да Вітаўта, скажа: «Няма літасьці і быць ня можа над здраднікам і лгуном!»...
Але вось зараз, калі настаў час адказваць, Прышынскі здранцьвеў і разгубіў усе пляны. Застаўшыся самотна на пляцоўцы падсудных, ня вытрымаў пад суровымі вачамі гаспадара ды высокіх дастойнікаў і ўпаў на калені зь енкам:
— Літасьці... Каюся...
Канцлер ізноў выступіў уперад і прачытаў скаргу. Яна была кароткая, але забойчая. І допыт таксама быў кароткі.
Прышынскі ў адчаі прызнаў сваю правіну, спадзеючыся гэтым памякчыць вырак. Між іншым расказаў і пра Платона Скабеля, якому даваў прытулак у сваім замку, хаця й ведаў, што ён займаецца рабункам і душагубствам...
Судзьдзі выслухалі яго споведзь моўчкі, з агідай адварочва ючыся, каб не сустракацца зь яго ўмольным позіркам. На запытаньне гаспадара кожны з дастойнікаў цьвёрда прамовіў:
— Сьмерць!
Толькі ваявода Фёдар, а за ім і Сенька з Пагосту, запрапана валі пазбавіць яго маёмасьці, ды «няхай ідзе куды хоча...»
Прышынскі з надзеяй глядзеў на Вялікага Князя...
Вітаўт устаў і прамовіў:
— За здраду, за хлусьню ты мусіш памерці!
— Не магу!.. — закрычаў бядак. — Ваша Высокасьць, не магу!.. Я жыць хачу... Літасьці... — і папоўз да падвышэньня...
— Ён ня можа сам! Занадта палахлівы! — у гневе ўказаў на яго рукой Вітаўт і, зірнуўшы на варту, загадаў: — Узяць гэту брыдоту! Зьняць галаву й закапаць у гной!..
Падхапілі вартаўнікі Прышынскага й пацягнулі прэч. Доўга яшчэ чуліся яго крыкі й маленьні...
Суд скончыўся. Гаспадар, аглядзеўшыся й прыкмеціўшы Кандрата й Кірыма, знакам паклікаў іх да сябе. І, калі абодва наблізіліся, прыветна сказаў:
— Кандрат Тур, ты ўжо другі раз паслужыў мне. А верную службу й адвагу трэба ўзнагароджваць спаўна, таму... Укленчы!
І праз кароткі час стары шукальнік прыгодаў Кандрат Тур цалаваў руку Вітаўта, трымаючы залаты пас і шпоры. У дадатак — маёнтак у Быстрыцы.
Кірым з гонарам прыняў ад гаспадара ўпрыгожаны самацветамі меч і залаты нашыйны ланцуг, але адхіліў прапанову перайсьці сотнікам у Татарскі полк пад каманду хана Саладзіна, а зажадаў застацца пры ваяводу з Грозава ў якасьці збраяносца [41].
Міколку з волі Вітаўта прыгарнуў архіярэй Цамбляк і паабяцаў у Наваградку аддаць да навукі. Хлапец з уцехі нават забыўся й падзякаваць.
28. НА ВЯЧЭРЫ
Васіль весела падганяе каня. У празрыстым палудзенным апары ўжо адзначыліся вежы й царкоўныя купалы Полацку. Старадаўняя сталіца купаецца ў зелені прысадаў і зіхаціць золатам у праменьнях веснавога цёплага сонца. Белакаменныя муры замку й сабораў ласкава і ў той жа час паважна клічуць здалёк сваім урачыстым хараством. Сталёвым бляскам прамянее магутная Дзьвіна і нібы пераконвае свавольную Палату.
Міжволі наплывае ў душу гордасьць і радасны ўздым. Цішком Васіль кідае позірк на свае шпоры — як прыгожа яны блішчаць. Здаецца, вось такая маленькая рэч — залатыя шпоры, а якога духу яны надаюць. Шчасьлівы той, хто мае гонар іх насіць! Зь імі прыходзяць пашана, гонар, багацьце й упэўненасьць у самім сабе. Васіль радуецца! А зь ім, здаецца, радуецца й увесь сьвет.
— Ну! — гукае ўбуджаны драб з Копыля. — За мной! — іпускаецца наўскач з узгорка.
Зь лязгатам і гікам нясуцца сьледам збраяносец, страмяны й паўтузіна вояў пошту. Віхурай праносяцца па слабадзе й выяжджаюць да белага гарадзкога муру.
Вартавыя ў браме пачціва салютуюць. Дзясяцкі прыветна ўсьміхаецца...
Дарогу распытваць ня трэба. Васіль ведае Полацак так, як свой родны Копыль. Таму, не затрымваючыся, кавалькада выносіцца на брукаваную вуліцу й заварочвае да Верхняга замку. Мінакі азіраюцца ўсьлед запаленым коньнікам, і сэрца Васіля напаўняецца яшчэ большым гонарам (ён яшчэ не прызвычаіў ся да свайго новага стану). З вокнаў час ад часу высоўваецца прыгожая галоўка маладзіцы, і доўга махае хусткай белая ручка усьлед усьмехненым воям.
Вясна вакол, і ў грудзях кіпіць маладая кроў... Вясна!..
Князь Брачыслаў Альгердавіч якраз адпачываў у парку, калі яму далажылі аб прыезьдзе ганца з Трокаў.
— Вядзіце сюды! — пахмура прамовіў ён. — Тут і прыйму яго...
Пасьля ад'езду Вітаўта з Полацку паміж ім і князем Брачыславам склаліся напружаныя адносіны. Ня мог Брачыслаў прабачыць гаспадару тое, што ён перадаў каманду над дружынамі маладзейшаму векам князю Жыгімонту Карыбуту. Скрыўдзіўся Брачыслаў моцна, бо заўсёды й паўсякчас шанаваў Вітаўта, ды служыў яму верай і праўдай.
А гаспадар са свайго боку, адчуваючы насьцярожанасьць Брачыслава і не здагадваючыся, чым яна выкліканая, з падозрай глядзеў у бок князя Полацкага — роднага брата Караля Ягайлы й, значыць, прэтэндэнта на Вялікакняжы Пасад.
За некалькі крокаў да князя Васіль ветліва пакланіўся й, зьняўшы шолам, прамовіў:
— Ад Гаспадара Вялікага Князя Літоўскага, Вітаўта Кейстутавіча, ушанаваньне табе, княжа Брачыслаў Альгердавіч!
— Што жадае ад мяне Гаспадар наш, Вялікі Князь? — спытаў, гледзячы кудысьці ўбок, Брачыслаў абыякавым голасам. Ён чакаў пачуць у адказ нешта непрыемнае, балючае, бо за гэты час у думках вытварыў перакананасьць, што Вітаўт шукае сваркі, каб зьняць яго з полацкага пасаду.
— Яго Высокасьць Гаспадар Вялікі Князь жадае бачыць Вашу Сьветласьць у Троках. Не пазьней як праз тры тыдні! — голас Васіля гучаў як загад.
— Ну, я так і ведаў! — не ўтрымаўся князь і, гнеўна зірнуўшы на ганца, запытаў: — Ці ведаеш, для чаго гэта яму спатрэбілася? Даў бы ўжо супакой пад старасьць!..
Васіль зразумеў, што робіцца ў душы гэтага слаўнага воя, бо чуў у Троках аб няпрыязі Вітаўта, і пасьпяшаў з адказам:
— Яго Высокасьць хочуць чуць Вашу Сьветласьць на нарадзе!
— Што?! — аж падскочыў ад неспадзеўкі князь і, ня верачы сваім вушам, загадаў: — Паўтары яшчэ раз тое, што ты толькі-што сказаў!
— Яго Высокасьць хочуць чуць Вашу Сьветласьць на нарадзе!.. — усьміхаючыся, паўтарыў Васіль.
— Ты пэўны таго, што кажаш?.. І ўсьміхацца пакінь, вялікае вагі ты весткі прывёз! Давай граматы!
— Пэўны, Ваша Сьветласьць! Вось граматы...
— Гм... — толькі й прамармытаў князь, прымаючы скрутак. Ён разгубіўся. Надта ж неспадзявана прыйшлі гэтыя запросіны й захапілі зьнянацку. Але сумневу не магло быць — ганец трымаўся пэўна, ды да таго ж усё гэта было вельмі падобна на Вітаўта зь ягонымі маланкавымі рашэньнямі. Аднак, апроч радаснага ўсхваляваньня (старая крыўда ўжо забылася, здавалася ня вартай увагі) у душу князя закралася падазрэньне — ашто калі Вітаўт рыхтуе нейкі страшэнны ўдар, які скрышыць адным махам усе надзеі й самаго Брачыслава...
— Дык калі, кажаш, гаспадар жадае бачыць мяне?
— Не пазьней трох тыдняў!
— І дзеля чаго?
— Прадбачыцца сустрэча з Каралём Ягайлам!
Князь задумаўся — калі б Вітаўт задумаў якія падкопы, дык навошта яму было прысылаць гэтага, такога шчырага на выгляд, драба? І спатканьне з Каралём… А Брачыслаў брата ненавідзеў...
— Як цябе клічуць? — раптам спытаў ён, пільна прыглядаючыся да ганца.
— Васілём, Ваша Сьветласьць, Васілём з Копыля...
— Даўно пасаваны?
— Нядаўна, Ваша Сьветласьць.
— Добра! Змоладу мала хто можа гэтым пахваліцца... Будзь сёньня маім госьцем. Чакаю цябе на вячэру, — і князь рухам рукі даў ведаць, што хоча застацца сам, бо надта ўзрушальная была навіна. Яе трэба абмеркаваць.
Адмовіцца ад такой ласкі, як вячэра за княжым сталом, Васіль не пасьмеў, хаця меў на вечар іншы намер. Прыйшлося ўдзяліць рэшту дня на падрыхтоўку. Вопраткі запасной з сабой не захапіў, а купляць не хацелася, таму збраяносец і стрэмяны ўзяліся начышчаць тое, што было.
Да вызначанага часу Васіль выглядаў, як малады перад шлюбам, — бліскучы й сьвежы. Нават рубец на шчацэ сьвяціўся па-сьвяточнаму і нібы дадаваў большае мужнасьці ягонаму й без таго суроваму й прыгожаму твару.
Нарэшце гук ражка абвесьціў пачатак вячэры. Васіль накіраваўся ў грыдніцу, але адразу не ўвайшоў. Выгляд масыўных дзьвяроў, утыканых квадратовымі цьвікамі, і са стрэльчатымі завесамі нагадаў, як яшчэ нядаўна суправаджаў сюды ваяводу Фёдара на гаспадарскую нараду. Як гэта нарада зьмяніла яго жыцьцё. Той раз ішоў просты купецкі сын, воляй лёсу апрануты ў баявыя дасьпехі й прыстаўлены збраяносцам да ваяводы, а цяпер ідзе рыцар Пагоні — драб Вялікага Княства Літоўскага, уласьнік Копыльскі й княжы госьць. Зьмена вялікая. Нават і паверыць цяжка. Ці ня сьніцца ўсё гэта?
— Чаго задумаўся, Васілю? — данёсься ззаду голас князя.— Ці мо' на сэрцы якую тугу маеш? Адкінь яе сёньня, весяліцца зараз пара...
Схамянуўшыся, Васіль пасьпешна абярнуўся. Побач стаяў сівы князь Брачыслаў і некалькі дужых полацкіх драбаў — старых паплечнікаў Альгерда Вялікага.
— Успаміны спынілі мяне тут, княжа, а тугі ніякай ня маю, пазбыўся... — але тут Васіль скрывіў душой, і Брачыслаў гэта заўважыў. Сьвяткуючы сваё высьвячэньне ў драбы, Васіль увесь час успамінаў горкія словы пагарды, кінутыя гордай красуняй. Высілкам волі давіў у сабе прылівы роспачы й жалю ды ўсімі сіламі стараўся выкінуць рэшткі разьбітага каханьня. Аднак ня так лёгка гэта было зрабіць як сказаць, і вось зараз, чуючы за дзьвярыма вясёлы гоман гасьцей, раптам балюча сьціснула сэрца.
— Ну, як ня маеш ніякай тугі, то й добра! — усьміхнуўся князь. — Ты й мяне пазбавіў ад яе. Хадзем жа й прамочым горла віном, бо ад уцехі яно ў мяне нешта перасохла.
Васіль моўчкі пакланіўся, прапускаючы князя ўперад.
У вялізнай залі, так памятнай Васілю, аж роілася ад гасьцей. Віднеліся панцыры драбаў, кальчугі й нагруднікі заможных баяраў, сьвіткі нялічнае шляхты, сукенкі й каронкі жанчын.
«Не вячэра, а сапраўдная бяседа!» — падумаў Васіль, ідучы сьледам за князем Брачыславам.
Госьці прывіталі князя гучнымі крыкамі, былі гэта верныя падданыя Полацкага дому, загартаваныя ў баях і нягодах ды гатовыя стаць на сьмерць за свайго валадара.
Музыкі зайгралі. Гулам, піскам і звонам аддалося ў скляпеньнях рэха й пракацілася па замку...
Васіль зь цікавасьцю перабягаў вачамі з госьця на госьця. Час ад часу трапляўся знаёмы твар — ці то воя, ці то шляхціца, і... раптам аж сэрца спынілася ў грудзях — недалёка ад княжага крэсла стаяла, як казка, чароўная Рэгіна Келябовіч. Залацістыя яе валасы, аздобленыя срэбнай каронкай, аж прамяніліся ў сьвятле сьвечак. Як вішня чырвоныя вусны й бледна-ружовы тварык так і клікалі, так і цягнулі сваім пяшчотным хараством. Гнуткі яе стан абцягнуты ярка-зялёнай сукенкай... Яна з грацыяй каралеўны махае белай ручкай князю. Побач зь ёй бацька — надзьмуты пыхай шляхціц. Васіля яны ня бачаць, і яму захацелася павярнуцца і ўцячы з залі. Пацягнула на прастор з духаты памяшканьня, да вольнага ветру, шуму пушчы, паху палёў... Але не пасьпеў ён як трэба разабрацца ў думках, як пачуўся голас князя:
— Драб з Копыля... Дзе ж ён падзеўся? Гэй!.. Сюды, сюды!.. Ты мой госьць! Тут тваё мейсца!
Воляй-няволяй давялося паслухацца і заняць крэсла на высокім канцы стала — праваруч князя й у дзесяці кроках ад яе...
Пачырванелы, Васіль з дрыжэньнем у голасе падзякаваў за гонар і нявесела ўтаропіў пагляд у стол, каб не спаткаць яе позірк.
Зараз уся ўвага гасьцей зьвярнулася на Васіля. Добрая сотня пар вачэй абмацвала яго волатаўскую постаць, нязграбна ўціснутую ў крэсла. Усё гэта было б нават і добра, каб не пякучы позірк адной пары блакітных, як само неба, вачэй — яны пяклі, пранізвалі, прыцягвалі і прымушалі трапятаць душу...
Рэгіна й Келябовіч адразу не заўважылі Васіля й стараліся зусіх сілаў вітаць князя. Аднак пасьля таго як князь гукнуў яго да сябе й ласкава ўсадзіў побач, яны трохі разгубіліся. І ня дзіва: ад іх вачэй ня скрылася значная перамена ў Васілёвай вопратцы, на якой жарам гарэў залаты рыцарскі пас. Значыць, Васіль— драб! Ад гэтага й разгубіліся яны, але толькі на адзін момант. Бо ня ўкрылася й тое, што Васіль пазнаў яе й яшчэ кахае... Хуценька перакінуўшыся караценькімі заўвагамі з бацькам, Рэгіна ўжо не адрывала сваіх вачэй ад свайго адрынутага паклоньніка. «Яго трэба вярнуць!» — думала яна. — «Трэба, каб ён забыўся пра крыўду апошняга спатканьня!..»
Малады шляхціц, які ўпарта ўвіваўся перад гэтым каля Келябавічанкі й карыстаўся яе ласкай, цяпер адчуў рэзкую перамену. Яна больш не рагатала зь яго жартаў, адмахвалася ад яго паслугаў, не заўважвала яго прысутнасьці. Скрыўджаны такім абаротам справы, прасачыў яе позірк, ускіпеў страшэннай нянавісьцю да вінаватага ў сваёй няўдачы і вырашыў адпомсьціць яму пры першай жа нагодзе. Пахмура засеў за стол і, не дакранаючыся да віна, спадылба пазіраў на Васіля.
Служкі тым часам разносілі вялізарныя місы ежы. Цалкам засмажаныя бараны й цяляты, вялізарныя падвэнджаныя шынкі, гусі, цецерукі, качкі... Смажанае й варанае горамі грувасьціла ся на сталох. Віно, мёд, піва падносілася разам з квасам і сокам. Князь зрабіў вячэру на славу, а госьці не прымушалі сябе прасіць. Сьмех і гутаркі перамяшаліся з хрустам храшчоў і сочным чмяканьнем. Звон кубкаў зьліўся зь громам бубнаў і гудзеньнем дудаў...
Чым даўжэй цягнулася бяседа, тым большыя горы абгрызеных косткаў расьлі пад сталамі, тым меней сусед прыслухоўваўся да суседа, заняты віном, закускай і сваёй собскай гутаркай...
Выкарыстаўшы агульнае вясельле і не знаходзячы пакою пад упартым позіркам Рэгіны, Васіль ціха вылез з-за стала й выйшаў з залі. Малады шляхціц, распалены прагай помсты, пасьпяшаўся сьледам, паспрабаваўшы загадзя, ці лёгка вылазіць меч з похваў.
Ніхто, акрамя Рэгіны, не заўважыў, як абодва зьніклі за дзьвярыма, нават і сам Келябовіч...
Васіль у задуменьні накіраваўся проста наперад, нічога не шукаючы й ні ад каго не хаваючыся. Яму хацелася пабыць аднаму, удыхнуць начнога сьвежага ветру й разабрацца ў наплыве пачуцьцяў. Непрыкметна для самаго сябе апынуўся на каменным памосьце муру і, углядаючыся ў чорную ноч, цяжка задумаўся, абапёршыся аб мураваны зубец забарола. Унізе ціха булькацела вада, квакаталі жабы. Хвалямі даносіўся гоман бяседы...
Раптам пачуцьцё небясьпекі пранеслася ў сьвядомасьці. Міжволі крута абярнуўся, зрабіўшы паўкроку ўбок. І ў гэты ж міг стальное лязо мяча чырканулася аб зубец, высекшы сноп іскраў.
Хапацца за зброю ўжо няма калі, і Васіль са ўсяго размаху задзяліў нападніку кулаком у сківіцу, аж нешта храснула.
Цёмная постаць нападніка захісталася, і толькі зубец забарола, за які ён ухапіўся, утрымаў яго на нагах, меч з жаласным звонам пакаціўся па каменных плітах памосту. Васіль кінуўся ўперад і, ня даўшы праціўніку апамятацца, згроб яго ў ахапак.
— Хто ты?.. Чаго ад мяне хочаш?..
Нападнік, яшчэ канчаткова не прачухаўшыся, ірвануўся, але Васіль сьціснуў яго мацней, аж енк вырваўся з прыдушаных грудзей.
— Хто цябе паслаў? — шыпеў далей яму на вуха Васіль, адчуваючы прыліў шалу й баючыся, каб ніхто не пачуў яго слоў і не перашкодзіў. — Кажы!.. Князь Брачыслаў?.. Ці хто іншы?.. Кажы, бо прыдушу як сабаку!..
— Пусьці, нягоднік! — ізноў ірвануўся нападнік. — Ніхто мяне не пасылаў... Выцягвай свой меч... тады пабачым, хто каго! Ці мо' баісься?..
— Ты ня варты гэтага гонару! — ізноў зашыпеў Васіль. — Той, хто нападае ззаду, той...
— А той, хто крадзе чужых нарачоных, іншага й не заслугоўвае! — гнеўна перабіў шляхціц. — Пусьці!
Ад гэтых слоў Васіль аж аслупянеў і на момант аслабіў уціск. Гэтага якраз і хапіла. Шляхціц крутнуўся і, як зьмяя высьлізнуўшы з рук, падхапіў свой меч.
— Чыю ж нарачоную я скраў? — зьдзіўлена спытаў Васіль, выцягваючы свой меч.
— Маю! І за гэта загінеш! — кінуўся ўперад шляхціц, цэлячы мячом Васілю ў чэрава.
Васіль спрытна адвёў удар і ў некалькі заходаў абяззброіў праціўніка, выбіўшы яму меч з рук.
Бачачы, што тут ня жарты, і апынуўшыся ў такім бязвыхадным становішчы, шляхціц кінуўся ўцякаць. Аднак не пасьпеў ён зрабіць і некалькі крокаў, як Васіль ухапіў яго ўпоперак і, падняўшы над галавой, перакінуў цераз забарола ў непрагляд ную ноч. З гучным енкам бухнуўся бядак у цёмную ваду рова. Сьледам паляцеў меч.
Узбуджаны й разьюшаны Васіль накіраваўся назад у залю знамерам спытаць у князя Брачыслава, што мае значыць гэты начны напад. Няўжо так сустракаюць гаспадарскіх пасланцоў у Полацку?..
У цемры абазначыўся вузкі праход у галерэю, што вяла змуру ў нутраныя пакоі замку. У глыбіні галерэі цьмяна сьвеціцца паходня, кідаючы чырвоныя водбліскі...
Раптоўна нейкая цёмная постаць засланіла дарогу. Яна вырасла як з-пад зямлі — бязгучна, нечакана й таямніча. Васіль уздрыгнуў і, адступаючы на крок у тыл, выхапіў ізноў меч. Постаць не варухнулася. Яна, нібы прывід, маўкліва засланіла праход. Чырвонае сьвятло паходні перабягала ў яе за сьпінай. Штось жудаснае, пякельнае было ў гэтым відовішчы. Мурашкі папаўзьлі па сьпіне, і на галаве заварушыліся валасы...
— Хто ты? — глуха спытаў Васіль, заносячы меч. — Кажы!
— Васіль, я ўсё бачыла... — пачуўся жаночы шэпт. — Толькі, дзеля Бога, ціха!..
— Рэгіна! Ты?.. — ускрыкнуў уражана Васіль. — Што ты тут робіш?..
Уся душа, здавалася, ускалатнулася ў няшчаснага драба. Тысячы супярэчных пачуцьцяў у адзін момант зблыталіся ў зачараваны клубок. Немагчыма стала разабрацца, дзе нянавісьць, каханьне, агіда, дзе пяшчота, жаль, гонар, абраза, надзея, безнадзейнасьць... Хацелася ганарыста прайсьці міма, паказаць сваю пагарду, каб і яна адчула боль уражанага самалюбства. Але, з іншага боку, так і карцела схапіць яе ў абдымкі, прыціснуць да сябе яе хісткую постаць і цалаваць, цалаваць бясконца... Упівацца дурманам каханьня й забыцца пра ўсё на сьвеце... Але...
— Што ты тут робіш? — нарэшце выціснуў зь сябе Васіль.
— Я ўсё бачыла й чула... Гэта ён пра мяне казаў. Я баялася за цябе, Васіль... Я... кахаю цябе... Толькі цябе аднаго! Яго я ніколі не хацела, гэта татусь мой настаяў...
— Дык ты зару...
— Маўчы! — засланіла яна рукой рот Васілю. — Дай я скажу... Дай мне пакаяцца перад табой...
— Ну?..
— Я вінаватая... Памятаеш, тады, перад тваім ад'ездам?.. Ты паехаў скрыўджаны... Мы ж кахаліся з табою, Васілёк, зсамага маленства... Пазьней я не магла сабе дараваць. Прабач хоць ты?.. Скажы, што кахаеш, што не забыў, і гэтага будзе досыць... Нявольніцай тваёй буду... Васіль!.. — яна ўхапіла яго за руку й паднесла яе да вуснаў.
Галава пайшла колам у беднага Васіля. Дотык яе рукі, яе вуснаў, яе словы — хмелем асядалі ў душы, блыталі намеры і густой імглой засьцілалі розум. Ён адчуваў блізкасьць яе трапяткога стану, адчуваў сваю ўладу над ёю і ўсё болей і болей губляўся. Рэгіна ж па-свойму зразумела яго маўчаньне. Яна не адчула той неймавернай барацьбы, якая бушавала зараз пад сталёвым нагруднікам і, баючыся страціць Васіля, працягвала:
— ...І заручыны супраць маёй волі татусь справіў зь ім. За багацьцем пагнаўся. Але я ніколі не хацела яго й не хачу... Вось глянь! — яна хутка сарвала з пальца пярсьцёнак і кінула ў цемру...
Гэты яе ўчынак разам прабудзіў у памяці Васіля недалёкае мінулае. Успомнілася, як гэтак жа бязьлітасна яна парвала зь ім самім. З выглядам і пыхаю каралевы абразіла яго, абразіла ягоны род і бедную адзінокую сіраціну Марылю ды дала зразумець, што болей не жадае бачыцца. І што ж гэта раптам здарылася? Сама прызнаецца ў каханьні, цалуе рукі, абяцае быць нявольніцай?.. Ці мо' яна сапраўды адумалася, ці мо' якая іншая прычына? Бядак забыўся, што зараз на ім блішчыць залаты пас, а значыць — не абы якая маёмасьць. Забыўся, што ён сёньня першы госьць у князя Брачыслава. І забыўся, што бываюць дробныя людзі, ласыя на золата, і подлыя, здольныя апляваць найвышэйшыя пачуцьці чалавека за такое-сякое багацьце й дастатак. Ён ня мог бы паверыць, што каханьне Рэгіны, так адкрыта ёю выказанае, было не да Васіля, а да драба з Копыля. Гатоў быў ужо прыгарнуць яе, але нейкая падсьвядомая сіла ўтрымала і прымусіла яшчэ раз задумацца над яе ўчынкам зь пярсцёнкам.
— Васіль, — ізноў адазвалася Рэгіна, — забудзь усё...
— Так! Я забуду! — раптам рашыўшыся, прамовіў Васіль і, упэўнена адсунуўшы яе з праходу, закрочыў у глыбіню галерэі. Вырашыў: выкінуць яе з сэрца й забыць назаўсёды. — Бывай!
— Хам! — зашыпела яна ўсьлед. — Ня думай, што так лёгка ад мяне пойдзеш!.. Я пастаўлю цябе на калені!.. І свае маёнткі пакладзеш ля маіх ног!..
Вярнуўшыся ў грыдніцу, Васіль заспакоіў пачаўшага непакоіцца князя і з аблегчанай душой прымкнуў да агульнае вясёласьці. Бачыў, як прыйшла Рэгіна, зьбялелая, з бліскучымі вачамі. Нешта доўга шаптала на вуха бацьку. Як той разгублена выйшаў і болей не вярнуўся...
— Пайшоў шукаць зяця ў рову! — зларадна здагадаўся Васіль. — Ну хай сабе палазіць у вадзе! Шкурнік!
Музыкі весела высьвіствалі, госьці грымелі кубкамі й нажамі. Гамонка й сьмех не змаўкалі да поўначы...
А бедны шляхціц, насёрбаўшыся досыць бруднае вады, звыкручанай нагой, боўтаўся ў вадзе пад мурам, аж пакуль яго не падабраў у човен Келябовіч.
Васіль прагасьціў у Полацку цэлы тыдзень і разам з князем Брачыславам выехаў у Трокі. Страшэнна хацелася адведаць Слуцак, пабачыцца зь сястрой. Пацешыць яе радаснай навіной аб гаспадарскай ласцы ды ўзяцца за ўпарадкаваньне Копыльскага маёнтку й замку. Ня ведаў, ці Вітаўт адпусьціць, але рашыўся прасіць.
Час настаў трывожны. З аднаго боку, узрастала крыжацкая пагроза — чуткі аб вайне шырыліся. З другога боку, Кароль Ягайла намагаўся ўсімі праўдамі й няпраўдамі накласьці сваю руку на Вялікае Княства Літоўскае. З трэйцяга — Масква павяла бесьперапынныя інтрыгі, імкнучыся аслабіць сілу вялікакняжай улады. З Чэхаў што раз то мацней гучаў заклік аб дапамозе. Няшчасныя чэхі абясьсільвалі ў няроўнай барацьбе за сваю свабоду са Сьвяшчэннай Рымскай Імпэрыяй. Амаль уся Эўропа навалілася на гордую й свабодалюбную краіну, навадняючы яе абшары тысячамі рознанацыянальнага рыцарства, прагавітага да прыгодаў і нажывы. Дапамогі чакаць не было адкуль, толькі вялікая й справядлівая Літва са сваімі драбамі й мудрым гаспадаром, магла выратаваць краіну. Была яшчэ адна сіла, сіла брутальная, жорсткая й здрадніцкая — Масква, але лепей ужо паддацца хіжацкай Эўропе, зь яе інквізыцыяй, чым напаўазіяцкім драпежнікам Масквы.
Настала трывожнае лета 1400 году...
29. У ПАГОНЮ
У Троках ваяводы Фёдара ўжо не было. Ад Вітаўта Васіль даведаўся, што ваявода два дні таму выехаў у Слуцак.
— А я табе казаў, — усьміхнуўся Вітаўт, бачачы жаль, які адбіўся ў вачах Васіля, — даганяць яго, калі хочаш. На Ліду пагнаў, а там на Наваградак.
— А Ваша Высокасьць дазваляе? — ажывіўся Васіль. — Сястра ў мяне ў Слуцку... Амаль цэлую зіму ня бачыліся, і вестак ніякіх.
— А ў Горадню са мною ня хочаш?
— Воля Вашае Высокасьці для мяне закон! Хоць на край сьвету!
— Ну, добра, гані ў Слуцак. Князю старому прывітаньне маё перадай, пабачся зь сястрой ды назад. Але доўга не загульвай! Патрэбны мне будзеш. Ды не забудзься, як варочацца сюды будзеш, караваю кавалак прывезьці... Ну йдзі! — і Вітаўт загадкава падміргнуў.
Наступнай раніцай зь першымі праменьнямі сонца Васіль рушыў у дарогу. Апошнія словы гаспадара яго зьдзівілі й устрывожылі. Ці не надумалася там Марыля, часам, замуж выскачыць, і Вітаўт аб гэтым ведае? Каб хаця, яна там з самоты ды роспачы сапраўды якога глупства не ўчыніла — цяпер для яе мужа трэба шукаць між драбамі, а можа нават і войт які знойдзецца. Дзяўчына яна прыгожая... І Васіль гоніць з усіх сіл. Яго невялікі пошт не адстае, і коні аж стогнуць ад стомы.
У Лідзе ваяводы ўжо не засталі. У Наваградку тое самае — учора рушыў далей. Але адзін дзень ужо выйграны.
— І куды яго так нясе? — не ўтрымаўся Васіль, у роспачы прыглядаючыся да сваіх упрэлых коней. — Як на пажар!..
Сэрца сьціснула нейкая невытлумачаная трывога, хацелася ехаць і ехаць, гнаць што было духу. Аднак у Наваградку прыйшлося заначаваць і падправіць падковы, што пачалі непрыемна паляскваць.
Ноч прайшла хутка. Папярэдняя гонка, клопаты й стома валілі з ног, і падарожнікі спалі як забітыя, толькі дружны храп з прысьвістам разносіўся па карчме.
Раніцай, расплаціўшыся за начлег і падсілак, ускочылі ў сёдлы й, не аглядаючыся, панесьліся на Мір. Хутка вежы й званіцы Наваградка засталіся далёка ззаду ды нарэшце зьніклі ў блакітным ранішнім апары.
Сустрэчныя сяляне доўга глядзелі ўсьлед імкліваму аддзелу: «Куды іх носіць так? На пажар, ці што?.. А мо' вайна?..»
А Васіль гнаў. Гнаў што было сілы ў конях і вытрываласьці ў людзях, толькі шум камякамі адлятаў ад цугляў. Яму здавалася, што ўсё яго будучае шчасьце й шчасьце каханае сястры залежыць ад таго, ці дагоніць ён ваяводу да Слуцку, ці не. Чаму гэта так, ён не вытлумачыў бы, але быў гэтага амаль пэўны.
У Міры даведаліся, што ваявода едзе ня сам. Спадарожніча юць яму нейкі князь і высокі санам духоўнік. Усе тры зь вялікімі поштамі й вельмі сьпяшаюцца. Але Васіль уцешыўся весткай, што, нягледзячы на папярэднюю пасьпешнасьць, ваявода затрымаўся тут даволі доўга і выехаў толькі сёньня раніцай. Нават болей, ён хацеў застацца яшчэ на адну ноч.
У Нясьвіжы было тое самае. Нават здалося дзіўным, не падобным да ваяводы Фёдара: то скрайняя пасьпешнасьць, тоневытлумачальная маруднасьць пад канец падарожжа.
Падсілкаваўшыся амаль на хаду, Васіль ізноў рушыў у пагоню з думкаю: «Сёньня да вечара трэба абавязкова дагнаць!»
— Ходу! Ходу! — гукае ён і прышпорвае каня.
І яго пошт з грукатам і ляскам зброі нясецца па абшарах Случчыны. Мільгаюць масткі, пералескі, балотцы, палеткі задзінокім аратым, вёскі й хутары, патанулыя ў зелені садоў.
Радаснае трымценьне прабягае па жылах стомленых коньнікаў пры выглядзе роднага кута. Паўгода таму выяжджалі адсюль па засьнежаных дарогах, а зараз — трапяткая сьвежая зелень, стракаты дыван лугоў, прыманьлівы цень садоў і лясоў. Нават хмары шэрага пылу — і тыя нібы вітаюць падарожнікаў.
Недалёка ўжо й Копыль. Уперадзе калыхаецца ды ўецца вялізарная хмара пылу, суцэльнай завесай засланяючы дарогу й асядаючы далёка-далёка, на сенажаці...
— Ну, здаецца, яны! — гукае Васіль і паддае ходу. — Бач якую хмару паднялі, нібы полк цэлы...
Сонца ўжо прыпякае па-летняму. З вышыні блакітнага неба яно весела адбіваецца ў сталі ўзбраеньня й трапяткімі зайчыкамі прабягае па ценістых прысадах дарогі.
Хмара пылу ўжо зусім блізка. Прыўзьняўшыся на страмёнах, Васіль нават адрозьнівае ў ёй паасобных коней... І раптам, аж не паверылася адразу, — выразна абазначылася рагатая галава: карова! За ёй другая, трэцяя... Збоку выскачыла цяля... Вялізарная чарада быдла...
— Каб цябе Пярун ясны! — не вытрымлівае расчараваны Васіль і зварочвае з дарогі на мяккі мурог сенажаці.
Разагрэтыя коні нецярпліва фыркаюць, тузаюць павадамі, разьліваючы мілагучны перазвон збруі.
Чарада быдла з рыкам і мыканьнем паважнай і нясьпешнай хадой пасоўваецца наперад. Ноздры падарожнікаў казыча знаёмы пах малака й гною.
Нарэшце паказваецца стары пастух з даўжэзнаю пугай.
— Гэй, дзядзька! Пачакай! — кратае каня Васіль. Ці ня бачыў, як тут праяжджаў ваявода з Грозава?
Пастух моўчкі спыняецца, зь цікавасьцю разглядаючы ўзброеных коньнікаў. Паступова яго твар расплываецца ў радасную ўсьмешку, і ён кажа:
— А я цябе ведаю, сынку! Дарма што ты зараз такі пышны. Пазнаў! Пазнаў! Ты ж з Копыля? Праўда?..
— Праўда, праўда! — гарачыцца Васіль. — Ці бачыў ваяводу, пытаюся?
— Бачыў... Як ня бачыць... А ты ж Трахімаў сынок, праўда? Васілёк Трахімаў?.. Я ж цябе яшчэ вось такім памятаю, — паказвае дзед на локаць ад зямлі, — і Марыльку таксама... Дзе ж яна, сірацінка бялявенькая?..
— Ці даўно ваявода праехаў? — мала не крычыць зь нецярплівасьці Васіль. — Будзеш ты адказваць ці не?
— Буду, сынок, буду... А вашае папялішча так і стаіць непрыбранае пасьля басурманскай пажогі... — правіць сваё пастух, як бы не заўважаючы нецярплівасьці Васіля. — Думалі мы ўжо, што й ты з Марылькай дзесь Богу душу аддалі, ажно бач! Жывы! Ды не абы як — драбам пасаваным стаў!.. Зьвялікім поштам вандруе... А ваявода вось толькі-што праехаў. На Копыль папраставаў... Ды пачакай жа трохі... Дай нацешыцца на цябе... — ухапіўся стары за стрэмя, бачачы, што Васіль заварочвае каня. — Дай хоць разгледзець, а ваяводу пасьпееш дагнаць. Як раней — дык, бывала, і не адчэпісься: то дуду яму зрабі, то лук, а зараз паглядзеце на яго — заганарыўся... — уголасе старога не адчувалася ніякай крыўды, нягледзячы на яго словы — відаць, сапраўды цешыўся зсустрэчы. Вочы пад густымі белымі брывамі з ласкай, нават пяшчотай углядаліся ўтвар Васіля. І той ня вытрымаў — саскочыў з каня. Абняўшыся й тройчы пацалаваўшыся, вінавата прамовіў:
— Прабач, дзедка Піліп, не пазнаў адразу, хаця й мала ты зьмяніўся, а як прыпамянуў ты дуду ды лук...
— Ну вось, бачыш, сынку, а я ўжо й скрыўдзіцца хацеў. Дарма, што ты драб, а я пастух... А апасаваў цябе хто? Можа, сам гаспадар? Га?
— Ён сам!
— Бач ты! Да чаго дажыў?! Шкада, Трахіма няма, царства яму нябёснае, вось бы ганарыўся... А за што ж гэта ласка гаспадарова такая?
— Апрышак злавіў, дзедка, вось і апасаваў!
— Ага! — спаважнеў дзед. — Гэта, знацца, за апрышак? Загэта варта! Можа самаго Скабеля ўзяў? Ён тут натварыў бяды... А яшчэ людзі кажуць, што Войтам быў...
— Не, дзедка, не Скабеля. Сыча, калі чуў?
— Можа й чуў калі, але не прыгадаю. Напэўна, не такі душагуб, як Скабель гэты. Вось каго трэ' злавіць! Людзей тут набіў бязьвінных... Грозаў спаліць хацеў, ды, дзякаваць Богу, уберагліся... А на мой розум, калі ён войтам быў, дык чаго ў апрышкі лезьці? Хіба завініў дзесь...
— Яго наш ваявода зь сядла выбіў і нешта сказаў такое, што той са сьвету зьнік, а зараз у апрышках апынуўся. Але ня доўга ён пагуляе!
— Ня доўга, кажаш? Ну дай Бог, каб твае словы ды Богу ўвушы! — стары хітра зірнуў на Васіля. — Можа, калі ты яго, Васілёк, зловіш, то цягні яго паганага ў Копыль... Мы яго капой на той сьвет адправім, добра?
— Добра дзедка... Але мне ўжо...
— Ну, ну, — перабіў дзед. — Бачу, нецярплівісься. Дык яжджай ужо, сынку, яжджай...
Васіль зь лёгкім сэрцам ускочыў у сядло й, махнуўшы дзеду рукой, галопам пусьціўся па дарозе.
Пастух доўга глядзеў яму ўсьлед...
— Бач, як яно на сьвеце бывае! — прамовіў ён задумліва. — Хто б то сказаў, што Васілёк, які хвасты цялятам накручваў, драбам стане?.. Ды яшчэ з рукі самаго!.. Унь як яно бывае!
А Васіль у гэты час ужо скакаў па вуліцы свайго роднага мястэчка, разганяючы чародкі крыклівых гусей і курэй. Спыніліся каля карчмы, але ваяводы тут ужо не было — без затрымкі прайшоў на Грозаў.
— На конь! — гукнуў Васіль, выбягаючы з карчмы, і з разгону ўскочыў у сядло, амаль не абапіраючыся на стрэмя.
— Бач ты яго! — зьдзівіўся карчмар. — Хлёсткі драб! Упоўным узбраеньні ўскочыў... Ня бачыў я яшчэ такога на сваім вяку, хаця й да сівых валасоў дажыў...
А зялёны плашч Васіля ўжо трапечацца на ветры, далёка за ваколіцай...
Сонца прыкметна схілілася да пушчы. Доўгія цені коньнікаў выцягнуліся за край дарогі й, як птушкі, перапырхваюць праз кусты, масткі, гарбы...
Дарога, выгінаючыся, пайшла празь лес. Зрабілася трохі вільготней, і запахла грыбамі, мохам ды прэлымі лістамі. Стомленыя ўшчэнт коні збавілі ход. Васіль са злосьцю пачаў пароць шпорамі ў бакі зморанага свайго Булана. І ў гэты момант з-за павароту дарогі паказаліся чырвоныя плашчы...
— Ніяк тут сам Жыгімонт Карыбут?! — ускрыкнуў Васіль, міжволі нацягваючы павады.
Сумневу быць не магло: толькі асабісты полк князя Жыгімонта насіў чырвоныя плашчы з вышытай на левым плячы залатой сякерай. «Тапорнікі», як іх называў народ, таксама прыкмецілі Васіля, і вокрык: «Валяць! Валяць!» [42] — загучэў над пушчай.
Неспадзяванае спатканьне моцна зьдзівіла Васіля, бо ваявода Фёдар, хаця й узрадаваўся, аднак быў маўклівы й пахмурны, нейкі як сам ня свой — нічога не расказваў і ні аб чым не распытваў. У часе далейшага падарожжа Васіль часта лавіў на сабе яго задумлівы позірк...
Князь Жыгімонт таямніча пасьміхаўся й, накручваючы даўгі вус, вясёла падміргваў архіярэю Цамбляку, які, у сваю чаргу, мала не душыўся стрыманым рогатам...
«Якая іх трасца дрэнчыць?.. Можа, п'яныя?» — рашыў Васіль і перастаў зьвяртаць увагу на захаваньне сваіх высокіх спадарожнікаў, тым болей што яго стан не дазваляў яму першым пацікавіцца, у чым рэч. Так на гэтым і засталося...
У Грозаве пераначавалі. Раніцай, добра пасьнедаўшы, рушылі ў Слуцак. Ваявода Фёдар прыкметна марудзіў з ад'ездам, але рабіў выгляд, што сьпяшаецца й падганяе іншых. Нечага падобнага зь ім ніколі яшчэ не было, і чым далей тым болей Васіль чухаў патыліцу, намагаючыся разгадаць, у чым рэч. Але як жа ён зьдзівіўся, нават не хацеў верыць вачам, калі ўбачыў, што ваявода, выехаўшы трохі наперад, прыклаў да вуснаў біклагу.
«Зь ім нешта ня так! Зроду ня піў у дарозе, дый баклагі ніколі не вазіў пры сабе...» — і, папрасіўшы ў князя Жыгімонта дазволу, Васіль прышпорыў каня.
— Ваша Сьветласьць! — параўняўся ён зь Фёдарам. — Выбачыць мне прашу, але, можа, я магу што парадзіць... ці памагчы?
— А, Васіль! — устрапянуўся ваявода. — Добра, што дагнаў мяне... Ведаеш, хачу табе сказаць... — і замоўк — відаць, стараючыся падабраць словы. Так і ехалі моўчкі, адзін цяжка задумаўшыся, другі заклапочаны й устрывожаны...
«З ваяводам нешта здарылася, і не на жарт...»
Князь Жыгімонт усё так жа вясёла накручваў вусы...
* * *
Марыля ў гэты дзень прачнулася вельмі рана. Яшчэ перадсьвітальная зара трапятала ў глыбокай нішы замкавага вакна. Дзіўны сон прысьніўся ёй: нібы йдзе яна па бярозавым гаі й размотвае клубкі тонкай пражы. Сьвіст і шчалкаваньне салаўёў аж зьвініць у вушах, а ніткі кладуцца на сьвежую расістую траўку, пышныя папараці аплятаюць самотны рамонак й, падхопленыя ласкавым ветрыкам, уздымаюцца ўвысь ды асядаюць на галіны высокага дубу. Пералівісты сьпеў салаўёў як бы набірае строю і вось, здаецца, у ім прамільгвае знаёмая мэлёдыя. Але якая?.. Ніяк не ўхапіць, не разабраць... І так цяжка робіцца на душы, так хочыцца прыпомніць гэты, нібы знаёмы, напеў, аён высьлізгваецца, не даецца... І бачыць яна, што ніткі на дубе ўсе павязаныя ў вузьлікі й паблытаныя. Але вось салаўіны напеў гучнее, і Марыля з палёгкай як бы разрозьнівае словы:
...Вернесься са славаю,І так робіцца прыемна, соладка на сэрцы, лёгка на душы... Анапеў гучнее, гучнее, і... раптам, як бы сьлізгаючыся па расьцягнутай ніці, на дуб узьлятае сокал... Але вось няма ўжо ні дубу, ні сокала, а сярод зарасьніку стаіць стройны вой у чорным панцыры. Твар воя заслонены баявым забралам... Яна йдзе яму насустрач, а салаўі пяюць, аж глушаць... І ён, убачыўшы яе, кідаецца ўперад ды бярэцца рукамі за шолам. Вось-вось ён здыме яго, і яна ўбачыць твар... Вось... Вось... — але сон зьляцеў з павек.
— Гэта быў ён! Фёдар! — шэпча Марыля, углядаючыся ў цёмную столь. — Гэта ён! — Яна спрабуе заснуць ізноў, каб працягнуць чароўны сон, але сэрца глуха калоціцца ў грудзях і не дае...
* * *
Каля абеду, вярнуўшыся з царквы, Марыля знайшла старога Бая ў кузьні. Стары, ня маючы чаго рабіць, кляпаў малатком пагнуты нагруднік ад панцыра.
— Можа, пойдзеце з намі ў лес? — гукнула яна. — Дзяўчаты па венікі зьбіраюцца.
— Чаго ж, можна, — пагадзіўся стары. — А ці шмат вас, сакатух, пойдзе?
— Шмат, дзедка! Зося, я, Тэкля, Палашка...
— Пачакай! Пачакай! — замахаў Бай рукамі. — Бач ты, засакатала, усё роўна не ведаю ўсіх... А ці хутка выбіраецеся?
— Зараз жа! Вунь і Ганна з Волькай бягуць...
— Дык пачакайце трохі, — засьпяшаўся Бай, скідаючы скураны фартух. — Пайду драбіны запрагу...
— Дык даганяйце нас! Мы ў Бранавіцкі бярэзьнік пойдзем.
Бай замармытаў нешта сабе пад нос аб кабецінай няўседлівасьці й трушком пусьціўся да стайняў.
Дзяўчаты ж, узрастаючай грамадой падаліся да Віленскае заставы й, мінуўшы рагаткі, запылілі па шляху, зьбіраючы прыдарожныя кветкі. Зацягнулі песьню.
Бай дагнаў іх ужо далёка за гарадзкімі ўмацаваньнямі. Амаль кожная зь дзяўчат пасьпела ўжо сьплесьці вянок і прыбраць ім галаву.
— Дзеванькі! Давайце й дзядзьку Баю вяночак спляцём![43]— весела ўскрыкнула круглатварая Зоська. — Га?
— Сьпляцём! — разьнёсься радасны выгук, і ўся дзявочая грамада кінулася зноў зьбіраць кветкі.
— Я вам сьпляту! — зарычэў Бай, патрасаючы пугай. — Так сьпляту, што лыткі паабмочваеце! Бессаромніцы! — Але, ня надта давяраючы сваім пагрозам, пасьпяшаўся хутчэй насунуць на галаву свой шолам, які да таго бразгацеў на дне возу.
Як і спадзяваўся Бай, пагроза не дапамагла. Дзяўчаты хутка ўправіліся зь кветкамі, абляпілі старога як мухі, выдралі з рук пугу, сьцягнулі шолам і з рогатам надзелі вянок на яго сівую галаву. Бай паспрабаваў скінуць яго, але йзноў грамадой наваліліся дзяўчаты й прыгразілі прышчапіць, калі толькі паспрабуе дакрануцца да вянка. А вясёлая Зоська ўхапіла Бая за шыю, пацалавала ў сівыя вусы й закрычэла:
— Дзядзька Бай! Які ж ты прыгожы! Прысылай да мяне сватоў, рушніком падарую!
— Апсік, бессаромніца! — раззлаваўся стары, выціраючы вусы. — Паткніся яшчэ раз, то як задзяру спадніцу ды выхвастаю пугаўём, перастанеш са старога насьміхацца!
Дзяўчына жартаўліва надзьмула вусны й, зварочваючыся да сябровак, тоненькім галаском залямантавала:
— А міленькія мае, а даражэнькія. Ці ж бачылі, ці чулі? Ня хоча мяне гаротную, сірату беспрытульную... А я ж сама яму набівалася... — і, раптам састроіўшы вочкі, павярнулася да Бая. — Ці мо' я непрыгожая? Ці мо' ня круглая? Паглядзі на мяне! — яна падперлася ў бокі й, пад агульны рогат, павярнулася на пятах. — Ну, што скажаш?.. Маўчыш?.. Пэўна, спадабалася!
— Ды няма чаго й казаць, — зьбянтэжыўся Бай. — Дзеўка ты прыгожая! Каб дзясяткаў пяць гадкоў скінуць, дык ужо й не адчапіўся б ад цябе. Умееш круціць хвастом, хоць куды...
— Ага! Ну дык давай тады руку! — узрадавалася Зоська ды з дапамогай Бая ўскочыла на воз. — Паедзем разам, як маладыя, а дзяўчаты хай пехатой ідуць. Но-о-о! — уструхнула яна лейцамі. Драбіны зноў зарыпелі па пыльнай дарозе.
У гэты час недалёка ўперадзе праз Бранавіцкі бярэзьнік, бразгаючы зброяй, ехаў рысцою ваявода Фёдар са сваімі спадарожнікамі. Васілю ён так нічога й не сказаў...
Адзьдзел, што выяжджаў зь лесу, першая заўважыла ўсё таяж Зоська. З вышыні возу ёй выразна было бачна, як на ўскраіне лесу зьявіўся чорны коньнік. За ім другі, і адразу замаячылі, закалыхаліся разгорнутыя харугвы й сьцяжкі на дзідах. Яна нават трохі спалохалася й закрычэла:
— Войска! Дзеванькі, войска! — ды пасьпешліва, сама ня ведаючы чаму, затузала лейцамі. Коні ўздыбіліся, захрапцелі й сталі ўпоперак дарогі.
— Чаго шморгаеш лейцамі, як стары порткамі! — забурчэў Бай, саскокваючы з возу. — Ну войска. А што з таго? Хай сабе й войска... Бачыш жа, што не татары, сарока...
А войска набліжалася...
Марыля, як толькі пачула Зоськін крык, адразу адчула, як нешта цяжкое падступіла да сэрца й жалезнымі абручамі сьціснула калені. Яна з трывогай і надзеяй прыгледзелася да пярэдняга воя, але густая хмара пылу захінула яго постаць. Толькі чорная грыва каня ды чорны плашч віхрыліся на скаку. Аднак нешта невытлумачальнае падказвала дзяўчыне, што гэта ён — той, каго кахала, аб кім марыла й чакала. Ёй здавалася зусім зразумелым, што й ён нецярпліва рвецца да яе. Інакш яна й не ўяўляла сабе Фёдара. І хаця між імі нічога не было сказана, і ні рухам, ні позіркам няздраджана пачуцьцяў, яна была пэўная Фёдаравага каханьня. Ня толькі пэўная, а нават, часамі здавалася, што ўсё ўжо дамоўлена, вырашана, застаецца толькі яму вярнуцца... І зараз, убачыўшы войска, душой адчула, што гэта ён, і, ні аб чым ня думаючы, кінулася бегма насустрач...
Бай з падозрай нахмурыўся. Сваімі старэчымі вачамі ён ня мог яшчэ разабраць колераў на дзідах. Дзяўчаты прымоўклі й нерашуча пераглядаліся...
Як выехалі зь ценю вільготнага бярэзьніку, вачам Фёдара адкрылася знаёмая, залітая сонцам раўніна з завілістай пыльнай дарогай на Слуцак. Далёка ўперадзе стракатая грамадка людзей варушылася каля параконнага возу...
Не затрымваючыся, ваявода лёгка паскакаў па мяккай палявой дарозе. Ззаду чулася пабразгваньне зброі Васіля. У вушах пасьвіствае вецер...
Раптам аж нешта кальнула ў грудзі. Фёдар убачыў, як ад грамадкі людзей адзьдзялілася жаночая постаць і, выцягнуўшы ўперад рукі, бегма пусьцілася насустрач...
Убачыў гэта й Васіль — ён адразу пазнаў сястру.
«Бедная Марылька... Так знудзілася!» — падумаў ён. Захацелася паддаць шпорамі, вынесьціся ўперад і абняць яе — бедную сястрычку, прыціснуць да грудзей ды пацешыць радаснымі навінамі аб гаспадарскай ласцы, аб дастатку й багацьці... Аж сьлёзы выступілі ў беднага расчуленага Васіля. Аднак уперадзе скача ваявода, і выпярэджваць яго нельга. Васіль не адрывае радасных вачэй ад любай сястры і ўжо гатовы прамаўляць ёй словы пацехі... Ужо блізка... Блізка... Аднак...
Марыля спыняецца пасярод дарогі й, задыхаючыся ад хуткага бегу, крычыць:
— Фёдар! Каханы мой! — твар яе пламеніцца, вочы іскрацца, і высока ўздымаюцца грудзі...
ваявода на поўным скаку асаджвае каня й, нізка перагнуўшыся ўбок, падхоплівае яе ў сядло...
— Як гэта? — зьбянтэжана аглядаецца Васіль, ня верачы сваім вачам. — Марыля... ваявода... Хто б сказаў?.. А я?.. Вось табе й маеш! Не, як жа ж гэта?..
А шчасьлівая маладая пара ўжо скача далей, шчыльна прытуліўшыся адно да другога. Моцная рука Фёдара пяшчотна трымае дарагую ношу, а Марыля, плачучы ад радасьці, углядаецца ў яго мужны й прыгожы твар.
— Фёдар... — шэпча яна. — Ты мой?..
— Твой, мая каханая!.. Твой, да скананьня!..
Прасьлязіўся й стары Бай, разабраўшыся ў тым, што здарылася. Забыты вянок споўз яму амаль на нос і казыча пад вокам намоклымі ад сьлёз пялёсткамі. Зоська, падабраўшы спадніцу, саскочыла з возу й, сама ня ведаючы чаго, схавалася за атарапелых дзяўчат...
Не апрытомнеўшы яшчэ Васіль адчуў, як на плячо яму легла цяжкая рука, і голас Кандрата Тура прамовіў:
— Ну вось, а цяпер будзем дзеўку прапіваць! Ці што?..
— Ды яно нібы так... — пагадзіўся Васіль. — Толькі як жа яно атрымоўваецца? Калі ж гэта яны?.. Так ці што?
— Тады, як мы і ты спаў! — супакоіў Кірым.
— На гэтым і маё сватаўство канчаецца! — задаволена накручваючы вуса, прамовіў, пад'яжджаючы, князь Жыгімонт. — Але рушніка ўсё роўна не падарую! Такі ўжо звычай! — і, трохі памаўчаўшы, павярнуўся да архіярэя Рыгора. — А цяпер, няхай Ваша Прэасьвяшчэнства не марудзіць, бо й мне ня церпіцца за вясельны стол сесьці, дый ім... — усьміхаючыся, паказаў ён на віхрык пылу, падняты капытамі Фёдаравага скакуна...
30. ТУТ І ТАМ
Вясельле было гучнае. Гасьцям ня ведалі ліку. У Слуцку, Грозаве й Копылі два тыдні не змаўкалі песьні й покатам валяліся п'яныя. Тады зноў два тыдні апахмяляліся. Навакольны народ чатыры тыдні піў бяз просыпу.
На вясельных турнірах і гонках — удзельнічалі паўсотні ведамых драбаў і рыцараў. Шаснаццаць зь іх было цяжка параненых і чатыры забітых. Розгалас аб вясельлі разышоўся па ўсёй Літве, а чужаземцы вынесьлі яго ў далёкія куткі Эўропы, і нават Палястыну.
Васіль усё ніяк ня мог паверыць у тое, што адбылося, і, абдымаючыся зь князем Жыгімонтам, мармытаў:
— Як жа ж так?.. Нечакана, негадана!..
— Так яно й бывае... Як зь неба... — ледзь варочаючы языком, адказаў князь, забыўшыся, што ведаў аб рыхтаваным вясельлі і нават, што сам быў сватам.
Сенька з Пагосту квартамі піў мёд і піва і загадаў свайму напаўжывому ад хмелю пошту, каб насілі за ім праз увесь час вясельля хмяльныя напоі ў вёдрах. Дзе зьяўляўся ён, там пілі да непрытомнасьці.
З ганцом выслалі ў Трокі каравай і баклагу старога мёду.
* * *
А ў Троках кіпела зусім інакшае жыцьцё. Ганцы, паслы й дарадчыя ўдзень і ўночы соўваліся па замку. Несьліся па дарогах конна, прабіраліся пушчамі, палямі, пераапранутыя жабракамі, манахамі, гандлярамі... Вітаўт — Гаспадар Зямлі Літоўскае, працаваў. Ніхто ня бачыў яго за адпачынкам, ніхто ня ведаў, калі ён сьпіць...
Спатканьне ў Горадні, але затым у Вільні. Ягайла пры відзе моцы літоўскае мусіў адрачыся ад пасаду Вялікага Княства Літоўскага і вызнаць на вякі вечныя пасад гэты за Вітаўтам Кейстутавічам — на ўцеху й радасьць усёй Літвы, Жамойці, Лівоніі й земляў Кіеўскіх ды Валынскіх.
Станіслаў быў пазбаўлены ваяводзтва Крэўскага, і яму быў забаронены ўезд у межы Літвы.
У Мальборку крыжацкая капітула, пачуўшы гэтыя весткі, упоўным складзе сабралася й доўга слухала апраўданьні камандора Кройцэнбэрга аб яго няўдачы. Куно фон Ліхтэнштайн у душы радаваўся правалу пляну Кройцэнбэрга і намячаў свае пляны.
Ульрых фон Юнгінген скрыгатаў зубамі — ён прагнуў вайны. А Вялікі Магістар ордэну Конрад з надзеяй і ўдзячнасьцю маліўся Богу — вайны зь Літвой ён баяўся і яе адцягваў, хаця добра ведаў, што яна няўхільная.
— Чым даўжэй ня будзе вайны, — прамовіў ён, — тым даўжэй будзе служыць Богу наш ордэн! Вайна не прынясе нам нічога. Літва моцная й непераможная! На ёй Масква паламала зубы, на ёй арда мангольская разьбілася, яе баіцца Імпэратар Рымскі!.. Польшчы мы яшчэ далі б раду, нават і з мазурамі разам, а вось Вітаўта ня зломім. Гэта не гарэх, а камень!
— Але на камень ёсьць молат! — запальчыва ўскрыкнуў Ульрых фон Юнгінген, якому прамова брата зусім не спадабалася.
— Не на наш молат гэты камень! — супакоіў яго Конрад. — Ярылам ён створаны, Перуном гартаваны, а Збаўцам душою надзелены!..
Канец першае часткі.
ЗАЎВАГІ
1. Вавэль — каралеўскі замак у Кракаве.
2. Камандор — вышэйшы ступень у рыцарскіх ордэнах.
3. Тампліеры — рыцары Храма, хаўрусьнікі крыжакоў, удзельнікі крыжовых паходаў у Палестыну. У XIV стагодзьдзі ордэн канчаткова заняпаў. Адзнакі: чырвоны плашч і белы крыж.
4. Прыёр — настаяцель манастыра.
5. Мізэрыкордыя, ці «ласка Божая» — доўгі тонкі кінжал, служыць для дабіваньня паваленага ворага праз краты забрала.
6. Капітула — ордэнская рада.
7. Магістар — вярхоўны кіраўнік рыцарскага ордэну.
8. Мальборк — Марыенбург, сталіца крыжацкай Прусіі й сядзіба ма_гістра.
9. Сотня рыцараў — разам з поштамі тварыла добра ўзброены полк звыш за 1000 чалавек.
10. Здабыў шпоры й пас — быў пасьвечаны ў рыцары (у Літве — удрабы).
11. Доннэр вэтэр — нямецкі праклён. Літаральна: доннэр — гром, вэтэр — пагода.
12. Брат — акрамя кроўнага сваяцтва між Вітаўтам і Ягайлам, існуе й да сёньня звычай, што гаспадары краін называюць адзін аднаго братам.
13. Баніфацыі — зямельныя абшары, падораныя гаспадаром царкве ці манастыру.
14. Крупэр і нагруднік — сталёвы панцыр, што закрывае грудзі й зад (круп) каня.
15. Ня ўзяў лупу — па праву, да пераможцы пераходзіць у форме «лупу» (здабытку) узбраеньне, коні й маёмасьць пераможанага.
16. Панцырныя баяры — сяляне, якія атрымалі зямельны надзел згаспадарскіх рэзэрваў. У адплату павінны па першым зове зьявіцца ўВялікакняжую дружыну з канём, са зброяй і ў панцыры (адсюль і назоў гэты). Мелі свае прывілеі.
17. Талака — звычай у Беларусі дапамагаць усёй вёскай пацярпеламу.
18. Галябарда — сякера на доўгім тронку. Замест абуха мае гак, каб сьцягваць супраціўніка з каня. Зброя пяхоты.
19. Капа, ці копны суд — адпраўляны народам на мейсцы капой (грамадой).
20. Сьвяты Юры — апякун і патрон сусьветнага рыцарства.
21. Гараднічы — камэндант замку (вайсковы).
22. Дзядзінец — цэнтральная каменная частка замку.
23. Трапеза — прасторная заля пры царкве, што служыла для сьвецкіх мэтаў.
24. Чорныя Яры й Мёртвы Камень — баечныя мейсцы зборак нячыстай сілы.
25. Паядынкі сурова забароненыя — вельмі часта гэтая забарона парушалася. Яна існавала толькі для выгляду.
26. Вярнуць рукавіцу на канцы дзіды — прыняць выклік.
27. Засьценак — селішча дробнай шляхты.
28. Пасаднік — намесьнік Вялікага Князя.
29. Забарола — зубцы на сьцяне ўмацаваньняў (бар'ер). Скважні— прамежкі між зубцамі.
30. Фартуна — міфічная багіня шчасьця.
31. Грыдніца — у дадзеным выпадку, кашары дружыньнікаў (грыдзей). Але грыдніцай звалася й вялікая заля, дзе адбываліся нарады й бяседы князёў з дружынаю.
32. Гарод — загарожа, частакол. Адсюль: горад, гараднічы і г.д.
33. Гот міт унс! Форвэртс! — З намі Бог! Наперад!
34. Луп — водкуп. Ад словаў «лупіць», «злупіць».
35. Славянская калегія (Сэмінар) — навуковая ўстанова для апалячваньня дзяцей беларускіх магнатаў і шляхты. Закладзена Ядзьвігай і Ягайлам у 1390 годзе.
36. Кунак — сябра (татар.).
37. Гарматнае зельле — порах.
38. Намедні — учора (рас.).
39. Досуг — вольны час (рас.).
40. Леньнік — чалавек, які атрымаў маёнтак ці замак бяз права спадчыны.
41. Збраяносец — вучань і памочнік драба. Кандыдат у драбы (рыцары). Звычайна збраяносцамі былі маладыя людзі з шляхетных сем'яў.
42. Валяць! — Ідуць. Ад словаў «ідуць валам».
43. Вяночак — адзнака дзявочай цнатлівасьці.