Эквівалент

Зборнік эміграцыйнай гістарычнай прозы


У гасьцёх Цыпрона Цырубалкі

Гэтымі днямі мне самому давялося пабыць у вёсцы майго знаёмага, у Іржаўцы.

— Дзе тут жыве Цыпрон? — пытаюся ў маладога хлапца.

— Гэта вы пра пісьменьніка нашага? — відаць, для большай пэўнасьці пацікавіўся ён. «О, думаю, знаны чалавек Цырубалка, усе ведаюць, што ў газэты піша».

— Але, але, пра гэтага самага...

— Вунь там. Ад канца трэцяя хатка каля вулачкі. Каля Пацяроба жыве.

Праўду сказаў хлопец, што «хатка». Маленькая, з двума вакенцамі... Рагатая рабіна каля варот і сабака, як леў, на прывязі. «Вось і маёнтак пісьменьніка»,— засьмяяўся я.

* * *

Стрэў Цыпрон мяне, як роднага брата. Спачатку паказаў гаспадарку: коніка буланага, цялушку, двое парасятаў, качку зьперакусанаю ножкаю й пяцёра куранятаў.

— Усё бяз бацькі нажытае, — жартуе гаспадар. — Вярнуўся гэта я з савецкай «лячэбніцы», з Котласу. Узышоў на двор, стаў і думаю: «За што рукі зачапіць цяперака? Ні кала, ні вугла таго... Як языком вылізана кругом. Хоць ты вазьмі ды на рабіне гэтай павесься». Думаў, думаў, а пасьля злосьць нейкая апанавала: «Не, — кажу сам сабе ўголас, — перажылі лета гарачае, перажывем і... сабачае. Чалавек, як той кот: кінь яго плячыма, а ён перакруціцца й на ногі стане. Эт, неяк будзе». І от самі бачыце... Да кулака яшчэ далёка, але, дзякаваць Богу, жыву. Птушынае стварэньне люблю надта. Меўся дастаць яшчэ качкі са дзьве, але, ведаеце, не шанцуе нешта на іх мне, не раўнуючы, як на тым бугаі некалі: шэльма Кундаль ножку перакусіў качцы, акурыцу каршун ухапіў. Э, буду жыць — будуць і качкі, клопат вялікі.

У хаце Цыпронавай, як у той сьвятліцы: чысьценька і ўсё на сваім месцы.

— Баба мая Рыпіна, — кажа Цыпрон, знаёмячы мяне з жонкаю, — таксама мала вучаная, але бывалая. Любіць, каб лад і парадак быў у хаце. Вось бачыце, — паказаў пальцам у бок куфэрка, — і спадчына бальшавіцкая мае сваё месца. Не судзі Божа заслужыць яшчэ такую памяць.

І што гэта, думаеце вы, было? Пара лягернага абутку — сьцёртыя дзеравякі віселі на сьцяне — і ў торбачцы 205 колікаў, што пайкі хлеба сколвалі ў турме.

— Хаваю, — сьмяецца Цыпрон. — Жонка хацела была ўпеч укінуць, а я кажу: «Не, не, няхай ляжаць, есьці ня просяць». Бывае, часам агорне мяне сум — падыду, пагляджу, і на душы неяк лягчэй стане: як бы яно цяпер ні было, а ўсё ж ня тое...

Я рады быў слухаць пра гэтыя дзеравякі і колікі й далей, не ўважаючы на тое, што й самому давялося нямала паспытаць савецкага пачастунку, але гэтым разам загаварыла Цыпронава жонка.

— Годзе табе пра гэтыя качарэжкі... Сваім дабром пахваліся... — і запрасіла да стала.

Калі Цыпрон выйшаў у сенцы, яна, падаючы полудзень, зноў загаварыла:

— Гора з маім дзедам. Захварэў чалавек, дый годзе... Бульбу трэба выбіраць, а ён сабе тупае й бурчыць нешта пад нос. Думаю, кажа, не мяшай мне. Бальшавікоў, кажа, на лапаткі палажыць трэба. Учора дык цалюткі дзень седзьма сядзеў і ўсё крэмзаў нешта. Бадай ты цяміўся, думаю. Вазьму, бывае, дый накрычу, а ён з кпінкамі да мяне: «Будзеш лаяцца — адну пакіну ўІржаўцы, а сам у Менск уцяку, у пісьменьнікі, кажа, падамся». Я ж і кажу: захварэў чалавек.

* * *

А Цыпрон, каб вы ведалі, сапраўды жартаўнік добры:

— Ты, кажа, баба, як знаеш, а я госьця сваім сокам частаваць буду... Сяньня вось тры гадкі, як адбыў савецкія лекі ўКотласе, дык сусед гэта ўчора прынёс і кажа: «Запі, Цыпроне, саладухаю гора ўчарашняе». Неблагая саладуха, дай яму Бог здароўя. А гэта, — Цыпрон паказаў на гляк у меру вядра, — сачок бярозавы, квашаны.

Прызнацца, мне вельмі да смаку прыйшоўся гаспадараў сок, а сам гаспадар больш налягаў на суседаву «саладуху». Выпіўшы некалькі кубкаў, Цыпрон стаў яшчэ больш гаваркі:

— Вы, кажаце, жывяце ў горадзе, як у Бога запазухаю, а мы, як той гарох пры дарозе, — усяго бывае. Праўда, каб не ўрачы, нашая Іржаўка пакуль убаку ад усякага ліха... Не без таго, бывае часам, што й сок у рот ня лезе, але жыць можна. Трэба ўмець жыць. Я заўсёды дзякую нябожчыку дзеду Нупрэю. Ягоныя муштры й цяпер трымаюць мяне на сьвеце. Бывае часам так крута, што стаіш ды думаеш: «Ну, цяперака канцы». Але раптам дзедава прымаўка — «мора да варот, а ты цераз плот», іглядзіш — усё добра й гладка. Шмат разоў ратавала мяне дзедава навука.

І Цыпрон, мераючы далей «саладуху», расказаў мне некалькі цікавых выпадкаў.

— Было гэта ўжо нешта месяцы са два. У хаце й мышы не было чым задавіцца. Адным словам, як кажуць, ці тапор кладзі ў гаршчок, ці зубы на паліцу. Давай гэта, думаю я, пайду ў лес ды ягад назьбіраю. Узяў і пайшоў. А гэтыя валацугі як аблупленага ведаюць мяне: «Мы яму, кажуць, пакажам, як пісаць у газэты». Зьбіраў, зьбіраў, а далей чую — крэкча нехта. Стаў за хвою й гляджу: сядзіць, выгаліўшы зад, нейкая вантроба каля пня і пнецца, а побач — стрэльба. От цяпер дык клямка табе, Цыпрон, шапчу сабе, і валасы, здаецца, дыба становяцца. Не, думаю, саб'ю з капытоў шэльму і — залемантаваў наколькі духу ставала:

— Паліцыя!!! Тут бандыты! Жывымі ўзяць іх... — Божухна, каб вы толькі бачылі! Як ірвануўся гэты ваяка ды як паляцеў, ідуху ня стала. А я гэта за стрэльбу й давай смаліць. Вось, думаю, дзедава навука і праз клямкі вылазіць умее. А што ж зь ягадамі, папытаецеся вы? Адно мокрае месца засталося, гэтак зьмясіў іх нагамі, завучы ад страху паліцыю. Таму й кажу: Іржаўка — ня горад. Трэба ўмець жыць на сьвеце.

Тут і я ўжо ня мог ня выпіць кубка «саладухі» за Цыпронаву вынаходлівасьць.

— І што ж вы думаеце, падаткнуў нехта, што стрэльбу зь лесу прывалок у хату. Брэша мой Кундаль, аж разрываецца. Ана дварэ цёмна, хоць вока пальцам выкаль. Прыліп я да сьцяны й ні дышу. Калі што якое, дык шмаргану, думаю, на гару, а там праз закот ды ў кусты. А далей... Божачкі мае, што было далей... Як кінецца мой Кундаль, як зараве, а нехта як заенчыць... Іржаўка мая, здалося, дагары дном перавярнулася. Здаволіўся, відаць, Кундаль і змоўк, а нехта ўсё енчыў, скрыгаў зубамі й маліў Бога.

— Выйдзі, — кажу я сваёй Рыпіне, — ды паглядзі. Ты ж баба, ня бойся! Можа й добры чалавек папаўся на галодны зуб Кундалю. Паставіла яна сьвечку ў гладыш і выйшла. А я як асінавы ліст калачуся й на стрэльбу забыўся. Убегла ў сенцы баба й галосіць: «Прапалі цяперака, прапалі за нюх табакі... Колькі разоў казала збыць гэтага мядзьведзя... Ой, Цыпрон, Цыпрон, таўкач ты іржаўскі... Ня выратуе цябе, хвалько, і дзедава навука цяперака. Яно гэта добра, адной валацугай меней будзе, але ж каб ты бачыў... Усю гэтую снасьць з карэньнем вылупіў... Гэта ж трэба трапіць у такую мясьціну... Чалавек круціцца, як вужака, канае, а ён, відаць, ужо зьеў, сядзіць і аблізваецца. Абнадзіўся, каб яго воўк залупіў, курынымі, а цяпер і да чалавечых дабраўся... Яшчэ й з тваімі, пісака, гэтае самае, дажывесься...».

— Доўга шараваў я мазгамі, доўга, але вылузаўся і з гэтае гісторыі, — сказаў, сьмеючыся, Цыпрон і наліў яшчэ па кубку «саладухі».

* * *

Некалькі часінаў маўчалі. Курылі маю махорку, менскую. Далей Цыпрон зноў не абышоўся бяз жарту:

— Кладзі, кажа, баба, яйкі на стол ці сваім сокам гасьця пачастуй.

І жонка прышыкавала яечню.

— А днямі, — пачаў зноў Цыпрон, — бабе маёй давялося атаку адбіваць. Прыйшло неяк раніцою трох галадранцаў, вылупілі вочы, як жаба на купіну, і крычаць:

— Падавай гарэлку, на фронт сьпяшаемся...

— На фронт, — засьмяялася Рыпіна, — ваякі... З бабамі адно ваяваць умееце, а немца ўбачыце, дык ногі на плечы ды ў балота, як чэрці лазатыя.

— Сама ты, як чорт, хітрая, — сказаў нейкі касавокі. — Разумная якая... Даволі, наваяваліся... Голымі жыватамі на танкі нямецкія кінемся ці што? Даволі. Падавай сьвянцоную!

Усе пячуркі вынюхалі нэндзы гэтыя. Пароліся, пароліся, але трасцу — нічога не знайшлі. Але, ліха іх матары, іконку сьпёрлі, каб ім бакі парасьпірала, навалач нясусьветная. На хітрыкі кідацца пачалі. Дарэмна, вераб'я мякінаю не падманіш. Вучоныя...

* * *

Шчыра кажу: разумны чалавек Цыпрон. Адным словам, не загіне Іржаўка, калі жывы будзе Цырубалка.