Veni creator spiritus…

Вершы

Вэрфэль Франц


Вершы

Чытачу

Жаданне маё –парадніцца з табой, чалавеча:
Хай ты немаўля, хай ты негр альбо акрабат,
Хай служанка альбо плытагон на рацэ шумнацечнай,
Хай мужны ты авіятар ці проста салдат.

Ці насіў ты ў дзяцінстве вінтовачку на шнурку?
Як страляў, помніш, часта псавалася зброя.
Чалавеча, калі я спяваю ўспамін, -- падаю руку,
Не будзь жорсткі, паплач, як і я, на здароўе!

Бо я ўсякае долі зазнаў. Я ведаю гора
Самотнай арфісткі ў аркестры над залай,
І страх пачаткоўца, што ўпіўся вачыма ў суфлёра,
І сполахі нянькі, што лёс свой з чужымі дзяцьмі звязала.

Я быў дрывасекам, касірам служыў дзе папала,
Карпеў над гросбухам, недасыпаў нярэдка,
Кацельшчыкам быў, і полымя ў твар шугала,
Быў кулі за прыгаршчы гнілі, кухонных аб’едкаў.

Я – твой, і будзь маім – ты!
Не ўпарціся мне, не пярэчы!
О, хай жа хоць раз па-чалавечы
З табою абдымемся мы як браты.


Зарок

Ступае тупа злосны людазвер –
камандны лоб, і выскал, і ашчэр,
у лужынах вачэй напор пануры
з жывёльным бляскам зжоўценага юру.

Расхістана скала ў сваім гняздзе.
А Бог – далёка! Вунь разьнік ідзе,
вяшчаючы нахабна, як нахрапам
людскую годнасць падтаптаць пад лапы.

А Бог – далёка! Ад жыцця ўбаку
стаў музыкай. Ён падае руку –
каб наша сэрца біла вечным часам,
каб нашы ногі з ім ступалі разам.

Ён спевам гэтым жылы скурчыў нам.
Мы нізка ўпалі ў рабскі дыфірамб.
Мы ўпоравень узвысімся з дубамі,
уладары святла, мы пойдзем самі.


Мы чужыя ўсе на свеце людзі

Хай нажы нас нішчаць і куродым,
Сейце страх і марна трацьце душы
І жыццём напуста ахвяруйце, --
Любасцю вас лёс тут не адбудзе,
Глебу вашу ўсюды змыюць воды,
І не будзе больш над вамі сушы.

Пніце ўгору Нінэвеі вашы,
Стаўце супраць Бога мур каменны,
Ах, жыве ў жыцці пракляцце смерці!
Рухнуць пад нагамі нашы цвердзі,
Што трымаем, -- кінем, не ўтрымаўшы,
Застанецца толькі плач нікчэмны.

Вечна горы дзівяцца й даліны,
Як мы плодзімся і гінем рана,
Як сплывае наш імпэт з вадою,--
Хай крычаць “Маё”, -- жывуць маною,
Як віной сваёй мы жыць павінны,
Як расплата нам наканавана.

Мацеркі нас родзяць, каб пакінуць,
Прахам – дом, будуйце не будуйце,
Позірк мілай стане толькі зіркам,
Нават сэрца ўдары – як пазыка;
Мы чужыя ўсе на свеце людзі,
Нават повязі між намі – гінуць!


Чаму, мой Бог…

Чаму стварыў мяне, мой Пан і Бог,
Мяне, які ўзышоў без бляску свечак
І вось я на вятры сваёй віны;
Чаму стварыў мяне, мой Пан і Бог,
Для марнаслоўя,
Якое я пляту,
Для гордасці, якую плесці мушу,
І для самоты
У далечы мяне самога?
Чаму стварыў мянедля гэтага, мой Пан і Бог?
Чаму, чаму не даў ты мне
Дзвюх рук, што поўны дапамогі,
Вачэй – дзвюх зорачак уцехі?
І голасу, каб ліў, як дожджык, музыку дабра,
І схіленага лоба
Пад лямпай паслушэнства і пакоры?
І кроку па дзясятках тысяч вуліц,
Каб несці ўвечары усе
Званы зямныя
У сэрца, у сэрца вечных мук?!

Глядзі, ў гарачцы
Як шмат дзяцей цяпер на ложках,
І скамянела Ніабея, слёз няма.
І цёмны грэшнік з тупасцю глядзіць
Ў нябесную сваю вымернасць.
І кожная душа злятае ў ноч
Лісцінкай з дрэва восеньскае мары.
І тоўпяцца усе вакол цяпла,
Бо ўжо зіма
І болю цёплая пара.

Чаму, мой Пан і Бог, чаму ты не стварыў мяне
Сваім анёлам, залацістым, дасканалым,
Каб мог пакласці я цяпло далоні на гарачку,
Каб уваходзіў у пакой праз дзверы ўздыхаў?!
Няхай жыве:
Пакой, сляза, сон, пацалунак,
Еднасць і дзяцінства, -- па-мацярынску?!
Каб спачываў на ўслоне я, ля печы,
Замовай быў. Бальзамам твайму дому,
Палётам быў, тваім паслом, і каб не знаў нічога,
Быў ранішняй расой на кудзерках твайго аблічча!


Мы -- не

Я слухаю дрэва; -- і чуецца шэпт у галлі:
Яшчэ – не!
Я вухам долу прынік; -- чую стук з-пад травы,
З-пад зямлі:
Яшчэ – не!
Я гляджуся ў люстэрка; двайнік выскаляецца мне:
Ты – не!
Гэта суд – мне.
Я песню сваю пакараў
І пажаду ў сэрцы, якую ў сабе дакараў.
Я выйшаў на вуліцу. На вуліцы вечар зацьмеў.
На тварах людзей чытаў два словы: Мы – не.
А вочы свяціліся ў іх таямнічай хвальбой,
Я ведаў: і я, гэтаксама знявечаны той жа маной,
Пачну яшчэ раз, бо ўлонне трымае мяне,
Як гэтая сутнасць навокал. І смерць я хвалю,
І, плачучы, слаўлю насенне, якое абновіць зямлю.


Мера рэчаў

Будзе ўсё, калі ўмееш кахаць!
Сябар стане Сакратам, калі дапаможаш стаць.
Сэрца, сэрца. Як ты ўспалымняешся творча!
Ты лунаеш! Зямля паднябессем стаць хоча.
Ты дзіцем яшчэ ў лес хадзіў да азярыны.
І з жахам глядзеў на павесмы зялёнае ціны.
Жывёльна салодкую поўсць кацялапак камечыў –
Дрыжала рука задуменна твая па-хлапечы!
Ва ўзлёце тваім, чалавеча, веліч відна!
У спадзе тваім – безнадзейнасць адна!
І толькі душа, забыўшы сябе ў любві,
Ёсць мера ўсіх рэчаў, ёю жыві.


Песня жыцця

Недастаткова дружбы.
Учынкі, усведамленне
Зямлі ў сабе, і воля –
Навошта гэта, свет?
Лунае ў кожнай долі,
У муках, асалодзе,
Ў забойстве і ў каханні
Прываблівасць жыцця!

Бо толькі гэта вечна!
Ты бачыў вочы дзікіх
Дзяўчатак з ціхіх вёсак?
Ты бачыў, як іх вочы
На дэманаў падобны?
Ты бачыў, як іскрацца
У іх эстрады, музыка
І пад лампадай ноч?

А хворы з барадою?
-- Як хмара над таполяй?
Нібыта навальніцай
Завіраваны Бог.
А дабрыні вялікасць
У смерці немаўляці?
Калі ад нас нявіннасць
Пяшчотна адплывае?

Жалобу, жальбу бачыў
Дзяўчатак вечарамі?
Як прыбіраюць кухні –
Чужыя нам яны.
А рукі, рукі ў страху
Спалоханых жандараў,
Калі сабаку лашчаць
З пяшчотай у вачах?

Хто абураўся дзейна,
Згадай! ! Як невыказна
Далёкія мы ў словах
І блізкія ў сабе!
Што мы сядзім, гаворым –
Каго ўстурбуе гэта?! –
Але вышэй за словы
Скажу адно – мы ёсць!!


Вайна

Навалай фальшывых слоў,
У вянку з пустых грымотаў,
Бяссонны ад хлусні,
Падперазаны дзеямі,
Што ствараюць толькі сябе,
Ахвярамі казыраючы,
Нябёсам агідны, абрыдлы –
Такі ты шыбуеш,
Час,
З мараў сваіх апантаных
Бога жахлівымі лапамі
Вырваўшы прэч
І адшпурнуўшы.

Насмешліва, неміласэрна,
Бязлітасна сцены свету тапырацца!
І твае трубы.
І няўцешныя барабаны,
І шал тваіх маршаў,
І вір твайго жаху
Штурмуюць бязгучна і па-дзіцячы
Няўмольную сінь,
Што лупіць па танках
І лёгка, цвёрда кладзецца
Вакол вечнага сэрца.
Пяшчотна ў жахлівую цемру
Укінуты кволыя людзі – мужчыны.
Залаты ланцужок паклала дзіця
Птушцы мёртвай у ямку,
Вечны і несвядомы
Подзвіг матулін яшчэ парывае дзіця.
Святы, мужчына,
Адпаўся і з енкам разліўся.
Філосаф кіпучы, магутны,
Глядзі, --
У ворагу выявіўся, пацалаваў яго.
І неба прапала,
І не змагло ад здзіўлення ўтрымацца,
І абвалілася неба.
І на дахі людзей
Залаціста, палётна, узнёсла
Армада божых арлоў
Апусцілася.

Гора табе,
Маршыравальны час!
Гора жахліваму шквалу
Мізэрных прамоў!
Нечаканая сутнасць гарцоўкі тваёй,
І абвалінаў гор,
І задыханых вуліц,
І смерцяў, тысячакротных, без кошту, бездайпрычынных.
Не ёсць твая праўда
Ні драконавы рык,
Ні балбатлівасць суполкі сяброўскай,
Ні атрутна пыхлівае права!
Твая праўда адна –
Глупства і мука яго,
Рваная рана і сэрца, што рвецца з грудзей,
Смага і каламутнае пойла,
Вышчар зубоўны
І мужная ятра
Падступнай, лютай пачвары.
З дому убогая вестка,
Беганіна па вуліцах
Мацеры, мудрай,
Якая не можа ўглядзецца ў сутнасць праявы.
Цяпер, калі мы апантана
Адшпурнулі сваю Туюсветнасць
І сябе забрыталі ў пахібу
І асудзілі сябе на галечу,
Ашалелыя ад праклёнаў…
Хто цяпер знае пра нас,
Хто пра анёла бязмежнага,
Той адхварэе нашыя ночы,
Той бязважкімі і нясцерпнымі,
Між пальцамі рук пралітымі,
Жудаснымі слязамі адплача?!

Напісана 4 жніўня 1914 г.


Я добрую справу зрабіў

Радуйся, сэрца!
Я добрую справу зрабіў.
І больш адзіноты няма.
Жывы чалавек,
Жыве чалавек,
Вільготняцца вочы ў яго,
Думае ён пра мяне.
Радуйся, сэрца.
Жыве чалавек!
І болей я не… я больш не самотны,
Бо добрую справу зрабіў,
Радуйся, сэрца!

Канец дням ныцця і дакукі.
Я тысячу добрых спраў зраблю!
Я адчуваю ўжо,
Што любяць мяне ўсе,
Бо і я ўсё люблю!
Я споўнены шчасцем пазнання!
Ты апошняе, найсаладзейшае,
Чыстае, яснае, сціпляе пачуццё!
Зычлівасць!
Я тысячу добрых спраў зраблю.

Найпрыгажэйшае шчасце
На долю выпадзе мне:
Удзячнасць!
Удзячнасць свету.
Прадметы нямыя,--
Абдымаюць мяне.
Прадметы нямыя, --
У гадзіну шчодрасці сэрца
Я гладзіў іх, быццам жывёл.

Рыпіць мой пісьмовы стол,
Я знаю, ён хоча мяне абняць.
Раяль хоча любімую песню сыграць.
Таямніча, бязладна
Гучаць усе струны адразу.
Кніга, якую чытаю,
Старонкі гартае сама.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Я добрую справу зрабіў

Я хачу вандраваць па зялёнай прыродзе,
І будуць дрэвы за мною хадзіць,
І будуць расліны слацца за мною,
Травы і кветкі!
Будуць мяне даганяць,
Карэньчыкі ўжо хапаюць мяне,
Пяшчотнае голле ўжо вяжа мяне,
Струменіцца лісце
Далікатна, як пырскі
З каскаду крыштальнай вады.
І цягнуцца рукі ўжо да мяне,
Зялёныя рукі раслін,
Гняздзечкам звіваюцца мне.

Я добрую справу зрабіў,
Любасцю я і любоўю
Напоўнены і паланёны,
Я добрую справу зрабіў,
Я радасці поўны, я сёння зычлівы,
Я больш не самотны,
Не, больш не самотны.
Радуйся, сэрца маё!


Veni creator spiritus*

Прыйдзі, стваральны дух! Разбур
Лёд нашых формаў і фігур!
Каб цвердзі сцен і камяніц
Не засцілі зямных крыніц!
Каб і з сябе, і з сэрца твору
Мы ўсе агнём шугалі ўгору!

І нашай сутнасці дэльфін
Каб з нашых вынырнуў глыбінь,
Святая рыбіна душы!
Прыйдзі, дух творчы, ўзварушы
Правобраз, па чыім узоры
Свае мы вечна творым творы!

Якія ж мы чужыя ўсе!
Нібы дзяды, якіх трасе
Нянавісць, злосць апошні раз,
Чый свет ужо амаль пагас,
Хто, перш чым беззваротна пойдзе,
Ў шпіталі тлее на самоце.

Так славалюбна мы дрыжым
І на апошнім рубяжы,
Сябе мардуючы! О ты,
О, выйдзі, творчы дух, святы,
З цел нашых і расправі крылы,
Разбі наш лёд і дай нам сілы,

Каб, як слязьмі, удаль пацёк
Кіпучай еднасці паток,
Каб не адчужана мы йшлі –
Сябрамі разам па зямлі!
Каб у вачах, руках, нагах, у вуснах,
У нас саміх твая гарэла сутнасць!

Каб у абдымках брата кожны чуў
Удары сэрца; ў звера уваччу
Каб мудрасць позірк твой разгледзець мог,
Каб кожны адчуваў сябе, як бог,
Каб мы і ў радасцях сваіх і ў жалі
Цябе удзячна ў вусны цалавалі.

* Прыйдзі стваральны дух (лац.).