Тры песні

Фогельвайдэ Вальтэр фон дэр


Узаемнае каханне

Што я – ненавісны?
Шкода зненавідзецца любімай.
Толькі боль мой існы:
што глядзіш заўсёды неяк міма.
Не бываць мілосці
на гасціне ў злосц
не расце любоў са зла,
памажы, мая каб не ўзрасла!

Як магло так стацца,
што глядзець баішся ў вочы мне,
можа, я і – цаца,
што ж, хай будзе так, а не – дык не,
не глядзі мне ў вочы
(хоць бы не сурочыць!),
глянь у ногі незнарок –
і любы я даць гатоў зарок.

Як згадаю вартых,
што гадзілі мне і дагаджалі,
дык, бадай, адна ты
не журылася ў высокім жалі.
Родам і красою
роўныя з табою,
нават, можа, і вышэй –
ты ж за ўсіх вышэйшых – прыгажэй.

Дык яшчэ падумай,
ці твайму я сэрцу дарагі.
Мілай, сэрцу любай
ці дагодзіць лепей хтось другі?
Бо Любоў не згодна
бавіцца самотна --
толькі ў повязі дваіх,
не змушаючы нікога з іх.