Юстыцыя

Дзюрэнмат Фрыдрых


Пра аўтара

Фрыдрых Дзюрэнмат (Friedrich Dürrenmatt, 1921 – 1997), швейцарскі драматург, белетрыст і эсэіст, нарадзіўся ў Кональфінгене, кантон Берн, у сям’і пратэстанцкага святара. Вывучаў у Берне і Цюрыху тэалогію, філасофію, прыродазнаўчыя навукі, мастацтва і літаратуру. З 1952 г. – вольны літаратар. У 1959 г. атрымаў шылераўскую прэмію горада Мангайма, за якою паследавалі іншыя ганаровыя прызнанні на радзіме і за мяжой. З 1969 г. з невялікімі перапынкамі працаваў загадчыкам літаратурнай часткі, рэжысёрам і членам дырэктарата тэатра ў Базелі, пры гэтым займаўся журналістыкай.

Хоць Дзюрэнмат напісаў некалькі твораў мастацкай прозы і некаторыя з іх (“Суддзя і ягоны кат” – 1952, “Падазрэнне” – 1952, “Аварыя” – 1956) прынеслі яму еўрапейскую вядомасць, ягоная слава грунтуецца ў першую чаргу на дасягненнях у драматургіі. Рашаючым крокам для Дзюрэнмата бала ягоная палеміка з тэорыяй тэатра і пастановачнай практыкай Бэртальда Брэхта. Першы сапраўды значны поспех на сцэне прынеслі яму камедыі “Жаніцьба пана Місісіпі” (1952) і “Анёл ляціць у Вавілон” (1953). У 1956 г. з’явілася з’едлівая сатыра, амаль сенсацыйная “трагічная камедыя” “Візіт старой дамы”, з якою Дзюрэнмат здзейсніў канчатковы прарыў у тэатр. І пазней, бадай, самая славутая камедыя “Фізікі” (1962), якая з трыумфам прайшла па сцэнах свету, сваёй арыгінальнай формай і пастаноўкай прымусіла грамадскасць прыслухацца да голасу Дзюрэнмата і безагаворачна прызнаць заваяваныя ім пазіцыі. У кнізе “Праблемы тэатра” (1955) Дзюрэнмат кажа, што камедыя ёсць адзіная драматычная форма, якая ў век атама можа ўвачавідніць трагічнае, скептычна-іранічна апелюючы да інтэлекту сваіх гледачоў. Дзюрэнмат парадыйнымі сродкамі ставіць перад люстрам прадстаўнікоў буржуазнага грамадства, якіх фіксуе пераважна ў экстрэмальных сітуацыях.

Не абышла сваімі ўплывамі творчасць Дзюрэнмата і Беларусь, паслужыўшыся на дабро нашай тэатральнай культуры. А на сцэне Нацыянальнага опернага тэатра з поспехам ідзе опера беларускага кампазітара С. Картэса “Візіт старой дамы”. Друкаваўся на беларускай мове і кароткі раман Дзюрэнмата “Аварыя” («Крыніца», № 48. 11-1998 г.).