Юстыцыя

Дзюрэнмат Фрыдрых


Трэцяя частка

III

Пасляслоўе аўтара. Нейкім дзіўным чынам я, калі задумацца, пазнаёміўся з некаторымі людзьмі, пра якіх толькі пазней даведаўся, што яны не проста былі замешаныя ў гэтую шматпланавую прыгоду, але і былі ў ёй галоўнымі персанажамі.

Адбылося гэта прыкладна ў 1984 годзе. У Мюнхене. Дзённіка я не вяду, таму не варта залішне давярацца датам, якія я прыводжу. Па-мойму, было тое напрыканцы траўня, а ўсю гісторыя я ўспрыняў тады як выдуманую. Утульны парк, утульная віла сярод высокіх дрэў. У парку ўздоўж адной сцяны вілы – засланыя сталы. Мілая гаспадыня. Выдаўцы, журналісты, людзі тэатра і кіно, -- адным словам, разумна дазіраванае культурнае жыццё. Як звычайна, я кагосьці з кімсьці блытаю. Мне цьмяна здаецца, што вось тая ёсць менавіта тая, пра каго я думаю, што гэта якраз яна. Пасля высвятляецца, што яна ўсё-такі не тая самая. Пасля яшчэ нехта аказваецца зноў жа зусім не тым самым. Потым я з перапалоху сам палохаю аднаго галоўнага рэжысёра, у тэатры якога я калісьці ведаў усіх падрад, а цяпер ужо нікога падрад і не ведаю. Думаю, што ён думае, быццам я хачу ўціснуць яму сваю п’есу, а ён думае, быццам я хачу ўшыць яму сваю п’есу. Нейкі актор мітусіцца, як той кароль Лір, які забыў свой тэкст, і цяпер сам сабе рады не дасць: “Гіне тэатр. Няма новых п’ес”. Іншага актора я столькі разоў бачыў па тэлевізары, што цяпер прымаю яго за свайго старога знаёмага, а ён бянтэжыцца, убачыўшы мяне ўпершыню. Нейкая жанчына вывозіць нейкага старца на калёсіках. Жанчына элегантная, фанабэрыстая, прыгожая. Гадоў пад пяцьдзесят. Я ведаю гэтую жанчыну, але не ведаю, як яе завуць. Яна стрымана вітае мяне, але звяртаецца да мяне на “ты” і называе мяне Максам. А які ж вам Макс? Вось і яна мяне з некім зблытала. Смех дый годзе! Яна перапрашаецца. Мне прыемна. Яна пераходзіць са мною на “вы”. А хто ж гэты старац? Яе бацька. Мабыць, яму ўжо ого колькі! Так, сто, без хвосціка. Кволенькі, бясплотны. На дзіва жвавы. Скура ружовая. Рэдкія сівыя валоскі, падстрыжаныя вускі, дагледжаная бародка. Нешта паміж барадой і эспаньёлкай. Ён меў гутарку з баварскім прэм’ер-міністрам. Пра палітыку? Не, пра заснаванне фундацыі эфектыўных навук. Не разумею. Напладзілася столькі непатрэбных навук. Разумею. Яна ўсё яшчэ думае, што я яе ведаю, а я яе ведаць не ведаю. Гаспадыня гутарыць са старцам. Шчабеча з ім, часта смяецца. Мабыць, стары не без досціпу. Сяджу паміж невядомай знаёмай і ўдавой-немкай выдаўца-італьянца, з якім я аднаго разу ў Мілане меў знаёмства аж цэлы дзень. Знаёмая, імя якое ніяк не магу ўспомніць, здагадалася, што я не магу ўспомніць, як яе завуць. Яна змаўкае. Удава расказвае мне пра адну актрысу, у якую я быў калісьці закаханы. Актрыса збегла з пажарнікам. Пасля вячэры – у салон. Людзі кіно і тэатра тлумяцца вакол галоўнага рэжысёра. Гэта тыя, хто цікавіцца мастацтвам. Іншыя – вакол старога ў каталцы. Гэта тыя, хто цікавіцца рэчаіснасцю. Нейкі мастацтвазнаўца прамаўляе кароткае падзякаванне гаспадыні дома, на хвіліну спалучыўшы сваёй прамовай абедзьве сферы. Ён надта добра разбіраецца ў мастацтве, каб не недаацэньваць жыццё, і надта добра – у жыцці, каб не пераацэньваць мастацтва. Потым сферы зноў распадаюцца. Адны спрачаюцца пра Бота Штраўса, другія – пра Франца Ёзэфа Штраўса. А якое думкі старац? Ён гісторык, а не метэаролаг. Што ён хоча гэтым сказаць? Гісторык робіць далёкія прагнозы. Ён метафізік. Ён пэўны, што авалодаў сусветным духам. А метэаролаг дазваляе сабе толькі блізкія прагнозы. Ён чалавек навукі. І не лічыць, што авалодаў атмасферай. Насамрэч свет неспасцігальны. Што даступна ў палітыцы? Спорае хурургічнае ўмяшальніцтва, а потым – назіраннне за непрадказальным вынікам. Што ён хоча гэтым сказаць? Канцэрн, якому ён самахоць дапамагаў парадамі і якім несамахоць кіраваў, апынуўся ў цяжкім становішчы. Няма патрэбы апісваць яго падрабязна. Эканамічныя ўзаемасувязі куды складанейшыя, чым атмасферная абалонь, прагнозы тут яшчэ больш ненадзейныя. Старац гаварыў лёгка, няголасна і шпарка. Толькі час ад часу чулася паляскванне ўстаўных сківіцаў. І тады ўзнікала патрэба ці тое забіць чалавека, ці тое перадаручыць забойства каму-небудзь яшчэ. Агульная разгубленасць. Збянтэжанасць. Потым замілаванасць. Быццам старац намысліў расказаць любоўную гісторыя. Вядома, выносіць на абмеркаванне забойства – гэта ж faux pas! Культурная сфера таксама натапырыла вушы. У гэтым ужо нешта было, як калі б старац, дапусцім, еў рыбу нажом. Хоць кароль, ды ўдадатак яшчэ кароль на парозе стагоддзя, мае права і на гэта.

-- Ён непаўторны, -- прашаптала адна актрыса, якую я таксама калісьці бачыў, ці тое па тэлевізары, ці тое ў кіно, альбо ж думаў, што бачыў. Экран кіно і тэлевізара сплаўляе ўсе твары ў адзін. Добры дзесятак актораў на адзін твар. Старац папрасіў шампанскага. Адпіў. Паявіўся адзін рэжысёр і артыст, мой даўні прыяцель. З паходжання – швейцарац. З выгляду – расійскі вялікі князь, які прывык мець справы з прыгоннымі, рослы, станісты, але ўжо пасля страты спадчынных маёнткаў. Дагледжаная бародка, прадумана лёгкая прастата ў вопратцы. Пацалаваў у ручку гаспадыні, заўважыў пэўную разгубленасць прысутных, не без прыемнасці абвёў усіх вачыма і з уласцівай толькі яго сэрцу салодкай галантнасцю прамовіў: “Вітаю вас, гер радца! Вітаю цябе, Элен!”, пасля чаго, зычліва зрабіўшы мне ручкай, сказаў: “Бачу, гер радца пачаў расказваць сваю гісторыю. Фантастычная гісторыя”. Потым наліў сабе шампанскага і сеў. А старац вёў сваё далей. Ад яго зыходзіла нейкая ўладная сіла, якая ўсіх пад сябе падбірала. І ўсё было не ў тым, што ён казаў, а ў тым як. Вось чаму немагчыма ўзнавіць гэтую гісторыю так, як яе расказваў ён. Хай гаспадыня не зышча з яго за тое, што ён без усякіх там ухілак гаворыць пра забойства. Яму задалі пытанне, прыкладна ж так ён і паведаміў, што лічыцца палітычна магчымым. Палітыка і эканоміка падпарадкоўваюцца адным і тым самым законам, а менавіта палітыцы ўлады. Што стасуецца і з вайною. Гэта перад усім эканоміка ёсць працяг вайны іншымі сродкамі. І як бываюць войны паміж дзяржавамі, так бываюць войны і паміж канцэрнамі. А грамадзянскай вайне адпавядае барацьба за ўладу ў межах аднаго канцэрна. Усюды зноў і зноў узнікае патрэба альбо кагосьці адлучыць ад улады, альбо быць адлучаным самаму. І ў такой сітуацыі аператыўнае хірургічнае ўмяшальніцтва вельмі нават дарэчы, пасля чаго след пачакаць, каб пераканацца, ці дало яно карысць, а ці не. У выключных, хто скажа што супроць, але толькі ў выключных выпадках тут не абысціся без забойства. Само па сабе забойства – метад вельмі неэфектыўны. Тэрарызм пакідае толькі драпіны на паверхні сусветнай структуры. А вось забойства, учыненае ім, было неабходнасцю. Ясна, ён мог перадаручыць забойства. На любую справу можна каго-небудзь наняць замест сябе. Але яму неўзабаве ўсе сто, а ён, каб вы ведалі, яшчэ сам сабе завязвае шнуркі. Далей спатрэбілася яшчэ некалькі забойстваў, ну, але ўжо яны не вымагалі ніякага клопату. Пры стварэнні свету ўмяшальніцтва Бога спатрэбілася ўсяго адзін раз. Хапіла першага штуршка. Вось і на яго рашэнне праблемы сышло з хуткасцю маланкі. Старац выскаліўся. Больш за трыццаць гадоў таму яму давялося суправаджаць з прыватнай клінікі ў аэрапорт аднаго гэтак жа вядомага ў тыя часы, як і непапулярнага палітычнага дзеяча. У клініцы ён убачыў, што памянёны дзеяч, ужо ў зімовым паліто, разгублена стаіць каля ложка. Яго ўсе ганяць і пераследуюць. Уведзены ім падатак на спадчыну збанкруціў надта многіх. Ён вымушаны абараняцца. І ён дастае з кішэні рэвальвер. Вось чым ён прыстрэліць кожнага спадкаемцу, які застаўся без спадчыны. Сястра з лямантам “Ратуйце!” выскачыла з палаты. Тады ён зноў засунуў рэвальвер у кішэню. Прыляцеў доктар з двума санітарамі. Палкоўнік падчас вайсковай службы, грубы мяснік у медыцыне; ён паставіў такі дыягназ: хвароба цяпер дабралася да мозгу, ну, з медыцынскага боку гледзячы, праблемаў няма, ён яшчэ раз нашпігуе пацыента транквілізатарамі, і хай сабе вымятаецца на радзіму, інакш аддасць канцы проста тут. Бедалагу пасля кароткай звалкі, падчас якой быў накаўтаваны адзін санітар, вытраслі з паліто рэвальвер, увалілі яму ў задніцу – ах, пардон, пардон, пры дамах! – поўны шпрыц, зноў запакавалі ў зімовае паліто і запхнулі ў “ролс-ройс”. І вось ён паехаў з узброеным і ачмурэлым дзяржаўным дзеячам назад у горад. Дзівосны вясновы вечар. Прысмеркі. Недзе каля сёмай. Як што ў нас устаюць рана, дык і вячэраюць таксама рана. Калі ён разам з задрамалым фінансавым геніем праехаў па Рэміштрасэ і ўбачыў людзей, што сцякаліся ў рэстараны, у яго ў галаве мільганула ідэя, як самым элегантным чынам вырашыць сваю праблему. “Божа, -- сказала нямецкая ўдава італьянскага выдаўца, -- як займальна!” Асоба, ад уплыву якое ён павінен быў асланіць канцэрн, мела прызвычайку ў гэты самы час вячэраць у вядомым усяму свету рэстаране. Старац высербаў другі фужэр шампанскага. Ён сказаў шафёру спыніцца, дастаў рэвальвер з кішэні міністра, які ціхенька пахропваў, прайшоў у рэстаран, убачыў, што ягоныя разлікі правільныя і памянёная асоба там, застрэліў яе, адтуль – зноў у “ролс-ройс”, засунуў рэвальвер у кішэню міністра, даставіў яго, шаноўнага міністра яе вялікасці, у аэрапорт, пасадзіў у самалёт, які спецрэйсам пераправіў хворага лідэра партыі на родную выспу, дзе той, яшчэ не паспеўшы толкам прыляцець, ужо прывёў да канчатковага фінансавага краху калісьці сусветную імперыю. Ціхае пасмейванне дзеячаў культуры. Дачка захоўвае велічную, амаль злавесную абыякавасць. Калі б яе бацька расказаў, што быў начальнікам канцлагера, яна і тады не змаргнула б. Мы ўсе слухалі, як зачараваныя. Як страшную казку. І ўсё ж не без прыемнасці, нават з пацехай, зачараваныя лёгкасцю і сарказмам, з якім старац апавядаў, усё як бы ссоўваючы ў сферу абстрактнага, нерэальнага. Толькі адзін выдавец разгублена спытаўся: “Ну, а вы?”-- “Дружа мой, -- адказаў старац, дастаючы з футарала масіўную цыгару (зыходзячы з вопыту, набытага мною за час, калі я курыў, здагадваюся, што гэта была “Топерс”), -- дружа мой, вы пакідаеце па-за ўвагай дзве акалічнасці. Першая – у якіх колах мы з вамі абарачаемся, і другая – юстыцыя, бо яна хай хутчэй несвядома, чым свядома, арыентуецца на грамадскія колы, якія падупадаюць яе суду, хоць часам – асабліва ў адносінах да людзей прывілегіяваных – яна любіць дзейнічаць з залішняй суровасцю, каб пазбегнуць дакораў за прадузятасць менавіта таму, што яна яе мае”. Зрэшты, каб не знудзіць: яго арыштавалі, кантанальны суд прызнаў яго вінаватым, а суд прысяжных пазней апраўдаў, хоць забойства было ўчынена ўва ўсіх на вачах. З неабходнасці. Не хапала доказаў. Паказанні сведкаў былі супярэчлівыя. Зброя так і не была знойдзена. Ну, бо і хто ж будзе трэсці міністрава паліто?! І матыву злачынства таксама ўстанавіць не ўдалося. Канцэрн ёсць нешта непранікальнае для пракурора. Удадатак, таксама выпадкова, у рэстаране быў былы чэмпіён Швейцарыі ў стральбе з пісталета, але, калі яго хацелі дапытаць, ён узяў ды павесіўся сабе на здароўечка. Проста трэба, каб усё так удала склалася, зрэшты, нельга выключаць, што і чэмпіён мог стрэліць якраз у тую хвіліну, калі ён, а яму было тады семдзесят, намерыўся страляць; адзіна рэальнае ва ўсёй гісторыі – гэта сам нябожчык, які ўткнуўся тварам у філе а-ля Расіні з зялёным бобам, наколькі ён памятае, але вось якім чынам гэтая рэальнасць спраўдзілася, па сутнасць ролі не грае. Старац раскурыў цыгару, якою да таго размахваў, як дырыжор палачкай. І раптам усе грымнулі рогатам, сёй-той нават запляскаў, адзін тоўсты журналіст адчыніў акно і рагатаў у ноч. “Нечуваная дасціпнасць”. Усе былі перакананыя ў невінаватасці старца. Я таксама. А чаму? Ад яго абаяльнасці? Ад узросту? Файна! – заззяла нямецкая ўдава італьянскага выдаўца, гаспадыня выказалася у тым духу, што жыццё піша найневерагоднейшыя гісторыі, дачка паглядзела на мяне холадна і пільна, быццам хацела даведацца, паверыў я ці не. А старац курыў цыгару, у той самы час робячы трук, які ніколі не ўдаваўся мне, -- выдыхаў дым колцамі. Ён разумее, гаварыў далей старац, што несправядліва асуджаны не такі недасяжны, як забойца, адсюль і шчырыя воплескі, такі ўжо ў яго лёс, што ніхто не хоча лічыць яго забойцам. Вось і я, мабыць, не веру – гэта старац ужо звярнуўся да мяне, -- я, хто ў сваіх камедыях цэлымі гуртамі запраторвае сваіх герояў на той свет. Новы выбух рогату, агульнае ажыўленне. Падалі чорную каву, каньяк. Застаецца толькі пытанне маралі, зноў пачаў стары, засяродзіўшы сваю ўвагу на попеле цыгары, які ён не страсаў, а старанна нарошчваў. І раптам зрабіўся зусім іншы. Ужо не стогадовым старцам, а чалавекам без узросту. Учыніў ён забойства насамрэч альбо толькі збіраўся, сказаў старац, з пазіцыі маральнасці важны толькі намер, а не выкананне. Але пытанне маралі ёсць пытанне апраўдання дзеянняў, якія не адпавядаюць законам грамадства, якімі гэта грамадства нібыта кіруецца. Для апраўдання ж мы павінны скарыстацца дапамогай дыялектыкі. З пазіцый дыялектыкі можна знайсці апраўданне абсалютна ўсяму, тым самым – і з пазіцый маралі. Таму ён лічыць усякае апраўданне лішнім альбо, калі давесці гэтую думку да абсурду, усякую мараль амаральнай, ён мог бы заявіць, што дзейнічаў у інтарэсах канцэрна, які дарэчы, пазней усё адно збанкрутаваў, так што ягонае рафінаванае забойства аказалася непатрэбным незалежна ад таго, хто яго ўчыніў, ён сам ці хто іншы, а таму ён мог бы наступным чынам адказаць на пытанне, чаго можна дасягнуць сродкамі палітыкі: калі нечагась можна дасягнуць толькі дзякуючы выпадку альбо нешта дасягнута толькі выпадкова, дык яно ёсць поўная процілегласць таго, чаго хацелі дасягнуць на самай справе. Далей стары перапрасіўся. Ён пакорліва просіць высокашаноўную гаспадыню прабачыць яму сыход, а дачку Элен – даставіць яго ў гатэль “Чатыры пары года”. Дачка выкаціла старога, не зірнуўшы на мяне. Я палічыў усю гэтую гісторыю выдумкай. Ну хто, скажыце вы мне, так забівае? Аднак нельга было не заўважыць, што стары сваім часам меў не абы якую ўладу, ды і цяпер яшчэ мае не абы якія ўплывы, а то з якое такое рацыі яго прымаў бы Штраўс. Мне ён падаўся прыдуманым варацілам, у якога на сумленні шмат чаго ёсцека-такі, але расказваць пра біржавыя махлярствы больш складана, чым пра забойствы, вось ён і распісвае няўчыненае забойства, бо можа не сумнявацца, што ва ўчыненае ім забойства ўсё адно ніхто не паверыць, як паверылі б у біржавыя спекуляцыі. У таксі я паспеў забыць яго гісторыю, раздумваючы толькі пра дыялектыку, якую ён падпарадкаваў маралі, і раптам успомніў ягонае імя: Колер, Ісак Колер. Аднойчы на банкеце ў сваіх сяброў я сядзеў якраз насупраць яго. Побач з яго дачкою. Калісьці. Шмат гадоў таму назад. Колер тады быў вельмі бадзёры і загарэлы. Дачка расказвала, што ён толькі што вярнуўся з падарожжа вакол свету.

Налета ці тое, магчыма, на пачатку верасня памёр бацька адной маёй знаёмай, пэўнай Штусі-Моозі. Гадоў пятнаццаць таму яна служыла ў нашым доме. Яна паведаміла мне, што прадаецца двор яе бацькі. Я ведаў гэты двор. Ён быў стары, паўразбураны. Я рашыў яго купіць. Выгляд адтуль вельмі ўражваў. Унізе – даліна Штусі, на дне яе Штусікофен, потым Флётыген, Верхнія Альпы. За домам крута абрываецца скала. Сама вёска – гняздзечка, гэта яшчэ не самыя Альпы. Старыя дамы. Капліца. Куды час ад часу наязджае з казанню флётыгенскі пастар. Гатэль. Проста дзіва, што яшчэ захаваліся вёскі, куды не заглядваюць турысты. Весці перамовы мне належала з хадайнікам па справах, “хадыкам” -- як там называюць адвакатаў. Хадыка займаў пакой у гатэлі “У Лоенбэргера”, а справы праварочваў унізе, у кнайпе, дзе слухачамі былі мясцовыя сяляне. Ён быў, бадай, нечым накшталт вясковага суддзі, да моманту майго прыезду ён якраз уладжваў адну бойку. Селянін з перавязанай галавой, памінаючы ліхім словам чорта, пакідаў залу. Праз столькі гадоў мне цяжка дакладна апісаць, як выглядаў той хадыка. Гадоў так на пяцьдзесят. Хоць, магчыма, і маладзей. Хранічны алкаголік. Ён піў “бэці” – гатунак гарэлкі, якую ў іншых мясцінах называюць пладова-ягадным кампотам. Ён здаваўся ўнураным, хоць і не быў такі. Зласліва-жоўцевы. Твар азызлы, але не без выразу адухоўленасці. Вадзяніста-блакітныя вочы, налітыя крывёю. Часцей шальмаватыя, часам летуценныя. Дзеля пачатку ён спрабаваў мяне абмішуліць. Загнуў цану ўдвая большую за тую, на якую намякала наша былая ахмістрыня. Расказваў велягурыстыя байкі наконт цяжкасцяў, якія мусова ўзнікнуць з боку абшчыннай рады ў Штусікофэне. Разводзіў нешта пра няпісаныя законы. Назваў двор праклятым, гаспадар яго, Штусі-Моозі, павесіўся. Кожны Штусі-Моозі тут вешаўся. Сяляне з нахабнай шчырасцю слухалі нашую гутарку, мімікай паказвалі ўдушэнне, калі ён гаварыў пра шыбенікаў, задзіралі правую руку над галавой, быццам зашморгваючы шворку, закочвалі вочы пад лоб, высалопвалі язык. Я скеміў, што хадыка зусім не збіраецца мяне абмішульваць, а проста хоча перашкодзіць здзелцы, -- затое пазней ён спрытна ашукаў сям’ю нашай ахмістрыні. Ён прадаў двор за кідкую цану камусьці з Штусі-Зютэрлінаў. Адчуўшы, што мая цікавасць да куплі прыкметна астыла, хутчэй ад варожых адносінаў сялян, чым ад ягоных хітрыкаў, ён папрыветлівеў. Дарэчы, ён быў ужо нападпітку, хоць і не зрабіўся ад гэтага менш сімпатычным. Нават наадварот. У яго прарэзаўся гумар. Праўда, з’едлівы. Ён пачаў расказваць. Сяляне згуртаваліся цясней і пачалі пад’юджваць баяра. Ягоныя гісторыі, па ўсім мяркуючы, яны ўжо ведалі напамяць. І слухалі, як слухаюць гавэнды казачніка. Дык вось, ён бажыўся, што быў славутым адвакатам у самым вялікім горадзе нашай краіны. “Усрацца можна якім славутым”, так і сказаў. І грошы шуфлем гроб. Зарабляў у асноўным на банках, на самых багатых сямействах горада. Але наймілейшай кліентурай былі яму прастытуткі. “Мае прасталытачкі”, як ён сказаў. Ён выдаў пропадзь розных пагудак, асабліва пра нейкага Нольдзі Архідэйнага. Большасць іх здаліся мне выдумкай, але я слухаў з неаслабнай увагай.

Не так тыя пагудкі, як за схаваную ў іх сацыяльную крытыку. Гэтая крытыка мела нейкі анархісцкі характар. Яна не вязалася з рэальнасцю. Яна адпавядала яго розуму. Ён заглыбіўся ў нетры гісторыі суду над нейкім забойцам. Ён граў ролі абвінавачанага і пяцёх членаў судовай калегіі. Сяляне рагаталі, аж заходзіліся ад захаплення. Ён, як абаронца, выйграў працэс. Пасля дадаў, што апраўданы ўсё-такі быў забойца. Апраўданы, урадавы радца, спрытна абдурыў і яго, і пяцёх членаў суду. Сяляне весяліліся, цяпер яны таксама налеглі на “бэці”. Гісторыя гэтую яны яўна слухалі не ўпершыню і ўсё ніяк не маглі наслухацца. Яна зноў і зноў вымагала паўтору, а ён капрызіў, капыліў нос, аднекваўся, яму паднеслі чарачку, ён паказаў на мяне, -- можа, чалавеку зусім і не цікава, а вы мне тут… мне таксама паднеслі чарачку, не-не, вельмі нават цікава.

Хадыка пачаў расказваць, як ён спрабаваў дабіцца перагляду справы, але гэтаму ўсупрацівіўся ўрад, а пад канец і федэральны суд. Урадавы радца – ён і ёсць урадавы радца. Кожная юрыдычная перашкода, кожная інтрыга выклікала выбух здзеклівага смеху. “Вось яна, ваша вольная Швейцарыя!” – крыкнуў адзін селянін і заказаў яшчэ па шкляначцы. І тады, расказваў далей хадыка, ён пачаў дзейнічаць на сваю рызыку. Ён дачакаўся, калі радца вярнуўся з падарожжа вакол зямлі. З прэсы даведаўся пра час вяртання. Пасля паведаміў пра свае планы начальніку паліцыі. Той загадаў ачапіць аэрапорт. Але хадыка, пераадзеўшыся прыбіральшчыцай, ушыўся ў брыгаду смецяроў. А ў накладным штучным бюсце схаваў свой рэвальвер. Адзін паліцэйскі спрабаваў схапіць яго за накладны бюст, але хадыка нарабіў крыку, быццам яго хочуць згвалціць. Начальнік прынёс прабачэнні, а паліцэйскага загадаў адправіць у арыштанцкую пры аэрапорце. Сяляне з радаснымі крыкамі ляпалі сябе па сцёгнах. Далей хадыка паведаміў, як ён застрэліў забойцу, апраўданага дзякуючы ягоным жа намогам. Па дарозе да залы пасажыраў першага класа. Пасля чаго радца грымнуўся галавою наперад проста ў бак на смецце. Падобна да Тэля, які прышыў у той цясніне Геслера, ён прышыў зладзея, радасна загаласіў адзін селянін, а астатнія радасна закрычалі. Дзікі ўсчаўся вэрхал. Вось яна, сапраўдная справядлівасць. Хадыка пачаў у асобах паказваць гісторыю свайго затрымання. Паказаў, як начальнік сарваў з яго накладны бюст. Залез на стол. Сказаў абарончую прамову перад пяццю сябрамі, якія сваім часам апраўдалі забітага, а цяпер, адпаведна, не маглі не апраўдаць яго забойцу судовай калегіі. Пасля чаго кінуў проста ў твар суддзям: “А прападзіце вы пропадам з вашым правасуддзем” – і зрабіўся хадыкам па справах у даліне Штусі. Тут апавядальнік зноў грымнуўся на сваё крэсла. Адзін селянін устаў з напалавіну распітай бутэлькай “бэці” ў левай руцэ, паляпаў апавядальніка па плячы, заявіў, што сам ён Штусі-Штусі, а хадыка – адзіны не Штусі ў Штусікофэне, але, нягледзячы на гэта, ён швейцарац “што нада”, пасля чаго да дна асушыў сваю бутэльку, паваліўся на стол і захроп. Астатнія зацягнулі адменены гімн: “Слаўся вавекі, Гельвецыя! Яшчэ ёсць у цябе сыны, як убачыў іх Якаў Святы, заўсёды гатовыя ў бой”. Гісторыя здалася мне на дзіва знаёмай. Я хацеў высветліць сякія-такія нюансы, але хадыка быў надта п’яны, каб адказваць на пытанні. Некаторыя сяляне пагрозліва паўставалі з месцаў, пакуль іншыя дапявалі канец другой страфы: “Там, дзе вяршыні гор ворагу не дадуць адпор, Бог наша цвердзь, самі ўстанем гарой, кожны з нас герой. Нас не палохае смерць”. А хадыку мне было шкада. Бліскучы прыма-адвакат зрабіўся затурканым правінцыйным адвакатам-хадыкам. Ён учыніў забойства, ён выйграў свой працэс, але забойства, ім учыненае, даканала яго. Я цалкам адмовіўся ад думкі купіць двор. Мне след было вымятацца, у даліне Штусі не прывячаюць прыхадняў з горада, а як што яны па нумары маёй машыны ўжо скумекалі, што я з Нойшатэля, я быў ім удвая чужы, прыблудзень, хоць і гаварыў з імі на адной мове, хай нават не так пявуча. Я пакінуў гасцініцу. Услед мне грамавое: “Явіся раніцай, Гасподзь прамяністы, мы дружна Табе заспяваем гімн чысты, асвецяцца ледзьве вяршыні гор, узносіць малітвы швейцарцаў хор. Сваёй душой богабаязнай айчыне служым увесь час мы”. Гэта сяляне перайшлі да новага гімна.

Пасля зноў прагал у памяці. Стары ў крэсле-каталцы, яго дачка, п’яны забойца ў штусікофенскай гасцініцы сярод п’яных сялян – усё пайшло ў падсвядомасць, а згары наклалася прыкрасць, што я не магу купіць сялянскі двор. Між іншым, купіць яго я мерыўся не дзеля пустой прыхамаці, мне былі патрэбныя перамены. Вярнуўшыся дамоў, я прыступіў да рэарганізацыі. Было вымецена ўсё смецце, што набралася за сорак гадоў пісьменніцтва. Груды неапрацаванай карэспандэнцыі, рахункі, якія так і не трапілі мне на вочы і, аднак жа аплачаныя, каштарысы, так і не ўзятыя пад увагу, горы карэктураў, незлічона разоў перапісаныя рукапісы, накіды, фотаздымкі, малюнкі, карыкатуры, фантастычны кавардак, якому наканавана было часткова ператварыцца ў парадак, часткова знікнуць. Горы нечытаных рукапісаў, ужо шмат дзесяцігоддзяў пахаваных у плыні неапрацаванай пошты. Я наўздагад зірнуў у адзін з іх. Юстыцыя. Далоў макулатуру. Пры гэтым. Пры гэтым я міжвольна кінуў позірк на першую старонку і прачытаў імя: h.c. Ісак Колер. Я зноў дастаў рукапіс з пластыкавага мяшка. Нейкі доктар Х. прыслаў мне яе з Цюрыха, але я ніколі не чытаю прысланых мне рукапісаў. Літаратура мяне не цікавіць. Я сам яе ствараю. Доктар Х. Я ўспомніў. Кур. 1957 год. Пасля даклада. У гатэлі. Я пайшоў у бар выпіць шкляначку віскі. Акрамя бармэнкі, дамы не першай свежасці, я застаў там яшчэ аднаго наведніка, які адразу, ледзь я паспеў сесці, назваў сябе. Гэта быў доктар Х., былы начальнік кантанальнай паліцыі Цюрыха, мажны чалавек, старамодна апрануты, з залатым ланцужком ад гадзінніка папярок жылеткі, як іх сёння мала хто носіць. Нягледзячы на ўзрост, вожык на галаве ў начальніка быў яшчэ бездакорна чорны, а вусы пушыстыя. Ён сядзеў каля стойкі на высокім зэдлі, піў чырвонае віно, курыў “Байанас” і звяртаўся да барменкі па імені. Голас у яго быў гучны, жэсты выразныя, словам, чалавек без ценю гульні, які гэтак жа прыцягваў мяне, як і адштурхоўваў. На раніцу ён давёз мяне на сваёй машыне да Цюрыха. Я пачаў гартаць рукапіс. Ён быў надрукаваны на машынцы, пад загалоўкам дапісана ад рукі: “Можаце рабіць з гэтым, што захочаце”. Я пачаў чытаць рукапіс і прачытаў яго ўвесь. Аўтар, нейкі адвакат, не справіўся з матэрыялам. Яму надта перашкаджалі бягучыя падзеі. Пра самае важнае ён пачаў расказваць толькі ў канцы, але менавіта тут яму раптам не хапіла часу. Ён зрабіўся ахвярай сваёй паспешлівасці. У цэлым спроба дылетанцкая. Ды і асобныя мясціны знедаўмілі мяне. Узяць хоць бы назвы некаторых раздзелаў: “Спроба ўнесці парадак у беспарадак”. Потым імёны. Хто такі Нікадэмус Мольх, хто Дафна Мюлер і хто Ільза Фройдэ? І хто расстаўляе ў сябе ў парку цэлую армію садовых гномаў? Начальнік нібыта гаварыў мне, што любіць Жан Поля? Але спытацца ў начальніка ўжо нельга, ён памёр. У 1970-м. Пасля я прачытаў ліст, прыкладзены начальнікам да рукапіса: “Я вяртаюся з пахавання. Ездзіў хаваць Штусі-Лойпіна, На пахаванне прыйшоў толькі Мок. Пасля чаго мы з ім паабедалі ў “Du Théâtre”. Елі суп з лівернымі фрыкадэлькамі, філе а-ля Расіні з зялёным бобам. Пасля абеду мы доўга шукалі слыхавы апарат Мока. Афіцыянтка, як аказалася, знесла яго з посудам. А што да нашага дарагога фанатыка справядлівасці, дык яму і на самай справе ўдалося прабрацца ў аэрапорт. З камандай смецяроў. І стрэліць ён стрэліў, але адразу ад страху ўпаў галавой у бак са смеццем. На шчасце Колер нічога не заўважыў, бо якраз у гэты час падняўся чатырохматорны самалёт. Зрэшты, наш тэрарыст і не мог зрабіць большае шкоды. У адным ён пралічыўся. Я ўсё-такі заняўся падрабязней гэтым старызнікам. У альпійскім ражку былі правільна прэпараваныя халастыя патроны. Але пасля я абсалютна не ведаў, што мне рабіць з фанатыкам справядлдівасці. Ён быў чалавек прапашчы. Перадаваць яго ў рукі правасуддзя я не хацеў. Штусі-Лойпін (глядзі вышэй) паспачуваў яму і падшукаў яму працу. З таго часу прайшло некалькі гадоў. Ваш доктар Х. экс-начальнік. Я патэлефанаваў у Штусікофен. Да тэлефона падышоў гаспадар “Лойенбэргера”. Я папрасіў хадыку. Памёр. На тым тыдні. Перабраў “бэці”. Як яго звалі? Звалі як? Хадыкам. Дзе яго пахавалі? У Флётыгене, трэба думаць. Я паехаў туды. Могілкі ляжалі за вёскай. За каменнай агароджай. Чыгунная літая брама. Было холадна. Першы раз за гэты год я ўлавіў дыханне зімы. У могілках ёсць нешта блізкае майму сэрцу. У дзяцінстве я любіў гуляць на могілках. Гэтыя могілкі мелі сваё аблічча, у кожнага нябожчыка была свая магіла, магільныя пліты, чыгунныя крыжы, пастаменты, калоны, стаяў нават адзін анёл. На магіле нейкай Крыстлі Мозэр. Але Флётыгенскія могілкі былі даволі сучаснымі могілкамі, пачатымі дзесяць гадоў таму назад паводле пастановы абшчыннай рады Флётыгена. Ад тых, хто памёр больш за дзесяць гадоў таму назад, не засталося і следу. Як што тэрыторыя была строга абмежаваная і не не магла быць пашырана – надта высокія сённяшнім часам цэны на зямлю, -- супакоенаму дазвалялася не больш чым дзесяцігадовае супакаенне ў роднай зямлі. А пасля – напрасткі ў вечнасць. Але ўжо дазволеным дзесяць гадоў належала ляжаць па стойцы “смірна”. Ува ўсіх аднолькавыя пліты. На магілах – аднолькавыя кветкі. Аднолькавыя пліты, надпісаныя адным і тым самым шрыфтам. І вось мерцвякі пакоіліся строгімі радамі, а сярод іх – і той, каго я шукаў. Беспарадкавы ў жыцці, упарадкаваны пасля смерці. Ён ляжаў апошні ў радзе, каля яшчэ пустой магілы. Пліта ўжо пакладзена, кветкі (астры, хрызантэмы) ужо пасаджаны. На пліце: ФЕЛІКС ШПЭТ, Хадыка, 1930 – 1984.

Вярнуўшыся дахаты, я яшчэ раз перачытаў рукапіс. Мабыць, яго перадрукавалі з арыгінала. І нягледзячы на лірычныя адступленні ад рукі начальніка, ён максімальна адпавядаў зыходнаму варыянту. Што да Шпэтавага расказу, дык ён у Штусікофэне хваліўся забойствам, якога не ўчыняў, а Колер у Мюнхене зваліў забойства на чалавека, якога хацеў прыбраць разам з забітым. Я зняў з рукапісу фотакопію. Адрас доктара h. c. Ісака Колера я знайшоў у тэлефоннай кнізе. Я адправіў копію яму. Праз некалькі дзён я атрымаў пісьмо ад Элен Колер. Яна прасіла мяне наведаць яе. Бацькава маёмасць не дазваляе ёй адлучацца з дому. Я адказаў тэлефонным званком. І ўжо на другі дзень уступіў у колераўскія валоданні.

Калі я ішоў да чыгуннай рашоткі, у мяне было такое адчуванне, быццам я ўступаю ў рукапіс і гэты рукапіс мяне кампраметуе. Сама прырода дыхала багаццем. Кастрычніцкая флора тут добра адшкадавалася сваімі дарамі. Дрэвы як на падбор-- велічныя і ў летнім уборы. Не дзьме фён. Акуратна падстрыжаныя кусты і жывыя агароджы. Замшэлыя статуі. Голыя барадатыя багі з маладзецкімі сцёгнамі і такімі ж лыткамі. Ціхія сажалкі. Велічная пара паўлінаў. Навакол мёртвая, дрымотная ціша. Толькі зрэдчас птушыныя галасы. Сцены дома ўвітыя дзікім вінаградам, плюшчом і ружамі, сам ён вялікі, прасторны, са шчытом. Усярэдзіне – лёгкі і ўтульны. Антыкварная мэбля, кожны прадмет – твор мастацтва. На сценах – славутыя імпрэсіяністы. Далей -- познія фламандцы (мяне вяла па доме старэнькая пакаёўка). Мне было прапанавана пачакаць у кабінеце доктара h. c. Ісака Колера. Памяшканне было прасторнае. Вызалачанае сонцам. Праз адчыненыя дзверы можна было выйсці проста ў парк. Вокны абапал дзвярэй даходзілі амаль да падлогі. Паркет з каштоўных пародаў дрэва. Гіганцкі пісьмовы стол. Глыбокія скураныя крэслы. На сценах ніякіх карцін, толькі кнігі – да самай столі. Выключна кнігі па матэматыцы і натуральных навуках, салідная бібліятэка. У прасторнай нішы – більярд з чатырма шарамі на полі. Праз адчыненыя дзверы ўкаціў сябе h. c. Ісак Колер, яшчэ больш кволы і эфемерны, яшчэ больш празрысты, амаль фантом. Мяркуючы па ўсім, ён мяне не заўважыў. Ён пад’ехаў да більярда, выцерабіўся, на маё здзіўленне, з крэсла і пачаў заўзята гуляць. З дзвярэй у задняй сцяне увайшла Элен. Спартыўны выгляд – джынсы, шаўковая кашуля, жыкет ручнога вязання з трыма вялікімі квадратамі, чырвоным, сінім і жоўтым. Яна прыклала палец да вуснаў. Я зразумеў і пайшоў за ёю. Прасторная гасцёўня. Зноў адчыненыя дзверы. Мы селі на тэрасе. Пад тэнтам. Апошні раз сёлета я сядзеў на свежым паветры. Старыя плеценыя крэслы. Чыгунны стол з шыферным верхам. На газоне – касілка. Першыя кучы восеньскага лісця. Паміж імі паўліны. Яна сказала, што я застаў яе за працай у садзе. Углыбіні парку нейкі хлопец капаў зямлю. І пасвістваў. А ад паўлінаў трэба было пазбавіцца. Суседзі пратэстуюць. Яны пратэстуюць ужо пяцьдзесят гадоў. Але бацька любіць паўлінаў. Як ёй здаецца, выключна назло суседзям. Ён даваў сваім паўлінам крычаць колькі ўлезе. Нягледзячы на шматразовае ўмяшальніцтва паліцыі. На свеце няма гуку больш мярзотнага за паўлінаў крык. Дамы навокал праз гэты паўлінаў крык прыкметна патаннелі. Адпаведна ўпалі цэны і на зямлю. Тады бацька скупіў усё падрад, і суседзі заткнуліся, больш не маглі скардзіцца. Потым яна наліла мне чаю. Я сказаў, што яе бацька – пачвара. Яна не спрачалася. А рукапіс прачытала? Прагледзела – быў адказ. Я сказаў, што Шпэт яе кахаў, але пра гэта яму было нялёгка пісаць, і яна ж таксама колісь кахала яго. Ах, гэты мілы Шпэт, адказала яна. Адзіная жанчына, якую ён кахаў, была Дафна, пра яе ён і піша асабліва жыва. А каханне да яе, Элен, проста выдумляе. Выдумляў, удакладніў я, наш мілы Шпэт два тыдні таму назад сканаў у даліне Штусі. “Чай зусім прастыў”, -- сказала яна і выплюхнула з чашкі праз агароджу тэрасы на пасыпаны жоўтым лісцем газон, якраз пад ногі хлопцу, які з нахабным свістам прабягаў міма.

А потым закрычалі паўліны. Звычайна яны гэтай парою не крычаць, патлумачыла Элен, зараз перастануць. Але паўліны не пераставалі. ”Хадземце лепш у харомы”, -- прапанавала яна, і мы ўвайшлі ў дом, зачынілі за сабою дзверы, селі ў два фатэлі, паміж якімі стаяў гульнёвы столік. Каньяку? Так, калі ласка. Яна наліла. Паўліны за дзвярыма ўсё крычалі, тупа, злавесна. На шчасце бацька іх не чуе, сказала яна, а потым спыталася, ці чытаў я, што напісана пра сапраўдную Моніку Штаерман. Усё гэта ўяўляецца мне досыць непраўдападобным, адказаў я. Яна таксама была аднаго разу запрошана да Монікі Штаерман, летнім вечарам, пачала Элен, ёй тады не было і васемнаццаці, і яна, як усе ў гэтым горадзе, прымала Дафну за Моніку Штаерман, захаплялася ёю, але і зайздросціла таксама, у прыватнасці праз Бэна, таму што Бэна пазбягаў яе, хоць у тыя часы спакушаў усіх падрад, гэты красунчык Бэна, тады лічылася найвышэйшым шыкам пераспаць з Бэна, гэтак жа як лічылася шыкам прераспаць і з Монікай Штаерман; хоць усе былі перакананыя, што яны абое ў будучым пабяруцца, але гэта якраз і вабіла. Яна, Элен, была, што ні кажы, дачка Колера і таму недатыкальная. Бэна свядома пазбягаў яе, а яна прыняла запрашэнне Монікі Штаерман без ніякіх ваганняў, магчыма сама ў сабе спадзеючыся застаць там Бэна, настолькі яна была ў яго закаханая. Пасля вячэры, за чорнай кавай, яна паведаміла бацьку пра свой намер. Бацька спытаўся, куды менавіта яе запрасілі, на Аўрораштрасэ ці не, і наліў сабе “Марк”. Дома ён заўсёды п’е “Марк”. У “Мон-рэпо”, адказала яна. Туды яшчэ дагэтуль нікога не запрашалі. Нікога, сказаў бацька. Дагэтуль туды запрашалі адно Людэвіца і яго самога. Дык вось ці можа ён даць ёй параду? Яна ўсё роўна не паслухаецца ніякіх парадаў, задзірыста адказала яна. Не трэба ёй прымаць гэтага запрашэння, сказаў бацька і выпіў свой “Марк”. Гэта і была яго парада. Але яна ўсё адно пайшла. Даехала на ровары да Вагнерштуца, прыхіліла ровар да агароджы і пазваніла каля брамы, працягвала Элен далей свой расказ. І здзівілася, што за гэтым нічога не паследавала. Потым яна заўважыла, што рашотчатыя весніцы наогул не зачыненыя, яна адчыніла іх і ўступіла ў парк, але, ледзь уступіла, адразу ж адчула прыступ незразумелага страху. Яна ўжо была хацела вярнуцца, але цяпер ужо весніцы не паддаваліся. Калі дагэтуль Элен расказвала няўпэўнена, запіналася, дык тут пачала гаварыць так, быццам усё, што адбылося пасля, адбылося не з ёю, а з кімсьці іншым. З гэтага моманту, расказвала Элен далей, яна ўжо не сумнявалася, што яе завабілі ў пастку. Заняхаены парк быў заліты вечаровай чырванню, гэты паток святла здаўся ёй благім знакам. Яна аўтаматычна ішла далей да нябачнай вілы. Друз парыпваў пад нагамі. Яна заўважыла садовага гнома, аднаго, потым яшчэ трох, пасля адразу некалькі ўздоўж дарожкі, яны стаялі сярод бадылля непадстрыжанага газона, сярод лубіну і смолак, выглядвалі са сплётаў карэння: нягледзячы на мардаценькія тварыкі, у гэтай злавеснай вечаровай чырвані яны здаваліся падступнымі і гнюснымі, асабліва калі яна заўважыла, што ўніз з дрэваў таксама шчэрацца гномы, паляць люлькі, ад агіды яна ўсё хутчэй бегла сярод гномаў, пакуль не апынулася перад цэлай сцяной гноміх з велізарнымі галовамі, большымі за тыя, якіх яна ўбачыла спярша, -- прыкладна з чатырохгадовае дзіця. Дранцвеючы ад жудасці, яна заўважыла, як адна з гэтых фігур ашчэрыла ёй зубы. У панічным страху яна паляцела па парку, міма непрыстойных гномаў, пакуль не выскачыла на лугавіну, дзе ніякіх гномаў не было, сама лугавіна падымалася ўгору, а наверсе яе вачам адкрылася віла. Задыхаючыся, яна спынілася і паглядзела назад. Спадзеючыся, што ўсё гэта ёй толькі памроілася, што яна ўбачыла кашмар. Але яна ўбачыла ашчэраную гноміху, якая дробненька дыгала, спяшаючыся да яе. Яна кінулася да вілы, уляцела ў адчыненыя дзверы, яна чула ў сябе за спінай дробненькі тупат, яна прабегла праз вестыбюль, потым праз залу, дзе ў каміне патрэскваў агонь, хоць на дварэ стаяла лета, нідзе ні душы – і толькі дробненькія крокі за спінай. Яна ўбегла ў нейкае падабенства кабінета. Сцены, заклееныя фотаздымкамі Бэна, страшэнна яе спалохалі. Першым парываннем было вярнуцца назад, але ў зале, у водблісках каміна, яна зноў угледзела карліцу з велізарнай, безвалосай галавой, маленькімі зморшчаным тварыкам і вырачанымі вачыма. Элен бразнула дзвярмі кабінета і замкнулася ссярэдзіны. Яна была адна. Яна кінулася ў скураны фатэль, адчула непрывычны саладжавы пах і самлела. Ачуўшыся, убачыла, што яе з усіх бакоў зашчамілі чытыры голыя магуты, пра якіх пазней магла б толькі сказаць, што яны былі безвалосыя і што ад іх патыхала аліўкавым алеем, якім яны нашмараваліся і таму былі такія слізкія, як рыбы. Яе раздзелі, як яна ні супраціўлялася. Яна пачула нястрымны смех і ўбачыла жанчыну, якою захаплялася і якой зайздросціла і якую прымала за Моніку Штаерман. Голая Дафна Мюлер сядзела ў скураным фатэлі. Гэта яна смяялася. Раптам аднекуль узнік прафесар Вінтэр, голы, трыбухаты. За спінай у юрлівага фаўна яна ўбачыла карліцу. Тая сядзела на шафе і пераможна сузірала Элен. Калі чорнабароды сатыр авалодаў Элен, у яе ў галаве бліснула думка – менавіта бліснула, гэта не проста ўстойлівае словазлучэнне, -- думка пранікла ў яе мазгі, як пранікае бліскавіца, і не засталося іншых думак, акрамя адно што ўсё тут адбываецца з ёю толькі з волі гэтай карліцы, якая загнала яе ў гэты кабінет, каб з ёю, Элен, зрабілі тое, чаго палка жадала сама карліца, але чаго з карліцай нельга было зрабіць, а потым, калі на яе кінуўся Бэна, а за ім чацвёра слізкіх голых, і ўсё гэта – пад несціханы смех Дафны, Элен ахапіла (адзіная магчымасць супраціўляцца, адзіная зброя) бязмерная пажада, яна ўскрыкнула, яна крычала, крычала, пажада рабілася тым больш неспатольнай, чым зайздрослівейшым рабіўся позірк карліцы. Карліца дрыжала ўсім целам, у вачах у яе бачылася нешта большае, чым бязмежная зайздрасць, здавалася, быццам яна дрыжыць ад гора, што не дазена ёй, карліцы, зведаць асалоду, якую адчувае тая, якую гвалцяць на яе ж загад яе ж халопы. Нарэшце карліца ў поўным жаху закрычала: “Годзе!” – і разверзлася нястрымным хлюпаннем. Элен адпусцілі, карліцу вынеслі, Элен засталася ў кабінеце адна. Яна сабрала сваю вопратку, у зале яшчэ не прагарэў камін, прабралася праз вестыбюль у цёмны парк, дайшла да брамы. Брама была не замкнёная, закончыла Элен сваю аповесць, і яна паехала дамоў на ровары.

Яна памаўчала. Пасля спыталася ў мяне, ці не шакіраваны я яе расказам. “Не, -- адказаў я, -- але чарачка каньяку мне цяпер не зашкодзіла б”. Яна наліла мне і наліла сабе. Калі яна вярнулася, працягвала яна далей свой расказ, бацька ўсё яшчэ быў у кабінеце за пісьмовым сталом. На яе амаль не глянуў. Яна яму ўсё расказала. Тады ён падышоў да більярда і зайграў. А ў яе спытаў, чаго ёй яшчэ трэба. Адпомсціць, сказала яна. “Забудзь пра гэта”, -- сказаў бацька. Але яна прагнула помсты. Тады ён перастаў іграць і ўважліва паглядзеў на яе. Ён раіў ёй не хадзіць туды, а яна не паслухалася, пайшла. Яе клопат. Ніхто не абавязаны слухацца парадаў, інакш парада будзе не парада, а загад. Тое, што здарылася, не мае значэння, бо яно ўжо здарылася. Яго трэба адкінуць, хто не ўмее забываць, той кідаецца пад колы часу і дае сябе раздушыць. А яна настойвае на помсце. Дзетачка, сказаў бацька, гэта ён першы раз у жыцці так яе назваў, усё, што ім дагэтуль было сказана, -- гэта таксама не больш як парада, але калі яна патрабуе помсты, выдатна, будзе ёй помста. І гэта ўжо ягоны клопат. Потым ён паклаў на більярднае поле чатыры шары і стукнуў, толькі адзін раз, спярша паслаў шар у борт, адтуль шар адкаціўся назад і саштурхнуў другі шар у лузу. Вінтэр, сказаў бацька, калі чарговы шар знік у лузе. Бэна. Потым Дафна. А калі ён сказаў – Штаерман, на полі ўвогуле больш нічога не засталося. А яна? -- спытала Элен. А яна была кіем, адказаў ён. І кій спатрэбіўся яму ўсяго адзін раз. Што будзе з імі? – спытала яна. Яны памруць, адказаў бацька. У той паслядоўнасці, якую ён устанавіў. А цяпер хай ідзе спаць, яму трэба папрацаваць.

Гэтая размова, працягвала яна, крыху памаўчаўшы, калі мы паспелі выпіць па трэцяй, а з суседняга пакоя пачуўся стук більярдных шароў, гэтая размова захавалася ў яе памяці больш злавеснай, чым тое, што адбылося ў “Мон-рэпо”, у сябе ў пакоі яна патушыла святло і доўга ў гэтую бясконцую ноч разглядвала неміласэрныя зоркі, якім не абыходзіць тое, ці ёсць на жалю вартым, нікчэмным шарыку Зямлі, жыццё, ці няма, а пра чалавечы лёс і гаварыць няма чаго, і тут яе забрала злосць, бацька, вядома ж, хацеў, каб яна туды пайшла, і цвёрда спадзяваўся, што цікаўнасць пацягне яе. Але вось чаму карліца абрала менавіта яе? Каму было наканавана прыніжэнне: Элен ці бацьку Элен? Калі бацьку, чаму ён тады спачатку адгаворваў яе помсціцца? Хацеў сабе вырашыць пытанне, ці варта яму ўступаць у барацьбу ці не? Але ў імя чаго вялася гэта барацьба? І хто каму ў ёй супроцьстаяў? Яе непакоіла думка, што за цагельным трэстам, пра які бацька абавязкова ўспамінаў як бы жартам, крыюцца іншыя, куды больш значныя гешэфты і што ён час ад часу заводзіць мову пра сілікон, якому належыць будучыня, хоць усе, у каго яна толькі ні пыталася, адказвалі, быццам, ані подумкі, ані здагадкі, пра што гэта талкуе бацька. Можа, барацьба ўспыхнула паміж ім і Людэвіцам? І тым, што з ёю здарылася, Штаерман давала бацьку зразумець, што не хоча больш ягонага ўмяшальніцтва?

Я задумаўся над яе расказам. Аднаго не разумею, сказаў я, ваш бацька распавядаў у Мюнхене пра забойства, што матыў ён падаў фальшывы, не бяда, хай так, але вось што яму толькі каля рэстарана прыйшла ў галаву думка скарыстацца рэвальверам англічаніна – не і не, гэта непраўдападобна. Элен уважліва паглядзела на мяне. Небывала прыгожая жанчына. Ваша праўда, сказала яна, бацька схлусіў. Яны ўдваіх абгаварылі гэта забойства. І небарака Шпэт пра гэта здагадаўся. Ён застрэліў Вінтэра са свайго рэвальвера, пасля сунуў яго ў кішэню міністру, а ўжо пасля яна дастала рэвальвер з кішэні і ў Лондане выкінула яго ў Тэмзу. Міністр ляцеў не на самалёце кампаніі “Свісэйр”, засумняваўся я. Так, Штусі-Лойпін меў рацыю, выстаўляючы гэта пярэчанне, адказала яна, але і Штусі-Лойпін не мог ведаць, што яна суправаджала міністра па ягонай асабістай просьбе. Дзеля гэтага яна рэгулярна наведвала яго ў прыватнай клініцы. Яна змоўкла. Я агледзеў яе. У яе за плячыма было цэлае жыццё, і ў мяне за плячыма было цэлае жыццё. “А Шпэт?” – спытаў я, але яна ухілілася ад майго позірку. Я расказаў ёй пра сваю сустрэчу з Шпэтам. Яна выслухала. У Шпэта склалася памылковае ўражанне пра яе, спакойна сказала яна, вось і ў мяне складваецца пра яе памылковае ўражанне. Усяго праз некалькі тыдняў пасля той ночы яна ўступіла ў сувязь з Вінтэрам, а потым з Бэна – адсюль і свара Бэна з Вінтэрам і Дафны з Бэна, і яе разрыў з Штаерман, з кім яна яшчэ спала, па сутнасці няважна, хай хоць з усімі падрад – вось, бадай што, самы дакладны адказ. Яна і сама сябе не разумее. Яна зноў і зноў спрабуе знайсці рацыянальнае тлумачэнне нечамусь ірацыянальнаму, але яе паводзіны не залежаць ад розуму. І можа, усе тлумачэнні ёсць усяго толькі зачэпка, каб апраўдаць сваю натуру, якая ў тую ноч у “Мон-рэпо” заявіла пра сябе магутным парываннем, можа, ўпотайкі марыць пра ўсё новыя гвалты, бо чалавек бывае свабодны адно калі яго гвалцяць, -- свабодным нават ад сваёй волі. Але гэта, зразумела, усяго толькі адзін з варыянтаў тлумачэння. Нядобрае адчуванне, што яна была толькі прыладай у руках бацькі ніколі не пакідала яе. Усе, каго ён назваў падчас той гульні на більярдзе, памерлі ў ім жа названай чарговасці. Штаерман – апошняя. Два гады назад. Як параіў бацька, яна ўвайшла у канцэрн па зброі, ад чаго акцыянернае таварыства “Трог” прагарэла. А потым Моніку Штаерман знайшлі мёртвую на яе грэчаскім востраве. І чатырох целаахоўнікаў, зрашэчаных кулямі. Прычым Штаерман знайшлі толькі праз пагода – яна вісела ўніз галавою на аліве. Хіба я не чытаў пра гэта? Прозвішча Штаерман ні пра што мне не гаварыла, адказаў я. Калі ў газетах было апублікавана паведамленне пра знікненне Штаерман, сказала Элен, яна знайшла на стале ў бацькі тэлеграму, у якой не было нічога, апрача радка 1171953, калі прыняць гэты радок як дату, дык атрымаецца дзень згвалтавання. А як што забойства было ўчынена па даручэнні бацькі, хто яго выканаў, і хто стаяў за выканаўцамі, і хто стаяў за тымі, што стаялі за выканаўцамі? Ці азначала смерць Монікі Штаерман канец нейкай эканамічнай вайны? Ці была гэта вайна за ўладу нечым рацыянальным альбо ірацыянальным? Што наогул творыцца на свеце? Яна не ведае. Я таксама не ведаю, сказаў я.

“Але вернемся да Шпэта”, -- прапанаваў я, калі, вядома, яна не супраць. Яна сказала, што не супраць; калі Шпэт узяўся за даручэнне яе бацькі, яна спадзявалася, што ён дакапаецца. Дакапаецца да чаго? Да таго, хто падбухторыў яе бацьку на забойства. “Не надта лагічна”, -- сказаў я. “Чаму ж?” – адказала яна, гэта яна падбухторыла. У яе ж быў выбар. Атрымліваецца замкнутае кола, канстатаваў я, спярша яна валіла віну на бацьку, цяпер на сябе. Мы абое вінаватыя, сказала яна, Ну, гэта ўжо нейкае вар’яцтва. А яна і ёсць вар’ятка.”Далей”, -- скамандаваў я. Яна не давала вывесці сябе з раўнавагі. Калі пасля таго, як бацьку апраўдалі і ён з’ехаў, Шпэт груба накрычаў на яе і ўжо мала не дабраўся да ісціны, а яна пайшла да начальніка паліцыі і ва ўсім яму прызналася. ”Гэта ж як разумець?” – спытаў я. Яна прызналася, яна прызналася ва ўсім, паўтарыла Элен. “Ну і што?” – спытаў я. Яна памаўчала, потым адказала, што начальнік паліцыі спытаўся ў яе гэтак сама “Ну і што?”. Пасля чаго раскурыў цыгару і сказаў, быццам усё гэта – леташні снег, Бэна сам пакінуў жыццё, высвятляць задам наперад, хто менавіта страляў, альбо – куды ўжо там -- даваць нырца ў Тэмзу і шукаць там рэвальвер не ўяўляецца магчымым, бываюць выпадкі, калі справядлівасць траціць сэнс і ператвараецца ў фарс. Яна хай ідзе сабе дамоў, а ён сваёй чаргой забудзе, пра што яна яму тут распавядала. Чаму яе бацька ані словам не памянуў Шпэта? – спытаўся я. Ён яго забыў, адказала. І Штусі-Лойпіна таксама, сказаў я. Увогуле вельмі дзіўна, сказала, яе бацька перакананы, што забойства ўчыніў не ён, а Бэна. Яна адзіная, каму яшчэ вядома, што забойцам быў яе бацька. А ці дакладна ёй гэта вядома, спытаў я, хоць і мала верагодна, але, магчыма, забойцам усё-такі быў Бэна. Яна заматала галавой. Не, бацька. Яна аглядала рэвальвер, які дастала з кішэні міністра, а дома сама яго зарадзіла.

Я спытаўся, навошта яна мне ўсё гэта расказала. Яна здзіўлена паглядзела на мяне. Тады навошта я пераслаў ёй рукапіс? Толькі каб дакапацца да праўды? Я перш за ўсё пісьменнік, якога цікавіць не чужая праўда, а свая ўласная, я думаю толькі пра тое, каб напісаць раман, і ні пра што іншае, і калі выйдзе кніга, дык яна будзе падпісана маім імем, а не імем Шпэта. Каму належыць рукапіс, мне ці Шпэту, ведаю толькі я, а я кажу, што атрымаў яе ад начальніка паліцыі. Яна таксама ведала старога балбатуна, ён часта бываў у гасцях у яе і яе бацькі і шчыраваў з ім. Гэтак сама ён мог шчыраваць і са мной. Але ўжо калі я хачу скарыстацца ёю, дык не трэба апісваць яе як гётэўскую жанчыну, якіх трэба пералупцаваць усіх да адной, настолькі яны занудлівыя, калі, вядома, не лічыць Філіны, адзінай з ягоных твораў, з якою старэнькі і сам не цураўся пераспаць. І Элен нерухома паглядзела перад сабою. Міма акна, пасвістваючы, прайшоў той самы хлопец. А ці знайду я сам дарогу? Я развітаўся. Стары па-ранейшаму ганяў шары. Ад борта дубэльтам.

Без чвэрці два. Я заходжу да сябе ў кабінет. Калі я абсталёўваў яго, з акна было відаць возера. Цяпер возера засланілі дрэвы. Некалькі дрэў нават давялося ссячы, тыя, якіх яшчэ не было, калі я сюды ўехаў. Сячы дрэвы вельмі шкада, іх не сякуць, іх забіваюць. А дуб вырас вялікі і магутны. Па дрэвах я адчуваю бег часу, свайго часу. Не так, як вызначаю яго, гледзячы ў неба. Не без журботы знаходжу там Сіта, Альдэбаран, Капэлу, зімовыя зоркі, хоць на дварэ яшчэ лета, -- прыкмета таго, што за траціну года робішся на год старэйшы. У небе пракручваецца аб’ектыўны, вымерны час чалавека амаль шасцідзесяціпяцігадовага ўзросту, суб’ектыўна ж час рухаецца разам са мною і з дрэвамі ў бок смерці, і тут ужо яго нельга вымерыць, можна тольакі адчуць. А як успрымае час Зямля? Я гляджу на начное возера, яно зусім не перамянілася, калі адхіліцца ад таго, што начворылі з ім людзі. І як успрымае свой узрост сама Зямля? Аб’ектыўна? Ці здаецца сабе старажытнай? Чатырох з палавінай мільярдаў год? Альбо суб’ектыўна лічыць, быццам уступіла ў найлепшую пару свайго жыцця, бо можа мінуць яшчэ сем мільярдаў гадоў, перш чым яе спапяліць сонца? Альбо яна ўспрымае час на маланкавай хуткасці, калі адчувае сябе нецярплівай, няспыннай сілай, бурліць і кіпіць усярэдзіне, адрывае кантыненты адзін ад аднаго. Грувасціць горы, ссоўвае пліты, насылае моры на сушу, а наша блуканне па цвёрдым грунце ці не ёсць на самой справе хадзьба па грунце хісткім, які штогадзіны, штохвіліны пагражае раззеўрыцца і паглынуць нас? І нарэшце, як там яно з часам роду людскога? Мы вымералі яго з усёй даступнай нам аб’ектыўнасцю, мы падзялілі яго на старажытны час, сярэднявечча, новы час і ноўшы ў чаканні яшчэ найноўшага; ёсць падзелы і больш тонкія, калі, напрыклад, за спадкамі Усходу ідзе эпоха грэкаў, у якой змыкаюцца Цэзар і Хрыстос, за ёю па пятах ідзе эпоха веры. Рэнесанс радасным звонам абвяшчае век Рэфармацыі, а за ім ідзе век, калі нястрымна падрастае розум, ён падрастае і па сённяшні дзень, усё падрастае і падрастае, а на дробязі проста не трэба зважаць. Першая сусветная вайна, і Другая, і Асвенцім былі ўсяго толькі эпізодамі, Чаплін больш вядомы свету, чым Гітлер, у Сталіна дагэтуль вераць адны албанцы, а ў Мао – некалькі перуанскіх тэрарыстаў, сорак гадоў міру – гэта вам чагосці вартае, праўда ж, не ўсюды а толькі для звышдзяржаваў, яшчэ ў Еўропе, ну і на Ціхім акіяне – у агульным і цэлым, і ў Японіі, дачыста адмытай ад любога грэху Хірасімай і Нагасакі, і нават Кітай гасцінна расхрыствае свае дзверы пад напорам ўсемагчымых турыстычных бюро. Але як гэты мірны перыяд, калі ў яго наогул ёсць час, каб так наывацца, -- як успрымае свой час ён? Ці спыняецца ён у яго ўспрыняцці, і калі спыняецца, дык ці ведае ён, што з ім рабіць? Ці ўцякае ён ад яго? А можа праносіцца над галавой, як ураган, як тарнада, шпурляючы аўтамабілі адзін на аднаго ў кучу-малу, зрываючы цягнікі з рэек, разбіваючы аб скалы гіганцкія лайнеры, агнём выпальваючы гарады? Як аб’ектыўна раскручваецца час нашага саракагадовага, даступнага вымярэнню свету, час, калі сапраўдная вайна, у імя якой ідзе няспынная гонка ўзбраення, здаецца ўсё больш непамыснай, хоць планы яе выношваюцца няспынна? А наш мірны час, дзеля захавання якога мільёны выходзяць на дэманстрацыі, цягаюць транспаранты, падпяваюць рок-групам і моляцца – ці не прыняў ён даўным-даўно форму таго, што мы колісь называлі вайной, бо мы самыя дзеля свайго ж заспакаення спраўна аздабляем наш мір рознымі катастрофамі? Усеагульная гісторыя абяцае чалавецтву бясконцы час, а для Зямлі, калі меркаваць аб’ектыўна, ён, магчыма уяўляецца толькі хуткацечным эпізодам, нават менш, чым эпізодам – нейкі інцыдэнт у межах адной зямной секунды, з пункту гледжання касмічнага амаль непаддатны ўспрыманню з ледзь прыкметным шнарам пасля сябе. Ледзь падняўшыся з зямлі, яшчэ загрузаючы ў гліне, дарыйцы наіўна думалі, што нападаюць на саміх сябе. Вось так і мы насамрэч, заледзьве ацалеўшы пасля ледніковага перыяду, нападаем на самых сябе, будзь тое ў дні міру, будзь тое ў дні вайны, мужчыны на жанчын, жанчыны на мужчын, мужчыны на мужчыен, жанчыны на жанчын, кіраваныя не розумам, а неспасцігальным у сваіх матывацыях інстынктам, які мае за плячмі на мільёны гадоў больш доўгае развіццё, чым розум. Вось гэтак, пагражаючы атамнай, вадароднай, нейтроннай бомбамі, мы ўберагаем сябе ад самага жудаснага, як тыя гарылы, барабанім сябе кулакамі ў грудзі, каб запалохаць зграі іншых гарылаў, і ў той самы час рызыкуем загінуць ад таго самага міру, які намагаемся сіламоц уберагчы, загінуць, каб голле мёртвых лясоў укрыла наша здыханне.

Я стомлена вяртаюся да свайго пісьмовага стала, да свайго поля бітвы, у сферу прыцягнення сваіх твораў, але ніякай іншай рэчаіснасці, апрача той, дзе іхні час сцёк, іхні, а не наш. Я не здолеў разгадаць іх, прыдуманых шмат. Мае творы самі стварылі сваю рэчаіснасць, вырваўшы яе з майго ўяўлення і тым самым – з маёй рэчаіснасці, з часу, спажытага на тое, каб іх стварыць. Тым самым яны таксама зрабіліся часткай нашай агульнай рэчаіснасці і, адпаведна, адной з магчымасцяў, адну з якіх мы ў сваю чаргу называем сусветнай гісторыяй, гэтак жа захутанай у кокан нашых фантазіяў. Але хіба гісторыя, якая зрабілася рэчаіснасцю толькі ў маім уяўленні і якая цяпер, ужо напісаная, пакідае мяне, утрымлівае ў сабе менш сэнсу, чым сусветная гісторыя, -- хіба ж яна менш сейсмаўстойлівая, чым глеба, на якой мы ўзводзім свае гарады? А Бог? Калі ўявіць яго сутным, рабіў бы ён інакш, чым доктар h. c. Ісак Колер? Хіба Шпэт не быў вольны адмовіцца ад даручэння знайсці забойцу, якога не было? Хіба ён не быў вымушаны знайсці забойцу, як той чалавек, які, пакаштаваўшы ад дрэва пазнання дабра і зла, быў вымушаны знайсці Бога, якога не было, знайшоў чорта? І ці не ёсць гэты апошні – выдумка, якою скарыстаўся Бог, каб апраўдаць сваё няўдалае творыва? Каго лічыць вінаватым? Таго, хто дае даручэнне, ці таго, хто яго прымае? Таго, хто забараняе, ці таго, хто ігнаруе забарону? Таго, хто выдае законы, ці таго, хто іх парушае? Таго, хто дае свабоду, ці таго, хто ёю карыстаецца? Нас пагубіць свабода, якую мы даем іншым і даем сабе. Я пакідаю свой кабінет: вызвалены ад маіх твораў, ён апусцеў. Палова пятай. На небе я першы раз бачу Арыён. Каго ён пераследуе?

22. 9. 85

* Прамашка (фр.)