Плача ў вокны туман...
Лірыка
Чакс Аляксандрс
Падсвечнік
I.
Лясны жыхар, асаматнёны,
Я травамi наскрозь прапах.
I пелiкан там жыў зялёны,
Як подых -- далiкатны птах.
Я жыў -- не дбаў, без мудрагошчаў
Сярод пячор i тайных нор,
Выпойваў птаства я з прыгоршчаў,
Звяроў склікаў я на падкорм.
Падножна сам жыў, еў дасхочу,
Паiўся з каменя расой,
I спаў з казуляй побач ноччу --
Iмгла ахутвала наш сон.
Пад ногi слалася бяроста,
Я строiўся -- ў лiсцвяны май,
I кожны пах даваўся проста --
Пакволі ноздры, паўдыхай.
Я жыў. I залаты мой кубак,
Па бераг поўны шчасцем, пiў.
I вецер цалаваў у губы
I ўсе балячкi мне гаiў.
Ды ў галаве паспела дзiва --
Як распусцiўся куст гваздзiк,
I стала скрушлiва, тужлiва,
I ад усмешкi рот адвык.
Як шнар зарубцаванай раны,
Ў сабе я стаў шчаслiвы зноў.
Бяскрай жыцця мне дараваны
Вялiкiм розумам асноў.
Так я бясконца цьмеў у высях,
Блiшчаў, як з бронзы лiты бог.
Схiлiўся вечар, зорны высеў
I край нябёс прыпаў да ног.
Угледзеў доўгі час у сконе,
Жыцця распад i кругаверць,
Як ліжа звер табе далонi,
Перш чым пайсцi наверх у смерць.
I што ў бясконцасцi, у высях
Нiшто не гiне ў часе тым,
Усё мяняецца, каб збыўся
Я ў iм вялiкiм цi малым.
Згалеў, здакучыўся, патух мой
Жыццёвы час, прыйшла пара,
Пакрыўся твар лупiнай жухлай,
На сэрцы высахлым -- кара.
У кожнай ночы чую: морак,
З дрэў лiсце падае, гнiе.
Сцiскае песня птушкам горла,
I зыб па сажалцы снуе.
Мяне бярэ салодкi шолам,
Так п'яна ходзiць галава,
Зямля мне стала цёплым ротам,
Так прагна хоча цалаваць.
Я ж думаю: а што ў iстоце
Ёсць iснае -- жыццё цi смерць?
А голас з-за плячэй: -- Пастойце!
Яно ратунак вам i цвердзь!
2
I вось iдзеш ты: ноч, прадонне,
Лунаеш iскрай залатой.
Плывуць, як сон, твае далонi.
На сонцы нiмб над галавой.
З тваiх слядоў зляцелi птушкi,
Ручай пацёк, разлiўся стаў.
Твой подых долу горы зрушыў.
І кашаль смерцi ўсмешкай стаў.
Прыйшла ты -- ранняе свiтанне.
Прастора ў сяйве залатым
Трымцела сарнаю, дыханне
Палала клёнам залатым.
З блакiтна-жоўтых зорак -- строi.
Нiбыта Млечны Шлях -- твой стан.
Я задрыжаў, як промень мроi,
I моўчкi на каленi стаў.
Усё блiжэй, блiжэй iдзеш ты --
Як сена зжухла ўсё наўкол.
I час, збянтэжаны дарэшты,
Разлiў мяне, як малако.
Я зразумеў: былое -- гiдка,
Асуджана -- тхаром смярдзець.
Бо цi ж гару ўтрымае нiтка?
I чым я пераважу смерць?
Сказала ты --(цiшэй, ласкавей
Бясконцасць гутарыць з крылом):
-- Я тут, паэце, каб па праве
Бяссмерце да цябе прыйшло.
Узвышу я цябе над нiцым,
Ты будзеш, як падсвечнiк мой,
Праменнем сонечным свяцiцца,
Лунаць у небе над зямлёй.
Ступаў ты па зямлi прыгожа,
Пяшчотна клаўся мяккi крок,
Як лёгкi шолах рызы божай,
Як ружы райскае расток.
Вазьмi мяне, нясi па свеце,
Я светач твой, са мной гары:
-- Не рвi агонь пунсовы, вецер,
У змроку дай палаць зары.
I цела залатое стала.
Мая вiльготная далонь,
Што далiкатна свечку брала,
Ёй аддала цяпло й агонь.
Вярнулася ты горда ў хорам,
Адкуль назад няма хады.
Ў пахучай ночы за пячорай
Ззяў клён пажарам залатым.
На п'едэстале тым высокiм
Мяне спавiў зялёны шоўк,
А як закончылiся скокi,
I кожны госць удаль сышоў,
Салодкi муж iшоў з табою,
А я, узнесены ўгару,
I толькi свечачка са мною,--
Я ўвесь пажадлiва гару.
-- Ты мой! -- усмешлiва сказала
З п'янючым галавы кiўком,
Дыхнула холадам i палам --
I рот прыкрыла гваздзiком.
Спярша прыпаў ён на каленi,
Схапiў i ярасна прынiк.
I сцiснуў, быццам кветку ў жменi,
Аглушана-свядомы ўмiг.
Такая злосць апанавала
Праз гэты нечаканы шок --
Нiшто цяпер не замiнала,
Я скiнуў прэч зялёны шоўк.
Успыхнуў жарам я ў хвiлiну,
З глыбiнь крывёю ўспалымнеў,
I распалiў агонь мужчыну
Ўва мне мацней, палiў мой гнеў.
Твой ложак, ружамi спавiты,
Духмяна водарыць пасцель,
I ўбачыўшы, што ты адкрыта
Пяшчотам, я аж звар'яцеў.
Сляпыя ў логве звераняты.
Глушэе паляўнiчы рог.
Са сховаў праз густыя шаты
Я ўсё, шалёны, бачыць мог.
Мужчыну, што табой валодаў,--
О мука, полымя, астынь!--
Ён пiў з крынiцы асалодаў,
Не стала моцы крыкнуць: -- Згiнь!
Ты мне назначана за тое,
Што я нашу свой вечны боль,
Што кроiць сэрца залатое
Мая халодная далонь.
Чым супраць бога i закону
Падсвечнiк можа памагчы? --
Ён кантам вострым i разьбёным
Разбiць умее, затаўчы.
-- Далоў агонь! -- I я звысока,
Згары, дзе мой прытул завiс,
Як з паднябесся стрункi сокал,
Маланкай высмалiў унiз.
Упаў. I ў галаву з размаху!
Так сокал злёту птушку б'е,--
Рассыпаўся ён пер'ем птаха;
Падсвечнiк мне: -- Не руш яе!
Жахлiвы крык яе... Над ранкам
Прыбралi слугi ўсё. Ўзялi
Астылы труп яе каханка,
Шнурком увязаны ў кiлiм.
Мiнула ноч сляпая скора,
Залоцiць сонца маслам даль --
Кiлiм глынулi прорвы мора,--
Я кiнуты на волю хваль.