Юны Айцэн сядзіць перад стосам старых кніг за сталом і ўздыхае, аж сэрца кроіць, бо перад вачыма ў яго плыве, і мудрагошчы сьвятых айцоў царквы й іншых аўтарытэтаў абляпілі яго з усіх бакоў, як заедзь на балоце, і ня можа ён ні агрэбціся ні атрэсьціся.
Было вельмі міла з боку дактароў і прафэсароў унівэрсытэта, што яны хочуць праэкзаменаваць яго без чаргі й загадзя, з увагі на блізкі скон яго бацькі, але цяпер ён будзе змушаны паказаць, што навучыўся адрозьніваць правільную веру ад ілжэвучэньняў, якія чорт падсоўвае людзям, і знаходзіць адзіна правільную дарогу й цытаваць адзіна правільныя словы, бо ўсё астатняе ад лядашчага нячысьціка й вядзе напрасткі ў ерась. Ах, калі б ён, думае з раскаяньнем, у свой час болей шчыраваў і з большай палкасьцю ўлягаў у вучоныя дыскусіі, але цяпер ён думае больш пра Маргрыт, чым пра consubstаntаtio і transsubstantatio і часта дазваляе сабе са сваім сябрам Лёйхтэнтрагерам прапусьціць яшчэ па адной шкляначцы віна й яшчэ па адным куфэльку піва, каб навучыцца тонкаму адрозьніваньню, якое ўдавалася рабіць сьвятому Атанасіусу паміж Айцом, Сынам і Сьвятым Духам, паводле каго, Атанасіуса - вядома, першы ня быў ні зроблены, ні створаны, ні народжаны, а другі ні зроблены, ні створаны, бо сам нарадзіўся, і нарэшце трэйці ні зроблены, ні створаны, ні народжаны, а быў, так бы мовіць, зышлы; але каторы ад каторага й чаму?
І пакуль ён так наракае, поўны неспакою і ліхой згрызоты сэрца, бачыць, - начная цемра пачынае мільгацець, і адчувае, - у пакоі нехта праступае зь ценю.
- Нічога табе ўжо не дапаможа, - кажа Лёйхтэнтрагер, бо гэта ён, які раптам набывае абрысы й стаіць перад ім, - і ўся твая чытаніна й вучаніна й зубраніна проста нонсэнс, альбо ты ўведаеш, калі прыйдзе на тое час і яны спытаюцца ў цябе, альбо ты не даведаешся, і будзе самае лепшае на поўны язык заявіць, што ўся тэалогія гэта толькі пустая слоўная малатарня, і што заўсёды на ўсё знойдзецца нейкае выслоўе.
Юны Айцэн лепш за ўсё пракляў бы яго, але гэтага ён ня робіць, бо няма тут нікога іншага на добрае настаўленьне.
- У маім мазгу неразьбярыха, - скардзіцца ён, - быццам там тысяча чарвякоў, і ўсе зьвіваюцца, пераплятаюцца; чорт прыбраў мае мазгі й усё ў іх перакруціў.
- Чорту, - кажа Лёйхтэнтрагер, - ёсьць чым заняцца й без тваіх мазгоў. Але ўсё ж я табе пасоблю.
- Пасобіш, - сказаў Айцэн, - як пасобіў з Маргрыт, калі ў цябе на вачах пырх! - і паляцела з тым жыдам.
- Ты не хацеў, каб я пасабляў, - кажа Лёйхтэнтрагер, - інакш усё абярнулася б зусім інакш; але жыд, скажу табе, - што трэба.
- Мне хацелася б ведаць, - кажа Айцэн, - як ты зьбіраешся дапамагчы мне, калі я стаяцьму перад доктарам Марцінусам і магістрам Мэланхтонам?
- Я буду там, - кажа Лёйхтэнтрагер.
- Вялікая мне радасьць, - кажа Айцэн. - І будзеш адказваць замест мяне?
- Я буду там, - кажа Лёйхтэнтрагер, - а адказвацьмеш ты.
- Ты можаш ведаць адказы ў калодзе картаў, - кажа Айцэн, - якая нездарма ж называецца чортавым малітоўнікам. Але як ты акажаш сябе ў божым вучэньні, калі нават я ня ведаю ні пачаткаў яго ні канчаткаў, і лепей бы мне ўзьнесьціся ў нябёсы на вогненнай калясьніцы, як прарок Ільля, чым заўтра валачыся ў унівэрсытэт.
- Я ведаю, пра што яны ў цябе папытаюцца, - кажа Лёйхтэнтрагер.
- Як гэта? - сумняваецца юны Айцэн. - Яны трымаюць гэта ў вялікай таямніцы, інакш хто хоч мог бы прыйсьці й праэкзаменавацца, і доктарскія шапкі йшлі б па грош за тузін.
- Але я ведаю, - кажа Лейхтэнтрагер, - і магу пабіцца з табою ў заклад: калі тое, што я кажу табе, няпраўда і ў цябе заўтра папытаюцца нешта іншае, дык я буду табе слугою больш года, і ты спагоніш зь мяне па ўсёй поўніцы.
- І Маргрыт?
- І Маргрыт.
Юны Айцэн палохаецца, а раптам спраўдзіцца сябрава прароцтва, альбо што Лютэр ці настаўнік Мэланхтон прагаварыліся ў яго прысутнасьці, і пытаецца:
- А чым жа я сплачу, як прайграю?
- Нічым, - кажа Лёйхтэнтрагер, - так і так я спаганю зь цябе, што мне трэба.
Юнаму Айцэну дастае ў самую душу, што не, ня можа ён быць глінай у руках такога творцы й што Лёйхтэнтрагер ведае пра гэта; але цяпер яму ўсё-такі карціць пачуць, па якой тэме ён будзе заўтра апытаны, бо ў такім разе яшчэ можна было б падналегчы й сёе-тое падагнаць.
- Яны будуць экзаменаваць цябе па анёлах, - кажа яму Лёйхтэнтрагер, - а якраз бо пра іх я ведаю больш, чым твой доктар Лютэр, твой магістр Мэланхтон і ўся ўніверсітэцкая прафэсура ўсім кагалам.
- Але ня я, - стогне Айцэн, шукаючы сярод кніг на стале й хапаючы нарэшце сьвятога Аўгусьціна: можа, ў яго што-небудзь падбярэцца.
Але сябар кладзе яму руку на плячо й кажа:
- Калі нават вызубрыш усяго Аўгусьціна й дзевяцьсот дзевяноста дзевяць разоў па тысячы імёны анёлаў у дадатак, што табе гэта дасьць, калі заўтра нічога ў галаву не заскочыць? Давай лепш вып'ем.
Тут забірае юнага Айцэна поўны адчай, і ён думае, што так і гэтак прапаў, і калі пацьвердзіцца, што доктар Марцінус і настаўнік Мэланхтон пройдуцца зь ім па анёлах, дык сама лепш бы яму хай да Бога ў вышнія, хай да д'ябла ў ніжнія. І ён тупае за сябрам уніз па лесьвіцы й бачыць, што ў пакоі ўжо чакаюць пляшкі зь цёмначырвоным, іскрыстым, і ён зноў бачыць Маргрыт, як яна сядзіць на каленях у жыда, і яму адразу загарчэла ў роце, і ён думае, што а няхай бы яна лепей сканала, чым ціскацца з гэтым жыдам, і сам палохаецца такіх грэшных подумак.
- Пі! - кажа Лёйхтэнтрагер. - За ўсіх любенькіх анёлкаў!
Айцэн п'е за любенькіх. І на сэрцы робіцца так лагодна й так лёгка на душы, што ён зусім не заўважае, як яны адкаркоўваюць пляшку за пляшкай, пакуль сам ня падае на грудзі Лёйхтэнтрагеру і ўжо больш нічога не валачэ.
На раніцу, яшчэ зь вінным чадам у галаве, ён брыдзе ў унівэрсытэт, папярэдне марна прагукаўшы сябра, які павінен быў дапамагчы яму ў ягонай экзаменацыйнай плязе; але таго ані сьледу ані ценю, ні ў доме ні на дварэ. І вось ён нарэшце стаіць ва ўрачыстай зале, увесь у страху й трывожнай немарачы, зьлева й справа й за ім сьвятарства й з гарадзкое рады, а з курфюрставай управы нехта з пазалочаным ланцугом на шыі, а таксама студэнты й ўсякая іншая навалач, а перад ім герства экзаменатары, пасярэдзіне ягоны настаўнік Мэланхтон і вялізазны доктар Лютэр, абодва ў мантыях; але яму здаецца, быццам гэта два каты зь сякерамі пад вопраткай, быццам ён бачыць, як незычліва яны разглядваюць яго, яго засьлёзьленыя вочы й раскудлачаныя валасы, як магістр Мэланхтон трымае пад носам хустачку, бо ў кандыдата Паўлюса патыхае сьмярдзючым перагарам з пашчы.
- Ну, - кажа дэкан, - вы гатовы, гер кандыдат?
- У імя бога, - кажа юны Айцэн і адчувае, як расплываюцца ўсе ягоныя веды, акурат як воблачка дыму ў паветры, і ў поўнай роспачы азіраецца, ці няма, калі ўжо не анёла-збаўцы, дык хоць бы Лёйхтэнтрагера недзе паблізу.
- Малады чалавек, - кажа доктар Марцінус, фіксуючы яго сваім адзіным здаровым вокам, - а ці не далажылі б вы нам ласкава, што вы ведаеце пра сьвятых анёлаў і іх сутнасьць. Такі так яно, думае Айцэн, правільна напрарочыў Лёйхтэнтрагер, і ня будзе ён мне служыцца больш году, і з Маргрыт нічога ня выйдзе. І апрача гэтага ніякіх больш думак, і ня ведае, што ён там мае сказаць герству дактарам і прафэсарам на прадмет анёлаў і іх сутнасьці, і жаласна мармыча нешта й перамінаецца з нагі на нагу, быццам якраз ужо стаіць на распаленай да чырвонага патэльні над пякельным агнём.
- Гер кандыдат! - напамінае яму доктар Марцінус. - Анёлы!
І тут, калі ўжо хацеў быў бегчы з вачэй людзкіх куды вочы глядзяць у поўнай ганьбе, раптам бачыць Лёйхтэнтрагера, і раптам кандыдату Айцэну робіцца так дзіўна ў галаве, - і быцам пасыпаліся яму іскры на лоб, і ён падымае галаву, словы самыя па сабе пачалі гаварыцца зь яго, сам ня ведае, адкуль, і ён дэкламуе:
- Angeli sunt spiritus finiti, з духоўнай субстанцыі, лікам канечныя, створаныя Богам, надзеленыя розумам, а таксама свабоднай воляй і прызначаныя рупліва служыць Богу. Іх атрыбуты суць ad primum негатыўныя: іndivisibilitas, бо яны не скампанаваныя з часьцінак, а ёсьць адна суцэльнасьць; invisibilitas, бо іхняя субстанцыя нябачная; immutabilitas, бо яны не растуць і не памяншаюцца; incorruptibilitas, бо яны несьмяротныя; і illocalitas, бо яны ўсюды й нідзе. Ad secundum...
Айцэн бачыць, як расхлябенілася пашча ў доктара Марцінуса й як вылупіў вочы магістр Мэланхтон, чуючы такое вучонае словацечыва, але дух, які найшоў на яго, парывае яго за сабою, і ён паведамляе ad secundum, пра афірматыўныя якасьці анёлаў, нібыта гэта былі іхнія vis intellectiva, бо яны адораныя разуменьнем, іхнія voluntatis libertas, бо ў іх ёсьць сіла і на добрае й на благое, іх facultas loquendi, бо яны часта гавораць зь людзьмі, як паміж сабою, далей іх potentia, якая, хоць і mirabilia, але цудоўная, бо не miracula, г.зн. не як цуд; а пасьля, паколькі іх duratio aeviterna, трэба ўзяць пад увагу, не aeterna, інакш бо яны былі б непераходнымі, але ня вечнымі, бо мелі пачатак; і нарэшце яны валодалі б ubietatem definitivam, адназначным месцам жыхарства, і agilitatem summam, бо яны з найвялікшай рухавасьцю паяўляюцца то тут, то там.
Аж дасюль хапіла дыханьня кандыдату Айцэну, а цяпер трэба было перавесьці дух і набраць паветра, як, зрэшты, і герству экзаменатарам і тым, што з гарадзкое рады, і тым, што з курфюрставай управы, якія ўсе яшчэ ніколі ня чулі на экзаменацыйных выспытках такіх абшырных да найдрабнейшых драбніц дакладных адказаў і, натуральна, былі ўражаныя перажытым. А студэнты, якія ня дужа шмат чаго чакалі ад Айцэна, затупаталі нагамі, загрукаталі кулакамі па сталах, а ў іх гэта такі звычай, што гер дэкан пачаў пабойвацца за сьцены і рухомасьць. Толькі Лёйхтэнтрагер робіць твар, быццам для яго гэта чыстая будзёншчына, крыху прыўзьнімае гарбок, і Айцэн адчувае, як яго забірае зноў і што ён павінен гаварыць далей, як колісь прарокі, зь языка, толькі ня ведае, ці ягоны язык ад Бога ці ад чаго яшчэ.
- Angeli boni sunt, - кажа ён, - qui in sapientia et sanctitae perstiterunt, - якія, такім чынам, стаяць на сваім у мудрасьці й сьвятасьці, так што яны, несапсаваныя грахамі, маглі б маліцца Богу й жыць зь яго вечных шчадротаў. Частка гэтых добрых анёлаў цяпер вызначана на службу Богу й Хрысту, а другая частка дбае й рачыць за ацаленьне людзей. Такога роду анёлы служаць асобным пабожнікам, ад маленства да іх пачэснай сьмерці, і яны, як гэта лёгка ўбачыць кожны разумны, асабліва адказныя за прапаведнікаў сьвятога слова.
Пры гэтым юны Айцэн кідае позірк поўны значэньня на Лютэра й свайго добрага настаўніка Мэланхтона, пасьля чаго паварочваецца да герства з рады й службоўцаў курфюрста і ўзьнёслым голасам працягвае:
- Але яны таксама абавязаныя сваёй палітычнай прызначанасьці, яны падначаленыя палітычным законам, падтрымліваюць слуг начальстваў, абараняюць іх ад несправядлівасьці ворагаў!
Тут, вядома ж, самае натуральнае, што герства з рады й герства ад курфюрства ківаюць і мармычуць, і шмат у каго зь іх прыкметнае адчуваньне, што прыстаўлены да іх з вышніх сфэраў ахавальнік-анёл стаіць за сьпінай, заглядвае праз плячо й кажа, кажучы: Тут я, тут, гер Першы Сакратарыус.
Пры такім узьдзеяньні яго слоў ня дзіва, што кандыдат Айцэн ўсё больш і больш натхняецца й апісвае, як добрыя анёлы дакладаюцца дапамогай і ў гасадарцы, падтрымліваючы гешэфты пабожнікаў, і вядуць да добрых удачаў, і ў сем'ях, абараняючы іх і падтрымліваючы ў іх парадак, бо сям'я ж у малым тое самае, што дзяржава ў вялікім. Аднак in summa ўсё гэта, заяўляе ён, толькі рrаeparatio для іх задач на Страшны суд, дзе добрыя анёлы маюць падрыхтаваць судовы вырак Хрыста, служачы там у якасьці асэсараў і аддзяляючы пабожных ад бязбожных, пабожных на правы бок на іх будучае месца праваруч Хрыста, а бязбожнікаў страмотыч уніз у пекла. Таму належыць кожнаму, каб мы ўсхвалялі анёлаў і любілі й асьцерагаліся сустракацца зь імі пры іх благаслаўнай дзейнасьці; пасылаць малітвы да іх - нягожа.
У Айцэна дрыжаць калені. І хоць пры гаварэньні чалавек карыстаецца толькі губамі й языком і горлам і часам рукамі, тым ня меней яму патрэбна вялікая сіла асабліва тады, калі ён хоча, каб яго прамова была адухоўленая; і як што словы кандыдата напоўнены духам пабожнасьці, у гэтым герства экзаменатары й на чале іх доктар Лютэр і магістр Мэланхтон, і ўся астатняя набрыдзь у зале перакананыя, дык Айцэн лічыць, што ўжо ён падвёў іх да добрай кандыцыі, сказаўшы пра Страшны суд і пашанаваньне анёлаў, але як што ў сьвеце ніякае Так ня бывае бязь Не, ніякае Дабро без Благога, дык ён выдае яшчэ сaput, у якім гаворка ідзе пра ліхіх анёлаў, ня так дзеля вучонага герства, якому цалкам удастаткавалася ўжо пачутага, а таму, што ён адчувае, як яно быць павінна. Але калі ён падымае вочы для інсьпірацыі, каб натхніцца, Лёйхтэнтрагера ўжо няма; у полі свайго зроку ён знаходзіць толькі доктара Марцінуса й свайго настаўніка Мэланхтона, абодва поўныя чаканьня, і нікога больш паміж дзьвюх галоў, і яму робіцца страшна й ня ведае, што сказаць, ён ведае толькі, што, хто гаворыць ад чорта, таго чорт і пад'юджвае.
Але тады раптам адчувае, што гэны як рыхтык тут каля яго, гэта ягонае дыханьне, ня больш, і ён бачыць, як збоку на яго глядзіць Лёйхтэнтрагер, якраз як мінулай ночы, калі той на поўны язык заявіў, што ўся тэалёгія - гэта толькі пустая слоўная малатарня. «Angeli mali sunt, - гучыць з Айцэнавых вуснаў, - qui in concreata sapientia et justitia non perseverarunt», і ён ня ведае, ці сапраўды кажа гэта альбо празь яго маўляе нехта іншы, і зьдзіўляецца, што ніхто з герства экзаменатараў не пратэстуе супроць прысутнасьці кагосьці іншага на баку кандыдата, бо такое, увогуле, не практыкуецца, калі не забаронена зусім. Але гаворыць далей пра ліхіх анёлаў, якія не застаюцца ў дадзенай ім мудрасьці й справядлівасьці, а па сваёй волі зьвіхнуліся і ўхіліліся ад Бога й шляхоў праведнасьці й гэтым самым зрабілі сябе закончанымі ворагамі Бога й людзей.
Так шырока, так добра, і доктар Лютэр задаволена пашкрэбвае пашчанку; у яго свой вопыт з усялякімі адпадлымі анёламі, у аднаго зь іх ён папусьціў чарніліцай з атрамантам, але не пацэліў - міма. А ў юнага Айцэна словы так і ніжуцца з вуснаў, гэта як усё адно нейкая апантанасьць, адно за адным пералічвае ён паскудзтвы, якія чыніць ліхі анёл пабожным людцам, як насылае на іх хваробы й паслабляе іх моц і ўводзіць іх у спакусы й пнецца адвярнуць іх ад Бога і ўшчапляе ў іхні розум фальшывыя спадзяваньні; і далей, як ён абыходзіцца з бязбожнікамі, апаноўвае іхнімі целамі й іхнімі душамі й яшчэ пры жыцьці ўсяляк скубе й шчэміць; асабліва кладуць ліхія анёлы вока на сьвятарства, дапускаючы затручвацца ерасьсю і падбухторваючы пабожных клірыкаў да непаслушэнства і ўхіляючы розум мольбітаў у кірсе ад пропаведзі, карацей, перасьледуючы тых, што спрамагаюцца целам і духам дзеля царства Хрыстовага.
Кандыдата Айцэна трасе сьмех, гэты сьмех можа быць ягоны, а можа, і не, бо ён заўважае, як прысутныя герства прапаведнікі й пастары зьлізваюць словы, якімі ён кажа, быццам гэта былі самыя лепшыя прысмакі. У галаву тут жа прыходзяць і іншыя падобныя да герства з гарадзкое рады й з курфюрставай управы, бо што аднаму ў самы раз, тое ў гатоўку й іншым, і вось ён ужо рэверуе-дакладае, як ліхія анёлы роем раяцца сярод начальстваў і як яны парушаюць гармонію ў дзяржаве, падтрымліваючы дысідэнтаў альбо выступаючы сьведкамі на іх баку, як яны йграюць на руку супастату, умушчаючы імпэратру й князям фальшывыя парады альбо разьдзімаючы смуту, псоту й незадаволенасьць сярод паспалітага людзтва.
Гэта як нябесная музыка ў вушы службоўцам і герству-радцам, якою пацьвярджалася ім з дасьведчаных вуснаў, што не яны вінаватыя ў сваіх нехлямяжых выбрыках, а нахрапістыя падкопы д'яблавых служак; і калі б усё залежала толькі ад іх, яны з ходу й з радасьцю выдалі б кандыдату «summa cum laude». А таму здаецца, быццам сябар запаўзае яму ўсярэдзіну, аж так шчытненька ён прытуліўся да яго сваім горбам і кульгавай ножкай. І ён голасам, які пранікае ў самога да мозгу, усклікае:
- Але ў ліхіх анёлаў улада куды больш пераважае ўсю чалавечую, бо яна ад Божай сілы непасрэдна й толькі крыху меншая, чым магутнасьць у Бога. І іхні валадар ёсьць анёл Люцыпар, які царуе над ніжнімі сфэрамі й сядзіць на чорным троне, сярод полымя, а другі ёсьць Агасфэр, які хоча зьмяніць сьвет, бо ён думае, што яго можна зьмяніць, як і людзей у ім. І ніхто ня ведае, колькі яшчэ іх тут і ў якім яны вобразе.
І змаўкае. Лютэр, бачыць, увесь нейкі неспакойны зрабіўся; такіх глыбокіх ведаў доктар Марцінус яшчэ не сустракаў, ніхто ня ведае, ад каго яны дасталіся геру кандыдату. А самому Айцэну чым далей тым робіцца ўсё больш несамавіта, апускаецца цемра, як на дварэ, так і ў памяшканьні, і перад самым акном бліскае маланка, і разам зь ёю ўдар грому. Айцэн падае на калені.
І як што ягоны настаўнік Мэланхтон і герства экзаменатары завіхаюцца каля яго, спрабуючы паставіць на ногі, ён раптам заўваже, што яго сябар зьнік і што ён тут адзін сярод доктарства й прафэсуры й іншага багалюбнага герства, і з палёгкай складвае рукі, як на малітву, і кажа далей усім ужо вядомым голасам суха й павучальна:
- Але мы ўсупрацівімся сілам зла, з намі аслона Божая. Хрыстовая будзе перамога над чортам і пахібна-мяцежнымі анёламі, і брамы пекла не адолеюць яе.
Лютэр раптам сьпяшаецца.
- Хацелася б яшчэ паслухаць, як ён прапаведуе, - кажа ён Мэланхтону, і дадае: - Я ж вам казаў, магістр Піліп, яго трэба ўзяць на вока, ён далёка пойдзе.