Агасфэр

Вечны Жыд

Гайм Штэфан


Разьдзел трэйці

Геру

праф. д-ру Doctor honoris causa Зігфрыду Байфусу

Інстытут навуковага атэізму

Бэрэнштрасэ 39а, 108 Берлін

German Democratik Republic

19 снежня 1979

Высокашаноўны гер калега!

Я атрымаў Вашу шматдастойную кніжку «Самыя вядомыя іудэа-хрысціянскія міфы ў святле прыродазнаўчага і гістарычнага пазнання» і прачытаў яе з вялікай цікавасцю. У многіх аспектах, асабліва там, дзе Вы ўдаяцеся ў мэты, якім на працягу доўгага часу служылі гэтыя міфы і часткова служаць яшчэ і сёння, я цалкам з Вамі згодзен. Нам, навукоўцам, вельмі залежыць змагацца з абалваньваннем масаў, якое, праўда, праз такія найноўшыя міфы, пашыраецца, выступаючы пад імем навукі, і мы павінны, наколькі можам, дзейнічаць у духу асветы.

Але дазвольце мне зрабіць і некалькі заўвагаў адносна фрагмента ў Вашай працы, якому Вы далі назву «Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда». Гэта найперш з тае прычыны, што я сам прысвяціў Агасферу - ён носіць і іншыя імёны - некалькі даследаванняў, папярэднія вынікі якіх я выклаў у прыкладзеным да пісьма перадруку з часопіса «Hebrew Historical Studies»; зроблены, бадай што, толькі крыху каструбаваты пераклад на нямецкую для Вашага прынагоднага выкарыстання, зроблены адным маім студэнтам, таксама знаходзіцца ў дадатку.

Вы пішаце, шаноўны гер калега, на стар. 17 Вашай працы: «Для светапогляду, які не прызнае ніякіх недаказаных і недаказальных рэчаў і якія паводле прынцыпаў навуковага мыслення не могуць быць прызнаныя, дапушчэнне існавання звышнатуральных істотаў (бог, сын божы, святыя і іншыя духі, гэтаксама як анёлы і чэрці) a priori немагчымае». Гэтым самым Вы катэгарызуеце і Агасфера як немагчымасць.

Каб не ставіць пад пытанне Ваш светапогляд, які Вы характарызуеце як светапогляд дыялектычнага матэрыялізму - ён несумненна мае свой мэрытум, - я хацеў бы, каб не дэталізаваць Вашыя далейшыя памылкі, па-сяброўску ўказаць на тое, што Вечны Жыд ёсць ані недаказальны, ані недаказаны. Ён існуе шматразова, трохмерна, як Вы і я, з сэрцам, лёгкімі, печанню і ўсёй трыбуховасцю, і адзінае ў ім, што можна было б акрэсліць як звышнатуральнае, гэта феномен яго надзвычайнай даўгавечнасці: ён проста не памірае. Ёсць гэта перавага ці не, я хацеў бы не абмяркоўваць; ён і сам, здаецца, па гэтым пытанні выказваўся мала альбо, можа, і зусім не выказаваўся, прынамсі, асабіста мне; падобна на тое, сваю доўгажыццёвасць ён успрымае як факт свайго жыцця, як некаторыя з нас успрымаюць крывапаласць альбо псарыяз.

Як вынікае з вышэйсказанага, я сам магу паслужыць жывым сведкам рэальна існуючага Агасфера. Яго памяць, што не ёсць дзіва ў святле і перад фактам мнагастайнасці ўражанняў, якія на працягу стагоддзяў, нават жа тысячагоддзяў маглі б зафіксавацца ў клетках яго мозгу, мае прабелы, але подзіву вартая яснасць, нават у дэталях, у асобных адрэзках яго доўгага жыцця - вы не маглі былі не чуць, як ён расказвае пра сваю сустрэчу з Ісусам Назарыцянінам, паведамленне, якому, дарэчы, я знайшоў пацвярджэнне ў апошніх расшыфроўках асобных фрагментаў Dead Sea Scrolls. Буду вельмі рады прадставіць іх у Ваша распараджэнне, як толькі яны будуць падрыхтаваныя да публікацыі.

Я спадзяюся, шаноўны гер калега, паслужыцца Вам гэтымі маімі радкамі, якія Вы пры магчымым новым выданні Вашай, як я ўжо сказаў, высока цанёнай мною кніжкі, маглі б узяць пад увагу. З гэтым застаюся, з выразам маёй найглыбейшай павагі

Ваш адданы

Ёханаан Лёйхтэнтрагер

Hebrew University

Jerusalem

Геру

праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру

Hebrew University

Jerusalem, Israel

12 студзеня 1980

Высокапаважаны гер прафесар Лёйхтэнтрагер!

Ваша пісьмо разам з дадаткамі, дастаўленае ўчора ў мой інстытут, вельмі ўзрадавала мяне, і яно даказвае, што навуковая праца, якая вядзецца ў нашай рэспубліцы, набывае вядомасць далёка за яе межамі і робіць свой дабратворны ўплыў. Сапраўды, калі чалавек Вашага рангу і вядомасці актыўна цікавіцца вынікамі нашых намаганняў, гэта ўмацоўвае нас у нашых памкненнях рухацца наперад у працы яшчэ больш мэтанакіравана і ўсеахопна і яшчэ паслядоўней змагацца супроць усіх супярэчных чалавечаму разуменню памылковых ілжэтэорый. Пры гэтым мы высока цэнім, калі нам прад'яўляюцца погляды адрознага ад нашых роду, бо толькі праз пераадоленне супярчнасцяў сцвярджаюцца тэорыі, а пробным каменем ўсякай навукі, як вядома, з'яўляецца практыка.

Я не толькі сам прачытаў Ваш даклад «Агасфер, выдумка і праўда», апублікаваны ў Hebrew Historical Studies, але і выклаў яго сутнасць маім вядучым супрацоўнікам. Таму тое, што я хачу тут напісаць Вам, ёсць агульная думка калектыву, які выдатна зарэкамендаваў сябе шматгадовымі даследчыцкімі распрацоўкамі на ніве навуковага атэізму.

Мы ўсе аднадушна трымаемся меркавання, што Ваша асабістае знаёмства з памянёным у артыкуле герам Агасферам, членам яўрэйскай рэлігійнай абшчыны, не можа быць пастаўлена пад сумненне, гэтаксама як і Ваша ранейшая сустрэча з ім у варшаўскім гета, з якога Вы, у той час яшчэ малады чалавек, у ліку нямногіх ацалелых здолелі ўцячы праз падземныя галаваломныя лабірынты каналаў. Але, праўда, варта паставіць пад сумненне значную частку прыведзеных Вамі сведчанняў з ранейшых перыядаў гісторыі пра сустрэчы і розныя прыгоды з памянёным Агасферам; такія сведчанні, асабліва калі яны афіцыйна не пацверджаны дадатковымі сведчаннямі, наўрад ці могуць разглядацца як навукова вартасныя, і яны набываюць, чым далей адлягаюць ад нашага часу, тым больш міфалагічны характар. Хоць вы і акрэсліваеце ў адным месцы Вашага артыкула (стар. 23) гера Агасфера як «майго сябра», тым не меней мы хацелі б указаць Вам на магчымасць таго, што Ваш сябар мог сугерыраваць Вам высновы, да якіх Вы прыйшлі ў Вашых даследаваннях.

Праз адсутнасць міждзяржаўных зносінаў дзяржава Ізраіль, на жаль, мала даступная грамадзянам нашай рэспублікі; інакш кваліфікаваныя супрацоўнікі Інстытута навуковага атэізму альбо нават сам я асабіста маглі б навочна пераканацца ў прыблізным узросце гера Агасфера. Пры існуючых абставінах актуалізуецца пытанне, ці не маглі б сапраўдныя гады гера Агасфера быць пацверджаныя медыцынскім абследаваннем на дагоду ўсім, хто займаецца феноменам.

У сувязі з гэтым прэс-рэферэнт нашага Інстытута, калега д-р Вільгельм Якш, указвае на наступны факт: пры неспатольнай пажадлівасці да сенсацый у заходняга медыуму, з кола якога ізраільскі ні ў якім разе не можа быць выключаны, ці не след было б чакаць, што прэса даўно занатавала б існаванне сама мала двухтысячагадовага чалавека? І ўсё ж, як нам вядома, нідзе не зарэгістравана ніякага паведамлення пра гера Агасфера, нідзе і ніколі, здаецца, не публікавалася ніводнай фатаграфіі гэтай асобы. Магчыма Вы, паважаны гер прафесар, маеце фота яго, і несумненна было б важна для канчатковага заключэння, калі б Вы змаглі пазычыць нам яго для выкарыстання.

Я хацеў бы яшчэ раз канстатаваць, што мае супрацоўнікі і я шчыра вітаем любыя дыскусійныя выказванні па гэтым і іншых пытаннях і заўсёды гатовыя да таго, каб нас пераканалі ў іншай думцы. Але ў пытанні, якое мы цяпер абмяркоўваем, патрэбны больш пэўныя доказы існавання Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда, чым тыя, якія Вы нам прывялі.

З найлепшымі пажаданнямі прагрэсу ў Вашай працы,

з глыбокай павагай

(праф. д-р. Dr. h. c.)

Зігфрыд Байфус

Інстытут нав. атэізму

Берлін, сталіца ГДР