Агасфэр

Вечны Жыд

Гайм Штэфан


Разьдзел сямнаццаты

Мы лунаем.

У глыбінях прасторы, якая называецца шэол, што распасьціраецца па-за межамі стваральнасьці, бязь цемры, безь сьвятла, паўсюль, у бясконцым скрыўленьні.

Тут мы можам гаварыць, кажа Люцыпар, тут няма ні Бога й нікога зь Яго твораў, будзь тое духоўных, будзь матэрыяльных; тут ёсьць толькі Нічога, а Нічога ня мае вушэй.

Я не баюся, кажу я.

Люцыпар крыва ўсьміхаецца. Той, хто, як ты, хацеў бы зьмяніць сьвет, кажа ён, мае ўсе падставы баяцца свайго посьпеху ў гэтым.

Нешта падобнае на павеў ветру кранае нас; але гэта ня вецер, а паток часьціц, мізэрных часьцінак Нічога, якія зь Нічога рухаюцца ў Нічога.

Я шукаў цябе, брат Агасфэр, кажа ён.

Дзе астатнія? кажу я. Дзе твае цёмныя сонмы, якія былі скінутыя зь неба над нябёсамі разам з табою і са мною за тое, што мы перад Богам адмовіліся ганараваць чалавека, якога Ён стварыў паводле вобрзу свайго з грудачкі пылу й кропелькі-вадзінкі й вятрынкі й жарынкі агню. Дзе яны?

Тут мінаецца ўсё, кажа ён.

Я бачу, як ён дрыжыць ад вялікага холаду, які вакол нас, і я разумею, што ён шукаў мяне, бо яшчэ горш за Нічога ёсьць думка пра яго, Нічога, вечнае існаваньне.

Я гнаў цябе й твой чын, кажа ён. Ты ўстаў, выпрастаўся і адняў свой кулак і рабіўся ўсё больш і больш прыгнутым і паламаным. І тым ня меней ты спадзяешся.

Бог ёсьць зьмяненьне, кажу я. Калі Ён стварыў сьвет, зь Нічога, Ён зьмяніў Нічога.

Гэта быў капрыз, кажа ён, выпадак, які здараецца адзін раз і больш ніколі. Бо глядзі, калі Бог азіраў Сваё тварэньне на сёмы дзень, Ён адразу агучыў, як цудоўна добра Ён усё знаходзіць у рэальна існуючай форме й што сьвет мае заставацца на ўсе часы, якім ён яго й стварыў, зь Верхам і Нізам, з арханёламі й анёламі, хэрувімамі й сэрафімамі й сонмамі духаў, падзеленых паводле чыноў і ступеняў, і вянок над усім - Чалавек. Бог ёсьць як і ўсе, хто нешта калі зьмянялі; і разам з тым яны баяцца за свой твор і сваё становішча й з чыстых рэвалюцыянэраў робяцца самымі строгімі ахоўнікамі створанага імі парадку. Не, брат Агасфэр, Бог ёсьць Існуючае, Бог ёсьць Закон.

Калі б так было, кажу я, навошта тады Ён паслаў Свайго роджанага Сына, каб той праз свае пакуты браў на сябе віну за грахі ўсіх і выбаўляў чалавека? Ці ж бо збавеньне ня ёсьць у сваёй аснове зьмяненьнем?

Мы лунаем.

І Люцыпар кладзе сваю руку на мяне, быццам нічога нас не разьдзяляе, ніякае сваё бачаньне сьвету, ніякае ўяўленьне мэты, і кажа мне: ты таксама ведаў яго, рабі.

І я падумаў пра рэбэ Ёшуа і як я знайшоў яго ў пустыні: рэдзенькая бародка ў пяску й пыле й распухлы ад голаду жывот, і як я павёў яго на вяршыню высокай гары й даў яму зірнуць на абсягі тварэньня ягонага бацькі з усёй галечай і з усёй несправядлівасьцю і сказаў яму, што ўсё гэта ён можа ўзяць пад сваю руку, бо прыйшоў час збудаваць сапаўднае царства Божае; але ён адказаў мне: Маё царства не ад гэтага сьвету.

І што, кажа Люцыпар, ён здабыў, рабі? Ці менш грашылі пасьля таго, як ён даў сябе прыбіць на крыж, і зямля ня п'е больш крыві, як раней? Жыве воўк разам зь ягнём, і ўжо чалавек больш ня вораг чалавеку? Чаму ты ня пойдзеш да яго, што сядзіць у сьвятле, там у вышынях, праваруч бацькі, і ня спытаешся ў яго? Табе ён напэўна дасьць слова й адказ.

Ён пракляў мяне, кажу я, бо я адмовіўся даць яму цень маіх дзьвярэй, калі ён быў у дарозе да месца ўкрыжаваньня з крыжам на сьпіне.

І я бачу, як Люцыпар нецярпліва пацепвае брывом. Я ведаю, ведаю, кажа ён, але менавіта пра гэта ён і захоча гаварыць з табою, бо ці ж ня меў ты рацыі, праганяючы яго ад сваіх дзьвярэй як чалавека, які цярпеў крайнюю нэндзу?

І тым ня меней, кажу я, рабі любіў людзей і цярпеў за іх.

Цярпеньні, кажа Люцыпар, - не заслуга; ягня, якое аддаецца на корм, мацуе парадак ваўкоў. Але ты, брат Агасфэр, ня хочаш паслаць сябе ў гэты парадак і спадзяешся на Бога, што Ён табе дазволіць крыху павыдурнівацца зь Ягоным тварэньнем, і пакіне табе шчылінку, празь якую ты з чыстым сумленьнем можаш прапаўзьці назад пад Яго Божую аслону й ня хочаш прызнаць, што гэты сьвет асуджаны на пагібель ад пачатку праз парадак, які Бог даў табе, і ўсё корпаньне ў ім марнае й толькі зацягвае скон. Хай жа ён ідзе ў пропадзь, гэты стары сьвет і дай нам з нашага духу будаваць царства свабоды, бяз гэтага маленькага Бога маленькага пустэльнага народу, які толькі можа жыць, калі яму падпарадкоўваецца кожная істота.

Я толькі баюся, брат Люцыпар, кажу я, твая пагібель сьвету можа аказацца канчатковай, а дзе ж узяць новага Бога для новага сьветатварэньня?

Мы лунаем.

У гэтай прасторы, якая ня мае пачатку й ня мае канца й ні Сьвятла ні Цемры, а фарбай і тонам, думкай і пачуцьцём усё жывое павінна ўліцца ў нешта й зрабіцца нічым па волі Люцыпара.

Маё Не табе не падабаецца, кажа Люцыпар. Не патрэбнае, як і Так, і з процілегласьці абодвух паўстае Чын.

Дык ты пойдзеш да яго, кажа ён.

А я падумаў пра рэбэ Ёшуа, як ён дазволіў мне пакласьці яму на грудзі голаў на апошняй вячэры й як я прывёў яму параўнаньне з колам, якое ня можа зьмяніць сваю каляіну, а вось фурман, які кіруе валамі, можа яе зьмяніць.

Як жа мне гаварыць яму супроць Бацькі, кажу я, калі яны ёсьць адно, Бацька й Сын, зь Сьвятым Духам як трэцім у зьвязцы?

І я бачу Люцыпара, як ён курчыцца ад сьмеху. З трох рабі адно, з аднаго рабі тры, кажа ён; мне здаецца, ты хочаш схавацца за старой абракадабрай і гульнёй у лічбы, якою царква, якая называецца імем рабі, спрабуе выкарчаваць сваё грэка-жыдоўскае карэньне. Ты будзеш вымушаны рашыцца, брат Агасфэр. Альбо твой рэбэ Ёшуа ўзьнёсься ў неба, дзе цяпер сядзіць праваруч Бога; тады ён ёсьць Цэлае ў сабе й зь ім можна гаварыць, альбо ж ён зрабіўся Адным з Богам і Саматрацінай са Сьвятым Духам, стаўшыся Новым. Што ж тады сталася з Адным Богам, які быў, пакуль утварылася гэта траісная камбінацыя, і які адкінуў нас у шосты дзень тварэньня?

А я падумаў пра рэбэ Ёшуа, як ён падышоў да мяне з крыжам на сьпіне й пазнаў мяне каля майго дома й спрабаваў гаварыць са мною і як я сказаў яму, што хачу наклікаць за яго меч Бога, і ўсе яго ворагі і ўсё воінства да сьмерці ўбаяліся б яго бляску й счэзьлі б, і што ён павінен быў бы павесьці народ Ізраіля, згуртаваўшы яго вакол сябе, як яно й наканавана ў Пісаньні; але ён адказаў: ці ж не павінен я выпіць чару, якую мне даў мой Бацька?

Мы ўсё яшчэ лунаем.

У халадэчы прасторы, у павевах ветру, які ня ёсьць вецер, і я чую пошчак зубоў Люцыпара. Тут вельмі вусьцішна, кажа ён, няўтульна для паўтарэньня дыспуту, у якім сьвятыя айцы царквы перагрызьліся між сабою моцнымі словамі. Што ёсьць сэнс па-твойму, брат Агасфэр?

Я хачу ўсё ж пайсьці туды, да рабі, кажу я, і пабачыць, што сапраўды сталася зь ім і што ён напраўду думае.

І мы рассталіся, ён, трымаючыся свайго гешэфту, я - свайго.