Панароўе

Анталогія апавядання


Думкі на калёсах

Стаяў ясны, сонечны дзень. Не дзіва, што Заблудаў прыціх і свяціў пусткаю. На рынку адзінока грувасцілася толькі сялянская фурманка. Конь еў з торбы, махаючы хвастом, а на фуры сядзела маладая кабетка і сумна глядзела на белы будынак пякарні. Малы хлопчык (пэўна, сын яе, бо надта падобны) круціўся з галінаю алешніку каля каня, ганяючы мух і аваднёў.

Пытаю маладзіцу, як доўга думае стаяць на рынку і ці не магла б паўгадзіны пасачыць за маім канём.

— Чаму ж не, — адказвае яна, — можна пасачыць, толькі прывяжыце свайго каня да мае фуры. А стаяць тутака я буду пакуль спякуць хлеб у пякарні. Бачыце, купіць трэба.

— А скуль вы будзеце? — цікаўлюся.

— З Паўлаў, — адказвае.

— Аж з Паўлаў, — здзіўляюся, — ой-ё-ёй!.. І за хлебам аж у Заблудаў? Ці не шкада часу, чаму ж вам не спячы хлеба ў сваёй хаце? Няма з чаго, ці не ўмееце? А мо печ развалілася?

— Ой, не тое і не другое, — адказвае, — ёсць з чаго спячы, і печ цэлая. Толькі сёння, бачыце, пятніца.

— Так-то, так, — гавару, — а чаму ж то ў пятніцу пячы хлеб нельга? Пятніца ж не нядзеля. А можа вам у пятніцу хлеб не ўдаецца?

— Ці ўдаецца, ці не ўдаецца — таго не знаю, бо ніколі не пякла ў пятніцу. Або ж у вас бабы пякуць хлеб у пятніцу? — прыперла мяне да плоту.

— А вось гэтага я і не прыкмеціў, — адмахваюся і пру ў краму. “І так пракосаў менш ужо сёння выкашу”, думаю, бегучы.

Накупіўшы сваю надобіну і падзякаваўшы маладой паўлісе за паслугу, паехаў хутчэй дадому. А як вядома, селянін мае час на думкі толькі едучы.

“Або ж у вас бабы пякуць хлеб у пятніцу?” — гучэла ў вушах пытанне маладзіцы з Паўлаў. “Не прыкмеціў —пякуць, ці не пякуць”, — дражніў сябе. А чаму праўды не сказаць: “Так, так, і ў нас у пятніцу ніхто не пячэ хлеба”. А ці толькі хлеба? Бялізны не золяць, дзяцей не купаюць. Іншыя нават мужыка ў ложак не пускаюць. Пятніца! А ці ж гэты звычай толькі ў Малынцы ды ў Паўлах? Блякнуць нядзелі перад пятніцамі. Хто з сялян пачынаў калі работу ў пятніцу? Не знойдзеце ў нас такіх. І заворваюць, і закошваюць, і зажынаюць, і засяваюць у чацвер або ў суботу. А спрабуй, запытайся любога, чаму ў пятніцу нельга пачынаць работу. Пачуеш: “З дзядоў-прадзедаў такі звычай, не нам яго ламаць”. Колькі я ні пытаў, чаму нашы продкі так шанавалі пятніцу, заўсёды чуў: “Або я знаю”. А хто знае? Дзе знайсці таго разумаку?

Загадку раскрыла кніжка. Даведаўся я, што хрысціянскую веру славянскія князі прынялі з Візантыі. Яна ім несла выгады. Простаму народу грэчаскі Бог у трох іпастасях быў незразумелым. Народ дабравольна не прымаў новай веры. Вядома, князі не бавіліся з простымі людзьмі. Хапалі іх, як зайцаў, саджалі ў ваду і хрысцілі. З тых часоў і жыве прыказка: “Ты яго хрысці, а ён крычыць: пусці!” На палях лягчэй было лавіць і хрысціць нехрыстаў, абы вада была. А на дрыгве, сярод непраходных пушч і балот?! Гэтыя плямёны па-старому верылі ў сваіх багоў, святкавалі свае святы. І так з веку ў век перадавалі свае звычаі.

“Вось гэта дык народ!” — думаў я, едучы на калёсах. Пяценка-Пятніца была багіняй дабра, жыцця і смерці. Таму яе баяліся. Была яна таксама апякункай памерлых. Таму ўсе стараліся ёй дагадзіць, каб не зганяла гневу на родных, якія перабраліся на той свет. Апекавалася яна і беднымі. І яны найбольш паважалі Пяценку.

Пяценка часта паказвалася людзям, гаварыла з імі, вучыла іх. Але паказвалася толькі адзіночкам, ніколі — групе. І ніхто, гутарыўшы з ёю, не ведаў, што гэта Пяценка. Аб гэтым здагадваліся потым. У месцы, дзе з’яўлялася, будавалі ў яе гонар капліцы. Пераважна каля рэк і крыніц. Паблізу закладалі могілкі, каб памерлым было блізка да сваёй апякункі. Да Пяценкі ішлі бедныя па дапамогу. Пятніца была днём Пяценкі, днём шчырага посту і кірмашоў (гандаль таксама падпарадкоўваўся Пяценцы). Працаваць у пятніцу забаранялася, аднак была яна днём дапамогі бедным, удовам і нямоглым.

Пяценка не патрабавала сабе асабіста ніякіх ахвяраў. Яна жадала, каб гэтыя ахвяры непасрэдна атрымоўвалі бедныя. Такое значэнне мела Пяценка.

І чаму мне ўсяго гэтага не сказаць сялянцы з Паўлаў. Яна павінна гэта знаць. Яна павінна ведаць і тое, што ўстаноўшчыкі хрысціянства шмат уступілі на карысць Пяценкі. Яны падмянілі яе святою велікамучаніцай Параскай. Нібы Параска — гэта тая самая Пяценка.

Капліц не чапалі, а на могілках будавалі цэрквы ў гонар святой Параскі. А ёсць гэтых Пяценкаўскіх цэркваў нямала.

Як кожная Пяценка, так і нашая, мае сваю легенду, нават дзве. Першая адносіцца да даўнейшых часоў. Паводле яе, жыхары гэтых мясцін часта бачылі каля крыніц на ўскраю хваёвага бору прыгожую маладую жанчыну, якая нікому не дазваляла наблізіцца, заўсёды знікала ў бары, на ўзгорку. Людзі тлумачылі гэта тым, што Пяценка жадае мець каля крыніцы капліцу, а на ўзгорку — могілкі. І з тых часоў каля крыніц існуе капліца, а на ўзгорку — могілкі.

Другая легенда адносіцца да пазнейшага часу. Паводле яе, аднойчы раніцай, у час усходу сонца, пастушкі прыкмецілі, што каля крыніцы на вярбе штосьці зіхаціць. Калі збегліся людзі, то ўбачылі на вярбе вобраз святой Параскі-Пятніцы. Гэта людзей пераканала ў тым, што святая Параска-Пятніца аблюбавала гэтую мясціну. У гонар яе людзі пабудавалі царкву, але не каля крыніцы, пад вярбою, на месцы капліцы, а на ўзгорку сярод могілак. Легенды, вядома, легендамі. Многа ад таго часу змянілася на свеце. Толькі нязменна шуміць высокі, цёмна-зялёны бор у Пяценцы, дзе на ўзгорку, пад гэты шум спачываюць нашыя продкі, б’е ў крыніцы чыстая, халодная вада, якая праганяе смагу жывым, і гучыць навокал наша простая, прыгожая беларуская мова.

З поўначы Пяценкі сінее Блудаўская пушча, якая злучаецца з Супрасльскімі лясамі. На захад ад Пяценкі вёскі, абсаджаныя вязамі, бярозамі, таполямі, прыкрытыя садамі і садочкамі, акружаныя агародчыкамі поўнымі кветак. Гэта Подваркі — Цільвіцкія, Вялікія і Малыя. Палі гэтых вёсак абсеяны хутарамі. На паўднёвы захад відаць вежы касцёла і купал са званіцай царквы ў Заблудаве. На ўсход, апрача блізкай вёскі Цільвічы, відаць вёскі Патока і Тапаляны. Краявід паўднёвага ўсходу лясісты і роўны. Чыстыя пералескі і бары як бы зліваюцца ў суцэльны масіў. Але гэта ўражанне памылковае, бо на мяжуючых з пералескамі большых ці меншых палянках густа ўсеяны хутары і невялікія вёскі. Іх толькі не відаць з узгорка Пяценкі. Паўднёвы схіл Пяценкі найпрыгажэйшы. Тут, як на далоні, ляжыць шырокая, лёгка ўсхваляваная даліна рэчкі Малынкі і ракі Нарвы. На сінеючым гарызонце — Лядская пушча.

Палі каля Пяценкі густа завалены камянямі — рэшткамі былога ледніка. Найвелізарнейшыя глыбы камянёў паміж Пяценкай і Блудаўскай пушчай. Многа ёсць крыніц у карчах алешніку, лугоў, акружаных сітнікам, ручайкоў, зарослых густа лазняком, вербалозам, чаромхай і іншымі раслінамі, на якіх тоўстымі кудзеркамі ўецца зялёны хмель, а ўперамежку, між дрэвамі, заглядаючы ў ваду, растуць кусты дзікай парэчкі, цвікольніцы і каліны.

На маю думку, нідзе так не цвітуць паплавы, не хвалююцца нівы, нідзе так ласкава, як у нас, не шалешчуць пералескі, нідзе так удумліва не шумяць бары.

Ну і што ж дзіўнага, што мы так моцна любім сваю бацькаўшчыну. А любім усё, што пад намі, над намі і вакол нас. Любім радзіму, як можа мала хто. А гэта я бачу па сваіх блізкіх і далёкіх сябрах, а таксама адчуваю сам па сабе.

Так думаў я, едучы на калёсах. Але думкі мае кончыліся, бо конь заехаў на падворак і калёсы сталі.

1960