Горад будзіўся. Загрукаталі трамваі, пабеглі навыперадкі людзі. Людзей на вуліцы з’яўлялася ўсё больш і больш. Яны мітусіліся, разыходзіліся ва ўсе напрамкі. У кожнага была нейкая справа, кожны недзе спяшаўся. Раўлі сірэны фабрык, цягнікі са свістам уляталі на санцыі і развязваўся рукаў: новая партыя народу ўлівалася ў горад.
Дзе сустрэнеш большы гармідар, як не на рынку. Ідзеш сярод расстаўленых крамаў, а да цябе прадавец: “Чаго, паночку, можа гэта, а можа гэта” і тыкае пальцамі ў збанкі ці нейкія падазроныя чаравікі. Другі зноў хваліць сваё гнілое сала, трэці нейкую новую штуку і час ад часу дрыготка кукарэкае, быццам спалоханы певень: “Тооолькі да мяне, да мяне!..”
Непадалёк на прыкметным месцы стаяла дзяўчынка гадоў чатырнаццаці, не больш, у парваных чаравіках, рупліва захінаючыся доўгаю хусткаю ад ветру і снегу. Яна прадавала настольныя сурвэткі. Да яе падыходзілі жанчыны, разгортвалі тавар, цанілі.
— Па колькі? — пыталіся ў яе.
— Трыцаць, цётка, як дарма... трыццаць, — гаварыла дзяўчынка.
Жанчыны прыглядаліся, мацалі пальцамі. Яна бачыла, што зноў і гэтыя не купяць.
— Трыццаць толькі хачу, больш не. Добрыя сурвэткі, мама рабіла, — заахвочвала яна.
Але ніхто не браў сурвэтак. Ёй утыкалі памяты тавар у адубелую руку і адыходзілі зусім нямыя на просьбы, абыякавыя. Вось так было ад раніцы. Яна сюды прыйшла як толькі зара пачала займацца. Думала, што першая прадасць, грошы схавае глыбока і шчаслівая пойдзе дахаты.
Было каля поўдня. Людзі падыходзлі да яе, але ніхто не купляў сурвэтак. Тады яна сама пачала напрошвацца сваім таварам:
— Сурвэткі, танныя, ад найменшага да самых вялікіх памераў... сурвэткі...
Смяяўся жыватасты крамнік з маленькай дзяўчынкі, што вунь, непадалёку ад яго, хацела прадаваць сурвэткі па трыццаць злотых. Ён чухаў наліты карак.
— Э-гэ! Каб прадаць, трэба ўмець, — мармытаў пад носам.
Людзі ахвотна куплялі ў яго і сурвэткі, і цацкі для дзяцей, і нешта ў бутэлечках, шчыльна заткнутых ватаю. А сурвэткі прадаваў па дваццаць пяць злотых за штуку, і работа ішла, як па масле. Той купіць, ды яшчэ падзякуе, другі пастаіць над яго таварам, палюбуецца і ўсё ж лягчэй чалавеку.
— А ты, кураня, стой у снегу, пакуль не скарчанееш, а прадсі ты фігу, вось што, — думаў прадавец.
— Сурвэткі танныя, ад наймешага да вялікіх памераў... сурвэткі! — крычыла дзяўчынка.
Людзі праходзілі міма. Ці не заўважвалі маленькую постаць, ці проста знарок абміналі яе — цяжка сказаць. А яна крычала ўсё больш ахрыплым голасам.
Агеньчык надзеі бліснуў, калі да яе падышла пажылая жанчына. Прыветліва ўсміхнуўшыся, яна папрасіла:
— Пакажы, дзіця... Адкуль іх ты маеш?
— Сурвэткі... мама рабіла... купіце...
Жанчына, скінуўшы пальчаткі, абследавала тканіну, пакруціла ў паветры, памяла ў пальцах, праверыла, ці расцягваюцца.
— А колькі ж ты хочаш за гэта? — запыталася.
— Мама... мама прыказалі па трыццаць.
— Гм... нічога сабе, работа добрая, узорыстая, па-новаму... Глядзі ты, кветкі... Тут ружа не ружа... Гм... Сіметрычна, тут і тут, так... — і яна яшчэ пэўна хацела нешта сказаць, але яе перабіла дзяўчынка, якая ажывілася, у яе вачах зазіхацела дзіцячая даверлівасць.
— Дык купіце?
Жанчына так глянула ў яе тварык, што маленькая прадаўшчыца зусім не сумнявалася ў тым, што яна можа не купіць. Перад яе вачыма ўсплыў вобраз маці.
— Ды не, дзіця, купляць я не намерваюся. Я, бач, разглядаю, сама збіраюся ў вольны часок вось так пабавіцца.
Уваткнуўшы ў руку сурвэтку, жанчына спакойна пайшла ўздоўж хітра расстаўленых крамаў, заглядаючы кожнаму як сарока ў косць.
У вачах дзяўчынкі закруціліся слёзы. Яна ўжо не захвальвала свой тавар. Закрыўшыся рукавом, плакала і плакала, можа нават не чуючы, як непадалёку ад яе, збіраючы пустыя скрынкі і скрыначкі, смяяўся пузаты крамнік.
— Мне няма чаго наракаць на дзянёк, ха-ха-ха! — рагатаў ён.
Рынак пусцеў. Крамы палохалі сваімі шкілетамі, вецер разгульваў цяпер тут з большай сілаю, аж парыпвалі спарахнелыя дошкі. На гэтым кавалачку зямлі жыццё паволі замірала. Снег, які было ўжо перастаў падаць, пачаў зноў валіць камякамі.
1960