Прысніўся дзіўны сон. Быццам Белыя Вытокі занялі кітайцы. Дэсант высадзілі ці што? Не паспеў я прыйсці да памяці, як чарадзей з пляскатым тварам перанёс мяне ў “Ніву”. У прыёмнай усё нібы на сваім месцы, толькі Галінка, ветлая ніўская сакратарка, хавае пасмутнелыя вочы.
— Ад чаго сум? – пытаю.
— Перахзрысцілі, — кажа. – Цяпер я называюся Ра Маш-ка.
— Гучыць злавесна, але кітайцы не парушылі зместу, толькі пакрышылі прозвішча па-свойму, — уцяшаю.
Рамашка галавой качае.
— Шэф у сябе? – кірую позірк на кабінет галоўнага рэдактара.
— Няма. Пайшоў на перапраграміраванне, — усміхаецца сакратарка.
Па звычцы, без грукання ў адчыненыя дзверы, заходжу да сакратара.
— Здароў, Луба! – працягваю руку. А ён не варухнецца. У зашпіленай на ўсе гузікі чорнай маоцзэдунцы, сядзіць як бонза, заглыбіўшыся падкрэслена ў свае гранкі. І шыю не муляе табе кітайскае сукно? Ужо навучыўся адгадваць і чужыя думкі. Не адрываючыся ад папераў, зазначыў:
— Прашу не называць мяне Лубам.
Жартуеш ці што? Не, ён не жартаваў.
— І не ачысціўшыся, не падаваць мне руку, — папярэдзіў.
Што тут дзеецца? З друкарні прывезлі новы выпуск. Бяру ў рукі зложаную ўдвая газеціну, разгортваю і заліваюся слязьмі. Перайменавалі “Ніву”! Прыстойнае, выпеставанае дзесяцігоддзямі загалоўнае слова замянілі грубым “Ніхуа”. І падзагаловак апаганілі: ”Тыднёвік маанцаў”!
Ладнае ніхуа...
І як маланкай паласнула перадоўка Бар Сунь-дуя “Радзіма, родзіна – Кітай”. Мой кумір млее ў самазабыўным экстазе:
Мао! Наш Войча,Але на ўсё ёсць мера. Раскладушка прысвечана “нашым караням”. Вучоны Гай Дук усхваляе мангольскіх заваёўнікаў (цяпер святых велікамучанікаў). Знаходзіць ён між Бугам і Нарваю астанкі выкапнёвага сінантропа і на падставе памераў рэштак перашабытнага мозгу робіць выснову: наша гняздоўе ў славутай дынастыі Маа.
Ля тэлетайпа карэспандэнт агенцтва Сіньхуа Ла Тыш-юнь і прадстаўнік усекітайскай ражыёкампаніі Ва Ўра-нюк. Заглыбленыя ў нататнікі, перадаюць у свае цэнтры падрабязнасці капітальнага адкрыцця маанскай навукі. Ашалелі яны, ці што?
Не спіць у шапку і Чык Він. Ён паспяхова перасаджвае на наш літаратурны палетак паўзабыты плод “Ста кветак”. Кітайскае каліва ў нас будзе звацца “Сто васількоў”.
Новае і ў гайнаўскім музеі. Я Цэ піша, што жрэц Май Сень-янь мяняе характар помніка. Днямі адкрыў выстаўку аб гадоўлі качак у правінцыі Цзянсу.
На Далёкі Усход накіравана і нястомная падарожніца Ча Чу-га. У першай карэспандэнцыі захапляецца непраўдападобным багаццем “Жывапісу кветак і птушак”.
Хутка перапраграмаваліся ніўцы. Толькі Шве Дунь, як і я, разгубіўся: не ведае, у якую трапіў Рэч Паспалітую. На ўсякі выпадак высмажыў двухрадкоўе:
Знікла ў бяспамяцтве Б(я)ДА.А сакратар маўчыць, упёр вочы ў гранкі і крэмзае свае іерогліфы. Выхдзячы з рэдакцыі, даведваюся:
— А як цяпер велічаць Лубу?
— Лу Ба, — зардзелася Рамашка.
Тут, як чорная хмара, урываюцца ў рэдакцыю маанскія хунвейбіны. Хапаюць мяне пад рукі і цягнуць у белавытоцкі “Храм неба” на маральнае ачышчэнне. Балазе пагада блізка, на месцы былой царквы св. Мікалая. Увапхнулі ў храм. Праняло холадам. У цэнтры варожая гранітная глыба. Падштурхнулі да яе.
— На калені – і кайся! – камандуюць. А я здранцвеў і не магу вымавіць слова. У мармуровай глыбе апазнаю застылага Сакрата Яновіча. Напрарочыў! У такім менавіта выглядзе з’явіўся ён у маёй макатранскай гасцёўні. Будзе мне! І варухнуліся каменныя губы маанскага Буды:
— Усё чысты? – секанула глыба. – Парахуемся, — зашыпела. – Я табе пакажу “Макатразмы”!
І я пашкадаваў, што запрасіў Многапуддзе ў “Гасцёўню”.
А яно разыходзіцца:
Стаў да чэрні задам,З пагардай цытуе мае радкі.
— Дам я табе зад! – выбухае гневам. І, перапоўнены пачуццём уласнай вялікасці, загадвае хунвейбінам:
— Надзець на паганца дошку ганьбы!
“Божа, навядзі яго на розум” – малюся, згінаючыся пад цяжарам ярма. А глыба не сціхае:
— Рэліктавы, збранзавелы гегельянец! – захлынаецца ад злосці, успомніўшы злашчасную фразу, якою я вітаў яго ў час сяброўскай гасціны.
Хунвейбіны натапырваюць вушы, пада мною падгінаюцца калені. Глыба варухнулася, адчужылася і выдыхнула з палёгкай прысуд:
— На мыла...
І я праваліўся ў яву.
Рэдакцыя.
— Ужо ачысціліся? – праменіцца Рамашка.
Усё перамяшалася. Аб чым яна? І схамянуўся: на маіх грудзях боўтаецца шыльдачка “Чысты”. Хто яе мне павесіў? Але не знімаю адзнаку і кажу:
— Я заўсёды быў чысты.
Рамашка паблажліва ўсміхаецца і прапускае да шэфа. Мірановіч вярнуўся з Міністэрства культуры. Мала грошай далі на “Ніву”. Чамусьці вінаваціць у гэтым Лукашэнку і БГКТ. Дае пачытаць эпісталу былога ніўскага карэспандэнта, цяпер актывіста Русского общества, які страшна паганіць беларускіх дзеячаў – мужиков.
— Бред сивой кобылы, — у тон прачытанага стаўлю дыягназ. Шэф згаджаецца, але трызненне пярэваратня з перамешчанымі ў азадак мазгамі пусціць у друк.
— Гэта ж руская думка.
Луба нармальны. Першы працягвае руку. Уручае свежы нумар “Нівы”. І тут усё па-старому. Барскі ўсыпляе серыялам “Радзіма – родзіна” і не спадзяецца на Кітай. Гайдук будуе гняздоўе на белавежскіх каранях, Латышонак справаздачыць пасядзелкі, Ваўранюк сілкуе то “Ніву”, то радыё, Чачуга трымаецца хаты.
Аднак вяду сябе стрымана. Моцна ўелася ў душу чорная маоцзэдунка Лу Бы.
Расслабіўся, калі ўвайшоў Чыквін і, зірнуўшы з прызнаннем на маю нагрудную шыльдачку, здаў ў камп’ютэрны набор “Макатразмы”. Пацешыла і вестка з Гайнаўкі: Майсеня асвяціў Беларускі музей і адкрыў выстаўку маладых мастакоў.
Добрага настрою не папсаваў нават вечна незадаволены Швэд. Плюючы на сістэмазменны час, прынёс пакаянную:
Знік у бяспамяцтве Буда.І выклікаў злога духа. У праёме дзвярэй з’явіўся Сакрат Яновіч. Глянуў непаразумела на ніўскую эліту і жахнуўся:
— Усе чыстыя?! У, як вы мне абрыдлі!.. – цяжка выдыхнуў і, памянуўшы чорта, здаў нас на ласку чысцілішчнай інстанцыі.
— А я іду на рыбалку, — ухмыльнуўся. І пайшоў. Мы завылі па-воўчы, і стужка соннай дылогіі абарвалася.
1998>