Панароўе

Анталогія апавядання


Арэлі

Славутай была некалі Носкава карчма. І пабудавана яна ў вельмі выгадным для Носкавых інтарэсаў месцы. Навокал параскідаліся шматлікія вёскі — Бандары, Багнюкі, Рыбакі, Рудня, Боўтрыкі, Лука, Слабодка, жыхары якіх былі штодзённымі наведвальнікамі Носкавай карчмы. Тады яшчэ не было ў вёсках крам, а ў Носкавай краме — чаго толькі душа твая захоча. Ад тоненькай іголачкі аж па пукаты гарнец гарэлкі — усяго тут было поўна.

Ля самай карчмы праходзіў шырокі, добра ўезджаны гасцінец. У адзін бок ён вёў у Нараўку, адкуль рукой падаць да Гайнаўкі і Белавежы, у другі бок, праз пераезд на рацэ Нарве, у Бандары, дзе раздвойваўся, налева ідучы праз Міхалова ў Беласток, а направа — праз Ялоўку ў Свіслач, Ваўкавыск і недзе далей у глыб Беларусі. Мо' да самага Мінска...

Па гэтым гасіцнцы ў розных напрамках штодзень паўзлі сялянскія фурманкі, а Носкава карчма так і маніла, так і цягнула ў свае шырокія дзверы. Як жа было не зайсці, як не пакаштаваць Носкавага піва, як не кульнуць гарнец гарэлкі ды не прыкусіць смакавітым селядцом з цыбулькай, а то і кругам падсушанай, прыемна пахнучай часначком ды гарчыцай каўбаскі. Аднак найбольшы рух у Носкавай карчме быў вясной, калі, узбураная цёплымі праменнямі сонца, рака рвала тоўстыя аковы ільдоў і, пераліваючыся па ім, сваімі магутнымі хвалямі крышыла лёд на дробныя кавалачкі ды гнала яго ўніз да Тыкаціна і далей, аж да самага шырокага Буга.

У такі час стары Носка ў круглай ярмолачцы, якой ёй, мабыць, ніколі не скідаў са сваёй пасівелай галавы, выходзіў на парог карчмьі ды, зрабіўшы над паморшчаным ілбом казырок з шырокай далоні і, прыжмурыўшы вочы, узіраўся ў далечыню ўзбуранай ракі.

— Рушыла, нарэшце, — шаптаў ён, радасна ўсміхаючыся цёпламу сонцу. — Хутка пойдуць плыты. Будзе гешэфт, будзе вялікі гешэфт, трымайся Носка! — падбадзёрваў сябе карчмар.

Не памыляўся стары Носка. Не паспелі яшчэ на рацэ сплысці ледзяныя крыгі, а ўжо ўслед за імі працавітыя ды не менш крыклівыя арэльшчыкі гналі доўгія плыты стройнага белавежскага дрэва.

“ Наляж на адбежак! Прытрьшай цалем!”, —далёка несліся на рацэ воклічы арэльшчыкаў.

Большасць арэльшчыкаў былі тутэйшыя сяляне, жыхары наднараўскіх вёсак. Аднак нярэдка тут можна было сустрэць і далёкіх — панурых лясных людзей з глыбіні самай пушчы, а часам і худых, змораных цяжкай працай і спрадвечным недахопам ежы палешукоў.

Цяжкая праца арэльшчыкаў. Не кожны зможа доўга вытрымаць у пякучай халоднай вадзе. Прастуда і сухоты — неадлучныя спадарожнікі ў іх цяжкім жыцці. Не з роскашы ішлі на арэльку сяляне. На прадвесні дзеткам іх хацелася хлеба. А купцы за арэльку плацілі нядрэнна. Таму і не лічыліся са сваім здароўем. Дагнаўшы плыты да пераезду, што паміж карчмой і Бандарамі, арэльшчыкі затрымліваліся. Так ужо здаўна вялося, што адпачынак арэльшчыкі рабілі тут. Прымацаваўшы плыты ля берагу, яны гаманлівымі групамі накіроўваліся ў карчму. Трэба ж перадыхнуць, развесяліць нечым сумныя душы.

Больш спакойныя і ашчадныя ішлі ў Нохімаву, што стаяла насупраць Носкавай, далей ад гасцінца. Аднак тых першых было заўсёды больш. Ды і куды там худому, згорбленаму ды вечна засморканаму Нохіму раўняцца з Носкам. У яго ж, калі не лічыць старога таннага піва ды прыпсутых селядцоў, амаль нічога няма для арэльшчыкаў. Іншая справа ў Носкі. Прасторны пакой застаўлены шырокімі сталамі, а гарэлкі, піва — хоць заліся, ды і закускі хапае, абы толькі грошы, а калі іх не хопіць, то Носка пойдзе чалавеку насустрач ды вельмі ахвотна прыме ў залог вопратку, а нават і абутак, калі не зусім даношаны.

—Грунт то гешэфт, абы рух, — паўтарае Носка.

А што найважнейшае – ў Носкі была здаровая, як рэпа, ды гібкая, як арэльская леска, дачка Рузя. Калі, падвыпіўшы, арэльшчык не зусім ветліва прыложыць сваю здаравяцкую руку да Рузінага пругкага сцягенца, яна не пакрыўдзіцца за гэта. Ну што ж, грунт то гешэфт, як кажа тата Носка.

Цэлы дзень у Носкавай карчме заседжваюцца вясёлыя гулякі. А вечарам на беразе ракі ўспыхваюць трапяткія вогнішчы, і задушэўныя песні не змаўкаюць амаль да самай раніцы.

--Э-э-й ухнем, э-э-й ухнем... — далёка над туманнай ракой нясе рэха любімую песню арэльшчыкаў.

Найцікавейшымі ў гэтыя дні былі, аднак, традыцыйныя спаборніцтвы арэльшчыкаў.

“ А ну, давай падужаемся”, —звяртаюцца падвыпіўшыя арэльшчыкі адзін да другога.

У момант вакол барцоў робіцца круг і людзі з захапленнем сочаць за яраснай барацьбой. Вядома, хто выйдзе пераможцам, таму і агульная пашана, і аўтарытэт, і, што найважнейшае, з ім кожны хоча выпіць.

Аднойчы з кампаніяй гулякаў у Носкаву карчму зайшоў высокі, як дуб, здаравяка, арэльшчык з далёкай лясной вёскі Качкі — чорны; як цыган, Цімоха. Цімоха ўжо з дваццаць арэльшчыкаў паклаў на лапаткі, і ніхто ўжо не адважыўся яму супраціўляцца.

—Ды што ж гэта -- салома, а не барцы,— з пагардай гаварыў Цімоха, — не паспееш дакрануцца, а яны і валяцца.

Цімоха так разышоўся, што нават у карчму не стаў пускаць тутэйшых арэльшчыкаў.

— Сорам з такім смеццем мне піць, — паўтараў ён.

— Бяда, — загаманілі тутэйшыя арэльшчыкі. — Гэта ж ганьба для ўсёй нашай аколіцы. Ды хіба ж не знойдзецца сярод нас такі, які правучыў бы задаваку-качкоўца?

— А, можа, Ясё? — сказаў нехта.

— Не захоча, — адказаў другі, — Ясё не любіць хваліцца сваёй сілай.

—А ўсё ж давай паспрабуем. Мо' згодзіцца, —настойваў першы.

Яны накіраваліся ў карчму Нохіма. Ясё быў тутэйшы, з Рыбакоў. З выгляду ён амаль нічым не розніўся ад іншых сялян -- шыракаплечы, прысадзісты, вельмі спакойны і працавіты чалавек. Толькі сілу меў незвычайную. Мог адзін узваліць на сані ці калёсы любое дрэва з леса. А калі якое не здольваў, дык асабліва і не хваляваўся. Ведаў, што і конь не пацягне такое.

Аднойчы быў такі выпадак. На Яна вярталіся хлопцы з фэсту ў Нараўцы. Падмацаваўшыся гарэлкай на станцыі, яны пачалі спрабаваць сваю сілу. Ля станцыі ляжалі 18-пудовыя чыгуначныя рэйкі. Мала знайшлося такіх, што ўдваіх змаглі б падняць з зямлі такую рэйку. Усё ж такі дзевяць пудоў выходзіць на чалавека! Быў тут і Ясё. Ён паволі падышоў да рэйкі, узяў пасярэдзіне рукамі і, узняўшы яе амаль да барады, зрабіў абарот і лёгка палажыў на месца. Прысутныя анямелі ад здзіўлення.

— Во гэта сіла! — у захапленні прашаптаў нехта. З таго часу і пачалі называць Яся дужым. Дужы Ясё таксама арэльнічаў. Аднак гарэлкі ніколі ў рот не браў. Таму і ў Носкаву карчму не заходзіў. Затое любіў пасядзець у Нохіма ды цадзіць праз зубы квартачку піва, закусваючы селядцом. Тут яго і сустрэлі арэльшчыкі ды пачалі выкладаць справу.

— Не ў тыя дзверы трапілі, — адказаў Ясё, — я ж не дужаюся.

— Паймі ж ты, Ясю, справа тут не ў дужанні. Трэба ж гонар нашай аколіцы ратаваць. Бач, прыехаў качковец, разыйшоўся, быццам на сваім панадворку, у карчму не пускае. Гэта ж сорам, нам усім, — пераконвалі яго арэльшчыкі. Тут яны пашапталіся ды падсунулі Ясю яшчэ піва, непрыкметна падліўшы туды кілішак гарэлкі. — — Ну, калі ўжо гаворыце аб гонары, дык пойдзем.

З Носкавай карчмы вышаў і Цімоха.

— Хто яшчэ тут асмеліўся дужацца са мною? — забубніў ён.

— Я хацеў бы спрабаваць, дзядзечка, — ціха адказаў Ясё.

— Га-га, га-га!—зарагатаў Цімоха, — у цябе ж, дзяцюк, яшчэ матчына малако на губах. Глядзі, костачкі паламаю, — прыгразіў ён.

— Нічога, дзядзечка, яны ў мяне моцныя. Дык што ж, паспрабуем? — спакойна прапанаваў Ясё.

Цімоха, развёўшы магутныя рукі, прыгнуўшыся, быццам зубр, рушыў на Яся. Схапіліся і застылі на месцы. У Цімоха ад натугі на спацелым ілбе, быццам вяроўкі, выступілі сінія жылы. У Яся пачырванеў карак.

— Кідай, дзядзька, бо я пачну, — сказаў Ясё. — Цімоха захрыпеў, напружыўся з усіх сіл і — нічога, нават не зварухнуўся Ясё.

— Ну, цяпер трымайся, дзядзька! — ускрыкнуў Ясё і, натужыўшыся, прыпадняў Цімоху і грукнуў яго вобземлю. Застагнала маці - зямелька. Раскінуў Цімоха шырока рукі, не падымаецца. На губах яго выступіла чырвоная пена.

— Не буду я ўжо, браткі, больш дужацца, —прагаварыў ён дрыжачым голасам.

Цімоха падхапілі пад рукі і павялі да ракі, у арэльскую будку. Гонар аколіцы быў уратаваны.

Шмат гадоў мінула з таго часу. Ад Носкавай карчмы і следу не засталося. Кінулі арэльку сяляне, ды і рака цяпер ужо не такая. Вады ў ёй зусім мала. Цяпер і плыты па ёй не змаглі б пайсці. Аднак памяць аб мінулым жыве ў нашых вёсках.

У летні спякотны дзень старыя дзядулі, былыя арэльшчыкі, збяруцца на беразе ракі ля пераезду, закураць люлькі і, гледзячы ў далечыню ракі, успамінаюць былое. Асабліва любяць яны ўспамінаць аб дужым Ясю, аб яго незвычайнай сіле. Ад іх і я пачуў гэта.

1958