Ганна ўжо дасаджвала градку фасолі ў агародзе на загуменні, перакідаючыся гутаркай з суседам-удаўцом, які таксама штось яшчэ сеяў у сябе, як пачуўся нейкі галоп за плотам. Яны паднялі галовы і правялі вачыма каня, пагнаўшага ў напрамку выгана.
— Ой, чый гэта, Васілю? Здаецца, з хамутом? Ці не панасіў каго?
— Коней у вёсцы на пальцах палічыш, а ў нашым канцы то і няма чаго сказаць, аж сумна, што хутка не пабачыш гэтага прыгожага ставарэння.
— Але ўсё ж цікава, чый гэта конь так пагнаўся з вупражжу?
— Гэта будзе Паўлушаў, другога каштана ў нашым канцы няма.
Тут і сам Паўлуша следаваў подбегам за сваім канём, сварачыся ні то на каня, ні то на жонку, якая дэўсала за ім.
— Хадзі, Васілю, паможаш лавіць. Вось чамусьці здурэў і ўцёк з двара з вупражжу!
— Нікуды не пабяжыць, — сказаў Васіль, — ано на выган, там і зловіш.
— Не ведаю, ці так лёгка дасца ўзяць, штось надта неспакойны сёння. Можа каго яшчэ паклікаць? — задыхаўся Паўлуша, і дакінуў жонцы: — Ты ўжо хаця не валачыся, калі не ўдзержала, пусціла! Скажы Андрэю, няхай накосіць травы ў кошык ды ідзе на выган.
— То ж праўда, — азвалася Ганна, — можа і без цябе спаймаюць, куды ж ты з гэтымі нагамі, не паспееш за імі.
— Гэта ж я віноўна, — Паўліха выцерла пот з твару, — прывезлі з лесу галлё, сталі выгружаць, а мне кажуць: “Дзяржы Каштана, бо штось неспакойны сёння”. А ён мяне звалачыў па ўсяму садку ды прыгуменні, чамусьці ано вушамі срыг, травы і не скубнуў, ды як не рване, як не выкіне задам, і... пайшоў у адчыненыя вароты! А мелі яшчэ раз у лес ехаць. Вось бачыш, одур у галаву прыйшоў — старому каню!
А Каштан акружыў канец сяла і знаёмай яму дарогай прагнаўся праз поле, пераскочыў невысокую, пахілую агароджу з жэрдак, аб якую парваў цягнуўшыеся за ім павады, і затрымаўся на выгане. Далёка пад лесам пасвілася некалькі спутаных коней. Ды не яны яго зманілі.
Павярнуў ён галаву ў той бок, дзе некалькі гадзін назад, цягнуўшы з лесу нагружаны воз, убачыў маладую вішнёвую кабылку, якая, заіржэўшы, радасна перабегла дарогу і затрымалася ў альшынніку.
Каштан не бачыў яе цяпер, але, уцягнуўшы ў храпы пахучае вяснянае паветра, заіржэў коратка, прывабліва і чулліва наставіў вушы. У адказ пачуў візглівае ржанне даўгагрывай красуні і з капыт рушыў на яе голас.
Яна выбегла з лесу і гналася яму насустрач. Дабеглі да сябе і спыніліся. Вішня неспакойна падрыгвала ўсім корпусам. Каштан крануў яе лёгка лбом, а пасля палажыў галаву на яе клубе і так стаялі нерухома.
У адчуванні поўнага шчасця, як гэта заўсёды і ў людзей бывае, перашкаджае штось малаважнае, дакучлівае. У яго гэта быў хамут на шыі, які пачаў адсоўвацца да вушэй.
Падняўшы галаву ад клуба сваёй жаданай, хацеў Каштан адкінуць той хамут назад і тут убачыў, што ад дарогі набліжаецца немалая грамада людзей, сярод якіх пазнаў гаспадара.
Развеяўся ўвесь чар гэтай хвіліны!
Вішня гвалтоўна павярнулася і панеслася ўздоўж выгана, а Каштана, які не паспеў за даўганогай маладой кабылкай, загналі ў загарадку. Не далі яму волі хамут ды вупраж, з якой уцёк з двара. Сумна аглянуўся за ўцякаючай Вішняй.
— А рыжая зараза! — крыкнуў Іван, гаспадар Вішні. — Ужо трэці дзень ганяецца кругом вёскі, а на свой двор не ідзе! А я думаў, што разам з тваім і яе злаўлю!
— Я за сваім не валачыўся б, каб не вупраж, няхай бы яго ваўкі валачылі, але вось згубіць што, а тады вазьмі купі!
У загарадку ўвайшоў Андрэй з кошыкам свежанакошанай травы, у якой жоўценькімі зоркамі рдзелі кветкі малачаю. Андрэй спакойным голасам клікаў Каштана, які так і не глянуў у яго бок. Тут жа за ім бег старэйшы гаспадар з бізуном у руках і лаянкай:
— Яму я рэбры палічу! Стаіць без работы, то і дурнота ў голаў прыходзіць.
— Стой, бацька, не крычы на яго і не замахвайся бізуном, — рашуча сказаў Андрэй і адсунуў бацьку рукой.
— А то чаму, бачыш, конскі адвакат знайшоўся!
— Ён невіноўны!
— Як гэта невіноўны?
— Гэта віноўная вясна, ці ты не разумееш?
Бацька здзіўлена глянуў на сына, і хваля злосці хлынула на яго. Ён закрычаў:
— Бачыш, сам не начаваў дома, думае, што і каню гэта трэба! Уступаецца за ім!
Павел яшчэ крычаў і неяк бяссільна трос рукамі, нібы певень пераломанымі крыламі, і, пагразіўшы пальцам сыну і каню (я за вас вазьмуся!), выйшаў з загарадзі і накіраваўся ў вёску.
Андрэй пачакаў, пакуль не разышліся мужчыны, узяў за павады, паляпаў Каштана па шыі і ветліва падміргнуў.
Ішлі побач да свайго двара, чалавек і конь, ап’янелыя ад вяснянага паху прэлай зямлі, свежай зелені, кветак і чагосьці яшчэ ніколі да канца не выказанага, што аднолькава ўплывае на ўсё жывое. Вясна...
1983