Панароўе

Анталогія апавядання


Я клічу вас

Я клічу Вас — усіх, усіх,
Зямлі маёй сыноў, братоў,
Каторых многа так і мала, —
Я клічу Вас ....
(ананімны твор канца XIX ст.)

Гммм. Та-а-ак. Ведаю, любенькія, што вы мне на тое. А куды? А ці наогул варта? І ці калі ўжо пойдзем куды-лень, то выбрацца з гэтага ўсяго, пасля, у выпадку якім, дамо рады? Ну, бо ведама ж усім, што нам, беларусам, у гісторыі дагэтуль не вельміся шанцавала.

Заўсёды чамусьці так здаралася, што скуль гоняць — там хлеб даюць, а куды маняць — там у с...у б'юць. Т-а-а-к. Няма чаго смяяцца — яно гэтак та...

І калі б праўдзівай была прыказка тая, што за аднаго бітага двох нябітых даюць, то амаль кожнага з нас ужо не падвойна, а за трох нават, да пярэпісі, улічваць можна было б. Вось дзе быў бы народзец! Ай-яй-яй! Адзін, мусіць, з большых на свеце.

Нават дзядзька Піліп, прыяцель мой вялікі, чалавек у сваіх перакананнях непахісны, і той, кажа, што за ўсё жыццё доўгае аднойчы толькі на тым, што беларусам завецца, скарыстаць даў рады — ды і то, шчыра кажучы, зусім выпадкова.

Застаўся ён, ведаеце, пад старасць, зусім сам, адзін-адзінюсенькі, як той кол мохам аброслы — стаіць, бо стаяў, але нікому ўжо непатрэбен. Дачок замуж пааддаваў. Сыны ў свет шырокі, дармовага шчасця шукаць, паперлі. Жонку сваю, цётку Соню, кабетку ціхую, ад душы добрую, яшчэ пазалетась на могільнік звёз. І куды ты тут дзенешся? Вады і той не будзе каму падаць. Няма нават і пасварыцца з кім. Ну, хоць ты памірай.

А што, калі б?

Накіпяціў стары вады, памыўся ў балейцы, як трэба. Пад маладога брытваю аскробся, чыстую кашулю на хрыбет нацягнуў, залез пад пярыну і лёг напласт, бораду ўверх задзёршы. Перад тым яшчэ да сваячкі збегаў.

— Ты, кажа, Насценька, золатца маё, калі б я, ведаеш, на той прыклад, нагамі брыкнуў, ну, на той свет, як гэта гаворыцца, перамясціўся, займіся мною, — будзь добрая! Касцюм, кажа, што з лепшых, я на крэсла павешу, там і грошай у кішэні, колькі трэба, будзе. Чаравікі заўсёды на кухні. А што больш, то там ужо сама знойдзеш. Займіся толькі, не адмоў, золатца.

Лёг, адным словам, і ляжыць, не зварухнецца нават — аж лыткі сутаргай звяло, карк здранцвеў з невыгоды. А тут табе як на злосць — ні смерць не бярэ, ні сон нават... А цьфу на яго! Устаў, дастаў адную з тых бутэлек, якія ўжо на памінкі гасцям прызапасіў, і кульнуў чарачку, а пасля і другую. На пусты страўнік — не будзеш жа, наеўшыся, у труну кладавіцца. Пасля адчыніў банку шпротаў. Было не было, а ўсё ж з постам. Пад іх ён яшчэ дзве, а мо і тры чарачкі апаражніў.

I, уявіце сабе, памагло. Чуе, што ў нагах млеўка-млеўка, вочы туманом заплываюць, у вушах спевы-няспевы гудуць нейкія, ледзьве запоўз пад тую пярыну.

А тут бач: стаіць над ім тая з касою і адразу — тырц! —

касцістым кулаком пад рэбры:

— А ну! А ну, збірайся! Пайшлі!

— Куды? Куды гэта?

— Як куды? Куды захацеў туды і пойдзем.

— Ну, добра, ужо добра, — замітусіўся стары. — Чакай. Я толькі шкарпэткі нацягну, накіну тое-сёе. Не выпадае ж гэтак, у кальсонах.

— Пайшлі, пайшлі. Не пераймайся. Там табе ўсё, любенькі, будзе.

За руку і пацягнула.

І ліха яго ведае, ці яны ідуць, ці плывуць, ці іх лёгкім духам нясе — апынуліся аж у пустэчы нейкай.

3 аднаго боку, маеш табе, гара, нічога сабе такая, не з малых. 3 другога — уніз дзесьці дарога вядзе, пад зямлю проста, здаецца, сыходзіць.

Прыслухаўся, пацягнуў носам. А зверху ладанам, пахамі салодкімі так і нясе. Ды і музыка адтуль нейкая жаласлівая, паважная, марш Шапэна, ці іншае што такое, даходзіць.

Уніз схіліў галаву, а там — смех, піск, пахне півам і гарэліцай добраю і танцы там, пэўна, на ўсе ногі, мусіць: і чачотка, і казачок, і што б ты ні прыдумаў.

— Ну, што стаіш, рот разявіўшы, — скрыгітнула бяззубай сківіцай няўмольная. — Туды ці сюды? Толькі хутка. Мне, вось, план падганяць трэба, справаздачу пісаць за год цэлы, а тут яшчэ вазіся з такою недатэпай.

Ткнуў спалоханы дзядзька пальцам угору. Ну і палезлі. На самы вяршок узняліся. А там усё чын-чынам. Сад агромны-агромністы, увесь жываплоцікам стрыжаным абведзены. Ну і брама, вядома, з харугвамі, фінціфлюшкамі там рознымі. У браме адзін анёлачак у трубу дзьме, другі ў бубенчык такт выбівае, трэці, стужкаю падпярэзаны, гасцей новых вітае, у кніжку вялізную ўпісвае.

— А, дзень добры! А калі ласка! А хто вы такія сабою будзеце?

— Ну, як та хто? Піліп!

— Ну так, ну так, — анёлачак мітусіўся і заглядаў у кніжку. — Толькі што імя ў вас нейкае такое...

— Як матуля назвалі, такое і ёсць.

— Дык зразумела, зразумела. А вас у які аддзел, дазвольце, гэта па нацыянальнасці ўзяўшы?

— Як жа які? Калі па нацыянальнасці, то беларус я...

— Г-м-м-м. Г-м-м-м. Даруйце, — анёлак папярхнуўся, няёмка кашлянуў і хутка перакінуў некалькі старонак.

— А, ведаеце, у нас не значацца такія. Няма і не было. Вас можа ў гэты, у агульнаславянскі? Такіх мы яшчэ да пары рэгіструем.

— У які, зноў, агульна?... — разгубіўся дзядзька, — калі я беларус. І бацька быў, і дзед, і прадзед. Я туды, дзе яны, хачу. Каб разам.

— То выбачайце. Хутчэй за ўсё, што гэта не ў нас. Паспрабуйце, ласкаўца, звярнуцца да канкурэнцыйнага аддзела. Можа там што, на дзіва, возьмуць і параяць.

Так і папляліся яны, юшкі не пасёрбаўшы, пад новы адрас. Кляне дзядзька. Праважатая яго ад злосці ўсім касцяком лязгае, касою іскры з каменняў высякае. Дзе як наніз злезці. Пад зямлю сходзяць. Піліп толькі цясемкі, што ад кальсонаў, падвязаў мацней, а то, чаго добрага, на іх наступіўшы, нос дзе разбіць можна было б. На самае, урэшце, дно апусціліся.

А там жа ж, любенькія, усё шык-шыкам. У сценцы мураванай, глухой, дзверы вялізныя, жалезныя, насцеж адчыненыя. 3 сярэдзіны ж, як глянь, — вогнікі каляровыя бліскаюць. Гоман нясецца. Вяселле. Чарцюга вялізны, аб касяк абапёршыся, каўбасу грызе, піўцом з пенкаю запівае. Сцебануў, пэўна, ужо парадкам, бо капялюш на адным толькі розе боўтаецца, з лыча пара ідзе, а хвост, той з перапою, ажно пружынаю скруціўся. Двое меншых чарцянят туды-сюды шмыгаюць: то бягуць недзе, то старэйшаму на вуха нешта шэпчуць.

— Здароў, Піліп! — рыкнуў рагаты, угледзеўшы старога. — А вілы табе ў бок. А скуль ты ўзяўся? Ну, быццам з неба ўпаў. Так рана не чакалі. Ну, што ж, ну, што ж. Калі ўжо прывялі, дык, значыцца, вітай. Т-а-а-ак. Зараз заглянем.

Услужлівыя чарцяняты ўжо паспелі разгарнуць скрутак запісанай скуры.

— Ты, брат, не турбуйся. Адкінь хваляванні. Пасадзім, за які хочаш столік. Ды і афіцыянта выбірай сабе якога хочаш. Можа вусатага, таго, што, вунь там, у куточку?

Разгубіўся дзядзька, абы-што ляпеча.

— Ну, ну, супакойся, — хіхікнуў нячысты. — У нас тут, браточак, парадак. Давай, вось, свой пропуск, дазвол на кампанію і мігам аформім...

— Які зноў пропуск? Я ж сам. Саматугам. — Піліп ледзь не плача. — Я ж проста на свеце не мог ужо стрываць. Пусці. Ну, не муч. Ужо надаела.

— О, не! О, гэта — не! Ты выбачай. Парадак мусіць быць. Тут, лыч хвастом прыкрыўшы, чорт ікнуў разоў некалькі. — Ты што, маленькі? Як так без дазволу? А ну, назад — бо віламі папрэм.

— А каб вас ліха, — уз'ярыўся Піліп. — І смерць мне не сястра і чорт не брат. А хвігу бачылі? А вось! А выкусі! Скулу вам у бок, калі такія. Усім на злосць я буду жыць. І не памру, калі б нават прасілі. Як усе браты мае. Як цэлы наш народ. Жыву і буду жыць!

Тут смерць пабачыўшы, што ён уцякае, за ім наўздагон. За рукаў схапіла, цёгае, цярэбіць.

— А брысь, а вон пайшла! — па лапах ёй Піліп. I тут расплюшчыў вочы, здзіўлена глядзіць, а то сваячка, Насця тая, зайшоўшы ў хату, са сну яго будзіць.

*

І клічу вас!..

Да родных песень, кніжак, сваёй гісторыі і да сваіх дарог. Кажуць, тонкіх прутоў, калі іх звяжаш у венік, найбольшаму асілку не зламаць. Бо трэба жыць. Жыць у працы пладавітай. І калі піць, дык са сваіх крыніц. Не запячэ тады з пахмелля смага.

Хто прыяцелем, — з тым нам сябраваць! І шанаваць таго, хто нас шануе. Любіць сваё. Адною быць сям'ёю. Не забывацца, хто ты і адкуль. Навошта нам прасіцца ў райскі сад?

Смерць будзе не сястра і чорт не будзе братам, калі супольнай пойдзем грамадою.

1982