Панароўе

Анталогія апавядання


Белы каўнер

Ад чаго пачаць? Ад пустой чакальні? Не, не пустой. У кажушку з белым каўняром, чорнавалосы, проста — незвычайны. З адлегласці часу выдаецца, што ўсё хараство — белы каўнер. Вось тут усё абсела, расплылося на пажоўклай паперы аб’яў, ніколі не чытаных для цікаўнасці. Я чытаю — нейкі міністр падпісаў. Нецікава, прыкрая ноч, спаць не хочацца. Нейкі мужчына расцягнуўся на лаўцы. Зялёнымі літарамі крычыць з-пад ног “Газета Беластоцкая”, з-пад насунутай шапкі, пахрапванне з пасвістваннем. Прыемнае на канцы свету, на падлозе, у кутках, і проста так. Чорныя плямы не на вадзе. Простыя і зробленыя проста: у дзвярах дзірка шчэрыць чарнатой калідора. Хутка пойдзе варшаўскі.

— Ой, як мне добра служыць: пані цудоўная, варшавянка...

Даведваюся аб нейкай сям’і ў Варшаве, з усімі дробязямі, аб пані доктар і пану прафесару, які любіць другіх жанчын. Брыдка падслухоўваць. Не бачу твару. Не хачу ні бачыць, ні слухаць. Выйду. Пачатак рэцэпта на курыны суп. Страшэнна не люблю кураціны і з тае радні. Марознае паветра казыча ў ноздры. Аб’інелыя дрэвы, шпалы, рэйкі знікаюць у цемрадзі. Невялічкі будынак. Направа ступенькі недзе ўніз, утыкаюцца ў вокны прысеўшага аўтобуса...

Так, недзе павязе белы каўнер твой у цемрадзь, у бліскучкі гарадка.

Што адчувае шафёр начных курсаў? У люстэрку агледзіць твой твар напухлы ад непраспаных ночаў. Затрымаецца на каўняры кажушка. Цёмныя валасы, адкуль яны раптам у яго ўзяліся, апошні раз былі русыя з сівой плямай над правым вухам — астатак прыгоды з матацыклам пад п’яную руку.

Аўтобус чакае цягніка. Мой цягнік, даўно не было падарожжа няведама куды і чаго. Стоячы ў Беластоку на аўтобусным пероне, была я ўжо тут, у цудоўнай краіне.

— Гэта малое і “забітае” мястэчка. Пойдзем ка мне, да бацькоў, пагаворым...

Якія далёкія і смешныя словы. Нашу тхненне брыдоты, агіднасці на лаўцы, плям пад сценамі, шуму, заглядаўшага ў прамерзлую чакальню з-за бурых шыбін некалі белых сцен. Шчыміць здзіўленае сэрца.

Ці можна было нешта гаварыць у халодным вагоне, з яловымі лаўкамі. Яго твар марнеў у слепаце разлезлага ранку і гінуў у белізне каўняра. Адчуваю поціск рукі, моцнай, з адчуванымі праз меру жыламі.

“Аня, Нютка” і яшчэ недарэчныя ласкацельныя, непатрэбныя пад грукат калёс. Чатыры гадзіны ўкрадзенага часу ад працы, адпачынку. Дзеля чаго? Мяккасць дотыку валос, цеплыні шорсткай рукі.

— Чаму маўчыш, Анютачка?

Углядаюся ў пушысты каўнер. Бачыла яго краіну, казачную, яго будзённасць, яго святы ў прыгажосці... Што можна гаварыць без давер’я, без пашаны нават. Каханне не лічыцца. Цікавасць. Уварвацца, абнагліць няведамае. Жудасны вобраз.

Пішу ўсё не аб тым. Можа як яго звалі. Нецікава, кожны мае сваё нецікавае імя. Гэтая станцыя з светам электралямп і будыначкам на адхоне — таксама мае.

Стаю, услухоўваюся ў марозную цішыню — цягнік на Беласток спознены. Зоры бязлітасна рагочуць. Хітрункі, не папярэдзілі. Дурнавата выглядала тлумачэнне, адказ у апошнюю мінуту.

Мама ў такіх выпадках гаворыць: “Быць у прытворку, а ў цэркаў не зайсці”.

Так, не многім багам моляцца ўжо.

Пыхкае недзе і гудзе паравоз. Вылятае з будынку тоўсценькі, відаць, начальнік.

— На Беласток?

— Так.

І пакаціўся.

Адны рэльсы, другія, перон, з каляровай дошкай. Велізарныя літары: імя станцыі.

Ахвота засмяяцца ўголас. Шэранькі будыначак і такія вялікія памерам словы.

Апошні позірк на здзіўленыя аганькі гарадка, на аўтобус, які ўсё яшчэ стаіць. Мільгае ў акне аўтобуса белая пляма. Так. Каўнер беласнежны, а мо мне здалося?

У змерзлай ночы, дзвэнканне жалеза, пасопванне паравоза, не поезд — ракета. “Бывай!” — так, здаецца, развітваюцца назаўсёды. Не ведаю, каму крычу:

— Бывай! Бывай!

1976