Панароўе

Анталогія апавядання


Апявяданні

Навальніца на хутары

Як толькі я памятаю, навальніца заўсёды прыпаўзала з-за Прафіткі, гары, ад якой пачынаецца даліна накшталт вялізнай місы, а наша хата ў ёй — быццам тая нясмачная скварка, сасмажаная на вугельчык. Хата ўсё больш і больш горбіцца, а мой бацька праз цэлае сваё жыццё збіраўся закласці пад яе новыя падрубы і перад смерцю даверыў гэту справу мне, маладому гаспадару. Падумаў я, ці часам не дзед збіраўся з тымі падрубамі...

З Прафіткі збягае ўніз шаша. Яна нырае ў зялёныя чароты, што над рачулкаю, у якой іншы раз плюхаюцца голыя дзяўчаты, і шнуруе, бытта што ўкраўшы, пад другую высокую гару, якая нагадвае паднябесную траншэю, якраз насупраць Прафіткі. Значна вышэйшую за яе.

Пад тою гарой, што значна вышэйшая за Прафітку, часта псуюцца аўтобусы далёкіх маршрутаў, і тады можна бачыць, як сумуюць пасажыры, чакаючы адпраўкі.

Пад вечар сапраўды за Прафіткаю пачуліся грымоты і па шашы засняжыў пылок — як бы молаты цукар, калі тайком зжыраеш у каморы дзівосную матчыну мазурку, падрыхтаваную на вялікае свята.

Пакуль чуб хмары высоўваўся і высоўваўся, пакуль паказалася даўно не голеная фізіяномія буры з зубялямі бліскавіцаў, фізіяномія, якая тры дні не ела, выбзыкнуў перад самюсенькім носам яе, з па-за Прафіткі, адурэлы аўтобус і так памчаў уніз, так прашапацеў ён праз чароты, у якіх ужо намачыў пад сябе масток, так скакануў на паднябесную траншэю, быццам заяц з рассадніка, што здавалася: вось і канец свету!

Стрэхі поўныя птаства: галак, шпакоў, вераб’ёў. А пад стрэхамі сцішыліся куры. Свінкі неспадзявана разбрыкаліся па агародзе радасцю рэкрутаў на апошняй забаве ў вёсцы. Спахмурнеў задуменны конь. Прыціхлі каровы, не кажучы ўжо пра авечак. Паветра набрыняла надзеяй, што хата ўсё-такі будзе плысці, яна ж драўляная, кожнаму хопіць кавалак чагосьці...

Маці зачыніла акно і перахрысцілася.

Па небе прайшоўся чорт з віламі, выгінаючыся ад рогату, быццам старая п’яная дзеўка. Аўтобус жа, калі не пагубіў сваіх вісклівых апонаў, напэўна, сядзіць цяпер у нейкім гаражы ды плюскае шклянымі бельмамі гультаяватага сабакі. Вёз ён пасажыраў, бы бобік кашку на хрыбце: палёгку меў пры хуткім бегу, вельмі хуткім, да таго хуткім, што даходзіла да рэдкай хвіліны згоды. Прапаў за траншэяй!

Ну!!!

У пекле апынуліся мы ноччу. Сядзелі на самюткім яго дне. Над намі дагараў свет. А мо гэта ўсяго толькі ўсмешкі чарцей-чарцянят, што схіліліся над намі ды спрабуюць убачыць, што з намі? Маці малілася штораз гучней.

У суседняй вёсцы пачаўся пажар, асвятліў шыбіны, ніткі дажджу, дрэвы, выгнаных на загуменне кароў і каня, плот, каменні... Я выбег на парог і глядзеў на пажар пад перунамі, і цешыўся ім, як чалавек, якому пасля цяжкага здарэння сказалі, што будзе жыць! Што свет існуе!

1969

Одум

Пасля вайны вялікае мы школы паканчалі заядла і, усе да апошняга, дарослымі ўраз зрабіліся. І на работу ў гарады трамваезвонныя ды з тратуарамі франтаватымі, бы на фэст які вяселісты пайшлі-паехалі. Грошы ж свае мелі, яшчэ з малаком на губах будучы, во дзіва цуднае было над дзівамі! Так працавалі там і ў якія толькі хочаш змены, што сам Сізіф той пры нас гультаём здаўся б... Не з аднаго страху парабка, што маўклівым кватарантам сноўдаўся ў кожным з нас, — а каб не турнуў хто на галытву тую бацькоўскую назад. За шанц жыць потым, як у байцы, браліся сутаргава, неадчэпна.

Мы палічылі, што мінулае сваё басаногае, дзякаваць Богу, у дурнях пакінулі спрытна, таму сэнс усякі без нас або не ў нашым новаздабытым уявіўся тады да абсурду немагчымым, часам няхай сабе смешным усяго да сакатлівага рогату. Маці задрыпаная з бацькам зацюканым, усё роўна што памылка несусветная лёсу людскога, у глухамані забеластоцкай беспатрэбна гароўна карпелі. Свет цэлы не бачыў чагосьці такога з маладымі ды й найстарыя са старых не зведалі аніколі. Як жа лёгкакрыла ішлося ў часы тыя і ў нагу несумненна жа ж!

Ой, стараліся мы ды перастарваліся, не ў прыклад кажучы, быццам дзеці малыя, якім цацкі за тое навюткія і фабрычныя, нікім не кранутыя, далі на свята прычаканае ўрэшце. У захапленні гэткім ад таго, ажно да першабытнага самазабыцця зацьменнага, у якім год за годам нам гады замільгацелі ўваччу на падабенства лікаў тых выйгрышных на рулетцы нейкай азартнай. Стаўкі тадышнія на карту нашу запаветную дазвалялі пакуль на няшмат, спачатку на абноўку чаравічную, а потым і на касцюмную, з зашпількамі фарсістымі-серабрыстымі. Ну й разжыліся ж радасна і сяк ды так на мэблю блішчачую і на кватэры жаданыя з пакоямі гардзінна-шырокаваконнымі. А й унучанятамі, як анёлкамі, дзеда з бабкай з рукамі парэпанымі пацешылі мы па-панску для шыкоўнасці пад тайны свой комплекс хама на паркетах.

Дзяцей пагадавалі ж мы так, быццам яны былі не нашымі, а прысланымі ад паноў нам даўгапамятных на ўтрыманне смачнаежнае і выхаванне фінціклюшнае. Раслі панічамі і паненкамі ў нас на хвалу усё-такі вясковую, і вазілі ж іх туды што ні свята, у дрымоцце тое прыгуменняў, на паказ абавязковы дзеля цётак з дзядзькамі, а і зайздрасці прыемнай ад суседзяў у заплоцці. Лялькамі разадзетымі і шпанюкамі, якім толькі малака птушынага не хапала!

Як кажуць: і азірнуцца не паспелі, калі сівізна пасыпалася на галовы нашы інеем прымаразку першага і вочы заімгліліся стомаю пасля дарогі такой пыльна-доўгай, малапраезнай яшчэ ў тое вандраванне наша. Песні тыя, што спявалі мы ў вёсны маладыя і ў леты квяцістыя, рэхам беспаваротным адляцелі на той свет, а словы родныя з родных цяпер непатрэбшчынаю на гарышчы хаты або ядлоўцамі на палях удзічэлых староння сардэчнага; душы ў пустапаш пустазельную вырадзіліся. Бацькоў сваіх вось крадком пахаваўшы на могілках, бяспамяццю зарастаючых за палеткамі пакінутымі, а дзяцей шумна ў зямлю абяцаную альбо ў Амэрыкі выправіўшы з кашалькамі тугімі, агледзеліся і самі век дажываючымі, каратаючымі дзень да вечара ды над фатаграфіямі даўнімі галавою ківаючы... Адно неба засталося нязменна зорным і буры пераджніўныя гэтак жа памаладзецку грымотныя ды захады ў задуменні назаўсёды ціхім барвовыя, і маладзік месяца ў ноч Пятра і Паўла, бы перад колішнімі зажынкамі, цярпліва напамінаючы з нябёсаў над нашаю айчынай зараз пустыннаю, што без сярпа перш не было б хлеба.

Як жылі, так і пражылі. І па законе старасці натужваемся думаць пра раней непрадчуваныя намі тысячагоддзі, разумеючы, хоць бессаромна позна, як блізка, аднак, адыйшліся мы наперад, нягледзячы на зразумелую і слушную гідлівасць нашу да існавання сярмяжнага пад стрэхамі саламянымі, пад якімі проста па-варварску былося. І добра, што прынамсі бяздарна ўяўляем сабе ўсё, колькі нам да спасціжэння неспасціглых Элады і Рыма. Ды пытаем самі ў сябе з сумненнем, як мудрасць: а як гэта нас успамінаць будуць і ці прыстойным словам?

1986

Супраскі трыпціх

I

Жылі-былі людзі тут і заўсёды, як дзень залатаблакітны прыходзіць ды ноч зорная настае. Верылі ў дарунак дажджоў у веснаполі на ўмалот зернехлебны і ў ласку бору жывічнамядовага, і ў рэчкі бруіста-рыбныя. А яшчэ ведалі, напэўна, што без працы анішто не спорыцца; сваім жа мазалём — не крыўдаю чужою — народы ёсць слаўныя. Выходзілі прашчуры нашы з сярпом маладзіковым на нівы ў Юр’еў абход блаславёныя, пакланяючыся Усявышняму за сяўбу дабрачасную, за калоссе буйнае, і за тое таксама, што пот ненадарэмны. Быць патрэбным не аднаму сабе — гэта даступнасць да вышэйшага сэнсу існавання непустога і да шчаснасці даўгавечнае на ўсе леты суджаныя.

Як без вады ўсякае жывое прападае, а крыніцы яе з глыбіняў тхланных бяруцца, так і з мудрасцю, пачатак якое ў Слове, а Яно было сказана, і навучаліся Яму шчыра-незабыўна. З Ім гэта ж агоралі злыбеды і нашэсці, пакуты розумаў слабых ды сэрцаў упалых, не даўшы ў ганьбу і няволю род наш старажытны, дум ягоных высокія памкненні архангелам белакрылым ахаваўшы. І губляючы Яго ў сумятні будзённасці няўважлівай, калі подых мяртвоты твар холадам абдасць, спасу шукаем, светлячка алтара нязгаснага, і пісанне божакніжнае цалуем губамі спажывы духоўнае прагнымі.

Колькі ні нараджаемся ды адраджаемся, гарыць зорка адна тая над намі, і за ёю дарожымся мы ў старонне супраскае, да Цябе — Віфліеме Русі маёй Белай.

II

У пустэльні ціхамірнай Гаспод Бог пасяліўся, на самагрудзе стромістым у даўніну нецяперашнюю. Паміж лясоў неаглядных святлом заззяла нештадзённым у гэтай краіне нам панурай, ад людства адрынутай. Святыня Добрай Весці ўзвысілася ў падхмар’е смутнае на вякі адвечныя, ад тады і назаўжды паднябесныя. Праяснеў жа воблік продка, лёсам зацюканага, ад беспрасвецця ўдзічэлага ў жыццё малавернае. Душа яго акрыяла, сэрца птушкай забілася, голубам узляцела анельскім, а ў вачах — дабрыня расквітнела васільковая. Цуд у ім, чалавека ў чалавеку, збыўся, самы чаканы з прычаканых, вялікі з найвялікіх — хрыстападобны!

Зямля тут наша айчынная, да крыві касцей родная, са светам з’яднаная ахвярай падіконнаю, адданасцю ўсёцялеснай. Быць нам на ёй, як Госпаду ў вышынях, як памяці ў людзях, як несмяротнасці ў бясконцасці неспасціглай.

Да Супраслі я іду, да Цябе — Іярдане Русі маёй Белай.

III

Ішоў час агромністы ў край наш забыты, векаванню тубыльчаму надаючы значэнне непрыгуменнае, не адно застольнае. Лясун выглянуў урэшце з ялінаў кашлатых, з ягаднікаў чарнічных сыйшоў, як і заполянік з гоняў жытнёвадалечных, каб зрокам душэўнасці абуджанай угледзець, што быццё чалавекападобнае ёсць не па-звярынаму выпадковае. І не лысая гара, што паміж рачулак з дрыгвянікамі, з небам гаворыць ды не князь у гароднішчы спадаром над спадарамі; не Пярун маланкаю паліць, грымотна ў навальніцу гайсаючы.

Богі прыдуманыя, стварэнні бястварыя, погразныя неўгамонна ўсе да апошняга валадарылі фікцыяй няўмольнаю ў апраўданне язычніцкае ад свету незразумення. Каморнае цемені дамавіковае баяліся, і водарасцяў русалчыных у купанне жнейнае ў плыні зеляністай пад стромаю залужнай. Ад усякіх уцякаць, а жа ж нікому не давярацца ўзвычаеныя, слухалі навуку Хрыстовую, як байку нерэальную, таму і прыгожую... Ажно адкрыліся ўсцяж душы-сэрцы зацямнёныя, бы ў пагоддзе павяснелае, калі вербы маладалістыя суцяшальны знак абновы падаюць; рукі натруджаныя да іх галінак ажыўшых працягваюцца.

Ад тае пары што ні год вітаем мы Госпада, які дорыць нам узрадаванне зямное і задзіночанне ўсёпакаяльнае ў любові выбачальнай, хоць на памятны міг збаўляючы слодычна ад нянавісці пякотнае, усячыны непрыстойнае.

У тую часіну ў Супраслі быць мне ўквечанай, да Цябе я ў думках імчу — Іерусаліме Русі маёй Белай.

1992

Акно

Як толькі перастаў я поўзаць малечаю па хаце і пачаў хадзіць, памятаю акно. Яно вабіла мяне святлом і таемнымі гукамі. Даставаўся я да яго з бядою, але неадступна. Ужо прадчуваў і нават разумеў, што свет не канчаецца ў сенях, і аднекуль заходзяць да нас людзі, цёткі з дарункамі цукеркаў. Мне вельмі хацелася ўбачыць — менавіта — адкуль яны і як; а яшчэ, якія ў іх хаты, бо чуў, што таксама маюць свае...

Акно снілася. Тады я вылятаў цераз яго бабульчыным анёлам і зачаравана прынюхваўся месяцавай бондзе з пахамі велікоднага пірага. Зоркі, калі спрабоўваў лізнуць каторую, прынаджвалі смакам ландрынак. Не баяўся вышыні, не ведаючы, што такая ёсць.

Прачнуўшыся, жальна плакаў. Пакуль прыйшла вясна і мацерка вывела мяне на сонца.

На падворышчы я разгубіўся, бы зайчаня, што адбеглася ад гнязда пад мяжою ў шырокае поле. Першае, што ўгледзеў быў з пярэпалаху — гэта куры з пеўнем і парасяты, што смачна прысмакталіся адно каля аднаго да цыцак рохкаючай мацёры. Моцна здзіўлены, я не спадзяваўся, каб намаляваныя ў дзіцячай кніжцы тыя стварэнні напраўду жылі! Пасля дзівіўся што ні дзень усё чымсьці іншым, урэшце пажарам стадолаў ад грымотнага гневу Бозі.

У травень з чэрвенем ды ў ліпень са жніўнем, гуляючы не выходзіў з сенакоснае аселіцы з капуснымі загонамі, над якімі мільгацелі бялюсенькія матылі. Азіраўся на нашу хатку з рассмяяным акном, рагатліва расчыненым, і ветрык навейваў адтуль попахі смажаных скварак з цыбуляю... Тлусты арамат у перадабедак, калі вядома, што вось дакіпае рассыпістая бульба і ўжо адстаўлена з агню пад фаеркамі пліты гарачая страва з маладзістага шчаўю і з скабкаю свінога мяса. Ад прыступу першабытнага голаду, які магчымы толькі ў таго, хто расце і дужэе, гнаўся з архетыпным крыкам: „Мама, я хачу есці!”

1997