Панароўе

Анталогія апавядання


Лясныя расказы

Вы не ведалі майго дзеда? Слаўны быў чалавек. Гэтакіх людзей зараз не бывае. Дзед нарадзіўся і вырас у пушчы і ёй аддаў сваё шчырае і добрае сэцра. Дзед сам быў падобны да старога пушчанскага дрэва: каржакаваты, з доўгай сівай барадою, з насупленымі брывамі, з-пад якіх ледзь віднеліся пабляклыя блакітныя вочы.

Дзед любіў пушчу. Бывала, зашыецца ў лесе, цэлымі днямі ад яго — ні слыху, ні дыху. Вернецца дамоў стомлены, але шчаслівы, разуе лапці, здыме кажух і, прыхваціўшы лусту чэрствага хлеба, забярэцца на печ, каб ужо там прыняць на сваю галаву ўсю брыдкасць, якая за час яго адсутнасці сабралася на языку жонкі.... А калі баба адвядзе душу, дзед спусціць з печы ногі, пагладзіць шурпатай рукой бараду, і... І пальецца новая цудоўная аповесць аб лесе і звярах! Слухай, не перабівай. На жаль, не шмат я выслухаў дзедавых аповесцей. У маім жыцці быў такі час, калі мяне пасля вячэры адразу ж гналі спаць.

Аднак і тое, што пачуў, думаю, добрым людзям спадабаецца.

Пайшоў аднойчы дзед у лес нарыхтаваць дроў. Зіма ў той час была лютая, снег глыбокі, усе сцежкі-дарожкі завеяны. А дзеду дарогі шукаць не трэба, ён пушчу ведаў, як уласную кішэнь. Здаецца, і галавы ўверх не падымае, а ўсё бачыць: там граб падсохлы скрывіўся — добрае дрэва на люты мароз! — тут — альха пахілілася — чым дрэнная на распалку? Прайшоў, намеціў дзе што зрубіць, і да працы. Скінуў кажух, узяў сякеру, плюнуў у далоні і... “гэ-э-эх!” — сячэ так, што аж лес звініць. Ажно...

Чуткі дзедаў слых выхапіў з соцень лясных гукаў лёгкі і палахлівы тупат. Азірнуўся, і... Прама на яго, бы тая птушка, ляціць на сваіх доўгіх нагах стройная казуля. Дзед кінуў сякеру і за дрэва. План нескладаны: калі казуля параўняецца з ім, кінецца дзед на яе, схопіць за пярэднюю нагу, і гатова.

Выскачыў проста на яе, схапіў рукой — дык, каб я здаровы быў, схапіў не за пярэднюю, а за заднюю нагу! Звычайна казулі з дзедам не параўняцца, а вось калі з разгону, калі ўзяць пад увагу імпэт, тут іншая справа... Панесла дзеда казуля па трыбе гэтак, што толькі снег закурыўся! Ды дзед упарты, нагі не выпускае, і вось, у нейкі момант, калі галава дзеда падскочыла на скрытым пад снегам бугарку і павярнулася назад, ён... абамлеў! Вы думаеце дзед быў з дзесятка баязлівых? У галаве закружылася? Не, такога з дзедам не бывала. Дзед убачыў за сабою пагоню: стада галодных ваўкоў. Страціць прытомнасць у такім становішчы — гэта найлепшы выхад. Ваўкі прабеглі праз нерухомае цела беднага дзеда, не звяртаючы на яго ніякай увагі! Далібог праўда!

Дзед правіў яшчэ і такую гісторыю. Аднойчы ноччу ён вяртаўся з суседняй вёскі, з млына. Вёз некалькі мяхоў жытняй мукі і два дзесяткі мяшкоў сечкі на корм. Дарога? Нічога асаблівага. Конь сам дарогу дамоў ведае. Скрыпіць-паскрыпвае воз, свеціць на небе месячык. Праехаў некалькі кіламетраў, раптам чуе штосьці няладнае: конь храпе. Дзед насцярожыўся. Адной рукой лейцы сцягнуў, другой — сякеру намацаў. Прыўстаў на возе, ды чуць не прысеў. Насустрач яму мядзведзь імчыцца, а за ім — стада ваўкоў. Доўга не думаючы, дзед выпраг каня, ускарабкаўся на дрэва, чакае, што будзе.

Бачыць дзед: мядзведзь уцякае, а сам усё азіраецца. Дабяжыць да невялічкага дрэва, абшчэпіць яго дужымі лапамі, вырве з карэннямі, ды як шпульне ў воўчую зграю! Аднаго — двух змяце. І зноў падаецца ўперад. Ды, відаць, змарыўся касалапы, карчуючы дрэвы. Ужо не так жвава бяжыць Заўважыўшы дзедаў воз, кінуўся на яго, вывернуў аглоблю, ускочыў на гурбу мяхоў і, здэцца, нават грудзі выпрастаў уперад. Ну, маўляў, падыходзь, каму жыцця не шкада! Ваўкі спыніліся, пакруціліся вакол, бы раіліся што рабіць, і пачалі скакаць на воз. Мядзведзь жа стаіць на мяшках, шырока расставіўшы ногі, ды толькі аглобляй варочае: раз замахнецца, адзін чэрап развалены, яшчэ пекане, і другі воўк долу валіцца. Спраўна б’е шэрых. Аж аглобля трашчыць. А калі садануў яшчэ аднаго, яна зусім пераламалася. Разгубіўся было касалапы. Ды толькі на хвілінку! Ён абхапіў мяшок з мукой і садануў ім першага, трапіўшага пад руку, ваўка.

Воўк нават піснуць не паспеў!

Затым пайшоў другі, трэці, чацвёрты мяшок з мукой. А калі не стала мукі, касалапы пачаў шпуляць сечку.

Калі спусташэў воз і навокал зрабілася бела і жоўта (нават ваўкі былі белымі), мядзведзь скочыў з воза і ўзабраўся на дрэва, на якім сядзеў анямелы дзед.... Ёсць аднак у прыродзе свае высакародныя правы: праз усю ноч, паводле гэтых правоў, бок-а-бок прасядзелі на адным дрэве дзед і мядзведзь. Калі ж наступіла раніца і ваўкі разбегліся, мядзведзь першым спусціўся з дрэва, і, як кажа дзед, нават неяк ветліва лапай махнуў яму на развітанне. Дзеда, аднак, здымаць прыйшлося з дрэва. Кроў у нагах застыла ад натугі...

У кожнага свая смерць, кажуць людзі. Адзін памірае ціха, спакойна, другі палахліва, з крыкам. Іншыя ж проста без ніякага адчування. І смерць бывае рознай: звычайная і прыгожая. Найпрыгажэйшая смерць, — правіў дзед, — бывае ў старога дзіка. Стары, нікому непатрэбны дзік, які ўжо адстае ад свайго стада — гэта прыманка для ваўкоў. Ведае ён аб гэтым. Знае, што калісьці давядзецца ўступіць у апошні смяротны бой. І ўсё ж не губляе ваяўнічасці, не весіць долу галаву. Ганарліва носіць яе, бо хоць ён і стары, а за жыццё яшчэ пазмагаецца. Ваўку яшчэ прыйдзецца паднатужыцца, каб узяць яго. А ўзяць дзіка, хоць і старога, не такая лёгкая справа. Аднойчы дзед быў сведкаю такога паядынку.

Восенню збіраў ён у лесе грыбы. Раптам на невялічкую палянку выбег стары вялікі дзік. Дзед аж залюбаваўся ім, бо не кожны ж дзень сустракаешся з такім веліканам. Прыкмеціў, аднак, што звер пасоўваўся цяжка і след яго крывавіў. Во ён пакруціўся-пакруціўся на паляне, бы чагосьці шукаў, выбраў тоўстае дрэва, прыхіліўся да яго задам, і, апусціўшы да зямлі свой клыкасты лоб, замёр. Неўзабаве на паляну выбеглі тры ваўкі. Дзед як стаяў, так і шлёпнуўся ніцма на зямлю... Першы воўк з налёту скочыў на дзіка і, здавалася, нават не паспеўшы да яго дакрануцца, узвіўся ў паветра, бы той спартсмен на батуце. Апісаўшы дугу, зваліўся побач з распоратым брухам. Забыў шэры, што браць дзіка спераду, калі ён нізка апусціў свой лоб, усё роўна што жыўём ісці пад нож. Два ваўкі затрымаліся і пільна сачылі за паядынкам. А дзік слабеў. З яго бока і тоўстага загрыўка на вочы сплывала кроў. Дзік усё ніжэй прыпадаў на пярэднія ногі, і калі ўжо здавалася, што вось-вось зваліцца на зямлю, раптоўна ўзняўся, натужыўся і рынуўся ў атаку. Воўк не паспеў адскочыць, толькі клацнуў зубамі, грымнуў на зямлю і тут жа спусціў дух. А сябра яго не разгубіўся. І ў той час, калі дзік прыўзняў клыкасты лыч, каб рохкнуць пераможны кліч, воўчыя зубы сашчапіліся на гарачым горле пераможцы. А калі пашча шэрага замкнецца на жывым пульсе, не адкрыць яе датуль, пакуль у целе будзе цепліцца жыццё. І ўсё ж ткі, падаючы, стары дзік сумеў падмяць пад сябе ворага, наваліўся на яго і сканаў.

Гэтак прыгожа паміраюць старыя дзікі, — правіў дзед...

Дзед яўна надалюбліваў зуброў. Зубр — гэта проста быдляціна, казаў ён і кожны раз сплёўваў за плячо. У слове “быдляціна” скрываўся самы адмоўны сэнс. У дзеда былі прычыны такіх адносін да цара пушчы. Асабліва ўпіўся яму ў косці адзін зубр, “Распуцін”, як ён яго ахрысціў. Якім спосабам адрозніваў “Распуціна” сярод дзесяткаў іншых зуброў, застанецца неразгаданай таямніцай...

Яго знаёмства з гэтым асаблівым звяром пачалося неяк зімой. За панадворкам, крыху ў баку ад хлявоў падняўся і заварушыўся стог. Дзед вытрашчыў вочы:

— Няўжо нячысты жартуе? — уголас падумаў.

У той самы час стог раскалыхаўся, як човен сярод мора, падскочыў угору і сена клубамі рассыпалася на снезе, а над ім, як гара, стаяў і, здавалася, пасміхаўся зубр.

Жартуе? Не, дзеду не да жартаў. Ён шпарка кінуўся ў хату.

Зубр не стаў праследаваць. Спакойна стаяў пасярод двара і перажоўваў дзедава дабро...

Наступная сустрэча з “Распуціным” адбылася восенню, калі дзед выбраўся з жонкаю капаць бульбу.

— Я стаў ад лесу, а баба на процілеглым баку, — правіў дзед. — Так было зручней, бо як толькі сыходзіліся разам, яна адразу пачынала сварку. Нічым і ніколі яе нельга было задаволіць. Гэта к слову.

Дык вось стаю корчам, капаюся, раптам нешта падхапіла мяне, падкінула ўгору, і войкнуць не паспеў як апынуўся на хрыбце зубра! А той, відаць з перапуду, рынуўся ў бліжэйшы гушчар.

Павазіў ён мяне па гушчары.

У трэці раз яны спаткаліся праз год. Выпала чарга адпасаць кароў. Дзед любіў пасвіць, і толькі адзін ён меў цярплівасць і ўменне датрымаць статак да самага цямна. Так было і на гэты раз. Калі каровы пачалі разыходзіцца па сваіх дварах, дзед заўважыў, што да яго пуні зайшло аж тры жывёліны. Падумаў, мог памыліцца ў гэтакай цемры і спакойна накіраваўся дамоў.

Замест гарачых аладкаў на вячэру, яго чакала новая праца. Якраз жонка збіралася карміць парасят, а дзеда выправіла ў пуню з падойнікам. Падаі, маўляў, жываціну. Пайшоў. Што ж паробіш? І толькі тут пераканаўся, што да яго двара прыбілася чужая карова. “Ды толькі чыя ж яна можа быць? — падумаў. — Гэтакая здаравенная!.. Колькі ж малака яна можа даць?..”

“Што з ёю рабіць? Выгнаць, ці пачакаць прыходу гаспадара? Можа, ён шукае ўжо недзе?.. Не, трэба выгнаць на вуліцу. Ну, пайшла, скаціна! Чаго па чужых пунях цягаешся!? Пайшла!”

Карова нават і вухам не павяла. “А, ты...” — закрычаў дзед голасам, у якім закіпела ўся злосць гэтага няўдалага вечара. Ухапіў калок, якім падпіралі вароты, і пайшоў на жывёліну.

— Пайшла вон!!! — што было моцы закрычаў ён, размахваючы калком. — Пайшла! Пай...ш-ш-ш...л-а-а...

Дзедаў голас раптоўна задрыжаў і пахаладзеў.

— Пайшла! — больш лагодна прагаварыў ён, на крок адступаючы назад. — Пайшла! — ужо не крычаў, а шаптаў стары, павольна адступаючы да варот. — Пайшла! — ледзь чутна яшчэ раз выдыхнуў.

І ўжо не помніў, як дрыжачай рукой прычыніў вароты, намацаў скабу і замест кійка сунуў у яе руку. І толькі тады абамлеў.

Так, так, дзед не памыляўся: у хляве стаяў зубр! Дзед кляўся, што гэта быў “Распуцін”...

Зубр выйшаў з пуні апоўначы. Выйшаў звычайна па-зубрынаму: выціснуў сцяну, разнёс агароджу, ды яшчэ з карэннямі вывернуў яблыньку, што стаяла ля сцяны...

1965