У барвах зямлі
Вершы
Бутрым Венанцы
II частка
ШПАКI
В. В–у
Прыцiх лiман, ды ўсё яшчэ булькоча
Ля нiзкiх берагоў халодная вада,
Наркотык – мул разгойсанага дна –
Сiлком глытаўшы на зыходзе ночы.
Гасцiла замець Поўначы пахмурнай –
Раз’юшана кiпеў над стэпамі цыклон.
I тут ён, на вадзе, ўвесь першы эшалон,
Iмклiвы вырай – чорны след хаўтурны!
Праводзiў позiркам стары-стары фелах;
Блукала думка ў выцвiлых вачах,
А там, за Прыпяццю, iх скрозь ужо чакалi!
Сто дробных сэрцаў – той чырвоны глог!..–
Людскiх не ведалi сумненняў-засцярог –
Як рэшткi вогнiшча на раўнадушнай хвалi!..
***
Першая цёплая ноч,
зноў я адчуць цябе змог!
Месяца тонкі серп
ціха на кроны прыплыў...
І сонцу, і ветру, і ўсім –
лістоты яшчэ чакаць:
новы пачатак жыцця
сокамі толькі пайшоў,
пупышак мільярды ізноў
асіляць дрымоту зімы,
і колер зялёны скрозь
нячутны ўздыме прыбой.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Скупа гукі плывуць. Аднак
час і стома возьмуць сваё –
горад гучнасць сцішыў, прытух,
дзень чарговы скінуў з плячэй.
Птушкам сніцца яшчэ без гнязда –
першы сон на сваёй старане...
Крылы помняць яшчэ пералёт,
сэрцы б’юцца напружаннем тым...
Месяц у галлі вастрыё
прытупіў аб начны туман.
Ды і зоры мігцяць мякчэй...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Як уладна кіруеш, ноч!
***
Алесiку
Ты быў такi маленечкi, што толькi й мог
Расплюшчваць вейкi, плакаць i смактаць.
А потым вырай быў. I зноў шпакi ляцяць
Шляхамi гiбелi, вяртанняў-перамог.
На гэтай яблынi старой упершыню
Блакiт i золата убачылi яны.
Пазналi страх: ламае, як i сны,
Пярун-язычнiк саду цiшыню.
Што той Паўднёвы, найяснейшы Крыж!..
Цi ж меркне нам Палярная, свая?
Хадой нячутнаю, у росах, ноч прайшла.
I ты мне усмiхаешся, не спiш,
I дню, што ўжо чакае ля дзвярэй.
Расцi, маё сцябло, хутчэй!
***
Сонны спакой неглыбокай вады,
Звонкiя россыпы лотацi.
Крок прыпынiлi, удаль брыдучы,
Вольхаў празрыстыя постацi.
Жоўты на чорным, зялёны травы –
Парасткаў новае брацтва –
Чысты, праўдзiвы i малады...
Стрэліся – і не расстацца!..
Ды мiмаходам. Дабранач, прастор,
Памяць усё захавала:
Тонкага голля спакойны дэкор,
Водгук шчымлiвы. Цi мала?
Захад – размыты на срэбным кармiн,
Слуп з нерухомаю птушкай...
Вырай змарыў з тых заморскiх краiн?
Вечар лагодны загушкаў?..
Гонiць нястрымны “Эрфурт – Масква”,
Дробязь паўстанкаў мiнае.
Крышыць сфумата сканаўшага дня
Над засынаючым Краем...
Колькi ж яшчэ на вакзалы спяшаць,
Месца выпытваць па касах?
Зрокам праводзiць, а сэрцам вiтаць
Свойскiя краскi пад насыпам?..
***
Слепiць сонца бляск на лужынах,
ручаiнамi павязаных.
А надзея зноў засмужана
абяцаннем недаказаным...
Мчыць планета, зоры лушчачы
арбiтальнымi цяжамi.
Кім жа ды калі запушчаны
ў бясконцасць... мёртвы камень?
Дык спяшай, вада вясновая,
у акiянах растварыцца!
Мы ж – слабыя прад замовамi,
І ўсё тая ж постаць снiцца,
І не ўбачыць пiльным зрокам –
зразумець, адчуць з палёгкаю
непаўторны почырк крокаў,
злучаных хадою лёгкаю...
...А над горадам, у зацiшку
стратасферным, атмасферным,
вераб’i, каштан кашлацiцца,
вецер, захад, рухам мерным
вечар, у контурах размыты,
у бяздоннасць гулкай лейкi
сыпле шрот хвiлiн пражытых
з абыякавасцю нейкай...
з абыякавасцю нейкай...
***
Калi праскочыць чарада надзённых спраў,
а ноч няўхiльная над краем паплыве,
каб стому зняць, якую дзень прыняў,
за плугам ідучы па баразне
цi гонячы срабрыстую смугу
хваль далiкатных па жытах,
пакiнь парогi, хатнюю нуду,
спяшай пад Млечны Шлях!..
На поўдзень коцiцца ў безданi рака,
як россып рос,
не замуцiўшы велiчную плынь...
Сцябло ля ног; над лугам – лук Стральца:
устаў, цецiву абтрос,
напяўшы вобмацкам удалячынь...
***
I прамiнула былое – з ветрам!
А мо з веснавою вадою
чародамi качак з асокавых нетраў?
Мо думак маiх чарадою?
Як i адвеку неба сiнела,
так вечна сiнець яно будзе.
Маё аджыве i рассыплецца цела,
іншыя пройдуць тут людзi.
Тут ездiў багаты i яснавяльможны,
не ўмеў не па-панску нi кроку:
i белыя рукi, i ўзнёслыя словы.
Астаўся гасцiнца ўзмах пераможны –
шарэе на досвiтку, свецiцца ў змроку
гэты гасцiнец вясковы.
***
Ноч ты зорная! З небам высокiм
уз’яднала зямлi берагi!..
Дзень мiнулы – якi ўжо далёкi,
той, што прыйдзе – ужо дарагi!
На запясцi жыцця анi знаку –
пульс у скронi даўно перайшоў,
шле па Морзе прывет i падзяку
з тых людскiх i даверлiвых слоў
тым, хто ўпартасцю волi ў дарозе,
хто спяшае ў нязведаны шлях:
не ўпасцi вам ніц у знямозе
і спагады ў родных вачах!..
Ноч ты зорная з небам высокiм!
Рэха-прывiд ўдалечынi!
***
Дарэмна так марудзіце з адказам
каторы год!
Такую нерашучнасць ці развагу
як зразумець?
Змяняюцца ў прыродзе поры году –
зноў красавік...
Упарта ўсё ўзнімаецца да сонца,
інакш і не было!..
Яшчэ не песні – адгалоскі іх,
настройка струнаў...
Яшчэ не колер ўзноўленай палітры –
як успамін...
Пачатак сёмае. І зноў світанак.
Вам спаць яшчэ...
Лядыш празрысты – палавінка-месяц –
амаль растаў...
Спяшаецца жыццё, змяняе ночы, дні,
далей ідзе
адшукваць намаганнямі маімі, Вашымі
не менш як ідэал.
Ці ж правамерна, каб штодня
сумненням прарастаць?
Карысці колькі ад такога дрэва,
калі яно ўкарэніцца аднак?
Дарэмна так марудзіце з адказам!..
***
Маладзік – нечакана прыемным пытаннем,
бездакорна з лімоннага выдзьмуты шкла!
– А чалом, ты нарэшце прыйшла!..
– Каб абняць і шапнуць... аб расстанні!
...Сарамлівай усмешкай прытомлены захад
праз апошні сутоння прастор,
змаладзелыя кроплі старэючых зор
на халоднай мазаіцы дахаў...
Вокны – насцеж, знаёмыя песні
(і “Прыйдзі...”, і “Чакаю даўно...”)
з цёплым ветрам на мяккае ночы крыло
асядаюць, каб плыць у паднябессі...
– Адыходжу. Праз тыдзень чакай
навальніцы, ужо летняга грому...
***
Сонца звонкі злітак.
Першы пыл дарогі.
Бляск несамавіты
з імпульсам трывогі.
Бы зялёным пылам
цягне па абочынах...
Толькі радасць – міма,
быццам ужо сурочана!
Быццам не патрэбен
красавіцкі вечар,
з галубамі ў небе
новая сустрэча,
купал так знаёмы,
той, бясконцы, сіні,
што не меў аб’ёму
і не ведаў ліній.
І матыў далёкі
і амаль нячутны,
як прызыўны воклік,
як адказ пакутны...
Што ж гібець у скрусе,
лічачы няўдачы?
Адбылося, мусіць,
і не перайначыць.
Што лічыў сустрэчай –
стала развітаннем.
І канае вечар.
А ці будзе ранне?
***
Калi у памяцi перабiраю днi
цi ценi дзён, змарнелых, i бясследна
(як зерне, што на глебе беднай
не мела сiл падняцца i расцi),
прапаўшых для мяне i для людзей,
бо перамолатых мiзэрнасцю падзей,
з дзiцячай роспаччу знайду адзiн,
падхмелены, як сок з марозу журавiн.
Вясковай працаю прытомлены залiшне,
улёгся ён i сном каменным спiць,
паклаўшы галаву на роснае крысо.
Лiст не варухнецца. У венцер вiшнi
заблыталася зорка. I глядзiць
у цёмны двор i чорнае акно.